Аўген Калубовіч

Нашы папярэднікі

Дзьвіна! Рака мае айчыны!.. Суседка блакітнага Нёману... узгадаваная ў аднэй калысцы з Дняпром! Вось я - сын твой, ахрышчаны тваёй вадой, ад пялёнак да юнацтва выпешчаны тваім дыханьнем, навучаны тваёй мовай - вірам зайздроснага лёсу аддалены ад цябе - з далячынь чужога сьвету шлю табе вітаньне. Прымі яго, маці.

А.Рыпінскі, Лёндан, 1850-ыя гг.

 

Мінае 40 год ад часу, калі нашая хваля эміграцыі пакінула Беларусь. Дата гэтая выклікае шмат розных пачуцьцяў, думак, разваг. А ў тым і пытаньні: хто былі нашы папярэднікі? што змусіла іх эміграваць? і які іхны лёс?

Паспрабуем з даступных нам крыніцаў пашукаць адказу на пастаўленыя пытаньні, маючы на ўвазе эміграцыю ад самых ейных пачаткаў і да сёньняшняга дня. Гэта ня будзе яшчэ гісторыя эміграцыі як частка агульнай гісторыі беларускага народу, а ўсяго некаторыя схэматызаваныя да яе фрагмэнты. І нат ня столькі пра саму эміграцыю, ейныя арганізацыі й дзейнасьць (хоць тое-сёе скажам і пра гэта), колькі пра дарогі, што вялі на эміграцыю зь Беларусі, і пра саміх эмігрантаў - нашых папярэднікаў.

У часапісе «Беларуская Думка» за 1974-1975 гады[1] ёсьць наш артыкул на гэту тэму. Яго мы й кладзем тут у аснову новае публікацыі, дзе што скараціўшы ў ім, а галоўна - дадаўшы новыя матэрыялы.

 

Да канца XVIII ст. беларускія эмігранты - рэдкія паадзіночныя асобы. Вялікае Княства Літоўскае належала да праўных дзяржаў, і ейным грамадзянам была адкрытая дарога замежы. Права гэтае, упершыню зарэгістраванае прывілеем в. кн. Казімера 1457 году, упісанае ў Статут 1529 году. Яно давала гварантыю, «абы княжата и панове хоруговные, шляхта и бояре преречоные (и кождый человек рыцерский и всякого стану[2]) мели вольность и моц выйти с тых земль наших Великого Князьства... для набытья лепшого шчастья своего и навченя... до всяких земль чужих, кром неприятелей наших»[3]. I гэта не была пустая дэклярацыя. Мы ведаем, што сотні беларусаў, асабліва студэнцкай моладзі, хадзілі й езьдзілі ў краі Нямеччыны, Італіі, у Швэйцарыю, Францыю, Галяндыю, Чэхі... і вольна вярталіся назад.

Праўда, былі й эмігранты, і некаторых зь іх мы можам назваць:

Івана Ліцьвіна, заснавальніка друкарства ў Лёндане, які друкарству навучыўся ў Рыме ад Ёгана Бульле з Брэмэну. У 1480 годзе ў ангельскай сталіцы ён выдаў індульгэнцыі папы Сыкста IV супраць туркаў, кніжку Антона Андрэ Quaestiones super XII libros metaphysicae Aristotelis, у 1481 годзе - камэнтар да псальмаў Тамаша Ўалензіса. Каля 1482 году, ужо разам з другім друкаром, Вільямам з Мэчліну, яшчэ пяць кніжак (Thomas Littleton, Tenores Novelli i інш.), а ў 1483 годзе кудысь выехаў[4]. Ня выключана, што ў Кракаў, дзе ў тым жа годзе паўстала друкарня Швайпольта Фэоля ў супалцы зь якімсь Іванам, каторага С.Старавольскі ў бібліяграфічнай працы «Гэкатонтас» у 1625 годзе называе Іванам Галерам, дбаўшым «клясычныя навукі, у розных мовах і рознымі літарамі друкаваныя, шырыць на пажытак паўночных народаў»[5], польскі дасьледчык Я.Птасьнік называе Івана Яклем[6], а ўкраінскі З.Кузеля - Янам Турсонам[7]. Хоць мы й ня ведаем з пэўнасьцю, ці Іван Ліцьвін і супольнік Ш.Фэоля - адна й тая ж асоба, як і ня ведаем дакладна, хто ж ён, гэты лёнданскі першадрукар - ці адзін з былых паслоў праваслаўнага мітрапаліта Вялікага Княства Літоўскага Місаіла да папы Сыкста IV у 1476 годзе Іван, малодшы брат Аляксандра Солтана (які мог застацца ў Рыме, навучыцца там друкарству й выехаць у Лёндан), ці Іван Багдановіч або Іван з Полацку (абодва ў 2-ой палове XV ст. скончылі філязофскі факультэт Праскай акадэміі[8]), ці зноў яшчэ хтось, - ягонае паходжаньне зь Вялікага Княства Літоўскага даводзяць ангельскія гісторыкі[9].

Слаўнага Францішка Скарыну з Полацку, які столькі прыслужыўся свайму народу й так любіў свой край, а ў 1534 годзе зь нявыясьненых дагэтуль прычынаў пакінуў Беларусь і зь сям'ёю пайшоў на эміграцыю, у Чэхі, дзе служыў за садоўніка ў караля Фэрдынанда I, заснаваў пад Прагаю на Градчанах каралеўскі парк і ў 1540 годзе памёр.

Навукоўца, пісьменьніка й друкара Ільлю Капіевіча, «недасека» з Мсьціслава, які скончыў Слуцкую кальвінскую калегію, невядома калі й чаму выехаў у Галяндыю (Амстэрдам) і быў там за пратэстанцкага пастара. Ад 1699 году ў друкарні Яна Тэсінга, а ад 1701 году ў заснаванай ім уласнай выдаў болей за 20 кніг, зрэфармаваў кірылічны шрыфт у гражданку. У часе Паўночнай вайны вярнуўся ў Віцебск, скуль Пятром I быў зманены ў Маскву з сваёй друкарняй, дзе друкаваць яму не дазволілі, а друкарню адабралі; пасьля чаго, расчараваны, не зважаючы на глыбокую старасьць (каля 80 год), разам з дачкою выехаў назад у Амстэрдам і там у 1714 годзе памёр.

Філёзафа Сьцяпана Аскерку, сына наваградзкага каштэляна, які пасьля Слуцкай кальвінскай калегіі працягваў навуку ў Каралеўцы й Бэрліне. У 1733 годзе, будучы паслом на сойм ад Мазырскага павету, выехаў у Варшаву на каранацыю новага караля, Аўгуста III. У дарозе аднак зьмяніў плян, перасек нямецкую мяжу, выдаўшы сябе за студэнта, што едзе ў Франкфурт. Так эміграваў у Прусію, быццам бы ад перасьледу езуітаў, як сам пра гэта напісаў у Бэрліне ў 1734 годзе ў кніжцы сваіх мэмуараў. Там з часам трапіў на службу да караля Фрыдрыха II, быў ягоным юрыдычным дараднікам, за што на прадмесьці Бэрліну атрымаў двор Ліхтэнбэрг. У 1762 годзе ў Бэрнбэрзе выдаў па-нямецку сваю філязофска-эканамічную працу «Няпрыкладны плян»[10], у якой выказаў ідэі, каторыя пазьней разьвівалі Анры Сэн-Сімон, Шарль Фур'е, Робэрт Оўэн.

Былі й іншыя паадзіночыя эмігранты, ды пра іх мала ведаем.

 

Масавыя хвалі палітычнай беларускай эміграцыі пачаліся ад часу заваяваньня й далучэньня Беларусі да Расейскай імпэрыі ў канцы XVIII ст. Прычыны, якія іх выклікалі - нацыянальна-вызвольнае паўстаньне 1794 году, напалеонаўская вайна 1812 году, антырасейскія паўстаньні 1831 і 1863-1864 гадоў, расейская рэвалюцыя 1917 году й упадак БНР, нацыянальны, палітычны й рэлігійны прасьлед. Каляніяльна-эканамічная эксплёатацыя Беларусі выклікала й эканамічную эміграцыю, выгнаўшы дадаткова многіх на пошукі працы й лепшых умоваў жыцьця. У выніку - сотні тысяч беларусаў, калі ня болей, змушаныя былі пакідаць Беларусь і йсьці ў далёкія чужыя краі.

Гістарычныя дакумэнты сьведчаць, што масавыя ўцёкі беларусаў з-пад Расеі, але яшчэ ў Беларусь, на неадарваныя землі, пачаліся ад канца XVII ст. Ужо па Андрусовым міры 1667 году, калі ад Вялікага Княства Літоўскага была адарвана Смаленшчына, паводле паведамленьня Смаленскага ваяводы кн. І.Рэпніна ў Маскву, «крестьяня и бобыли многие из Бельского уезду бегут в Литовскую сторону... Апреля ж де против 19-го числа (таго ж 1668 году. - А.К.) в ночи витебской мещанин Куземка Коровай собрався со многими Бельского и Ржевского уездов с беглыми крестьяны с пищальми и з бердыши ... провезли на плотах со всеми крестьянскими животы в Литовскую сторону, а было де больши 20 плотов. И по них де, стрельцах (пасланых кн. Рэпніным. - А.К.) ис пищалей стреляли... И в прошлом де во 1667 году... многие де крестьяня и бобыли из Бельского уезду нынешней зимою выбежали в Литовскую сторону»[11]. Ноўгарадзкі губэрнатар Я.Северс (пазьнейшы пасол Кацярыны II у Варшаве) пісаў да царыцы, што расейскія абшарнікі, «кіруючыся неўмеркаванай хцівасьцю, абкладаюць сваіх падданых такімі цяжкімі чыншамі, што дзеля таго тысячы ўцекачоў з Расейскай імпэрыі запаўняюць Літву й Польшчу»[12]. У 1763 годзе ў адным Мсьціслаўскім ваяводзтве (зь іншых ваяводзтваў мы ня маем дадзеных) іх было з адарванай Смаленшчыны каля 50.000[13]. У працягу 20 год па 1772 годзе з Мсьціслаўскага, Віцебскага й Полацкага ваяводзтваў расейска-беларускую мяжу перайшло болей за 30.000 сялян[14]. 9 сакавіка 1793 году міністэрства замежных спраў Расеі ў ноце да Аўстрыі й Прусіі скардзілася, што ў Рэчы Паспалітай «расейскія падданыя, жыхары пагранічча... прыймаюцца па сваіх уцёках. Колькасьць іхная ацэньваецца на 300.000 галоў, ня лічачы нашчадкаў ад так даўна, як мае месца гэтая неразумная эміграцыя. Трэба яшчэ ўзяць на ўвагу, што вялікая частка з тых уцекачоў не была абнятая ўлікам»[15].

 

Паўстаньне 1794 году пад кіраўніцтвам гэн. Т.Касьцюшкі ў Польшчы пачалося 24 сакавіка. Вялікае Княства Літоўскае далучылася да яго месяцам пазьней.

Для кіраўніцтва паўстаньнем у Вільні быў створаны паўстанчы цэнтар ВКЛ - Найвышэйшая Рада. У ейны склад увайшлі палк. Якуб Ясінскі - вайсковы кіраўнік паўстаньня, ваявода наваградзкі Язэп Весялоўскі, каштэлян менскі Міхал Абуховіч, падкаморы рэчыцкі Станіслаў Валовіч, маршалак аршанскі Мікола Храпавіцкі, стражнік ВКЛ гэн. Ігнат Гелгуд і іншыя. Найвышэйшая Рада ВКЛ фармальна падпарадкавалася Т.Касьцюшку, але не Варшаўскай Радзе. Фактычна ж яна дзеяла зусім самастойна. «Wilno zachowało się... jak jedna z dwóch stolic państwa związkowego... Porwały się do walki Korona i Litwa. Musiały i chciały iść razem, lecz każda pod własnym imieniem i z własną twarzą»[16].

Рэгулярныя войскі ВКЛ i створаныя паўсюдна паўстанчыя аддзелы ўдарылі на расейскія акупацыйныя гарнізоны. Сьпярша яны мелі ўдачы. Уначы на 23 красавіка гарнізон расейскіх войск у Вільні быў разгромлены. Паўстанцы захапілі арсэнал, начальніка гарнізону гэн. М.Арсеньнева й каля 1000 расейскіх жаўнераў узялі ў палон. Рэшта гарнізону пад камандаю маёра М.Тучкова ратавалася ўцёкамі[17]. У канцы красавіка - траўні былі вызвалены Браслаў, Ашмяны, Ліда, Наваградак, Горадня, Слонім, Ваўкавыск, Берасьце, Кобрын[18]... і Пінск, які паводля 2-га разьдзелу Рэчы Паспалітае ў 1793 годзе ўжо быў далучаны да Расеі. Адначасна ген. Язэп «Беляк, кн. Сапега и Заиончек через Слоним пришли с войсками в Столовичи и ... сорвали... (расейскі - А.К.) пост... на границе при Ляховичах»[19]. А аддзелы гэн. гвардыі ВКЛ С.Грабоўскага дайшлі аж да Бабруйску[20].

Унівэрсалам Найвышэйшай Рады ВКЛ ад 24 красавіка, як і Т.Касьцюшкі ад 7 траўня, сялянам ВКЛ і Польшчы была абвешчана асабістая вольнасьць. У краі ўзьняўся патрыятычны рух. Для фінансавай падтрымкі паўстанчага цэнтру ў Вільні пачаліся добраахвотныя ахвяраваньні, у выніку якіх за кароткі час у касу цэнтру паступіла 461 750 злотых, вялікая колькасьць розных каштоўнасьцяў, золата, серабра.

Аднак ад паразы паўстанцаў пад Соламі Ашмянскага павету (25 чэрвеня) і паўторнага захопу расейскім войскам Вільні (12 жніўня) паўстанцы пачалі здаваць свае пазыцыі й з баямі адыходзіць на захад. У Польшчы расейскае войска з дапамогаю прускага здушыла паўстаньне 16 лістапада.

Пасьля здушэньня яго й наступіўшага па ім у 1795 годзе 3-га разьдзелу Рэчы Паспалітае ўся тэрыторыя Беларусі была гвалтам далучана да Расейскай імпэрыі (толькі Беластоцкая акруга з заходняй Горадзеншчынай у працэсе дзяльбы занятых земляў была аддадзеная Прусіі).

Гэта выклікала ў 1794-1795 гадох 1-ую хвалю масавае эміграцыі зь Беларусі й Польшчы на захад - у Францыю, Саксонію, Вэнэцыю, Гановэр, а стуль некаторых у ЗША. У бальшыні гэта былі ня трапіўшыя праз палон у расейскія турмы й ссылкі (куды пагнана на пакараньне 12.000 паўстанцаў[21]) дзяржаўна-палітычныя дзеячы, кіраўнікі й актыўныя ўдзельнікі паўстаньня, афіцэры й жаўнеры (20.000 іх інтэрнавана ў Аўстрыі, 3.000 - у Прусіі[22]), цывільная інтэлігэнцыя.

Спасярод эміграваўшых знайшліся:

Адзін з «чаловых літоўскіх сэпаратыстых» кн. Міхал Клеафас Агінскі, пасол Чатырохгадовага (1788-1792 гадоў) і Горадзенскага (1793 году) соймаў, падскарбі ВКЛ у 1793-1794 гадох (ведамы й як кампазытар - аўтар опэры й шматлікіх твораў меншых музычных жанраў, а ў тым Маршу паўстанцаў 1794 году). У часе паўстаньня ён уваходзіў у паўстанчы цэнтар ВКЛ, на свой кошт сфармаваў і ўзброіў батальён уланаў, якім сам камандаваў у баёх супраць расейскага войска. Па ўпадку паўстаньня вымушаны быў эміграваць (сьпярша - у Вену, скуль пераехаў у Вэнэцыю й Парыж)[23].

Абозны ВКЛ, маршалак Трыбуналу ў 1787 годзе, таксама сябра Найвышэйшай Рады ў Вільні Кароль Прозар з Рэчыцкага павету.

Палк. Войск ВКЛ Язэп Кацёл, пасол Чатырохгадовага сойму ад Ашмянскага павету, сябра Найвышэйшай Рады ў Вільні, лучнік ейны з гэн. Т.Касьцюшкам і Радай Найвышэйшай у Варшаве. Эміграваў у Вэнэцыю, а тады - у Парыж.

Кн. Казімер Нестар Сапега, гэн. артылерыі ВКЛ ад 1773 году, берасьцейскі пасол на соймы 1778-1788 гадоў, маршалак гэнэральнай канфэдэрацыі ВКЛ ад 1788 году. Памёр эмігрантам у Вене ў 1798 годзе.

Пасьля гэтае масавае хвалі на эміграцыю йшлі й індывідуальна:

У 1796 годзе па вызваленьні зь Петрапаўлаўскай крэпасьці ў Пецярбургу - паўторна ў ЗША галоўны кіраўнік паўстаньня 1794 году ў Рэчы Паспалітай Тадэвуш Андрэй Касьцюшка (беларус з двара Мерачоўшчына каля Косава), былы (у 1776-1783 гадох) удзельнік вайны за незалежнасьць ЗША, каго амэрыканскі Кангрэс 13 кастрычніка 1783 году менаваў гэнэралам брыгады. У 1797 годзе ў Філядэльфіі Т.Касьцюшка зблізіўся з Т.Джэфэрсонам, будучым (у 1801-1809 гадох) прэзыдэнтам ЗША. У наступным годзе ён вярнуўся ў заходнюю Эўропу і ў 1817 годзе памёр у Швэйцарыі[24].

Павел Бжастоўскі, пісар ВКЛ ад 1762 году, рэфэрэндар у 1774-1787 гадох. У сваім маёнтку Паўлава (на рэчцы Мерачанцы каля Вільні) у 1789 годзе дараваў сялянам асабістую свабоду, звольніў ад прыгону, замяніўшы яго на чынш. Маёнтак, да каторага належала мястэчка Паўлава й 14 вёсак, ператварыў у аўтаномную сялянскую рэспубліку - г. зв. Паўлаўскую Рэч Паспалітую. Уладу ў ёй пад сваім кантролем перадаў сялянскаму сойму і ўраду з самастойным судом, грашыма й банкам, заснаваў школу, шпіталь, аптэку, з жыхароў мястэчка - гвардыю бясьпекі. У паўстаньні 1794 году сяляне Паўлаўскай Рэчы Паспалітай выслалі ад сябе 150 паўстанцаў у паўстанчыя аддзелы ВКЛ і ўласным коштам уфундавалі для іх дзьве гарматы. А самі выкапалі акопы й, узброіўшыся, тройчы адбілі ад свае рэспублікі аддзелы расейскага войска[25]. З прыходам урэшце расейскае ўлады Паўлаўская Рэч Паспалітая была зруйнаваная, у сялянаў была адабраная вольнасьць, іх назад вярнулі ў стан прыгонных, як у цэлай Расейскай імпэрыі. Расчараваны П.Бжастоўскі ў 1798 годзе прадаў маёнтак і выехаў на эміграцыю (у Дрэздэн і Рым)[26].

 

24 чэрвеня 1812 году Вялікая армія Напалеона Банапарта перасекла мяжу Расейскай імпэрыі й колькімі дарогамі рушыла на ўсход за пасьпешна адступаўшым расейскім войскам. Палову Вялікай арміі (на Расею Напалеон кінуў 420.000 зь яе) складалі самі французы, другую палову (болей за 200.000) - партугальцы, італьянцы, немцы, аўстрыйцы, швэйцарцы, палякі й іншыя народы эўрапейскай кааліцыі францускага імпэратара.

28 чэрвеня Напалеон ужо быў у Вільні, а на трэці дзень, 1 ліпеня, зь ягонае згоды было адноўлена Вялікае Княства Літоўскае, незалежнае ад Гэрцагства Варшаўскага (паўсталага ў 1807 годзе). Толькі 17 год перад тым зьліквідаванае й далучанае да Расеі, Вялікае Княства Літоўскае адразу прыстала да кааліцыі Напалеона. Быў створаны часовы ўрад на чале з графам С.Солтанам (у склад ураду ўвайшлі й эмігранты 1794-1795 гадоў - граф Кароль Прозар і Францішак Ельскі). Ва ўмовах вайны пачалася адбудова дзяржавы, арганізацыя адміністрацыі, фармаваньне войска: корпусу ВКЛ[27] - 4-ох палкоў кавалерыі[28], 5-ёх палкоў пяхоты[29], 3-га гвардзейскага ўланскага палка[30], 6-ёх батальёнаў егераў (па 6 ротаў у кожным батальёне)[31], конна-егерскага палка добраахвотнікаў[32], дадаткова - Магілеўскага й Віцебскага палкоў, а таксама Нацыянальнай Гвардыі ва ўсіх губэрнскіх і павятовых цэнтрах[33].

Адноўленае Вялікае Княства Літоўскае праіснавала ўсяго паўгоду. Адыход арміі Напалеона з Расеі, новая акупацыя й ліквідацыя Вялікага Княства Літоўскага расейскім войскам у сьнежні месяцы, распачатыя арышты й ссылкі патрыётаў - староньнікаў кааліцыі Напалеона - спарадзілі 2-ую хвалю масавай беларускай эміграцыі на Захад. Разам з французамі, у Дрэздэн[34], а з Дрэздэна ў Ляйпцыг[35] выехаў часовы ўрад ВКЛ, дзе працягваў сваю працу да 24 ліпеня 1813 году[36]. Спаміж выехаўшых былі: старшыня ўраду граф Станіслаў Солтан (гэнэрал войск ВКЛ ад 1782 году, маршалак надворны ў 1791-1793 гадох), кіраўнік аддзелу юстыцыі Францішак Ельскі зь Пінскага павету (былы маршалак Трыбуналу ў 1783-1785 гадох, сябра Віленскага паўстанчага цэнтру ў 1794 годзе), гэнэральны сакратар ураду Язэп Ігнат Касакоўскі (сын наваградзкага падстоляга, былы падчашы ВКЛ) і іншыя.

Адыходзілі на Захад і вайсковыя фармацыі ВКЛ, здэкамплектаваныя ў баёх супраць расейскага войска. У Заходняй Эўропе на баку Напалеона яны яшчэ бралі ўдзел у вайсковых акцыях 1813 году, а ў тым і ў славутай «бітве народаў» пад Ляйпцыгам 16-19 кастрычніка, пасьля прайграньня якое перайшлі Рэйн і засталіся на эміграцыі ў Францыі. Разам зь імі былі высокія афіцэры ВКЛ:

Кіраўнік вайсковага аддзелу часовага ўраду гэн. Сьцяпан Грабоўскі з Наваградзкага павету (заступіўшы памерлага ў Дзярэчыне 8 верасьня 1812 году кн. Аляксандра Сапегу). У паўстаньні 1794 году на чале палка 23 красавіка ён удзельнічаў у вызваленьні Вільні. Змагаўся пад Немянчынам, Палянамі, Соламі. 15 жніўня з злучэньнем у 1800 асобаў і з 5 гарматамі рушыў на падрасейскую Меншчыну, але ў адваротнай дарозе з Бабруйску на Слуцак 4 верасьня пад Любаньню капітуляваў, узяты ў палон і сасланы ў Унжэнскую акругу. Вызвалены з ссылкі паводле амнэстыі цара Паўла I.

Гэн. Ксавер Несялоўскі зь Ляхавічаў, сын Наваградзкага ваяводы Язэпа. Як камандзер палка змагаўся ў паўстаньні 1794 году, пасьля чаго эміграваў у Дрэздэн. У 1812 годзе - інспэктар пяхоты ў корпусе ВКЛ, з аддзеламі якога ў 1813 годзе крочыў на Захад.

Стрыечныя браты Касакоўскія - Язэп Дамінік і Язэп Антон. Абодва паходзілі з патрыятычных сем'яў, якія «Starali się... rozluźnić związki (ВКЛ. - А.К.) z Polską»[37]. Калі выпрацоўвалася й прымалася Канстытуцыя 3 мая 1791 году, каторая ўневажняла канфэдэрацыю Рэчы Паспалітай, ператвараючы яе ў адзін край з адным народам і тым самым ліквідоўвала дзяржаўнасьць канфэдэрацыйнага Вялікага Княства Літоўскага, нізводзячы яго да аднэй з правінцыяў Польшчы, - бацька Язэпа Дамініка, ваявода Брацлаўскі (перад тым - Віцебскі) «Konstytucję 3 maja przyjął... wrogo»[38]. A браты бацькавыя, дзядзькі стрыечных братоў, таксама ворагі Канстытуцыі - біскуп Язэп Казімер за «swe separatystyczne wobec Polski dążenia»[39] й гэтман таргавіцкі Вялікага Княства Літоўскага, «jeden z głównych zdrajców»[40] Польшчы, Сымон Касакоўскі ў 1794 годзе былі нат пакараныя сьмерцю. Таму палкоўнік і лоўчы Вялікага Княства Язэп Дамінік, «uważany za przeciwnika Konstytucij 3 maja, nie był... obecny przy jej uchwalaniu»[41]. Ад 1793 году ён - камандзер 2-га пяхотнага палка. У 1812 годзе з даручэньня часовага ўраду зарганізаваў у Цімкавічах Менскі полк, зь якім біўся супраць расейскага войска ў Менску (12 кастрычніка), пад Койданавам, Барысавам (21 лістапада), Студзянкаю й Стахавам (28 лістапада). 4 сьнежня з 341 жаўнерам, што засталіся ў палку, дайшоў да Вільні, а 6-га вырушыў на захад[42]. Гэнэрал Язэп Антон - камандзер 3-ай кавалерыйскай брыгады Вялікага Княства Літоўскага ў паўстаньні 1794 году. Пасьля здушэньня паўстаньня эміграваў у Парыж, дзе пазнаёміўся з Напалеонам. У 1812 годзе былы эмігрант пакліканы ў вайсковы корпус Вялікага Княства, скуль Напалеон забраў яго да сябе ў Ганаровую Гвардыю й ад'ютантам у свой штаб. Ад 3 жніўня ён камандуе Полацкім[43] пяхотным палком, зь якім ідзе на Смаленск, Мажайск, у Маскву. Тут Напалеон 29 верасьня прызначае яго на губэрнатара Масквы (у ролі каторага быў тры дні). Пры адыходзе з Масквы на Захад ён біўся над Бярозаю (28 лістапада), пад Смалявічамі, Барысавам, Стахавам, Вільняю (10 сьнежня). У 1813 годзе зноў пакліканы на ад'ютанта францускага імпэратара. Быў у бітвах пад Лютцэнам, Шпандаў, Баўтцэнам, Дрэздэнам, Ляйпцыгам і Ганаў. У наступным годзе Напалеон уганараваў яго графскім тытулам, а 4(16) красавіка выдаў яму ўласнаручны ліст-дэмісію. Праз чатыры дні ў Фантэнблё гэн. Касакоўскі прысутнічаў на цырымоніі адрачэньня Напалеона ад імпэратарскага пасаду[44].

Зь іншых выдатных асобаў на эміграцыю пайшлі:

Ян Гараін, сын берасьцейскага ваяводы, ад 1782 году пасол у сойм. У 1794 годзе ён быў адным з галоўных кіраўнікоў паўстаньня на Берасьцейшчыне. У 1812 годзе, па аднаўленьні Вялікага Княства Літоўскага - бурмістар Вільні, скуль у канцы таго ж году эміграваў у Парыж.

Кн. Міхал Клеафас Агінскі, які ў 1802 годзе па царскай амнэстыі вярнуўся ў Беларусь і жыў у адным з сваіх двароў - Залесьсі каля Смаргоняў. Ён спрабаваў аднавіць хаця б аўтаномнае Вялікае Княства Літоўскае пад расейскім пратэктаратам. У 1811 годзе, пасьля колькігадовых асабістых перамоваў з Аляксандрам I, ім быў уложаны для гэтага адпаведны праект, у якім прадбачалася таксама ў працягу 10 год (1812-1821) даць сялянам вольнасьць. Здавалася, што ў абліччы загрозы напалеонаўскай вайны цар схіляўся да праекту князя. 22 кастрычніка 1811 году ўжо быў падрыхтаваны тэкст царскага ўказу. Але цар марудзіў, падпісаньне яго адкладаў. Вайна 1812 году праект перакрэсьліла. Агінскі, згубіўшы ўсялякую надзею на зрэалізаваньне свае ідэі, ізноў падаўся на Захад, на гэты раз у Флярэнцыю, дзе жыў 18 год і ў 1833 годзе памёр. Незадоўга перад сьмерцю (у 1826-1827 гадох) у Парыжы ён выдаў у 4-ох тамох напісаныя ім па-француску мэмуары з 1788-1815 гадоў.

Калі па здушэньні ўсіх першых спробаў вызваліць бацькаўшчыну з-пад расейскае акупацыі на Беларусі часова запанаваў стан духовай безнадзейнасьці, некаторыя беларусы з пачуцьця апазыцыі да кожнага чужацкага панаваньня й салідарнасьці да кожнага паняволенага народу пакідалі свой край, каб ісьці змагацца супраць хоць-якога панявольніка, дзе толькі агонь гэтага змаганьня займаўся.

У 1821 годзе ўзьняўся збройны рух за вызваленьне Грэцыі ад туркаў. Падобна ангельскаму паэту-эмігранту Джорджу Байрану й многім іншым, актыўны ўдзел у ім бралі беларускі эмігрант з Горадні кап. Янкоўскі й палк. Вячаслаў Гарноўскі з Краслаўкі Дзьвінскага павету. Пра Янкоўскага, які Беларусь пакінуў у 1820 годзе, мы ня маем большых вестак. В.Гарноўскі, пазнаёміўшыся з агэнтамі грэцкай нацыянальна-вызвольнай арганізацыі гэтэрыстых, на пачатку 1821 году тайна пакінуў Магілеў, дзе ён жыў, прабраўся ў Валахію, сфармаваў там уланскі полк і 3 месяцы ў войску гэн. А.Іпсіланція біўся на чале палка супраць туркаў. Разьбіты 19 чэрвеня 1821 году пад Драгашанамі, перайшоў аўстрыйскую мяжу й па інтэрнаваньні 5 год сядзеў у турме. На патрабаваньне цара Аляксандра I, у 1826 годзе выдадзены ў Расею. Там зноў арыштаваны й аддадзены пад строгі нагляд паліцыі. У 1837 годзе ўрад вольнай Грэцыі завочна ўзнагародзіў яго найвышэйшым ордэнам Збавіцеля.

 

Паўстаньне 1831 году ў жніўні месяцы было здушанае ўжо ва ўсіх паветах Беларусі. Ад канца чэрвеня яно працягвалася толькі на паўдні (Пінск, Мазыр, Рэчыца) і ўсходзе (Магілеўская й Віцебская губэрні), у ліпені далучыліся Наваградак і Слонім. Галоўныя ягоныя сілы (з Горадзеншчыны, Віленшчыны й Меншчыны - да 20.000 паўстанцаў з усіх 35.000-40.000) былі разьбітыя расейскім войскам у баі пад Вільняю 19 чэрвеня.

Яшчэ ў верасьні па лясох хавалася шмат лякальных паўстанцкіх арганізатараў і кіраўнікоў, каторыя прабіраліся да заходняй мяжы Расейскай імпэрыі, але ў сярэдзіне ліпеня болей за 10.000 паўстанцаў адступаўшых з-пад Вільні перайшлі каля Клайпэды прускую мяжу й былі прускім урадам раззброеныя. Іх разьмясьцілі ў лягеры места Фрыдлянда й па навакольных мястэчках і сёлах. Нязначная частка зь іх засталася ў Прусіі, асноўная ж маса ад лістапада «калёнамі» па болей-меней 150 асобаў кожная з Фрыдлянда рушыла ў Францыю. Ехалі 2 месяцы на вазох праз усю Нямеччыну да места Бэзансон пры швэйцарскай мяжы (дзе ў сям'і напалеонаўскага маёра нарадзіўся вялікі францускі пісьменьнік Віктор Гюго, які пазьней, у 1851-1870 гадох, сам пайшоў на эміграцыю й, маючы добрыя інфармацыі ад польскіх і беларускіх эмігрантаў, у часе паўстаньня 1863-1864 гадоў публічна выступаў у абарону нацыянальна-вызвольнага змаганьня ў Польшчы й Беларусі).

Францускі ўрад для апекі над эмігрантамі стварыў пад кіраўніцтвам гэн. Лафаета адмысловы Дапамаговы Камітэт і асыгнаваў на пэнсіі для эмігрантаў 3.000.000.франкаў у год.

З Бэзансона, на вуліцах якога тады было чуваць больш мовы эмігрантаў, чымся францускую, за год яны расьсяліліся па Францыі (Парыж і іншыя 24 эмігранцкія асяродкі), а пазьней некаторыя выехалі ў Швэйцарыю (Жэнэва, Цурых), Бэльгію (Брусэль), Ангельшчыну (Лёндан), Італію, ЗША.

Сёньня нам яшчэ не стае многіх дэталяў (для выяўленьня іх патрэбныя спэцыяльныя студыі тагачасных разнамоўных публікацыяў і архіваў), але ведама, што, трапіўшы ў сфэру рэвалюцыйна-вызвольных рухаў Заходняй Эўропы (галоўныя цэнтры якіх былі ў Парыжы й Лёндане), беларускія эмігранты 3-яй масавай хвалі, разам з эмігрантамі польскімі, вугорскімі, італьянскімі й іншымі, далучыліся да розных агульнаэўрапейскіх арганізацыяў, а найперш да «Маладой Эўропы» (заснаванай у 1834 годзе) і «Інтэрнацыянальнага саюзу народаў» (заснаванага ў 1846 годзе), узначальваных Джузэпэ Мадзыні, Лаяшам Кошутам і іншымі; бралі ўдзел у руху карбанараў, вугорскай рэвалюцыі 1848 году й іншых войнах і рэвалюцыях, што ставілі сабе за мэту нацыянальнае вызваленьне народаў і сацыяльнае разьняволеньне сялян. Яны трымалі сталую лучнасьць зь Беларусьсю, дапамагаючы ў плянаваньні й падрыхтове ў ёй новых вызвольных выступаў ці служылі ёй на ніве інфармацыі й разьвіцьця нацыянальнага мастацтва й навукі.

Спасярод іх было нямала выдатных асабістасьцяў:

Наваградзкі маршалак Язэп Кашыц, кіраўнік паўстаньня ў Наваградзкім і Слонімскім паветах.

Настаўнік Віленскай гімназіі беларускі гісторык Гіпаліт Клімашэўскі, які адшукаў г. зв. Летапіс Быхаўца і ў 1830 годзе ўпершыню апублікаваў зь яго ўрывак.

Маляр-пэйзажыст Вінцэнт Дмахоўскі з Ашмянскага павету, творца рамантычных краявідаў «Бацькаўшчына» («Двор у Нагародавічах»), «Возера Сьвіцязь», «Веркі», «Каля пераправы», «Пажар у лесе» й г.д. (Ён быў якраз сярод нешматлікіх, што засталіся ва Ўсходняй Прусіі, і ў 1833 годзе вярнуўся дадому).

Графік і кампазытар Напалеон Орда зь Пінскага павету, аўтар славутых малюнкаў і акварэляў «Крэўскі замак», «Горадня», «Сьвіслач», «Менск», «Асьвея», а таксама - імшы й некаторых меншых музычных твораў. Эміграваўшы сьпярша ў Аўстрыю, Швэйцарыю, Італію, у канцы 1830-ых гадоў ён у Парыжы ўдасканальваў свой малярскі талент у студыі П.Жырара, а музычны - у Ф.Шапэна.

Паручнік паўстанцкага аддзелу на Віцебшчыне паэт Аляксандар Рыпінскі, які 21 лістапада 1839 году ў Парыжы на запросіны Польскага літаратурнага таварыства чытаў для ягоных сяброў рэфэрат пра Беларусь, ейную мову, літаратуру й фальклёр. Выдаўшы яго (у пашыранай рэдакцыі з дадаткамі) у наступным годзе асобнай кніжкаю[45] (цэнзурна забароненай у Расеі), ён тым самым адзін зь першых пашыраў у Францыі й наагул на захадзе Эўропы інфармацыю й веду пра свой паняволены край. «Любасьць да Беларусі спрычынілася да таго, што выклікала (у Парыжы. - А.К.) збліжэньне й трывалае сяброўства А.Рыпінскага з А.Міцкевічам»[46]. Пераехаўшы ў Лёндан[47], ён (настаўнік францускай мовы й маляваньня ў Eagle House School), дзесь каля 1852 году, разам зь сябрам з Наваградчыны, Ігнатам Яцкоўскім (які ў кнізе сваіх успамінаў[48] захаваў для гісторыі беларускай літаратуры весткі пра паэта Паўлюка Багрыма й апублікаваў адзіны ведамы нам дагэтуль ягоны верш «Зайграй, зайграй, хлопча малы...»), залажыў ва ўласным доме на Grove Place, 5 (дом гэты стаіць яшчэ й цяпер) невялікую ўласную друкарню. У ёй у 1853 годзе асобнымі кніжачкамі трыма выданьнямі ён выдаў напісаную ім у Лёндане баляду «Нячысьцік». У музэі на Bruce Castle захоўваюцца дзьве гравюры зь ягоных малюнкаў Eagle House School, падпісаных ім і датаваных 1854 годам.

Міхал Валовіч з двара Парэчча Слонімскага павету, які на пачатку 1833 году тайна з Францыі быў высланы ў Беларусь рыхтаваць новае паўстаньне. Створанае ім зь сялянаў партызанскае злучэньне было разьбітае расейскім войскам, а сам ён, схоплены, 21 ліпеня 1833 году загінуў на шыбеніцы ў Горадні.

Магістар права Гэнрык Дмахоўскі з двара Забалацьце Дзісенскага павету. Ён таксама ў 1833 годзе ішоў з Парыжа на рэвалюцыйную працу ў Беларусь, але па дарозе, у Аўстрыі, быў затрыманы й увязьнены (1834-1841). Па звальненьні з турмы вярнуўся назад у Парыж, там скончыў школу скульптуры, а ў 1851 годзе выехаў у ЗША, дзе для Кангрэсу ў Вашынгтоне зрабіў бюсты Т.Касьцюшкі й Т.Джэфэрсона.

Найбольшую палітычную актыўнасьць эміграцыя разгарнула напярэдадні і ў часе паўстаньня 1863-1864 гадоў. І з голасам яе ў краі мусілі паважна лічыцца. Ёсьць дадзеныя, што, калі выпрацоўваліся галоўныя мэты паўстаньня й вакол гэтага йшлі гарачыя спрэчкі, у Лёндане й Парыжы мелі пра гэта дакладныя інфармацыі. Хтось бараніў там нацыянальныя пазыцыі Беларусі, што найлепей адбілася ў адозве «Да расейскага, польскага і ўсіх славянскіх народаў» М.Бакуніна, блізкага да польскіх і беларускіх эмігрантаў у Лёндане. Адозву гэтую, апублікаваную ў герцанаўскім «Колоколе», расейскія гісторыкі (якія так любяць спасылацца на гэты часапіс і цытаваць яго) звычайна ня згадваюць. А Бакунін пісаў: «Палякі мо будуць вымагаць зашмат... не абмежацца на Царстве Польскім, а выкажуць гістарычныя прэтэнзіі на Літву, Беларусь... і ўсю Ўкраіну... У такім выпадку яны дапусьцяцца вялікай памылкі. Я думаю, што... Украіна... і Беларусь будуць самастойнымі сябрамі агульнаславянскага саюзу. Я вымагаю толькі аднаго, каб кожнаму народу, кожнаму малому й вялікаму племю, былі дадзеныя мажлівасьці й права самім вырашаць свой лёс: хоча ён зьліцца з Расеяй ці Польшчай - хай зьліваецца; хоча быць самастойным - хай будзе такім. Урэшце, хоча ён зусім аддзяліцца ад усіх і жыць зусім асобнай дзяржавай... хай аддзяляецца. Бог зь ёю, веліччу пятроўскай, кацярынінскай, мікалаеўскай, змусіўшай расейскі народ выконваць ганебную ролю ката... Мы шукалі сілы й славы а знайшлі няславу, заслужылі нянавісьць і пракляцьце ў прыдушаных намі народаў. Дзякуй Богу, наша двухвяковая турма - пятроўская дзяржава - урэшце, валіцца. Мы ж самі падапхнем яе ў бездань. І воля нам; воля гэраічнай Польшчы, воля Беларусі, Літве, Украіне!...»[49] Цэнтральны паўстанчы камітэт у Варшаве палічыў за канечнае злажыць на апрабату ЦК «Маладой Эўропы» ў Лёндане сваю дэклярацыю, у якой запэўняў, што па вызваленьні з-пад Расеі кожнаму народу будзе загварантаваная роўнасьць «без аніякай гэгэмоніі каторагась зь іх»[50].

Эміграцыя актывізавалася ў пашырэньні ў заходнеэўрапейскай прэсе інфармацыі пра ход паўстаньня (ішлі яны на Захад з цэнтралі паўстаньня ў Вільні празь ягонага замежнага агента ў Кёнігсбэргу А.Банальдзі[51] й, паводле паказаньняў К.Каліноўскага, у адрас містэра Альбэрта ў Парыж (Hotel St. Germain, № 88))[52]; у транспартацыі для паўстанцаў зброі (на ангельскім параплаве Ward Jackson у сакавіку 1863 году)[53]; у вэрбаваньні з эмігрантаў добраахвотнікаў (г. зв. лёнданская марская экспэдыцыя 1863 году)[54]; у спробе арганізацыі паўстанцаў на пачатку 1864 году ў Прусіі[55] й што асабліва важна - у падрыхтове палітычных і вайсковых кіраўнікоў.

Апошняе рабілася пераважна з дапамогаю цэнтру «Маладой Эўропы» й асабіста Джузэпэ Гарыбальдзі, які ў 1861-1863 гадох прымаў беларускіх кандыдатаў у свае вайсковыя школы ў Гэнуі и Кунэо на італьянскім П'емонце. Тут вучыліся (да прыкладу):

Фэлікс Віславух з Рэчыцкага павету, былы студэнт Маскоўскага й Кіеўскага ўнівэрсытэтаў, пазьнейшы сябра К.Каліноўскага й У.Малахоўскага. Прыбыўшы з Кунэо на пачатку паўстаньня, ён быў прызначаны ў Троцкі павет, сьпярша на камандзера паўстанчага аддзелу, а ад 8 чэрвеня 1863 году - на павятовага вайсковага начальніка. Па здушэньні паўстаньня зноў пайшоў на эміграцыю.

Баляслаў Калышка зь Лідзкага павету. Сын эмігранта ў Парыжы. Камандзер зарганізаванага ім Дубіскага паўстанчага палка, зь якім у шматлікіх баёх біўся супроць расейскага войска. Разьбіты пад Біржамі 25-26 чэрвеня 1863 году, узяты ў палон і павешаны ў Вільні.

Жыгімонт Мінейка з Ашмянскага павету. Па сканчэньні школы ў Кунэо - вайсковы начальнік Ашмянскага павету й камандзер злучанага паўстанчага аддзелу, у якім, праўдападобна, змагаўся й сябра ягоны па Віленскай гімназіі паэт Ф.Багушэвіч. Пацярпеўшы няўдачу пад Расолішкамі, хворы на тыфус, 3 чэрвеня 1863 году ўзяты ў палон і засуджаны на кару сьмерці, замененую 12 гадамі катаргі. (Зь Сібіры яму пашчасьціла ўцячы замежы. У 1897 годзе ён яшчэ ваяваў супроць туркаў за Крыт, удастоіўся ганаровага грамадзянства Грэцыі й дажыў да 1925 году.)

Фэлікс Зянковіч з двара Макраны Пружанскага павету. Прыбыў зь Лёндану з марской экспэдыцыяй паўстанцаў-эмігрантаў. Ад ліпеня 1863 году - сакратар краёвага паўстанчага цэнтру ў Вільні. 7 жніўня 1863 году арыштаваны, прысуджаны да расстрэлу, але сасланы на 12 год катаргі ў Сібірскія капальні.

Дадамо тут і знаёмага нам Г.Дмахоўскага. Пахаваўшы ў Філядэльфіі жонку, у 1861 годзе з уласнае волі вярнуўся ў Беларусь, улучыўся ў падрыхтоўку паўстаньня; а калі яно пачалося, быў вайсковым начальнікам свайго Дзісенскага павету. У красавіку 1863 году ён зарганізаваў паўстанчы аддзел у суседнім Лепельскім павеце, сам камандаваў ім у баі каля сяла Парэчча Барысаўскага павету 26 траўня 1863 году й, «прабіты 8 кулямі, упаў старац на рукі дарастаючай моладзі»[56].

 

Паўстаньне 1863-1864 гадоў у Беларусі й Летуве сплывала крывёю. Супроць яго было кінута (паводле афіцыйных расейскіх дадзеных на 1 студзеня 1864 году) 144 786 жаўнераў, 146 гармат і 60 казацкіх сотняў[57]. Сёньня яшчэ невядома, колькі паўстанцаў забіта й паранена, але пакараных вайскова-палявымі судамі і «ў адміністрацыйным парадку» (без суду) на 1 студзеня 1865 году было 18 507 (зь ix: 128 - расстрэлам і шыбеніцай, 853 - катаргай, 11 502 - ссылкаю ў Сібір і «внутренние губернии Империи», 6034 - «оставлено в крае с подвержением некоторых из них административным взысканиям и... с отдачею на благонадежное поручительство и под надзор полиции других»[58].

Калі залпы расстрэлаў і скрып вісельняў яшчэ не заціхлі, а звон кайданаў гнаных у Сібір вісеў над Беларусьсю, - чарговая, 4-ая хваля масавай беларускай эміграцыі вырушыла на Захад. Згодна з польскімі крыніцамі[59], яна лічыла 7000 найбольш актыўных паўстанцаў, разам - з Польшчы, Беларусі й Летувы.

Паадзіночныя й выключныя выпадкі гэтай хвалі датуюцца ўжо ад вясны 1863 году. Увосені, калі зьявіліся замаразкі й сьнег і трымацца ў лесе стала цяжка, рух гэты пабольшыўся. Дзеля таго, што ён мог пагражаць далейшаму ходу паўстаньня, зьмяншаючы ягоныя кіраўнічыя кадры, 1 сьнежня 1863 году кіраўнік паўстаньня Кастусь Каліноўскі выдаў загад аб забароне выезду замежы без дазволу паўстанчага ўраду[60], пазьней уважаючы яго «за адну з самых няўдалых пастановаў»[61].

У гэтай хвалі эміграцыі ў Францыю, Швэйцарыю, Ангельшчыну й іншыя краі Захаду йшлі:

З краевых кіраўнікоў -

Ян Казела (псэўдонім - Скала) з двара Сэрвач Вялейскага павету. Навуку здабываў у Пецярбурскай школе гвардзейскіх падпрапаршчыкаў і інжынэрнай акадэміі. Напярэдадні паўстаньня - адзін з заснавальнікаў паўстанчай арганізацыі ў Менску. Ад восені 1862 году - сябра краёвага паўстанчага цэнтру. Праз год - вайсковы начальнік Горадзенскага й Аўгустоўскага ваяводзтваў. Эміграваў у Францыю. Вярнуўшыся ў 1872 годзе ў Беларусь, быў арыштаваны й да 1883 году сасланы ў ссылку.

Інжынэр Уладыслаў Малахоўскі з двара Маце Кобрынскага павету, блізкі паплечнік К.Каліноўскага, паўстанчы начальнік Вільні (у лютым-жніўні 1863 году).

Маляр Браніслаў Залескі (Ліцьвін) з двара Рачкавічы Слуцкага павету. У 1846 годзе за ўдзел у падпольным антырасейскім руху высланы ў Арэнбург, а праз два гады - у Аральскі край, дзе ссылку адбываў разам з Т.Шаўчэнкам. У 1856 годзе вярнуўся дадому, а ў 1863 - далучыўся да паўстаньня. Эміграваў у Дрэздэн - Рым - Парыж (дзе ў 1880 годзе й памёр). Быў замежным палітычным прадстаўніком краёвага паўстанчага цэнтру.

Палк. Баляслаў Длускі зь Віленскага павету. Ад 1862 году - сябра краёвага паўстанчага цэнтру ў Вільні, ад кастрычніка 1863 году яму зь Вільні было даручана стварыць з новых эмігрантаў, «якія перад тым былі паўстанцамі й змушаныя былі эміграваць», вайсковую камісію, улажыць страявы статут для паўстанчых аддзелаў і па апрабаце яго выдаць друкам[62].

ваяводзкіх:

Паўстанчы начальнік Менскага ваяводзтва Карнэль Пялікша.

Палк. Валеры Ўрублеўскі (пазьнейшы «гэнэрал Парыскай Камуны») зь мястэчка Жалудок Лідзкага павету. Сурэдактар газэты «Мужыцкая Праўда», вайсковы начальнік Горадзенскага ваяводзтва.

Ігнат Арамовіч, настаўнік Беластоцкай гімназіі. У паўстаньні - ад'ютант В.Урублеўскага. У студзені 1864 году эміграваў у Швэйцарыю, дзе апублікаваў свае ўспаміны з паўстаньня з тэкстамі беларускіх паўстанцкіх песьняў. Па звароце ў Беларусь арыштаваны, сасланы ў Казань, дзе ў 1875 годзе памёр.

Паэт Фэлікс Ражанскі зь Вялікай Берастовіцы Ваўкавыскага павету. Ад 1861 году ў Горадзенскай рэвалюцыйнай арганізацыі К.Каліноўскага. Сурэдактар «Мужыцкай Праўды», аўтар паўстанцкіх песьняў у беларускай мове. Ад 1863 году - у паўстанчых аддзелах В.Урублеўскага. Эміграваў у Аўстрыю.

павятовых -

Лекар Уладыслаў Барзабагаты з двара Рутка Наваградзкага павету, паўстанчы начальнік Наваградзкага павету, завочна засуджаны на кару сьмерці.

Паручнік артылерыі Ян Жукоўскі (псэўдонім - Каса). Па сканчэньні Пецярбурскага кадэцкага корпусу ў 1853 годзе 10 год служыў у расейскім войску. Ад красавіка 1863 году - паўстанцкі вайсковы начальнік Чэрыкаўскага павету. Сфармаваў паўстанчы аддзел і рушыў зь ім на Крычаў, каб захапіць там артылерыйскія гарматы. Пасьля няўдачы далучыўся да паўстанчага аддзелу Горацкага павету. У рэшце рэшт эміграваў.

Падпалкоўнік Аляксандар Лянкевіч з двара Панюкі Горадзенскага павету. 10 красавіка падняў паўстаньне ў сваім павеце. 22 траўня 1863 году каля сяла Мілавіды Слонімскага павету аб'яднанымі аддзеламі горадзенскіх, ваўкавыскіх, слонімскіх і наваградзкіх паўстанцаў разьбіў расейскія аддзелы. Вайсковы начальнік Горадзенскага павету, завочна засуджаны на сьмерць.

Жыгімонт Буйніцкі зь Дзьвінскага павету, вайсковы начальнік Інфлянцкіх паветаў Віцебскай губэрні. 15 красавіка 1863 году ён быў арыштаваны, увязьнены ў Дзьвінскай крэпасьці, але дзеля нястачы ўлікаў звольнены. Хаваючыся ад уладаў, 3 траўня 1863 году лістом у Дзьвінскую сьледчую камісію спрабаваў ратаваць графа Л.Плятэра, заявіўшы, што гэта ён, а ня Л.Плятэр, быў арганізатарам і кіраўніком нападу паўстанцаў 13 красавіка 1863 году на расейскі транспарт зброі пад мястэчкам Краслаўка. (Захапіўшы транспарт, паўстанцы сканфіскавалі 3 скрыні зброі, а вазы з-пад іх спалілі. Пры гэтым было забіта трох расейскіх жаўнераў, а двох паранена.) Ужо будучы эмігрантам і з газэт даведаўшыся пра расстрэл Л.Плятэра, 3 ліпеня 1863 году ў лісьце з Парыжу да расейскага вайсковага начальніка Віцебскай губэрні гэн. Э.Длатоўскага ён выказаў сваё абурэньне. Ліст гэты закончыў так: «Я ня мусіў добраахвотна выдаваць сябе ў рукі варожага нам ураду, я павінен быў ратаваць сябе для далейшай службы сьвятой справе патрыятызму. У кожным іншым выпадку мяне нішто не ўстрымала б ад асабістай заявы перад расейскім урадам аб невінаватасьці гр. Л.Плятэра, і я не здрыгануўся б ад думкі пра непазьбежнасьць сваёй гібелі, каб толькі выратаваць невінаватага»[63].

і камандзераў паўстанчых аддзелаў -

Лясьнічы Ян Ваньковіч з двара Сьляпянка пад Менскам, сын маляра Валянціна Ваньковіча, памерлага ў 1842 годзе ў Парыжы. У 1862 годзе ён у арганізацыі К.Каліноўскага рыхтаваў паўстаньне на Горадзеншчыне. 20 траўня 1863 году вывеў групу паўстанцаў зь Менску. Камандаваў паўстанчым аддзелам у Берасьцейскім павеце.

Антон Трусаў з Барысава, былы студэнт Маскоўскага ўнівэрсытэту. Камандзер Менскага паўстанчага аддзелу.

Падпаручнік артылерыі Станіслаў Ляскоўскі, камандзер слаўнага паўстанчага аддзелу ў Ігуменскім павеце. Гэта супраць яго 9 чэрвеня 1863 году ў Ігуменскія лясы было выслана 10 расейскіх рот пад камандаю гэн. Русінава; а паўстанцы ягоныя 23 ліпеня 1863 году пад Ігуменам захапілі ў палон начальніка 3-яй пяхотнай дывізіі гэн. Грунта, які зь Ігумена выехаў на інспэкцыю сваіх войск.

Антон Баранцэвіч з Ашмянскага павету, падпаручнік Лібаўскага пяхотнага палка. У 1-ай палове красавіка 1863 г. з групай афіцэраў беластоцкага гарнізону далучыўся да паўстаньня. Камандаваў конным партызанскім аддзелам у Горадзенскай губэрні. У студзені 1864 году эміграваў у Парыж.

Каморнік Канстантын Далеўскі з фальварка Кункулка Лідзкага павету. Сябра Ф.Багушэвіча й М.Мінейкі. (Браты ягоныя - Ціт, блізкі памочнік К.Каліноўскага, паўстанчы начальнік Вільні ў жніўні 1863, расстраляны на Лукіскім пляцы; а Францішак, сябра краёвага паўстанчага цэнтру, засуджаны на 20 год катаргі.) Паранены ў баі, ён эміграваў у Швэйцарыю й Францыю, скуль некалькі разоў вяртаўся назад, каб дапамагчы перайсьці мяжу іншым. У 1871 годзе, у часе Парыскай Камуны, расстраляны вэрсальцамі на фальшывы данос, быццам з вакна дому, у якім ён жыў у Парыжы, хтось страляў па вэрсальскіх жаўнерах.

Падпаручнік Паўлаўскага гвардзейскага палка Аляксандар Стаброўскі зь Меншчыны, 11 красавіка 1863 году перайшоўшы на бок паўстанцаў. Камандзер 2-га паўстанчага аддзелу ў Троцкім павеце. Цяжка паранены ў баі, падаўся замежы. На пачатку 1864 году ішоў назад, у Беларусь, каб працягваць змаганьне, але на прускай мяжы быў затрыманы.

Ужо паза хваляю 1863-1864 гадоў, у 1871 годзе, на эміграцыю ў Аўстрыю змушаны быў ісьці вядомы беларускі этнограф, архэоляг і літаратар Адам Кіркор, каго ў 1882 годзе Расея нат дамагалася выдачы. На эміграцыі, у Кракаўскім тэхнічна-прамысловым музэі, у 1873 годзе ён чытаў лекцыі пра літаратуру славянскіх народаў, выдаўшы іх у наступным годзе асобнай кнігай[64]. У кнізе тэй А.Кіркор зрабіў адну зь першых спробаў нарысу гісторыі беларускай літаратуры ад XII да сярэдзіны XIX стагодзьдзя.

У 1874 годзе Магілеўская паліцыя мела арыштаваць былога студэнта Пецярбурскага й Кіеўскага ўнівэрсытэтаў, улучанага ў сьпіс 53-ох найбольш небясьпечных для імпэрыі «палітычных злачынцаў». Але той, каго паліцыя шукала, невядома куды зьнік. Нашчадак старога беларускага шляхоцкага роду, Мікола Судзілоўскі, быў актыўным сябрам народніцкіх гурткоў і, як Ігнат Грынявецкі, прымаў удзел у падрыхтове колькіх замахаў на цара. У нацыянальным пытаньні ён трымаўся пагляду, што «кожны народ ня толькі мае права быць самім сабою, але й павінен быць самім сабою, павінен імкнуцца захаваць свае асаблівасьці, бараніць сваю індывідуальнасьць і апрычонасьць»[65]. Ягоная эмігранцкая адысэя ў працягу 36 год блуканьняў па сьвеце пралягла праз 12 краёў Эўропы, Амэрыкі й Азіі - праз Швэйцарыю, Ангельшчыну, Румынію (тут ён сканчае ўнівэрсытэт з дыплёмам лекара), Баўгарыю, Францыю, Італію, Гішпанію, ЗША, Гавайскія абтокі (дзе ён арганізуе партыю незалежных палінэзыйцаў канакоў, выбіраецца сэнатарам у Гавайскі Сэнат, а ў ім - на старшыню Сэнату), Філіпіны, Японію й Кітай. На скрыжаваньнях гэтага «падарожжа» ён зыходзіцца з М.Бакуніным, Х.Боцевым, Г.Пляханавым, спатыкаецца з К.Марксам і Ф.Энгельсам. У розных мовах (ён ведаў 8 эўрапейскіх моваў, канацкую, японскую й кітайскую) на палітычныя й іншыя тэмы публікуе артыкулы, нарысы, брашуры. У 1875 годзе ў Лёндане выступае на мітынгу, прысьвечаным 12-ым угодкам паўстаньня 1863-1864 гадоў. Засумаваўшы па родным Фаставе (маёнтак бацькі ў Мсьціслаўскім павеце) і Магілеве, ён марыць вярнуцца дадому й робіць у гэтым кірунку захады: яшчэ з Сан-Францыска ў канцы 1880-ых гадоў праз свайго пацыента, царскага консула; у 1917 годзе, пасьля перамогі бальшавіцкай рэвалюцыі, праз знаёмага, лекара Ўльлянавых А.Кудзьяна й трэці, апошні раз, на пачатку 1927 году беспасярэдня зьвярнуўшыся да ўраду СССР. Адказу чакаў больш за 3 гады, ды... не дачакаўшыся, у 1930 годзе памёр у Цяньцьзіне.

 

Ня ўсе аднак эмігранты ў чужым сьвеце служылі сваёй айчыне. Частка іх раней ці пазьней растаплялася ў асыміляцыйным моры новай нацыі й назаўсёды гінула для Беларусі. У лепшым выпадку выдатнай працаю для новай бацькаўшчыны яны праслаўлялі край свайго паходжаньня.

У Чылі шануецца имя Ігната Дамейкі з двара Нядзьведка пад Міром, які ў Парыжы (куды як паўстанец 1831 г. з Прусіі ён трапіў праз Кёнігсбэрг і Дрэздэн) у 1837 г. скончыў Горную школу і ўрадам маладой Чылійскай рэспублікі быў запрошаны на прафэсара хэміі й мінэралёгіі ў калэдж Какімбо, а пазьней і ва ўнівэрсытэт Сант'яга, дзе ў 1867-1883 гадох 16 год бесьперапынна выбіраўся на рэктара. У Чылі І.Дамейка паклаў пачатак шырокаму вывучэньню гэалягічнай структуры й мінэральных багацьцяў Андаў, пустэльні Атакамы, Араўканіі; адкрыў і здаў у эксплёатацыю колькі капальняў медзі, золата, серабра; знайшоў паклады салетры, прапанаваўшы здабываць яе на ўгнаеньне; заснаваў тры музэі й некалькі бібліятэк; выдаў шэраг падручнікаў з фізыкі, хэміі, мінэралёгіі й 130 навуковых працаў. Ягоным імем названыя адкрытыя й дасьледаваныя ім адзін з горных хрыбтоў Андаў, мінэрал дамейкіт, выкапнёвы сьлімак Nautilus Domeykus, кветка Viola Domeykiana, чылійскі аманіт Amonites Domeykanus, і таксама места на поўначы краю - Дамейка і порт на паўдні Араўканіі - Пуэрта Дамейка. Калі ў 1883 годзе ён памёр, над ягонай труною прамаўляў прэзыдэнт Чылі. І.Дамейка быў абвешчаны народным героем, і ў Сант'яга яму пастаўлены помнік.

Кастусь Ельскі зь Ігуменскага павету. Па сканчэньні Менскай гімназіі ў 1853-1856 гадох вучыўся на мэдычным факультэце Маскоўскага ўнівэрсытэту, у 1860 годзе скончыў матэматычна-прыродаведны факультэт Кіеўскага ўнівэрсытэту. Будучы настаўнікам Кіеўскай гімназіі прымаў удзел у падрыхтоўцы паўстаньня 1863-1864 гадоў. Калі ўвесну 1863 году ў Кіеве пачаліся арышты, К.Ельскі нелегальна перайшоў румынскую мяжу. Працаваў заолягам у Турцыі й Францыі. У 1865 годзе выехаў з Парыжу ў францускую Гвіяну. Плаваў па рэках Ко, Аяпок, Тапраба, Мароні, Уасе; дасьледаваў і апісваў жыцьцё трапічных птушак, казурак, жывёл, расьлінаў; на абтоках Каралеўскім, Сан Жазэф і Чортавым лекаваў хворых, на Сярэбранай гары - пракажоных. У 1869 годзе пераехаў у Перу, дзе вывучаў фаўну каля Лімы. Разам з Л.Штольцманам дасьледаваў паўночныя раёны краю, расьлінны й жывёльны сьвет прырэчча Амазонкі. Ён адкрыў невядомы да яго від жывёлы Dinonys. Адзін від лаўра названы ягоным імем (Ocotea Jelscii).

Язэп Граковіч з фальварка Міхалёва на Меншчыне. Па сканчэньні вайсковай школы ў Пецярбургу служыў у палку, які стацыянаваў у Віцебску й Чанстахове. У 1863 годзе далучыўся да паўстаньня, у наступным годзе эміграваў у Парыж. Там скончыў інжынэрную школу й выехаў у Баўгарыю, дзе будаваў чыгункі й масты. У 1881 годзе закантрактаваўся на будову чыгункі ў Гаіці. На францускім абтоку Марцініцы ў Караібскім моры вёў гэалягічныя пошукі. Памёр эмігрантам у 1912 годзе.

Трох братоў Кастравіцкіх з двара Дарашковічы Наваградзкага павету хадзілі ў паўстаньне 1863-1864 гг. Двох зь іх было саслана ў Сібір. Трэцяму, Апалінару, удалося эміграваць у Італію. У Рыме ў 1880 г. ягоная дачка Анэля нарадзіла няшлюбнага сына, зь якім у 1899 г. пераехала ў Парыж. Праз два гады сын стаецца арыгінальным францускім паэтам Вільгельмам Кастравіцкім, пазьней - Гіёмам (і ў гонар дзеда) Апалінэрам. Калі паэтычная зорка Г.Апалінэра ўзыходзіла над Парыжам, там дажывала свой век Габрыэля Скакоўская, адзіная дачка беларускага пісьменьніка А.Вярыгі-Дарэўскага, арганізатара паўстаньня 1863-1864 гг. на Віцебшчыне. Яна - сама! добраахвотна! - паехала за бацькам у Сібір, куды ў 1865 г. ён быў сасланы. І пакуль цягнуў там гужы катаржніка на Ўсольскай саляварні пад Іркуцкам, на будове Кругабайкальскай дарогі ці здабываў золата на Алекмінскіх капальнях у Якуціі, - Габрыэля скрозь была каля яго, дабіваючыся ад уладаў пераводу хворага бацькі ў Цюмень Табольскай губэрні або ў іншае месца зь менш суровым кліматам. І калі не дабілася, а бацька ў 1884 г. у Іркуцку памёр, пахавала яго и назаўсёды пакінула Расею й Беларусь, эміграваўшы ў Парыж (пабраўшыся перад тым у Сібіры з таксама паўстанцам, былым студэнтам Горы-Горацкага землярабочага інстытуту Скакоўскім).

Невядома, ці захаплялася яна паэзіяй Г.Апалінэра й ці ведала, што ён унук паўстанца, паплечніка бацькі. Таксама як і невядома, ці францускі паэт Г.Апалінэр, паміраючы 9 лістапада 1918 году ў Парыжы, ведаў, што дзесь у далёкім краі ягоных прашчураў усяго на паўгода раней у тым самым годзе (20 траўня 1918 году) памёр ягоны дзядзька, беларускі паэт Карусь Каганец, народжаны ў Табольску, у сям'і Караля Кастравіцкага, аднаго з тых сасланых у Сібір дзедавых братоў-паўстанцаў.

 

У 1897-1914 гадох ад безьзямельля й беспрацоўя ў каляніяльнай гаспадарцы Беларусі ў ЗША й Канаду адыйшла 5-ая хваля масавай беларускай эміграцыі, на гэты раз эканамічнай. Расейская статыстыка хавае ейныя такія згубныя для беларускага народу лікі. Беларускі дасьледчык А.Смоліч ацэньвае яе прыпушчальна на 300-500 тысяч[66].

З палітычных эмігрантаў гэтае хвалі нельга не згадаць Цёткі й Ф.Аляхновіча, эміграваўшых у Аўстрыю. Першую ў 1906-1911 гадох, як ужо знаную паэтку-рэвалюцыянэрку, вызначнага сябру Беларускай Сацыялістычнай Грамады. Гэта тут у эміграцыі, у Жоўкве пад Львовам, яна выдае свае кнігі - паэтычныя зборнікі «Скрыпка Беларуская» й «Хрэст на свабоду», публіцыстычную «Як мужыку палепшыць жыцьцё» й перакладную з украінскае мовы «Гасьцінец для малых дзяцей». Адсюль паходзяць і ейныя прачулыя словы:

 

Узьнялася б, здаецца, расінкай на хмары,

А хмары бы ветрам сказала я гнаць

Далёка, далёка, дзе сьняцца мне чары,

Дзе боры густыя над Нёмнам шумяць.

(З чужыны, Кракаў, 01.01.1909)

 

I другога - будучага драматурга й тэатральнага дзеяча, які па трохгадовай эміграцыі (1910-1913 гадоў) паверыў у абвешчаную ў 1913 годзе амнэстыю з нагоды 300-годзьдзя дынастыі Раманавых, вярнуўся дадому, але царскім урадам быў пасаджаны на год у турму. (Пазьней савецкім урадам на доўгія гады сасланы на Салаўкі, а ў 1944 годзе - падступна падасланым агэнтам застрэлены на ўласнай кватэры ў Вільні.)

У выніку 1-ай сусьветнай вайны, расейскай камуністычнай рэвалюцыі 1917 году і ўпадку Беларускай Народнай Рэспублікі (праклямаванай 1-ым Усебеларускім Кангрэсам у Менску 30 сьнежня 1917 году, незалежнасьць якое Рада БНР абвесьціла 25 сакавіка 1918 году), - Беларусь пакінула 122.000[67] ейных жыхароў з агульнага ліку 2.000.000[68] непрымірэнцаў да савецкае ўлады, пайшоўшых на эміграцыю з цэлае прасторы былой Расейскай імпэрыі. Гэта была 6-ая хваля масавай беларускай эміграцыі. Часткава яна йшла, разам зь іншымі народамі Расейскай імпэрыі, на ўсход - у Манчжурыю (Харбін, Хайлар, Мулін) і Кітай (Шанхай, Цяньцьзін, Пэкін)[69], але асноўная маса кіравалася на захад - у Фінляндыю, Прыбалтыку, Нямеччыну, Чэха-Славаччыну, Францыю, ЗША.

К таму часу ў заходніх краёх Эўропы дзеілі, прызнаныя дэ-юрэ ці дэ-факто дыпляматычныя прадстаўніцтвы, місіі ці кансуляты БНР:

Прадстаўніцтва БНР пры ўрадах балтыцкіх дзяржаваў у Рэвелі на чале зь інж. К.Душэўскім;

Вайскова-Дыпляматычная місія БНР у Латвіі й Эстоніі (шэф Місіі - палк. К.Езавітаў, райцы - гэн. П.Вэнт і палк. Шаўкоў);

Прадстаўніцтва БНР пры ўрадзе Летувы (прадстаўнік А.Аўсянік);

Кансулят БНР у Рызе на чале з У.Пігулеўскім;

Вайскова-Дыпляматычнае Прадстаўніцтва БНР пры ўрадзе Фінляндыі ў Гэльсінках (прадстаўнік - гэн. А.Корчак-Крыніца-Васількоўскі, райца - палк. Ю.Эльвенір), пазьней - Прадстаўніцтва БНР з прадстаўніком К.Цярэшчанкам;

Гэнэральны Кансулят БНР пры ўрадзе Турэччыны ў Канстантынопалі на чале з палк. І.Ермачэнкам;

Прадстаўніцтва БНР у Баўгарыі й на Балканах (прадстаўнік гэн. Галубінцаў);

Прадстаўніцтва БНР пры ўрадзе Чэха-Славаччыны прадстаўнік М.Вяршынін);

Дыпляматычная Місія БНР у Нямеччыне (адвакат Л.Заяц, пазьней - А.Бароўскі й іншыя). У Бэрліне Дыпляматычная Місія БНР выдавала ў нямецкай мове тыднёвы бюлетэнь «Весткі Беларускага Прэсбюро», а ў беларускай мове - газэту для ваеннапалонных «З Роднага Краю».

У Прыбалтыцы часова знаходзіліся таксама некаторыя вайсковыя фармацыі БНР:

У паўночнай Латвіі й паўдзённай Эстоніі - Асобны Атрад (каля 10.000 жаўнераў) пад камандаю гэн. С.Булак-Балаховіча; Атрад гэты, на аснове ўмовы паміж урадамі БНР і Эстоніі, да часу выхаду на сваю тэрыторыю, застаючыся асобнай вайсковай адзінкай БНР, падлягаў Эстонскаму Галоўнакамандаваньню;

У Летуве, згодна з умоваю паміж урадамі БНР і Летувы ад 11 лістапада 1920 году, перабывалі адступіўшыя зь Беларусі пад ціскам бальшавікоў і палякоў (ці новасфармаваныя тут) Беларускі полк пяхоты, Беларускі швадрон, Горадзенскі батальён былога Горадзенскага палка, 1-ая й 2-ая асобныя беларускія роты, Асобны беларускі батальён і інш.; на чале іх стаяў гэн. Кандратовіч, а па ягонай дэмісіі - беларускія афіцэры Лаўрышаў, Глінскі, Ружанцоў і іншыя. Для жаўнераў выдаваўся часапіс «Вайсковы».

На эміграцыю змушаныя былі йсьці й найвышэйшыя дзяржаўныя органы БНР - Прэзыдыюм Рады на чале з П.Крэчэўскім, Урад БНР (габінэт В.Ластоўскага), а таксама шэраг радных і некаторыя партыйныя цэнтры. Найбольшую актыўнасьць у сваёй дзейнасьці яны выявілі да 1923 году.

Напачатку Ўрад БНР выехаў у Латвію й распачаў тут акцыю кансалідацыі нацыянальных беларускіх сілаў замежамі для працягу змаганьня за незалежнасьць БНР. 20 кастрычніка 1920 году на палітычнай канфэрэнцыі ў Рызе, у якой бралі ўдзел прадстаўнікі беларускіх эсэраў (В.Ластоўскі, Я.Мамонька, інж. К.Душэўскі, інж. А.Галавінскі, А.Вальковіч), сацыялістых-фэдэралістых (П.Крэчэўскі, В.Захарка, Я.Варонка, К.Езавітаў, Ю.Гадыцкі-Цьвірка) і сацыял-дэмакратаў (А.Аўсянік), было пастаноўлена стварыць вакол ураду В.Ластоўскага адзіны нацыянальны блёк. Адначасна ўрад павёў акцыю, скіраваную на сарваньне рыскіх перамоваў паміж Савецкай Расеяй і Польшчаю аб падзеле тэрыторыі Беларусі. Аднак на падставе мірнага пагадненьня, падпісанага 11 жніўня 1920 году паміж урадамі Латвіі й РСФСР, з асобным параграфам, паводле якога Латвія забавязалася спыніць на сваёй тэрыторыі дзейнасьць Ураду БНР, ягоных дыпляматычных інстытуцыяў і ўсіх іншых беларускіх эміграцыйных арганізацыяў, - Дыпляматычныя місіі БНР у Латвіі спынілі сваё існаваньне, а Ўрад БНР пераехаў у Летуву, куды ў лютым 1921 году пераехала й замежнае Бюро ЦК партыі беларускіх эсэраў - Т.Грыб, П.Бадунова й Я.Мамонька.

Зь Летувы Ўрад БНР зьвярнуўся да ўрадаў Антанты, Прыбалтыкі, Скандынавіі й Нямеччыны з просьбаю не папусьціць да падзелу Беларусі ў Рызе. Да сярэдзіны лютага 1921 году ў гэтай справе было пададзена 26 мэмарыялаў і дэклярацыяў. Праз сваю Дыпляматычную Дэлегацыю на чале зь міністрам замежных спраў БНР палк. А.Ладновым у Парыжы Ўрад БНР прасіў урады Антанты паставіць на парадак дня Вэрсальскай канфэрэнцыі «беларускае пытаньне», дапамагчы БНР утрымаць сваю дзяржаўную незалежнасьць.

Заходні сьвет да ўсяе гэтае акцыі Ўраду БНР быў глухі. 18 сакавіка 1921 году торг паміж РСФСР і Польшчаю быў закончаны, і Беларусь была падзеленая. РСФСР дастала сабе большы кавалак Беларусі, зь якога частку далучыла да Расеі, а з рэшты выкраіла БССР. Польшча атрымала па-над 100.000 кв. кілямэтраў з насельніцтвам каля 4.000.000. Невялікія часткі Беларусі былі далучаныя да Латвіі й Летувы. Не дапамагло й Слуцкае паўстаньне 27 лістапада - 28 сьнежня 1920 году - адно з найбольшых антысавецкіх паўстаньняў у Беларусі - калі па падпісаньні (12 кастрычніка 1920 году) прэлімінарнае ўмовы аб падзеле Чырвоная армія пачала займаць Случчыну.

Зь Летувы Ўрадам БНР рыхтавалася спроба падняць паўстаньне ў Заходняй Беларусі й БССР. Улетку 1921 году для гэтае мэты быў створаны Цэнтральны Беларускі Паўстанчы Камітэт (ЦБПК) на чале зь сябрам ЦК партыі беларускіх эсэраў (былым кіраўніком Слуцкага паўстаньня) адв. У.Пракулевічам, высланым нелегальна ў БССР. І хоць да паўстаньня не дайшло, арганізаваны ЦБПК партызанскі рух на землях БССР - тварэньне г.зв. «зялёнай арміі» - занепакоіў органы савецкай улады. Паводле яе афіцыйных дадзеных[70], толькі ў 6-ёх паветах тагачаснае БССР у травені 1921 году ўжо было колькі дзесяткаў аддзелаў «зялёнай арміі» з 2000 партызанаў, у чэрвені колькасьць партызанаў дайшла да 3500. Змаганьне супраць іх вялі спэцыяльна створаныя вайсковыя фармацыі ЧОНу (части особого назначения).

Для большае кансалідацыі беларускіх нацыянальных сілаў у эміграцыі Ўрад БНР склікаў на 25-28 верасьня 1921 году ў Празе чарговую, больш шырокую Беларускую нацыянальна-палітычную канфэрэнцыю, на каторую зьехалася 37 прадстаўнікоў беларускіх нацыянальных і палітычных партыяў і арганізацыяў зь Летувы, Заходняй Беларусі, Нямеччыны й Чэха-Славаччыны. Канфэрэнцыя выказала сваю салідарнасьць з Слуцкім паўстаньнем, прыняла рэзалюцыю супраць Рыскага падзелу Беларусі, пацьвердзіла Акт 25 Сакавіка 1918 году, прызнала за адзіны заканадаўчы орган Беларусі Раду БНР, а за адзіны законны выканаўчы орган - Урад БНР (габінэт В.Ластоўскага), заклікаўшы аб'яднацца вакол іх усе цэнтры беларускай эміграцыі.

На 10 красавіка 1922 году зь ініцыятывы ангельскага прэм'ер-міністра Д.Лойд Джорджа ў Гэнуі была скліканая міжнародная канфэрэнцыя па эканамічных і фінансавых пытаньнях. У ёй брала ўдзел 29 краёў. На абмеркаваньне канфэрэнцыі ставілася таксама пытаньне аб палітычным упарадкаваньні ўсходняй Эўропы. Дзеля гэтага апошняга Ўрад БНР вырашыў выслаць на канфэрэнцыю й сваю дэлегацыю. 27 красавіка туды прыбылі прэм'ер-міністар В.Ластоўскі й міністар замежных спраў А.Цьвікевіч. Яны пачалі старацца паставіць на парадак дня канфэрэнцыі «беларускае пытаньне». 2 траўня дэлегацыя БНР мела нарады з падобнымі дэлегацыямі Ўкраіны, Грузіі, Азэрбайджану, Кубані і Ўсходняй Галіцыі. Таго-ж дня яна мела гутарку й з ангельскай дэлегацыяй. На наступны дзень была прынятая старшынёю Гэнуэскай канфэрэнцыі, прэм'ер-міністрам Італіі Л.Фактам, і даручыла яму мэмарыял Ураду БНР з просьбаю паставіць на абмеркаваньне канфэрэйцыі пытаньне аб ўняважненьні Рыскае ўмовы й аб прызнаньні БНР незалежнай дзяржавай. Тэкст гэтага мэмарыялу быў даручаны затым усім дэлегацыям канфэрэнцыі.

Мэмарыял Ураду БНР быў разгледжаны на паседжаньні Палітычнай камісіі канфэрэнцыі, дзе былі заслуханыя таксама й аргумэнты дэлегацыі БНР. Але дзеля рашучага супраціву савецкай дэлегацыі (міністра замежных спраў Г.Чычэрына) пытаньня пра лёс БНР не ўдалося паставіць на парадак дня канфэрэнцыі, якая хутка зь віны савецкай дэлегацыі наагул развалілася.

2 лістапада 1923 году, пасьля рэзыгнацыі прэм'ера В.Ластоўскага й рэарганізацыі (23 жніўня) Ураду БНР, Прэзыдыюм Рады і Ўрад БНР пераехалі з Коўна ў Прагу (у Коўне застаўся толькі новы прэм'ер Ураду А.Цьвікевіч).

Беларуская эміграцыя 6-ай хвалі (часта зь ініцыятывы й з дапамогаю прадстаўніцтваў БНР) адразу пачала тварыць свае эміграцыйныя асяродкі й арганізацыі ў вольным сьвеце. Лепей ёй гэта ўдалося ў Латвіі, Летуве, Чэха-Славаччыне, ЗША й Францыі.

У Латвіі[71] ад 1919 году яна гуртавалася вакол Рады Беларускай Калёніі ў Рызе, дзе былі зарганізаваныя Беларускае Культурна-Асьветнае Таварыства «Бацькаўшчына», Беларускі Клюб, Курсы беларусаведы й пачаў выдавацца часапіс «На Чужыне». Аднак дзеля згадванае ўмовы паміж урадамі Латвіі й РСФСР усе арганізацыі беларускіх эмігрантаў у Латвіі былі ў канцы 1920 году забароненыя, аж пакуль у 1924 годзе яны не пачалі аднаўляцца. У Рызе тады ізноў паўсталі беларускія асьветныя таварыствы «Рунь» (старшыня - А.Шчорс) і «Беларуская Хата» (старшыня - М.Дзямідаў). Таварыства Беларускіх Настаўнікаў адчыніла й утрымлівала ў месьце 4 беларускія прыватныя школы й Беларускую гімназію, выдавала часапіс «Школа і Жыцьцё». Беларускае Выдавецкае Таварыства ў Латвіі выдавала беларускія кніжкі, брашуры й месячны часапіс «Беларуская школа ў Латвіі». Было заснавана таксама Беларускае Навукова-Краязнаўчае Таварыства. Пад рэдакцыяй К.Езавітава ў 1925-1930 гадох выходзіла газэта «Голас Беларуса». У 1934 годзе, калі да ўлады ў Латвіі прыйшоў дыктатар К.Ульманіс, блізу ўсе арганізацыі беларускіх эмігрантаў ізноў былі забароненыя.

У Летуве да 1927 году галоўным асяродкам беларускіх эмігрантаў было Коўна. Беларускія эмігранты ядналіся вакол Беларускага Нацыянальнага Камітэту (старшыня - інж. А.Галавінскі), Беларускага Культурна-Асьветнага Таварыства й Беларускага Выдавецкага Цэнтру (кіраўнік - В.Ластоўскі). Тут выдаваліся беларускія кніжкі, часапісы «Беларускі Сьцяг» і «Крывіч».

У Чэха-Славаччыне эміграцыйны рух канцэнтраваўся сьпярша каля Прадстаўніцтва БНР, пазьней - каля Беларускай Рады ў Празе й іншых эміграцыйных арганізацыяў - Беларускага Культурнага Таварыства ймя Ф.Скарыны, Беларускага Таварыства «Сокал», Аб'яднаньня Беларускіх Студэнцкіх Арганізацыяў, каторае было сябрам Міжнароднай Студэнцкай Канфэдэрацыі (СІЕ) і цэнтраляй усіх беларускіх студэнцкіх арганізацыяў у Празе (тут было болей за 100 беларускіх студэнтаў), Бэрліне, Рыме, Мюнхэне, Брусэлі, Лілі, Варшаве, Вільні, Рызе и г. д. Аб'яднаньне выдавала свой «Бюлетэнь», а Таварыства ймя Ф.Скарыны - часапіс «Іскры Скарыны». Тут жылі й тварылі беларускія паэты Ў.Жылка (1923-1926) і Л.Гэніюш (ад 1938 г.).

У 1921 годзе быў заснаваны Беларускі Камітэт у Канстантынопалі. Ад 1920 году там сярод эвакуяваных, галоўна з Крыму, афіцэраў і жаўнераў расейскай арміі было шмат беларусаў, якія пазьней выяжджалі з Турэччыны ў ЗША й іншыя краі вольнага сьвету. Камітэт даручыў палкоўніку Я.Ермачэнку навязаць лучнасьць з Урадам БНР у Летуве, куды ён і выехаў. Ад прэм'ера В.Ластоўскага Ермачэнка атрымаў намінацыю на дыпляматычнага прадстаўніка БНР пры Турэцкім урадзе й на гэнэральнага консула БНР на Балканах, куды таксама эмігравалі беларусы пасьля расейскай бальшавіцкай рэвалюцыі 1917 году. Па звароце ў Канстантынопаль ён злажыў свае акрэдытуючыя паперы старшыні Турэцкага ўраду Тэффік Пашы, а па ягонай парадзе й камісарам акупацыйных уладаў у Турэччыне - амэрыканскаму, ангельскаму, францускаму, італьянскаму й грэцкаму. Ад трох апошніх урадаў (францускага, італьянскага й грэцкага) хутка былі атрыманыя прызнаньні БНР дэ-факто. Амэрыканскі й ангельскі камісары заявілі, што ня будуць Прадстаўніцтву БНР перашкаджаць у ягонай дыпляматычнай дзейнасьці. Дыпляматычнае Прадстаўніцтва БНР у Канстантынопалі ў тым жа 1921 годзе заснавала кансуляты БНР у Баўгарыі й Югаславіі.

У ЗША паўсталі два цэнтры беларускай эміграцыі - у Ню-Ёрку й Чыкага. У Ню-Ёрку ў 1921 годзе быў створаны Беларускі Нацыянальны Камітэт і Камітэт Помачы Работнікам і Сялянам Заходняй Беларусі. У Чыкага - Беларуска-Амэрыканскі Нацыянальны Саюз (зь бібліятэкаю, асьветнай камісіяй і прэсавым бюро) і Беларуска-Амэрыканскі Клюб. Дзейнасьць гэтых арганізацыяў асабліва ажывілася, калі ў ЗША прыехаў былы прэм'ер Ураду БНР Я.Варонка. Ён ад кастрычніка 1926 году пачаў выдаваць у Чыкага газэту «Беларуская Трыбуна».

Арганізацыйнае жыцьцё беларускае эміграцыі ў Францыі пачалося ад 1926 году. Найбольш зактывізавалася яно ў 1930 годзе, калі з Прагі сюды пераехалі інж. М.Абрамчык і інж. Л.Рыдлеўскі, чыім стараньнем тут быў заснаваны Хаўрус Беларускай Працоўнай Эміграцыі з цэнтрам у Парыжы й 5-цю філіяламі на правінцыі. Хаўрус выдаваў свой часапіс «Рэха».

Некаторыя эмігранты ў Празе й Парыжы падпалі пад камуністычныя ўплывы. Адзін зь іх, М.Падгаецкі з-пад Менску - афіцэр расейскага экспэдыцыйнага корпусу ў Францыі, здэмабілізаваны ў 1919 годзе ў Парыжы - у 1927 годзе вярнуўся ў Беларусь і колькі гадоў працаваў карэспандэнтам менскай расейскай газэты «Рабочий». Расчараваўшыся ў камунізме, ён уцёк назад у Францыю й выдаў там па-француску кніжку сваіх успамінаў «Чырвоная навальніца»[72], паказаўшы ў ёй на канкрэтных выпадках з жыцьця запраўдны таталітарна-дэспатычны твар камунізму ў БССР.

У пошуках працы й лепшых умоваў жыцьця ў 1924-1939 гадох з Заходняй Беларусі рушыла 7-ая хваля масавай беларускай эміграцыі. Меней - у Францыю (дзе, разам з эміграцыяй 6-ай хвалі, колькасьць беларусаў дайшла да 20.000[73]), Бэльгію й Канаду; болей - у краі паўдзённай Амэрыкі, дзе, паводле прыблізных падлікаў Згуртаваньня Беларусаў у Аргэнтыне, разам з эміграцыяй 4-ай хвалі, іх было каля 350.000: 120.000 - у Бразыліі, 100.000 - у Аргэнтыне (зь іх каля 60.000 у Буэнас Айрэсе й ягоных ваколіцах), 60.000 - ва Ўругваі, 60.000 - у Парагваі й 10.000 - у Чылі[74].

З гэтае хвалі эканамічнай эміграцыі нам ведама (апрача згадванага Хаўрусу ў Францыі) колькі беларускіх грамадзка-культурных арганізацыяў у Аргэнтыне (у Буэнас Айрэсе й на правінцыі): Беларускае Культурна-Асьветніцкае Таварыства, паўсталае ў сьнежні 1934 году, Беларускае Таварыства «Культура» зь Бібліятэкаю ймя І.Луцкевіча й Беларускае Таварыства «Белавежа», паўсталыя ў кастрычніку 1938 году.

 

У апошнім годзе 2-ой сусьветнай вайны, улетку 1944 году, перад новай акупацыяй Беларусі Чырвонай арміяй і зваротам на беларускія землі расейска-савецкага тэрору й дэспатыі, зь Беларусі пакацілася 8-ая хваля масавай беларускай эміграцыі. У ёй на Захад крануліся розныя нацыянальныя беларускія ўстановы, арганізацыі й вайсковыя фармацыі - Беларуская Цэнтральная Рада на чале з прэзыдэнтам Р.Астроўскім, Сабор япіскапаў Беларускае Аўтакефальнае Царквы на чале зь мітрапалітам Панцялейманам, 10 200 сяброў Саюзу Беларускае Моладзі з сваім Галоўным Штабам[75], Слонімскі батальён Беларускай Службы Бацькаўшчыне[76], Менская Беларуская афіцэрская школа[77], некаторыя вайсковыя аддзелы Беларускай Краёвай Абароны[78], Беларускі чыгуначны батальён[79] і г.д. Адначасна - шэраг сьвятароў усіх хрысьціянскіх веравызнаньняў. Беларуская інтэліганцыя - паэты, пісьменьнікі, кампазытары, артысты, навукоўцы, настаўнікі, лекары, юрысты, інжынэры... і сяляне.

Ехалі цягнікамі, выпадковымі аўтамі, ішлі на пяхоту - як хто мог. Сяляне - часам цэлымі сёламі, абозам зь дзецьмі і ўбогімі пажыткамі на вазох, запрэжаных коньмі ці каровамі. Шмат іх затрымалася ў Прусіі, дзе хутка Чырвоная армія іх насьцігла, пагнала назад. Лёс іхны невядомы.

Гэта была самая вялікая хваля беларускай палітычнай эміграцыі ў некалькі сот тысяч (без ваеннапалонных і прымусова вывезеных на працу). Хваля кацілася ў кірунку Нямеччыны, Аўстрыі, Чэха-Славаччыны, Даніі, Швэцыі, скуль пазьней, перажыўшы жахі невядомай да таго ў гісторыі прымусовай рэпатрыяцыі - выдачы вялікай ейнай часткі ўрадамі ЗША, Ангельшчыны й Францыі ў СССР - яна разьлілася па ўсяму сьвету. Апрача пазасталых у Нямеччыне й Швэцыі, найбольш - у Ангельшчыну, Бэльгію, Францыю, Аргэнтыну, ЗША, Канаду, Аўстралію. Меней - у Бразылію, Вэнэсуэлу, Марока. Невялікія групы (ці адзінкі) - у Італію, Гішпанію, Інда-Кітай, Новую Зэляндыю, Танганайку, на абток Мадагаскар...

Але гэта ўжо паза нашай тэмаю, бо 8-ая хваля эміграцыі - ня нашыя папярэднікі, а мы самі.

 

1. Беларуская Думка (Ню-Ёрк - Саўт Рывэр). 1974-75. № 18-19. Б. 7-16.

2. Гэта дадатак у Статут ВКЛ 1566 году.

3. Разьдзел III, п. 8.

4. Prof. R.Ostrowski. Fragments from the history of Byelorussia (to 1700). London, 1961. Р. 83-84; Г.Піхура. Ян з Літвы // Божым Шляхам (Лёндан). 1965. № 3. Б. 4-6.

5. Цытуем паводле Сопиковъ В. Опыть россійской библіографіи. Ч. 1. СПб., 1904. С. 80.

6. Ptaśnik J. Monumenta Poloniae typographica XV et XVI saeculorum. Vol. I: Cracovia impressorum XV et XVI ss. P. ID.

7. Винар Л. Історія украінського раннього друкарства. Чікаго - Денвер, 1963. С. 12.

8. Дварчанін I. Беларусы на Праскім унівэрсытэце // Запісы Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва (Ню-Ёрк). 1953. № 2(4), Б. 68-69.

9. British Museum Catalogue of Printed Books in the XV Centuty. Part IV. London, 1916. P. XIV; A Book about Books by Frederick Harrison Canon, Chancellor and Librarian of York Minster. London, 1943. P. 116.

10. Unmassgeblicher Plan... M.S., von Oskierka, Bernberg, 1762.

11. Дакумэнт № 19, пісаны каля 6 чэрвеня 1668 году. У кн.: Русско-белорусские связи во второй половине XVII в. (1667-1686 гг.): Сборник документов. Минск, 1972. С. 48-49.

12. Wielhorski W. Polska a Litwa. London, 1947. S. 181.

13. Тамсама.

14. Тамсама.

15. Wielhorski W. Op cit.

16. Jasienica Paweł. Rzeczpospolita obojga narodów. Część III. Warszawa, 1982. S. 532. На гэты сэпаратызм паўстаньня 1794 г. у ВКЛ зварочвае ўвагу й У.Пічэта. Гл. яго: К истории восстания Костюшко 1794 г. // Ученые Записки Института Славяноведения АН СССР. Т. 7. 1953. С. 198.

17. Jasienica Р. Ор. cit. S. 531-532.

18. БелСЭ. Т.8. Мн., 1975. Б. 349.

19. Белоруссия в эпоху феодализма. Т. 3. Мн., 1961. С. 70.

20. БелСЭ. Т. 8. Б. 349.

21. Encyklopedja Powszechna. Ultima Thule. T. VI. Warszawa, 1933. S. 55 (y далейшым - Ultima Thule).

22. Тамсама. Т. III. S. 392.

23. Усе біяграфічныя даведкі ўзятыя з выданьня: Polski Słownik Biograficzny. Wrocław-Kraków-Warszawa (у далейшым - PSB); з кнігі: Восстание в Литве и Белоруссии, 1863-1864 гг. Масква, 1965; зь БелСЭ і іншых крыніцаў.

24. Ultima Thule. T. VI. S. 55. Імем Касьцюшкі ў ЗША названыя места ў штаце Місісіпі (Kosciusko) і павет у штаце Індыяна.

25. Тамсама. Т. II. S. 256.

26. PSB. Т. III, 1937. S. 55-56.

27. Тамсама. Т. IV. 1969. S. 277.

28. Палкі №№ 17, 18, 19, і 20. Гл.: Сборникъ Императорского русскаго историческаго общества. Т. 128, СПб., 1909. № 74. C. 207.

29. Палкі №№ 18, 19, 20, 21, 22: Тамсама. С. 209.

30. Тамсама. № 80. С. 222-223.

31. Тамсама. № 81. С. 223-224.

32. Тамсама. № 84. С. 227-228.

33. Тамсама. № 86. С. 229-231, 270.

34. PSB. Т. XI. 1964. S. 152.

35. Тамсама. T. IV. S. 273.

36. Lietuviu Enciklopedija. T. 28. Boston, 1963. P. 294.

37. PSB. T. IV. 1969 S. 270.

38. PSB. Т. IV. S. 280.

39. Тамсама. S. 270.

40. Jasienica Р. Ор. cit. S. 532.

41. PSB. Т. IV. S. 27S.

42. Тамсама. S. 274-276.

43. Часткава сфармаваны ў Полаччыне.

44. PSB. T. IV. S. 276-277.

45. Rypiński A. Białoruś. Paryż, 1848.

46. German F. Aleksander Rypiński // Etnografia Polska. T. IV. S. 272.

47. Пра лёнданскі пэрыяд ягонага жыцьця гл. дасьледаваньне: Піхура Г. Аляксандр Рыпінскі ў Лёндане (1849-1859) // Божым Шляхам (Лёндан). 1964. № 86. Б. 8-11.

48. Powieśc z czasu mojego, czyli Przygody litewskie. Londyn, 1854.

49. Беларускі сьцяг (Коўна). 1922. № 4. Б. 12-13.

50. Wielhorski W. Op. cit. S. 93, 198.

51. Восстание в Литве и Белоруссии. № 9. (п. 6 і зацемка).

52. Тамсамаю № 30.

53. Тамсама. №№ 93, 99.

54. Восстание в Литве и Белорусии. № 13 (п. 7 і зацемка 7), № 93 (зацемка).

55. Тамсама. № 28.

56. Восстание в Литве и Белорусии. С. XXXIII.

57. Тамсама. C. XXXVII i № 40.

58. Тамсама. № 38.

59. Wielka Encyklopedia Powszechna. T. 3. Warszawa, 1963. S. 418.

60. Восстание в Литве и Белоруссии. № 29 і зацемка 9 да яго.

61. Тамсама. С. 70.

62. Восстание в Литве и Белоруссии. № 24.

63. Восстание в Литве и Белоруссии. № 272.

64. Kirkor A.H. O literaturze pobratymczych narodów słowiańskich. Krakow, 1874.

65. Полымя. 1974. № 5. Б. 197.

66. Смоліч А. Эканамічнае становішча Беларусі перад вайной і рэвалюцыяй // Беларусь. Менск, 1924. Б. 54.

67. БелСЭ. Т. 12. Менск, 1975. Б. 55.

68. Большая Советская Энциклопедия. Т. 30. Москва, 1978. Стл. 475.

69. Гэрмановіч а. Язэп. Кітай-Сібір-Масква. Мюнхэн, 1962. Б. 8, 12-15 і інш.

70. Зимионко А. Оккупация и интервенция в Белоруссии. Минск, 1932. С. 33.

71. Тут мы не бярэм на ўвагу грамадзкага й культурнага руху на этнаграфічна-беларускіх землях былых Дзьвінскага, Люцынскага й часткава Рэжыцкага й Дрысенскага паветаў Віцебскай губэрні.

72. L'ouragan rouge. Paris, 1936.

73. Вініцкі Алесь. Матар'ялы да гісторыі беларускай эміграцыі ў Нямеччыне ў 1939-1951 гг. Ч. 3. Лос Анжэлас, 1968 (машынапіс). Б. 114.

74. Bielorussia у los Bielorussos en la Republica Argentina. Buenos Aires, 1953. P. 48.

75. Вініцкі А. Цыт. пр. Ч. 1. Б. 14, 17. (Паводле неафіцыйных інфармацыяў іх было ў Нямеччыне болей - 15.000-20.000. Тамсама. Б. 32).

76. Тамсама. Б. 42-43.

77. Беларуская Моладзь (Ню-Ёрк). 1964. № 20. Б. 14-17.

78. Раніца (Бэрлін). 1944. № 38(200), № 41(203), № 45(207).

79. Раніца. 1944. № 37(199).




Крыніца: Аўген Калубовіч. Крокі гісторыі. Менск, 1993.

Беларуская Палічка: http://knihi.com