epub
 
падключыць
слоўнікі

Антон Бялевіч

Спелы верасень

На ігліцах елкі павуцінне —

Сетачка танюсенькая, белая;

На пажоўклай, стомленай рабіне

Ягады чырвоныя, даспелыя.

 

Ціха ахінаюць неба просінь

Белыя хмурынкі, нібы лебедзі;

Валачэ нажыткі ў сёлы восень,

Нібы рыбалоў уловы ў невадзе.

 

За кляновы стол на лаву села

Восень шчодрай, важнай гаспадыняю;

Кліча хлебаробаў на вяселле,

Іх частуе хлебам і вяндлінаю,

Медавухай, півам і гарэлкай.

А чаму ж? Нягрэшна выпіць чарачку.

Закусі хапае. У талерках

Мёд і свежы сыр, а ў місках скварачкі.

 

А пасля нас восень запрасіла

На радзіны. Мы прыйшлі дружынаю...

Дай дарогу! Крочыць наша сіла,

Згуртавана воляю адзінаю.


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бялевіч А. Сонечны гадзіннік. Вершы, вершаваныя апавяданні, паэма.— Мн., «Маст. літ.», 1978.— с. 27
Крыніца: скан