Аркадзь Куляшоў

Бюро даведак

 

Выпускнік вясковай сямігодкі

Падышоў пад школьны ганак. Сходкі

На спякоце летняй млеюць, спяць,

Узыходзіць ён:

Ледзь-ледзь рыпяць.

 

Ён вучыўся тут гадоў з сямі,

Потым свет пабачыў не ў лятунках,

Тросся ў пасажырскім па чыгунках -

Адвыкаў ад школьнае сям'і.

 

Не адвык.

Цяпер рашае гэтак:

Ад дажджу зайдуся, ад расы,

Кінуся ва ўсе бюро даведак,

Пазнаходжу хлопцаў адрасы.

 

З невядомае для нас прычыны

Не з хлапцоў пачаў ён, а з дзяўчыны

Пошукі вандроўныя свае

(А для гэтага прычын стае).

 

Вопратка яго з дажджу дыміцца -

Ён яшчэ пад сонцам не прасох;

Шлях размыты,

На траве пясок...

Тут прайшла нядаўна навальніца.

 

Кій нясе.

У бакавой кішэні

Залатое вечнае пяро.

Хмар апошніх адплываюць цені.

На краю сяла стаіць бюро.

 

Ён бяжыць з гары,

Мінае гаці...

Там жыве тае дзяўчыны маці,

У яе даведку можна ўзяць.

А яна? Падумае, што зяць.

 

Цяжка дыша, адчыняе дзверы,

У руках пяро з лістком паперы -

Вось і скончыў пошукі свае...

Вось і маці.

Ён пазнаў яе.

 

Маці зяця кліча да стала,

Шчасця міскай поўнаю частуе,

Згадвае пра дочку дарагую,

Што ў гасцях нядоўга пабыла.

 

Як гасціла тут і як даўно

І куды паехала - патроху

Маці ўсё раскажа.

У акно

Госць глядзіць на доўгую дарогу.

 

А назаўтра

Затапіла печ...

А яму дамоў збірацца трэба,

Толькі шкода (вось якая рэч!)

І хацінкі гэтае і неба.

 

А чаму - не знае сам як след.

Ён не муж дзяўчыны, не каханак.

А яна яму як светлы ранак,

Як юнацкі непаўторны свет.

 

Маці за руку гасця ўзяла,

Колькі слоў сказала напаследак.

Адрас ёсць!

 

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

 

Дыміць бюро даведак

Пад гарою, на краю сяла.

 

Ліпень 1939 г.

 




Беларуская Палічка: http://knihi.com