Аркадзь Куляшоў

«Ужо з другім заручана дзяўчынка...»

 

Ужо з другім заручана дзяўчынка,

А я - юнак - хаджу халасцяком.

Вярнулася ў мой апусцелы дом

Дзіцячых мар таварышка - сцяжынка.

 

Я расказаў ёй пра сваю бяду,

Зарок даваў ёй, што з мяне даволі

Дзявочых стужак і што я ніколі

З яе пясчанай стужкі не сыду.

 

Я прысягаў ёй, а яна маўчала,

Наперад бег я, а яна - назад.

Тым дням, адкуль яна пачатак брала,

Прыйшоў канец у рэчышчы прысад,

 

Дзе, як ручай, сцяжынка палявая

Пералілася хвалямі пяску

У сталасці шырокую раку -

Гасцінец-шлях... А ён куды ўпадае?

 

1963

 




Беларуская Палічка: http://knihi.com