Антуан дэ Сэнт-Экзюпэры

Ліст да заложніка

І
II
III
IV
V
VI


І

 

Калі ў снежні 1940 года я апынуўся ў Партугаліі, каб адтуль дабрацца ў Злучаныя Штаты Амерыкі, Лісабон здаўся мне нейкім светлым і сумным раем. У тыя часы ўсюды толькі і размоў было што пра немінучае нашэсце, а Партугалія чаплялася за ілюзію ўласнага працвітання. Лісабон, які наладзіў самую бліскучую выстаўку з усіх, якія толькі былі ў свеце, усміхаўся нейкай трошкі хваравітай усмешкай: так усміхаюцца маткі, якія не маюць ніякіх вестак ад забранага на вайну сына і намагаюцца ўратаваць яго сваёй упэўненасцю: «Мой сын жывы, раз я ўсміхаюся...» Гэтак і Лісабон нібыта казаў: «Паглядзіце, як у мяне хораша, як спакойна і светла...» Увесь кантынент ціснуў на Партугалію накшталт дзікай гары, грознай сваімі ахвярнымі плямёнамі, але святочны Лісабон кідаў выклік Еўропе: «Хто пагаліцца на мяне, калі я прыкладаю столькі намаганняў, каб не хавацца! Калі я такі безабаронны!..»

Гарады маёй радзімы па начах былі колеру попелу. Я адвык ад асвятлення, і ў гэтай прамяністай сталіцы мне рабілася нейк ніякавата. Калі прадмесці акрыты цемрай, брыльянты за асляпляльна яркай вітрынай міжволі прыцягваюць увагу рабаўнікоў. Так і адчуваеш, як яны рыскаюць непадалёку. Я адчуваў, як над Лісабонам навісла ноч Еўропы, якая кішэла зграямі бамбардзіроўшчыкаў, быццам яны здалёк цікавалі за гэтым скарбам.

Але Партугалія быццам і не заўважала ненаеднасці пачвары. Яна адмаўлялася верыць кепскім прыкметам. Партугалія з адчайнай даверлівасцю займалася толькі мастацтвам. Хто наважыцца раздушыць яе з яе культам мастацтва? Яна павымала на свет усе дзівосы. Хто наважыцца раздушыць яе з усімі гэтымі дзівосамі? Яна дэманстравала сваіх геніяў. Не маючы арміі, не маючы гармат, яна выставіла супраць магутнай сталёвай сілы захопніка ўсіх сваіх каменных вартаўнікоў: помнікі паэтаў, мараплаўцаў, канкістадораў. Не маючы арміі і гармат, Партугалія перагарадзіла шлях ворагу ўсім сваім мінулым. Хто наважыцца раздушыць яе з гэтай спадчынай яе вялікага мінулага?

Вечарамі я зажурана блукаў сярод павільёнаў гэтай з надзвычайным густам аформленай выстаўкі, дзе літаральна ўсё было пазначана пячаткай дасканаласці, нават музыка, такая неназойлівая, падабраная з такім тактам, якая, ледзь дапамагаючы слыху, мякка разлівалася над садамі, як немудрагелістая песня ручаінкі. Хто ж асмеліцца ўзняць руку на гэтае беззаганнае адчуванне меры?!

I Лісабон з гэтай ягонай усмешкай здаваўся мне болей сумны, чым мае зацемненыя гарады.

Я ведаў, а магчыма, і вам знаёмы такія, трошкі дзівакаватыя сем'і, якія пакідаюць за сталом месца нябожчыку. Яны адмаўляюць непапраўнасць. Я ж не бачыў у такім выкліку нічога суцяшальнага. 3 мёртвых трэба рабіць мёртвых. Тады яны набываюць новую форму прысутнасці ў нашым жыцці. А сем'і, пра якія ідзе гаворка, бясконца адцягваюць іх вяртанне. 3 мёртвых яны робяць вечна адсутных сутрапезнікаў, навекі запозненых да стала. Яны падменьваюць жалобу марным чаканнем. I гэтыя дамы здаваліся мне ахопленымі бядой, болей непапраўнай, болей безвыходнай, чым страта. Божа каханы, згадзіўся ж я на жалобу па лётчыку Гіёмэ, апошнім з сяброў, які загінуў у паштовым рэйсе!.. Гіёмэ ўжо не зыначыцца. Ёй ніколі ўжо не з'явіцца, але ніколі і не пакіне мяне. Я ахвяраваў яго прыборам на маім стале, гэтым бескарысным сілом, і я зрабіў з яго сапраўднага мёртвага сябра.

А вось Партугалія сілілася верыць у сваё працвітанне, захоўваючы і яго прыбор, і яго святочныя агні, і яго музыку. Тут, у Лісабоне, гулялі ў шчаслівае жыццё, каб сам бо – і той паверыў у яго.

Пэўны налёт смутку надавалі Лісабону бежанцы. Я маю на ўвазе не выгнанцаў, якія шукаюць прытулку. I не тых эмігрантаў, што кідаюцца ў пошуках лапіка зямлі, які яны маглі б абрабіць сваёй працай. Я кажу пра людзей, якія за свет вочы ўцяклі з радзімы і кінулі ў галечы сваіх блізкіх дзеля ўратавання ўласнага кашалька.

Мне не ўдалося ўладкавацца ў сваім горадзе, і я пасяліўся ў Іштурыле, побач з казіно. Я толькі выйшаў з пекла вайны: мая авіягрупа, якая дзесяць месяцаў запар вяла разведвальныя палёты над Германіяй, адно ў дні нямецкага наступлення страціла тры чвэрці свайго складу. Па вяртанні дадому нада мной навісла змрочная атмасфера прыгнёту і пагроза голаду. Я перажыў беспрасветную ноч нашых гарадоў. А тут, за два крокі ад мяне, казіно Іштурыла штовечар напаўнялася зданямі. Бясшумныя «кадылакі» дзелавіта каціліся па тонкім пяску і высаджвалі іх ля пад'езда. Гэтыя здані, быццам у даваенныя часы, былі ў вячэрніх строях. Яны ззялі манішкамі і дыяментамі. Яны запрашалі адзін аднаго на абеды, на абеды статыстаў, бо ім не было пра што гаварыць.

Потым яны гулялі ў рулетку ці ў бакара – у залежнасці ад багацця. Часам я хадзіў паглядзець на іх. Яны не выклікалі ўва мне ні гневу, ні кпіну; мяне ахопліваў толькі нейкі неакрэслены страх. Той страх, які ахоплівае вас у заапарку перад апошнімі прадстаўнікамі якой-небудзь вымерлай пароды. Яны збіраліся ля сталоў. Яны тоўпіліся вакол непрыступнага круп’е і з усіх сіл намагаліся адчуць надзею, роспач, страх, зайздрасць альбо захапленне. Як жывыя. Яны ставілі на карту маёмасць, якая, магчыма, у гэтыя самыя хвіліны разляталася ў прах. Яны карысталіся манетай, якая, магчыма, ужо страчвала ўсялякую вартасць. Змесціва іх сейфаў, магчыма, забяспечвалася заводамі, ужо прыбранымі да рук ворагам альбо асуджанымі на руйнаванне варожай авіяцыяй. Яны выпісвалі вэксалі на Сірыус. Чапляючыся за мінулае, быццам за апошнія месяцы свет не зведаў ніякіх патрасенняў, яны сіліліся паверыць у натуральнасць свайго азарту, у забяспечанасць сваіх чэкаў, у непарушнасць сваіх здзелак. Гэта была фантасмагорыя. Лялечны балет. I ад гэтага было маркотна.

Яны, безумоўна, нічога не адчувалі. Я пакідаў іх. Я ішоў падыхаць на бераг мора. Але і мора Іштурыла, гэтае курортнае, прыручанае мора, здавалася, таксама было ўдзельнікам гульні. Яно залівала бухту самотнай мяккай хваляй, якая зіхацела ў месячным святле, нібыта сукенка са шлейфам, што ўжо выйшла з моды.

Я зноў сустрэўся з маімі бежанцамі на параходзе. Гэты параход таксама ўсяляў лёгкі страх. Ен перасаджваў з аднаго кантынента на другі пазбаўленыя каранёў расліны. Я казаў сабе: «Я хачу быць падарожнікам, я не хачу быць эмігрантам. У сябе дома я навучыўся такому, што аніяк не прыдасца на чужыне». А эмігранты выцягвалі з кішэняў запісныя кніжкі з адрасамі,– апошняе, што яшчэ магло засведчыць іх былую прыналежнасць да свету жывых. Яны ўсё яшчэ гулялі ў жывых людзей. Яны штосілы чапляліся за любую рэальнасць. «Ведаеце, мяне завуць вось гэтак,– казалі яны, – я з такога вось горада... сябар таго й таго... вы знаёмы з тым і тым?»

I яны расказвалі пра якога-небудзь прыяцеля, альбо пра якое-небудзь абавязацельства, альбо пра які-небудзь пралік, альбо якую-небудзь іншую гісторыю, якая магла б хоць з чым-небудзь звязаць іх. Але яны кінулі радзіму, і таму анішто ў іх мінулым ужо не служыла ім повяззю. Гэтае мінулае было яшчэ зусім цёплае, зусім свежае, зусім жывое, якім бывае напачатку ўспамін пра каханне. Збіраюцца ў пакет пяшчотныя лісты. Далучаюцца да іх некалькі памятных дарункаў. Усё старанна перавязваецца. I напачатку такая рэліквія агортвае сумным замілаваннем. Але вось праходзіць блакітнавокая бялянка, і рэліквія памірае. Таму што і прыяцель, і здзелка, і родны горад, і ўспаміны пра бацькоўскі дом блякнуць, калі яны перастаюць служыць чаму-небудзь.

Эмігранты разумелі гэта. Як Лісабон гуляў у працвітанне, так яны гулялі ў перакананасць, што неўзабаве вернуцца. Якая пяшчотная, салодкая адсутнасць блуднага сына! Гэта не сапраўдная адсутнасць, калі недзе ёсць бацькоўскі дом. Выйшлі вы ў суседні пакой ці адправіліся на другое паўшар'е зямлі – розніца не істотная. Іншы раз прысутнасць сябра, з якім вы нібыта ў расстанні, можа быць болей яўная, чым рэальная прысутнасць. Гэткая рэальнасць малітвы. Ніколі не любіў я так горача свой дом, як у Сахары. Ніколі жаніхі не былі бліжэй да сваіх нявест, чым брэтонскія маракі XVI стагоддзя, якія агіналі мыс Горн і старэлі ў змаганні з сустрэчнымі вятрамі. Ледзь пакінуўшы родныя берагі, яны ўжо вярталіся дамоў. Паднімаючы спрацаванымі рукамі ветразі, яны ўжо рыхтаваліся ў дарогу дамоў. Самы кароткі шлях з якога-небудзь порта Брэтані да дома нявесты пралягаў праз мыс Горн. Але мае эмігранты ўяўляліся мне брэтанскімі маракамі, у якіх адабралі нарачоных. Ніводная брэтанская нявеста не запальвала на падаконніку сціплага свяцільніка. Яны не былі блудныя дзеці. Яны былі бяздомныя блудныя дзеці, якім няма куды вярнуцца. У іх пачалося сапраўднае блуканне, блуканне па-за самімі сабою.

Як нарадзіцца нанова? Як пераматаць у сабе цяжкі клубок успамінаў? Гэты прывідны карабель, нібы чысцец, быў загружаны душамі, якія яшчэ не нарадзіліся. Сапраўды жывымі, настолькі жывымі, што іх хацелася пакратаць рукой, здаваліся толькі тыя, якія складалі неад'емную частку карабля і з усведамленнем уласнай годнасці, якую надавала ім сапраўдная справа, насілі абеды, драілі медзь, чысцілі абутак і з ледзь улоўнай пагардай абслугоўвалі мерцвякоў. Гэту лёгкую пагарду эмігранты выклікалі ў карабельнай прыслугі зусім не беднасцю. Не грошай ім не хапала, а яўнасці. Яны перасталі быць людзьмі з гэтага вось дома, зведзенымі сяброўствамі з гэтым вось чалавекам, якія мелі гэтыя вось абавязкі. Яны сіліліся гуляць ва ўсё гэта, але ўсё гэта было лухта. Ніхто не меў у іх патрэбы, ніхто не паклікаў бы іх на дапамогу. Які цуд – тэлеграма, якая скаланае вас, паднімае вас ноччу з пасцелі і прымушае імчацца на вакзал: «Прыязджай! Ты мне патрэбен!» Лёгка знайсці сяброў, якія гатовы памагчы нам. Цяжка заслужыць сяброў, якія патрабуюць нашай дапамогі. Мае здані нікому не ўнушалі нянавісці альбо рэўнасці, ніхто не прагнуў іх прыхільнасці. Ніхто не любіў іх адзінай сапраўднай любоўю. Я думаў: «Не паспеюць яны сысці на бераг, як іх пачнуць запрашаць на кактэйлі, ім пачнуць выказваць спачуванне і строіць банкеты. Але хто загрукоча ў іх дзверы з патрабаваннем пусціць: «Адчыні! Гэта я!»? Трэба прывучыць немаўля да грудзей, каб яно калі-небудзь прад'явіла правы на тваю дружбу. Трэба, каб не адно пакаленне спусціла свае маёнткі дзеля старога замка, над якім навісла пагроза руйнавання,– і толькі тады ты навучышся любіць яго.

 

II

 

I вось я думаў: «Самае важнае, каб недзе прадаўжала існаваць усё тое, чым ты жыў. I звычкі. I сямейныя святы. I дом, які зберагае ўспаміны. Самае важнае — жыць дзеля вяртання...» Кволасць далёкіх полюсаў, ад прыцяжэння якіх я залежаў, пагражала самой маёй істоце. Я рызыкаваў спазнаць сапраўдную пустыню і пачынаў разумець таямніцу, якая даўно займала мяне.

Я пражыў тры гады ў Сахары. I, як шмат іншых людзей, я трызніў яе чарамі. Кожны, хто аднойчы трапіў у Сахару, дзе вы быццам адрэзаны ад усяго свету, аплаквае дні, праведзеныя ў пустыні як самыя шчаслівыя ў жыцці. Але словы «настальгія пяску», «настальгія самотнасці», «настальгія прасторы» – усяго толькі літаратурныя штампы, яны нічога не тлумачаць.

I вось, толькі тут, на параходзе, знізу даверху запакаваным мітуслівымі пасажырамі, я, здаецца, зразумеў, што такое пустыня.

Канечне, Сахара – як вокам сягнуць – гэта толькі аднастайнасць пяску, ці, дакладней, – таму што барханы ў пустыні рэдкасць, – бязмежжа галькі. У пустыні чалавек апынаецца ў самой першааснове нудоты. Аднак нябачныя божышчы ствараюць вакол яго нябачныя цянёты кірункаў, схілаў і знакаў – яе патаемную і жывую мускулатуру. I аднастайнасці як не было. Усё падначалена сілавым лініям. I нават адна цішыня там непадобна на другую цішыню.

Бывае цішыня міру, калі плямёны не варагуюць і калі ў вечаровай прахалодзе ты быццам прычаліў з апушчанымі ветразямі да спакойнай гавані. Бывае цішыня поўная, калі пад сонцам замірае жыццё душы і цела. Бывае зманлівая цішыня, калі паўночны вецер заціхае, а з'яўленне насякомых, выхапленых, як кветкавы пылок, з глыбінных аазісаў, абвяшчае пясчаную буру з усходу. Бывае цішыня змовы, калі даведваешся, што далёкае племя нешта задумвае. Бывае цішыня таямніцы, калі арабы вядуць паміж сабой свае непасцігальныя перагаворы. Бывае напружаная цішыня, калі запазняецца вястун. Трывожная цішыня, калі з затоеным дыханнем услухоўваешся ў ноч. I бывае сумная цішыня, калі згадваеш любімых.

Усё прыцягваецца да полюсаў. Кожная зорка паказвае сапраўдны кірунак. I ўсе яны – зоркі вешчуноў. I кожная з іх вядзе да свайго бога. Адна паказвае шлях да далёкага калодзежа, да якога нялёгка дабрацца. I пространь, якая аддзяляе вас ад гэтага калодзежа, гняце, як крапасная сцяна. Другая вядзе да перасохлага калодзежа. I сама зорка, здаецца, перасохла. I пространь паміж вамі і перасохлым калодзежам не мае ні канца ні краю. А вось тая зорка служыць правадніком да невядомага аазіса, пра які наспявалі качэўнікі, але доступ да якога перакрыты няскоранымі плямёнамі. I пяскі, якія аддзяляюць вас ад аазіса, здаюцца лугам з чароўнай казкі. А яшчэ адна зорка паказвае шлях да белага паўднёвага горада, спакушальнага, як плод, у які так і хочацца ўпіцца зубамі. I ёсць зорка мораў.

I, нарэшце, пустыня намагнічана амаль нерэальнымі полюсамі: гэта дом, дзе прамінула ваша маленства і які заўжды жывы ва ўспамінах. Гэта сябар, пра якога вам толькі тое і вядома, што ён недзе ёсць.

Так вас працінаюць і ажыўляюць сілавыя лініі, якія прыцягваюць альбо адштурхоўваюць вас, якія зліваюцца з вамі альбо працівяцца вам. I адчуваеце, як вы моцна, надзейна і ўстойліва ўладкаваны ў цэнтры галоўных жыццёвых кірункаў.

I так як пустыня не надзяляе аніякімі адчувальнымі на дотык багаццямі, так як там няма чаго ні бачыць і няма чаго ні чуць, а ўнутранае жыццё не толькі не замірае, але нават узмацняецца, то прыходзіцца прызнаць, што чалавек падвергнуты перш за ўсё ўплывам нябачным. Чалавекам правіць дух. У пустыні я значу тое, што значаць мае божышчы.

 

Дык вось, калі на борце гэтага сумнага парахода я адчуваў сябе яшчэ поўным жыццядайных сувязей, калі я быў насельнікам яшчэ жывой планеты, дык толькі дзякуючы некалькім сябрам, згубленым дзесьці далёка ў мораку Францыі, існаванне якіх рабілася для мяне такім важным.

Францыя, само сабою, не была для мяне ні адвольным божышчам, ні гістарычнай канцэпцыяй – яна была жывая плоць, ад якой я залежаў, сець сувязей, якія кіравалі мною, сукупнасць полюсаў, якія стваралі прыхільнасці майго сэрца. I ўва мне ўзнікла патрэба адчуць болей трывалым і даўгавечным, чым маё ўласнае, жыццё тых, хто быў неабходны мне, як маяк, на які я мог бы арыентавацца ў сваёй дарозе. Каб ведаць, куды вяртацца. Каб самому быць.

У іх цалкам месцілася і праз іх жыла ўва мне ўся мая краіна. Для тых, хто плыве ў моры, цэлы мацярык зводзіцца да перабліскаў некалькіх маякоў. I маяк служыць зусім не для вымярэння адлегласці. Проста яго святло стаіць у вас перад вачыма. Але адна гэта зорка ўмяшчае ўсе скарбы мацерыка.

I вось сёння, калі Францыя, акупаваная ворагам, з усім сваім грузам цалкам паглыбілася ў маўчанне, як карабель з патушанымі агнямі, пра які невядома, ці вытрымае ён марскія буры, лёс усіх, каго я люблю, мучыць мяне мацней, чым уласная нямогласць. Іх безабароннасць азначае пагрозу самой маёй істоце.

Таму, хто гэтай ноччу неадступна стаіць у маіх вачах, пяцьдзесят гадоў. Ён хворы. I ён яўрэй. Як перажыве ён нямецкі тэрор? Каб уявіць сабе, што ён яшчэ дыхае, мне трэба паверыць, што ён схаваны ад захопніка і надзейна абераганы за непарушнай сцяной маўчання аднавяскоўцаў. Толькі тады я магу паверыць, што ён яшчэ жывы. Толькі тады, крочачы здалёку ў дзяржаву яго дружбы, для якой не існуе ніякіх межаў, я магу ўсведамляць сябе не эмігрантам, а падарожнікам. Таму што пустыня зусім не там, дзе яе бачаць. I Сахара можа быць насычана жыццём болей інтэнсіўным, чым любая сталіца, а самы шматлюдны горад пусцее, калі размагнічваюцца яго асноўныя жыццёвыя полюсы.

 

III

 

Як жа стварае жыццё гэтыя сілавыя лініі, якімі мы жывём? Адкуль бярэцца сіла прыцягнення, якая цягне мяне да дома, сяброў? Якія яны, тыя вырашальныя хвіліны, дзякуючы якім існаванне гэтага сябра стала для мяне жыццёвым полюсам? Якімі патаемнымі падзеямі жывяцца нашы найшчырэйшыя прыхільнасці і – праз іх – любоў да радзімы?

Якія ж нягучныя яны, сапраўдныя дзівосы! Якія простыя яны, вырашальныя! Пра хвіліну, якую мне хочацца апісаць, я магу сказаць так мала, што мне трэба ў думках перажыць яе нанова і гаварыць да сябра.

 

Гэта было ў адзін з перадваенных дзён на беразе Соны паблізу Турню. Мы выбралі, каб паснедаць, харчэўню з дашчанай тэрасай, якая навісла над самай ракой. Мы паселі за простым драўляным сталом, скрэмзаным нажамі, і заказалі дзве чаркі перно. Твой доктар забараніў табе спіртное, але часам ва ўрачыстых выпадках ты ішоў на падман. Гэта быў якраз такі выпадак. Мы не ведалі самі чаму, але гэта было так. Нас перапаўняла радасць, прычына якой была меней няўлоўная, чым матэрыя святла. I ты рашыўся выпіць чарку перно. I таму што за некалькі крокаў ад нас два воднікі разгружалі шаланду, мы запрасілі іх да нашага стала. Мы паклікалі іх з тэрасы. I яны прыйшлі. Яны проста ўзялі і прыйшлі. Нам здалося, што будзе выключна натуральна паклікаць іх,– магчыма, таму, што нас перапаўняла свята. Было так відавочна, што яны адгукнуліся на наша запрашэнне. I мы чокнуліся!

Свяціла сонца. Яго цёплае мядовае святло залівала таполі на другім беразе і ўсю даліну да самага далягляду. Мы ўсе больш і больш весялелі, хоць па-ранейшаму не разумелі чаму. Проста ў прыродзе сонца было свяціць, у прыродзе ракі – цячы, трапезы – быць трапезай, воднікаў – адказаць на наш покліч і служанкі – абслугоўваць нас з такой бязмежнай прыязнасцю, нібыта яна вяла нейкае вечнае застолле. Мы ўпіваліся асалодай міру, нас ахоўвала ад уварвання хаосу ўся дасканаласць цывілізацыі. Нас перапаўняла нейкае невымоўнае задавальненне, спраўдзіліся ўсе нашы жаданні, нам ужо не было чаго хацець яшчэ. Мы адчувалі сябе чыстымі, шчырымі, светлымі і паблажлівымі. Мы не змаглі б адказаць, якая ісціна паўстала перад намі ва ўсёй відавочнасці. Але пачуццё, якое апанавала намі, было пачуццём упэўненасці. Амаль ганарлівай пэўнасці.

Так праз нас выяўляўся добры пачатак сусвету. Стварэнне туманнасцей, зацвярдзенне планет, зараджэнне першых жывых клетак, грандыёзная работа жыцця, якая прывяла ад амёбы да чалавека,– усё шчасліва знітавалася, каб расцвісці ў нас гэтай незвычайнай радасцю! Гэта было немалой удачай.

Так мы ўпіваліся асалодай ад маўклівага ўзаемаразумення і амаль рэлігіёзнай урачыстасці нашай трапезы. Нас закалыхвалі свяшчэннадзейныя рухі служанкі, і мы чокаліся з воднікамі, быццам прыхільнікі аднаго культу, хоць мы і не змаглі б сказаць якога. Адзін з воднікаў быў галандзец. Другі немец. Ён некалі ўцёк ад нацыстаў, якія праследавалі яго як камуніста, ці трацкіста, ці католіка, ці яўрэя. Не магу ўжо прыпомніць, пад якой этыкеткай падвяргаўся ганенням гэты чалавек. Ён быў сама сутнасць. I толькі гэтая чалавечая сутнасць мела значэнне. Ён проста быў сябар. I паміж намі, сябрамі, панавала згода. Ты быў згодны. Я быў згодны. Воднікі і служанкі былі згодныя. Згодныя ў чым? У выбары перно? У разуменні сэнсу жыцця? У адчуванні пяшчоты дня? Мы не змаглі б адказаць на гэтыя пытанні. Але гэтая згода была такая поўная, такая трывалая і глыбокая, яна адносілася да нейкага запавету, такога відавочнага ў сваёй сутнасці, хоць і нявыказанага словамі, што мы ахвотна згадзіліся б умацавацца ў гэтым бараку, і вытрымалі б тут асаду, і прынялі б смерць са зброяй у руках – дзеля выратавання гэтай сутнасці.

Якой сутнасці?.. Вось тут і паспрабуй вытлумачыць! Спрабуючы выказаць тое, што мне хочацца, я баюся перадаць не галоўнае, а толькі яго водбліск. Бязрадныя словы могуць не ўхапіць маю ісціну. Я рызыкую быць незразуметым, калі скажу, што мы ахвотна прынялі б бой дзеля выратавання своеасаблівай усмешкі воднікаў, і тваёй усмешкі, і маёй, і ўсмешкі служанкі – гэтага цуду, створанага сонцам, якое столькі мільёнаў гадоў шчыравала, каб у нас магла нарадзіцца своеасаблівая ўсмешка – даволі ўдалае завяршэнне ягонай працы.

Галоўнае часцей за ўсё бязважкае. Тут самае галоўнае нібыта ўвасаблялася ва ўсмешцы. Усмешка часта бывае самым галоўным. Усмешкай расплачваюцца. Усмешкай дзякуюць. Усмешкай вяртаюць да жыцця. Часам з-за ўсмешкі ідуць на смерць. I таму, што гэтая асаблівая ўсмешка вызваляла нас ад страху перад часам і абдорвала нас пэўнасцю, надзеяй, мірам, мне трэба сёння намагчыся як мага лепей выказаць свае думкі, прыгадваючы гісторыю другой усмешкі.

 

IV

 

Гэта адбылося ў грамадзянскую вайну ў Іспаніі, дзе я працаваў тады рэпарцёрам. Я меў неасцярожнасць без адпаведнага дазволу прысутнічаць а трэцяй гадзіне ночы на адной з таварных станцый пры пагрузцы нейкай сакрэтнай тэхнікі. Мітусня і паўзмрок, здавалася, спрыялі маёй нясціпласці. Але я здаўся падазроным анархісцкім міліцыянерам-апалчэнцам.

Усё адбылося надзвычай проста. Я і апамятацца не паспеў, як яны ціха, крадком падышлі і цесна абступілі мяне, быццам заціснулі ў кулак. Дула карабіна злёгку ўперлася мне ў жывот, і цішыня паказалася мне шматзначнай. Я падняў рукі.

Я заўважыў, што іх погляды прыкаваны не да майго твару, а да гальштука (мода анархісцкага прадмесця не прызнавала гэтай раскошы). Цела маё сцялося. Я чакаў стрэлу, – гэта былі часы, калі суд і расправа чыніліся на месцы. Але стрэлу не паследавала. Прайшло некалькі секунд абсалютнай пустаты, мне здавалася, што брыгада грузчыкаў у нейкім іншым свеце выконвае казачны балет, – і мае анархісты лёгкім кіўком галавы загадалі мне ісці паперадзе іх, і мы нетаропка пайшлі цераз пад'язныя пуці. Мой арышт адбыўся пры поўнай цішыні і надзвычайнай скупасці рухаў. Гэтак паводзіць сябе падводная фауна.

Неўзабаве мяне прывялі ў склеп, перароблены ў каравулку. Пры цьмяным святле нягеглай керасінавай лямпы некалькі апалчэнцаў драмалі на лаўках, заціснуўшы ў каленях карабіны. Абыякавымі галасамі яны абмяняліся некалькімі словамі з маімі канвойнымі. Адзін з іх мяне абшукаў.

Я гавару па-іспанску, але каталонскай мовы не ведаю. Аднак я зразумеў, што яны патрабуюць мае паперы. Я забыўся іх у гатэлі. Я растлумачыў: «Гатэль... Журналіст...» – без аніякай упэўненасці, што мае словы ім што-небудзь скажуць. Апалчэнцы з рук у рукі перадавалі мой фотаапарат – як рэчавы доказ. Некалькі апалчэнцаў з тых, што расслаблена драмалі на кульгавых лаўках, з позяхам усталі і з выглядам дакукі прыперліся плячыма да сцяны.

Бо тут панавала дакука. Дакука і санлівасць. Пільнасць гэтых людзей, як мне здалося, была вычарпана дарэшты. Я, бадай, узрадаваўся б праяўленню нават варожасці як знаку чалавечага стасунку. Але яны не уганаравалі мяне ніякім праяўленнем гневу ці хоць бы асуджэння. Некалькі разоў я намагаўся выказаць па-іспанску свой пратэст. Але мае пратэсты падалі ў пустату. Ніяк не рэагуючы, апалчэнцы глядзелі на мяне, быццам на кітайскую рыбку ў акварыуме.

Яны чакалі. Чаго яны чакалі? Вяртання аднаго з сваіх? Світання? Я падумаў: «Можа, яны яшчэ не прагаладаліся?..»

I яшчэ я думаў: «Яны гатовы зараз учыніць несусветнае глупства! Смех, дый годзе!..» Пачуццё, якое адчуваў я, было не так страх, як агіда да бяссэнсіцы таго, што мелася адбыцца. Я думаў: «Калі яны раскачаюцца, калі ім захочацца дзейнічаць, яны стрэляць!»

Ці мне сапраўды пагражала небяспека, ці не? Ці яны ўсё яшчэ сумняваліся, што я не дыверсант, не шпіён, а журналіст? Што мае паперы ў гатэлі? Ці яны ўжо прынялі нейкае рашэнне? Тады – якое?

Я нічога не ведаў пра іх, апрача таго, што яны без асаблівых згрызот сумлення расстрэльвалі людзей. Авангардысты, да якой бы яны партыі ні належалі, палююць не на людзей (чалавек у яго сутнасці для іх не мае значэння), а на сімптомы. Ісціна, якая пярэчыць іхняй догме, успрымаецца імі як заразная хвароба. Пры выяўленні сумніцельнага сімптому, заразнага адпраўляюць у ізалятар. На могілкі. Вось чаму мне падаўся такім злавесным допыт, які яны ўсчыналі зноў і зноў і з якога я ніяк не мог уцяміць, што ім ад мяне трэба. Маё жыццё разыгрывалася ў рулетку. I вось чаму ўва мне раптам узнікла дзіўная патрэба супрацьпаставіць усяму гэтаму хоць нешта рэальнае, выказаць сябе хоць бы крыкам, каб яны прызналі мяне ў маёй сапраўднай сутнасці. Сказаць, напрыклад, колькі мне гадоў! Гэта ж так важна – узрост чалавека! Гэта вынік усяго яго жыцця. Сталасць – яна прыходзіць з гадамі. Яна ствараецца шляхам пераадолення столькіх цяжкіх немачаў, шляхам столькіх перажытых пакут, пераадоленых адчаяў, у змаганні са столькімі небяспекамі, большасць з якіх засталася нават неўсвядомленай. Яна з'явілася вынікам столькіх жаданняў, надзей, жаляў, забыванняў, каханняў. 0, гэта такі ўнушальны багаж вопыту і ўспамінаў – узрост чалавека! Нягледзячы на пасткі, калдобіны і ўхабіны, чалавек, як добра зладжаны вазок, рухаўся наперад. I вось дзякуючы ўпартаму збегу шматлікіх шчаслівых абставін ён апынаецца тут – перад вамі. Яму трыццаць сем гадоў. I гэты вазок, калі дасць бог, пацягне і далей цяжар успамінаў. Я думаў: «Вось да чаго я дажыўся. Мне трыццаць сем гадоў...» Я хацеў бы даць адчуць маім суддзям усю важнасць такога прызнання... Але яны ні пра што больш не пыталіся ў мяне.

Вось тут і адбыўся цуд. 0, цуд выключна непрыкметны. У мяне не аказалася цыгарэт. Адзін з маіх канвойных курыў, і я жэстам папрасіў у яго цыгарэту, пры гэтым ледзь прыкметна ўсміхнуўся. Чалавек спачатку выпрастаўся, павольна правёў рукой па лбе, потым паглядзеў ужо не на мой гальштук, а мне ў твар і, на бязмежнае маё здзіўленне, усміхнуўся таксама. Гэта было як світанне.

Гэты цуд не тое каб развязаў драматычную сітуацыю, ён проста растварыў яе, як сонечнае святло растварае начны змрок. Ніякай драматычнай сітуацыі больш не існавала. А разам з тым, знешне гэты цуд нічога не зыначыў. Цьмяная карасінавая лямпа, стол з растрэсенымі на ім паперамі, людзі каля сцяны, колер рэчаў, пахі – усё засталося ранейшае. Але кожная рэч аказалася зыначанай у самой сваёй сутнасці. Гэтая ўсмешка азначала маё вызваленне. Гэта быў знак, такі ж вырашальны, такі ж відавочны па сваіх бліжэйшых выніках, такі ж беспаваротны, як усход сонца. Ён адкрываў новую эру. Нішто не змянілася, і змянілася ўсё. Стол з параскіданымі на ім паперамі стаў жывы. Карасінавая лямпа стала жывая. Сцены сталі жывыя. Дакука, што нібы волкасць, пакрывала ўсе рэчы ў мёртвым склепе, выпарылася, чарадзейна знікла. Быццам узнавілася невідочная цыркуляцыя крыві, якая знітавала ўсе рэчы ў адзінае цэлае і вярнула сэнс кожнай з іх у паасобку.

Ніхто не крануўся з месца, аднак людзі, якія яшчэ секунду назад здаваліся мне болей далёкімі, чым дапатопныя страшыдлы, раптам напоўніліся блізкім зместам. Мяне ахапіла незвычайнае пачуццё наяўнасці. Наяўнасці чалавека! I нашай роднасці.

Канвойны, які мне ўсміхнуўся і які за секунду да гэтага быў усяго толькі нейкай функцыяй, прыладай, нейкім пачварным насякомым, раптам аказаўся трошкі нязграбным, амаль бянтэжлівым, падкупальна бянтэжлівым юнаком. Не тое што гэты тэрарыст стаў меней грубы, чым любы іншы, але абуджаны ў ім чалавек так хораша выявіў ягоную безабароннасць! Мы, мужчыны, часта нацягваем на сябе маску непарушнай упэўненасці, але ў глыбіні душы кожнаму з нас вядомы і нерашучасць, і сумненні, і туга...

Яшчэ не было сказана ні слова. Аднак усё было ўжо вырашана. Калі апалчэнец падаў мне цыгарэту, я ўдзячна паклаў руку яму на плячо. Лёд быў раскрышаны, і другія апалчэнцы таксама сталі проста людзі, і я ўвайшоў у іхнія ўсмешкі, як у новую, разнасцежаную мне краіну.

Мяне ахінула іхняя ўсмешка, як некалі ахінула ўсмешка нашых ратаўнікоў у Сахары. Выявіўшы нас пасля некалькіх дзён пошукаў і прызямліўшыся як мага бліжэй, таварышы шырока крочылі да нас, здалёк паказваючы бурдзюкі з вадой, якімі яны размахвалі ў прыўзнятых руках. Пра ўсмешку выратавальнікаў, калі я тануў, пра ўсмешку тых, хто тануў, а я ратаваў, я ўспамінаю як пра айчыну, дзе я адчуваў сябе такім шчаслівым. Сапраўдная радасць – гэта радасць саўдзельніка. Ратаванне другога чалавека – толькі нагода для такой радасці. Вада не валодае ніякімі чарамі, калі яна не стала нязмушаным дарам чалавека чалавеку.

Клопаты пра хворага, прытулак, аказаны выгнанніку, нават дараванне віны віноўнаму набываюць вартасць толькі дзякуючы ўсмешцы, якая апраменьвае свята. Мы лучымся ва ўсмешцы, узняўшыся над адрознасцю моў, кастаў, партый. Мы прыхільнікі адной і той жа веры – той чалавек са сваімі звычаямі, і я са сваімі.

 

V

 

I хіба асаблівая гэтая радасць не самы каштоўны плод духоўнай культуры, якую мы прызнаём сваёй? Таталітарная тыранія таксама магла б задаволіць нашы матэрыяльныя патрэбы. Але мы ж не кормная жывёла. Нам мала дастатку і камфорту. Для нас, выхаваных у духу павагі да чалавека, такое важнае значэнне маюць звычайныя сустрэчы, якія часам ператвараюцца ў непараўнаныя святкаванні...

Павага да чалавека! Павага да чалавека!.. Вось дзе ён, пробны камень! Калі нацыст паважае выключна толькі таго, хто падобны да яго, ён паважае толькі самога сябе. Ён адмаўляе стваральныя процілегласці, і руйнуе ўсялякую надзею на ўдасканаленне чалавека, і на тысячу гадоў замест чалавека сцвярджае робата ў мурашніку.

Парадак дзеля парадку разбурае чалавека, бо пазбаўляе яго асноўнага дару – дару пераўтвараць свет і сябе самога.

Жыццё творыць парадак, але парадак жыцця не творыць.

Нам жа, наадварот, здаецца, што наша пераўтварэнне яшчэ не завершана, што заўтрашняя ісціна мацуецца ўчарашнімі памылкамі і што адольванне супярэчнасцей і з'яўляецца глебай для нашага росту. Мы прызнаём сваю роднасць і з тымі, хто непадобны да нас. Але якая гэта своеасаблівая роднасць! Яна грунтуецца на будучым, а не на мінулым. На мэце, а не на вытоках. Мы адзін для аднаго – папутнікі, якія рознымі шляхамі імкнуцца да адной і той жа сустрэчы.

I вось сёння самая ўмова нашага пераўтварэння – павага да чалавека апынулася ў небяспецы. Патрасенні сучаснага свету паверглі нас у морак. Усе праблемы выглядаюць заблытаныя, усе рашэнні супярэчлівыя. Учарашняя ісціна памерла, ісціну заўтрашнюю яшчэ неабходна стварыць. Ніякага прымальнага сінтэзу пакуль не відно, і кожны з нас валодае толькі часцінкай ісціны. 3-за таго, што няма відавочнай праваты, якая магла б прыйсціся даспадобы ўсім, палітычныя рэлігіі ўзносяць на шчыт насілле. I вось, з-за нязгоды ў сродках, мы рызыкуем забыць, што мэта перад намі – адна.

Падарожнік, які ўзбіраецца на гару па зорцы, а будзе занадта пільна ўзірацца сабе пад ногі, рызыкуе пераблытаць, якая ж зорка – ягоны арыенцір. Калі ён будзе рухацца дзеля таго, каб рухацца, ён нікуды не прыйдзе. Брамніца храма, якая занадта заклапочана зборам грошай за месца ў храме, рызыкуе забыць, што яна служыць богу. Занурыўшыся ў сектанцкія звадкі, я рызыкую забыць, што палітыка мае сэнс толькі тады, калі яна служыць духоўнай ісціне. Некалі нам было дадзена спазнаць цуд асаблівых чалавечых адносін: у іх наша ісціна.

Якім бы важным ні здаваўся нам учынак, каб ён не аказаўся бясплённым, мы не смеем забываць, дзеля чаго гэты ўчынак чыніцца. Мы імкнёмся выхаваць у людзях павагу да чалавека. Навошта ж мы ненавідзім адзін аднаго, калі мы з аднаго лагера? Ніхто з нас не можа прэтэндаваць на манапольную чысціню намераў. У імя майго ўласнага шляху я магу адвяргаць дарогу, якую выбраў нехта іншы. Я магу крытыкаваць пасылкі яго інтэлекту. Пасылкі інтэлекту не бясспрэчныя. Але я абавязаны паважаць гэтага чалавека, як носьбіта Духу, раз ён імкнецца да той жа зоркі.

Павага да Чалавека! Павага да Чалавека!.. Калі павага да чалавека закладзена ў сэрцах людзей, яны ўрэшце непазбежна прыйдуць да заснавання такой сацыяльнай, палітычнай ці эканамічнай сістэмы, якая зробіць гэтую павагу непарушным законам жыцця.

Усялякая культура закладваецца перад усім у самой чалавечай сутнасці. Спачатку гэта сляпое імкненне чалавека да цяпла. I толькі потым, ідучы ад памылкі да памылкі, ён знаходзіць шлях, які вядзе яго да агню.

 

VI

 

Вось чаму, сябар мой, мне так патрэбна тваё сяброўства. Я прагну спадарожніка, які, узняўшыся над усімі-ўсялякімі звадкамі інтэлекту, паважаў бы ўва мне паломніка, які шукае шлях да гэтага агню. Часам мне трэба загадзя адчуць абяцанае цяпло, хоць трошкі ўзняўшыся над самім сабою, адпачыць у сустрэчы, якая будзе нашай.

Я так стаміўся ад палемікі, ад непрымірымасці, фанатызму! Я магу зайсці да цябе, не нацягваючы на сябе аніякага мундзіра, не спавядаючы ніякага Карана і не адракаючыся ні ад чога, што складвае частку майго ўнутранага «я». Побач з табой мне няма патрэбы ні каяцца, ні апраўдвацца, ні нешта даказваць; наша сустрэча ахіне мяне мірам, як некалі ў Турню. Па-над усімі маімі няўклюднымі словамі, па-над усімі маімі нягеглымі разважаннямі, якія могуць быць памылковыя, ты бачыш ува мне проста Чалавека. Ты ганаруеш ува мне пасланца маёй веры, маіх звычак, маіх прыватных захапленняў. I калі я рознюся ад цябе, дык гэтым я не толькі не ганьблю цябе, а, наадварот, узбагачаю цябе. Ты распытваеш мяне, як распытваюць падарожніка.

Як і любы іншы чалавек, я маю патрэбу ў прызнанні, і я адчуваю сябе чыстым у табе і крочу да цябе. Мяне цягне туды, дзе я чысты. I не мае догмы ці ўчынкі некалі памаглі табе зразумець, які ёсць я, а тваё прыманне мяне такім, які я ёсць, спарадзіла ў табе патрэбу быць паблажлівым, памяркоўным і да маіх догмаў, і да маіх учынкаў. Я ўдзячны за тое, што ты прымаеш мяне такім, які ёсць я. Навошта мне сябар, які будзе судзіць мяне? Калі да мяне прыходзіць сябар, у якога баліць нага, я ўсаджваю яго за стол, а не прымушаю танцаваць.

Дружа мой, ты неабходны мне, як горная вяршыня, дзе так вольна дыхаецца! Мне трэба яшчэ раз пасядзець поруч з табою за сталом у старэнькай дашчанай харчэўні на беразе Соны і запрасіць да нашага стала двух воднікаў, у кампаніі з якімі мы вып'ем па чарцы, як сонцам, азораныя ўсмешкай міру.

 

Калі мне яшчэ давядзецца прыняць удзел у вайне, я буду змагацца і за цябе. Ты патрэбен мне, каб мацней верыць у прышэсце гэтай усмешкі. Мне неабходна памагчы табе жыць. Я бачу, як цяжка табе, у твае пяцьдзесят гадоў, гадзінамі стаяць у чэргах ля якой-небудзь вартай жалю булачнай, дрыжучы ад холаду ў лёгкім ношаным паліто, каб працягнуць адзін лішні дзень. Табе, такому французу, смяротная небяспека пагражае падвойна: і таму, што ты француз, і таму, што ты яўрэй. Я разумею ўсю каштоўнасць супольнасці, якая не дапускае ніякіх звад. Мы ўсе, як голле аднаго дрэва, належым Францыі, і я буду служыць тваёй ісціне, як ты паслужыў бы маёй. Для нас, французаў за межамі Францыі, задача гэтай вайны складаецца ў тым, каб уратаваць пасеў, завеяны кудасай нямецкай акупацыі. Наша задача – памагчы вам у Францыі. Задача наша – вярнуць вам волю на нашай зямлі, дзе вам належыць спрадвечнае права ўкараняцца і расці.

Вас сорак мільёнаў заложнікаў. Новыя ісціны заўсёды нараджаюцца ў засценках катаў: сорак мільёнаў

заложнікаў выспельваюць там сваю новую ісціну.

I мы загадзя падпарадкоўваемся гэтай ісціне.

Таму што мы будзем вучыцца ў вас. Не нам несці духоўнае святло тым, хто ўжо, як воск свечку, сілкуе яго сваёй істотай. Вы, магчыма, адмовіцеся чытаць нашы кнігі.

Вы, магчыма, не захочаце слухаць нашы прамовы.

Вы, магчыма, вывернеце нашы ідэі. Не мы цяпер ствараем Францыю. Мы можам толькі служыць ёй. I што б мы ні зрабілі, мы не будзем мець права ні на якую ўдзячнасць. Няма агульнай меры для смерці ў адкрытым баі і гібелі ўночы пад навалай захопніка. Няма агульнай меры для рамяства салдата-воіна і рамяства заложніка.

Вы – святыя.



Пераклад: Ніна Мацяш
Падрыхтавана: Сяргей Паленік

Беларуская Палічка: http://knihi.com