epub
 
падключыць
слоўнікі

Антон Бялевіч

Жывому — жыць!

Стаіць самотная жанчына,

А лісце жоўклае: шу-шу...

Чырвоным полымем рабіна

Не грэе сумную душу...

— Адпусціш, можа, дамавіна

Майго любімага?..

Прашу.

 

А хай бы ўбачыў неба просінь

Ды жураўліны Млечны Шлях

А хай бы мілы мой увосень

Садамі спелымі прапах...

 

Шаптала, хоць і разумела:

Не выйдзе ён на белы свет.

Нібы магіла, анямела,

Пайшла паціхеньку, а ўслед

З ляшчын каціліся арэхі

І па лістах, і па траве...

Была ў жанчыны толькі ўцеха

Жывому — жыць! Яно жыве!

 

Яно рунее ў жытнім полі,

Яму — расці,

Яму — цвісці!..

А ёй з удовінаю доляй

Далей ісці,

Далей ісці!

 

І гэтак шлях жанчына пройдзе,

Як шмат няўцешаных удоў.

Яшчэ ж не вечар, толькі поўдзень

Яе жыцця, яе гадоў.

 

Яшчэ ж яна не пасівела,

На твары сумным, пахуднелым

Няшмат маршчынак у яе...

Чаму ж мне ў сэрцы зашчымела,

Чаму ж паветра нестае?


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бялевіч А. Сонечны гадзіннік. Вершы, вершаваныя апавяданні, паэма.— Мн., «Маст. літ.», 1978.— с. 38-39
Крыніца: скан