epub
 
падключыць
слоўнікі

Аркадзь Куляшоў

«Ад шчасця сэрца скача, як дзіця...»

 

Ад шчасця сэрца скача, як дзіця,

Ад бед яно, як млын, шуміць начамі,

Варочае цяжкімі камянямі,

Падлічваючы горычы жыцця.

 

Ды сэрцу быць гадзіннікам не гожа:

Спынілася - і ўжо не завяду,

Яно секунды адбіваць не зможа,

Калі падкосіць смерць маю хаду.

 

Яго ў рамонт, як здарыцца патрэба,

Я не аддам дасведчаным майстрам

І, як стары гадзіннік, не прадам

У дні нястач і бед за лусту хлеба.

 

Затое з ім далей у свой паход

Я крок у крок датуль ісці гатовы,

Пакуль не скончыцца яго жыццёвы,

На ўвесь мой шлях разлічаны, завод.

 

1962

 


1962

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая