epub
 
падключыць
слоўнікі

Артур Конан Дойль

Як брыгадзір Жарар трапіў у Менск

(Са зборніка «Прыгоды брыгадзіра Жарара»)

Я раскажу вам пра вайну з Расейскай імперыяй. Кроў і лёд. Лёд і кроў. Злосныя твары з аснежанымі скронямі. Сінія рукі, што цягнуліся дапамагчы тым, хто паваліўся ў снег. І праз вялізную белую раўніну доўгая чорная стужка людзей, што ледзь ішлі: сотня міляў, яшчэ адна, але белая раўніна не канчалася. Ніхто не размаўляў. Гэтыя людзі не выдавалі гукаў. Толькі аднойчы я чуў іхні смех. Гэта было пад Вільняй. Да нас пад'ехаў нейкі афіцэр і спытаўся, ці гэта Вялікая Армія. І ўсе жывыя шкілеты, што пачулі пытанне, засмяяліся, і смех гэты рассыпаўся па калоне, як феерверк. У маім жыцці я чуў шмат перадсмяротных стогнаў і крыкаў, але я не чуў нічога больш жудаснага за гэты смех Вялікай Арміі.

Па дарозе ад Смаленска да Вільні армія памірала. Мы маглі змагацца з казакамі і нават з холадам, але голад быў мацнейшы за нас. Мы павінны былі знайсці харч. Той ноччу Нэй запрасіў мяне ў свой намёт. Нэй выглядаў як сама смерць.

— Палкоўнік Жарар, — сказаў ён, — нашае становішча больш чым кепскае. Людзям няма чаго есці. Мы павінны знайсці харч, чаго б гэта ні каштавала.

— Коні, — прапанаваў я.

— Акрамя коней вашае роты, у нас нічога няма.

— Музыкі, — сказаў я.

— Чаму музыкі?

— Салдаты нам яшчэ патрэбны.

— Добра. Вы трымаецеся да апошняга. І я таксама. Але ў нас яшчэ ёсць адзін шанец, Жарар. На поўдзень ад нас горад Менск. Расейскі дэзерцір прызнаўся, што ў менскай ратушы схавана шмат збожжа. Я хачу, каб вы ўзялі сваіх людзей, паехалі ў Менск, захапілі збожжа і прывезлі яго. Калі вам пашанцуе, то вы ўратуеце армію. Калі не, то я адно толькі згублю атрад.

Рызыка, але якая высакародная місія! Мае людзі даставяць збожжа з Менска, чаго б нам гэта ні каштавала.

Я ўзяў з сабою маленькі атрад, каб нас было цяжэй выявіць. Уначы мы рушылі на поўдзень, да Менска. Два ці тры разы мы бачылі вялікія вогнішчы, каля якіх грэліся казакі. Мае людзі рваліся біцца з імі, але ў нас была іншая мэта, мы не маглі рызыкаваць.

Мы ехалі ўсю ноч, пад раніцу трапілі ў густы лес. З цяжкасцю прабіліся праз яго і ўбачылі, што сонца ўжо ўзыходзіла. Я спыніў маіх гусараў пад покрывам лесу і агледзеўся. Побач быў невялікі хутар. У некалькіх мілях ад яго — вёска. Яшчэ далей узнімаўся вялікі горад, што свяціўся купаламі храмаў. Гэта быў Менск. Я зразумеў: мы прайшлі ўсе казацкія заслоны і паміж намі і нашай мэтаю перашкод не заставалася. Мы кіраваліся да вёскі.

Раптам я ўбачыў, як ад хутара нехта паляцеў на кані. Сонечнае святло адбівалася на ягоных эпалетах, і я зразумеў, што гэта рускі афіцэр. «Ён жа падыме ўсё наваколле», — падумаў я і сціснуў шпорамі бакі сваёй Фіялцы.

Ён быў адмысловы вершнік, гэты афіцэр, але ўцячы ад Эцьена Жарара немагчыма. Ён стрэліў, але прамахнуўся. У наступны момант я скінуў яго з сядла, саскочыў з Фіялкі і падбег да яго. Ён хутка паклаў нешта ў рот, а я схапіў яго за горла, каб ён не мог гэтага праглынуць. Сяржант Удэн пад'ехаў да нас і адразу зразумеў, што адбылося.

— Трымайце яго, палкоўнік, а я зраблю астатняе.

Нажом ён расціснуў афіцэру зубы і выняў з рота вільготны кавалак паперы. Я адпусціў рускага.

— А цяпер, — сказаў я, — да справы. Вашае імя?

— Алексіс Баракаў.

— З якой вы часці, вашае званне?

— Капітан гарадзенскіх драгунаў.

— А што гэта за папера?

— Гэта цыдулка да маёй каханай.

— Якую завуць гетман Платаў? Ну, ну, не трэба лгаць. Гэта важны дакумент, які вы везлі ад аднаго генерала да другога. Што там напісана?

— Прачытайце самі, — ён цудоўна размаўляў па-французску, як усе адукаваныя рускія. Але ён ведаў таксама, што ніводзін французскі афіцэр не ведаў ані слова па-руску.

Цыдулка была вельмі кароткая. Толькі два сказы: «Няхай французы прыйдуць у Менск. Мы гатовыя».

Але тады ні я, ні мае гусары не маглі прачытаць гэтага. Да мяне трапіў вельмі важны дакумент, ад якога магло залежаць жыццё ўсёй арміі, я не мог прачытаць яго! Я яшчэ раз папрасіў палоннага перакласці змест і паабяцаў яму за гэта волю, але ён толькі ўсміхнуўся ў адказ.

— Скажыце хаця, што гэта за вёска?

— Даброва.

— А далей, калі я не памыляюся, Менск?

— Але.

— Зараз мы паедзем у вёску і знойдзем там чалавека, які перакладзе для нас гэтыя два сказы.

У вёсцы мы пад'ехалі да вялікага цаглянага дома. Ён належаў рускаму папу. Гэта быў няветлівы чалавек. Але ягоная дачка... Прыгожая дзяўчына з чорнымі валасамі і з найцудоўнейшымі цёмнымі вачыма, што калі-небудзь глядзелі на гусараў. Часу для заляцанняў, вядома, не было, але мне неабходны быў пераклад.

Таму пасля сняданку я загаварыў з ёю, і хутка мы сталі сябрамі. Я хацеў падвесяліць яе, таму што бачыў слёзы ў яе вачах.

— Чаму вы сумуеце?

— Таму, што адзін з маіх суайчыннікаў у вас у палоне.

— Гэта вайна, мадэмуазель. Сёння ён, заўтра — я.

— Але, масье...

— Эцьен, — падказаў я.

— О, масье...

— Эцьен.

— Добра, Эцьен, — сказала яна і злёгку пачырванела. — Падумайце, гэты малады афіцэр паедзе з вамі ў холад і памрэ.

Я сцепануў плячыма.

— У вас такі добры твар, Эцьен. Вы не можаце аддаць гэтага чалавека на смерць. Адпусціце яго, малю вас.

Раптам у мяне з'явілася цудоўная думка. Я адпушчу гэтага рускага, але запатрабую ў маёй Сафі нешта наўзамен. І я загадаў прывесці да мяне капітана Баракава. Я ўзяў з яго слова, што ён застанецца ў гэтай вёсцы, пакуль мы не вернемся з Менска.

— Адзін чалавек з таго ці другога боку, — сказаў я, — не зробіць перамогі ў вялікай вайне. Вы вольныя, капітан.

Сафі была шчаслівая.

Калі ён пайшоў, я выняў з кішэні паперку і звярнуўся да Сафі:

— А зараз я хацеў бы, каб вы трошкі павучылі мяне рускай мове.

— З задавальненнем, Эцьен.

— Пачнём з гэтага, — сказаў я і разгарнуў паперу перад ёю. — Што тут напісана?

Яна здзіўлена паглядзела на паперу.

— Тут напісана, што калі французы прыйдуць у Менск, то ўсё загіне.

Раптам яна ўскрыкнула:

— Божа, што я нарабіла! Я здрадзіла маёй краіне! О, Эцьен, вы не павінны былі ведаць, што там напісана. Навошта вы прымусілі бедную, неразумную дзяўчыну здрадзіць сваёй краіне?!

Я наколькі мог супакоіў яе, сказаў, што гэта не яе віна, што яе перахітрыў такі вопытны салдат, як я. Але часу для гутаркі ўжо не было. Са зместу было ясна, што збожжа ў Менску і войскі яго не ахоўваюць. Я пабег да сваіх гусараў, і праз дзесяць хвілін мы ўжо імчалі да Менска. Мы ўварваліся на галоўную вуліцу і пад крыкі спалоханых мужыкоў і баб пад'ехалі да ратушы.

Божа! Я ніколі не забудуся на тое, што чакала нас. Проста перад намі ў тры лініі стаялі рускія грэнадзёры. Яны паднялі свае мушкеты, і грымнуў пярун. Два мае сяржанты, Удэн і Папіет, упалі, да мяне несліся грэнадзёры.

— Пастка! — закрычаў я. — Нам здрадзілі! Усе назад!

Але было запозна. З усіх вуліц на нас ляцелі драгуны і казакі. Вялізны рускі драгун схапіў мяне, і мы пакаціліся на зямлю. Ён выняў шаблю, каб забіць мяне, але потым перадумаў і ўдарыў кулаком па галаве. Я страціў прытомнасць. Так я трапіў у палон да рускіх.

Калі я ачуняў, то пашкадаваў, што рускі не забіў мяне. На галоўнай плошчы Менска ляжалі мае забітыя гусары. Тыя, хто застаўся ў жывых, стаялі каля ратушы пад аховаю сотні казакаў. Я зразумеў, што мы трапілі ў пастку. Рускія дазналіся пра нашую місію і падрыхтаваліся. А я ўварваўся ў горад без усялякае перасцярогі. Нэй даверыўся мне, уся Вялікая Армія чакала нас са збожжам, а я не выканаў задання. Я заплакаў.

Рускі драгунскі афіцэр сказаў нешта сваім салдатам. Да мяне падвялі Фіялку і прымусілі сесці ў сядло. Мая левая рука была прывязана да партупеі драгунскага сяржанта. Так я і рэшткі майго атрада выехалі з Менска.

У рускай арміі вы знойдзеце ўсё самае лепшае, але і ўсё самае благое ў свеце. Самым жа благім для мяне быў камандзір кіеўскіх драгунаў маёр Сержын. Ён біў маіх салдат, што ішлі, як яму здавалася, занадта павольна. Аднойчы ён хацеў ударыць і мяне, але нешта ў маіх вачах спыніла яго.

Я ўшчэнт змёрз і нічога не разумеў: дзе я, куды мы едзем? Раптам Фіялка спынілася. Я ўзняў вочы і ўбачыў знаёмы цагляны дом. Мы былі ў Даброве! Падумаць толькі, яшчэ раніцай мы снедалі тут з маёй Сафі, а яе пераклад прывёў нас да смерці і палону. Але такі ўжо лёс салдата, сябры, сёння пацалункі, заўтра — раны, сёння віно ў палацы, заўтра — вада з лужыны.

Рускія злезлі з коней і прымусілі мяне зрабіць тое самае. Яны хацелі спыніцца на ноч у Даброве. Я ўбачыў папа: цяпер ён быў нават залішне ветлівы і радасны. За ім выйшла Сафі. Я зацята глядзеў, як яна вітала Сержына з перамогаю. Потым яна паглядзела на мяне, і я ўбачыў у яе вачах жаль да мяне. Сафі павярнулася да Сержына і пачала штосьці гаварыць яму. Ён хітаў галавой, але потым згадзіўся і паклікаў мяне.

— Гэтыя добрыя людзі просяць, каб я дазволіў вам правесці ноч пад іх дахам. Я не магу адмовіць ім. Хаця, шчыра кажучы, я пакінуў бы вас на марозе, гэта астудзіла б вашую залішне гарачую кроў.

Потым ён звярнуўся да Сафі, але гаварыў па-французску:

— Калі ў вас ёсць добрая камора з надзейным замком, я дазволю яму правесці там ноч. Але ён мусіць даць слова гонару, што застанецца там і не паспрабуе ўцячы.

— Я ніколі не дам вам слова гонару, — сказаў я.

Рускі сцепануў плячыма.

— Тады заставайцеся на двары. Паглядзім, што скажаце ўранку.

— Хвілінку, маёр Сержын, — спыніла яго Сафі, — будзьце міласэрныя да гэтага палоннага. Сёння раніцай ён адпусціў на волю капітана Баракава.

Сержын недаверліва глядзеў на Сафі.

— Гэта праўда, — пачуўся голас Баракава, які выйшаў з дому. — Ён захапіў мяне сёння раніцай, а потым адпусціў пад слова гонару.

— Добра, — сказаў маёр, — але спачатку ён мусіць даць мне слова.

— Вам я не дам нічога, — адказаў я.

— Палкоўнік, — крыкнула Сафі, — дайце слова мне!

— Вам, мадэмуазель, я не магу адмовіць. Я даю вам слова гонару.

— Вось, маёр Сержын, — радасна сказала Сафі, — ён даў мне слова, цяпер я ў адказе за яго.

Вельмі незадаволены, гэты мядзведзь дазволіў мне застацца ў доме. Мяне зачынілі ў цёмным халодным пакоі з адзіным акном, на якім былі краты. Зачыняючы дзверы, маёр спытаўся:

— Як вам падабаюцца тутэйшыя гатэлі, палкоўнік? Яны не вельмі шыкоўныя, але гэта лепшае, што мы можам прапанаваць вам. Можа, другім разам вы знойдзеце іншую краіну, куды вы прыедзеце як госці, якіх ніхто не запрашаў.

Мне не пакінулі ані ежы, ані пітва. У пакоі было холадна, і я не ведаў, як пратрымацца да раніцы. Раптам я пачуў крокі і скрыгат ключа. Дзверы расчыніліся, увайшоў мой былы палонны Алексіс Баракаў. У адной руцэ ён трымаў талерку з гарачым мясам, у другой — бутэльку віна.

— Маўчыце, — сказаў ён, — я нічога не магу зараз растлумачыць. У мяне мала часу. Але не кладзіцеся спаць і чакайце.

З гэтымі словамі ён паставіў ежу з віном на падлогу і выйшаў.

«Чакайце», — гэтае слова грэла мяне больш за мяса і віно. Што Баракаў меў на ўвазе?! Чаму я не павінен класціся спаць? Чаго чакаць? Няўжо ў мяне з'явіўся шанец трапіць на волю? Я пачаў маліцца.

Прайшло гадзіны паўтары, калі я пачуў лёгкія крокі ў калідоры. Заскрыгатаў ключ, і перада мною паўстала Сафі.

— Масье... — пачала яна.

— Эцьен, — паправіў я.

— Вас не змяніць, — сказала яна. — Вы даравалі мне?

— Дараваў? Што?

— Божа, вы так і не зразумелі? Вы папрасілі мяне перакласці, і я пераклала. Але там было зусім не тое, што сказала я.

— Што ж там было?

— Няхай французы прыйдуць у Менск. Мы гатовыя.

Я адхінуўся ад яе.

— Вы здрадзілі мне! Вы завабілі мяне ў пастку. Гэта з-за вас я згубіў свой атрад! Які ж я дурань, што паверыў жанчыне!

— Не абвінавачвайце мяне, палкоўнік. Я руская, і мой абавязак — служыць сваёй Айчыне. Няўжо французская дзяўчына дзейнічала б інакш? Калі б я пераклала ўсё дакладна, то вы не паехалі б у Менск. Скажыце, што вы даруеце мне!

Яна стаяла, гледзячы на мяне сваімі цудоўнымі вачыма, і хаця я думаў пра сваіх салдат, я не мог не дараваць гэтай жанчыне.

— Вось і добра, — сказала яна, — вам шкада сваіх, а мне сваіх. І яшчэ, ваш урок дабрыні і высакароднасці, які вы далі сёння раніцай, не забыты. Адзін чалавек з таго ці іншага боку не робіць перамогі. Вось вам ключ. У пакоі ёсць яшчэ адны дзверы, праз іх вы трапіце на волю. Ідзіце, палкоўнік Жарар, я думаю, што мы ніколі больш не ўбачымся.

— Але я не магу.

— Чаму?

— Я даў слова гонару.

— Каму?

— Вам.

— Я вяртаю яго.

Маё сэрца поўнілася радасцю. Я не даваў слова гонару маёру Сержыну, а Сафі вызваліла мяне.

— За вёскай вы знойдзеце капітана Баракава, — сказала яна. — У яго вашая жарабіца і шабля. Не затрымлівайцеся, неўзабаве развіднее.

Я ў апошні раз глянуў на Сафі і пабег у халодную ноч. Я не мог прымусіць сябе пацалаваць ёй руку, таму што нават у самых сарамлівых ёсць гонар. А мой гонар быў паранены яе здрадай.

За вёскай сапраўды стаяў чалавек, які трымаў маю Фіялку.

— Вы паставіліся прыхільна да мяне, — сказаў ён. — Шчасліва. Bon voyage*! Памятайце: пароль — Палтава.

* Шчаслівай дарогі (фр.)

Праз два дні я нагнаў Вялікую Армію і зноў стаў часцінкай жудаснай працэсіі, што ішла праз Расейскую імперыю, пакідаючы за сабою крывавы след.

Ну, хопіць, сябры. Гэтыя ўспаміны заўсёды прымушаюць мяне плакаць. Калі мы трапілі ў Варшаву, дык пакінулі там усё: гарматы, намёты і тры чвэрці сяброў. Але гонар Эцьена Жарара застаўся з ім. Некаторыя кажуць, што я парушыў слова гонару. Але няхай яны скажуць гэта мне ў твар. Тое, што я расказаў вам, — чыстая праўда, і хаця я ўжо стары, але ў мяне хопіць сілы націснуць курок, калі справа тычыцца майго гонару.



Пераклад: Алесь Кудраўцаў