epub
 
падключыць
слоўнікі

Антон Бялевіч

Жонка мужа чакала

Ён жыве ці не жыве?

Дзе, лайдак, блукае?

А хто ж мяне пазаве,

А хто ж пагукае

Зажынаць і дажынаць

Даспелае жыта?

Прачакала тыдняў пяць,

Дзе ж ён, валакіта?

Адлучаўся на дзянёк,

Дзе ён прападае?

Мо прыліпнуў да дзявок?

Сама ж маладая!

 

І люстэрачка ўзяла,

Сябе паглядзела.

— Ну, такая ж, як была,

Я ж не пастарэла.

Акуратненькі насок,

Васілёчкі — вочы.

Толькі белы валасок

У касу мне ўскочыў.

Праганю яго з касы,

Гэта ж лёгка вельмі.

— Не калеч мае красы,

Пасівелы шэльма!

 

Волас вырвала: — Акыш! —

Выгнала на дворык...

Муж у хату: — Ты не спіш

Да світальных зорак?

Узлавалася яна,

Злосць дала ёй сілу.

— Хай бы ўжо мяне труна

Занесла ў магілу!

— Што з табою?..

— Не, дазволь

Выказацца ўволю.

Дзе ты быў?

— Шукаў я соль.

— Дакапаўся солі?

— Дакапаўся! Рады я.

Солі ў нетрах многа.

Чуеш, родная мая?..

 

Мужа дарагога

Прыхінула, абняла.

— Што з табой, Параска?

— Твая соль мне аддала

Шчырасць твае ласкі!

 

Зноў люстэрачка ўзяла,

Сябе паглядзела:

— Ну такая ж, як была,

Я ж не пастарэла!


1980?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бялевіч А. Сосны ў жыце: Вершы і паэмы. - Мн.: Маст. літ., 1980. - с. 34-35
Крыніца: скан