epub
 
падключыць
слоўнікі

Антон Бялевіч

Вясновая спрэчка

Вясна дыхнула —

Ускалыхнула

Дарогу санную на лёдзе.

Рака прачнулася, гукнула:

— Зіма на пенсію выходзіць!

 

А лёд трашчаў:

— Яшчэ марозік

Шыкуе белымі вусамі;

Яшчэ з марозікам павозім

Абутыя ў жалеза сані!

 

Пачула сонца тую спрэчку,

Сказала:

— Я зраблю пагоду!..

Зламала лёд, пагнала рэчку

Пад крыгамі старога лёду.

 

А ён скрыпеў, трашчаў сурова:

— Жалезны я!..

Вясна сказала:

— Маўчы, траскун! Мая дуброва

У гнёзды птушак пагукала.

 

Заглох бунтар!

Панесла рэчка

Сасулькі лёдзіку. Ён — ціхі...

Гадуе цёплае гняздзечка

Маленькіх дзетак салаўіхі.

 

А салавей дапамагае

Сваёю песняю сардэчнай...

Духмяны,

цёплы вецер з гаю

Прагнаў вясны

і лёду спрэчку.

А я плыву, я абдымаю

Між берагоў зялёных рэчку.

 

Яна напоіць у спякоту

Тады,

як жыта закрасуе;

За нашу добрую работу

Чаротам рэчка галасуе.


1980?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бялевіч А. Сосны ў жыце: Вершы і паэмы. - Мн.: Маст. літ., 1980. - с. 16-17
Крыніца: скан