epub
 
падключыць
слоўнікі

Антон Бялевіч

Стол

Ён стаяў на покуце, кляновы,

Са шчарбінкамі, старэнькі быў,

Але хоць шчарбаты, хоць не новы —

З намі ён дружыў

І нам служыў.

 

Ставіла на ім, бывала, маці

У мундзірах бульбы чыгунок,

Слалася на сцены, на палаці

Пара цёплая, нібы дымок;

 

Хрумсткія гуркі там пахлі кропам,

Лісцямі дубовымі — расол.

І нязменны быў у маці клопат,

Чым яшчэ аздобіць бедны стол;

 

Раніцой святочнаю аладкі

Нам, бывала, з печы дастае,

Не было вялікага дастатку,

Не было раскошы на стале.

 

Толькі на вялікдзень, на каляды

Не журбоціўся, крывы, стары;

Весяліўся, быў ён вельмі рады —

Хоць ты ў карагод яго бяры.

 

Калі ж хто памрэ,— дык, небарача,

Мне здавалася, і ён заплача,

У бядзе прыгорбіцца ён сам...

З дзён маленства стол кляновы бачу:

Ён мне першы вершык напісаў.


1975?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бялевіч А. Сонечны гадзіннік. Вершы, вершаваныя апавяданні, паэма.— Мн., «Маст. літ.», 1978.— с. 8
Крыніца: скан