epub
 
падключыць
слоўнікі

Антон Бялевіч

Зноў бярэзнік пяе

— Ажно брыдка глядзець! —

Кажа жонка мужу.—

Спіш, ляжыш, як мядзведзь,

Хоць і гэткі ж дужы!

 

— Дык зіма ж на двары,

Снежная пароша.

— Во сякера. Бяры!

Пазнаёмся ў бары

З ёлачкай харошай.

 

— Дык сама ж ты — ого!

Ёлачка-калючка!

Абдымаць жа каго

Будуць твае ручкі?

 

Хай ялінкі чубок

Калыша сняжынку.

— Не жартуй, лежабок,

Прынясі ялінку!

 

Не на жарт, усур’ёз

Пачалася спрэчка...

Ён пайшоў. Ён прынёс.

— Вазьмі, перапечка!

 

— І вазьму! А чаму ж?

Сонцам заіскрыцца!..

Не мядзведзь — добры муж! —

Хваліць маладзіца

Мужанька-дабрака.

— Ёлачку я маю! —

І пяшчотна рука

Шыю абдымае

Як даўней, як тады,

У юнае лета,

Калі быў малады,

Як ёлачка гэта;

Калі дзеўчыне нёс

Кветкі і зімою,

Калі зорку з нябёс

Зняць хацеў рукою

Не сабе, для яе,

Роднай і харошай!..

Зноў бярэзнік пяе

Над свежай парошай

Сёння зноў, як тады,

Даўняю зімою,—

Шчыра год малады

Туліцца шчакою

Да яе, да яго,

Шчырае спатканне.

Не пагаснуў агонь

Дружбы і кахання!


1980?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бялевіч А. Сосны ў жыце: Вершы і паэмы. - Мн.: Маст. літ., 1980. - с. 60-61
Крыніца: скан