epub
 
падключыць
слоўнікі

Аўген Калубовіч

Якуб Колас і Янка Купала

Памяць! Памяць! Малю! Малю!

Аднаві мне фарбы палёў і нябёс,

Аднаві мне маю зямлю!

У.Караткевіч

 

Я не магу пахваліцца, што быў сябрам ці блізкім да Я.Купалы й Я.Коласа. Але ў 1934-41 гадох пры розных нагодах - юбілейных імпрэзах, сходах, службовых абавязках і прыватна - сустракаўся зь імі. Мэта гэтых нататак - аднавіць з памяці колькі паасобных выпадкаў з жыцьця вялікіх песьняроў.

 

* * *

 

28 сакавіка 1936 году. Заля сходаў у Доме пісьменьніка. На сьцяне выдзяляецца вялікі партрэт А.Александровіча; на ім «вядучы пралетарскі паэта» сядзіць на стале з цыгарэтаю ў руцэ. Над сцэнаю зьверху - сьвежы лёзунг: «Калі вораг не здаецца, яго зьнішчаюць (М.Горкі)».

Як і часта, у залі, апрача пісьменьнікаў, выкладчыкі беларускай літаратуры з вышэйшых і сярэдніх школ Менску, спаміж якіх і я.

На адкрытым сходзе пісьменьнікаў ідзе «дыскусія» пра фармалізм у літаратуры. Пачатак ёй даў артыкул М.Горкага ў маскоўскай «Правде». Усе разумелі, што й артыкул гэты, і «дыскусія» - чарговы сыгнал для новых чыстак і арыштаў, якія неўзабаве й пачаліся.

У залі напружаны, прыгнечаны настрой. Пасьля пагромных выступаў казённых крытыкаў Я.Бранштэйна й А.Кучара, падтрыманых А.Александровічам, нясьмела выходзілі на трыбуну пісьменьнікі й ціха штось няяснае гаварылі. Пасьля некаторых прамоўцаў былі паўзы, і старшыня сходу М.Клімковіч настойліва паўтараў сваю просьбу: «Хто яшчэ хоча выступіць?»

У часе аднае з такіх замінак падняўся Я.Колас. Павольнай хадой ён дайшоў да трыбуны. Твар ягоны быў усхвалёваны. Голас - узбуджаны, глухаваты; інтанацыя - падкрэсьлена выразная. Ён не чытаў свае прамовы, як некаторыя іншыя (мажліва, не зьбіраўся й выступаць), а гаварыў - не зусім складна, зь перарывамі. Прамова ягоная праз колькі дзён была апублікаваная ў газэце «Літаратура і Мастацтва», а пазьней - у зборах твораў; але далёка ня ў тэй рэдакцыі, якую я чуў на свае вушы - грунтоўна перапрацаваная, з устаўкамі, пропускамі і ў іншай стылістычнай форме.

Напачатку Я.Колас заявіў, што ён адмоўна ставіцца да гэтай «дыскусіі», у якой няма «яснасьці [...] і гаворыцца больш кругом ды навокала», і якая сама дзеля таго мае фармалістычны характар. Такое ж уражаньне склалася ў яго, калі ён перад тым быў прысутны на такой жа «дыскусіі» ў Маскве. А тады загаварыў канкрэтна, болей-меней так (як я памятаю):

- Ужо чацьверты вечар мы таўчэм ваду ў ступе. Усё ня можам дашукацца фармалізму ў нашай літаратуры. І фармалістычных твораў... А я ведаю такі твор: мая аповесьць «Адшчапенец». Сырая, схэматычная, нерэальная. А чаму? Таму, што наша крытыка, а галоўна Бэндэ, з аглаблёю ў руках бегаў за мною й патрабаваў каб я як найхутчэй адгукнуўся на калектывізацыю. Дык вось я й адгукнуўся! Цяпер я публічна адмаўляюся ад яе...

У залі мёртвая цішыня. Я.Колас змоўк. Зрабіў крок ад трыбуны, але спыніўся, пастаяў крыху й дадаў (тут ужо я магу зацытаваць паводле публікацыяў, блізкіх да таго, што ён гаварыў):

- Гэты твор не апошні, пра які можна было б шмат пагаварыць... І калі б вы запыталіся ў мяне: «Дзядзька Якуб, якія ты творы лічыш беззаганнымі?» - то я крэпка задумаўся б... Можа, каму-небудзь прызнаньне гэтае непрыемнае й страннае, як чалавеку, якому трэба скакаць з трампліна першы раз. Але скокне ён раз, скокне другі, і страх у яго пройдзе...

Цяпер я нават ня памятаю, ці выступіў пасьля Я.Коласа ў той вечар яшчэ хто. Выступ ягоны так ашаламіў, што заглушыў сабою ўсё іншае, што было на тым сходзе перад ягоным выступам і пасьля.

 

* * *

 

У тым жа годзе, дзесь на пачатку кастрычніка, я меў нагоду пазнаёміцца зь Я.Коласам. Было гэта ў сувязі з 30-цігадовым юбілеем ягонай літаратурнай творчасьці. Спаміж розных юбілейных імпрэзаў была рэспубліканская радыёперадача. У студыю радыёстанцыі быў запрошаны юбіляр і прамоўцы ад розных устаноў і арганізацыяў. Я выступаў там ад настаўнікаў Менску. Усе мы віталі яго перад мікрафонам. Тады Я.Колас пазнаёміўся з усімі намі.

 

* * *

 

Аднойчы ўлетку 1939 году, калі я ўжо працаваў у Народным Камісарыяце Асьветы, мне перадалі незвычайны ліст. Вялікі аркуш паперы з двух бакоў быў акуратна сьпісаны дрыжачай старэчай рукой. Пад лістом стаяў подпіс: Адам Багдановіч.

Няўжо гэта ліст ад бацькі Максіма Багдановіча - былога беларускага гісторыка, этнографа, фальклярыста й мовазнаўцы, аднаго з кіраўнікоў партыі «Народная Воля» ў Менску ў 1880-х - пачатку 1890-ых гадоў?

Гляджу на канвэрт, прыколаты да ліста. Так, сумніву няма: ліст з далёкага Яраслаўля ад бацькі паэта. У лісьце ён ня просіць, а моліць дапамагчы яму: мае 77 год; ня здольны да ніякае працы; у пару рэвалюцыі згубіў усю сваю маёмасьць, ратуючы ад пажару Максімавы рукапісы; цяпер - амаль што жабрак.

Ад 1928 году ўрад БССР выдаў яму пэрсанальную пэнсію. Аднак праз 2 гады, калі па БССР пакацілася хваля масавых арыштаў 1929-30 гадоў і пачалося «сацыялістычнае наступленьне па ўсяму фронту», М.Багдановіч быў абвешчаны «буржуазным» паэтам, вывучэньне ягонай творчасьці было выкрэсьлена з усіх школьных праграмаў, а ягоныя «контррэвалюцыйныя» творы - забароненыя й выкінутыя зь бібліятэк. Тады і ў бацькі паэта, які ў тым годзе пайшоў на эмэрытуру, адабралі пэрсанальную пэнсію. У 1931-36 гадох ён так-сяк перабіваўся на мізэрнай пэнсіі эмэрыта й дапамозе сваякоў. 1937-39 гады былі самыя крытычныя, і ён зьвярнўся з просьбаю ў Менск.

Што рабіць? Як дапамагчы бацьку М.Багдановіча?

У выніку абмену думкамі з маімі калегамі было вырашана парадзіцца з Саюзам Пісьменнікаў БССР і Акадэміяй Навук; асабіста - з М.Лыньковым, тады старшынёю СП, і Я.Коласам, віцэ-прэзыдэнтам АН. Імя паэта к таму часу было ізноў «рэабілітаванае», а бацька ягоны мае вялікія заслугі перад беларускім народам: жывучы далёка ад бацькаўшчыны, ён узгадаваў сына на беларускага паэта, захаваў і перадаў Беларусі асноўны фонд ягонай спадчыны - архіў рукапісаў.

У той жа дзень я паехаў да М.Лынькова, які прыхільна паставіўся да гэтай справы; а ад яго - да Я.Коласа.

Я.Коласа я застаў у ягоным габінэце. Ён выслухаў мяне, папрасіў ліст А.Багдановіча, перачытаў яго. Узяў пяро й выпісаў у свой настольны блякнот адрас.

- Трэба неадкладна дапамагчы старому. Каб не было запозна... - І Я.Колас выказаў свае меркаваньні, як дапамагчы.

Пасьля таго працягваў:

- Самога Максіма я ня ведаў. А бацьку яго добра памятаю. Улетку 1923 году ён прыяжджаў у Менск. У Інбелкульт прывозіў Максімавы рукапісы, фатаграфіі зь сямейнага альбому й напісаную ім самім, на просьбу Інбелкульту, падрабязную біяграфію сына. На той час не прыпадала ніякая юбілейная дата, зьвязаная з М.Багдановічам; але Інбелкульт вырашыў з прычыны бацькі зрабіць літаратурны вечар[1]. Здаецца, то быў наогул першы такі вечар у памяць М.Багдановіча. З дакладамі і ўспамінамі выступалі Пятуховіч, Бядуля, Грамыка...

Перавёўшы гутарку на М.Багдановіча, ён казаў:

- Максім Багдановіч быў ня толькі выдатны паэт, але й крытык.

Я.Колас высунуў адну з бакавых шуфлядаў у сваім стале й выцягнуў адтуль другі том акадэмічнага збору твораў М.Багдановіча.

- Нядаўна на пленуме Саюзу Пісьменьнікаў у Кіеве, прысьвечаным 125-годзьдзю з дня нараджэньня Тараса Шаўчэнкі, я рабіў даклад. Рыхтуючыся да яго, я перагледзеў гэты том і зьдзівіўся, які глыбокі й высокакультурны крытык быў М.Багдановіч. У дакладзе я зачытаў выпісаны адсюль аналіз Шаўчэнкавага вершу.

Я.Колас адгарнуў кнігу й паказаў мне артыкул «Краса і сіла», перадрукаваны з часапісу «Украинская Жизнь», які па-расейску ў Маскве выдаваў С.Пятлюра (М.Багдановіч быў сталым супрацоўнікам таго часапісу).

- Калі я скончыў даклад, да мяне падыходзілі й пыталіся: «Няўжо вы да рэвалюцыі мелі такога крытыка?»

Наступнага дня я выслаў А.Багдановічу ліст, у якім падрабязна паведамляў яму пра нашыя захады.

...Хутка пасьля таго на супольнае хадайніцтва Наркамасьветы, Саюзу Пісьменьнікаў і Акадэміі Навук яму была прызначаная пэнсія. На жаль, бедны бацька гэніяльнага паэта пакарыстацца ёю амаль ня меў часу: яшчэ ў лютым 1940 году Я.Колас і я атрымалі ад яго лісты, а ўжо 16 красавіка ён памёр. У лісьце да Я.Коласа А.Багдановіч пісаў: «Ваша рэдкая спагадлівасьць і Наркамасьветы БССР мяне глыбака кранулі. Шлю сардэчную ўдзячнасьць Вам асабіста і прашу Вас перадаць маю ўдзячнасьць у Камісарыят Асьветы кансультанту-мэтадысту па беларускай мове т. Калубовічу»[2].

 

* * *

 

У канцы лістапада 1939 году аддзел культуры ЦК КП(б)Б склікаў нараду, на якую былі запрошаныя філёлягі Інстытуту літаратуры й мовы Акадэміі Навук, пісьменьнікі, прадстаўнікі Наркамасьветы й Выдавецтва. Нарада, згодна запросінаў, павінна была «выказацца ў паўстаўшых праблемах беларускай мовы й правапісу». Праблемы гэтыя запраўды паўсталі й абвастраліся пасьля русыфікацыйнае рэформы правапісу ў 1933 годзе, выклікаючы ў практыцы друку й пісьма штораз большы разнабой, супярэчнасьці й канфлікты.

Канкрэтнай зачапкай да нарады была, праўдападобна, дыскусія, якая ў пытаньнях мовы ізноў разгарэлася ў тыя дні паміж газэтамі «Літаратура і Мастацтва» й «Звязда». Для валадароў Беларусі дыскусія была дужа не на руку, асабліва беручы на ўвагу толькі што «вызваленую ад польскага нацыянальнага прыгнёту» Заходнюю Беларусь. «Вызвольная» прапаганда была ў самым разгары, а тут такі прыкры дысананс! Загадаць змоўкнуць, прыкрыкнуць, як гэта перад тым звычайна практыкавалася, у тых акалічнасьцях, відаць, уважалася за немэтазгоднае. Зноў жа, праз Заходнюю Беларусь былі крышачку прыадчыненыя дзьверы ў вольны сьвет, а ну ж пачуюць і там.

Калі я зьбіраўся ехаць на тую нараду, да мяне па дарозе з Пэдагагічнага Інстытуту, дзе ён чытаў лекцыі, зайшоў навуковы сакратар Інстытуту літаратуры й мовы Акадэміі Навук дацэнт Кастусь Гурскі. Разам мы й паехалі. У думках нашых цяплілася, хоць і невялікая, надзея. Набалелае пытаньне прынамся пастаўлена на парадак дня.

У вэстыбюлі ЦК дзяжурны міліцыянэр, перад якім на стале ляжаў сьпіс запрошаных на нараду, выпісаў нам прапускі й растлумачыў, як знайсьці патрэбны пакой. Але тут расчыніліся дзьверы з вуліцы, і на парозе паказаўся Я.Колас. К.Гурскі пацягнуў мяне за рукаў, і мы адступілі колькі крокаў назад, да вакна вэстыбюлю.

Я.Колас заўважыў нас і падыйшоў. Прывітаўшыся, ён адразу зьвярнуўся да К.Гурскага:

- Я чуў, што ў Інстытут літаратуры й мовы званілі Папкоў[3] і Грэкава[4], але ня меў выпадку папытацца ў Вас. У якой справе яны званілі?

К.Гурскі паўтарыў Я.Коласу ўжо расказаныя мне па дарозе сюды новыя, ня толькі абуральныя, але й анэкдатычныя выпадкі з праблемы, якая пастаўлена на парадак дня сёньняшняй нарады. Яны званілі, казаў ён, каб узаконіць навуковым аўтарытэтам Інстытуту тыя зьмены ў правапісе, якія яны ўжо загадалі ўвесьці ў практыку газэты «Звязда». Папкоў - замену «е» на «і» ў слове «Менск», якое «Звязда» так ужо й набірае; бо, паводле яго, гэта ймя аднае з рэспубліканскіх сталіцаў «нашае краіны», і яно ўсюды павінна пісацца аднолькава; і напісаньне слова «вобласць» без прыстаўнога «в», зь ім гэтае слова «рэжа вуха», як бы яно - ад «вобла»...

- А што ж Вы яму адказалі? - перабіў К.Гурскага Я.Колас.

К.Гурскі адказаў, што яму цяжка было згадзіцца з такімі аргумэнтамі; што, калі правапіс абаперці на такую «этымалёгію», то знойдзецца шмат іншых выпадкаў і слоў, у якіх трэба было б рабіць якіясь апэрацыі, і прывёў Папкову прыклад: «камсамол» - ад «камса»...

- Ну а Грэкава? - зноў перапыніў яго Я.Колас. Відаць было, што ён сьпяшаўся.

Грэкава, працягваў К.Гурскі, загадала ўнесьці ў правапіс дзьве зробленыя ёю «папраўкі» ў лёзунг «Пролетарыі ўсіх краёў, злучайцеся!» Па-першае, слова «злучайцеся» замяніць на «еднайцеся», бо вось яна як сакратар ЦК часта падпісвае «дырэктывы» калгасам, што ўжо пара пачынаць «злучную кампанію для ската»; таму заклік «злучайцеся!» у дачыненьні да пралетарыяту «неяк нядобра гучыць». Па-другое, у слове «яднайцеся» пачатнае «я», хоць і стаіць у першым складзе перад націскам, павінна пісацца празь «е», бо могуць быць выпадкі, тлумачыла Грэкава, калі слова гэтае пры пісьме ці друку трэба пераносіць і тады пры падзеле яго можа выйсьці «яд-». Для палітычнага лёзунгу гэта недапушчальнае і ЦК партыі на гэта ня можа згадзіцца.

Я.Колас нічога не адказаў. У вэстыбюль увайшлі К.Крапіва й П.Глебка. Ён далучыўся да іх, а мы пайшлі на другі паверх. У невялікай залі ўжо сядзела да 40 асобаў.

Нараду адчыніў У.Малін, сакратар ЦК. Пасьля яго гаварыў Я.Колас. Як заўсёды ў такіх выпадках, сур'ёзны, заклапочаны й пачуцьцёвы. У руках ён трымаў экзэмпляр газэты «Звязда».

Гэтая ягоная прамова ніколі не была друкаваная. Мажліва, дзеля таго, што ў ёй Я.Колас ня толькі выказваў патрэбу перагледзець і выправіць правапіс, але востра крытыкаваў «моўную практыку» газэт, а галоўна «Звязды», якая, паводле яго, паглыбляла «правапісны хаос».

- Іншыя газэты й часопісы, а асабліва Выдавецтва, дзе заўсёды ёсьць шмат набранага, - казаў ён, - «Звязда» проста зьбівае з панталыку. І яны ня ведаюць, як жа, урэшце, набіраць і выпраўляць карэкту - ці згодна існуючага правапісу, ці так, як у «Звяздзе» [...] Тое самае трэба сказаць і аб спробах «Звязды» ўвесьці ў норму беларускай літаратурнай мовы без усялякае патрэбы і нат супроць натуральных законаў беларускай мовы некаторыя расейскія словы ў зьбеларушчанай форме. Нядаўна мы чыталі ў ёй справаздачу пра кастрычніцкія сьвяты ў Менску. Там пісалася, што ў залі опэрнага тэатру адбылося «таржэсцвеннае» паседжаньне. Чаму «таржэсцвеннае», - высака ўзьнялася рука Я.Коласа зь «Звяздою», - калі мы маем добрае беларускае слова «ўрачыстае»? Але, калі ўжо «таржэсцвеннае», то чаму тады не «засяданне»?..

Ён прасіў перагледзець правапіс і не «нявечыць беларускае мовы».

На выступе Я.Коласа «дыскусія» была перарваная. З бакавых дзьвярэй нечакана выйшаў першы сакратар ЦК П.Панамарэнка й пачаў расказваць, як колькі дзён перад тым ён быў у Беластоку, як у гатэль да яго быў выкліканы цырульнік, як той цырульнік яго галіў і падрабязна распавёў пра сваю дыскусію зь ім аб характары савецкай улады. На тым нарада й закончылася.

 

* * *

 

Быў звычайны рабочы дзень у канцы сьнежня 1939 году. Зазваніў тэлефон. Я зьняў слухаўку.

- Гаворыць Я.Колас. Я даведаўся, што Вы едзеце на раённую настаўніцкую канфэрэнцыю ў Стоўпцы. Ці не былі б Вы ласкавымі перад тым, як паедзеце, а хоць бы й сёньня пасьля працы, заехаць да мяне дадому? Я маю пільную патрэбу ў гэтым.

Не згадзіцца я ня мог, і мы ўмовіліся, што я прыеду сёньня ж.

Пасьля працы я сеў у трамвай, што йшоў Савецкай вуліцай, мінуў Эльвод, мост праз р. Сьвіслач і на Шпітальнай выйшаў. Ужо пачало зьмяркацца, але йсьці было недалёка. Праз колькі хвілінаў ля гарадзкога парку на 2-ім Шпітальным завулку я спыніўся перад двухпавярховым драўляным асабняком. Гэта быў уласны дом Я.Коласа. У 1920-ых гадох у гэтым зялёным куточку гораду ў суседзтве жылі Я.Лёсік, б. прэзыдэнт БНР др. І.Серада, М.Грамыка, адзін час М.Гарэцкі й шмат іншых. Усе яны павысыланыя. Застаўся тут адзін Я.Колас.

Калі я ўвайшоў у двор, Я.Колас калоў дровы. Ён паклаў сякеру, прывітаўся й павёў мяне ў хату. Па дарозе ў ягоную бібліятэку мы спаткалі жонку, і ён пазнаёміў мяне зь ёю.

У бібліятэцы мы селі на канапу, і Я.Колас вытлумачыў мне сваю просьбу:

- Я маю лісты зь Мікалаеўшчыны, дзе ня быў ад 1915 году. Запрашаюць у госьці, а я ўсё яшчэ неяк ня змог адведаць іх, хоць і думкамі ўвесь там. То адно, то другое стаіць на перашкодзе... А яшчэ яны просяць падручнікаў для школы й маіх кніг. Дык вось, даведаўшыся, што вы едзеце ў Стоўпцы, я й вырашыў прасіць Вас завезьці ім ад мяне пакуначак з кнігамі. Сёньня я абегаў кнігарні й тое-сёе (праўда, мала) назьбіраў.

Жэстам рукі ён паказаў на крэсла, якое стаяла пры ягоным рабочым стале. На крэсьле ўзвышаўся стажок да 20 кніг. Я.Колас устаў і прапанаваў мне падыйсьці, разам, да тых кніг. Ён браў кожную зь іх; называў, што гэта за кніга, і клаў на стол. Першыя йшлі падручнікі. Калі ж дайшоў да сваіх кніг, то хутка перакладаў дзіцячыя - «Дзед і мадзьведзь». «Савось-распусьнік», «Рак-вусач», тады «Новую Зямлю», «Сымона-Музыку», «Дрыгву»... Але вось на зборніку вершаў «Нашы дні» запыніўся, пакруціў яго ў руках, падумаў і адклаў у бок.

Мы зьвязалі ўсе кнігі, уклаўшы ў сярэдзіну верхняй кнігі ліст Я.Коласа ў незаклееным канвэрце. Я.Колас вывеў мяне на вуліцу, развітаўся й папрасіў, каб па прыезьдзе з Стоўпцаў я абавязкова пазваніў да яго - у Акадэмію ці дадому.

...Праз колькі дзён (хутчэй за ўсё - 3 студзеня 1940 году, бо Новы Год я спаткаў у Стоўпцах) я пазваніў Я.Коласу. Паведаміў яму, што ўжо вярнуўся назад і прывёз яму пачку зь мікалаеўскім салам і каўбасою.

Я.Колас сказаў:

- То я Вам проста загадваю: адразу пасьля працы, без аніякіх перасадак, да мяне дадому. У нас і павячэраем.

На гэты раз мы разьмясьціліся ў сталовай. Пакуль жонка смажыла мікалаеўскую каўбасу й сала, Я.Колас чытаў два лісты, прывезеныя мною, разам з пачкаю - ад сваякоў і ад старога сябры, Базыля Шчорса. Тады папрасіў падрабязна расказаць пра ўсё падарожжа ў Стоўпцы й пра ўсе спатканьні там. Найбольш яго зацікавіла спатканьне на канфэрэнцыі з братам ягоным Міхасём і адведзіны м. Новы Сьвержань, куды я быў запрошаны да Шчорсаў.

Памятаю, што загадчык РайАНА, Хількевіч, перш чым заехаць да Шчорсаў, хацеў пры выпадку паказаць мне Нова-Сьвержанскую школу. Таму, калі балагол пад'ехаў да РайАНА і мы ўселіся ў вазок, ён коратка сказаў: «У Новы Сьвержань, да школы».

Хвілінаў праз дваццаць мы ўехалі ў мястэчка. Трохі праехалі па ім, і каля аднаго будынку балагол спыніў каня. Зьдзіўлены Хількевіч агледзеўся па бакох і выпаліў: «Куды ж ты нас прывёз? Гэта ж сынагога!» Балагол спакойна павярнуўся да нас і адказаў: «Вы ж прасілі - да школы». Але тут жа спахваціўся й зразумеў сваю памылку. Завярнуў каня назад, зрабіў колькі паваротаў і на іншай вуліцы зноў затрымаў каня. Агледзеўшы школу, мы заехалі да Шчорсаў, дом якіх стаяў на самым краю мястэчка пры дарозе ў Стоўпцы.

Я.Колас шчыра сьмяяўся з гэтае прыгоды, увесь ажывіўся, наагул перарываў мой расказ пытаньнямі, рабіў камэнтары і ўстаўкі з сваіх успамінаў. Потым выйшаў з сталовай, вярнуўся назад з кніжкаю й пачаў чытаць:

«У мястэчку Панямонь многа розных выдатных будынкаў і ўстаноў. Тут ёсьць [...] царква Сьв. Магдалены [...] дзьве школы, сынагога, касьцёл і камяніца Базыля Трайчанскага. Але вы яго, напэўна, ня ўсе ведаеце. А шкада: чалавек ён нішто сабе, настаўнік і грамадзкі дзеяч...»

- Дык жа ж Панямонь, - спыніўся чытаць ён аповесьць «У глыбі Палесься» - гэта ёсьць Новы Сьвержань, а Базыль Трайчанскі й яго камяніца - Базыль Шчорс і яго дом. У доме тым я ня раз бываў...

Ніякае выабражэньне тады не магло дапусьціць, што прататыпа гэтага пэрсанажа з Коласавай аповесьці праз восем год мы будзем хаваць на эміграцыі (на нямецкім могільніку ў Каме).

Пад канец вячэры настрой аднак зьмяніўся на смутны. Жонка Я.Коласа нават прасьлязілася, расказваючы, што ейнага брата, Каменскага, дзесь на Лідчыне арыштавала НКВД, і яны нічога ня ведаюць пра ягоны лёс. А Я.Колас з сумам дадаў:

- Купала атрымаў нядаўна ліст ад жонкі Ўласава, былога рэдактара газэты «Наша Ніва». Яна паведаміла, што Ўласаў арыштаваны й прасіла заступіцца за яго.

Некалі А.Уласаў быў актыўным беларускім публіцыстам і палітычным дзеячом, адным зь ініцыятараў заснаваньня Беларускай Сацыялістычнай Грамады ў 1902 году, рэдактарам газэты «Наша Ніва» й часопісу «Саха», сябрам Рады БНР і ейнага Прэзыдыюму, сэнатарам Заходняй Беларусі ў Польскім Сойме. У пазьнейшым часе і ў час арышту, будучы ўжо ў гадох і з слабым здароўем, стаяў убаку ад публічнага жыцьця і ва ўласным фальварку пад Маладзечнаю дажываў свой век.

- Мы з Купалам, - далей казаў Я.Колас, - хадзілі да Панамарэнкі. Прасілі за яго. Але Панамарэнка нам не дапамог. Ён быццам бы званіў у НКВД, скуль яму адказалі, што Ўласава ў БССР ужо няма. Таму ён нічога ня можа зрабіць[5].

Было позна, калі я пакінуў дом Я.Коласа.

 

* * *

 

Рух за выпраўленьне беларускага правапісу й за чысьціню мовы ніколі не сьціхаў ад часу правапіснае рэформы 1933 году. Праўда, быў ён мо заціхі, нясьмелы. Паўсюдна выяўляўся болей у прыватных гутарках. Але скаргі, нараканьні й галасы крытыкі часам узьнімаліся на настаўніцкіх сходах, у габінэтах навуковых інстытутаў ці ў фэльетонах газэты «Літаратура і Мастацтва». Цяпер, у новых, больш спрыяльных акалічнасьцях рух гэты пасьмялеў і ледзь ня выліўся ў бунт. Усё гэта прывяло да таго, што спэцыяльнай пастановай СНК БССР для перагляду правапісу была пакліканая Правапісная камісія. Мне цяжка назваць дакладную дату, калі гэта было, але, думаю, што дзесь увесну 1940 году.

У склад камісіі ўвайшлі: ад Інстытуту літаратуры й мовы Акадэміі Навук - ягоныя дырэктар і навуковы сакратар, В.Барысенка й К.Гурскі; ад Саюзу Пісьменьнікаў - Я.Колас, Я.Купала, К.Крапіва, М.Лынькоў, П.Глебка і М.Клімковіч; ад Наркамасьветы - кансультанты-мэтадысты па беларускай мове й літаратуры Гарачун і я. Старшыня камісіі - нарком асьветы Е.Уралава; у ейным габінэце камісія й зьбіралася на свае сходы.

На першым сходзе йшла агульная дыскусія: у якім кірунку рабіць зьмены, на якія артаграфічныя прынцыпы абаперці іх. Думкі сяброў камісіі падзяліліся.

М.Клімковіч выказаўся йсьці па тэй самай дарозе, на якую сталі аўтары рэформы ў 1933 годзе, г.зн. узмацніць марфалягічны прынцып. Паводле яго, такія рысы беларускае мовы, як аканьне й цеканьне зусім не павінны перадавацца на пісьме. Супрацьлеглы пагляд выказаў Я.Колас. Ён горача адстойваў пераважнасьць фанэтычнага прынцыпу, які найбольш адказвае асаблівасьцям беларускай мовы; настойваў узмацніць перадачу на пісьме аканьня, як гэта было да рэформы 1933 году. У канцы заявіў, што гэта ня толькі ягоны пункт гледжаньня, але й Я.Купалы, які дзеля адсутнасьці ўпаважніў яго на гэтую заяву.

Калі ўсе сябры камісіі выказаліся, выясьнілася, што М.Клімковіча ніхто не падтрымаў. В.Барысенка й М.Лынькоў не занялі ніякае пазыцыі, а ўсе іншыя сябры сталі на бок Я.Коласа. Е.Уралава ў дыскусіях удзелу ня брала, яна кіравала працаю камісіі й вяла сходы.

...Так злажылася, што мне выпала ехаць да Я.Купалы, каб ён падпісаў пратакол сходу камісіі. Я быў шчасьлівы выпадку. Я.Купалу я шмат разоў бачыў і чуў, але мне не здаралася быць блізка да яго, каго я ўважаў за нацыянальнага правадыра. Ды й ці толькі я. Я бачыў, як усе, а ў тым ліку нават і Я.Колас, пры кожнай нагодзе падкрэсьлівалі ягонае пяршынства. Я не сумняваўся, што й сам Я.Купала гэта разумеў. Ніхто зь беларускіх пісьменьнікаў не захоўваўся так незалежна, як Я.Купала, хоць гэта было й ня так лёгка, і ён сам дакараў сябе, што таксама

 

...Плечы гнуў у крук ня раз;

Ня йшоў з адкрытымі вачыма ў сьвет

І сьцежкі не прастаў,

А ўсёй магчымасьцю магчымай

Таптаў сьляды, сябе таптаў.

«І прыйдзе...»

 

Перад тым, як ехаць да Я.Купалы, я пазваніў. Жонка ягоная, цётка Ўладзя, адказала: «Янка дома. Едзьце». І вось я на Садовай вуліцы. Заходжу ў двор з таполяй і садком. Зь якімсь хваляваньнем падыходжу да дзьвярэй.

У пярэднім пакоі мяне спатыкае цётка Ўладзя.

- Янка - там. Ён чакае на Вас, - і прыадчыніла мне дзьверы ў гасьціную.

Калі я праходзіў празь пярэдні пакой, я заўважыў Купалаву маці, Бянігну. Яна сядзела ўбаку ад праходу з Кацярынаю - дачкою аднае з «раскулачаных» Купалавых сясьцёр. Кацярына працуе ў 2-ім Клінічным Гарадку сястрою і, як і паэтава маці, жыве ў Купалаў.

Я.Купала спаткаў мяне сардэчна. Твар ягоны сьвяціўся прыемнай усьмешкай, увесь ён быў ветлівы, далікатны, уважлівы й, разам з тым, просты, даступны; наагул быў у добрым настроі й жартаваў. Ён ведаў, у якой справе я прыехаў, падвёў мяне да стала, падпісаў пратакол і сказаў:

- Мне трохі нездаровіцца. То я й прасіў Коласа, каб ён выступаў там і за мяне. Ён расказвае мне пра сходы камісіі.

Мая візыта да Я.Купалы была напярэдадні юбілейных урачыстасьцяў 35-годзьдзя ягонай паэтычнай творчасьці. Усе тыя дні Я.Купала атрымліваў павіншавальныя тэлеграмы й падарункі. Таму, калі мы сядзелі й гутарылі, цётка Ўладзя й Кацярына ўнесьлі ў гасьціную толькі што прывезеную з пошты і ўжо раскрытую пачку - падарунак Я.Купалу ад ягонага старога прыяцеля, ведамага ў СССР мастака К.Елісеева, былога ў пачатку 1920-ых гадоў дэкаратара Беларускага Дзяржаўнага Тэатру ў Менску. Калі з пачкі выцягнулі абраз у раме - на палатне стаялі жывыя палескія хвоі. Другі падарунак ад іншага маляра (ня памятаю - якога) вісеў ужо на сьцяне, над канапаю, на якой мы сядзелі. Гэты быў алейны партрэт Я.Купалы ў вопратцы, як мне тады здавалася, В.Дуніна-Марцінкевіча, у кунтушы з палосамі.

Хутка дзьверы зноў адчыніліся, і цётка Ўладзя сказала:

- Янка, да цябе тут яшчэ адзін інтэрэсант.

У гасьціную ўвайшоў хлопчык гадоў 15-ці. Я ўстаў, каб разьвітацца, але Я.Купала затрымаў мяне.

Хлопчык назваўся, што ён кур'ер з рэдакцыі менскай польскай газэты «Sztandar Wolności». Ён прынёс, як гэта зараз жа выявілася, уступны артыкул да выданьня вершаў і балядаў А.Міцкевіча. Артыкул гэты (колькі аркушаў машынапісу) Я.Купала павінен быў падпісаць. Але перад тым ён зацікавіўся самім хлопчыкам і пачаў ставіць яму пытаньне за пытаньнем.

- А чаму ж ты працуеш кур'ерам? Хіба ты ня вучышся ў школе?

Хлопчык адказаў, што ён вучыцца ў 8-ай клясе сярэдняй школы, але што мусіць плаціць за навуку, а маці ня мае чым. Таму зрана ён на лекцыях у школе а па абедзе «падрабляе грошы» (у тым часе была ўведзеная плата за навуку ў 8-10 клясах і ў вышэйшай школе).

- А скуль жа ты, хлопча?

- З Койданава.

- З Койданава? Я ведаю там шмат каго. Чый жа ты будзеш?

Той адказаў, і гутарка пайшла далей. Відаць было, што Я.Купала пашкадаваў беднага хлопчыка ды яшчэ й земляка. Ён папрасіў цётку Ўладзю прынесьці яблыкі, і яны ўдваіх тут жа паўкладалі іх у кішэні хлопчыка. Толькі тады Я.Купала сеў да стала, павольна палажыў акуляры, адгарнуў апошні аркуш артыкула й хацеў падпісаць. Ды пяро, відаць, ужо ня мела чарніла, і ён зьвярнуўся да жонкі:

- Уладзя, дай мне, калі ласка, іншую асадку.

Цётка Ўладзя заўважыла:

- А што ж ты падпісваць будзеш? Ты чытаў, што там напісана? А мо там табе сьмяротны прысуд?

- А навошта ж ты ў мяне? Ты й чытай! Мая справа - падпісваць, - з жартам адказаў Я.Купала.

І ён, не чытаючы, узяў з рук жонкі «асадку» й падпісаўся. Я падумаў тады, як трэба будзе ў будучыні быць асьцярожным з публіцыстыкай Я.Купалы. У тыя змрочныя гады ён мог падпісаць тэкст, які ня толькі не выказваў ягоных паглядаў, але нават і ня быў чытаны ім. Імя паэты было вялікае, і ім злоўжывалі.

 

* * *

 

На другі дзень вайны я выйшаў з 21-ай сярэдняй школы, якая стаяла на рагу Савецкай і Пралетарскай вуліц. Неспадзявана насустрач мяне - Я.Купала. З апушчанай галавою. І зь неразлучнай палкаю-крывулькаю. Вочы - стомленыя, засмучаныя. Ён прыстаў мо толькі на хвілінку. Кудысь сьпяшаўся з дому.

Мне здалося, што ён не гаварыў, а ціха скардзіўся. Толькі што вярнуўся з Рыгі, куды езьдзіў на зьезд пісьменьнікаў Латвіі. Па дарозе затрымаўся ў Вільні, дзе да гатэлю, у якім ён спыніўся (зь ім былі таксама М.Лынькоў і П.Броўка), прыйшла дэлегацыя віленскіх беларусаў, але сакратар ЦК Ц.Гарбуноў, які ўсю дарогу суправаджаў дэлегацыю, не дапусьціў.

Я.Купала быў дужа паранены выпадкам. Зь Менску зьбіраўся ехаць на сваю дачу ў Ляўкі.

Калі ён адыйшоў, я яшчэ колькі часінаў стаяў, праважаючы яго вачыма. Я бачыў, як ён мінуў Пэдагагічны Тэхнікум, дзе ў 20-ых гадох працаваў Я.Колас, і крута на пад'ёме вуліцы пачаў падымацца ўгару насустрач нерухомым слупом чорнага дыму, што стаялі над загарадным аэрадромам. Ужо пазьней я ня раз думаў: была якаясь таямнічая сувязь паміж тымі слупамі чорнага дыму й хуткай пасьля таго трагічнай сьмерцю Я.Купалы.

 

* * *

 

Ад тых часоў ужо шмат разоў ападала лісьце з дрэў... І Я.Купала, і Я.Колас даўно памерлі. Але мне думаецца, што іхная сьмерць - гэта толькі пачатак іхнай несьмяротнасьці.

 

1. Ён адбыўся 16 чэрвеня - гл. справаздачу аб ім: Савецкая Беларусь 1923, 20 чэрвеня.

2. Гэты ліст А.Багдановіча да Я.Коласа ад 5 лютага 1940 году апублікаваны ў кн.: Шлях паэта: Зборнік успамінаў і біяграфічных матэрыялаў пра Максіма Багдановіча / Складальнік Н.Ватацы. Менск, 1975. Б.172.

3. Сакратар Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету БССР.

4. Сакратар ЦК КП(б)Б.

5. Цяпер ведама, што А.Уласава НКВД расстраляла ў 1941 годзе ў Арле.


1982?

Тэкст падаецца паводле выдання: Аўген Калубовіч. Крокі гісторыі. Менск, 1993.
Крыніца: скан