epub
 
падключыць
слоўнікі

Антон Бялевіч

Сухмень

Спякотны дзень...

Плыве сухмень

Ад хвоі млоснай у бары,

У трэшчынах сухой кары

Слязінкі светлыя жывіцы.

А хай затопчуць камары! —

Няма дзе вожыку напіцца,

Паўзе па верасе, стары,

Нясе на высахлых ігліцах

Лісты пажухлыя...

Сухмень.

Сумуе лось. Каторы дзень

Не піў. Сасмаг. Зусім знямог.

Прылёг рагач на рыжы мох.

Бяда, бяда! Няма вады.

Ад сухавейнае нуды

Схуднела, выцвіла вавёрка,

Трава прапахла пылам горкім,

Завялі ў полі каласы,

Глынуць бы ранішняй расы,

Няма расы і раніцой,

Няма хмарыны дажджавой

На небе ўжо каторы дзень.

Сухмень... Стаіць такі сухмень,

Як у пякельнай той Сахары,

Балоты сталі як выжары,

Усох, змаршчыніўся папар...

— О, грымні, гром! Пярун, удар! —

Усё жывое шчыра просіць.

І пачарнела неба просінь,

І хлынуў белы лівень з хмар.

Лісты-далоні шэры дуб

Дажджу падставіў,

вымыў чуб,

Вясёлкаю падперазаўся,

Шумеў: — Мне лівень дужа люб...

А я таксама любаваўся

Лясамі, кветкамі, травой,

З якіх дажджом журбота змыта.

Ішоў з прасветленай душой,

Вяла мяне дарога ў жыта.


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бялевіч А. Сонечны гадзіннік. Вершы, вершаваныя апавяданні, паэма.— Мн., «Маст. літ.», 1978.— с. 74-75
Крыніца: скан