epub
 
падключыць
слоўнікі

Арсень Ліс

Аркадзь Смоліч і «Географія Беларусі»

Кніга «Географія Беларусі» належыць пяру таленавітага вучонага і палітычнага дзеяча Аркадзя Смоліча (1891-1938). Яна стваралася пад час самавызначэньня беларусаў як нацыі, барацьбы яе лепшых сыноў за самастойны дзяржаўны быт свайго народа.

А.Смоліч быў адным з найруплівейшых і самаахвярных дойлідаў беларускай дзяржаўнасьці. Ягоным палітычным ідэалам сталася незалежная Беларуская Дэмакратычная Рэспубліка. Да беларускага адраджэнцкага руху Смоліч далучыўся ў 1910 г., будучы студэнтам Нова-Аляксандраўскага інстытуту сельскай гаспадаркі і лесаводства ў Пулавах. У 1914 г. у часопісах «Раніца» і «Лучынка» ён дэбютаваў эцюдамі на навукова-папулярныя і грамадзкія тэмы. Зь вясны 1917 г. А.Смоліч - адзін зь дзейных лідэраў Беларускай Сацыялістычнай Грамады ў Менску, рэдактар яе друкаванага воргану газеты «Грамада», плённы публіцыст. Пазьней, калі БСГ дэферэнцыявалася і зь яе вылучыліся тры плыні, ён стаў ідэолягам і тэарэтыкам (аўтарам праграмы) Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Партыі.

Асноўная перадумова пераходу да сацыялізму бачыцца аўтару праграмы БСДП не ў дыктатуры пралетарыяту, а ў дэмакратычным рэспубліканскім ладзе. Грунтуючыся на парламенцкім спосабе народаўладзьдзя, на такіх найважнейшых заваёвах грамадзтва, як «свабода слова, друку, сходаў, грамадаў, хаўрусаў, свабода сумленьня, незачэпнасьць асобы, дому, перапіскі, агульная роўнасьць усіх грамадзян перад законам, адзьдзяленьне царквы ад дзяржавы» можна, на думку Смоліча, падрыхтаваць «будучых творцаў сацыялістычнага парадку, арганізатараў, працаўнікоў сацыялістычнай рэспублікі». Бо менавіта дзякуючы сацыяльным і палітычным рэформам, якія можна зьдзейсьніць толькі ў дэмакратычных умовах, «вызваляецца ад паднявольнае адміністрацыйнае апекі асоба чалавека, што дасьць ёй магчымасьць вольна і шырока разьвіць свае прыродныя здольнасьці, ухіліць нездаровыя дэмаралізуючыя ўплывы няволі і ўціску».

Не пазбаўлены цікавасьці пагляд беларускага сацыял-дэмакрата на будучыню нацыяў. «Тварыць па-за межамі нацыянальнасьці, - пісаў А.Смоліч, - немажліва. І народ, звольнены ад капіталістычнага вызыску, таксама, як і ў цяперашнія часы, будзе выяўляць сваю найвышэйшую творчасьць у нацыянальных формах. А значыць, і ўселюдскі прагрэс, які ёсьць творчасьцю перадусім, будзе ісьці нацыянальнымі шляхамі і прывядзець ніякім чынам не да асіміляцыі народаў, а толькі да вышэйшае формы іх згоднага жыцьця, працоўнага інтэрнацыяналу».

На працягу 1917-1920 гг. А.Смоліч удзельнічаў практычна ва ўсіх акцыях, звязаных з вызначэньнем лёсу Беларусі, будучыні яе народу. Ён быў актыўны на абодвух зьездах беларускіх партыяў і аганізацыяў увесну і летам 1917 г. У сьнежні 1917 г. Смоліч - удзельнік Усебеларускага зьезду, які абвясьціў у Беларусі дэмакратычна-рэспубліканскі лад. У лютым-сакавіку 1918 г. ён - адзін з ініцыятараў ідэі суверэннасьці Беларусі. Як радны Беларускае Народнае Рэспублікі належаў да творцаў акту 25 сакавіка. У першым беларускім урадзе, Народным Сакратарыяце, Смоліч займаў пасаду сакратара асьветы.

Перад маладымі барацьбітамі за адроджаную, суверэнную Беларусь ляжаў непачаты край працы, вялікай і малой, Смоліч самааддана падзяляў агульную ношу... Клапаціўся пра стварэньне трывалых перадумоў для росту грамадскае сьведамасьці, духоўнасьці. Арганізоўваў курсы беларусазнаўства і сам з іншымі чытаў на іх. Рупіўся вакол заснаваньня культурна-грамадзкага таварыства «Бацькаўшчына». Узначаліў камісію, у якой сабраўся цьвет беларускае навукі - акадэмік Карскі, прафесары Даўнар-Запольскі, Завітневіч, дзеля хутчэйшага адкрыцьця ўніверсітэту ў Менску. Адначасова ўвесь 1918 год, застаючыся службоўцам статыстычнага бюро Менскага губернскага земства, дабіраў матэрыялы з геаграфіі і эканомікі Беларусі, працаваў з падручнікам. Ведаў, якое неацэннае значэньне мае асьвета для духоўнай кансалідацыі народу, што толькі-толькі пацягнуўся да сьведамага жыцьця.

У кастрычніку 1918 г. А.Смоліч быў пасланы ў Горадню для пашырэньня базы вызвольнага руху, рэалізацыі ідэі беларускай суверэннасьці. Але неўзабаве Гарадзеншчыну занялі легіёны толькі што паўсталай з працяглага палітычнага нябыту Польшчы. Яны сталі нішчыць кволыя парасткі беларускае дзяржаўнасьці, перасьледаваць яе творцаў, і Смоліч перабіраецца ў Вільню. Там у 1919 г. дапрацоўвае і выдае «Географію Беларусі», першую і, пэўна ж, галоўную сваю кнігу.

«Географія Беларусі» Аркадзя Смоліча - паважны навуковы твор і адначасова жывы, пранікнёны аповяд пра беларускую зямлю, яе прыроду, гаспадарку і народ. У сваім часе яна атрымала шырокае грамадзкае прызнаньне, сталася незаменнаю крыніцаю радзімазнаўства, добра прычынілася да самапазнаньня беларусаў.

У 1920-1922 гг. А.Смоліч працуе выкладчыкам Віленскай беларускай гімназіі, чытае геаграфію на настаўніцкіх курсах, становіцца адным з заснавальнікаў і першым старшынёй Таварыства беларускае школы, якое пазьней адыграе немалую ролю ў барацьбе працоўных Заходняй Беларусі за нацыянальную школу і культуру. Смоліч глыбока разумеў, якое вялікае значэньне мае нацыянальная адукацыя, школа ў жыцьці народу. «Абудзіць масы народу ад застою, заклікаць іх да разумнага грамадзянскага жыцьця, да культурнай творчасьці можа толькі нацыянальная школа, - пісаў ён. - Нацыянальнае выхаваньне аздараўляе і асьвяжае народныя сілы, выкрывае схаваныя здольнасьці народу, нясе яму духоўную моц, багаціць думку, правільна разьвівае яго розум».

Пагляд Аркадзя Смоліча на школу, на значэньне роднай мовы для ўзгадаваньня дзіцяці грунтаваўся на досьведзе, перажытым яго народам, ім самім. Некаторыя яго сілагізмы належаць да вечных ісьцінаў, як, напрыклад, гэты: «Асноваю нацыянальнае школы служыць родная мова - адзнака нацыі, яе духоўны твар. Мова зьбірае ў сабе ўсё, што мае дух нацыі. Няма ў нацыі нічога ні малога, ні вялікага, чаго б мова ня ведала. Бяз мовы не адбываецца творчасьць народу. Пакуль жыве мова, датуль жыве народ, датуль і нацыянальнае выхаваньне будзе мець вялікую вагу і значэньне. Адабраць у народу мову - значыць спыніць яго развіцьцё, паставіць на дарозе яго культурнай творчасьці глухую перагародку. Эпоха заняпаду мовы ў жыцьці нацыі - гэта эпоха заняпаду ўсяго жыцьця народу, спыненьне працы яго розуму: гэта нацыянальная хвароба, самае горшае няшчасьце, якое можа здарыцца ў цэлага народу».

Аднак адной асьветнай справай у Вільні, зь яе гістарычнымі, культурнымі беларускімі традыцыямі, А.Смоліч не абмяжоўваўся. Удзельнікі кааператыўнага руху на Віленшчыне браты Канчэўскія, М.Арэхва, Э.Будзька ды іншыя на пачатку 20-ых гадоў пасьпяхова спалучалі задачы сацыяльнай абароны інтарэсаў насельніцтва з нацыянальна-асьветнымі вызвольнымі мэтамі. Смоліч далучаецца і да гэтае дзялянкі грамадзкае працы: яго абіраюць сябрам управы Віленскага хаўрусу кааператараў, прызначаюць інструктарам адзьдзелу. Аднак кіраўніцтва польскай кааперацыі, якому самастойныя беларускія кааператывы былі косткай у горле, павяло зь імі актыўнае змаганьне і пасьля двухразовай зьмены ўправы, арышту старшыні гэтага хаўрусу кааператараў Віленшчыны ўдалося, нарэшце, падпарадкаваць яго свайму верхавенству. Не давалі польскія адміністрацыйныя ўлады магчымасьці шырэй разгарнуць і асьветную працу. На кожным кроку вязалі рукі, па-езуіцку ладзілі перашкоды.

Як палітык і эканаміст Аркадзь Смоліч бачыў адкрыта каланіялісцкую скіраванасьць палітыкі польскага ўраду ў дачыненьні да беларускіх земляў. Персьпектывы беларускага нацыянальна-вызвольнага руху ў межах Польшчы бачыліся яму праблематычнымі. А тым часам БССР зь яе шасьцю паветамі былой Менскай губерні, якая напачатку здавалася чыста каньюнктурным тварэньнем, фікцыяй, нечакана сьведчыла аб рэальных здабытках беларусаў на Ўсходзе. Напрадвесьні 1921 г. сялянства там атрымала памешчыцкія, царкоўныя і так званыя скарбовыя землі ў сваё распараджэньне, рэспубліка пакрылася досыць густою сеткай беларускіх школаў, а ўвосень гэтага ж году расхінуў дзьверы Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт.

Гэта былі пераканаўчыя аргументы на карысьць Саветаў, іх нацыянальнае палітыкі. І ведаў пра гэта А.Смоліч ня толькі зь перыядычнага друку ды лістоў, што ішлі поштаю, а і з больш надзейных, перадаваных з аказіяй. Дзяржаўная мяжа тады яшчэ не тварыла жалезнай заслоны. Зь вясны 1922 г. Смоліч на заказ наркамата асьветы БССР пераапрацоўвае, дапаўняе сваю «Географію Беларусі». Наклад другога выданьня кнігі, выдадзенай Віленскім выдавецтвам Б.Клецкіна, ідзе ў асноўным праз граніцу, у Менск.

У 1922 г. А.Смоліч канчаткова праводзіць рысу пад сваёй палітычнай дзейнасьцю і яшчэ да амністыі Савецкага ўраду дзеячам БНР пераязджае ў Менск для культурна-навуковай працы. Спачатку працуе ў наркамаце земляробства, дзе становіцца, паводле словаў наркома З.Прышчэпава, адным з самых дасьведчаных і аўтарытэтных беларускіх сьпецыялістаў у галіне эканомікі і аграноміі. З 1923 г. пачынае чытаць курс геаграфіі Беларусі ды іншых краінаў у Белдзяржуніверсітэце, стварае ў ім кафедру краязнаўства, геаграфічны кабінет. Ініцыюе скліканьне напачатку Менскай, а затым і Ўсебеларускай краязнаўчых канферэнцыяў, непасрэдна прычыняецца да заснаваньня часопіса «Наш край». Лапідарна і дакладна акрэсьлівае задачы краязнаўчага руху. Бачыць у ім гарантыю таго, што «Беларусь перастане быць краем, невядомым для саміх беларусаў».

У 1924 г. Аркадзь Смоліч у складзе камісіі Дзяржплану БССР праводзіць раянаваньне тэрыторыі рэспублікі, падзяляе яе на 10 адміністрацыйна-гаспадарчых акругаў. Праектуе выданьне часопісу «Плуг», дарадчыка і памочніка земляроба. У 1925 г. абіраецца правадзейным сябрам Інстытуту беларускае культуры, намесьнікам яго старшыні. Арганізуе яго навукова-дасьледчую і выдавецкую працу, клапоціцца аб пашырэньні ў сістэме інстытуту прыродазнаўчых навук. Прыкладае намаганьні для адкрыцьця ў Горы-Горках сельскагаспадарчай акадэміі і Навукова-дасьледчага інстытуту сельскай гаспадаркі і лесаводства ў Менску. У 1927 г. становіцца першым беларускім прафесарам геаграфіі.

У калектыўных зборніках і асобнымі выданьнямі выходзяць навуковыя працы А.Смоліча «Эканамічнае становішча Беларусі перад вайной і рэвалюцыяй», «Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка і яе акругі», «Тыпы географічных ланшафтаў Беларусі» (абаронена як дысертацыя), «Арганізацыя сялянскай гаспадаркі ў раёнах Цэнтральнай Беларусі», «Географічны і тапаграфічны нарыс Заходняй Беларусі», «Насельніцтва Заходняй Беларусі, яго нацыянальны і прафесіянальны склад»...

Вывучаючы сельскую гаспадарку як прыярытэтную галіну беларускай эканомікі, дасьледчык бачыў, што яна мае свае асаблівасьці, абумоўленыя прыродай і гістарычна. Рэч у тым, што ў разьвіцьці сялянскай гаспадаркі ў Беларусі немалую ролю адыграў фактар практычнай адсутнасьці тут ужо з XVI ст. супальнай формы землекарыстаньня. А.Смоліч ведаў, і ў гэтай думцы яго ўмацоўвалі дасьледваньні А.Котава, Л.Літашэнкі, што беларуская сялянская гаспадарка па інтэнсіўнасьці і культурнасьці ў нейкай меры апярэдзіла гаспадаркі разьвітых рэгіёнаў Расеі. Таму, лічыў ён, шматгадовы досьвед беларускага селяніна трэба рацыянальна выкарыстаць у сучасным землебудаўніцтве.

Ягоныя пагляды падзялялі беларускія вучоныя-аграрнікі С.Скандракоў, А.Трахімаў, І.Кіслякоў, эканаміст Г.Гарэцкі ды іншыя. Знаходзілі яны разуменьне і падтрымку ў тагачаснага кіраўніцтва наркамату земляробства. У 20-ых гадох досыць пасьпяхова ішло разьвіццё сялянскіх гаспадарак, выдзяленьне гаспадароў на хутары і пасёлкі. Маладзейшыя беларускія эканамісты і аграрнікі працавалі пад дэвізам «Зробім Беларусь Даніяй». Неўзабаве вучоныя і практыкі сельскага будаўніцтва ў Беларусі будуць асуджаныя і жорстка пакараныя ўзмацнелым таталітарызмам, за сваю навуковую ініцыятыву і грамадзянскі парыў пойдуць на Гальгофу. Смоліч падзеліць іх лёс. Але яшчэ была сярэдзіна 20-ых і новае грамадзтва не скаланалі буры. Яно больш-менш нармальна працавала. Смоліч мусіў на нейкі час адхіляцца ад навуковае працы, дакладней спалучаць яе з утылітарнымі заданьнямі. Адгукаўся на заказ асьветнага ведамства, пісаў «Кароткі курс географіі Беларусі», і ў сааўтарстве з М.Азбукіным «Географію пазаэўрапейскіх краёў».

На пошукі, новыя падыходы Аркадзя Смоліча ў геаграфічнай навуцы зважае навуковая грамадзкасьць краіны. За дасьледваньні «Разьмяшчэньне насельніцтва на тэрыторыі Беларускай ССР» і «Сельскагаспадарчыя раёны, папярэдняя схема і метадалагічныя ўвагі» Расейскае геаграфічнае таварыства ўзнагароджвае беларускага вучонага малым залатым медалём. Патрыярх геаграфічнай навукі П.П.Сямёнаў-Цяншанскі вітае Смоліча як дасьледчыка-наватара, прарочыць персьпектыўнасьць яго навуковаму кірунку ў геаграфіі.

Нарэшце, збываецца адна з запаветных мараў Смоліча-вучонага, патрыёта: на базе Інбелкульту адкрываецца Беларуская Акадэмія Навук, жыцьцядзейныя асновы якой, яе статут ён распрацаваў разам з С.Некрашэвічам, У.Ігнатоўскім і В.Ластоўскім. Акадэмія, паводле думкі А.Смоліча, павінна завяршыць «працэс нацыянальна-культурнага адраджэньня Беларусі і паставіць яе, зусім яшчэ нядаўна ўбогую і цёмную, у шэраг перадавых культурных краінаў сьвету».

Пры канчатковым усталяваньні таталітарнай сістэмы ў СССР, што рабілася пад выглядам пабудовы сацыялізму, навуковая і мастацкая інтэлігенцыя сталася першай яе ахвярай. Улетку 1930 г. А.Смоліч у ліку ста зь лішнім беларускіх навукоўцаў, грамадзкапалітычных дзеячоў і пісьменьнікаў быў арыштаваны, а ў красавіку 1931 г. пастановай несудовага органа ОГПУ высланы на Ўрал. Пасля заканчэньня тэрміну адміністрацыйнай высылкі ў 1935 г. вучоны жыў у Ішыме Омскай вобласьці, працаваў у райкалгассаюзе, выкладаў геаграфію ў жывёлагадоўчым тэхнікуме, чытаў лекцыі на курсах удасканаленьня настаўнікаў. Уначы з 17 на 18 чэрвеня 1937 г. быў другім разам арыштаваны і роўна праз год расстраляны ў Омскай турме. Канчаткова рэабілітаваны ў 1988 г.

Гэтае, фактычна пятае, выданьне (калі ўлічваць яшчэ перапрацаванае менскае выданьне 1925 года, якое выйшла пад назовам «Кароткі курс географіі Беларусі») «Географіі Беларусі», якая сёння вяртаецца да чытача, зроблена з трэцяга віленскага. Кніга напісана аўтарам не паводле палітычна-адміністратыўных межаў Беларусі, як яны склаліся на пачатку 20-ых гадоў, а згодна зь яе этнічнымі рубяжамі.

«Вось жа, калі б тыя беларусы, што прачытаюць гэтую кнігу, - пісаў Аркадзь Смоліч у прадмове да першага яе выданьня, - зацікавіліся сваёй Бацькаўшчынаю, каб узяліся самі за глыбейшае навуковае пазнаньне яе ці асобных праяваў яе жыцьця, каб заахвоціліся шукаць і бачыць яе арыгінальнае хараство, дык бы аўтар лічыў сваю працу дайшоўшай мэты. А калі б у іх хоць крыху пабольшала замілаваньня да свае роднае многапакутнае стараны, такой простай і разам цудоўнай, нават у часы заняпаду свайго поўнай велічу і схаваных сілаў, каб яны паверылі ў яе вялікую будучыню і дзеля будучыні гэтай шчыра працаваць і змагацца пачалі, тады б аўтар быў бы папраўдзе шчасьлівы». Ці ж празь семдзесят чатыры гады гэты спадзеў-зварот страціў сваю актуальнасьць? Ці адзін з апосталаў 20-ых гадоў не прамаўляе і да нас?


1992-1993

Тэкст падаецца паводле выдання: Аркадзь Смоліч. Географія Беларусі. Менск, Беларусь, 1993.
Крыніца: скан