Аркадзь Куляшоў

Аб любві

 

Да нябёс уздымае зямля

Каласы сваіх ніў,

Каб сагрэла іх сонца,

Каб вецер іх там апыліў.

 

Я не знаю, калі

Палюбілася сонцу зямля,

А зямлі палюбілася сонца, -

Не ведаю я...

 

Толькі знаю - не меней

Налічвае год іх любоў,

Чымся сонца праменняў,

Зямля - залатых каласоў.

 

Маладая зямля,

Як нявеста, а сонца - жаніх.

Лета - час іх абдымкаў,

А восень - час ростані іх.

 

Час чаканняў - зіма,

А вясна - час чаканых сустрэч,

Час шчаслівай любві:

Слёзы - прэч, крыўды - прэч, хмары - прэч.

 

1950

 




Беларуская Палічка: http://knihi.com