Аркадзь Куляшоў

Мая Бесядзь

 

Кажуць, што рэкі птушкамі створаны, -

Такімі малымі на першы пагляд, -

Капалі і ў дзюбах адносілі ў бор яны

Мяшочкі з зямлёй

І ляцелі назад.

А каня гуляла ды мыла іх здзекамі,

І птушкі паслалі ёй вечны праклён,

Таму і лятае яна над рэкамі

І просіць піць

Аж да сённяшніх дзён.

Канаючы ўлетку штодня на спякоце,

Той рэдкаю кропляй яна існуе,

Што хмарка, дажджом прашумеўшы ў лістоце,

З нябёсаў часамі пашле для яе.

Я ўпарты, не кіну пачатае справы,

Каменне крышу,

Разграбаю пяскі,

Пад кпіны аматараў лёгкае славы

Капаю рэчышча ўласнай ракі.

З надзеяй гляджу на крыніцу спатканую,

Хачу, каб яна разлілася ракой...

Не Волгай магутнай,

Не нават Камаю,

Хоць Бесяддзю, што на радзіме маёй.

Бо прагай да працы ахоплены часта я,

І сэрца абпалена смагай радка,

Бо жыць не магу,

Як каня няшчасная,

Кропляй дажджу з лесавога лістка.

 

1940-1946

 




Беларуская Палічка: http://knihi.com