epub
 
падключыць
слоўнікі

Антон Бялевіч

Жураўліха-хлусіха

— Дай мне, поле, канапель,

А ў прыдачу проса.

— Дам! А дзе твой журавель?

Лодыр даўганосы?

— Пакалечыў жа крыло,

Дрыхне за лясамі...

 

Поле проса ёй дало,

Канапель таксама.

 

Жураўліха па плячу

Крыльмі гладзіць поле,

Кажа: — Дзякуй! Палячу,

Недарэку палячу,

Кончыцца ад болю.

 

Поле кажа: — Мой паклон

Перадай калеку.

— Дзякуй, поле! Будзе ён

Друг табе навекі!..

 

Плыў туман у хмызнякі,

А з кустоў, ад рэчкі,

Прыляцелі дружбакі —

Журавы на грэчку.

 

У чародцы журавель —

Лодыр даўганосы...

Поле кажа: — Канапель,

А таксама проса

Жораву твайму дало?

Сорам, жураўліха!..

Зашумела, загуло,

Жураўлёў яно змяло,

Стала ціха, ціха.

 

Не ляціце, журавы,

На проса, на грэчку!

Вам балота й паплавы,

І кусты ля рэчкі.


1980?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бялевіч А. Сосны ў жыце: Вершы і паэмы. - Мн.: Маст. літ., 1980. - с. 21-22
Крыніца: скан