epub
 
падключыць
слоўнікі

Аркадзь Куляшоў

Ты і я

 

Я сустрэўся з табой маладою,

як быў маладым.

Ты была маёй любай зямлёю,

я - морам тваім.

 

Ты імкнулася ў далеч прастораў

бясконцых марскіх,

Я ж - да сэрца твайго,

дзесь схаванага ў нетрах лясных.

 

Ды па хвалях бурлівых марскіх

ты не знала дарог,

Цераз пушчы прабіцца

да сэрца твайго я не мог.

 

Адчаго не была ты ў юнацтве

імклівай ракой?

Я б аддаў табе ўсе свае хвалі,

каб зліцца з табой.

 

Адчаго я не полымем быў,

калі быў юнаком?

Я б прайшоў праз усе твае пушчы

кіпучым агнём.

 

Дні юнацтва, як хуткія ветразі,

зніклі з вачэй.

Не, не тыя ўжо хвалі

і мора, што год, то цішэй.

 

Што ні год, то цішэй...

і ярчэй у ім з цягам гадоў

Выступаюць абрысы

жаданых даўно берагоў.

 

Зноў - зямля ты, я - мора,

і час разлучыць нас не змог:

Я на вольным прасторы,

шчаслівы, ля ног тваіх лёг.

 

Вечна я ў тваёй памяці,

вечна ты ў сэрцы маім,

І ляжу прад табою

я светлым люстэркам тваім.

 

1950

 


1950

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая