epub
 
падключыць
слоўнікі

Аркадзь Марціновіч

Кароткая сцежка

Даўно гэта было. Ды і што было? Мімалётнае знаёмства. А от мінула два дзесяцігоддзі, а яно трывожна жыве ў памяці. Успамінаю і не ведаю, чаму не забываецца, чаму хочацца расказаць каму-небудзь пра тое далёкае і кароткае знаёмства.

Наша дывізія, толькі што сфарміраваная, ішла маршам на захад. Яна была яшчэ не поўнасцю ўкамплектавана тэхнікай і амуніцыяй, яшчэ патрэбен быў час, каб падраздзяленні сталі гатовымі да бою. Таму рух дывізіі быў своеасаблівы: яна рабіла марш па 20-30 кіламетраў, а тады спынялася ў якім-небудзь гарадку і навакольных вёсках на тры-чатыры дні, а то і на тыдзень. У гэты час праходзілі вучэбныя заняткі, а па чыгунцы нас даганяў вайсковы ладунак. Потым - зноў марш.

Так было і той раз.

Батальёну, у якім я служыў, выпала спыніцца ў невялікай прырэчнай вёсцы Іванаў Рог. Помню, прыйшлі мы туды, калі сонца ўжо схавалася за лесам, але яшчэ не сцямнела. Размясціліся - як заўсёды: у кожную хату - аддзяленне. Нашаму аддзяленню выпала самая крайняя хата, за якой амаль адразу пачынаўся невялікі поплаў, а там - і рака. Хата была старая, нізкая, здавалася, што яна ад даўнасці ўгрузла ў зямлю. Падышоўшы да хаты, мы расчаравана спыніліся. Камандзір аддзялення пайшоў у хату - дзеля ветлівасці запытаць у гаспадароў дазволу на начлег, хоць вядома было, што ніхто не адмовіць, а калі б і знайшоўся хто адмовіць, ды занялі б хату самі. Незадаволеныя, мы пачалі аглядвацца і перамаўляцца, ці не лепш асталявацца ў якім-небудзь гумне. Гумна не відаць было, ды і камандзір аддзялення, выйшаўшы з хаты, падаў голас:

- Марш, марш! Умыцца! Падрыхтавацца да вячэры! Кухня даўно ўжо чакае...

Голас камандзіра і асабліва напамінак пра кухню падзейнічаў на нас рашуча і хутка. Мы зайшлі на двор праз вузкую брамку ў нізенькай агароджы, саставілі вінтоўкі ў козлы, пазнімалі скаткі ды ранцы.

Неўзабаве з хаты выйшла дзяўчына з вёдрамі ў руках. Дванаццаць пар вачэй сустрэлі яе. Яна ўсміхнулася, і, напэўна, ніхто з нас ужо не шкадаваў, што нам выпала такая бедная хата.

- Мыйцеся, хлопчыкі, - сказала яна, паставіўшы вядро на мураву. Другое вядро было пустое, і яна трымала яго ў руцэ.

Ну, тут не да мыцця было, мы ўраз абступілі дзяўчыну, кожны гаварыў нешта сваё - хто жартаўлівае, хто сур'ёзнае, хто пяшчотнае; сярод нас, дванаццаці, былі людзі, здатныя на рознае. Усе мы былі, апрача аддзялённага, аднолькава маладыя.

Дзяўчыне, відаць, таксама цікава было, і яна круцілася, адклікаючыся на кожнае слова. Здавалася, яна не магла не ўсміхацца, будучы сярод людзей. Яе вялізныя шэрыя вочы, сустракаючыся з іншымі вачыма, успыхвалі бліскучым агеньчыкам, а пульхныя вусны і буйныя бялюткія зубы былі вільготныя, і, мабыць, таму здавалася, што дзяўчына толькі што перастала рагатаць. Нехта запытаўся, і яна адразу сказала, што завуць яе Таняй. Мы забылі, што стаім перад ёю стомленыя, мурзатыя, прапахлыя потам; яна як быццам таксама не заўважала гэтага, і кожны з нас з удзячнасцю адчуваў яе нейкую свойскасць, чалавечнасць.

Ну, канечне ж, толькі адзін аддзялённы памятаў у гэты час пра нашы салдацкія абавязкі і, зноў жа, пра паходную кухню.

Неахвотна, па адным, мы пачалі адыходзіць ад Тані. А яна крутнулася і ўжо ад брамкі крыкнула:

- Не шкадуйце вады, я зараз прынясу яшчэ!

Я неўзаметку шмыгнуў за другі бок хаты і, пераскакваючы цераз рады бульбоўніку, пабег наперарэз Тані, якая ішла па сцежцы цераз поплаў да ракі.

- Памагу несці ваду, - сказаў я, дагнаўшы Таню.

- Я прывыкла, мне не цяжка, - адказала яна. - Калодзеж у нас яшчэ далей за рэчку.

- Не відно, што прывыкла. Рукі выдаюць, што гарадская.

- Праўда, рукі? - шчыра здзівілася яна, паглядзела на свае рукі, потым - на мяне, усміхнулася і прызналася: - Угу, я вучуся ў педвучылішчы... Вучылася...

Ля берагу рака была травяністая, і да чыстай плыні вяла кладка з вялікіх камянёў. Пакуль я агледзеўся, Таня пераскаквала ўжо з каменя на камень. Я стаяў на беразе і пазіраў, як спрытна яна нагнулася, лёгка зачарпнула вады і, схіліўшыся набок ад цяжару, ішла насустрач мне. Я працягнуў руку, каб узяць вядро, і на дужцы нашы рукі сустрэліся. Гэта працягвалася ўсяго некалькі секунд, але мне здалося, што і Таня не хацела аднімаць руку, што і яе ўсхваляваў гэты дотык і без слоў сказаў нешта патаемнае, важнае... Можа гэта і праўда, бо пасля мы загаварылі не скора і наша маўчанне таксама нагадвала дотык нашых рук.

Я не ўмеў плаўна несці вядро, і яно гойдалася, апырскваючы мае штаны і боты. Таня насміхалася з мяне, і мне было так прыемна чуць яе насмешкі. Потым яна спытала, адкуль я і як мяне завуць. Я адказваў і з жалем думаў, чаму такая кароткая сцежка ад рэчкі да хаты. І яшчэ я лавіў сябе на недарэчнай думцы, што мне чамусьці дзіўна, як у беднай і цеснай хаце выгадавалася такое хараство...

А потым Таня з вялікага меднага карца ліла мне на рукі, на шыю, і я з асалодай умываўся. Сябры пакеплівалі з мяне, што я так спрытна пагнаўся за Таняй на рэчку, але мяне радавалі іх кпіны...

Кароткая была сцежка ад рэчкі да хаты, а свабода салдацкая яшчэ карацейшая, і неўзабаве аддзялённы зычна гукнуў:

- Станавіся! - і павёў на другі край вёскі, да паходнай кухні.

І яшчэ была ноч.

Мы разлегліся ўпокат на падлозе, засланай посцілкамі і коўдрамі. Таня толькі аддзялённаму і мне дала падушкі - болей не было. І мне радасна было і дзіўна, што яна пры ўсіх асмелілася даць мне падушку. «За тое, што ваду памагаў несці», - сказала з усмешкай, і атрымалася ў яе гэта проста, натуральна. Ці трэба гаварыць, што я ўсю ноч не спаў? Думаў пра Таню. Яна была так блізка - спала з маці ў маленькай баковачцы за дашчанай перагародкай. Я ўслухоўваўся, лавіў яе дыханне. Прыкладаўся шчакой да падушкі, з асалодай думаючы, што на гэтай падушцы, мабыць, учора і ўсе дні спала Таня. Я марыў пра заўтрашні дзень, пра наступныя дні, што пашчаслівіць мне прабыць у Іванавым Розе...

Назаўтра мы ўсталі, калі Таня яшчэ спала. Пасля снедання пайшлі на заняткі ў поле. Не прабылі мы і дзвюх гадзін, як прыбег сувязны з загадам «Баявая трывога». Так з поля батальён адразу рушыў у паход, на захад, насустрач вайне.

Я нават не паспеў запытацца прозвішча Тані.

Праз тры гады, вылечыўшыся пасля чарговага ранення, я ехаў на фронт. Шлях мой ішоў праз мясціны, дзе некалі сустрэлася мне Таня. Я сышоў з цягніка і падаўся ў Іванаў Рог. Цяжка было пазнаць тыя мясціны. Тут два разы прайшла вайна. Ад вёскі не засталося і следу. Адзінае, што я ўбачыў, гэта невысокі, наспех абчэсаны слуп з дошчачкай, на якой было напісана няроўнымі літарамі: «Вёска Іванаў Рог». Вакол буялі лебяда, крапіва ды рамонак. Я не ведаў, ці жывая, ці загінула Таня. Ведаў толькі, што ніколі не знайду яе.

Доўга стаяў я каля слупа. У сваёй тужлівай адзіноце гэты слуп з шыльдай здаваўся мне як жывы, мне хацелася загаварыць хоць бы з ім. Я развітваўся са сваёй надзеяй.

Слуп, відаць, нядаўна ўкапалі, бо вакол яго ляжала вялая, але яшчэ не пасохлая трава. У гэтай траве мне ўбачылася нейкая дзікая краска - ледзь расцвіўшая. Як у той песні: не расцвіла - і адцвіла... Я падняў краску і пайшоў.

І от мінула шмат гадоў. А памяць усё яшчэ беражэ далёкую мімалётную сустрэчу...

 

1964 г.


1964

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая