epub
 
падключыць
слоўнікі

Антон Бялевіч

Высокі бераг

Каліны восеньскі кумач

Іскрыцца. Жоўклая бярозка.

З кудлатай купіны дзяркач

Пабег, пабег у край заморскі.

 

— Ляцім?

— Ляцім!..

І ўжо стрыжы

Пакінулі высокі бераг.

А ты, самотны, не тужы,

Вясна расчыніць зноўку дзверы

Стрыжам сюды, дзе норкі іх,

Дзе ў беразе пясчаным сховы;

Зноў стрыжанятак маладых

Прыкрые ў норцы куст лазовы;

 

Напоіць птушачак расой,

Накорміць іх стрыжыха-мама;

Прасвішчуць крыльцы над ракой,

Над нашай радасцю таксама.

 

А я ў вясновую пару

Напоўню песню салаўямі...

Высокі бераг, не гаруй,

Вясна-красна не за гарамі.


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бялевіч А. Сонечны гадзіннік. Вершы, вершаваныя апавяданні, паэма.— Мн., «Маст. літ.», 1978.— с. 68
Крыніца: скан