epub
 
падключыць
слоўнікі

Артур Вольскі

Дзікая

Мы сядзелі з Алікам у прасторнай зале рэстарана. У драўляных устойлівых крэслах. За вялікім драўляным сталом.

У Нясвіж мы прыехалі ранічкай. Паўдня блукалі па гэтым невялікім, але прыгожым старажытным гарадку. Я знаёміў Аліка з цікавымі мясцінамі. Мне не раз даводзілася бываць тут. Дзень якраз выдаўся ясны. Нават спякотны. Нахадзіліся - аж ногі гулі.

Таму, напэўна, абед здаваўся надзвычай смачным. І беларускі халаднічок, ружовы ад бурачкоў і смятаны, і бульбяныя дранікі, блішчастыя ад скварак, якіх не пашкадаваў повар.

Алік еў і ўсё распытваў мяне пра тое, што бачыў. Яго цікавіла ўсё. Чаму касцёл у Нясвіжы будаваў архітэктар з Італіі? Хіба не было сваіх? За што праследавалі ўлады Сымона Буднага? Ён жа дзеля карысці людзей стараўся. Адзін з першых кнігі пачаў друкаваць. І мы яго зараз шануем. Нават дошчачку на доме, дзе была друкарня, прымацавалі. З надпісам. Навошта князю Радзівілу з адной сваёй сям'ёй спатрэбіўся такі вялікі палац? Хіба яму трох-чатырох пакояў не хапіла б? І чаму палац гэты абнесены з усіх бакоў ровам з вадой? Як рыцарскі замак...

Але найбольшае ўражанне зрабіла на Аліка возера. Даволі вялікае і вельмі спакойнае Нясвіжскае возера. Чыстае неба адлюстроўвалася ў ім, і вада была блакітнай і лагоднай.

Над возерам няспынна кружыліся крыклівыя чайкі. Вось адна з іх на нейкі момант застыла на месцы, нібы павісла ў паветры на нябачнай нітачцы. Пільна зірнула ўніз, цэлячы ў нешта дзюбай. Потым склала крылы і рэзка рынулася ў ваду. Быццам нітачка абарвалася. У наступнае імгненне яна ўжо зноў узляцела ў паветра. А ў дзюбе яе паблісквала сярэбранай луской ніштаватая рыбка. Тут на шчаслівую рыбалоўку накінуліся дзве менш удачлівыя сяброўкі. Тая падалася прэч ад іх, але зайздросніцы дагналі яе. Пачалася сапраўдная паветраная бойка. Усе тры чайкі нема крычалі непрыемнымі пранізлівымі галасамі. Рыбка тым часам выпала з дзюбы ўдачніцы і плюхнулася ў ваду. А птушкі ўсё яшчэ сварыліся паміж сабой.

- Так ім і трэба! - весела смяяўся Алік. Не пакрыўджанай і, вядома ж, не нахабным зайздросніцам спачуваў ён. Усе яго сімпатыі былі на баку рыбкі, якая ледзь не трапіла чайкам на сняданак...

Ці ачомаецца рыбка? Ці будзе жыць? Вось што непакоіла хлопчыка.

Потым мы бачылі чомгу.

Чорная, з белымі грудкамі, яна спакойна плавала ў возеры, высока ўзняўшы на даволі доўгай шыі прыгожую галоўку.

Алік доўга і ўважліва прыглядаўся да птушкі. Потым здзіўлена запытаўся ў мяне:

- Тата, а чаму ў чомгі дзве галавы? Адна на шыі, а другая, маленькая, - на спіне...

Я растлумачыў, што ў чомгі, як і ва ўсіх птушак і жывёл, - акрамя, вядома, казачных, - адна галава. А маленькая галоўка належыць птушаняці. Яно сядзіць у маці на спіне, увабраўшыся ў цёплае пуховае пер'е. Такая ўжо ў гэтых птушак завядзёнка. Як вылупіцца з яйка птушаня, так чомга і цягае яго ўсюды з сабою.

- Гэтак як ты мяне ў камандзіроўку, - хітравата глянуў Алік. - Толькі ты мяне не заўсёды бярэш...

Чомга часам давала нырца і вынырвала далёка ад ранейшага месца. А птушаня так і заставалася сядзець у яе на спіне. Як у вялікім утульным крэсле...

З мастка, перакінутага над ровам, мы назіралі, як корпаюцца ў зялёнай твані тлустыя залацістыя карасі. Нечым яны нагадвалі маленькіх парсючкоў...

Раптам Алік паднёс палец да вуснаў і паказаў на зараснікі аеру пры самым беразе. Ціха, маўляў, глядзі туды. А адтуль на адкрытую ваду выплывала цэлая качыная сям'я. Вялікая крыжанка-маці павольна і важна плыла наперадзе. А па баках і следам за ёю шыбавалі маленькія жоўценькія дзеткі. Жвавыя і мітуслівыя, яны ўвесь час папісквалі кволымі галаскамі:

- Пі-пі!

- Пі-пі-пі!

Маці скоса пазірала на іх. Як толькі якое з качанят залішне аддалялася ўбок, адставала або вырывалася наперад, яна гучна аклікала:

- Крэч-крэч! Крэч-крэч!..

І гарэза адразу вяртаўся да яе.

Зусім не звяртаючы ўвагі на нас, дружная сямейка праплыла пад мастком і накіравалася ў возера.

- Тут мясціны запаведныя, - адказаў я на Алікава пытанне. - Птушак страляць забаронена, вось яны і не баяцца чалавека...

Яшчэ адну качыную сям'ю мы бачылі, калі вярталіся ў гасцініцу. Нешырокая асфальтавая дарога вілася каля самага берага. І тут маці са сваімі пісклявымі дзеткамі не баялася людзей. Плавала між зараснікаў. Шукала спажывы ў неглыбокай вадзе.

- У адной качкі было восем качанят, у другой - дзевяць, - успамінаў Алік, беручыся за кампот, - а ўсяго - семнаццаць...

Ён нядаўна скончыў другі клас і меў ужо значны вопыт у матэматыцы.

- Вырастуць - цэлая чарада будзе, - адказаў я.

І тут у залу ўвайшла жанчына. Мажная. З завітымі рыжымі валасамі. З чорнымі бровамі. У летняй стракатай сукенцы без рукавоў. Гучна бразнула дзвярыма. Відаць, знарок. Каб на яе звярнулі ўвагу. Выгляд у яе быў незалежны. Куткі падфарбаваных вуснаў торгаліся ў ганарыстай усмешцы. А ў руцэ...

У крыху прыўзнятай правай руцэ яна трымала за шыю невялікую шэрую качачку. Пальцы з доўгімі чырвонымі пазногцямі моцна сціскалі горла птушкі. Дзюба ў качкі была шырока разяўлена. Усё цельца - і крыльцы і лапкі - бездапаможна выцягнулася ўніз.

Алік зірнуў на мяне поўнымі жалю вачыма. Быццам хацеў запытацца: ці не з тых гэта качак, якіх мы бачылі на возеры? І зноў утаропіў позірк на жанчыну...

Усе, хто сядзеў у зале, таксама глядзелі ў яе бок.

А яна, гэтак жа горда трымаючы качку ў прыўзнятай руцэ, быццам дэманструючы сваю здабычу, нетаропкім упэўненым крокам накіравалася да бліжэйшай афіцыянткі.

- Дзяўчынка! - сказала яна тонам, які не церпіць пярэчанняў. - Паклічце повара... шэф-повара. Хай прыгатуе мне гэтую птушку...

Маладзенькая афіцыянтка здзіўлена перавяла позірк з качкі на твар наведвальніцы. Потым паціснула плячыма і пабегла на кухню.

Хутка адтуль выйшаў повар. Увесь у белым. Нават вялікія пульхныя рукі, якія ён абціраў аб фартух, былі белыя. Нібы вылепленыя з цеста. Толькі шчокі пунсавелі, разагрэтыя каля пліт.

- Ну, што тут каму трэба па спецзаказе? - ветліва прагаварыў ён басавітым голасам. Але, убачыўшы абвіслую птушку ў крыху прыўзнятай руцэ жанчыны, раптам спахмурнеў. І рукі перастаў выціраць.

А жанчына зрабіла некалькі крокаў насустрач і загаварыла так, каб чулі ўсе:

- Вы не хвалюйцеся... Яна дзікая... Я сама яе... Загарала ля вады... Гляджу - плыве... Ну, я ў аер... Затаілася... Яна хоць і дзікая, а не баіцца... Убачыла мяне, а ўсё плыве... Я ж вёрткая... дарма, што з выгляду... Цап - за крыло... а потым - за шыю... яна туды, яна сюды - позна... Не вырвешся, даражэнькая!..

Жанчыне здавалася, напэўна, што яна зрабіла нешта гераічнае. Ва ўсякім разе - блізкае да подзвігу. Яна так была захоплена сабой, што не заўважала, як бялее ружовы твар повара, як сціскаюцца пальцы яго пульхных рук. Цяпер яны ўжо не былі падобныя на вылепленыя з цеста.

Калі б жанчына заўважыла гэта, яна даўно змоўкла б. Але яна ўсё сыпала слова за словам. Аж захліпалася...

Усе прысутныя маўчалі. Усім было сорамна. І мне, і Аліку. Вельмі сорамна.

У гэтай цішыні, як гром сярод яснага неба, грымнуў голас повара:

- Як вы маглі?!. Як?!.

Ён не мог гаварыць далей. Ад абурэння. Ад гневу.

Жанчына спачатку сумелася. Падалася крыху назад. Заморгала вейкамі. Але такі стан быў для яе нязвыклы.

- Вы што?! - абурана закрычала яна і звярнулася да ўсіх прысутных. - Гляньце!.. Звар'яцеў чалавек!.. Яна ж дзікая!..

Усе маўчалі. Толькі повар зрабіў некалькі важкіх крокаў наперад і выгукнуў аматарцы палявання проста ў твар:

- Дзікая?! Хто дзікі?! Гэта вы здзічэлі тут...

Ён змоўк, не знаходзячы патрэбных слоў. Жанчына істэрычна залямантавала:

- Я ў газету напішу!..

Тут ужо і я не вытрымаў. Падняўся з-за стала і падышоў да жанчыны:

- У газету, з вашага дазволу, напішу я. Пра вас... пра ваша дзікунства...

Жанчына кінула на мяне невідушчы ад злосці позірк:

- Гэта вам так не пройдзе!..

Больш яна нічога не паспела сказаць. Тоўсты ўказальны палец повара паказваў ёй на дзверы.

- Прэч адсюль! Прэч! - вельмі стрымана, амаль шэптам прамовіў повар.

Нешта падобнае на страх мільганула ў вачах жанчыны. Яна павярнулася і, не азіраючыся, выбегла з залы. І зрабіла гэта сапраўды спрытна. Дарма, што з выгляду непаваротлівая.

І тут усе прысутныя загулі:

- Правільна!..

- Судзіць такіх трэба!..

- Бач ты, дзікая!..

- Сама дзікая!..

А повар, зноў абціраючы рукі аб фартух, гаварыў збянтэжана:

- Прабачце, жанчына ўсё-ткі... Нельга было так...

Ці да мяне ён звяртаўся ці да ўсіх сведак таго, што адбылося, я не зразумеў. Але гэта не мае ніякага значэння.

Апошнюю кропку ўсяму здарэнню паставіў гучны стук дзверцаў легкавой машыны. Не ведаю, ці асмеліцца тая жанчына калі-небудзь яшчэ раз прыехаць сюды.

Алікаў кампот застаўся недапіты. І мой таксама. Сапсавала нам недарэка-паляўнічая ўвесь абед...

А нядаўна Алік пацікавіўся ў мяне, ці напісаў я пра гэты выпадак, пра жанчыну-драпежніцу і пра даверлівую качку. Я адклаў усе спешныя справы і вось нарэшце выканаў сваё слова.


1970-2000?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая