epub
 
падключыць
слоўнікі

Антон Бялевіч

Вецер

У дуброве вецер свішча,

Выбягае ў поле.

А там свежае іржышча

Ветру ногі коле.

 

Ён жа босы, ён не ў ботах,

Да кален штаніны.

Скочыў вецер у балота,

У куст камарыны.

Там самота

І нудота рыжай імшарыны;

 

Там на купінах бярозкі

Сумныя, крывыя.

Вецер кінуўся да вёскі,

Каля весніц вые:

 

— Прапусціце ў сад пчаліны,

—Адчыніце дзверы!

Натрасу вам садавіны,

Яблыкаў і бэраў.

 

Пакланіўся вецер нізка

Чалавеку ў ногі...

— Ну, заходзь, заходзь, вятрыска,

—Адпачні з дарогі;

 

Адсапіся ды за працу,

Парабі на славу.

Падсушыць нам трэба, браце,

На гумне атаву;

 

Адгані вунь тую хмару

Ад гумна ў балота.

Дам штаны табе, таварыш,

А таксама боты.

Пройдзеш смела па іржышчы,

Ног тваіх не ўколе...

 

Каля хмары вецер свішча,

Гоніць хмару ў поле;

На балота цягне хмару

За чорныя косы...

З добрым ветрам кашу зварыш,

Друг надзейны і таварыш

Вецер шматгалосы.


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бялевіч А. Сонечны гадзіннік. Вершы, вершаваныя апавяданні, паэма.— Мн., «Маст. літ.», 1978.— с. 14-15
Крыніца: скан