epub
 
падключыць
слоўнікі

Аркадзь Куляшоў

«За годам год ляцяць дзесяцігоддзі...»

 

За годам год ляцяць дзесяцігоддзі,

Як дождж, як пыл, як снег на галаву,

На той зямлі, дзе змалку я жыву,

Дзе аддаю, з календаром у згодзе,

Свой час сяўбе гарачай і жніву.

 

Стаіць ужо, з цапамі і мятлою,

Час малацьбы каля маіх дзвярэй...

І, што ні дзень, да той пары бліжэй,

Калі зямля, як сказана не мною,

Мяне ў свой змрочны прыме маўзалей,

Дзе прагных дрэў сторукае карэнне

Абмацвае сляпое сутарэнне,

Шукаючы вады сваім ствалам.

 

Там буду я, і плён мой будзе там,

Калі не ператворыцца ў насенне,

А пойдзе на спажыву ветракам.

 

1962

 


1962

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая