Аркадзь Куляшоў

На паўмільярдным кіламетры

 

Жыццё маё на хуткасць гуку

Памнож і множанне правер.

Вось ты і адкажы, навука,

Адкуль вяртаецца цяпер

 

Лясной вяшчунні кукаванне,

Што, абудзіўшы першы сон,

Калісь пазвала ў вандраванне

Мяне на многа тысяч дзён?

 

Зайшоўшы ў векавыя нетры,

Стаю, зачараваны ім,

На паўмільярдным кіламетры,

Паміж наступным і былым.

 

Пакліч - былое адгукнецца

Жалейкаю за хваіной;

Скраніся - і важкой хадой

Наступнае ў паход кранецца.

 

Пяройдзе шлях у новы шлях,

Расстанне - ў новае спатканне,

Напеў жалейкі - ў труб гучанне,

Выток жыцця - ў жыцця працяг.

 

1961

 




Беларуская Палічка: http://knihi.com