epub
 
падключыць
слоўнікі

Антон Чэхаў

Хамелеон

Цераз рыначную плошчу ідзе паліцэйскі наглядчык Ачумелаў у новым шынялі і з клуначкам у руцэ. За ім крочыць рыжы гарадавы з рэшатам, поўным сканфіскаванага агрэсту. Вакол цішыня... На пляцы ні душы... Адчыненыя дзверы крамы і шынкоў глядзяць на свет божы панура, як галодныя зяпы; каля іх няма нават жабракоў.

- Дык ты кусацца, нягоднік! - чуе раптам Ачумелаў. - Хлопцы, не пускайце яго! Цяпер не загадана кусацца. Дзяржы! А... а!

Чутно сабачае скавытанне. Ачумелаў глядзіць убок і бачыць: з дрывянога склада купца Пічугіна, скачучы на трох нагах і аглядаючыся, бяжыць сабака. За ім гоніцца чалавек у паркалёвай накрухмаленай кашулі і расшпіленай камізэльцы. Ён бяжыць за ім і, нахіліўшыся тулавам наперад, падае на зямлю і хапае сабаку за заднія лапы. Зноў чутно сабачае скавытанне і крык: «Не пускай!» З крам высоўваюцца сонныя фізіяноміі, і хутка каля дрывянога склада, як вырасшы з зямлі, збіраецца натоўп.

- Не іначай беспарадак, ваша благароддзе!.. - кажа гарадавы.

Ачумелаў робіць паўабарот налева і ідзе да натоўпу. Каля самых варот склада, бачыць ён, стаіць той самы чалавек у расшпіленай камізэльцы і, падняўшы ўгару правую руку, паказвае натоўпу акрываўлены палец. На п'янаватым твары яго як бы напісана: «Ужо я здзяру з цябе, шэльма!» Ды і сам палец выглядае як сімвал перамогі. Ачумелаў пазнае, што гэта майстар залатых рэчаў Хрукін. Сярод натоўпу, растапырыўшы пярэднія ногі, сядзіць на зямлі і дрыжыць усім целам сам віноўнік скандалу - белы шчанюк-ганчак з востраю мордаю і жоўтаю плямаю на спіне. У слязлівых вачах яго відаць выраз тугі і жаху.

- З якой гэта прычыны тут? - пытаецца Ачумелаў, урэзваючыся ў натоўп. - Чаму тут? Гэта ты нашто палец?.. Хто крычаў?

- Іду я, ваша благароддзе, нікога не чапаю... - пачынае Хрукін, кашляючы ў кулак. - Наконт дроў з Мітрыем Мітрычам, - і раптам гэты падлюга ні з таго ні з сяго за палец... Вы мне даруйце, я чалавек такі, што трэба работу рабіць... Работа ў мяне дробная. Няхай мне заплацяць, бо я гэтым пальцам, можа, тыдзень не паварушу... Гэтага, ваша благароддзе, у законе няма, каб ад жывёлы зносіць... Калі кожны будзе кусацца, то лепш і на свеце не жыць...

- Гм!.. Добра... - кажа Ачумелаў строга, кашляючы і кратаючы брывамі. - Добра... Чый сабака? Я гэтага так не пакіну. Я пакажу вам, як сабак распускаць! Пара звярнуць увагу на такіх паноў, што не хочуць падпарадкавацца пастановам! Як аштрафую яго, паскудніка, дык ён будзе ведаць у мяне, што значыць сабака і іншая валачашчая жывёла! Я яму пакажу кузькіну маць!.. Ялдырын, - кажа наглядчык гарадавому, - даведайся, чый гэта сабака, і складай пратакол! А сабаку знішчыць трэба. Зараз жа! Ён, мусіць, шалёны... Чый гэта сабака, пытаюся?

- Гэта, здаецца, генерала Жыгалава... - кажа нехта з натоўпу.

- Генерала Жыгалава? Гм... Знімі, Ялдырын, з мяне паліто... Страшэнна горача! Мусіць, перад дажджом... Аднаго толькі не разумею: як ён мог цябе ўкусіць? - звяртаецца Ачумелаў да Хрукіна. - Хіба ён дастане за палец? Ён маленькі, а ты ж вунь які здаравяка!.. Ты, мусіць, раскалупаў палец цвічком, а потым прыйшла ў тваю галаву ідэя, каб садраць. Ты ж... вядомы народ! Ведаю вас, чарцей!

- Ён, ваша благароддзе, цыгаркаю яго ў мызу жарцікамі, а сабака не быў дурны і цапнуў... Бязглузды чалавек, ваша благароддзе!

- Хлусіш, сляпак! Не бачыў, дык, значыць, нашто хлусіць? Іх благароддзе разумны пан і разумеюць, калі хто хлусіць, а хто па сумленню, як перад Богам... А калі я хлушу, дык няхай міравы рассудзіць. У яго ў законе сказана... Цяпер усе роўныя... У мяне ў самога брат у жандарах... калі хочаце ведаць...

- Не разважаць!

- Не, гэта не генеральскі!.. - глыбакадумна заўважыў гарадавы. - У генерала такіх няма. У яго найбольш выжлы...

- Ты гэта напэўна ведаеш?

- Напэўна, ваша благароддзе...

- Я і сам ведаю. У генерала сабакі дарагія, пародзістыя, а гэта - чорт ведае што! Ні шэрсці, ні выгляду... подласць адна толькі... І гэтага сабаку трымаць?! Дзе ж у вас розум? Каб папаўся гэтакі сабака ў Пецярбургу альбо ў Маскве, то ведаеце, што было б? Там не паглядзелі б у закон, а ўміг - не дышы! Ты, Хрукін, маеш утрату і справы гэтай так не пакідай... Трэба правучыць! Пара...

- А можа, і генеральскі... - думае ўслых гарадавы. - На мордзе ў яго не напісана... Надоечы ў дварэ ў яго такога бачыў.

- Вядома, генеральскі! - чуваць голас з натоўпу.

- Гм!.. Надзень, брат Ялдырын, на мяне паліто... Нешта вецер падзьмуў... Холадна... Ты завядзеш яго да генерала і запытаешся там. Скажаш, што я знайшоў і прыслаў... І скажы, каб яго не выпускалі на вуліцу... ён, можа, дарагі, а калі кожная свіння будзе яму ў нос цыгаркаю тыцкаць, дык ці доўга сапсаваць. Сабака - далікатнае стварэнне... А ты, балван, апусці руку! Няма чаго свой дурнецкі палец выстаўляць! Сам вінават!

- Повар генеральскі ідзе, яго запытаем... Гэй, Прахор! Падыдзі, даражэнькі, сюды! Паглядзі на сабаку... Ваш?

- Выдумаў! Гэтакіх у нас зроду не было!

- І пытацца тут доўга няма чаго, - кажа Ачумелаў. - Ён валачашчы! Няма чаго тут доўга гаварыць... Калі сказаў, што валачашчы, значыць, і валачашчы... Знішчыць, вось і ўсё.

- Гэта не наш, - кажа далей Прахор. - Гэта генералавага брата, што надоечы прыехаў. Наш не ахвотнік да ганчакоў. Брат іхні ахвотнік.

- Ды хіба браток іхні прыехалі? Уладзімір Іваныч? - пытаецца Ачумелаў, і ўвесь твар яго заліваецца замілаванаю ўсмешкаю. - Бач ты, божухна! А я і не ведаў! У госці прыехалі?

- У госці...

- Бач ты, божухна... Замаркоціўся па брату... А я ж і не ведаў! Дык гэта іхні сабачка? Вельмі рад... Вазьмі яго... Сабачка нічога сабе... Шустры такі... Цап гэтага за палец! Ха-ха-ха... Ну, чаго дрыжыш? Ррр... рр... Злуецца, шэльма... цюцік гэтакі...

Прахор кліча сабаку і ідзе з ім ад дрывянога склада...

Натоўп рагоча з Хрукіна.

- Я яшчэ дабяруся да цябе! - пагражае яму Ачумелаў і, захінаючыся ў шынель, ідзе далей па рыначнай плошчы.

 

1884



Пераклад: Кандрат Крапіва