epub
 
падключыць
слоўнікі

Антон Бялевіч

Вясновая пераклічка

Люты лютуе, марозіць,

Заснежаны, беленькі.

Сакавік яшчэ ў абозе,

Затрымаўся ў ельніку.

 

Сакавік прышпорыў сані,

Сані лёгка коцяцца.

З беларускімі лясамі

Прывітацца хочацца.

 

А таму ён і гукае

З дальняга марозіку:

— Прывітанне, бела-гаю!

Соку дай, бярозанька!

 

Даплылі ў бярэзнік сані,

Сталі дрэвам кланяцца...

— А мы самі ўжо з вусамі! —

Бярэзінкі хваляцца.

 

На галінах паказалі

Коцікавы трубачкі.

Сакавік: — А, можа б, далі

Соку мне, галубачкі?

 

Шэпчуць коцікі бярозаў

Тоненька ды кволенька:

— Трэба даць! Прагнаў марозы,

Нам прынёс ён сонейка.

 

Весняй песняй жаўруковай

Адчыніў нам весніцы!..

Пад бярозаю вясновай

Сакавік папесціўся,

Зноў падняўся ды гукае:

— Красавік! Я сівенькі.

Пагукай ты Першамая.

— Пагукаю, міленькі!

 

Май гукае: — Сенакосы,

Даспявайце скоранька!..

Атуляюць нас нябёсы

Пяшчотаю сонейка.


1980?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бялевіч А. Сосны ў жыце: Вершы і паэмы. - Мн.: Маст. літ., 1980. - с. 37-38
Крыніца: скан