epub
 
падключыць
слоўнікі

Арцюр Рэмбо

П'яны карабель

Я ішоў па цячэнню бязмежнай прасторы,

ды аднойчы я ўбачыў паўстанне рабоў.

Паганятых сваіх, перш чым кінуць у мора,

прывязалі яны да пярэстых слупоў.

 

Я ўцякаў ад каманды, пасланай у цёмнач.

І бавоўну, і збожжа - у прорву, на дно!

Толькі сціхнуў на палубе лямант: «На помач!», -

лёс мне плыць загадаў, а куды - ўсё адно.

 

Апантанае мора знянацку шалёна

вырастала то справа, то злева сцяной.

Я імчаўся па волі стыхіі салёнай...

Хай вас Бог уратуе ад плыні такой!

 

Гэта сіла нячыстая ўдарыла ў трубы!

Быццам трэска, матляўся я дзесяць начэй,

дзе, паводле падання, гайдаюцца трупы

неўпрыкмет ад жывых чалавечых вачэй.

 

Дыхаў кіслым паветрам. Стырна не знаходзіў...

Якар струшчаны ўшчэнт, а зямлі не відаць...

Змыла з палубы вінныя плямы стагоддзяў

ашалелая хваля... у труме - вада!

 

Вось тады прада мной і паўстала паэма -

залатая паэма шматзорных глыбінь.

І адкрылася мне недаступная тэма,

аб якой знае толькі тапелец адзін.

 

І калі мне абрыдла па моры матляцца,

як імгненне, я тую надзею лавіў,

што гарчэй ад гарэлкі, вышэй ад мастацтва...

Непатольная, вечная прага любві!

 

Я спазнаў і прыбоі, і шквалы - я знаю,

як аблокі руінамі рушацца ўніз,

як агністаю птушкай зара узлятае...

Я запомніў ахвярнасць начных навальніц!

 

Там, дзе згубную слодыч кахання я зведаў,

дзе схавалася сонца за цёмнай гарой,

бушаваў акіян - як з антычных трагедый,

з неўміручых трагедый бунтоўны герой.

 

Там - завейная ноч. Мне прыснілася ноччу,

што далоні мае цалаваў акіян,

фасфарычныя пырскі сляпілі мне вочы...

Заляйцаў акаянную сілу ўраган!

 

Там - завейная ноч. Мне прыснілася ноччу.

Я глядзеў, як халодныя хвалі марскія

наступалі ў адчаі на рыф стрымгалоў.

Хто паверыць? - пяшчотныя ногі Марыі

ўтаймавалі настойлівы наступ валоў!

 

Колькі новых Фларыд я адкрыў без патрэбы!

Пераблытаны кветкі з вачамі звяроў.

Сцяганосна шуміць высакоснае неба

над бязмежжам панурых ліловых вятроў.

 

Я глядзеў, як гніе неабдымная туша

ды канае у невадзе Левіафан,

як раз'юшана хвалі ўгрызаюцца ў сушу,

як паблісквае бельмамі злы акіян.

 

Ледавік і залівы, сады, вадаспады...

Дзе хоць толькі крыху зачапіцца змаглі, -

там спляліся ў адно сотні рыб паласатых

і раслін карані ў перагноі зямлі.

 

...Налавіў бы я дзецям сярэбраных рыбак,

некранутых, што ўмеюць, як мы, размаўляць...

Пена шчасця шпурляла мой човен на рыфы,

у здранцвелым чаканні калела зямля.

 

Мора, мора, ты ў сне мае рукі лізала

і загойвала раны гаючай вадой,

у сузор'ях медуз непрытомна ляжала,

я стаяў на каленях - як перад святой.

 

А наяве - я плыў наўздагад, быццам востраў,

і пад шорах разгорнутых, велічных крыл

для няшчасных тапельцаў у наледзі вострай

паняволі я нанач абдымкі адкрыў...

 

Мы хаваліся ў бухце, глухой і дрымотнай.

Ды нарэшце я зноўку пачуў галасы,

што ляцелі ка мне з манітораў грымотных -

галасы гандляроў старажытнай Ганзы.

 

Я - п'яны карабель! З небывалым імпэтам

разарваў туманы і завоблачны край

і здабыў - спадабацца павінна паэтам! -

толькі слізкую вільгаць ды сонца лішай.

 

У дзівосным хаосе агнёў электрычных

я, здаецца, знайшоў і прытулак і дом,

калі ў бездані звонкай ад выбухаў зычных

ізумруднае неба згарэла суздром.

 

Захлынаюся ў танцах вясельна-трывожных

і на дотык Мальштрэм пазнаю і на слых, -

я, спрадвечных пустэльняў жывы спадарожнік,

так сумую! - па вас, маладых і жывых...

 

Бачу зорныя архіпелагі, ды зноўку

для сугнея адкрыта азызлая ноч...

О, разгорнутасць крылаў - магутных і звонкіх,

дзе рашучасць твая, дзе бліскучы твой нож?

 

Значыць, праўда, - я плакаў? На небе скрыгоча,

нібы кола, гаркавае сонца адно...

Гэта смерці маёй хваля чорная хоча...

Захлынуцца б, упасці на белае дно!

 

Калі ж гэта Еўропа, дык хай яна будзе -

як самотная лужына ў зорным святле.

Адзінокі хлапчук, каб не бачылі людзі,

хай запусціць караблік з паперы ў яе.

 

Надакучыла мне ратавацца ад смагі,

надакучылі ветразі, млосныя дні!

Мне абрыдлі гандлёвыя шэрыя сцягі

і на страшных пантонах чужыя агні!

 



Пераклад: Мікалай Федзюковіч