epub
 
падключыць
слоўнікі

Антон Бялевіч

Усемагутны чалавек

Пагукалі сенакосы

Раным-рана, на зары:

— Ці гатовы вашы косы,

Дарагія касары?

— Косы нашыя — касілкі,

У касілцы конь — матор.

Калі выплывуць асілкі —

Нізка кланяецца бор!

Копы, сонейкам абвіты,

Лягуць хуценька ў тарпы.

Зашумела ў полі жыта:

— Жнеі, дзе вашы сярпы?

— Нашыя сярпы —

камбайны,

Серп стары аджыў свой век.

Нам пажнуць камбайны

дбайна,

Абмалоцяць, а ў засек

Грузавік нам умалоты

Шчыра, хутка адвязе!..

Запыталася балота:

— Хто капаў маёй лазе

Гэту доўгую магілу,

Што ваду ў раку вядзе?

Я сказаў: — Машынаў сілу,

Шчырасць мудрую людзей

Акрыліла наша доля,

Азарыў дваццаты век.

Як ніколі, як ніколі

Ўсемагутны чалавек!

Там, дзе трэба, зверне горы,

Правядзе ў пяску раку;

Стануць гузікамі зоры

У ягоным пінжаку!


1980?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бялевіч А. Сосны ў жыце: Вершы і паэмы. - Мн.: Маст. літ., 1980. - с. 53
Крыніца: скан