Аркадзь Куляшоў

Дом

 

Некалі дом красаваўся

На месцы на гэтым.

Пасля бамбёжак стаяць ён застаўся

Шкілетам.

Міма яго прамчаліся з громам

Падзеі.

Зноўку назвацца ён домам

Не траціць надзеі.

Колькі ягоных сяброў

Уздымаецца ў славе,

Дойдзе чарга да ягоных муроў

Неўзабаве.

Плотам драўляным яго на світанні

Абнеслі,

На рыштаванні

Пачуліся першыя песні.

Хай яшчэ вокны ягоныя

Небам зашклёны,

А ўжо здаецца,

Што выгляд змяніўся ягоны.

Гэткім зрабіўся ён, што нават хмарка

І тая

Стала над домам

І далей плысці не жадае.

Стала над ім нерухома,

А людзям здаецца,

Што гэта з коміна, з дома

Дым першы віецца.

 

1946

 




Беларуская Палічка: http://knihi.com