Пяць хлапчукоў прыйшлі да склепа,
дзе хлеб пякуць... Сняжынкі слепа
на іх ляцяць.
Стаяць, не рухаюцца з месца -
на пекара, што месіць цеста,
яны глядзяць...
Вось ён, таўстун, відзён ім з вулкі,
пшанічныя тугія булкі
саджае ў печ.
О, як ім гэта многа значыць!
А той малых нібы не бачыць,
не гоніць прэч.
І летуценяць як аб цудзе, -
калі вымаць нарэшце будзе
ён з печы хлеб;
ажно зайграюць іх вантробы,
калі дзівосным пахам здобы
напоўняць склеп...
Тады й цвыркун-скрыпач ахвочы
спяваць да самай апаўночы -
звіні, жытло!
І скрозь халодны морак сцюжы
пад лахманы дзяцей і ў душы
плыве цяпло.
У малітоўна-шчырай позе
хрыстосікі на злым марозе -
каля вакна...
Здаецца ім, што там, у склепе, -
ўвесь белы свет... Адтуль найлепей
зямля відна!
Так, зачарованыя хлебам,
яны пад непрыветным небам
глядзяць на печ;
а вецер, цёмны і калючы,
зрывае бедныя кашулі
з іх плеч.