epub
 
падключыць
слоўнікі

Аркадзь Куляшоў

Ліст з палону

«Дарагі!

Не хаваю тугі:

Невясёлы мой лёс, невясёлы...

Пакідаю я родныя сёлы,

Па рэйках вязуць мяне колы

У Нямеччыну,

Нібы ў Турэччыну...

Не адна я, з дзяўчатамі, ўсіх нас вязуць

    у няволю.

Пакідаюць дзяўчаты

Бацькоўскія хаты

I плачуць уволю.

Я пішу і не плачу, я стала скупою на слёзы.

Толькі кінуць хачу свае косы

Цягніку пад калёсы,

Але марныя гэта намеры,—

Не пускаюць за дзверы.

    Дарагі!..

Ліст даўгі

Я пішу на звычайнай паперы,

Не крывёю пішу, бо застыла

I ў сэрцы, і ў жылах,

А алоўка апошнім агрызкам,—

Чытай яго блізкім.

Год, як выйшаў ты з дому,

I год не пісаў ты нікому,

I мне пошта твая палявая яшчэ невядома.

А куды я пішу.

Можа, свет я смяшу,

Хай мой вораг смяецца,—

Я пішу куды-небудзь мой ліст, як у песні пяецца.

Я пашлю яго ў неба, няхай ён вандруе

    з вятрамі,

Можа, хмара табе яго выплесне разам

    з дажджамі.

    Дарагі!..

Мы мінаем Дняпра берагі

I дняпроўскія хвалі.

Як нам шкода ракі,

На якую вянкі

Мы заўчора кідалі;

I плылі васількі,

I танулі вянкі,

I дзяўчаты сядзелі,

А мой сіні вянок плыў удаль

Паміж хваль,

Покуль вочы глядзелі...

Мне здалося: стаіш ты

У новай

Кашулі вайсковай,

У зялёнай кашулі,

I кулі цябе не кранулі.

Можа, нават кранулі праклятыя, ды не забілі,—

Быццам зноў мы з табою ідзём, як калісьці хадзілі,

Быццам сон усё тое,

Што скончаны нашы гулянкі,

Што дарогі ў жытное

Затапталі варожыя танкі.

Быццам замуж я выйшла, ты — мой муж,

    а я — твая жонка,

Узяліся за рукі, смяёмся вясёла і звонка.

Але што я пішу, дарагую мне трачу паперу,

Я, ты ж знаеш, гаданням не веру, не веру,

    не веру.

Любы мой!..

Развіталася сонца з зямлёй.

Пацямнелі дубровы.

З-за дубоў узыходзіць мой страшны,

    мой месяц мядовы.

Васількі за акном у расе,— плачуць сінія вочы,

I няхай сабе плачуць, не бачаць мой сорам

    дзявочы.

Давядзецца мне спаць, ды не так, як яны мне

    хацелі,

У чужынца на правай руцэ, ды ў магільнай пасцелі.

Я рабыня, рабыня,

Я чорная, чорная, чорная,

Любы мой, не з табой,

А з праклятай бядой

Заручоная...

Я пішу, я прашу: ты прыйдзі, ты адпомсці,

    мой мілы,

Не прашу за сябе,— за зямлю, што нас лёгка

    насіла.

Я ўжо буду не тая,

а след тваіх ботаў убачу —

Пацалую яго і, як баба старая,

Заплачу...

    Родны мой!..

Час і мне развітацца з табой.

Шлях суровы, суровы...

Ці ён дойдзе,

Ці знойдзе

    цябе, ліст звычайны мой, ліст папяровы.

Як не знойдзе, чытай па дарозе ад Оршы,

    ад Брэста

Ліст другі,

Ліст даўгі,

    што на шпалах пісала нявеста.

I калі не яна, не сама, то падругі пісалі, няйначай,

Паліваючы кожную шпалу і рэйку слязою

    гарачай.

Ліст ад сэрца ўсяго

Паланёная склала дзяўчына,

Ты чытай і адказ на яго

На штыку данясі да Берліна...»


1942

Тэкст падаецца паводле выдання: Беларуская літаратура: хрэстаматыя для 9-га кл. агульнаадукац. шк. з беларус. і рус. мовамі навучання / уклад.: У.А.Дзіско, В.В.Кушнярэвіч. – Мінск: Нар. асвета, 2001
Крыніца: скан