epub
 
падключыць
слоўнікі

Аркадзь Куляшоў

«На абшарпаную халупу...»

 

На абшарпаную халупу

Стопавярховы небаскроб

Глядзіць праз вокны, як праз лупу,

За хмарай хмурыць змрочны лоб.

 

Жабрачку з панам, з ботам лапаць

Звялі на вуліцы адной.

Яму - дзвярыма гучна ляпаць,

Старцоўскай торбай трэсці - ёй.

 

Ён - дабрабыту ўвасабленне,

Ён - незлічоная казна.

Стаіць насупраць, як сумленне,

З рукой прасцёртаю яна.

 

Яму той лёс не перайначыць,

Лягчэй сумленне падмануць -

Заплюшчыць вокны і не бачыць,

Закутаць дзверы і не чуць.

 

1963

 


1963

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая