epub
 
падключыць
слоўнікі

Аркадзь Куляшоў

Маці

Народная балада

На бітву крывавую сына праводзіўшы з хаты,

На шчасце і ўдачу пасеяла маці зярняты.

Калі дачакаецца маці з тых зерняў усходу,

Сын прыйдзе з паходу,

Са славаю прыйдзе з паходу.

 

Дарэмна ўздыхала,

Чакала

І шчасця, і долі, -

Упалі зярняты

На камень шчарбаты

У полі.

 

Дарэмна здалёку

Паўнюткія вёдры цягала,

Той камень у спёку

Вадой і слязьмі палівала.

 

Да кроплі іх выпіў задымлены

Камень пякельны:

Два леты кіпелі на ім яны,

Як на патэльні.

 

Ля каменя ўпала

Цярплівая маці ў знямозе,

У роспачы скардзіцца стала

Знаёмай дарозе:

«Пачуй мае словы,

Улашчы свой камень суровы,

За гэта вярбою

Гатова я стаць над табою.

Твайго пешахода

Я ў засень ад спёкі б хавала,

У час непагоды

Ад бур і дажджоў засланяла;

Старымі рукамі

Твой дол падмятала б штодня я.

Улашчы свой камень,

Дарога мая палявая».

 

Сказала дарога ёй:

«Скардзішся, маці,

Дарма ты,

Не ўзыдуць зярняты,

Бо ўпалі на камень шчарбаты.

Не першая ты

Каля камня заходзішся з жалю,

Не раз на ім сеялі, але ні разу не жалі.

На нашыя нівы

Яго закацілі чужынцы;

Чужы і маўклівы,

Даўно ён ляжыць пры гасцінцы.

З-за Буга яго

Закацілі і кінулі ў полі,

Каб сына свайго

Не даждалася маці ніколі.

Не ўзыдуць зярняты

Ні ўвосень на ім, ні вясною,

Пакуль ён не стане зямлёю,

Закляты табою».

 

З дарогі ўставала

І каменю маці казала:

«Вады табе мала

І матчыных слёз табе мала,

Цяпер я крывёю

Сваёю

Цябе праклінаю:

Ты станеш зямлёю,

А каменем стану сама я».

 

І тройчы такою

Кляцьбою

Той камень пракляла.

Стаў камень зямлёю,

Сама ж яна каменем стала.

 

На камні былым пры дарозе

Ўзыходзяць зярняты.

Вяртаецца сын па дарозе

З паходу дахаты.

 

1943


1943

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая