epub
 
падключыць
слоўнікі

Астрыд Ліндгрэн

Лота

Лота хоча вырасці
Нашы гульні
Упартая Лота
Місіс Берг
Мы едзем на пікнік
Мы едзем да бабулі з дзядулем
Лота амаль што лаецца
У Лоты нешчаслівы дзень
Лота ў турме
Каляды - гэта цудоўна!
Усё ідзе дрэнна
Лота пакідае дом
Куды ідзе Лота?
Да Лоты прыходзяць госці
Адзінокая Лота


Лота хоча вырасці

 

Тата гаворыць, што калі не было ў хаце дзяцей, дык усюды быў мір і спакой.

Шум пачаўся з той самай хвіліны, калі троху падрос Джонас і пачаў калаціць сваёй бразготкай аб калыску.

Джонас - мой старэйшы брат. Мяне завуць Марыя, а маю маленькую сястру - Лота. Звычайна Джонас быў асабліва шумны ў нядзелю раніцай, калі тата вельмі хацеў спаць. З часам Джонас рабіў усё больш шуму, і тата празваў яго Вялікім Шумам. Мяне ён назваў Маленькім Шумам, бо я не такая шумлівая, як Джонас. Я магу быць зусім ціхай і сядзець моўчкі.

Калі ў нашай сям'і з'явілася Лота, тата даў ёй мянушку Маленькі Арэшак, я і сама не ведаю чаму.

Мама называе нас сапраўднымі імёнамі: Джонас, Марыя і Лота. Іншы раз яна, а таксама Джонас і Лота завуць мяне Міа-Марыя.

Мартэнсаны - наша прозвішча, і мы ўсе жывём у доме, пафарбаваным у жоўты колер.

Часам Лота злуецца, што яна не такая вялікая, як мы. Нам дазваляюць хадзіць на плошчу самім, а Лоце не.

Джонас і я ходзім туды кожную суботу, каб купіць у краме цукеркі. Але мы заўсёды прыносім цукеркі і Лоце, таму што так трэба рабіць.

Мінулай вясной, у адну з субот, ішоў такі густы дождж, што нам трэба было б застацца дома. Але мы, узяўшы вялікі парасон нашага таты, усё роўна адправіліся за цукеркамі. Мы купілі мятныя цукеркі і жвачкі, з якіх выдзімалі маленькія шарыкі. Калі мы вярталіся дамоў пад парасонамі і смакталі цукеркі, Лота назірала за намі праз акно.

Няшчасная Лота! Ішоў дождж, і ёй не дазвалялі нават гуляць на вуліцы.

- І чаму гэтаму дажджу трэба ісці? - спытала Лота.

- Каб гародніна расла, і нам было б што есці, - адказала мама.

- Але ж чаму трэба ісці дажджу на плошчы? - спытаў Джонас. - Мо каб раслі цукеркі?

Гэта рассмяшыла маму.

Увечары, калі мы ўжо леглі спаць, Джонас сказаў мне:

- Даражэнькая Марыя, калі мы паедзем да бабулі з дзядулем, мы больш не будзем саджаць моркву на агародзе, мы лепш пасадзім цукеркі.

- Але ж морква больш карысная для зубоў, - адказала я. - Мы маглі б паліваць іх, - я мела на ўвазе цукеркі, - маёй палівачкай.

Мне было вельмі прыемна нават успамінаць аб маёй маленькай, зялёненькай палівачцы. Яна стаяла на паліцы ў падвале дома маіх бабулі і дзядулі ў вёсцы. Мы заўсёды жылі там летам.

Вы ніколі не здагадаецеся, што зрабіла Лота, калі мы былі там мінулым летам. За клуняй знаходзілася вялікая куча гною. Містэр Джонас, дзядулеў памочнік, раскідваў гэты гной па зямлі, каб расла лепш гародніна.

- Чаму патрэбна ўгнаенне? - спытала Лота.

- Усё расце лепш, калі яго раскідаць па зямлі, - адказаў ёй тата.

- І трэба яшчэ, каб дождж пайшоў, - дадала Лота. Яна памятала, што гаварыла мама Джонасу, калі ішоў дождж у тую суботу.

- Правільна, Лота. - Тата быў вельмі задаволены.

Апоўдні пачаўся моцны дождж.

- Ці бачыў хто-небудзь Лоту? - спытаўся тата.

Мы ўсе паціскалі плячыма. Ніхто не бачыў яе ўжо даўно, і мы пачалі яе шукаць.

Спачатку мы шукалі яе ў хаце - у шафе, у паддашку, у падвале. Але Лоты не было нідзе.

Тата расхваляваўся. Ён абяцаў маме глядзець за намі. «Можа, яна на вуліцы?» - падумаў ён.

Мы пайшлі да клуні. Мы абшукалі ўсе куточкі, злазілі на вышкі, але Лоты не было нідзе.

Потым мы паглядзелі за клуню. Вось яна дзе была. Пад дажджом, прамоклая наскрозь, яна стаяла ў сярэдзіне гнаявой кучы.

- Што ты тут робіш, Маленькі Арэшак? - усклікнуў тата.

- Я хачу вырасці і быць такой жа вялікай, як Джонас і Марыя, - адказала Лота.

Часам Лота можа так дзяцініцца!

 

Нашы гульні

 

Кожны дзень Джонас і я распачынаем гульні. Мы дазваляем Лоце гуляць з намі, калі яна ўжо ведае правілы гульні.

Але часам, калі мы гуляем у піратаў, мы не хочам, каб Лота была з намі. Яна ўвесь час блытаецца пад нагамі і падае са стала, які як быццам з'яўляецца нашым караблём. Потым яна плача, скардзіцца, але зноў і зноў хоча гуляць з намі.

Гэтымі днямі Джонас і я гулялі ў піратаў, і мы ніяк не маглі адчапіцца ад Лоты. Тады Джонас спытаў яе:

- Ці ведаеш ты, што трэба рабіць, калі гуляеш у піратаў?

- Калі ты пірат, ты ўзлазіш на стол, а потым саскокваеш з яго, - адказала Лота.

- Але ж можна зрабіць і лепш, - сказаў Джонас. - Запаўзці пад ложак і ціха-ціха ляжаць там.

- Чаму? - спытала Лота.

- Ты толькі ляжыш там, прытвараючыся піратам, і гаворыш увесь час: «Хачу есці, хачу есці, хачу есці». Гэта якраз тое, што піраты і робяць, - сказаў Джонас.

І Лота паверыла, што гэта сапраўды так. Яна забралася пад ложак і паўтарала: «Хачу есці, хачу есці».

Мы з Джонасам уладкаваліся на стале, які быў нашым караблём, і паплылі, а Лота тым часам сядзела пад ложкам і бубніла: «Хачу есці, хачу есці». Было нават больш цікава сачыць за Лотай, чым гуляць у піратаў.

У рэшце рэшт Лота спытала:

- Як доўга піратам трэба сядзець пад ложкам, гаворачы гэтыя словы?

- Да калядаў, - адказаў Джонас.

Лота выпаўзла з-пад ложка:

- Я не хачу больш быць піратам, таму што яны мне не падабаюцца.

Іншы раз Лота - добры памочнік у нашых гульнях. Напрыклад, калі мы гуляем у анёлаў - у анёлаў-захавальнікаў. Тады нам патрэбен хтосьці, каго трэба абараніць; мы абараняем Лоту. Яна ляжыць у сваім ложку, а мы стаім побач і размахваем рукамі, нібы анёлы, якія лятаюць і махаюць крыламі. Але Лоце гэтая гульня не падабаецца таксама, таму што яна зноў павінна ляжаць ціхенька. Гэта тое ж самае, што яна робіць, калі мы гуляем у піратаў, толькі на гэты раз ёй трэба ляжаць на ложку, а не пад ім.

Часам мы гуляем у бальніцу. Джонас - урач, я - сядзелка, а Лота - хворае дзіця, якое зноў ляжыць у ложку.

- Зноў мне ляжаць у ложку, - сказала Лота, калі мы неяк папрасілі яе пабыць хворай. - Я хачу быць доктарам і ўсунуць лыжку ў рот Марыі.

- Ты не зможаш быць доктарам, - сказаў Джонас, - таму што ты не ўмееш напісаць рэцэпт.

- Што я не ўмею напісаць? - спытала Лота.

- Рэцэпт - гэта тое, што піша доктар. Ён гаворыць табе аб тым, як ты павінна даглядаць за хворымі дзецьмі, - адказаў Джонас.

Джонас ужо навучыўся пісаць друкаванымі літарамі, хаця ён яшчэ не ходзіць у школу. Чытаць ён таксама можа. Але мы не пойдзем у школу, пакуль нам не споўніцца сем гадоў.

Аднак мы прымусілі Лоту легчы ў ложак і прыкінуцца хворай.

- Як ты сябе адчуваеш, мая маленькая дзяўчынка? - спытаў Джонас. Ён гаварыў, нібы доктар, які прыходзіць да нас, калі ў нас адзёр.

- Хачу есці, хачу есці, хачу есці, - паўтарала Лота. - Я раблю выгляд, што я пірат.

- Не дуры! - крыкнуў Джонас. - Спыніся! Мы не дазволім табе гуляць з намі, калі ты будзеш рабіць такое глупства.

Лота супакоілася і зноў стала «хворай». Яна нават дазволіла нам налажыць павязку на руку, а таксама і на грудзі. Скрозь павязку на грудзях Джонас пачуў, што сэрца было вельмі хворае. А калі ён засунуў лыжку ёй у горла, то аказалася, што і горла было вельмі і вельмі хворае.

- Прыйдзецца зрабіць ёй укол, - сказаў ён.

Аднойчы, калі Джонас быў хворы, доктар рабіў яму ўколы, і ён хутка ачуняў, і вось таму ён хацеў зрабіць укол Лоце. Ён узяў цыравальную іголку, якая была вельмі падобна на іголку доктара.

Але Лота не хацела ніякіх уколаў, - яна брыкалася, пішчала:

- Не хачу я гэтых уколаў!

- Ну, дурненькая, мы ж не ўзапраўду, - адказаў Джонас. - Я ж не збіраюся ўтыкаць у цябе гэтую іглу, ці ж ты не разумееш?!

- Усё роўна не хачу ўколаў, - енчыла Лота.

І мы амаль што спынілі гэтую гульню.

- Але ж я ўсё-такі выпішу рэцэпт, - сказаў Джонас. Ён сеў за стол і алоўкам напісаў друкаванымі літарамі на шматку паперы, але ж я не магла гэта прачытаць. Вось што там было: «За хворай дзяўчынкай трэба даглядаць. Ёй павінен зрабіць укол доктар Джонас Мартэнсан».

Нам з Джонасам спадабалася гуляць у бальніцу. А Лоце - не.

 

Упартая Лота

 

Наш тата вельмі смешны. Калі ён вяртаецца дадому з работы, Джонас, я і Лота сустракаем яго, і тата звычайна гаворыць: «О, божа літасцівы! Колькі ж гэта ў мяне дзяцей!»

Аднойчы мы схаваліся за вешалкай і сядзелі там ціхенька, дык тата сказаў маме:

- Што гэта здарылася, чаму так ціха? Ці мае дзеці захварэлі?

Тут мы і выскачылі з рогатам.

- Вы ж не палохайце мяне так, - сказаў тата. - Калі я вяртаюся дадому, дык павінен стаяць лямант і гоман, інакш я буду непакоіцца.

Аднойчы два грузавікі сутыкнуліся на вуліцы якраз насупраць нашага дома, і лязгат быў такі, што Лота прачнулася.

- Што зрабіў Джонас на гэты раз? - запытала яна спрасонку. Лота была ўпэўнена, што ўвесь шум і лязгат ідзе ад Джонаса.

Лота - такая маленькая, і ў яе такія тоўсценькія ножкі, што нам з Джонасам вельмі падабаецца ціскаць яе. Але ёй гэта зусім не падабаецца.

Лоце не падабаецца шмат чаго. На мінулым тыдні яна кашляла, і мама прымушала яе прыняць лякарства. Але Лота сціснула рот і затрэсла галавой.

- Ты такая дурненькая, - сказаў ёй Джонас.

- Я не дурненькая, - адказала Лота.

- Ты дурненькая таму, што не п'еш лякарства ад кашлю, - сказаў Джонас. - Калі мне трэба было прымаць лякарства, я вырашыў адразу выпіць яго, і ўсё тут.

- А калі мне трэба прымаць лякарства, я адразу вырашаю не піць яго, і ўсё тут, - адказала Лота.

Яна моцна-моцна сціснула рот і пакруціла галавой. Мама пагладзіла яе па галоўцы.

- Мая ты небарака, мая ты Лотачка, табе прыйдзецца ўвесь час ляжаць тут і кашляць.

- І добра, бо я зусім не хачу спаць, - радасна адказала Лота.

Ведаеце, Лота ўвечары не хоча класціся спаць. Я таксама не вельмі ахвотна раблю гэта. Але ў нашай мамы дзіўныя звычкі! Увечары, калі мы не хочам спаць, яна прымушае нас класціся, а раніцай, калі мы хочам спаць, яна прымушае нас уставаць.

Лоце, нарэшце, трэба было прыняць гэтае лякарства, бо на наступны дзень у яе пацякло з носа і яна стала кашляць яшчэ больш. Мама не дазволіла ёй выходзіць з дому. Яна папрасіла мяне схадзіць да Вулвэрса і купіць нешта для яе. Я хуценька пабегла. Калі ўжо была ля прылаўка і чакала прадаўца, нечакана ўвайшла Лота. З яе носа цякло яшчэ больш.

- Ідзі дадому, - сказала я.

- Не пайду, - адказала Лота. - Мне таксама падабаецца ў Вулвэрса.

Яна чхала і чхала, і нарэшце жанчына, якая стаяла побач з намі, спытала ў яе:

- У цябе ёсць насоўка?

- Ёсць. Але я не пазычаю яе незнаёмым, - адказала Лота.

Аднойчы мама павяла нас да дантыста - Джонаса, мяне і Лоту. Мама заўважыла маленькую дзірачку ў адным з зубоў Лоты. Дантыст збіраўся запламбаваць яе.

- Калі ты добра сябе будзеш паводзіць у дантыста, я дам табе дзесяць пенсаў, - паабяцала мама Лоце.

Мама чакала нас у прыёмным пакоі, пакуль мы былі ў дантыста. Спачатку ён паглядзеў мае зубы, але ў мяне не было ніякіх дзірак, і я пайшла да мамы ў прыёмны пакой. Мы доўга чакалі Джонаса і Лоту.

Нарэшце мама сказала:

- Дзіўна, што Лота не крычыць!

Праз хвіліну адчыніліся дзверы і выйшла Лота.

- Ты добра сябе паводзіла? - спытала мама.

- Ён вырваў зуб, - адказала Лота.

- І ты не плакала? Якая ж ты смелая дзяўчынка!

- Не, я не плакала, - адказала Лота.

- Ты сапраўды вельмі паслухмяная дзяўчынка, - сказала мама. - Вось твае дзесяць пенсаў.

Лота ўзяла дзесяць пенсаў і паклала іх у кішэню. Яна была вельмі задаволена.

- Дай я зірну, можа, кроў цячэ? - запыталася я.

Лота разявіла рот, і я вельмі здзівілася:

- Ён жа не вырваў ніводнага зуба!

- Не, вырваў... у Джонаса, - адказала Лота.

Потым выйшаў Джонас з дантыстам.

- Я нічога не мог зрабіць з вашай маленькай дзяўчынкай, яна так і не адкрыла рот, - сказаў дантыст.

- Нам усюды і заўжды сорамна за гэтае дзіця, - сказаў Джонас, калі мы ішлі дадому.

- Але ж я яго зусім не ведаю, - сказала Лота. - Чаму я павінна адкрываць рот перад тым, каго я не ведаю?!

Тата заўсёды гаворыць, што Лота ўпартая, як стары мул.

 

Місіс Берг

 

Місіс Берг - наша суседка. Нам вельмі падабаецца гасцяваць у яе. Паміж яе садам і нашым - плот, які мы з Джонасам пералезці можам, а Лота не. Але сабака місіс Берг вырыў яму пад плотам, і Лота магла прапаўзці там.

Гэтымі днямі мы былі ў місіс Берг. У яе ёсць камода з маленькімі шуфлядкамі, якія напоўнены цікавымі рэчамі.

- Місіс Берг, дазвольце, калі ласка, паглядзець на гэтыя цікавыя рэчы, - папрасіў Джонас.

- Добра, - адказала яна і паказала ляльку, з якой яна гуляла, калі была яшчэ маленькай. Ляльку звалі Роза.

Місіс Берг - вельмі старая, але ж не такая старая, якой яе ўяўляе сабе Лота.

- Ці бралі вы Розу з сабой у Ноеў каўчэг? - спыталася Лота.

Нядаўна тата расказваў нам пра Ноеў каўчэг і пра тое, як стары Ной пабудаваў вялізную лодку, якая і звалася каўчэгам. А потым, на працягу некалькіх тыдняў, ішоў моцны дождж, і ўсе людзі, хто не быў з Ноем у лодцы, патанулі. Гэта здарылася шмат вякоў таму назад.

Місіс Берг засмяялася і адказала:

- Лота, даражэнькая, я не была ў Ноевым каўчэгу!

- Як жа тады здарылася, што вы не патанулі? - спыталася Лота.

Потым місіс Берг паказала нам, як яна зрабіла з адной з шуфлядак ложак для Розы. Матрац быў зроблены з ружовай тканіны, а коўдра - з зялёнага саціну. На Розе была блакітная вопратка.

У другой шуфлядцы я ўбачыла маленькі шкляны кошык з ружовымі кветачкамі ў ім.

- Можна, мы пагуляем з Розай і з гэтым кошыкам? - спыталася Лота.

Місіс Берг дазволіла, і мы павесілі гэты кошык на руку Лоце, як быццам яна - Чырвоная Шапачка, якая ідзе да сваёй бабулі і нясе ёй ежу і бутэльку з сокам. На піяніна стаяла ваза з цукеркамі. Цукеркі былі падобны на бутэлечкі і закручаны ў бліскучыя паперкі.

Мы паклалі ў кошык адну з цукерак, а таксама разынкі і міндаль, якія нам дала місіс Берг. Сабака місіс Берг, Скоці, быў ваўком. Я была бабуляй, а Джонас быў паляўнічым, які прыйдзе і заб'е ваўка.

- А што мне рабіць? - закрычала Лота. - Ці ж вы не хочаце, каб я была кімсьці?

Мы далі Лоце Розу і шкляны кошык і сказалі, што трэба рабіць Чырвонай Шапачцы. Але калі Чырвоная Шапачка прыйшла да бабулі - а гэта была гасціная місіс Берг, - у кошыку не было ўжо ні разынак, ні міндаля.

- А дзе ежа для бабулі? - спытаў Джонас.

- Роза з'ела, - адказала Лота.

Пасля гэтага Джонас не хацеў больш гуляць з Лотай у Чырвоную Шапачку. А Скоці стаміўся прыкідвацца, што ён збіраецца з'есці бабулю. Джонас вісеў на ім увесь час, а Скоці віляў хвастом і нарэшце збег. Ён запоўз пад канапу і час ад часу выглядваў адтуль і гаўкаў. Скоці заўсёды падабаецца, калі мы прыходзім да місіс Берг.

Потым мы перагледзелі ўсе астатнія рэчы ў шуфлядках місіс Берг. Там быў ігольнік з чырвонага саціну, як сэрца, і маленькая карціна ў залатой раме, дзе быў намаляваны прыгожанькі анёл з доўгімі валасамі. У яго былі вялікія крылы, а апрануты ён быў у белую кашулю. Лоце падабаюцца малюнкі, мне таксама.

- Як жа гэта анёл змог апрануцца ў кашулю? У яго ж крылы. - Хацела ведаць Лота.

- Можа, ззаду ў кашулі ёсць маланка? - спытаў Джонас.

Місіс Берг зрабіла для нас вафлі. Калі мы прыходзім да яе, яна заўсёды частуе нас вафлямі.

- Сёння цёплы веснавы дзень, і вы можаце есці вафлі з гарачым шакаладам у садзе, - сказала яна.

Місіс Берг пайшла ў кухню, а мы засталіся ў гасцінай. Было горача, і вокны былі адчынены. Джонас і я высунуліся з акна, і Джонас кінуў мне шарык, што быў у яго кішэні. Я кінула гэты шарык Джонасу. Так мы і кідалі яго адзін аднаму, пакуль я не ўпусціла яго і ён не пакаціўся па лужку. Потым Джонас сказаў, што нам трэба паглядзець, хто з нас можа далей высунуцца з акна. Мы высунуліся так далёка, як маглі, і раптам Джонас вываліўся. Я вельмі спалохалася. Місіс Берг спалохалася таксама. Яна прыбегла, калі Джонас перакуліўся.

- Джонас! - закрычала яна.

Джонас сядзеў з вялізным гузам на лбе.

- Як гэта здарылася? - спытала місіс Берг.

- Міа-Марыя і я спрачаліся, хто можа далей высунуцца з акна, і я перамог, - адказаў ён.

У той час, калі мы з Джонасам высоўваліся з акна, Лота знайшла вязанне місіс Берг, якое ляжала на канапе. Місіс Берг вяжа світэры і прадае іх. Дык гэта Лота выцягнула пруткі і распусціла ўсё вязанне місіс Берг. Яна сядзела на канапе, уся абкручаная ніткамі.

- Лота, што ты нарабіла? - закрычала місіс Берг.

- Я вяжу сабе світэр, - адказала Лота. - І паглядзіце, якая хвалістая шэрсць.

Місіс Берг сказала, што было б лепей, калі б мы пайшлі ў сад і з'елі нашыя вафлі, а потым пайшлі дадому.

Мы сядзелі ў садзе місіс Берг, пілі шакалад і елі вафлі з цукрам. Як жа было цудоўна сядзець на сонцы, есці вафлі і карміць вераб'ёў крошкамі!

Вельмі хутка місіс Берг зноў сказала, что нам пара ісці дадому. Джонас і я пералезлі цераз плот, а Лота пралезла скрозь дзірку. Мы пайшлі ў кухню, каб паглядзець, што было на абед.

- Рыба, - адказала мама.

- А здорава, што мы з'елі так многа вафляў, - прамармытаў Джонас.

- Дык вы былі ў місіс Берг? - спытала мама. - Ці рада яна была бачыць вас?

- Вядома, - адказаў Джонас. - Яна была рада два разы: першы раз, калі мы прыйшлі, а другі - калі развіталіся.

Сапраўды, місіс Берг - гэта найлепшы чалавек, якога мы ведалі.

 

Мы едзем на пікнік

 

Аднойчы тата сказаў:

- У нядзелю мы едзем на пікнік!

- Ур-а-а! - закрычалі Джонас і я.

- Ура пікніку! - крыкнула Лота.

У нядзелю мама ўстала вельмі рана і зрабіла бутэрброды і аладкі. Яна таксама наліла гарачы шакалад у адзін з тэрмасаў для нас, каву - у другі для сябе і таты. Ліманад мы таксама збіраліся ўзяць з сабой.

Тата падагнаў машыну да дзвярэй.

- А зараз давайце паглядзім, як мы зможам уціснуцца ў гэтую лялечную машыну, - сказаў ён. - Як жа мы зможам знайсці месца для мамы, Вялікага Шуму, Маленькага Шуму, Маленькага Арэшка, дваццаці шасці аладак, ды я яшчэ не ведаю, колькі бутэрбродаў?

- І Бэмсі, - сказала Лота.

Бэмсі - гэта вялікае, ружовае, зробленае з матэрыі парасё, якога Лота валачэ за сабой усюды. І думае, што гэта мядзведзь, і таму кліча яго Бэмсі-медзведзяня.

«Гэтае парасё заўсёды было парасём!» - настойліва гаварыў ёй Джонас.

Вось і зараз Лота плача і гаворыць, што гэта медзведзяня.

- Мядзведзі не бываюць ружовыя, - спрачаецца Джонас. - Дарэчы, Лота, ён палярны ці звычайны мядзведзь?

- Гэта мядзведзь, у якога колер такі ж самы, як у парасяці, - адказвае Лота.

Лота, натуральна, хацела, каб яе ружовы мядзведзь паехаў з намі на пікнік. Таму калі мы ўсе ўладкаваліся ў машыне, яна раптам спытала:

- Мама, а ці могуць свінні мець дзяцей?

- Ты маеш на ўвазе Бэмсі ці сапраўдных свіней? - спытала мама.

Лота адказала, што яна гаворыць пра сапраўдных свіней, а не пра Бэмсі. Тады мама растлумачыла, што сапраўдныя свінні могуць мець дзяцей.

- Зразумела, не могуць, - сказаў Джонас.

- Але ж ты добра ведаеш, што могуць, - адказала мама.

- Немагчыма, каб яны мелі дзяцей, - зноў заспрачаўся Джонас. - У іх могуць быць толькі маленькія парасяты.

Мы ўсе засмяяліся, і тата заўважыў, што Вялікі Шум, Маленькі Шум і Маленькі Арэшак - самыя разумныя дзеці, якіх яму даводзілася сустракаць.

Мы ўсё ехалі і ехалі, пакуль не дабраліся да невялічкага возера. Тата пакінуў машыну на дарозе ў лесе, а мы ўсе дапамаглі несці рэчы для пікніка да возера.

Доўгі мол спускаўся ў ваду, і Джонас з Лотай хацелі дайсці да канца гэтага мола, каб паглядзець, ці ёсць у возеры рыба. Мама села на траву і сказала тату:

- Я збіраюся ляжаць увесь дзень і не варушыцца. Ты сам паклапаціся аб дзецях.

Тата пайшоў з намі да канца мола. Мы леглі на жываты і сталі сачыць за тым, як у вадзе мітусіліся маленькія рыбкі. Тата зрабіў нам вуды з доўгіх галінак і прыладзіў да іх кручкі. Мы сталі вудзіць рыбу. Але ж, на жаль, мы нічога не злавілі.

Потым мы пайшлі ў лес. Маці папярэдзіла нас, каб мы не хадзілі вельмі далёка.

Мы ўбачылі, як птушка лётае каля куста. Калі мы падышлі бліжэй, мы разгледзелі птушынае гняздо з чатырма блакітнымі яйкамі. Гэта былі найпрыгажэйшыя яйкі, якія я калі-небудзь бачыла. Лота ўсё хацела застацца тут і яшчэ паглядзець на гняздо. Яна трымала Бэмсі так, каб ён таксама мог усё добра бачыць. Але Джонас і я знайшлі вельмі цудоўнае дрэва, на якое можна было б залезці, і прымусілі Лоту пайсці з намі.

Ні я, ні Джонас не баімся лазіць па дрэвах, а Лота баіцца, таму нам прыйшлося дапамагчы ёй узбірацца наверх.

Потым яна пачала хныкаць:

- Зніміце мяне, зніміце мяне!

Калі яна была ўжо ўнізе, дык сярдзіта паглядзела ўверх на дрэва і сказала:

- Толькі звар'яцелыя людзі залазяць на такое дрэва!

Мы не дабраліся да самага верху, калі мама пазвала нас есці, і мы паляцелі да возера. Мама паслала абрус на траве, вылажыла на яго бутэрброды, аладкі і ўсё астатняе. Яна нават паставіла ў сярэдзіне вазачку з люцікамі.

Мы ўсе селі на траву і пачалі гаварыць, што лепей есці тут, а не ў сталовай дома. Аладкі былі вельмі смачныя, таму што мы клалі на іх джэм. Бутэрброды былі цудоўнымі таксама. Мне спадабалася смачнае мяса, а Джонасу - яйкі і камса, і мы імі абменьваліся. А Лоце спадабалася ўсё, і яна ні з кім не дзялілася, ды акрамя таго, яна заўсёды была галодная. Яна адмовілася есці толькі аднойчы, і гэта здарылася, калі Лота захварэла. Тады мама была вельмі занепакоена тым, што Лота нічога не ела. Аднойчы вечарам, у час малітвы, яна сказала: «І дарагі Божа, зрабі так, каб я захацела есці зноў, але толькі не піражкі з сёмгай!»

У нас у кожнага была бутэлька ліманаду. Лота пайшла на бераг возера, каб пакласці пяску ў ліманад, і калі мы спыталі яе, чаму яна так зрабіла, яна адказала:

- Я хачу толькі паспытаць яго на смак.

Пасля абеду тата распластаўся на траве.

- На сонцы так хораша, што я крыху ўздрамну, - сказаў ён. - А вы, дзеці, пакуль што паклапаціцеся аб сабе самі. Але памятайце, што вам забаронена хадзіць на мол!

Мы не пайшлі на мол. Трошкі далей, бліжэй да возера, быў вялікі абрыў. Мы забраліся на яго, таму што Джонас хацеў паказаць, як нырае тата.

- Ён гэта робіць вось так, - сказаў Джонас, выцягваючы рукі ўперад і падскокваючы.

Калі мы пачалі нешта ўсведамляць, Джонас быў ужо ў вадзе. Хаця ён, відаць, не хацеў гэтага. А горш за ўсё было тое, што мама не дазволіла нам гуляць каля вады, таму што было занадта холадна. Але ён упаў у ваду, як камень. Лота і я ўскрыкнулі. Я знайшла доўгую палку, якая ляжала на абрыве, і калі Джонас паказаўся на вадзе зноў, ён ухапіўся за яе. А Лота толькі смяялася. Адразу ж прыбеглі мама і тата. Тата выцягнуў Джонаса з вады.

- Божа мой, Джонас, што ж ты робіш? - спытала мама.

- Ён толькі хацеў паказаць нам, як нырае тата, - сказала Лота. Потым яна засмяялася зноў, таму што мокрыя штаны Джонаса здаліся ёй вельмі смешнымі.

Джонасу прыйшлося зняць з сябе ўсю адзежу, а мама павесіла яе на дрэва, каб яна прасохла. Але ж адзежа была яшчэ мокрая, калі нам трэба было вяртацца дадому, таму Джонасу прыйшлося сядзець у машыне захінутым у коўдру.

Лоце ўсё здавалася смешным. Але раптам яна перастала смяяцца. Яна не магла знайсці Бэмсі. Мы шукалі яго ўсюды. Але ён знік. Мама сказала, што нам, відаць, прыйдзецца паехаць без яго, і ад гэтага Лота ўскрыкнула яшчэ мацней, чым тады, калі Джонас упаў у возера.

- Бэмсі, можа, правядзе цудоўную ноч у лесе адзін, - сказаў тата. - Заўтра я вярнуся сюды і пастараюся знайсці яго.

Аднак Лота ўсё плакала і плакала:

- А можа, раптам злая старая ведзьма прыйдзе і напалохае яго?!

- Калі Бэмсі сустрэне ведзьму, то, можа, менавіта яна, а не ён спалохаецца, - супакойваў тата.

- Ці можаш ты ўспомніць, калі ты апошні раз трымала ў руках Бэмсі? - спытала мама.

Лота паспрабавала ўспомніць.

- У дванаццаць гадзін, - сказала яна.

Але паколькі Лота не арыентавалася ў часе, вядома, гэта была вялікая хлусня.

Тата гаворыць, што наша Лота - гэта такі Маленькі Арэшак, які гаворыць усё, што прыходзіць яму ў галаву.

Раптам я ўспомніла, што Лота трымала Бэмсі, калі мы назіралі за птушыным гняздом. Мы ўсе разам пайшлі да дрэва, і там, побач з гняздом, сядзеў Бэмсі.

Лота падхапіла яго, пацалавала ў нос і сказала:

- Дарагі Бэмсі, ты ўвесь час сядзеў і глядзеў на гэтыя блакітныя яйкі?!

- Няшчасная мама-птушка, відаць, не асмелілася падляцець да сваіх яек увесь дзень, - сказаў Джонас. - Ружовыя мядзведзі часам бываюць самымі лепшымі пудзіламі.

- Бэмсі нічога не кранаў, - сказала Лота. - Ён толькі сядзеў і глядзеў на яйкі.

Мы ўсе селі ў машыну і паехалі дадому. Джонасу прыйшлося сядзець усю дарогу ўхутаным у коўдру.

У той вечар тата і мама прыйшлі ў наш пакой, каб сказаць нам добрай ночы. Тата нахіліўся над ложкам Лоты. Побач з ёй ляжаў Бэмсі. Тата сказаў:

- Ну што, Маленькі Арэшак, што табе спадабалася больш за ўсё? Іду ў заклад, відаць, тое, што мы знайшлі Бэмсі.

- Не, лепш за ўсё было тое, што Джонас упаў у возера, - адказала Лота.

 

Мы едзем да бабулі з дзядулем

 

Летам мы з мамай ездзім у вёску да бабулі і дзядулі. Тата едзе з намі, калі ў яго адпачынак. Мы едзем цягніком, таму што мама не можа вадзіць машыну.

- Старайцеся добра сябе паводзіць у дарозе і не турбаваць маці, - сказаў тата.

- Мы павінны добра паводзіць сябе толькі ў цягніку? - удакладніў Джонас.

- Не, усюды, - адказаў тата.

Калі цягнік крануўся, тата памахаў нам рукой, і мы махалі яму ў адказ.

У купэ мы былі амаль што адны, толькі ў апошні момант у купэ ўціснуўся нейкі пажылы чалавек. Лота трымала Бэмсі, а я сваю самую вялікую ляльку, якую звалі Мод Івон Марлен. У пажылога джэнтльмена была на падбародку бародаўка, і калі ён выйшаў у калідор, каб паглядзець з акна, Лота выразна прашаптала маці:

- У гэтага старога чалавека ёсць бародаўка на падбародку.

- Ціха, - сказала мама. - Ён можа пачуць цябе.

Лоту гэта здзівіла, і яна сказала:

- А хіба ён не ведае, што ў яго ёсць бародаўка на падбародку?

Увайшоў кандуктар, каб сабраць білеты. У нас было толькі два білеты: адзін для маці, другі для Джонаса і мяне.

- Колькі гадоў гэтай дзяўчынцы? - спытаў кандуктар, паказваючы на мяне.

Я адказала, што хутка мне будзе шэсць. Ён не спытаў, колькі гадоў Лоце, таму што было відаць, што яна яшчэ занадта маленькая, каб мець білет. Да пяці гадоў білет не патрэбны ў тых мясцінах, дзе мы жывём. Але ж Лота сказала яму:

- Мне чатыры гады, маме - трыццаць два. А гэта - Бэмсі.

Кандуктар засмяяўся ў адказ і сказаў:

- На гэтым цягніку ўсе Бэмсі могуць ехаць без білетаў.

Спачатку мы сядзелі вельмі ціха і глядзелі ў акно. Але неўзабаве мы стаміліся ад гэтага. Джонас і я выйшлі ў калідор і пайшлі ў суседняе купэ, дзе пачалі гаворку з людзьмі. Час ад часу мы вярталіся да мамы, каб яна не хвалявалася. Мама была занята тым, што расказвала Лоце цікавыя гісторыі, каб Лота сядзела ціха. Яна не хацела, каб наша малая выходзіла ў калідор, бо нікому не вядома, што можа зрабіць Лота ў наступную хвіліну.

- А зараз раскажы мне пра двух казлоў, інакш я пайду ў калідор, - гаварыла Лота пасля чарговай мамінай гісторыі.

У абед мы елі бутэрброды і пілі ліманад. Лота ўзяла кавалачак кілбасы з свайго бутэрброда і прыляпіла яго да акна. Мама вельмі раззлавалася на яе.

- Лота, навошта ты прыляпіла кілбасу да акна?

- Таму што яна трымаецца на акне лепш, чым шарыкі з мяса, - адказала Лота.

Тады мама сапраўды раззлавалася на яе. Вядома, прыйшлося ж доўга церці тое акно, каб яно зноў стала чыстым.

Калі цягнік спыніўся на адной станцыі, Джонас вырашыў, што і мне і яму трэба выйсці, каб глытнуць свежага паветра. Мы ніяк не маглі адчыніць дзверы, аднак нейкая жанчына дапамагла нам.

- Вы выходзіце на гэтай станцыі? - спытала яна.

- Так, - адказалі мы. Але мы хацелі толькі на хвілінку выйсці на гэтым прыпынку, а потым збіраліся вярнуцца.

Мы пакінулі наш вагон, пайшлі ўздоўж усяго цягніка і селі ў апошні вагон. Пасля мы пайшлі па ўсім цягніку да нашага купэ. Мама і жанчына, якая дапамагла нам адчыніць дзверы, размаўлялі з кандуктарам. Мама плакала:

- Але вы павінны спыніць цягнік. Мае дзеці выйшлі!

- Мама, мы вярнуліся! - крыкнуў Джонас, калі мы падбеглі да яе.

Потым мама пачала плакаць зноў, а жанчына, якая дапамагла нам адчыніць дзверы, накрычала на нас. Я, відаць, ніколі не зразумею чаму. Яна ж была адзіная, хто дапамог нам сысці з цягніка.

- А зараз ідзіце ў купэ, сядзіце там і не варушыцеся, - загадала мама.

Але ў купэ не было Лоты.

- Дзе Лота? - спыталася я.

Мама амаль што зноў пачала плакаць.

У рэшце рэшт мы знайшлі Лоту ў купэ, якое было вельмі далёка ад нашага. Яна была вельмі занята тым, што расказвала нейкую гісторыю вялікай колькасці людзей. У той момант, калі мы падышлі, яна гаварыла:

- У нашым купэ едзе чалавек, у якога на падбародку ёсць бародаўка, але ён пра гэта не ведае.

Мама схапіла Лоту і штурхнула яе назад у наша купэ. А пасля ўсяго нам давялося сядзець і не варушыцца, таму што мама была вельмі і вельмі сярдзітая на нас. Яна сказала, што было б лягчэй пасвіць статак дзікіх быкоў, чым глядзець за намі.

Слова «бык» нагадала мне, што я ўбачу маленькіх бычкоў у бабулі з дзядулем, і мне стала радасна. Калі мы прыехалі на нашу станцыю, мы ўзялі таксі, каб дабрацца да бабулі з дзядулем.

Яны ўжо стаялі на ганку і махалі нам рукамі. Іхні сабака Лукас брахаў і скакаў. Усё наваколле пахла летам.

- Калі ласка, мая даражэнькая! - сказала бабуля.

- Некалькі даражэнькіх, - прамармытала мама.

- Заўтра мы зможам пакатацца на Блэкі, - сказаў дзядуля.

- Пойдзем у клець, і я пакажу вам кацянят Муролы, - гаварыла бабуля.

- А ці засталося колькі-небудзь цукерак у тваім буфеце? - спытала Лота.

- Пойдзем паглядзім, - адказала бабуля. - Штосьці там павінна быць...

І ў гэты момант мы адчулі, што прыехалі да бабулі з дзядулем.

 

Лота амаль што лаецца

 

У садзе бабулі з дзядулем сярод галінак вялікага дрэва ёсць невялічкі домік. У гэтым доміку ёсць стол, лаўкі. Ён агароджаны маленькім плотам. Узабрацца туды можна па лесвіцы. Бабуля называе яго зялёны павільён. Мне падабаецца есці ў гэтым павільёне больш за ўсё.

Калі мы прачнуліся раніцай, першае, што Джонас сказаў, было:

- Бабуля, дазволь нам есці ў зялёным павільёне!

- А як ты думаеш, ці спадабаецца Клары насіць усю гэтую ежу ўверх па хісткай лесвіцы тры разы ў дзень?

Клара - гэта служанка бабулі. Яна вельмі добрая, але ёй не падабаецца есці на дрэвах.

- Вядома не спадабаецца, - адказала Клара.

- Бабулечка, ну дазволь нам, мы самі зможам занесці ежу ў павільён.

- А калі ты не дазволіш, мы вельмі раззлуемся, - сказала Лота.

Бабуля, вядома, не хацела, каб Лота злавалася, і таму яна зрабіла вялікую колькасць аладак, паскладала іх у кошык разам з цукрам і маленькім гаршчэчкам з джэмам. Яна таксама паскладвала талеркі і відэльцы, тры кубачкі і бутэльку малака.

Потым мы падняліся ў зялёны павільён. Джонас забраўся першы, я - за ім, а за мной - Лота.

- Во будзе смешна, калі ты ўпусціш кошык, Джонас, - сказала Лота.

Але Джонас нічога не ўпусціў. Мы распакавалі ўсё і селі за стол. Есці аладкі з цукрам было вельмі смачна. Іх было так многа, што нават Лота не змагла з'есці ўсе. І вы ведаеце, што яна з імі ўсімі зрабіла? Яна павесіла іх на дрэва.

- Няхай яны будуць лісцікамі, - сказала яна.

Аладкі гайдаліся ад ветру і сапраўды выглядалі як лісточкі.

- Калі мама ўбачыць гэта, дык ты атрымаеш, - сказала я.

Але Лота не звярнула ўвагі на мае словы. Яна сядзела і назірала за сваімі аладкамі. Яна нават заспявала песню, якую тата часам напявае. Яна пачынаецца так: «Вецер калыша лісце, тра-ля...»

Неўзабаве Лота прагаладалася зноў і пачала адкусваць ад падвешаных аладак.

- Я быццам тое ягня, якое з'ядае лісце, - сказала яна.

Побач праляцела птушка, і Лота сказала ёй:

- Паклюй мае аладкі, я табе дазваляю, але толькі не Джонасу і Марыі.

Але птушка не хацела дзяўбці гэтыя аладкі. Мы ж тым часам захацелі есці зноў. Я працягнула руку да Лоты і сказала:

- Падай беднаму жабраку што-небудзь паесці!

Лота дала мне аладку, якую яна абкусвала. Я паклала на яе цукар і джэм, мне было вельмі смачна. На жаль, у мяне была толькі палова аладкі. Джонас таксама атрымаў ад Лоты аладку, калі слова ў слова паўтарыў тое, што сказала я.

Лоце падабаюцца ўсялякія глупствы. У рэшце рэшт, калі мы з'елі ўсе аладкі, яна сказала:

- Аладкі-лісточкі скончыліся. Цяпер трэба пачынаць есці зялёныя лісточкі.

Яна нарвала поўную жменю лісця і хацела, каб мы з'елі, але мы з Джонасам былі ўжо сытыя.

- Яны будуць вельмі смачныя, калі вы пакладзеце на іх цукар і джэм, - сказала Лота.

Яна гэтак зрабіла і з'ела зялёны лісточак з цукрам і джэмам.

- Ты лепш паглядзі, каб на ім не было чарвяка, - сказаў Джонас.

- Хай ён сам за сабой сочыць, - адказала Лота.

Бабуля гаворыць, што гэтае дзіця заўсёды мае на ўсё адказ.

Назаўтра, а гэта была нядзеля, бабуля прыгатавала смажаную рыбу і піражкі таксама з рыбай, і гэта было якраз тое, што Лоце спадабалася менш за ўсё.

Калі надвор'е добрае, бабуля і дзядуля заўсёды ядуць пад самым вялікім дрэвам у садзе. У гэты раз бабуля, дзядуля, мама, Джонас і я сядзелі за сталом і ўжо былі гатовы есці, але Лота гуляла з коцікам. Яна не збіралася падыходзіць да нас, хаця мама клікала яе некалькі разоў. Нарэшце, калі яна падышла да стала і ўбачыла, што было на ім, яна сказала:

- Рыба ў нядзелю. Ліха цябе бяры!

Мама вельмі раззлавалася на яе, таму што яна тысячу разоў папярэджвала Лоту, каб яна не гаварыла «ліха цябе бяры», таму што гэта не вельмі добрыя словы.

Больш таго, мама папярэдзіла Лоту, што калі яна вымавіць яшчэ раз гэтыя словы, то адразу ж вернецца ў горад і не зможа застацца тут з бабуляй.

Лоце не дазволілі сесці з намі за стол, таму што яна сказала гэтыя дрэнныя словы. І пакуль мы елі, Лота хадзіла па садзе і енчыла.

Калі ўсе разышліся, Лоце прыйшлося есці адной. Яна енчыла і енчыла. Мама растлумачыла Джонасу і мне, што пакуль Лота не стане зноў добрай дзяўчынкай, яна павінна гуляць адна. Але ж мы схаваліся за вуглом дома і сачылі, як яна плача. Нарэшце яна супакоілася, таму што зноў нешта прыйшло, відаць, ёй у галаву. Яна ўзяла рыбу са сваёй талеркі, падышла да бочкі з вадой і апусціла туды рыбу. Мама таксама назірала за Лотай.

- Ёй трохі паплаваць трэба, ліха цябе бяры!

- Лота, ці ты не памятаеш, што я табе гаварыла, - папярэдзіла яе мама.

Лота кіўнула галавой і пабегла дадому. Неўзабаве яна вярнулася з маленькім чамаданчыкам у руцэ. Па зямлі за ёй цягнуўся паясок, які звісаў з чамадана. Мама, бабуля, дзядуля і я глядзелі на яе з цікаўнасцю. Яна амаль што выйшла за вароты, але раптам павярнулася, падышла да бабулі з дзядулем і ветліва сказала:

- Я еду да таты, таму што ён лепшы за маму.

Яна не развіталася ні з Джонасам, ні з мамай, ні са мной. Мы моўчкі назіралі за ёй. Калі яна падышла да варот, дык чамусьці спынілася на хвілінку. Мама падышла да яе і запыталася:

- Лота, дык ты не едзеш?

- Ды я ж не магу адна ездзіць на цягніку, ліха цябе бяры!

Тады мама ўзяла Лоту на рукі і сказала, што было б лепей, каб яна засталася з намі, таму што ўсе будуць сумаваць без яе. Лота абняла маму за шыю і расплакалася. А са мной і Джонасам яна не гаварыла яшчэ доўга. Увечары, калі мы ўжо збіраліся спаць, да нас прыйшла бабуля, каб расказаць нам нешта цікавае з Бібліі. Яна паказала нам карцінкі з яе, на адной з якіх быў хлопчык Джозэф.

Нечакана для нас усіх Лота сказала:

- 1, 2, 3, 4, 5... бабуля, што ты сказала?

І паколькі Лота навучылася добра лічыць, яна пачала гаварыць лічбы замест «ліха цябе бяры».

 

У Лоты нешчаслівы дзень

 

Адзін з нашых любімых прытулкаў у садзе бабулі і дзядулі - гэта лялечны домік! Ён належыў маме і цётцы Кэці, калі яны былі маленькімі дзяўчынкамі. Зараз там жывуць іх лялькі. Ён пафарбаваны ў чырвоны колер і знаходзіцца ў аддаленым кутку сада, куды вядзе маленькая сцяжынка. Ля гэтага доміка ёсць маленькі поплаў, на якім растуць маргарыткі. З мэблі там былі белыя сталы і крэслы, буфет з лялечным посудам, патэльня, маленькі прас, а таксама збаночак для соку. Там было і маленькае крэселца, якое некалі належала бабулі. Цяжка ўявіць сабе, што гэтае крэселца такое старое!

Аднойчы, калі мы гулялі там, мы дамовіліся, што Джонас будзе татам, я буду мамай, а Лота будзе Кларай, нашай служанкай.

- Зараз тата збіраецца пайсці пагуляць з дзіцем, - сказаў Джонас. Ён узяў ляльчыну каляску з лялькай і пайшоў у сад.

- А я буду мыць падлогу ў кухні, - сказала Лота.

- Не, перш за ўсё давай зробім сыр, - прапанавала я.

Паколькі я была мамай, я збіралася кіраваць сама.

- Ніякага сыру, пакуль я не памыю падлогу! - адрэзала Лота.

Джонас сказаў Лоце, што яна не будзе гуляць з намі, калі не стане рабіць тое, што мы ёй гаворым. Такім чынам мы зрабілі сыр.

Калі вы робіце сыр, вам трэба ўзяць ягады і пакласці іх у насоўку. Потым вы выціскаеце ўвесь сок, а з таго, што застаецца ў насоўцы, вы робіце маленькія круглыя сыры, якія вельмі кіслыя.

- А зараз я збіраюся памыць падлогу, - сказала Лота.

Яна ўзяла вядро і пайшла ў кухню да бабулі, каб набраць вады. Калі яна вярнулася, дык выліла ўсю гэтую ваду на падлогу і, апусціўшыся на калені, пачала скрэбці падлогу шчоткай. Неўзабаве яна стала мокрая з ног да галавы.

- Лота, ты плаваеш, ці што? - спытаў Джонас, калі ўвайшоў з лялькай.

- Я мыю падлогу таму, што яе трэба памыць, - адказала Лота. - Акрамя таго, гэта вельмі цікава.

Неўзабаве яна скончыла скрэбці падлогу і засталася задаволеная. А Джонасу і мне прыйшлося выціраць за ёй. Лота ж наогул не дапамагала. Яна толькі моўчкі сачыла за намі.

Сапраўдная Клара заўсёды спявае ў кухні, калі яна там што-небудзь робіць. Іншы раз яна прытанцоўвае і спявае:

- Тра-ля-ля!

На гэты раз Лота рабіла выключна тое ж самае. Яна скакала каля стала і спявала.

Але ж адзінае, чым яна адрознівалася ад Клары, было тое, што яна ўзяла таўкачык для расцірання яек, апусціла яго ў вядро і пырскала на нас вадой. Потым яна смяялася так моцна, як толькі магла. Мы вельмі раззлаваліся на яе і сказалі, што калі яна будзе рабіць яшчэ такое глупства, ёй прыйдзецца выціраць ваду самой. Але ж Лота працягвала скакаць і пырскацца. Падлога была слізкая ад мыла, і раптам Лота ўпала і ўдарылася галавой аб буфет. Небарака Лота!

- Зусім не цікава быць Кларай, - плакала яна.

Потым яна пайшла шукаць ката, а мы з Джонасам засталіся адны. Тады мы зрабілі салат з бэзу і з'елі з сырам. Вядома ж, гэта была толькі гульня.

Хутка мы пачулі, як закрычала Лота, і ўбачылі, што яна цягае ката за хвост, а ён, небарака, мяўкае і драпае яе.

- Я ж толькі схапіла яго за хвост, а ён раззлаваўся і пачаў драпаць мяне, - крычала яна.

Мамы і бабулі не было дома, і таму мы пайшлі да Клары за ліпучым пластырам для Лоты. Але ж Клары ў кухні не было. Лота забылася закруціць кран, калі яна брала ваду, каб памыць падлогу ў лялечным доміку, і я павінна сказаць, што вады стала ў дзесяць разоў больш на падлозе ў кухні, чым было на падлозе ў лялечным доміку. Джонас прабраўся да крана і закрыў яго. Якраз у гэты момант увайшла Клара.

- Божа мой, Джонас, што ты робіш? - ускрыкнула яна, узмахнуўшы рукамі.

- Ён плавае, - смяялася Лота.

Потым Клары захацелася высветліць, хто ж забыўся закруціць кран.

- Я, - сказала Лота.

- Як жа ты забылася зрабіць гэта? - запыталася Клара.

Уздыхнуўшы, Лота адказала:

- Таму што гэта мой нешчаслівы дзень.

Мне здаецца, што ў Лоты кожны дзень нешчаслівы.

Клара выцерла падлогу і паклала ліпучы пластыр на руку Лоце. Потым яна дала нам гарачай кавы і булачак, спяваючы і прытанцоўваючы.

Лота з'ела пяць булачак, Джонас - чатыры, а я - тры.

- Але ж гэта цудоўны нешчаслівы дзень, - сказала Лота і моцна абняла Клару.

І Клара заўважыла, што Лота зусім не дрэнная дзяўчынка.

 

Лота ў турме

 

Лота можа пабіць Томаса, хаця мама забараніла Лоце біцца.

«Чаму ты ўдарыла Томаса?» - пытае заўсёды мама ў Лоты.

Тады Лота адказвае: «Таму што ён такі добры, калі плача».

Аднойчы мама прымусіла Лоту сядзець у лялечным доміку сам-насам за тое, што яна пабіла Томаса. Потым у Аны Джо з'явілася цудоўная ідэя.

- Давайце ўявім сабе, што Лота ў турме, а мы збіраемся вызваліць яе, - сказала яна. - Перш за ўсё мы павінны перадаць ёй ежу, таму што ў турме даюць толькі хлеб і ваду.

Мы пайшлі ў кухню і папрасілі Клару, каб яна дала нам некалькі мясных шарыкаў. Ана Джо паклала іх у маленькі кошык, з якім мы звычайна ходзім па суніцы. Потым Джонас і Ана Джо ўзабраліся на дах лялечнага доміка і паклікалі Лоту. Яны сказалі ёй, што яна - вязень у турме і што мы пасылаем ёй ежу праз комін. Лота высунула галаву з акна і спытала, чаму яна не можа атрымаць ежу праз акно альбо праз дзверы.

- А можа, дзверы не зачынены? - спытала Ана Джо.

- Не, гэта дрэнная турма, - сказала Лота. - Падыдзіце да дзвярэй і дайце мне мясныя шарыкі.

Ана Джо раззлавалася і сказала, што, калі знаходзішся ў турме, трэба есці ежу, якую перадалі праз комін.

- Вось так, - сказала яна.

Тады Лоце прыйшлося згадзіцца.

Ана Джо прывязала доўгую вяроўку да кашолкі і апусціла яе ўніз праз комін. Яна дазволіла Джонасу трохі дапамагчы ёй. Тым часам Томас і я павінны былі стаяць унізе і назіраць за імі.

- Вось мясныя шарыкі, - пракрычала Лота, калі зайшла ў домік, - а таксама вельмі многа сажы.

Томас і я зазірнулі праз акно ў домік і ўбачылі, як Лота з прагнасцю з'ядала мясныя шарыкі. Усе яны, а таксама твар Лоты і рукі былі пакрыты сажай. Ана Джо была вельмі задаволена, калі ўбачыла чорны твар Лоты. Зараз Лота магла быць палонным афрыканскім рабом, якога мы павінны былі ратаваць. Але Томас пачаў плакаць, таму што ён лічыў, што афрыканскія рабы вельмі небяспечныя.

- Дурненькі, табе не трэба баяцца іх, - сказала Ана Джо.

- Але ж яны выглядаюць вельмі небяспечнымі, - працягваў плакаць Томас.

Лоце спадабалася, што Томас плача, таму яна рабіла грымасы з акна. Яна паглядзела на мяне, Джонаса і сказала:

- Хтосьці з іх можа быць небяспечным, Томас. Выратуйце мяне зараз жа, таму што я хачу пайсці папужаць людзей. Мне падабаецца, калі мяне палохаюцца.

Ана Джо і Джонас пайшлі з другога боку дома, каб выратаваць Лоту праз акно. У нас былі з сабой арэлі, таму што Ана Джо сказала, што мы зможам выкарыстаць іх як мост цераз глыбокі роў, які павінен быў быць вакол турмы. Мы прыстасавалі дошку да акна, і я, і Ана Джо ўлезлі ў акно, каб выратаваць Лоту. Томас быў знадворку, сачыў за намі і плакаў.

Калі мы трапілі ў домік, то ўбачылі, што Лоты там не было. Ана Джо раз'юшылася.

- Куды ж гэтая малая знікла? - ускрыкнула яна.

- Я ўцякла, - сказала Лота, калі мы нарэшце знайшлі яе.

Яна сядзела ў парэчніку і прагна глытала парэчкі.

- Дык мы ж збіраемся выратаваць цябе, - сказала Ана Джо.

- Я выратавала сябе сама, - адказала Лота.

- З табой немагчыма гуляць, - сказаў ёй Джонас.

- Ха, ха, - хмыкнула Лота.

Потым прыйшла маці і ўбачыла, што Лота не сядзіць у лялечным доміку.

- Ты зараз добрая дзяўчынка? - спытала мама.

- Так, але ж я ўся чорная, - Лота паказала на свой твар.

Мама пляснула ў далоні і ўскрыкнула:

- Божа мой, ты толькі паглядзі на сябе!

Лоту паслалі ў ванную, дзе ёй прыйшлося скрэбці сябе з мылам амаль паўгадзіны. Пасля мы ўзялі кошык і пайшлі збіраць суніцы. У полі іх было вельмі многа. Калі мы збіралі суніцы, мы ўбачылі змяю. Усе ўскрыкнулі і напалохаліся, акрамя Томаса.

- Глядзіце, а вунь хвосцік без сабачкі, - сказаў ён.

Калі мы прыйшлі дадому, мы падзялілі суніцы паміж сабой, але ў Аны Джо ягады былі найбольшыя і самыя чырвоныя.

Томас і Лота селі на верандзе, каб есці свае ягады. Раптам Томас пачаў плакаць. Цётка Кэці выглянула з акна і спытала:

- Чаму Томас плача?

- Ён плача, таму што я не дазваляю яму есці мае ягады, - сказала Лота.

- А свае ён з'еў? - зноў спытала цётка Кэці.

- Так, - зноў адказала Лота. - Іх ужо больш няма, але ж ён плакаў таксама, калі я іх ела.

Потым выйшла мама. Яна ўзяла Лоціны ягады і аддала іх Томасу.

- Я лепш пайду спаць, - сказала Лота.

- Так, гэта будзе лепш, - адказала мама. - Ты вельмі стамілася.

- Не, мае ногі ніяк не спыняцца хадзіць. Але ж, тым не менш, я пайду спаць.

У гэты вечар Лота вельмі добра паводзіла сябе з Томасам. Ён павінен быў спаць у пакоі для гасцей адзін, але ж ён вельмі баяўся цемры і хацеў спаць з адчыненымі дзвярыма.

- Але, дарагі Томас, ты ж ніколі не баішся цемры, калі спіш дома, - сказала цётка Кэці.

- Дома - гэта ягоная цемра, цётка Кэці. Ён не звыкся з цемрай у бабулі, - растлумачыла Лота.

Томасу дазволілі спаць у нашым пакоі. Лота пацалавала яго, паклала яго ў ложак і сказала:

- Зараз я праспяваю табе, Томас, і ты не будзеш больш баяцца.

Лота заспявала Томасу калыханку, якую маці заўсёды спявае нам:

 

- Маленькія анёлы,

Распраўце свае крылы

І назірайце за нашымі дзецьмі,

Пакуль не знікне ноч...

 

- І назірайце за Лотай таксама, - дадала Лота.

 

Каляды - гэта цудоўна!

 

Аднойчы Джонас спытаў у мяне:

- Што табе падабаецца больш: сонца, месяц ці зоркі?

Я адказала, што яны мне ўсе падабаюцца, толькі, можа, зоркі трохі больш, таму што яны свецяць так хораша ў калядную ноч, а мне каляды вельмі падабаюцца!

Я спадзявалася атрымаць лыжы ў падарунак на каляды і вельмі баялася, што не будзе снегу. Лота таксама хацела, каб быў снег, таму што марыла пакатацца на санках.

Аднойчы ноччу, якраз напярэдадні каляд, калі мы ляжалі ў сваіх ложках, Лота сказала:

- Я папрасіла тату, каб ён купіў мне санкі, а зараз мне трэба папрасіць у Божанькі снегу, інакш я не змагу катацца на санках.

- Дарагі Божа, хай пойдзе снег, - малілася яна. - Падумай аб бедных кветачках. Ім патрэбна цёплая коўдра, пакуль яны спяць у халоднай зямлі. - Потым яна трошкі прыўзнялася на сваім ложку і прашаптала мне: - На гэты раз я была больш разумная. Я не сказала яму, што снег патрэбны для маіх санак.

Уявіце сабе, колькі было ў нас радасці, калі наступнай раніцай мы ўбачылі, што пайшоў снег. Джонас, Лота і я стаялі ў сваіх піжамах каля акна і сачылі за тым, як сняжынкі падалі ў наш сад і сад місіс Берг.

Мы апрануліся так хутка, як толькі маглі, і выйшлі на вуліцу. Потым мы гулялі ў снежкі і зрабілі цудоўнага снежнага чалавека, а калі тата вярнуўся дадому, ён надзеў на яго шапку.

Увесь дзень мы весяліліся, і мама была задаволена тым, што мы не блытаемся ў яе пад нагамі. Місіс Фрэнсан дапамагала ёй прыбіраць хату да каляд. Лота любіць размаўляць з місіс Фрэнсан. Яна называе яе Фрэнсан, але мама гаворыць ёй, што трэба дадаваць місіс Фрэнсан. Місіс Фрэнсан таксама любіць гаварыць з Лотай, але ж мама папрасіла яе не адказваць Лоце, калі тая будзе называць яе Фрэнсан.

У той дзень, калі мы рабілі снежнага чалавека, Лота сказала місіс Фрэнсан:

- Фрэнсан, памацай, якія ў мяне мокрыя пальчаткі!

Місіс Фрэнсан нічога ёй не адказала, тады Лота спытала зноў:

- Фрэнсан, ты бачыла нашага снежнага чалавека?

Але жанчына зноў прамаўчала.

Спачатку Лота была вельмі спакойная, але ж потым яна абурылася:

- Ліха цябе бяры, чаму ты злуешся на мяне, Фрэнсан?

Тады ёй адказала мама:

- Лота, ты ж ведаеш, што табе нельга гаварыць «ліха цябе бяры» і, акрамя таго, ты павінна гаварыць «місіс Фрэнсан».

- Тады я зусім не змагу гаварыць з ёю, - сказала Лота.

Місіс Фрэнсан сказала Лоце, што ёй вельмі падабаецца размаўляць з Лотай, і таму яна папрасіла маму, каб яна дазволіла Лоце называць яе Фрэнсан. Тады мама рассмяялася і сказала, што яна згодна.

- А як з «ліха цябе бяры»? - спытала Лота.

- Што датычыцца «ліха цябе бяры», то ўсё застаецца, як і было, - адказала мама.

Калі мама выйшла, Лота сказала:

- Зараз я ведаю, што мне рабіць. Калі я маю на ўвазе «ліха цябе бяры», я буду гаварыць Фрэнсан, таму што мама дазваляе мне гаварыць проста Фрэнсан. Фрэнсан, які цуд - каляды!

І гэта сапраўды цуд. Джонас, я і Лота дапамагалі маці, каб усё было прыгатавана да каляд. Мы нават зрабілі ў двары столік для птушак. Мама сказала, што мы ёй добра дапамаглі.

- Я нават і не ведаю, што б я рабіла без вас, - сказала яна.

Лота, якая старанна выцірала нажы, уздыхнуўшы, разважыла:

- Я не ведаю, што б я рабіла, каб у мяне мяне не было! Але ж, о Фрэнсан, як многа працаваць мне даводзіцца!

Купляць падарункі да каляд - гэта таксама цуд. Вельмі цікава хадзіць па крамах, калі на зямлі ляжыць снег. На ёлкавым кірмашы мноства прыгожых ёлак, а людзі вельмі хутка ўваходзяць у крамы і вельмі хутка выбягаюць з іх.

Аднойчы мы ўзялі нашы скарбонкі, у якія мы клалі манеткі ўвесь год, і пайшлі купляць калядныя падарункі. Мы з Джонасам хацелі купіць для Лоты маленькую ляльку, каб яна плёскалася з ёю ў ванне, таму мы папрасілі яе пачакаць нас на вуліцы, пакуль мы будзем у краме лялек.

- Ты не падглядвай, - сказаў Джонас.

- Пайдзі і зазірні ў акенца кандытарскай крамы, - сказала я ёй.

Лоце гэта прапанова вельмі спадабалася, таму што ў акне Карлмана, гэтай крамы, было шмат цукровых звярушак і іншых цудоўных і смачных тавараў.

Калі мы з Джонасам выйшлі з крамы лялек, то аказалася, што Лота знікла. Мы агледзелі ўсё навокал, і нарэшце Лота выйшла з крамы Карлмана.

- Што ты там рабіла? - спытаў у яе Джонас.

- Я купляла для вас калядныя падарункі, - сказала Лота.

- Ну што ты купіла? - пацікавіўся Джонас.

- Пірожныя з крэмам, - адказала Лота.

- Як жа можна быць такой дурніцай? - сказаў Джонас. - Яны ж не захаваюцца да каляд!

- Я ведала гэта, - адказала Лота. - Таму я іх і з'ела.

Потым мы ўбачылі, што па вуліцы ідзе тата. Ён не ведаў, што мы пайшлі за падарункамі.

- Здаецца мне, што я недзе бачыў гэтых дзяцей, - сказаў тата. - Яны такія прыгожыя, што я вырашыў пачаставаць іх.

Мы так узрадаваліся, што ажно заскакалі. Тата пачаставаў нас гарачым шакаладам і пірожнымі, якія вельмі нам спадабаліся. Мы сядзелі ў краме Карлмана ў зялёнай зале і назіралі, як людзі заходзілі і выходзілі з пакупкамі да каляд.

Раптам да таты падышла жанчына, якую звалі місіс Фрыберг, і пачала з ім аб чымсьці гаварыць.

Мы з Джонасам сядзелі і слухалі іх гаворку, але ж Лота ўвесь час нешта балбатала, нават больш, чым місіс Фрыберг. Нарэшце тата сказаў:

- Лота, не трэба перабіваць дарослых, калі яны размаўляюць. Калі ласка, пасядзі ціха. Табе трэба пачакаць, пакуль мы скончым гаворку.

- Ну не, я спрабавала маўчаць, але ж дарослыя ніколі не спыняюць сваю гаворку.

Тады місіс Фрыберг рассмяялася і сказала, што ёй трэба ісці дадому, каб рабіць пернікавых чалавечкаў.

На другі дзень мы таксама рабілі пернікавых чалавечкаў. Мы зрабілі іх так многа, што кожны з нас меў па поўнай талерцы гэтых чалавечкаў. Мы трымалі іх у нашым пакоі. Мы хацелі захаваць іх да каляд. Але Лота з'ела сваіх чалавечкаў у той жа дзень і, вядома, не магла есці свой абед.

- Я іх з'ела таму, што яны маглі не захавацца да каляд, - растлумачыла яна.

Потым яна кожны дзень прасіла мяне і Джонаса, каб мы падзяліліся з ёй нашымі чалавечкамі.

- Падайце жабраку што-небудзь паесці, - гаварыла яна.

У рэшце рэшт наступіў першы дзень каляд, а гэта самы цудоўны дзень ва ўсім годзе. Як толькі мы прачнуліся, то пабеглі ў кухню. Мама была ўжо там і гатавала каву. Потым мы ўсе селі перад камінам у гасцінай і снедалі, а потым елі шафранавыя булачкі, пернікавых чалавечкаў і пірожныя. Калядная ёлка запоўніла ўвесь пакой цудоўным пахам. Неўзабаве мы ўсе прыняліся прыбіраць ёлку.

- Наш дом такі прыгожы, - сказаў Джонас. - Мне здаецца, гэта самы прыгожы дом ва ўсім горадзе.

- І ў ім самыя лепшыя пахі, - уставіла сваё слова Лота.

Мама прынесла гасцінцы, якія таксама добра пахлі. Ва ўсіх кутках былі свечкі, якія зараз пахлі не так, як пахнуць звычайныя свечкі. Мне падабаецца, што ў каляды ўсё пахне інакш, значна лепей.

Гэта быў вельмі доўгі дзень, і мы ўвесь час штосьці елі. У гэты дзень мама хадзіла да місіс Берг і занесла ёй некалькі падарункаў, а місіс Берг дала маме некалькі цукерак і смажанага міндалю. Місіс Берг таксама дала Лоце цудоўную чырвоную шапачку, якую яна сама звязала.

- Калі я надзену яе, я змагу тады быць як сапраўдны Санта Клаўс, - сказала Лота.

У той вечар да нас сапраўды прыйшоў Санта Клаўс. Ён увайшоў з вялікім мехам за плячыма, у якім было многа калядных падарункаў.

- Мне не трэба пытаць, ці ёсць тут добрыя дзеці, таму што я іх бачу, - сказаў ён. А потым, павярнуўшыся да Лоты, дадаў: - Дзяўчынка, зараз твае вочкі зробяцца квадратнымі...

Але Лота стаяла і глядзела на яго вялікімі круглымі вачамі.

Санта Клаўс на хвілінку пакінуў пакой, а потым зноў з'явіўся з двума агромністымі пакетамі. У адным з іх былі мае лыжы, а ў другім былі санкі для Лоты. Але Лота не варушылася, пакуль Санта Клаўс не накіраваўся да яе.

- Чаму ты такая ціхая, Лота? - спытала мама.

- Таму што ў мяне нешта скрабецца ў жываце, калі я бачу Санта Клаўса, - адказала Лота. - Фрэнсан, як мой жывот скрабецца!

У гэты вечар нам дазволілі не класціся спаць столькі, колькі нам хацелася. Мы шчоўкалі арэшкі, елі мандарыны ля каміна і танцавалі вакол каляднай ёлкі. Усё было цудоўна.

На наступны дзень раніцай мы ўсталі вельмі рана, каб пайсці ў царкву. Стол, які мы ўладкавалі для птушак, быў пакрыты снегам. Мы змялі яго, каб птушкі маглі паесці. Было так рана, што нават можна было разгледзець зоркі на небе. Вось чаму я больш за ўсё люблю зоркі. Калі яны свецяць, усё выглядае быццам бы ў казцы. Большасць дамоў асвечана вельмі ярка, а над дахам ратушы пераліваецца рознымі колерамі найвялікшая зорка, якую я калі-небудзь бачыла.

- Гэта, відаць, калядная зорка, - гаворыць Лота.

 

Усё ідзе дрэнна

 

Аднойчы раніцай, якраз пасля таго, як Лоце споўнілася пяць гадоў, яна прачнулася і адчувала сябе вельмі раззлаванай. Ёй прысніўся дрэнны сон, а Лоце здавалася, што ўсё, што было ў сне, было на самой справе.

- Яны пабілі майго Бэмсі, - плакала яна, калі мама прыйшла да яе, каб паглядзець, чаму яна сядзела ў ложку і нарабіла столькі гвалту ў восем гадзін раніцы.

- Хто пабіў твайго Бэмсі? - пацікавілася мама.

- Джонас і Марыя, - адказала Лота.

- Лота, даражэнькая, гэта, відаць, табе прыснілася, - супакойвала яе мама. - Джонас і Марыя пайшлі ўжо ў школу. У іх, напэўна, не было часу біць Бэмсі.

- Не, гэта яны яго набілі, хаця ў іх і не было часу. Я іх бачыла, - працягвала енчыць Лота, абдымаючы Бэмсі.

Бэмсі - тоўстае, маленькае парася, якога мама зрабіла з ружовай тканіны і падаравала Лоце, калі ёй споўнілася тры гады. Але тады Бэмсі быў чыстым і ружовым, а зараз ён брудны і выглядае як сапраўднае парасё. Нават і зараз Лота была ўпэўнена, што гэта сапраўдны мядзведзь, і настойвала, каб яго звалі Бэмсі.

- Ха-ха, гэта не мядзведзь, а свіння, - смяяўся Джонас.

- Ты проста дурненькі, - адказвала Лота. - Гэта мядзведзь!

- Гэта ты так уяўляеш, - працягваў смяяцца Джонас. - Адзінае, што я хачу ведаць, Лота, - ён у цябе палярны ці звычайны?

- Я думаю, што ён свінячы мядзведзь, - не разгубілася Лота. - Гэта якраз тое, што я думаю.

Лоце вельмі падабаўся яе мядзведзь. Ноччу ён спаў побач з ёй, а калі Джонаса і Марыі не было дома, яна шмат размаўляла з ім.

І вось зараз Лота была ўпэўнена, што яе Бэмсі ляжаў на падушцы і адчуваў сябе вельмі дрэнна, таму што Джонас і Марыя пабілі яго. Яна сядзела каля яго і плакала:

- Бедненькі мой Бэмсі! Я збіраюся даць Джонасу і Марыі добрага дыхту!

Джонас, Марыя, Лота, мама і тата жылі ў маленькім доміку. Кожную раніцу Джонас і Марыя хадзілі ў школу, а тата хадзіў на службу. Толькі мама і Лота заставаліся дома. Мама вельмі рада, што ў яе ёсць маленькая Лота, таму што інакш ёй было б вельмі сумна ў хаце.

- Так, табе пашанцавала, што я ў цябе ёсць, - неяк гаварыла Лота. - Калі б мяне не было, табе было б так сумна, і мне было б цябе шкада...

Але ж той раніцай Лота нічога добрага не сказала, таму што яна была вельмі раззлаваная. Ужо быў час апранацца, і мама прынесла пушысты світэр, які бабуля звязала для Лоты.

- Толькі не гэты, - сказала Лота, - ён шкрабецца і колецца.

- Ды не, Лота, - адказала мама цярпліва, - паглядзі, які ён мяккі і гладкі.

- Ён шкрабецца і колецца, - зноў паўтарыла Лота, нават не кранаючы світэра. - Я хачу апрануцца ў маю вельветавую сукенку.

У Лоты была светла-блакітная вельветавая сукенка, самая лепшая нядзельная сукенка. Яна хацела апрануць яе, хаця быў толькі чацвер, звычайны чацвер.

- Ты можаш пакрасавацца ў ёй у нядзелю, - сказала мама. - А сёння ты павінна згадзіцца на світэр.

- Тады я лепш пайду голай, - адказала Лота.

- Рабі як хочаш, - не вытрымала мама і спусцілася ўніз у кухню.

Такім чынам, Лота засталася адна ў дзіцячым пакоі, голая і раззлаваная. Ну, скажам, не зусім голая - на ёй былі майка, штонікі і панчохі.

- За выключэннем усіх гэтых непрыемнасцей, я яшчэ і голая, - скардзілася Лота Бэмсі, бо ён быў адзінай істотай, з якой яна магла паразмаўляць.

- Лота, ты можаш спусціцца ўніз і выпіць гарачага шакаладу, - паклікала яе мама.

- Гэта ты так думаеш, - прамармытала Лота, не кранаючыся з месца.

- Адкажы мне, Лота! - зноў паклікала мама. - Дык хочаш ты гарачага шакаладу ці не?

Гэта было якраз тое, што было патрэбна Лоце. Мама ўсё клікала і клікала, а яна не адказвала і не адказвала. Яе такая маўчанка нават забаўляла.

Але Лота сапраўды была вельмі галодная і сапраўды хацела гарачага шакаладу. І пасля некалькіх хвілін, калі ёй здалося, што мама чакала даволі доўга, Лота ўзяла Бэмсі і пайшла ўніз. Яна ішла вельмі павольна, спыняючыся на кожным кроку, каб мама не думала, што яна ідзе піць шакалад. Можа, яна і вып'е яго, а можа, і не.

- Я пагляджу, як я буду сябе адчуваць, - гаварыла яна Бэмсі.

- Прывітанне, Лота, - сказала мама.

Лота толькі стаяла каля дзвярэй і цяжка сапла. Мама ж павінна была адчуць, што яна яшчэ вельмі сярдзітая.

Звычайна мама з Лотай снедалі разам у кухні. Было заўсёды весела і ўтульна, ды і зараз быццам бы ўсё запрашала Лоту паснедаць: сонца свяціла ў акно, на стале стаяў яе кубачак з шакаладам. Побач з шакаладам ляжаў кавалачак белага хлеба з чырвоным малінавым джэмам. Раней у такі час Лота гаварыла і гаварыла аб нечым, але зараз яна не сказала ніводнага слова. Мама піла каву і чытала газету, таксама нічога не гаворачы.

Нарэшце Лота ўздыхнула і сказала:

- Ну што ж, калі ты сапраўды так хочаш, каб я выпіла шакаладу, дык я вып'ю яго.

- Не, я не настойваю наогул, - сказала мама. - І, акрамя таго, табе трэба спачатку апрануцца.

Калі дагэтуль Лота была проста сярдзітая, то зараз яна была вельмі сярдзітая. Што ж атрымалася? Ёй нічога не заставалася рабіць, як апрануць гэты страшэнны, стары світэр, які шкрабаўся і калоўся, ды застацца без шакаладу! Як усе дрэнна абыходзіліся з Лотай!

- Дрэнная мама! - выкрыкнула Лота і тупнула нагой.

- Усё, Лота, - сказала мама. - Досыць. Вяртайся ў свой пакой і сядзі там да таго часу, пакуль зноў не будзеш добрай дзяўчынкай.

Лота абазвалася такім крыкам, які можна было пачуць ля хаты місіс Берг. Лота пабегла наверх, у дзіцячы пакой, ускрыкваючы.

Місіс Берг у сябе дома пакруціла галавой і сказала:

- Бедная Лота, у яе, відаць, баліць жывоцік!

Але ў Лоты не балеў жывот. Проста яна была вельмі і вельмі сярдзітая. Яна нават тупала нагамі. А на крэсле ляжаў світэр. Ён выглядаў як ніколі шкрабістым. Лота кінула яго на падлогу. Потым яна крыху супакоілася і задумалася. Побач са світэрам яна ўбачыла нажніцы, якія Лота звычайна брала, калі выразала папяровых лялек. Яна ўзяла нажніцы і з задавальненнем, не спяшаючыся, выразала вялікую дзірку ў світэры.

- Вось табе, - сказала Лота, - таму што ты шкрабешся і колешся. - Яна прасунула руку скрозь дзірку і ўздрыгнула. Якая ж вялікая атрымалася дзірка і як страшна было бачыць у ёй руку!

- Я скажу, што гэта сабака зрабіў такую дзірку, - папярэдзіла Лота Бэмсі.

Яна доўга трымала світэр у руках, потым зноў узяла нажніцы і адрэзала адзін рукаў, разважаючы, што скажа, быццам сабака зжаваў яго па кавалачках. Затым адрэзала яшчэ адзін рукаў. Але ў гэты момант у жываце на самай справе стала неяк дрэнна, і Лота напалохалася. Яна скруціла світэр і ўпіхнула яго ў кошык для непатрэбнай паперы, бо не хацела больш бачыць.

- Лота, дык ты вырашыла стаць зноў добрай ці не? - спытала мама знізу.

Лота ўпарта шмарганула носам і сказала сама сабе, што і не падумае гэтага рабіць. Яна ўзяла Бэмсі і прыціснула да сябе, прашаптаўшы:

- Гэта будзе ім добрым урокам, Бэмсі. Яны так дрэнна ставяцца да нас.

Лота ведала, што гэта няпраўда, але калі ты вымушана парэзаць світэр на кавалачкі, то табе абавязкова патрэбен хтосьці акрамя сабакі, каб абвінаваціць у гэтым.

- Усе дрэнна ставяцца да нас, - сказала Лота, разводзячы рукамі. Яна зірнула на кошык для непатрэбнай паперы. - Вось чаму я парэзала світэр. Акрамя таго, тут вінаваты сабака.

 

Лота пакідае дом

 

Праз некалькі хвілін маці трэба было пайсці ў краму. Яна зайшла ў дзіцячы пакой і сказала:

- Паспяшайся быць добрай дзяўчынкай зноў, Лота. Апранай світэр, і ты зможаш пайсці па крамах са мной.

Лоце вельмі падабалася хадзіць па крамах. Але світэр, які яна павінна была апрануць, ляжаў у кошыку для непатрэбнай паперы. Нядзіўна, што Лота ўскрыкнула так, што місіс Берг у суседнім доме схапілася за галаву і здзівілася яшчэ больш.

- Ды што здарылася з табой сёння, Лота? - спытала мама.

-Нічога, - адказала Лота. - Зусім нічога.

- Калі ты збіраешся паводзіць сябе так увесь дзень, я вымушана ісці ў краму адна. Твой гарачы шакалад усё яшчэ на стале. Я вярнуся вельмі хутка.

Мама пайшла, а Лота села на падлогу і горка заплакала. Усё было зусім не так, як ёй хацелася.

Нарэшце яна супакоілася і пачала разважаць. Ёй, магчыма, прыйдзецца праседзець тут усё жыццё з-за світэра. Усе будуць хадзіць у крамы, у школу, на службу, ва ўсіх будзе шмат усяго цікавага, вясёлага, а яна будзе сядзець адна, без адзежы, на падлозе з Бэмсі.

- Тады мы таксама пойдзем, - сказала Лота Бэмсі.

Вось гэта была ідэя! Аднойчы мама расказвала, што Брыджыт, служанка місіс Ларсан, паехала ад іх, таму што ёй было дрэнна ў Ларсанаў.

- А мне дрэнна ў Мартэнсанаў, - сказала Лота. - А Мартэнсанамі былі мама і тата, Джонас і Марыя... і сама Лота таксама.

- Мартэнсаны дрэнныя, - сказала Лота. - Тое, што мы пойдзем ад іх, будзе ўсім добрым урокам. Мы павінны паспяшацца, Бэмсі, пакуль мама не прыйшла дадому. Інакш нічога не атрымаецца.

Але будзе зусім нецікава, калі ніхто не прыкмеціць, што ты пайшоў. І Лоце захацелася, каб Мартэнсаны заўважылі яе знікненне і каб ім стала дрэнна без яе. Яна ўзяла кавалак паперы, ручку і напісала маці запіску. Джонас навучыў яе, як трэба чытаць і пісаць. Пісаць было вельмі цяжка, але Лота старалася. Яна напісала друкаванымі літарамі: «Я пайшла. Паглядзіце ў кошык для непатрэбнай паперы».

- Калі мама зазірне ў кошык, яна зразумее, чаму мы пайшлі, - сказала яна Бэмсі.

Такім чынам, Лота ўзяла Бэмсі і пайшла, апранутая ў тое ж самае, у чым была зранку: у майцы, штоніках, панчохах і чаравіках. Па дарозе яна зайшла ў кухню і выпіла свой гарачы шакалад. Яна ўзяла кавалачак хлеба з джэмам і з'ела яго, пакуль ішла да дзвярэй.

 

Куды ідзе Лота?

 

«Гэта вельмі добра пайсці куды-небудзь. Асабліва калі ведаеш, куды пайсці», - думала Лота. Але наконт гэтага ў яе не было ніякай ідэі.

Нарэшце яна вырашыла, што можна папрасіцца пажыць у місіс Берг. Лота перакінула Бэмсі цераз плот паміж садам Мартэнсанаў і місіс Берг і ўзабралася на яго сама. Скоці, сабака місіс Берг, забрахаў, калі ўбачыў іх, але ён аніколькі не напалохаў Лоту. Яна ўпэўнена падышла да дома місіс Берг і пастукала ў дзверы.

- Прывітанне, - сказала яна. - Магу я тут жыць?

- Прывітанне, Лота, - адказала місіс Берг, - а я думала, што ты жывеш дома, з татам і мамай.

- Так, але ж я іх пакінула. Мне не падабаецца ў Мартэнсанаў.

- Тады я разумею, чаму ты пайшла ад іх. Але ці не здаецца табе, што трэба апрануць на сябе што-небудзь яшчэ?

- Я не ем і не апранаюся ў Мартэнсанаў, - сказала Лота і пайшла ў кухню.

Часам місіс Берг вяжа світэры, шапкі, пальчаткі і прадае іх людзям, якія не могуць вязаць. Яна дастала з камоды цёплы світэр, каб Лота яго апранула. Калі Лота гэта зрабіла, атрымалася, што ён занадта доўгі для яе і вісеў, нібыта сукенка.

- Ну як? - спытала місіс Берг у Лоты.

- Цудоўна, - адказала тая. - Ён не шкрабаецца і не колецца.

- Ну і добра, - сказала місіс Берг.

- Так, гэта сапраўды добра, - пацвердзіла Лота і пачала азірацца. - А дзе вы збіраецеся паставіць мой ложак?

- А вось гэта праблема, - адказала жанчына. - Ведаеш, Лота, мне здаецца, што ты не зможаш тут жыць: у мяне няма месца яшчэ для аднаго ложка.

- Але ж я павінна недзе жыць, місіс Берг.

- Ты будзеш жыць адна.

- Дык у мяне няма дома, - засмуцілася Лота.

- Ты зможаш зняць пакойчык пад дахам, - прапанавала місіс Берг.

У самым далёкім кутку сада місіс Берг стаяў хлеў, дзе ляжалі газонакасілка, граблі, рыдлёўка, два мяхі з бульбай, дровы ды і патроху таго-сяго. На другім паверсе, пад дахам, быў невялічкі пакойчык, у якім старая трымала мэблю і мноства іншых непатрэбных рэчаў.

Іншы раз Джонасу, Марыі і Лоце падабалася ўзбірацца сюды, каб паглядзець на ўсе гэтыя таемныя рэчы. Але місіс Берг заўсёды крычала ім з акна, што туды хадзіць нельга. Зараз усё было інакш. Місіс Берг на самай справе прапаноўвала Лоце зняць гэты пакой. Лота нават рассмяялася.

- Гэта самая цудоўная навіна, якую я пачула за апошні час. Магу я пераехаць зараз жа?

- Па-першае, давай сходзім і паглядзім, як там усё выглядае, - сказала місіс Берг.

Лота і місіс Берг падняліся на дах разам. Жанчына нават пакрывілася, калі агледзела пакойчык.

- Ты не здолееш жыць тут, Лота.

- Я здолею, - адказала Лота. - Гэта ж цудоўна! Тут так хораша і цёпла!

- Нават занадта хораша і цёпла, - сказала місіс Берг і адчыніла маленькае акенца, каб праветрыць пакой.

Лота падбегла да акна і радасна крыкнула:

- Паглядзіце! Я магу адсюль бачыць дом Мартэнсанаў.

- Так, і іх прыгожы дом і сад, - сказала місіс Берг.

Лота паказала язык дому Мартэнсанаў і рассмяялася, радасна кранаючы фіранкі ў белую і чырвоную клетку.

- Я ніколі не буду там жыць. Я збіраюся жыць усё сваё жыццё тут. І ў мяне ўжо ёсць фіранкі. А зараз мне патрэбна мэбля.

- Ты зробіш усё сама ці табе дапамагчы? - спытала місіс Берг.

- Вы можаце мне дапамагчы. Але вырашаць усё буду я сама.

- Ну, вырашай тады, якую мэблю ты хочаш?

Лота ўсміхнулася. Усё складвалася нават больш цікава, чым яна ўяўляла сабе. Ёй трэба было пайсці з хаты яшчэ раней!

- Мне хацелася б вось гэта, - сказала Лота, паказваючы на маленькую камоду.

- Калі ласка, - адказала місіс Берг.

- Мне спатрэбяцца крэслы. У вас ёсць якія-небудзь крэслы?

- Ёсць, але ж яны зламаныя, - адказала місіс Берг.

- Гэта не мае значэння. Што ж яшчэ?.. А як наконт ложка? Тут ёсць ложак?

- Так. Тут ёсць маленькі ложак і нават ложак для лялькі. Мая дачка спала ў ім, калі была маленькая.

- У лялечным ложку? - здзівілася Лота.

- Ну, вядома ж, у дзіцячым ложку, - адказала місіс Берг.

- Тады зараз там буду спаць я. А Бэмсі зможа спаць у лялечным ложку. Яму там не будзе цесна. А ці ёсць якая-небудзь бялізна?

- Ёсць матрац, некалькі падушак і, можа, нават коўдра, але ж няма прасцін, - сказала місіс Берг.

- Я абыдуся без прасцін, - адказала Лота. - Дык вы дапаможаце мне з мэбляй, місіс Берг?

Місіс Берг дапамагла Лоце расставіць мэблю ў пакойчыку. Яны паставілі стол і крэслы побач з акном, буфет стаў каля адной сцяны, а ложак - каля другой. Ложак лялькі добра глядзеўся побач з вялікім ложкам, і Лота паклала Бэмсі на маленькую падушку.

- Усё як у сапраўдным пакоі! - усклікнула Лота.

Місіс Берг знайшла стары дыванок і паклала яго на падлогу. З дыванком пакой яшчэ больш стаў падобны на сапраўдны. Потым місіс Берг паставіла на камоду круглае запэцканае мухамі люстэрка. Над ложкам Лоты яна павесіла карціну з Чырвонай Шапачкай і ваўком. Лоце гэта спадабалася.

- О, гэта добра! Я павінна мець карціну, інакш гэта не сапраўдная хата. А гэта карціна прыгожая, місіс Берг.

Звычайна Лота гаварыла, што, калі яна стане дарослай, у яе будуць мазалі на нагах, як у місіс Берг, і гаспадарка, як у мамы. Зараз яна агледзелася ў сваім маленькім пакойчыку і засталася вельмі задаволенай.

- У мяне ўжо ёсць свая гаспадарка, - уздыхнула Лота.

- Але ж ты не вельмі спяшайся нацерці мазалі, - усміхнулася місіс Берг.

- Добра, ім прыйдзецца трохі пачакаць, - згадзілася Лота і чхнула тры разы.

- Тут многа пылу, таму ты чхаеш, - сказала місіс Берг.

- А я вытру пыл. Тут ёсць ануча? - спытала Лота.

- Зазірні ў камоду, - падказала місіс Берг.

Лота высунула верхнюю шуфляду.

- Ой, дык гэта ж сапраўдны ляльчын посуд!

Місіс Берг таксама зазірнула ў шуфляду.

- Я зусім забылася пра ляльчын посуд.

- Мне пашанцавала, што я знайшла яго! - сказала Лота і пачала расстаўляць усё на стале: кубачкі, сподачкі, паднос, кафейнік, цукарніцу, збаночак для вяршкоў. Посуд быў белы з маленькімі блакітнымі кветачкамі. Лота ажно падскоквала ад радасці.

- Калі б Марыя ўбачыла ўсё гэта, яна б з'ехала з глузду, - смяялася Лота.

- Я сумняваюся, - сказала місіс Берг. У яе вачах свяціліся хітрынкі. - Паглядзі, Лота, можа, у другой шуфлядзе ёсць ануча?

Лота выцягнула другую шуфляду і знайшла вялікую ляльку з блакітнымі вачамі і чорнымі валасамі.

- Ой! - ускрыквала Лота. - Ой!

- Ну, добра, добра, гэта - Віола Лу, - сказала місіс Берг.

- Гэта яе імя? - спытала Лота. - Яна прыгожая! Зараз Бэмсі не можа легчы на ляльчын ложак, таму што там збіраецца спаць Віола Лу... Можна мне ўзяць яе, місіс Берг?

- Так, калі ты будзеш даглядаць за ёй, - адказала місіс Берг. - Вядома, яна будзе спаць у сваім ложку, а Бэмсі прыйдзецца пакінуць яго.

Лота кіўнула:

- Так. Акрамя таго, мне здаецца, яму больш спадабаецца спаць са мной.

- А зараз высунь апошнюю шуфляду, - сказала місіс Берг. - Можа, ты знойдзеш там якую-небудзь вопратку для лялькі. Я памятаю, што калісьці шмат шыла для яе.

Калі Лота высунула апошнюю шуфляду, яна ўбачыла мноства світэраў, сукенак, паліто, шапачак, бялізны, начных сарочак; і ўсё гэта было для Віолы Лу.

- Калі б Марыя ўбачыла ўсё гэта, яна, канешне, з'ехала б з глузду, - сказала зноў Лота. Яна павыцягвала ўсю вопратку з шуфлядкі, потым села на падлогу і пачала прымяраць усё на Віолу Лу.

Місіс Берг знайшла стары ручнік і дала яго Лоце, каб выцерла пыл. Але Лота адмоўна пакруціла галавой.

- Я магу выцерці пыл пазней, місіс Берг. Зараз я павінна вырашыць, якая сукенка будзе лепшай для нядзелі.

Як цяжка было выбраць такую сукенку! Іх было так шмат! Былі чырвоныя, жоўтыя, блакітныя, белыя, у клетку, у кропкі, нават з кветачкамі.

- Белая сукенка з вышыўкай будзе найлепшая, - вырашыла нарэшце Лота. - Яе можна будзе апрануць толькі ў нядзелю.

- Ты маеш рацыю, - сказала місіс Берг. - Яе не трэба апранаць кожны дзень.

Калі ўсё было даведзена да ладу, місіс Берг пагладзіла Лоту па шчацэ і сказала:

- Тут мы ўжо ўсё скончылі, і я лепш пайду дадому.

Лота кіўнула:

- Добра, але ж вы павінны наведваць мяне. Калі вы ўбачыце Мартэнсанаў, скажыце ім, што я жыву ў сваім уласным доме і ніколі не вярнуся да іх.

- Добра, я так і скажу, - адказала місіс Берг.

Калі жанчына была ўжо на сярэдзіне лесвіцы, Лота закрычала:

- Місіс Берг, а як наконт ежы? Вы дасцё мне што-небудзь?

- Так, але ж табе прыйдзецца прыходзіць самой, - сказала місіс Берг. - Мне неяк не вельмі хочацца бегаць уніз і ўверх па лесвіцы.

Якраз у гэты момант Лота паглядзела ўверх і ўбачыла кошык, які звісаў з крука на столі.

- Місіс Берг, у мяне цудоўная ідэя!..

Ідэя Лоты была прывязаць доўгую вяроўку да кошыка і апускаць яго з акна так, каб місіс Берг магла пакласці туды ежу.

- Потым я падніму яго і - ап! Вось і ежа, - сказала Лота.

- Ты разумная, - сказала місіс Берг. Яна рассмяялася і пайшла за ежай для Лоты. Калі яна вярнулася, Лота ўжо апусціла кошык.

- Хоп! Вось і ежа! - закрычала місіс Берг.

- Вы не расказвайце, што ў кошыку, - сказала Лота. - Я хачу здзівіцца.

Яна падняла кошык у пакой; у ім былі аранжад, дзве саломінкі, халодны памідорны блін, загорнуты ў кавалак паперы, і невялічкі збанок з джэмам.

- Лепш, чым у Мартэнсанаў, - сказала Лота. - Да пабачэння, місіс Берг, і вялікае вам дзякуй!

Місіс Берг пайшла, а Лота паклала аладку на стол і памазала яе джэмам. Потым яна скруціла яе, узяла абедзвюма рукамі і пачала адкусваць ад яе, запіваючы аранжадам праз саломінку.

- Не можа быць лепей, - сказала Лота. - І ніякіх талерак! І наогул, мяне здзіўляе, чаму людзі гавораць, што вельмі цяжка весці гаспадарку?

Калі яна скончыла есці, яна выцерла пальцы аб анучу. Потым пачала выціраць пыл з мэблі, выцерла стол, камоду, крэслы, ложак, ляльчын ложак, люстэрка, а таксама карціну з Чырвонай Шапачкай і ваўком. Яна прыгатавала ложак для Віолы Лу і для сябе з Бэмсі. Лота была так задаволена сваёй гаспадаркай, што яна заспявала песню, якую нядаўна вывучыла:

 

Я прыходжу ў свой маленечкі дамок,

Ноч маўчыць,

І вельмі-вельмі цёмна,

Запалю агеньчык жоўты мой,

Завуркоча кот: «Заходзь дадому!»

 

- Але ж у мяне няма коціка, - сказала Лота задумліва.

 

Да Лоты прыходзяць госці

 

Задаволеная Лота забаўлялася з Віолай Лу, Бэмсі і лялечным посудам даволі доўгі час. Яна яшчэ разоў пяць выцірала пыл з мэблі. Нарэшце яна села ў крэсла і пачала думаць.

- Што ж усе робяць дома цэлы дзень? - спытала яна ў Бэмсі.

У гэты момант яна пачула крокі, якія даносіліся з лесвіцы. Гэта былі Джонас і Марыя.

- А ў мяне дом, - абвясціла Лота.

- Так, мы ведаем, - сказаў Джонас. - Місіс Берг сказала нам.

- Я збіраюся пражыць тут усё жыццё, - папярэдзіла Лота.

- Гэта ты так мяркуеш, - адказаў Джонас.

Марыя падышла да посуду. Яна асцярожна памацала кубачкі, паднос, кафейнік. Пры гэтым яна бясконца войкала ад захаплення. Потым убачыла Віолу Лу і яе цудоўнае адзенне, разглядаць якое было адно задавальненне.

- Не чапай! - памахала пальчыкам Лота. - Гэта мая хата і мае рэчы.

- Ці ты не дазволіш мне пагуляць з імі трошкі? - спытала Марыя, угаворваючы.

- Добра, - згадзілася Лота. - Але толькі трошкі.

Праз хвіліну Лота спытала:

- А мама плача?

- Канешне, не, - адказаў Джонас.

- Канешне, я плачу, - сказаў голас з лесвіцы, і ў дзвярах паказалася мама. - Канешне, я плачу па маёй маленькай Лоце.

Лоце было вельмі прыемна пачуць гэта.

- Мне вельмі шкада, мама, - сказала яна. - Але зараз у мяне свой дом і свая гаспадарка, і таму я ўвесь час вельмі занятая.

- Я разумею, - сур'ёзна сказала мама. - У цябе тут хораша.

- Значна лепей, чым дома, - сказала Лота, кранаючы фіранкі.

- Я прынесла табе расліну. Гэта такі звычай, калі хтосьці атрымлівае новую хату, - растлумачыла мама і працягнула Лоце гаршчок з бягоніяй.

- Як добра, - сказала Лота. - Я пастаўлю яго на падаконнік. Вялікае дзякуй!

Лота яшчэ раз выцерла пыл з мэблі, каб мама, Марыя і Джонас маглі прасачыць за ёй. Яны згадзіліся, што Лота добра даглядае свой пакойчык. Калі яна скончыла выціраць пыл, мама спытала ў яе, ці не збіраецца яна абедаць з Джонасам і Марыяй.

- Не, місіс Берг дае мне ежу, - сказала Лота і паказала, як добра працуе сістэма з кошыкам.

- Дык ты не зусім дурненькая, - сказаў Джонас, сеў на падлогу і пачаў праглядаць старыя часопісы, якія ён знайшоў у кутку.

- Тады да пабачэння, Лота, - сказала мама. - Калі ты надумаешся вярнуцца дадому да калядаў, мы будзем вельмі рады бачыць цябе.

- А колькі яшчэ часу да калядаў? - спытала Лота.

- Сем месяцаў, - адказала мама.

- Я, відаць, буду тут жыць больш, чым сем месяцаў, - заключыла Лота.

- Гэта ты так мяркуеш, - усміхнуўся Джонас.

Маці пайшла, а Лота з Марыяй гулялі з Віолай Лу. Джонас сядзеў на падлозе і чытаў часопіс.

- Табе падабаецца ў мяне, Марыя? - спытала Лота.

- Гэта найлепшы лялечны дом, які я калі-небудзь бачыла.

- А гэта не лялечны дом, - запярэчыла Лота, - гэта мой сапраўдны дом.

Раптам на лесвіцы пачуліся цяжкія крокі. Гэта быў тата.

- Да мяне дайшлі дрэнныя звесткі, - сказаў ён. - Людзі ў горадзе гавораць, што ты пакінула дом, Лота. Гэта праўда?

- Так, - кіўнула Лота.

- Гэта ноч будзе вельмі сумнай для мяне, Лота. Ты толькі падумай, што я буду адчуваць, калі зайду ў дзіцячы пакой, каб сказаць добрай ночы... А там будзе твой пусты ложак. Няма маёй Лоты!

- Нічым нельга дапамагчы, - адказала Лота ўпэўнена. А пра сябе ўздыхнула: «Бедны тата!» Ёй сапраўды было вельмі шкада яго.

- Так, відаць, нельга дапамагчы, - згадзіўся тата. - Джонас і Марыя, вам лепш пайсці дадому. Сёння ў нас гамбургеры, смажаныя абрыкосы на вячэру.

- Да пабачэння, дарагая Лота, - развітаўся тата і пайшоў уніз па лесвіцы.

- Да пабачэння, - адказала Лота.

- Бывай, - заспяшаліся Джонас і Марыя.

- Бывайце, - сказала Лота і падышла да акна, каб памахаць ім адтуль.

 

Адзінокая Лота

 

Лота засталася адна. Місіс Берг прынесла ёй сёе-тое паесці, і Лота падняла ўсё наверх у кошыку. Там зноў былі аранжад, дзве саломінкі і халодны кавалак смажанай свініны.

- Так жа добра, як і ў Мартэнсанаў, - сказала Лота і прапанавала Бэмсі трошкі адкусіць.

Калі яна паела, вырашыла зноў выцерці пыл. Потым яна падышла да акна і назірала за Мартэнсанамі ў іх двары. Джонас і Марыя гулялі ў кракет з татам. Яблыні былі ў квецені і выглядалі нібы вялікія букеты кветак. Від быў цудоўны.

- Кракет - гэта смешна, - сказала Лота Бэмсі. - Але ж гэта не так цікава, як даглядаць за домам.

Пачало цямнець, і тата, Джонас і Марыя пайшлі ў свой цёплы жоўты дом. Лота ўздыхнула. Пакуль яна выглядала з акна ў пакойчыку пад дахам місіс Берг, здарылася такое, чаго Лота ніяк не чакала. Стала цёмна. Цемра ўладкавалася ва ўсіх куточках, усё бліжэй падкрадвалася да Лоты і неўзабаве запоўніла ўвесь пакой. Заставалася толькі адзіная светлая пляма ў тым месцы, дзе было акно.

- Мы лепш пойдзем спаць, Бэмсі. Неўзабаве мы зусім нічога не ўбачым, - сказала Лота.

Яна хуценька паклала Віолу Лу ў яе ложак, а Бэмсі ўзяла з сабой. Скруціўшыся абаранкам, яна нацягнула коўдру на галаву. Яе перапаўнялі думкі: «Гэта не таму, што я баюся цемры, гэта ад таго, што вельмі сумна. Акрамя ўсяго, я хачу спаць». Лота глыбока ўздыхнула. Некалькі разоў яна садзілася ў ложку і глядзела ў цемру. Потым яна здрыганулася, зноў запаўзла пад коўдру, прыціскаючы Бэмсі ўсё бліжэй і бліжэй да сябе.

- Джонас і Марыя, напэўна, таксама леглі спаць, - сказала дзяўчынка ў цемру. - А мама і тата прыйдуць да іх, каб пажадаць ім добрай ночы. Але толькі не мне... - Яна зноў уздыхнула, і гэта быў адзіны гук у пакоі.

«Нельга, каб было так ціха», - падумала Лота. І яна пачала спяваць сваю песню зноў:

 

Я прыходжу ў свой маленечкі дамок,

Ноч маўчыць...

 

Лота спынілася. Яе голас дрыжаў. Яна пачала зноў:

 

Я прыходжу ў свой маленечкі дамок,

Ноч маўчыць,

І вельмі-вельмі цёмна...

 

Лота не магла больш спяваць. Яна пачала ўсхліпваць. У гэты момант да яе вушэй данесліся нейкія гукі. Гэта тата падымаўся па лесвіцы і спяваў:

 

Запалю агеньчык жоўты мой,

Завуркоча кот: «Ідзі дамоў!»

 

Лота села ў ложку.

- Тата, калі б у мяне быў коцік! - усклікнула яна.

Тата ўзяў Лоту на рукі.

- Ведаеш, Лота, мама такая сумная. Можа, лепш табе вярнуцца да каляд?

- Я хачу вярнуцца зараз жа, - адказала Лота.

Тата ўзяў Лоту і Бэмсі і панёс іх дадому.

- Лота вярнулася дадому! - крыкнуў тата, калі яны ўвайшлі ў дом.

Мама сядзела перад камінам у гасцінай. Яна працягнула рукі да Лоты і ўсміхнулася:

- Сапраўды? Ты сапраўды вярнулася дадому, Лота?

Лота кінулася ў матчыны рукі і заплакала так горка, што слёзы пакаціліся па яе твары.

- Я збіраюся жыць з табой усё жыццё, мама, - усхліпвала яна.

- Гэта цудоўна! - сказала мама.

Лота скруцілася клубочкам у маці на каленях і доўгі час нічога не гаварыла.

- Мама, зараз у мяне новы світэр. Місіс Берг дала яго мне. Гэта добра? - праз слёзы спытала яна.

Мама нічога не адказала. Яна толькі лагодна глядзела на Лоту.

Апусціўшы вочы, Лота прамармытала:

- Я парэзала свой на кавалачкі. Я хачу сказаць, што прашу прабачэння, але так цяжка зрабіць гэта.

- А што, калі я таксама папрашу прабачэння? - спытала мама.

- Тады мы можам сказаць, што мы абедзве просім прабачэння, - адказала Лота.

Дзяўчынка абняла маці за шыю і прыціснулася да яе так моцна, як толькі магла.

- Я прашу прабачэння, я прашу прабачэння, я прашу прабачэння, - паўтарала яна.

Потым мама ўзяла Лоту і Бэмсі на рукі і аднесла іх у дзіцячы пакой, паклала ва ўтульны ложак з чыстымі прасцінамі, ружовай коўдрай. Тата падняўся наверх таксама, і яны з мамай пацалавалі Лоту і пажадалі ёй добрай ночы.

- Якія яны добрыя, - сказала Лота Бэмсі, калі яны пайшлі ўніз.

Джонас і Марыя спалі, але Джонас прачнуўся, каб сказаць:

- Я так і ведаў, што ты пабаішся застацца там усю ноч.

- Я вырашыла застацца там толькі на дзень, гуляць і весці сваю гаспадарку, вось так! - сказала Лота. - А калі ты і Марыя паб'еце Бэмсі яшчэ раз, я вам пакажу!

- Біць Бэмсі? Мы ніколі не чапалі твайго свінячага мядзведзя. - Джонас засмяяўся і заснуў.

Лота некаторы час не спала, таму што спявала сваю песеньку:

 

Я прыходжу ў свой маленечкі дамок,

Ноч маўчыць,

І вельмі-вельмі цёмна,

Запалю агеньчык жоўты мой,

Завуркоча кот: «Ідзі дамоў!»

 

- Гэта песенька больш не пра мяне. Яна пра іншую Лоту, - сказала Лота Бэмсі, моцна абняла яго і заснула.



Пераклад: С.Лузгіна, Т.Лукша