epub
 
падключыць
слоўнікі

Антон Бялевіч

Васіль Вашчыла

І
ІІ
ІІІ
IV
V
VI


 

 

З вякоў сівых данеслі нам быліны,

Як ворагаў Вашчыла пакасіў...

Магчыма, ацалелая галіна

Вашчылаўскага дрэва наш Васіль?

 

Пра гэта нам дакладна невядома,

Ды ў нашым краі ведаюць усе:

Васіль Вашчыла — сакратар райкома,

Цяжкую службу ён даўно нясе.

 

Ён звязаны не толькі правадамі,

Шнурамі тэлефонных трубак —

звязан ён

Душою, кожнай жылкаю з лясамі,

Палеткамі, прасёлкамі, лугамі,

Са скібамі вясновых баразён.

Гаворыць ён у полі з каласамі,

А больш за ўсё гаворыць з людам ён.

 

Яго дарога з перуноў і грому,

З вясёлак і свінцовых сініх хмар...

Мая паэма — сельскаму райкому,

Табе, табе, Вашчыла-сакратар.

 

І

З твайго маленства шчыры сказ

Я пачынаю...

Горкі час

Цябе не песціў, Васілёк,

А ты, як шустры ручаёк,

Які хаваецца ў траве,

Хаваўся ў ціхі хмызнячок,

Калі грымота зараве,

Калі град з хмары секане

І не відаць у тумане,

У белым ліўні

ні бароў,

Ні лугавін, ні мокрых коп,

Ні ў лазняку густым кароў.

А ты пад мокрай світкай соп

І саграваў там сам сябе,

А статак луг ужо скубе,

Туды завёў кароў бугай...

— Павешу шкета на вярбе!

Агу-у, пастух! Дзе ты, гультай?!

— Даруйце, дзядзечка.

— Ах, шкет,

Табе я ногі паламлю!..

І ты пабег, а ён услед

Тупоча ботамі.

— Злаўлю! —

Крычаў раз’юшаны мужык,

Уласнік хутара, кулак.

— Злаўлю, нягоднік!..

Злосны крык

Пагнаў далей цябе ў хмызняк,

У багну «чортавых акон»...

Туды не мог дабрацца ён,

Стары, кудлаты барадач,

Стаяў і слаў табе праклён,

Пасля пайшоў...

Скрыпеў дзяркач,

Гукаў пугач: — Хлапец, не плач,

Ты ж — лесавік. У лесе ўзрос...

А не стрымаць гаручых слёз.

Прысеў пад кустам, на карчы,

І хоць кукуй, і хоць крычы:

Пачуюць толькі тут сычы,

Ды пугачы ў глухой начы,

Ды азярцо зялёных жаб...

Зусім змарнеў, зусім саслаб,

Змыкае вейкі млявы сон,

А трэба з «чортавых акон»

Паціху выбрацца, ісці...

«Глухая багна, прапусці,

Пад ногі купіны кладзі,

Дубцы і чорныя карчы;

Мяне на ўзлесак правядзі,

Няўжо не хочаш памагчы?..

Няма мне часу. Трэба мне

Знайсці, загнаць у хлеў кароў...»

 

Блукае ў белым тумане,

У хмарах шэрых камароў.

Ступіў на купіну нагой,

А купіна густой іржой,

Вадою жоўтай залілася;

На корч ён скокнуў, як бакасік,

А корч прарваў балотны мох,

Пад ім гнілая калатуша.

Бяда! Зусім хлапец знямог.

«Няўжо затопіць і задушыць

Балота чортава мяне? —

Хлапец трывожыцца.— Аж не,

Прарвуся! Я тут не загіну!..»

Зялёнай бросняй, сіняй цінай

Аблеплены да шыі ён,

А трэба з «чортавых акон»

Яму дабрацца да сцяжыны.

Дрыгва варушыцца, сапе,

Сіпіць гнілою калатушай.

Паўзе ён. Выпаўз. У капе

Сябе зляжалым духам сушыць.

Да мокрай вопраткі мурог

Наліп. Хлапец як шэры вожык.

Ён так змарыўся, так знямог —

Устаць з капы ніяк не можа.

«А дзе каровы? Іх нідзе

Няма». Трывогаю ахутан.

Устаў, прыгорбіўся, брыдзе,

Нібы на могілкі, на хутар.

Працят бядою пастушок,

За крокам крок,

За крокам крок,

Ледзь ногі ў хутар давалок,

Зайшоў адразу ціха ў хлеў,

Ажно душой павесялеў:

Стаяць каровы там усе...

«А што дзень новы прынясе?

Прагоніць, мусіць, гад мяне?

Пусціў жа статак на лужок...»

Ажно мурашкі па спіне,

Трывожны нейкі халадок.

Ісці баіцца ў хату ён.

З яе выходзіць злыдзень сам;

Зірнуў, здзівіўся: «Сон — не сон?

Уцёк ён з «чортавых акон»!

Не захлынуўся, падла, там».

Падумаў, кажа: — Недадам

Табе рублёў я чатырох.

— Чаму?

— Стаптаў, стравіў мурог.

— Яго ж патоптана няшмат.

Загнаў мяне пад елку град,

Схаваўся там...

— Замоўкні, шкет!

Яшчэ апраўдваецца ён...

— Пайду я, дзядзька, ў сельсавет,

Ён — наш суддзя і наш закон.

— Што скажаш там?

— Мой белы свет

Тапілі ў «чортавым акне»,

Душылі багнаю мяне.

— А сведкі дзе?

— А вось яны:

У ціне світка, і штаны,

І шапка, і кашуля.

Ну, што? Вы сведак чулі?..

 

Развёў рукамі барадач:

— Ты што? Палохаеш мяне?

Я вол! Ты шэранькі дзяркач,

Сучок маленькі ў бервяне!..

— Сучок у воку вашым я.

І праўда горкая мая,

Як бервяно, пілуе вас...

— Ну, годзе! Статак на папас

Гані хутчэй. Цяпер якраз

Трава расяная. Гані!..

 

А сам у гэты ранні час

Гарэў, як быццам у агні,

Трывожыўся, сіпеў: «От шкет!

Ці чулі? Пойдзе ў сельсавет!

Ён, бачыце, яму — закон!

А што? І пойдзе, мусіць, ён?

Магчыма, шэльма, прасачыў,

Як я закопваў уначы

У ямах жыта і авёс?

Дабра Саветам не завёз.

А што, як зробіць ён данос?

Бяда! А што прыдумаць мне?

Яго і ў «чортавым акне»

Я не ўтапіў... Забіць — ды ў жвір?

А што тады? Мяне — ў Сібір?

На Салаўкі мяне тады?..

Ну, як пазбавіцца бяды?

А ліха матары тваёй!..

Эге, прыдумаў: раніцой

У торбу сала і кілбас

Пакласці трэба. Хай між нас

Не будзе цёмнае сцяны...

У горад ехаць мне якраз,

Куплю я там яму штаны,

Дальбог, куплю! От будзе рад;

Пераніцую на свой лад,

Яго хрыстосікам зраблю,

Слухмяных, ціхенькіх люблю...»

 

А думкі іншыя зусім

У пастушка былі тады:

«Не будзе ладу, згоды з ім!

Прагоніць?.. Хай! Такой бяды,

Ну, не сышоўся ж клінам свет.

Знайду работу. Сельсавет,

Напэўна ж, дапаможа мне...

А тое збожжа, што ў гумне

Ты закапаў — дык не сакрэт.

Яно ж у ямах. Скрыні там,

А ў скрынях жыта і авёс.

Спажыць дабро табе не дам,

Згнаіць не дам!.. Галодны лёс

Цяпер у гэтакіх, як я,

Твая ж кулацкая сям’я

Жарэ кілбасы і бліны,

Вы, жывяце, нібы паны.

За тынам ваш вялікі сад

Ад садавіны плечы гне,

Стаяць вуллі за радам—рад,

Ды мёд іх горкі для мяне.

Чмялінай чарачкі мядок

Мне саладзейшы, ён усмак;

Яго дае мне сам лужок,

Сам чмель пушысты, не кулак...»

Высокі поўдзень. Санцапёк,

Прылёг пад кустам у цянёк,

Сасмяглы, стомлены, бядак.

 

У думках-марах, як у сне,

Ідзе па свежай баразне,

Яна вядзе яго, вядзе

Па зеляніне, па вясне,

Па радасці і па бядзе;

 

Вядзе праз песні жаўрукоў,

Ён долі новай вельмі рад:

Ні кулакоў,

Ні парабкоў

Няма зусім.

Кулацкі сад

Вяскоўцам яблыкі трасе

І на траву, і на тыны.

А тыя яблыкі ў расе,

І на зубах хрумсцяць яны.

 

І ўжо нібы адчуў іх смак,

І крыўдна робіцца яму:

Храбусціць яблыкі кулак,

Ягоны сад. Не лезь!..

«Чаму

Яму ўсё робяць парабкі,

Яны вунь косяць ля ракі,

Наставілі багата коп;

Да снопа сноп,

Да снопа сноп

Складуць у мэндлікі жанкі.

За нейкі грош,

За бульбы кош

Яны жнуць жыта дацямна,

Чарнеюць, сохнуць.

Дык няўжо ж

Не крыўдна гэткая цана?

Калі ж у жоўты жвір труна

Пакуту нашу забярэ?..»

 

Чырвоным сонцам дагарэў

Вячэрні сіні небакрай.

Кароў на хутар сам бугай

Паважна, ціхенька вядзе,

Нібыта бог, у чарадзе.

От выйшаў з хаты гаспадар.

Сказаў: — Прывёз табе штаны,

З крамніны файнае яны,

Тавар! Глядзі, які тавар!

Каб затаптаў цябе камар...

 

Мядовы нейкі галасок,

Хітрыначкі ў вачах яго.

Не лыкам шыты Васілёк,

Скумекаў, што і да чаго.

«Купіў штаны ён... А мяне

Не купіш. Дудкі! Я данёс,

Што скрыні ў ямах, у гумне,

А ў скрынях жыта і авёс».

 

Кулак лісліва: — А як там...

У вашай вёсцы, у бацькоў?

Ні зернятка, ні пацукоў?..

Бацькам я здору скрутак дам.

Яны ж не колюць парсюкоў.

Бяда, бяда... Бывала, сам

Не бачыў скваркі шмат дзянькоў.

Развойкаўся хітрун стары,

Хоць ты кіёчак падары

І жабракову кайстру.

Хлусіць,

Круціць

Ён майстра!..

 

Глухая поўнач. Супакой.

На канюшыне, пад страхой,

Васільку не спіцца штосьці:

Гасцей чакае раніцой...

 

Прыйшлі на хутар госці,

Сабакі рвуцца з ланцугоў,

І ні чарцей, і ні багоў

Тут не памілуюць яны,

Хапаюць выжлы за штаны...

Жартуюць госці:

— На бліны

Прыйшлі мы, дзядзька Апанас.

— Заходзьце ў хату! Там якраз

Патэльня запішчала.

Чаму ж? Гасцей такіх у нас

Частуем. Праўда, мала

Прысмакаў: блін ды сала.

— А хлеб? Уцёк надзённы хлеб?

Схаваўся, можа, у гумне?

— А, братачка!.. Дубовы цэп

Снапоў не бачыць. Ён аслеп.

Ён каласочка не кране.

— А мы дык бачым пад зямлёй:

У ямах ваша збажына.

— Няма! Клянуся барадой.

— А мы зусім не верым ёй,

Хітруе, хлусіць і яна...

Стары абмяк, уныў душой,

Сядзеў на лаве, ля акна,

А гэтай самаю парой

Падводы ўз’ехалі на двор...

 

— Рабуюць! Душаць! Божа мой!

Чаго стаіш, як пень, Рыгор!

Даніла, драбавік бяры!

Бярыце вілы, тапары! —

Крычаў сынам і батракам.—

Згнаю! Саветам не аддам!

— Ты не сіпі, стары гусак!

 

Ён з ланцугоў спусціў сабак.

— Кусі, кусі! — хрыпеў кулак.

— У будку, падлы! —

Васілёк

Іх улагодніў, павалок

Да цёмных будак на двары...

— Заб’ю! Ах, ты, паганы шкет!

І камсамол, і сельсавет

Прывёў! — І рынуўся стары

З калом.

— Пастой, шалёны дзед!

І я пакіну хутар твой,—

Батрак у гневе гаварыў.—

А ты?.. Сушы, дзед, сухары,

Сваёй размочыш іх слязой...

 

З двара падводы раніцой

Плылі, свіргочучы, на шлях,

Сядзеў Вашчыла на мяхах.

 

ІІ

Як дзеці ўсе, вучыўся ў школе,

Як дзеці ўсе, ты жыў і рос;

Барозны клаў у родным полі,

Траву касіў у сенакос.

 

Была нялёгкая работа,

Але была яна ў ахвоту,

Рабіў сабе, на свой калгас...

Юнацкі час,

Далёкі час.

Ды ў памяці ён не пагас,

Ён не забыты. Добра помніш,

Калі за вёскай ноччу цёмнай

Спаткаў цябе кулацкі сын,

А быў ён, злыдзень, не адзін,

Былі яшчэ з ім два бадзягі,

Як здані снежных Салаўкоў...

— Здароў, арцельны рабацяга!

Прымай у госці землякоў.

Ты ў камсамоле — верхавода!

А помніш, як прывёў падводы,

Прывёў сваіх рабаўнікоў?

Забралі хлеб! Забыўся, можа?

Маўчыш? Вады набраў у рот?

— У ямах вы гнаілі збожжа,

Аж трохгадовы умалот.

А галадаў тады народ...

 

— Ці чулі вы? Ён — Сценька Разін!

Магчыма, нават Пугачоў?

— А ты чаго па хмызе лазіш?

Пасеш на лузе дзеркачоў?

— Ці чулі вы? Жартуе хлопец!

— А не да жарцікаў табе.

— Замоўкні, падла! Жартаў хопіць!

Заб’ём каламі! Раздзяўбе

Груган цябе. Ён вып’е вочы,

Не ўбачыць больш ні дня, ні ночы

Табе, таварыш камсамол...

 

Ты вырваў з рук ягоных кол,

Бандыту даў па галаве,

Упаў ён, поўзае ў траве,

Скуголіць цюцькам, воўкам вые,

А два бандыты, злыдні тыя,

Цябе з ног збілі, павалілі,

Таўклі, дубасілі, мясілі...

— Хадзем... Дабілі важака!

І затрашчалі ў хмызняках...

Туманны ранак — белы птах —

Плыў над ракою. Усплывала

Паціху сонца і ўмывала

Расою твар свой залаты.

Ляжаў ты на траве завялай,

Нібы яна, завяў і ты.

 

Да ран прыкладвалі трыпутнік,

Каб выпіў ён пякучы боль.

Пасля бальніца. Ты, пакутнік,

Ляжаў на ложку дагары.

Ступалі ціха дактары,

А ты ляжаў, глядзеў у столь.

Яна звісала, нібы века

Труны сасновай, над табой.

— Сынок... Сыночак... Недарэка...—

—Працята жальбай і бядой,

Стаяла маці ды хусцінкай

Мух адганяла ад цябе.

— Не памірай... Ты чуеш, сынку?..

—Шаптала ціханька ў журбе.

Прыгорбіўшы худыя плечы,

Яна выходзіла, а ты

Ляжаў у ложку, як малеча,

Спавіты ў белыя бінты.

А з кветкамі прыйшлі пад вечар

Сябры — вясковы камсамол.

— Ну, як цябе тут, братка, лечаць?

Ці скора вылеціш, арол?..

 

Ты быў прыкуты да пасцелі.

Калі ўжо яблыкі паспелі,

З галінаў шпокалі ў траву,—

Адчуў жыццё ў збалелым целе,

Узняў з падушкі галаву.

 

Ледзь, ледзь яшчэ ступалі ногі,

Не мог дайсці і да парога

З кутка ад белае сцяны.

А турбавала ўжо трывога:

«Дзе злыдні?.. Дзе цяпер яны?..»

Уся ячэйка памагала,

Заўжды з табой яна была,

Сляды бандыцкія шукала

Ў асінніку каля сяла.

Магчыма, восень прыхавала,

Лістамі след іх замяла?

Магчыма, гады ў нейкіх норах

Ці пералезлі за кардон?..

Сядзелі ў хітранькіх дазорах

Хлапцы, дзяўчаты многа дзён;

 

Сядзелі повідну і ў змроку:

«Калі ж пакажуцца? Калі?!»

 

Яны ў капліцы крывабокай,

Яны на могілках жылі.

Харчы насіў ім у капліцу

Млынар, падкуплены мужык,

Паціху ў тую таямніцу

Дазорны наш хлапец пранік.

 

— Іх трэба браць!

Усю дружыну

Павёў ты ў змрок, праз туманы...

— Выходзьце, падлы!..

Стралянінай

Табе адказвалі яны.

У іх наганы. Вы з каламі.

У іх абрэз. Сякера ў вас.

З ваўкамі быць — дык і ваўкамі

Патрэбна выць у горкі час.

Не ўзяць жа голымі рукамі

Такіх разбойнікаў!..

Якраз,

Пачуўшы стрэлы, участковы

Прымчаўся злосны: — От галовы!

Хаця б зайшлі вы ў сельсавет!

За мной! — узрушаны, суровы,—

За імі ўслед,

За імі ўслед.

— За мной! Разбойнікаў дагонім!

З вінтоўкі стрэліў: на загоне,

Каля сіўцовае мяжы,

Бандыт застрэлены ляжыць.

А прадаўжаецца пагоня.

Ён стрэліў зноў: другі на мох

Упаў, зваліўся, трупам лёг.

Бяжыць адзін кулацкі сын,

У хмызняку, у тумане

Сябе хавае хутаранін:

«Збягу! Не возьмеце мяне!

Не дамся вам на пакаранне!..»

Ён быў уцёк... Ён ведаў сховы.

То за куп’ё, то ў куст лазовы,

То ў мох зашыецца, як гад,

А ні наперад, ні назад

Няма дарог. У тумане,

У змроку збіўся са сцяжын.

І там, у «чортавым акне»,

Пайшоў на дно кулацкі сын...

 

Ягоны бацька гэткай долі

Табе, Васіль, жадаў.

То ён

Лавіў цябе ў калючым голлі

І гнаў да «чортавых акон»...

 

А дзе цяпер ён, хутаранін?

Куды дарогі завялі?

Магчыма, дзесьці за курганнем,

За нейкай сопкай у зямлі

 

Струхнеў? І крыж у павучынах...

А ты ідзеш сваёй сцяжынай

У родны свет...

У інстытут

Паехаў ты. Твой родны кут

Чакаў, чакаў твайго звароту

Чатыры з хвосцікам гады.

І дачакаўся... Да работы

Дарваўся, дужы, малады.

 

Васіль Данілавіч! — тады

Цябе ўсе звалі,

паважалі.

Чаму ж? Вучоны чалавек!

Правёў каналы. Багны сталі

Дабро даваць у наш засек.

А ты выходзіш росным раннем:

Жаўрук звініць у сіняве,

Цвыркочуць конікі ў траве...

Часінай нейкай хутаранін,

Як барадатае паданне,

У думках хмарай праплыве.

 

І неяк зробіцца самотна,

І крыўдна стане на душы

За дні мінуўшчыны гаротнай,

Калі кулак цябе душыў...

 

Плыве духмяны ветрык з лугу,

А сонца песціцца ў рацэ.

Ідзеш ты з ім,

як з верным другам.

Прамень яго ў тваёй руцэ;

 

Ён у вачах,

жывы агеньчык,

Зіхціць, іскрыцца ў сэрцы ён.

Ты з доляй сонечнай абвенчан,

Са шчасцем ясным заручон.

Не заручоны толькі з тою,

Што стала мараю тваёй.

Нібыта сонца маладое,

Яна ў касынцы агнявой,

Як пройдзе ў жыце ці ў прысадзе —

Зямля, здаецца, запяе.

У шчырай дружбе, добрым ладзе

З душой тваёй душа яе.

 

І толькі бачыў сіні вечар,

Як цалаваў яе крадком,

Як накрываў дзяўчыне плечы

Сваім картовым пінжаком;

Як ты гарачаю шчакою

Пяшчотна гладзіў ёй шчаку.

У сінім зорным супакоі

Блукалі ўдвух па халадку.

 

ІІІ

— Горкі хлеб!

— Горкі мёд! —

Гукаюць сват і свацця.

Вясельны дружны карагод

У Васілёвай хаце.

— Горкі мёд! Горкі хлеб!..

Васіль, цалуй Мальвіну! —

Гукаў стары.— Я не аслеп:

От жоначка-маліна!..

Васіль Данілавіч, дальбог,

Арол я, не атопак!

Пяць сыноў, дзевак трох

З Тэкляю адхлопаў!

А што ж? Магу!..

А ўжо не мог

Стаяць, прысеў на ўслонік...

І скрыпкі, і гармонік

Загралі. Бубен — бух ды бух,

Ажно ўздыхае бубен...

— Васіль Данілавіч, мой друг,

Па келіху прыгубім?

— Чаму ж? Прыгубім!

Наліваў

Васіль суседу кубак.

А той яго пацалаваў,

Глынуў і гаркнуў:

— Люба!

Люба, братцы, жыць! —

І страсянуў ён чубам:

— Прэч з дарогі, хто чужы!

 

І чачотка сыпанула

З-пад абцасаў, як гарох.

— Жонка, чула ці не чула? —

Сам сабе я сёння бог!

Паважаюць мяне масы,

Сельсавет і ўвесь раён!..

Сыпле, сыпле з-пад абцасаў,

Як гарох, чачотку ён...

 

— Спыніся, братка...

На плячук

Васіль паклаў далоні.

— Чаму?

— Я радыё пачуў:

Вайна...

Вайна?! Сягоння?!

 

Вяселле смутак агарнуў

І сэрца кожнага крануў,

Пайшлі ўсе ціха з хаты.

— Бывай, Васіль...

— Бывай, сусед...

Пайшлі, як з пахавання...

Васіль — хутчэй у сельсавет,

Цяпер не да гуляння.

 

У сельсавеце цішыня,

Кудлатая дакука.

І толькі злосна старшыня

Па тэлефоне стукаў.

У трубку дзьмуў і хукаў,

Крычаў: — Раён!

Маўчаў раён.

— Крутні, Васіль!..

І ў злосці

Таксама ў трубку хукаў ён,

Казаў: — Няладна штосьці

Сягоння, друг, у правадах,

А старшыня яму:

— Бяда!

Ні шолахаў, ні гукаў.

Аловачкам пастукаў

Ён па стале. Сказаў:

— Васіль,

Паўсвету немец размясіў,

Вядзе вайну дарога

Да нашага парога,

Даўно ў душы сваёй насіў

Я нейкую трывогу.

Але не думаў, што вось так

Нахлыне раптам скруха...

Шчаку апёршы на кулак,

Сядзеў Васіль і слухаў.

 

Трывогу смутную і ён

Даўно насіў у сэрцы...

Званкі рассыпаў тэлефон,

Грыміць — от разарвецца!

Павесялеў, здаецца,

Суровы, сумны старшыня,

І ў сельсавеце цішыня,

Глухая, як магіла,

Нібы загаварыла.

 

— Райком?.. Я слухаю. Я сам

Званіў — не дазваніўся...

Васіль? Ён тут... Жаніўся...

Так, так... Прыедзем заўтра к вам...—

Ён выцер пот, стаміўся,

Сказаў: — Васіль, чакаюць там

Мяне, цябе, вядома,

Ты ж член бюро райкома.

Паедзем раненька, Васіль,

Раён ад нас далёка...

 

Даехалі. Спякотны дзень.

Зайшлі ў райком, а ён гудзе,

Нібы вулей у спёку...

— Здароў, Васіль! —

І запрасіў

Яго сам першы ў кабінет:

— Сядай, Васіль...

І ён, як дзед,

Прыгорбіўся, сказаў:

— Куры,

Паклаў на стол цыгаркі.

— Я не куру.

— Бяры, бяры,

Куры, каб здохлі камары,

Чужынцы-недавяркі! —

Падумаў, кажа:

— Мы з табой

Нямала з’елі солі;

Загартаваны барацьбой,

Не гнуліся ніколі.

Табе пярун, маланка, гром

З гадоў малых знаёмы...

Ты будзеш, друг, сакратаром

Падпольнага райкома.

— Быць на вайне патрэбна мне,

На фронце. Я ж — у сіле!

— І тут ты будзеш на вайне,

Цяпер жа фронт і ў тыле.

Тут не праведзена мяжа,

Няма франтам граніцы.

Хадзіць жа па лязе нажа

Патрэбна налаўчыцца,

Хаваць сляды ад чужака,

Скумекаў?

— Так.

— Ну, па руках!

Хвалю тваё сумленне.

У добры час!.. Бюро ЦэКа

Аформіць прызначэнне.

А я стары. Зусім стары.

І хворы, і нядужы.

У рукі лейцы ты бяры,

Кіруй разумна, дружа.

Я чым змагу,

Дапамагу

Табе, Васіль...

Хоць хворы,

Сядзець не буду ў норах,

Як той барсук зімою,

Як мышка пад мятлою...

 

Гарыць зямля.

Нібы ралля,

Счарнелая даліна.

— Ратуй! —

Гукае Васіля

Пакутная часіна.

 

Васіль Вашчыла — сакратар

Падпольнага райкома.

На плечы ўзвалены цяжар

Нялёгенькі, вядома.

 

IV

У гушчарніку хаціна

За тынком, за вішняком.

У хаціне ён з Мальвінай

Ды падпольны іх райком.

Сцерагуць яго яліны,

Абступіўшы спрат наўкруг.

Знойдзе той туды сцяжыну,

Хто райкому верны друг.

 

Звечарэла. Хтось пракракаў

Тры разы: такі пароль...

— Сакратар, зайсці дазволь?

І заходзіць той гуляка,

Што чачотку, як гарох,

На падлогу, на парог

Сыпануў з-пад дужых ног.

— Ты? Сядай. Прайшоў нямала.

Гразка. Світа мокрай стала.

Нацягаўся. Мусіць, ногі

Прытаміў? — спытаў Васіль.—

Тол прынёс?

— Прынёс нямнога,

Ды ў ім, шэльме, многа сіл.

— Ты, зямляк, перакусі,

Згаладаўся вельмі, мусіць?

Пад слатой асенняй мок.

І Мальвіна на абрусе

Ставіць бульбы чыгунок.

 

Вецер голлем шыбы шкрэбаў,

На падворку галасіў...

— Нам свая друкарня трэба...—

І задумаўся Васіль.—

Дзе здабыць шрыфты?

— Уладзім! —

Кажа друг...

— Да д’ябла сум!

Я шафёр на іхнім складзе.

Хочаш бомбу? — Прынясу!

— Добра, братка. Веру, веру,

Друг надзейны і сусед...

Без друкарні, без паперы —

Ні лістовак, ні газет.

Зразумела?

— Ды скумекаў...

Дзякуй вам за хлеб і соль.

Выйшаў... Хтосьці зноў пакракаў,

Тры разы: такі пароль.

І заходзіць у хаціну,

Больш дакладна — у райком,—

Незнаёмая дзяўчына...

— Ты адкуль?

— А за ляском

Наша вёсачка Хвальяны.

— Хто паслаў?

— А партызаны.

— Хто пароль даў?

— Сам камбрыг.

— Петравых?

— А Петравых.

— Шмат салдат у вас лясных?

Усміхнулася красуня:

— Не палічыш — там гушчар...

Трэба добра з вамі сувязь

Нам наладзіць, сакратар.

Не паперная, жывая

Трэба сувязь. Так ці не?

А таму ў райком прыйшла я,

Сам камбрыг паслаў мяне.

Маладая,

Баявая,

Нібы іскарка жывая,

Сувязная партызан.

Кажа: — Тайны не хаваю:

Маю добры, хітры план:

Камсамольцы, камсамолкі

Растасованы ў пяцёркі,

Сіла — гвардыя мая!

А кірую ёю я.

Чужаніцаў, што ў лясніцтве,

Пераб’ём і ўсіх — на мох!..

От каб ваша кіраўніцтва,

Каб райком нам дапамог?

Дакацілі б да Берліна

Мы за нейкіх тыдняў пяць!..

Рызыкоўную дзяўчыну

Сакратар гатоў абняць.

Ён сказаў: — Таго лясніцтва

Не чапайце...

— А чаму?

— Ты ж прасіла кіраўніцтва?

— Ну, прасіла.

— Вось таму —

Камуніста к вам пашлю я,

Ён і план твой дамалюе,

Плану хітраму твайму

Накірунак дасць талковы,

Каб смяртэльны быў удар.

— Хто ён?

— Сіла! Ён вайсковы,

Акружэнец. Камісар.

Ён стратэгію ўзначаліць,

Вашу тактыку ўтрасе...

А Мальвіна: — Выпі чаю?

Кубак чаю ёй нясе.

— Дзякуй. Вып’ю. З месяц, мусіць,

Я не грэлася чайком.

От сяджу,

Гляджу,

Дзіўлюся:

Хлеб на беленькім абрусе

І бяседа за сталом,

Нібы тут бацькоўскі дом...

 

Тут райком! Тут кузня тая,

Што свабоду нам куе.

Сядзе доля залатая

Зноў на покуты свае;

 

Сядзе чынна гаспадыняй,

Пачастуецца мядком...

Анікога не пакіне

У нудзе, бядзе райком.

 

Ён працуе днём і ўночы,

І ягоны сакратар...

Недзе ў шчыліне цвыркоча

Цвыркунок — начны пясняр.

 

Ні бяды яму, ні гора:

— Цыр-цырык

Ды цвір-цвірык...

Вартаўнік прыбег з дазору,

Аж засопся вартаўнік.

 

— Што такое? Ты ўстрывожан? —

Запытаў яго Васіль.

— Нейкі дзед!.. Шпіёніць, можа?

Прапусціць сюды прасіў.

 

І заходзіць дзед у хату:

— Не пазнаў мяне, Васіль?..

Быў жураўлікам цыбатым —

Кніжкі я табе насіў.

 

— Фрол Панасыч?! Даражэнькі!

Вы ж настаўнік першы мой.

Ледзь пазнаў: такі старэнькі...

Як жывецца?

— Памаленьку

Тупаю, дружу з бядой.

Каб параіцца з табой,

Шкандыбаў і гразь мясіў.

— Слухаю.

— Скажы, Васіль,

Толькі шчыра мне скажы:

Стаць мне старастам дазволіш?

Прымушаюць! А ніколі ж

Ворагам я не служыў.

— Вы не ім, а нашай справе

Паслужыце, дзядзька Фрол.

Будзе лёгка з той управы

Ім у кола ставіць кол.

Вельмі тонка, хітра там

Трэба справу весці вам.

— Скеміў. Промаху не дам...

 

— Дзядзька Фрол,

а як жа сцежку

Вы намацалі?

— Нагой! —

І хавае хітра ўсмешку

Пад сівою барадой.—

 

Вецер мне шаптаў на вушка,

Як натрапіць на твой след,

Я, брат, стрэляная птушка,

Стратэгічны, шустры дзед.

Хоць мяне, скажу я шчыра,

Вучань верны перарос;

Нездарма яму Вашчылай

Звацца выпаў слаўны лёс...

 

Цені хісткія, як здані,

За акном на медзі хвой.

І плыве яно,

паданне

Нашай прошласці сівой...

 

Вялі гасцінцы крыжавыя

Спрадвек у замак Радзівіла.

Капліцы вокала старыя,

Травой зарослыя магілы.

 

Там прошласць склала свае косці,

Над імі жвір цяжкі і рыжы.

З Парыжа і з Варшавы госці

Віталі дэспата ў Нясвіжы.

 

Ён з медзвядзямі,

Груганамі

І з недавяркамі ў хаўрусе.

Ён курганамі

І крыжамі

Засеяў гоні Беларусі.

 

У ланцугі з дамаскай сталі

Закуў і праўду, і законы.

У Крычаве тады паўсталі

На покліч праведнага звону.

 

Прыціхлі грозна рудні, гуты,

Застылі жорны і варштаты:

Пайшлі паўстанцы біць пакуту —

Паноў і полчышча магната.

 

У кузнях горны не згасалі —

Крывавым вылюдкам на згубу

Там зброю кавалі кавалі

Для ганчароў і лесарубаў.

 

Вашчыла вёў сякеры, вілы,

Мячы і дзіды на дасвецці.

Вашчыла — кліч народнай сілы,

А паруч з ім — Карпач і Вецер.

 

Укрылі горад дыму хмары,

У небе сонца свеціць скупа.

На брук, на румы, на папары

Паслаліся снапамі трупы.

 

На прычалы, вербалозы,

На сасмаглы на сухмень —

Кроў і слёзы,

Кроў і слёзы.

Чорны дзень...

Горны дзень...

 

Воран ворану гукае,

Каркае картавы.

Воўк ваўчыцу выклікае

Жэрці хлеб крывавы.

 

Смутак з горам абняліся,

А бяда — з бядою.

Наліліся,

Напіліся

Не вадой — крывёю

Лес, пагорак і даліна,

Цэгла ды каменні.

 

І Вашчылава дружына

Ў крыві па калені...

 

Агнём і дымам асмаліла.

Як галавешка Крычаў чорны.

Не можа войска Радзівіла

Узяць яго. Палаюць горны!

 

Са сцен — пякельнаю смалою,

Цаглінкай, дзідай — са званіцы.

Паўстаў ён сілай не малою,

Каторы год спакой не сніцца.

 

Хоць падкошана ўжо сіла

Бітвай не адною.

— Стой скалой! — гукаў Вашчыла,

І стаяць скалою.

 

З кавалямі,

З грабарамі

Ворагаў ён коле.

І панамі,

І князямі

Усцілае поле.

 

— Тут ведзьма з д’яблам абняліся! —

Завыў магнацкі служка Гдалій.—

Смалы мы ўдосталь напіліся,

Мне хопіць гэтакіх баталій!..

«Святлейшы княжа! — піша князю.—

Прасіце матухну Варшаву.

Бяда! Змяшаюць з гразкай граззю

І гонар наш, і нашу славу...»

Нясвіж трывога ахапіла,

У каралеўстве панскім смутак:

Арол адзін — Васіль Вашчыла,

Ды з ім народ, што скінуў путы...

 

Што там?

Хто там

Гэтак рана?

Што там за пагоня?

То ж уланы!

Пан за панам —

На ўзмыленых конях.

 

А за імі ўслед гарматы,

Акованы меддзю,

І маршалак зухаваты

На рысорах едзе.

 

Пасівелы не ад пылу,

Хоць пыліць дарога.

Гэта князю Радзівілу —

Хмараю падмога.

 

Паласнулі неба шаблі,

Грымнулі гарматы.

А паўстанцы?.. Ці аслаблі

Каля сцен шчарбатых?..

 

Ляжаць налева і направа

Касцоў і плытнікаў галовы —

Была крывавая расправа,

Быў бой... Няроўны і суровы...

Паўстанца Ветра там скруцілі

Калючым дротам — стогне ледзьве,

А Карпача — звяры! — зашылі

У шкуру з бурага мядзведзя.

Тады ўсё спушчаныя выжлы

Рашылі ўраз гайнёй ваўчынай.

Вашчыла... Дзе ж ён? Хлопец выжыў.

Уцёк, арол, на Украіну.

 

Не стаў ён попелам халодным,

Агнём ён быў — агнём астаўся:

З былінай, з песняю народнай,

Са славай добрай пабратаўся.

 

У роздуме, угнуўшы плечы,

Замоўк стары, пасля сказаў:

— Было... Сплыло, мой чалавеча,

Паданне гэта, як сляза.

Яно, як бачыш, не забыта,

Ізноў згадалася ў бядзе.

На могілках сівыя пліты —

На іх мінулае адбіта,

Па іх гісторыя ідзе...

 

Сакратар ужо світанкам

Задрамаў. Стаміўся ён.

Хтосьці тупае па ганку,

Патрывожыў нехта сон.

 

І заходзіць у хаціну

З дубальтоўкаю ляснік:

— Да яго я...

— Спіць...

— Мальвіна,

Я ад сну цяпер адвык.

— Што так рана, дзядзька?

— Дзіку

Кулю воўчую ўдружыў.

Дужа сыты ды вялікі,

Прыхаваў яго ў лаўжы.

Я падумаў: часта госці

Ў вас бываюць. Трэба ім

Наварыць, сасмажыць штосьці,

Трэба ж есці нешта ўсім...

— От жа дзякую сардэчна!

— Дзякуй і табе, Васіль.

— Мне? За што?

— У працы вечна,

Не шкадуеш, братка, сіл.

 

— Вы хваліце, ды не дужа,

Я няўдалы гаспадар.

Жонка кажа: няма мужа,

Ёсць падпольны сакратар!

— Кіньце жарты! Бульба стыне.—

Запрашае гаспадыня

На сняданак, да стала.

— От, каб чарачка прыйшла

У падмогу да сняданку!

А пасля спытаў ляснік:

— Можа, трэба вам зямлянка?

Я запаслівы мужык.

— Прадасцё?

— Магу.

— Купляю!

— Я табе ў дарунак дам.

А Васіль:

— Шрыфты ўжо маю,

Будзе ў нас друкарня там!..

 

Дарагі ты мой таварыш! —

З лесніком ужо на ты,

І сядзяць, нібы браты.—

Кашу гэткую заварым!

Перадушацца пачвары,

Толькі ўгору капыты!..

 

І ўжо ранняю вясною

З той друкарні, пад зямлёю,

За лістоўкамі газеты

Шуганулі ў белы свет.

І чыталі сельсаветы

Нашай Волі Запавет.

 

А ці позна, а ці рана

Край азёрны, край лясны,

Партызанкі, партызаны

Білі гітлерцаў паганых,

Каб не ўскрэслі век яны.

 

Планаваліся райкомам

Кожны выбух, кожны бой,

Што ламалі гулкім громам

Эшалоны над ракой.

 

І сюды па буралому

Ад відна і да відна,

Як да матчынага дому,

Бегла сцежка не адна.

 

У глухіх палескіх вёсках

Шанавалі гэты дом:

Як жывой надзеі востраў,

Між азёр лясных — райком.

 

V

Калі зацвінькала сініца

Ў галлі аголеных арэшын

І пачала яна туліцца

Да загуменнага падстрэшша,

А цецярук чырванабровы

Схаваўся ў снезе з галавою,

І лось рагаты — цар дубровы,

Карміўся мёрзлаю карою,—

Тады завейнаю парою

Спынілася не выпадкова

Пры поўнай выкладцы і зброі

У вёсках войска Каўпакова.

Сяброў сардэчных з Украіны,

Дзе голы стэп,

Дзе лесу мала,

На выспах кожная хаціна

Не толькі ласкай сагравала.

 

— Сядайце, друзі! —

І Вашчыла

Пачэкаў кіпцем па глячку,

Сказаў: — Праверым, што за сіла

Бушуе ў нашым першачку.

 

Праверылі: у кожнай кроплі

Бунтарны выбух мацака.

У ход пайшлі гуркі, картоплі,

Сцягняк вянджоны вепрука.

 

І яшчэ пайшоў хлапчына,

Быў гуляка ён з гуляк:

То прыгладжвае чупрыну,

То таўчэ нагамі «мак».

— Падывіся, Украіна,

Які гарны твой чумак!

 

А другі жартуе:

— Кіем

Я табе, як вераб’ю,

Ногі, братка, пераб’ю!

— А на іх стаіць наш Кіеў,

Кіеў родны я люблю...

 

Ад стала і да парога —

То ваўчком, то птахам ён.

Ходзіць ходарам падлога,

На стале талерак звон.

Ходзіць лава, ходзіць печка,

Шыба ў раме ляскае...

— Аддам проса, аддам грэчку

За дзяўчыну-перапечку

З гарачаю ласкаю.

 

А другі віецца птушкай,

Не шкадуе хлопец ног;

Сыпле ён свае частушкі,

Як падпражаны гарох:

 

— Па дарозе жук, жук,

Па дарозе чорны.

Падывіся, дзеўчыненька,

Які я маторны!

 

А я гэтак атакую

Дзявочую нацыю,

Што любая закукуе

Ў маёй акупацыі!

 

Хадзі, хата, хадзі, печ! —

Скача хлопец чорны,

Выйшла дзеўка:

— З кругу прэч,

Жучок нематорны!

 

Я такога атакую,

Што штурмуе неба;

Зацалую,

Замілую —

Не захоча хлеба.

А цябе, чарненькі жук,

Падмяту спадніцай!..

 

Змоўклі жарты, ботаў стук,

Цішыня ў святліцы.

Каўпак сказаў: — Замнога звону,

Васіль Данілыч, ад гуляк.

— Дык маладыя ж! Так?

— Ды так.

А дзе Платон? Гукні Платона...

Платон прыбег: —Вы звалі, бацька?

— Ага. Сядай, сядай, сынок.

Патрэбу маю песняй хвацкай

Уславіць на прывале свята...

Платон кірпаты ды чубаты,

Вясёлы, моцны, як дубок,

Завёў, павёў. І ўсе запелі:

 

...Як тры сокалы ляцелі

Над прастораю вады,

Ад братоў адстаў ён, сокал,

Сокал самы малады.

 

А два сокалы ў палёце

Брату крыкнулі свайму:

— Ты куды ляціш, таварыш?

Цяжка будзе аднаму.

 

Адказаў малодшы сокал:

— Ой, не мне дамоў ляцець,

Чую я: закаркаў воран,

Толькі мне не страшна смерць.

Там, дзе хвалі ў пырсках срэбных

Б’юцца ў кручы берагоў,

Там, далёка ў бітве смела

Стрэну ворага свайго...

 

Песня жальбай за сэрца хапала,

На душу ападала слязой:

Нашых родных і любых нямала

У магілы вайна ўжо забрала,

Іх укрыла сырою зямлёй;

 

Іх навекі засыпала ў ямах.

І Мальвініну маці таксама

У магілу навала

забрала...

«Маці родная... Мамачка... Мама...» —

Ціха ў думках Мальвіна шаптала,

А душа ад бяды галасіла,

Сэрца плакала ў цяжкай бядзе.

 

Зноў Мальвіна варыла,

насіла,

Частавала сардэчных людзей...

 

Са стэпам шчыры бор вітаўся,

Гула да трэціх пеўняў хата.

Тады ў гасцей ляснік спытаўся:

— На снасці, людзі, не багаты?

— Якія снасці?

— А хоць сані,

Вязы з бяроз, з кляноў палоззе!..

 

Звініць палеткамі, лясамі

Ажно да самых зор марозік.

На лёгкіх крыльцах снегіровых

Ляціць віхура.

Знаю, ў студзень

На лёдзе кола, як карова,

Хістацца п’яна, братка, будзе.

Каўпак спытаў:

— А дзе ўзяць сані?

Яны нам трэба, чалавеча.

— А мы іх зробім, дзеду, самі...

 

На яркім жары ў рускай печы

Ляснік распарвае бярозкі;

На іх бяросце поту слёзкі,

Бярозкі ў печы памякчэлі;

Анучы мокрыя сіпелі

На тых распараных бярозках.

Ляснік вазы рыхтуе войску.

 

Як хустка, снег быў на бярозе,

Нібы папаха, на ядлоўцы,

Калі на тры вярсты абозам

Плылі з дубровы каўпакоўцы.

 

Прыйшоў пчаляр:

— От на дарожку

Прынёс вам мёду два збаночкі.

Старая кажа: — А я трошку

Маліны сушанай, сыночкі.

 

— А во грыбкі,— дае жанчына

Грыбы сухія на шнурку.

— Вазьміце, дзед, кажух аўчынны,—

Кравец гаворыць Каўпаку.

 

Дзяўчынка, быццам журавінка,

Хлапцу паднесла рукавіцы:

— Вазьмі. Нядоўга прастудзіцца.

Былі ж не раз на вечарынках,

Схавалі ў сэрцах таямніцу...

 

І хтось згадаў таго Вашчылу,

Што ў Крычаве спраўляў хаўтуры,

Князёў тралюючы ў магілу.

У перуноў узяў ён сілу

Бунтарную, як покліч буры.

Каўпак сказаў:

— Пяюць бандуры

Яму і сёння на Ўкраіне.

Любоў не згасне, не астыне

Да чалавека-вярнідуба,

Якога панства не зваліла...

 

Васіль маўчыць, а слухаць люба.

І сам жа ён, як той Вашчыла,

Смуглявы, волатнай пароды,

Стаіць скалой.

— Ну, да сустрэчы,—

Каўпак, дзядок белабароды,

Стаў на пянёк, абняў за плечы

Вашчылу ён:

— Бывай, Палессе!

Твой лес нас добра прыгалубіў,

Паехалі!.. Бяду павесім

Мы на карпацкім шэрым дубе!..

 

Было са слёзамі расстанне

На Прыпяці. Быў дзень зімовы.

Рыпелі, беглі лёгка сані,

Па лёдзе цокалі падковы.

Ажно на тры вярсты абозам

За Прыпяць войска адплывала.

Плыла і песня ў вербалозах,

І за душу яна хапала.

Стаяў, глядзеў услед Вашчыла

Абозу ў смутным белым полі,

А песня сэрцу гаварыла,

Як гнуцца, стогнучы, таполі

На занявольнай Украіне;

Як маці журыцца па сыне,

Яго чакае дзень пры дні:

Копитами вдарте, вороні,

Он в огні засяли вдалині.

То з вікна моеі хати

Світить нам старенька мати...

 

Свяці з акна, матуля, сыну,

Ён не забіты на вайне.

Прыйшоў, чубаты, на Ўкраіну,

Цябе да сэрца прыхіне.

 

Пачуў палескі бор калматы,

Здалося, выбухі з Карпатаў

І тую песню, што ў агні:

Копитами вдарте, вороні,

Я в сідельці, мама, на коні,

І несуть мене по полю,

Де здобув я нашу волю,

Коні вороні.

 

VI

Жыта, жыта...

Шумяць каласы.

Слухай скаргу даспелага жыта:

— Ні касца, ні жняі,

Ні сярпа, ні касы,

Я і людам і богам забыта;

У нудзе,

У бядзе

Плача доля мая,

Не дайсці мне да роднае вёскі.

Я пад вартай стаю.

Арыштована я

Гарнізонам варожага войска.

Пад прыцэлам стаю.

Дзень і ноч на мяне

Пазіраюць з байніц кулямёты.

Хлебадараў сваіх

У сваёй старане

Я не ўсцешу цяжкім умалотам.

Хоча вораг мой хлеб

Па чыгунцы ў вагонах павезці.

Хай бы ён спруцянеў,

Хай бы, прагны, аслеп,

Каб не мог і кавалачка з’есці.

Дзе касец і жняя?

Час на жніва вам, родныя вёскі.

У палоне стаю,

Арыштована я...

Пакасіце варожае войска!..

 

Скаргу чуў пакалечаны дуб,

Што застыў каля жыта на ўзмежку.

Ствол шурпаты, нібы галавешка,

І снарадам падстрыжаны чуб.

Абгарэлы,

Счарнелы,

Сухі,

Нібы рукі, працягваў сукі

Дуб у ясную просінь...

 

У суках чорны вецер галосіць:

— Салаўінае песні табе

Не пагушкаць, калека, лістамі;

Рыжы ўзмежак у ціхай журбе

Не засеяць табе жалудамі;

Не заслоніш дубкоў,

як сынкоў,

Ты зялёнаю кронай ад граду;

Не начэпіш вясёлак-вянкоў,

Толькі я на галіне прысяду,

Як стамлюся пад летняю спёкай...

 

Дуб сукамі рыпіць:

— Я глыбока

Увайшоў у зямлю каранямі,

Ускарміла зямля, узрасціла.

Перунамі,

Дажджамі,

Снягамі

Гартавалася сіла...

 

Як думны дуб, Васіль Вашчыла

Счарнеў у летні санцапёк.

Прысеў на ўзлеску на пянёк

І бытта чуе галасы:

— Чаму марудзіш, чалавек?

Пара зярнятам у засек,

Даспелі добра каласы.

Дык завіхайся, зажынай!..

А як жа тут пачаць работу?

Стаіць вясковы ураджай

Скрозь на прыцэле кулямётаў.

 

Баліць душа ў сакратара,

У роздуме глыбокім ён:

Не будзе ж нават сухара,

Калі жытнёвы спелы звон

На глебу зернямі ўпадзе,

Паглумлены, знявечаны.

А чым тады карміць людзей?

Бяда! Галодны будзе год,

Калі ў вагонах умалот

Папруць сабе ў Нямеччыну...

 

Бюро склікае...

— Што рабіць? —

І, спахмурнелы, ён сядзіць,

Дымком цыгаркі апавіты.—

Нам трэба жаць і малаціць,

А карнікі вартуюць жыта.

Таварышы, я маю план

Завесці ворага ў спадман:

Напад раптоўны на раён,

Дзе фашыстоўскі гарнізон,

Дзе штаб яго, дзе зброі сховы,

Не да жніва чужынцам будзе,

А часам тым абшар жытнёвы

Сажнуць і скосяць нашы людзі...

 

Ужо цугляе коні план,

Ухвалены аднагалосна.

А з ім — атрады партызан

І веташок у соснах.

 

То Вашчыла за сабой

Войска вядзе многа...

Каля будкі вартавой

Знялі вартавога.

 

Толькі крэкнуў вартавы,

Звалены прыкладам.

Наш разведчык баявы

Зняў другога гада.

 

Ён і трэцяга кладзе

Ворага на бруку.

Ціш такая. Анідзе

Ні гуку,

Ні груку.

Шлях расчышчаны.

І ноч

Ў рулі затрубіла.

З логу цёмнага — наўскоч

На кані Вашчыла.

Грымнуў бой, гарачы бой,

Стрэлы ды пажары.

Над кватэраю штабной,

Над управай, над шашой —

Толькі дыму хмары.

 

Выбухнуў са зброяй склад

Хмараю агністай.

Ні наперад ні назад

Карнікам-фашыстам.

 

Ратаваць свой гарнізон

Немцы на машынах

Не наедуць у раён,

Спляжацца на мінах.

 

Нашынкована шаша

Мінамі як трэба.

Душагубская душа

Адлятае ў неба.

 

З прыдарожных хмызнякоў,

З-пад ялін кашлатых

Косяць кулі чужакоў,

Малоцяць гранаты.

 

На пяску і на траве

Трупы злева, справа...

Воран ворана заве

На хаўрус крывавы...

 

Здзяйсняецца Вашчылаў план:

З палону выйшла жыта —

Касцоў і жней і партызан

Ратунак і нажытак.

 

Яго, як хіжыя сычы,

Не сочаць з вышак кулямёты,

І ноч і з ранку да начы

Тут завіхаецца работа.

 

Сярпы жнуць — толькі паспявай

Снапы вязаць. Маланкі-косы

Пабліскваюць, кладуць пракосы.

Іржэўнік колецца — трывай,

Калі ступіў нагою босай,

Калі іголкамі асот

Табе пякуча рукі ўколе...

І боль і гнеў,

І кроў і пот

Замешаны на жытнім полі.

Зямля змарнела ад пакут,

А ты трываеш, родны кут,

Вясной арэш,

А летам жнеш,

Хоць сумны кожны твой снапок...

На пожні пад градой аблок

Вашчылу бачыўся ў бары

Палескай Сечы вольны стан:

Ля буданоў гараць кастры,

З катлоў плыве густы духмян

Гарачай юшкі з акуньком,

З цыбуляй, перцам і мяньком;

Праснак, правэнджаны дымком,

Хрумсціць, падсохлы, на зубах.

Здаровы дух, а смачны пах!..

 

Вашчыла гнаў і гнаў пракос —

Касіць з маленства ён прывык,

Сярпоў багата, многа кос

У спелым жыце: жык ды жык...

 

Мальвіна жала на гары,

Заняўшы постаць між жанок.

І голас матчын, спеў стары.

Як бы азваўся ён здалёк:

 

— А я ў полі была жнейка,

А я ў полі была жнейка,

За гарою мая жменька,

За гарою мая жменька...

 

Ды сёння песні зажынковай

Не чулі, песня не плыла,

Яна цяпер, парой суровай,

Нямой у роспачы была.

У кожным коласе жыла

Трывога цяжкая.

Трывогу

Душой Вашчыла разумеў,

Глядзеў з палетка на дарогу:

Бальшак жалезам не грымеў.

 

На ім ні танкаў, ні гармат,

Стаіць заслон лясных салдат,

Вартуе працу і людзей.

Народ са зброяй давядзе

Жніво як трэба, да канца...

— Васіль Данілавіч, вінца

Мне келіх поўны паднясі,—

Жартуе дзед,— я накасіў,

Я навязаў снапоў — уга!

— Касі дык хлеба пад’ясі.

— Расце мне шчаўе на лугах...—

Жартуюць. Косяць. Любата!

Збіраюць дзеці каласы.

Жывыя сцяў на горцы, там,

Грымотны выбух галасы.

...Кожнага чакала ў жыце міна,

Прытаіўшыся, яна чакала.

Вузкая разора-дамавіна.

Ціхенька Мальвіна ў ёй ляжала.

 

На калені стаў Васіль Вашчыла,

Да шчакі прытульваўся шчакою,

Гладзіў косы русыя рукою,

Гора яго гнула і душыла.

А старая цётка галасіла:

 

— Хай табе пад ручанькі пасцеле

Галубок з-пад лёгкіх крыльцаў пуху,

Каб цяпло было ў тваёй пасцелі,

Каб не ціснуў холад маладуху.

 

І другая цётка зарыдала:

— А ты ж ночы жыта ў полі жала,

Хлеба новага не паспытала,

Не спякла й буханачкі малое,

А ўжо стала жыта малаціцца.

Хай жа прыйдзе сонца залатое

На тваю магілу пажурыцца...

 

Стаяў суровы, скамянелы

Васіль Вашчыла ля Мальвіны,

Стаяў, як дуб той абгарэлы,

І хмарамі плылі ўспаміны.

І хоць ні ў чым не вінаваты,

Ён вінаваціў сам сябе,

Пакутай цяжкаю працяты,

Стаяў пакутнік у журбе.

 

І за труной падаўся ўслед,

Сцямнеў, здаецца, белы свет.

А поле галасіла.

 

Лясны пагост. Магіла.

На ёй яшчэ сыры пясок.

І, стужкаю спавіты,

На жоўтым погарбе снапок.

 

Зноў жнуць і косяць жыта.

Яно — жыццё. Яно — спрадвек

Зямлі і долі волат.

Таму шаноўна чалавек

Спавіў і Серп, і Молат

Калоссямі, бо каласы —

Яго жыцця карона.

 

...Не чутна посвісту касы,

Дакошаны загоны.

Не цопае дзядуля-цэп,

Замоўклі малатарні.

Прыйшоў у лес, у хаты хлеб

З пякельнае пякарні.

 

Разломяць цёплы каравай

Жаданаю часінай...

З галін лістоту ціха гай

Цярусіць на сцяжыны,

Чырвоныя рабіны

У пасівелую траву

Сыпнулі ягад шчыра.

А дуб рыпіць:

— Я ажыву!

Ты чуеш, брат Вашчыла?..

 

Павек змагайся і жыві!

Глядзі: вайны набытак —

І на слязах,

І на крыві

Рунее ў полі жыта.


1975?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бялевіч А. Сонечны гадзіннік. Вершы, вершаваныя апавяданні, паэма.— Мн., «Маст. літ.», 1978.— с. 108-156
Крыніца: скан