epub
 
падключыць
слоўнікі

Антон Бялевіч

Зямля

Мой прашчур вайну вёў з карчамі,

Грыз хвоі сякерай, пілой.

А хвоі стагналі, крычалі,

Слязіліся горкай смалой.

 

І сам быў, напэўна, не рады

Глядзець на заплаканы пень...

Пасеялі проса на лядах,

Пасеялі грэчку, ячмень;

 

Увосень пасеялі жыта,

Выжару ўзаралі валы.

Кавалак зямелькі абжыты,

Ды вельмі кавалак малы.

 

Счарнеў хлебароб, нібы хмара,

Ён думаў у цяжкай журбе:

«Ад панскіх бязмежных абшараў

Адкроіць бы скібу сабе».

 

Абшары ж яму не чужыя,

У іх яго слёзы і пот.

Ён там напінаў свае жылы,—

А пану даюць умалот

Валокі зямлі самай тлустай,

Абшары найлепшай зямлі.

Як хлеба духмянага луста,

Там кожная скіба раллі.

 

Багацце зямля нараджае,

Там жыта стаіць, як сцяна,

Ды толькі зямля ўся чужая,

Хоць родная сэрцу яна.

 

Сказаў хлебароб: — Я сякерай

Адкрою зямлі ў цябе, гад!..

Яму толькі сажань адмераў

Зямлі на магілу магнат.

 

Не ўстане на золку араты,

Ягоны загончык пажоўк...

Зямля нарадзіла багата

Магіл і над імі крыжоў.

 

Ішоў брат на брата з даўбежкай,

Сусед на суседа — з касой;

Крывёй арашалі паўмежкі,

Зямлю здабывалі крывёй.

 

Ды што ні рабі, не хапала

Зямелькі ў маіх дубраўчан...

Семнаццаты год. Бушавала

Віхура. Грымеў ураган.

І пана ў маёнтку не стала.

Уцёк у Варшаву наш пан.

 

Не стужкай жалезнай —

вяроўкай

Зямлю абмяралі вясной.

Маю надзялялі Дуброўку

Магнацкаю тлустай зямлёй.

 

Не мачыха нам, не чужая,

Ад краю да краю — свая!

Усцешыла нас ураджаем,

Як гай салаўіны, стаяў

На полі ўраджай новай долі,

Зажынкаў наблізіўся час.

А беднасць ніколі, ніколі

Не прыйдзе жабрачкай да нас.

Зямля нас усіх накарміла,

 

Душу нам сваю расчыніла

Ажно да саменькага дна.

Ў зямлі карані нашай сілы,

Пяшчотная маці яна.


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бялевіч А. Сонечны гадзіннік. Вершы, вершаваныя апавяданні, паэма.— Мн., «Маст. літ.», 1978.— с. 64-66
Крыніца: скан