epub
 
падключыць
слоўнікі

Антон Бялевіч

Сталасць

Што ж... Бяруць сваё гады:

Скроні пасівелі.

Хай сабе тае бяды —

Быў бы край мой малады,

Толькі б не старэлі

Вёскі, сёлы, гарады

Ды каля аселіц

Салаўіныя сады пчоламі гудзелі;

Хай бы быў такім уздым —

З-пад абцасаў сіні дым

На кожным вяселлі;

Падымалі б шчыры тост —

Бунтарнае піва —

За дзяржавы нашай рост,

За жывое дзіва.

 

Не бяда, што пакрысе

Пасівелі скроні,

Ён мяне яшчэ нясе,

Акрылёны конік.

 

Гэты конік — хоць куды,

Ён — мая апора...

Быў бы край мой малады,

Мне цішэць не сорам,

Бо ўжо сталыя гады

Узышлі на ўзгорак.

 

І сягоння бачу я,

Што было, што будзе...

Радасць ясная мая —

Родны край і людзі.


1976?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бялевіч А. Сонечны гадзіннік. Вершы, вершаваныя апавяданні, паэма.— Мн., «Маст. літ.», 1978.— с. 67
Крыніца: скан