epub
 
падключыць
слоўнікі

Антон Бялевіч

Заклік сэрца

Калі я гаротніка ўбачу,

Калі ён марнее ў журбе,—

Дык сэрца маё горка плача,

Душу маю смутак шкрабе.

 

Пакутуе друг — я пачую,—

Дык сам у пакуце стаю,

Забраць яго жальбу хачу я,

Аддаць яму ўцеху маю;

 

А хай жа лягчэй яму будзе,

Хай боль не сціскае грудзей...

Людзі! Шаноўныя людзі,

Агортвайце шчасцем людзей;

 

Дарыце ім радасць і ласку,

Узлёт і запал малады,—

Дык нават зімой лютай

краскі

Жыццё нам падарыць тады.


1976?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бялевіч А. Сонечны гадзіннік. Вершы, вершаваныя апавяданні, паэма.— Мн., «Маст. літ.», 1978.— с. 41
Крыніца: скан