epub
 
падключыць
слоўнікі

Антон Бялевіч

У калгаснай канторы

— Ну, чаго ты ходзіш, дзед?

Утаміў сустрэчамі.

Ты ж абуты, ты ж адзет,

Хлебам забяспечаны.

Ты ж на пенсіі цяпер.

Можа, мала пенсіі?..

Быў бы ты хоць камбайнер,

Меў бы ты прафесію,

Быў бы іншы сэнс тады,

Мы б цябе прыладзілі.

Без прафесіі — куды?

Ні сюды і ні туды.

Пагуляй у садзіку...

 

— Каб цябе стаптаў камар! —

Дзед узняўся бураю.—

Я — ганчар! А хто ганчар?

Важная фігура я!

Чуеш? Сам ты пагуляй!

Без турботаў згіну я.

Мне ганчарню падавай,

Забяспечвай глінаю!

 

Старшыня сказаў:

— Райснаб

Забяспечыў міскамі.

А твой пройдзены этап —

Спецыяльнасць нізкая.

 

Наляцеў на старшыню:

— Ах ты куст арэхавы!

Бачыш тую вышыню,

Каміны над стрэхамі?

Іх паставіў там райснаб,

Лёгкіх, ёмкіх, гладзенькіх?..

Сам ты — пройдзены этап,

Сам гуляй у садзіку!

Чуеш?

— Чую. Не аглух.

Аднаўляй прафесію...

 

Круціцца ў ганчарні круг,

У ганчарні весела

Звоняць кубкі і збаны,

Міскі паліваныя.

Кажуць, ім няма цаны:

Цудадзейныя яны,

Сонцам маляваныя.

 

Стаў гаршчок у зыркі жар,

Стаў гаршчок у полымя —

Ён не трэсне! Даў ганчар

Моцную, не кволую,

Сілу ўласнае душы

Гарачаму месіву...

Старшыня! Зноў прапішы

Даўнюю прафесію.


1977?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бялевіч А. Сонечны гадзіннік. Вершы, вершаваныя апавяданні, паэма.— Мн., «Маст. літ.», 1978.— с. 52-53
Крыніца: скан