Багуміл Грабал

Танцавальныя гадзіны для старэйшых і спрактыкаваных

Як і да вас, панна, мяне найбольш цягнула хадзіць да прыглядных паненак пад касьцёл, не таму каб я надта біў чалом Царкве, але там ля плябаніі была адна крамка, а ў ёй прадаваў нехта Алтман, патрыманыя швацкія машыны, амэрыканскія грамафоны на дзьве спружыны і вогнегасілкі фірмы «Мінімакс», і той Алтман дадаткова займаўся сьцягваньнем прыгожых дзяўчат з цэлага павету ў гасподы й шынкі, і яны часта начавалі ў Алтмана ў заднім пакойчыку, а калі прыходзіла лета, ставілі ў садочку палатку, а як што ксёндз-дэкан упадабаў сабе прагульвацца каля плоту, дык тыя фарсуні выносілі грамафон і пяялі й курылі й загаралі ў купальніках, ну дзіва дзіўнае, як у небе ў іх тамака было, як у нейкім раю, таму ксёндз-дэкан так рупна хадзіў каля плоту на рэвізію, бо зь сьвятарамі яму быў нешанцунак, адзін вікары зьбег зь ягонай пляменьніцай у Канаду, другі перайшоў у чэхаславацкую царкву і ажаніўся, а трэці парушыў забарону і пералез цераз плот да тых прыгажуняў, што тамака загаралі, а так закахаўся ў адну, ажно застрэліўся ад нешчасьлівага каханьня, з рэвальвэру або браўнінга, гэта такая зброя, зь якой кожнаму можа быць бяда, мы як былі хлапчукамі пазычылі адзін і стралялі ў плот, як Конар Толнэс, потым брат разабраў той браўнінг і мы не змаглі ўжо сабраць яго назад і хацелі застрэліцца ад роспачы, што не даем рады сабраць, але гэта было наша шчасьце, дык я мог калі захачу пайсьці да паннаў ля касьцёла, заўсёды прыходзіў выстраены, у крацястых нагавіцах, як банкавы службовец, сядаў сабе на гільзу «Мінімакса», як дыплямат, сонейка сьвяціла, а тыя дзяўчаты ў купальніках ляжалі на плахтах нібыта які хаўрус «Паклоньніц сонца», было іх шэсьць і ляжалі яны наўзнак з рукамі падкладзенымі пад галоўкі з высока зачасанымі фрызурамі ды глядзелі наўмысна ў аблокі, каб пакінуць свае целы на папас мужчынскім вачом, але я, як што быў чульлівы як Моцарт, і абагаўляў эўрапейскі рэнэсанс, зіркаў на іх як кракадзіл, адным вокам у садок на ксяндза-дэкана, другім вокам на тыя ножкі, закладзеныя адна за адну, прыгажуні ўвесь час калыхалі сваімі лыткамі, а па мне бегалі мурашкі, каму ж яшчэ магло так надарыцца, каб пабыць сам-насам з гэтулькімі красунямі? хіба што толькі кайзэру або султану, а распавядаў я гэтым краскам, як прысьніўся мне прыемны сон, як мне прымроілася, што пекар саджае хлеб у печ, а гэта значыць выйгрыш на лятарэі, але я ня меў лятарэйнага білета, ну так, бачыць пекара ў сьне азначае яшчэ начныя забавы, але што з тых забаваў? Гаўлічак і Хрыстос, тыя ніколі не сьмяяліся, наадварот, больш за ўсё плакалі, бо калі хто мерыцца быць носьбітам вялікай ідэі, дык не павінен рабіць глупстваў, у Гаўлічка быў дыямантавы мозг, ён нават прафэсараў зьдзіўляў, прапаноўвалі яму арцыбіскупскае крэсла, але ён выбраў справядлівасьць, трохі кавы й крупніку ды толькі працаваць для народу, каб паменшыць непісьменнасьць, гэта адно разбэшчаным людзям уначы мірсьціцца такім ладам, у гноі валяесься, вясёлы час цябе чакае, або калі прысьніцца начны гаршчок, бесклапотнае жыцьцё табе наканавана, ну так, мілыя панны, гэта якраз той клёк, калі чалавек спадзяецца на самога сябе, а не на бацькоў, як той Маноўх, якому хапала, што ягоны бацька быў турэмным наглядчыкам, дык ён не рабіў нічога іншага, як толькі жлукціў гарэлку і набіраўся дрэнных ухватак, а потым з такога ўзьнікаюць пустабрэхі, як тая спрэчка за аўстрыйскім часам між сацыяльнымі дэмакратамі, вальнадумцамі й клерыкаламі, адны думалі, што сьвет паўстаў з малпы, а іншыя, што Бог зьляпіў Адама з гразі, а потым зь ягонай кішкі зрабіў Еву, ну дык і яе таксама мог бы вырыхтаваць з гразі, лягчэй бы выйшла, ды ўсё гэта лухта, сьвет жа тады быў бязьлюдны як зорка, але людзі сакочуць як маладыя сарокі, рупяцца пра ваду ў рэшаце, я таксама мог бы памроіць аб павабнай дачушцы прэм'ер-міністра, але калі з гэтага нічога ня можа быць, дык навошта? а потым гэта прыгожа канчаецца! Сьвятая Багародзіца! каронны герцаг Фэрдынанд быў пабіты пранцамі і Вэцэра яго стукнула, а яе ўжо застрэліў рамізьнік, ну а кожная панна прызнае, што калі б у ейнага мілага той інструмант быў няспраўны, дык ёй усё роўна што жыўцом у магілу легчы, дык калі я служыў у найлепшай арміі на сьвеце, кажу штабс-лекару, пане доктар, баліць мне ў грудзях, а ён кажа, мне таксама, хлопча, калі б у нас было сто тысяч такіх як ты, мы заваявалі б увесь сьвет! і даў мне адзінку, і я быў героем і выйшаў з горда ўзьнятай галавой, а ён крычыць да мяне стойце! яшчэ маеце час, паедзеце з маёй паняй на вакзал, ягоная пані была красуня, той самай пароды, што й Мажэнка Цыглерава, веліканка як Марыя Тэрэза, выстраеная як каралева, і адразу мяне пытаецца, а вы яшчэ свабодны? і дае мне дваццатку за дарогу, але я ня ўзяў, во што значыць рыцарскасьць, Хрыстос і Гаўлічак таксама не ўзялі б тае дваццаткі, ведаеце, у тыя часы мы трымалі шык, я любіў насіць пэнснэ, а ў гальштук прыколваў значок, які дзед майго сябры дастаў ад клюбу «Ахілес» у Брне за перамогу ў скоках у вышыню, галоўнае, каб мець грошыкі, за грошыкі можна ўсё, і прыгожыя панны, нават калі хто гарбаты або й стары грыб, за грошы можа купіць сабе прыгажуню, бо на гэтым наш сьвет круціцца ў сусьвеце, а я, хоць і прысягаў кайзэрам і прэзыдэнтам, увесь час застаюся героем, далей маю залатыя рукі, як хірург або доктар, у шаўца заўсёды далікатныя рукі, таму мяне называлі прафэсіяналам, сам Баця, казалі, паслаў мне дэкрэт, каб я ў яго рабіў, каб яму паставіў ягоную фірму на ногі, баранэса Бжызава, якая прыходзіла да нас па малако, паглянула на мяне, а потым апусьціла вочы і кажа, а вы самі ня шляхціц будзеце? была яна дамай высокага роду, мордачка як у кошкі на шакалядзе, а ейная дачка выйшла за прыгляднага судзьдзю Юста, таго што даваў валацугам і п'яніцам вялізныя прысуды, Тонік Воплетал уляпіў таму судзьдзі поўху, бо ён засудзіў яго на трынаццаць месяцаў за тое, што перагрыз горла Рыгу падчас акадэмічных дэбатаў, Хрыстос жа, лекар усіх народаў, апірышча бедных, ужо тады ведаў, што чалавек схільны да найбольшага лайдацтва і зараз потым да сьлёз, таму меў досыць сілы і за ўсіх узяў тое бервяно на плечы ды зьбіты і ўвесь у крыві валок яго два кілямэтры на Гальготу, сьвятары й да сёньня гэтаму зьдзіўляюцца, найахвотней выкладаюць дзецям пра сьвятую Тройцу, што айцец ёсьць уласным сынам, а сын сваім айцом, і што яны перапісваюцца з дапамогай галубіцы, ну й лухта, ажно ў мазгох рыпіць, як быццам ксяндзом было мала, што яны чуюць на споведзі, тыя нягоды зь няшлюбнымі сынамі і айчымамі, але гэта людзям ня трэба, бо Хрыстос хацеў любові да блізкага, дысцыпліны, а ня той любові на канапе, як гэта некаторыя тутака плятуць, прыдуркі, якім паадбівала мазгі, гэта я магу ганарыцца, я, які заўсёды помніў Гаўлічака, а ў шавецтве быў інжынерам чалавечых ног, спраўна падшываць чаравічкі белай дратвай, а цьвічкі не павінны муляць у пяткі, я, які ўжываў клей маркі Эльбэт і Гумідрабант з слановых капытоў, ды што, калі грамадзкай думкай валодаюць ідыёты й п'янюгі, хай адно дакажуць столькі як нябожчык Масарык, які яшчэ ў свае семдзесят рабіў стойку на кані, або як тыя манахі ў Тыбэце, якія паставілі сабе электрастанцыю і сьвецяць сабе ў кляштары на жывога Буду, тое малюткае дзіцятка, або спадар прафэсар Айнштайн, які вынайшаў падводную лодку з атамам, або рускія, якія робяць досьледныя палёты вакол сьвету на самалётах з рэактыўнай цягай і лётаюць так хутка, што не пасьпеюць узьляцець, а ўжо мусяць тармазіць, так што адзін спрытнюк сказаў, недалёкі той час, калі пры такіх падарожжах вакол сьвету рэактыўны самалёт будзе бачыць свой уласны хвост сьпераду, людзі толькі пасядуць у такім эрапляне і зараз павінны выходзіць, падарожжы будуць адбывацца так хутка, што лепш будзе сядзець дома, галоўнае аднак, каб чалавек ня жыў як у хляве, а насіў кветкі прыгажуням, вось наш ксёндз-пробашч ня мог сцаць і доктар Карафіят яму кажа, я ж вам казаў, толькі поснае, а ня мяса й вінцо, а адна баба пасьля родаў зьела кілбаску і доктар ёй дапякаў, вы нажэрліся яблыкаў ці што? а мужа аблаяў, што для парадзіхі шэсьць тыдняў нельга нават глядзець на кілбаскі, і даў мужу клізму, а я калі хадзіў да доктара Карафіята лячыць саліцёры, ён адразу прыпісаў мне дыету і наказаў, каб я сядаў на цёплае малако, каб які іншы, дык мяне выкінуў бы, а доктар Карафіят кажа, адразу па вас відаць, што вы нечым узварушаны, значыць, ня шлюбная тайна вас сюды прывяла, а тут якраз чэрці прынесьлі кірмаш і на пляцы адна баба жэрла ліверную каўбасу дык выбег сабака і цапнуў у бабы тую каўбасу разам з губою, дык доктар мусіў купіць ёй яшчэ адну каўбасу і прышыць ёй тую губу, таму што баба прыйшла да яго з плачам, на той час людзі былі галянтныя да жанчын, адзін прафэсар мне казаў, ня ўмелі мы шанаваць Аўстрыі, ня ўмелі шанаваць бардэляў, дык цяпер ад празьмернага клёку мужыкі ў нас сталіся нэрвовымі, Грулешак малаціў сваю жонку ланцугом ад ровара або катом, як называлі ланцуг для ўцягваньня калодаў на калёсы, адвакат Кір, які пасярэднічаў у продажы нашага дому і паставіў сабе вілу каля суду, з фантанам, пальмамі і мармуровай калёнай, а на ёй голую Еву, якая мела пад нагамі ўвесь сьвет, а вакол сябе ружовы садок, дык той адвакат застрэліўся, бо ягоная жонка выбрала беднага студэнта, як у нейкай апэрэце, усе тыя багатыя пані поўныя рамантызму, мне рабілі такія прапановы, што я ажно дастаў язваў, вам, зразумела, не адмоўлю ды зраблю яшчэ чаравічкі, насаджу на вочы тыя павелічальныя шкельцы, чаравічкі фасону КБ, імітацыя вужавай скуры, белая футравая высьцілка і белыя фрэнзьлі, чацьвертага памеру, мадэль «Дэрбы-Парызэр», чаравічкі зь белымі наскамі і лякаванымі абкладамі, абцасікі два цэнтымэтры, нікеляваныя дзіркі, кручкі з цэлюлёйду, масянжовыя штыфты і масянжовыя шрубкі, каб падэшвы даўжэй насіліся, потым зраблю вам на запас адну пару абутку на восень і другую на зіму, у сярэдзіну, згодна з пажаданьнем, дамо высьцілку з чырвонага або жоўтага кажушка, потым яшчэ адны чаравікі на горныя экскурсіі і адны зусім простыя на шпацыры па лугох, з чырвонымі наскамі і белай высьцілкай, або шаўро з высокай абшыўкай і зялёнымі лякаванымі наскамі, паеду ў Вену, у фірму «Салямандра», у той цэнтар абутковага сьвету, што мае пяць паверхаў, паеду туды па лякі Майцэн, кітавыя і так далікатныя, як шчочкі прыгажуні, цэнтар абутковага сьвету гэта фірма «Салямандра» з салямандрай на знаку, тым часам як фірма «Мэрцэдэс» мела на знаку малпу, на шкляных паліцах чаравікі, вырабленыя цудоўнымі чалавечымі рукамі, кожны паверх асьветлены іншым колерам, граф Зэлікоўскі зімою прыляцеў на вучэньні на жарабцу, нібыта на самалёце-зьнішчальніку, на вусах іней, конская грыва таксама сам іней, граф быў вядомы сваёй жорсткасьцю й грубасьцю, адна баба ў мяне запыталася, дзе служыць ейны сын, бо яна прынесла яму піражкоў, а тут нарваўся граф Зэлікоўскі на жарабцу і як рыкне па-польску, не гадай з бабамі, скурвысыну! сьцебануў мяне прутам і паскакаў на сваім жарабцы проста на бабу на дваццаціградусным марозе, я стаяў на варце, было мне даваццаць адзін год, а ў сабе я меў столькі энэргіі, што ёю можна было б асьвятляць Прагу з тыдзень часу, яшчэ й сёньня чорт мяне падпорвае, калі бачу тую заруку шлюбнага шчасьця, дароднае жаночае цела, сокалы тады завілі мае валасы, пазычылі мне сокальскую апратку, на лузе поўна сокалаў, на дрэвах павяваюць сьцягі, а на мяне глядзяць як на прэзыдэнта, шэраг сівакоў, за ім шэраг каштанавых коней, дзьве красуні парвалі сабе блюзкі, пабіўшыся з-за мяне, але я ўжо быў начытаўся ў творы спадара Батысты, што чалавек, у якога няма нічога сьвятога, больш схільны да грэху і што адных жанчын цягне да каханьня, іншых да грошай, а яшчэ іншых да аднаго й другога, некаторых да разбэшчанасьці, а нават вычварэнстваў, іншых да мастакоў, да замужжа, але гэта павінна быць так, як навучае майстра Ян Гус, дзеўка, не падавай нагі кавалеру, пакуль ня ўведаеш, хто ён, найлепш прытрымлівацца гэтых запаветных слоў, таму індусы маюць у царкве быка і яму пакланяюцца, Сыбіла, тая, што прадказала сьмерць Госпада Ісуса, пабаялася йсьці кладкай церазь Ярдан і пакланілася таму кедраваму дрэву, а яе сяброўкі запыталіся, чаму яна ня йдзе далей? а яна адказала ім, што калісьці з тае кладкі будзе крыж, таму яна лепш пойдзе цераз тую ваду басанож, з сукенкай у жмені, а да тае кладкі быў ужо прыпісаны той крыж і Сыбіла ведала, што прыйдзе Хрыстос і будзе вучыць людзей, што яны браты, такая была разумніца, той самай пароды, што сьвяты Вацлаў, які з такой радасьцю пеставаў вінаграднік і езьдзіў у белым радне на сівым жарабцу і раздаваў грошы бедным як нейкі райсабес, кітайцы зноў жа вераць у бога сілы і каханьня, таму іхны бог мае ў носе пазалочанае колца і пашчу як акула, гэткі пазалочаны пузач, ажно жах бярэ, затое чорныя збольшага паэты, яны вераць толькі ў тое, дзе што можна зжэрці, і верашчаць і скачуць, а іхны кароль сядзіць голы на троне і трымае вілы ў руцэ, а іхная каралева мае на сабе толькі такі ашмотак, каб ёй мухі на пашпарт не сядалі, а калі ў іх хто памрэ, дык адну палову хаваюць, а другую гамаюць, так што спадар падарожнік Голуб уцякаў ад іх на ровары, а жыхары Агнявой Зямлі, батакуты, арабэлы і матабэлы беглі за ім, але хоць і мелі добрыя лёгкія, не далі рады яго дагнаць, толькі крычалі спадару падарожніку, чалавек на вужацы! а раварысты гналі да Варшавы і выйграў нейкі Круляк, дваццаць два гады, роўна столькі было і мне, калі я стаяў у Прасьцееве перад фірмай Вайнліха, дворскага пастаўніка, які меў над уваходам арла, жыдок, залатое пэнснэ, выстраены й напарфумаваны, насіў кнігу і смаліў кубанскую цыгару, як бы вы прыйшлі на ўнівэрсытэт, два ягоныя заступнікі, Фогл і Вэрцбэргэр, таксама напарфумаваныя як акадэмікі, а я стаяў перад імі як перад лавай прысяжных з парай чаравікаў у руцэ на паказ, а Вайнліх пытаецца, вы самі шылі гэтыя чаравікі? а колькі тузінаў можаце мне зрабіць за тыдзень? я адказаў, што два тузіны, дык мяне адразу павіншавалі, адразу мне далі бэргштайг, шаўро і бокс і падганялі, хутчэй, а то яшчэ спозьніцеся на цягнік, і я адыходзіў як Мантгомэры, той сьціплы герой з-пад Тобруку, гэта велізарны гонар рабіць у дворскага пастаўніка, гэта тое самае, што сёньня працаваць з кавалерам Ордэна Працоўнага Чырвонага Сьцягу, дворскі пастаўнік меў мэдалі і на шыльдзе арла з распасьцёртымі крыламі, Кафка і Дворжак шылі для кайзэра строі й боты, а таксама для эрцгерцага, спэцыялістам па вяндлінах быў Выметал і Попелка, у вітрыне адныя кумпякі сярод яловых галінак і аспарагусу, адзін мой камарад быў майстар па фраках, я запрасіў ягонага брата да нас, каб адпачыў на ўлоньні прыроды, але ён так нажлукціўся сьлівавіцы, што мы мусілі яго адмочваць у масьлёнцы, каб не памёр, дык ён рабіў у дворскага пастаўніка Кафкі, які меў у гербе зялёныя нагавіцы і залатыя мэдалі, генэрал фон Вухерэр замовіў у яго ясна-блакітны мундзір на Божае Цела, але залаты каўнер яму муляў, дык прышла яго жонка, генэраліха, каровішча як Марыя Тэрэза, а стары Кафка, нэрвовы як кампазытар, хапіў яе і, цягаючы яе па вітальні, крычаў, калі гэта пасавала тысячам іншых, дык мусіць пасаваць і вашаму фраеру! таму во бачыце, я часта хаджу на могілкі, дзе маладыя людзі, замест каб працаваць, дрэмлюць сабе пад крыжамі, а я тут пры сваіх сямідзесяці гадох гарэзую з вамі як кайзэр з Шратавай, а яшчэ мяркую зрабіць вам чырвоныя лякаваныя чаравічкі, як для сястры доктара Карафіята, якая была прыгажуняй, толькі мела шкляное вока, ня надта прыемная справа, бо ня ведаеш, што яна з тым вокам счаўпе, адзін шапачнік з Прасьцеява мне распавядаў, што быў з такой адной у кіно, а яна раптам кашлянула і вока ў яе выпала, дык ў перапынку мусілі яго шукаць між крэсламі, а калі знайшлі, яна выцерла яго, прыўзьняла павеку і шусь! маргнула раз-другі і ўсё на месцы, шавецтва гэта вам усё роўна што пякарства, якога вучыўся мой брат Адольф, гэта ўмельства саджаць далікатнае печыва ў печ, пяшчотна на лапаце, як быццам вы гуляеце ў більярд, пры рагаліках на стале нельга сьлініць пальцаў, калі б гэта ўбачыў кантралёр, дык зараз бы даў поўху, а калі пекар ідзе пасцаць, дык потым мусіць памыць рукі, тым часам як у шавецтве можна нават калупацца ў носе, а такі мясьнік таксама мусіць зважаць на чысьціню, у нашым узводзе быў мясьнік Коцурак Міласлаў, яму нарываў палец, дык ён яго забінтаваў, а калі рыхтаваў начынку для кілбасак, той бінт аб'ехаў і ўпаў у начынку, але ён меў надзею, што тая кілбаска зь бінтам дастанецца якому жаўнеру, дык не дурыў сабе галавы, аднак жа, панна, які сюрпрыз! тая кілбаска дасталася ягонаму штабс-лекару, есьць сабе трэцюю кілбаску, раскройвае яе, а там бінт! званітаваў на месцы і адразу паслаў таго Коцурка Міласлава на фронт, але той мясьнік замест каб палегчы, наадварот, адзначыўся і дастаў ордэны за мужнасьць, нейкі час і я вазіў аднаму мясьніку зьвязаныя козы на тачцы, два казьляняткі скакалі вакол мяне, тая каза лізала мне рукі, і так я сядзеў у полі на тачцы, казьляняткі лізалі мне рукі, а я плакаў, ну бо якая зь мясьніка роўня мне, прыхільніку эўрапейскага рэнэсансу, дык плюнуў я на шавецтва, бо ўвесь час маеш пры ім аддушаны страўнік і баісься, каб не парэзацца нажом, вывучыўся на саладоўніка і пайшоў у вандроўку па Вугоршчыне, ах, у Шапроне ёсьць выдатны бровар, чырвоны будынак зь белай абліцоўкай, зялёныя вокны як у Тыролі і ўсё выкладзенае кахлікамі, ля кожнага вакна жалезныя драбінкі, каб пажарнікі на выпадак пажару маглі па іх падымацца ўгору і спускацца ўніз, як малпы ў Дрэздэне, а Будапэшт гэта дзіва, адна вуліца белая з чырвонымі вокнамі, другая ўся зялёная з жоўтымі вокнамі, вуліцы блакітныя, залатыя і рабыя, а падчас вайны хлеб там быў белы як пірог, Горты, той адмірал, загадаў пастраляць матросаў, якімі камандаваў Матоўшак, завязалі тым няшчасьнікам вочы, бо гэта быў бунт або інакш Mauterei, на піва, панна, ячмень павінен быць нязмоклы і непрарослы, трэба яго правеяць і найперш намачыць на верхнім ярусе ў летняй вадзе, потым даць наніз на ток і пералапаціць, значыць, перасыпаць драўлянай лапатай або інакш Wohlgemut'ам, потым ён сушыцца ў саладзільні, а вагонь ідзе пад сподам, далей солад падае ў барабаны і шчоткі, асобна падае квет, гэта парасткі, а асобна солад, тым кветам добра карміць валоў, солад бывае мюнхенскі для цёмнага піва і пльзэнскі для сьветлага піва, солад вараць у варыльні некалькі гадзін, растаўкаюць яго на тры заторы, каб было больш Zuckerstoff'у, потым дадаюць хмелю, каб піва набрала горычы, потым выпускаць у брадзільню, у кадзі, і дадаюць піўныя дрожджы, звычайнае піва бродзіць месяц, ляжак, або вытрыманае піва, тры месяцы, добрая ў мяне памяць, праўда? мала ў каго на сьвеце такая, ляжак прыпраўляюць да смаку, значыць, пакуль піва разьліюць у гекталітры або ў кухлі, зьбіраюць у бляшанку тую гушчу, тыя дрожджы, і даліваюць патрошку ў кожную бочку, дзякуючы ім піва потым мае тую іскрынку, або гранат, мюнхенскае піва вылежваецца нават і паўгоду, а калі першы раз адшпунтоўваюць бочку, дык на гэта прыходзіць паглядзець і скаштаваць сам прэзыдэнт, адна швачка, на прозьвішча Гулякава, калі я раіў ёй наконт палавой гігіены, а потым вучыў, што найважнейшая справа запаўняць прагалы, гэта значыць, зрабіць нешта іншае, чымся было дагэтуль, дык тая швачка адразу захацела, каб я зь ёю пайшоў у лес і запоўніў ейны прагал, але я ёй сказаў, што гэта можа зрабіць кожны дурань, а вось штука ў тым, каб зрабіць тое, чаго яшчэ няма, жанкі як што дык адразу гатовыя, у рэстаране падчас гулянкі карчмар мне скардзіўся, што госьці сьціраюць з тацы ягоныя рыскі, колькі выпілі кухляў, а была тады са мною адна прыгажуня, якая сказала, панове, я маю рыску, якая так лёгка не сьціраецца, вядома, некаторыя гатункі піва ляжаць у смалаваных бочках і паўгоду, салодзенькі портэр з Пардубіцаў мае васямнаццаць градусаў, роўна столькі, колькі сёньня мае «Сэнатар» з Нусьляў, «Цмок» з Брна мае чатырнаццаць градусаў, роўна як «Спэцыял» з Браніцаў або «Крыстал» з Будзяёвіцаў, ах, панна, тыя п'янюшчыя гранаты, тыя горкія гатункі з Пльзьня, «Кардынал» і салодкае піва «Ў Флекаў» або «Ў Тамаша», бяда якраз у тым, што прагрэс добры дзеля таго, каб людзі былі людзьмі, але што тычыцца хлеба, масла і піва, дык прагрэс горш заразы, тут трэба ўводзіць тэхніку халерна паволі, у старых броварах варылі піва ў медзі, пад катламі палілі смалякамі і полымя йшло праз тую медзь і карамэлізавала піва, вось жа памяць у мяне! ёсьць чаму радавацца, або хлеб, рабілі яго з жыта, якое ляжала ў клуні да лістапада, пакуль усё з тых каласкоў не перайшло ў зярняткі, і толькі тады яго абмалочвалі, вось быў хлеб! пахнуў за кілямэтар, калі пяклі гэты Божы дар, а чым быў чарсьцвейшы, тым лепшы, таму кайзэр ахвотней езьдзіў карэтай чымся аўтам і ахвотней піў віно, памёр зрэшты ў прыбіральні, але ён то ўмеў захапляцца эўрапейскім рэнэсансам разам са Шратавай, я стаяў у Майдлінку на варце і бачыў кайзэра, Шратава стаяла на драбіне і абрывала сьлівы, а кайзэр як Гётэ зіркаў ёй пад спадніцу, калі трымаў драбіну дзеля ейнай бясьпекі, нават і Батыста прызнае, што зарукай шлюбнага шчасьця ёсьць дароднае цела, кайзэр любіў хадзіць у кайзроку, такім жакеце, што выглядаў як цалкам закрыты фрак, такі ўжо быў шляхоты род тая кайзэрава сям'я, але няшчасьці іх даймалі такія самыя, што і іншыя сем'і, сынок, каронны герцаг, мусіў ажаніцца з бэльгійскай прынцэсай Стэфаніяй, а насалоду меў зь цела Вэцэры, тае прыгажуні з вялізнымі грудзьмі й вачамі, ну і ўсё скончылася павальнай стралянінай, Даша, фэльчарка, якая ўвесь час мела прабелы ў палавой гігіене, сказала мне, калі я распавядаў ёй пра трагедыю ў кайзэраўскай сям'і, авохці! калі б мы былі муж і жонка, а вы хадзілі б да іншае, дык я вас таксама застрэліла б, так мне сказала, бо ў сьвеце пануе трагедыя і раманісты ўвесь час маюць пра што пісаць, іду я аднаго разу каля чыгункі, а тут едзе чыгуначнік на ровары, саскоквае зь яго і кажа мне, Ярыку, скажы папраўдзе, быў учора той гол ці не было? а я яму кажу, не было, і той чыгуначнік паехаў далей на адным понажы і пакуль перакінуць ногу, аглядаўся і крычаў, дзякую, праўда пераможа, моцны характар у цябе! так крычаў, бо шмат хто блытаў мяне з футбольнымі судзьдзямі або й фільмовымі акторамі, хоць я й ніколі ў футбол не гуляў, хіба што дзеля жарту, Моцарт і Гётэ, яны таксама ў футбол не гулялі, і кайзэр не, яму цікавей было паехаць у Ішль і ганяцца за сарнамі, хадзіў ён у такіх нагавіцах, як дзеці, нагавіцах з пад'ёмным мастом, любіў людзей і еў сьвініну, за ўсё сваё панаваньне зрабіў толькі адну грашовую рэформу і загадаў павесіць Шлосарка і Гуга Шэнка, а маёй маме падараваў дваццаць пяць залатых, бо калі мама мясіла капусту, то мела на нагах белыя шкарпэткі, якраз тады былі манэўры, якімі кіраваў кайзэраў дзядзька Альбрэхт, той, што вышчараў зубы і кватараваў з кайзэрам у аднаго такога Колажа, якога за гэтую кватэру кайзэр потым павысіў у шляхецкі стан, а той барон Колаж за гэтае павышэньне паставіў перад сваім домам помнік, я ехаў з мамай па карчы, жаўнеры вялі коні і елі кансэрвы, а мы наладавалі дзьве тачкі дроў і яшчэ паехалі па дзьве плахты травы для нашай каровы, было гэта гадкае падла, але мела пятнаццаць цялят, уся вуліца хадзіла да нас па малако, а калі тая карова памерла, уся вуліца плакала, але засталося ад яе цялятка, мы ўзялі яго ў сьвятліцу і паілі з пляшкі, дык кожнага ранку цялятка прыходзіла і лізала нас, а мой брат Адольф казаў, што яно прыходзіць нас пагаліць, а калі з таго цяляці вырасла карова, гаспадар Зпурны сказаў, што так прыгожай жывёліны ён яшчэ ня бачыў, толькі што тая карова не магла глядзець ні на цягнік, ні на ровар, таму мы чаплялі ёй навочнікі, Царква тысячу гадоў змагалася з чэскім народам, каб заглушыць у ім жарсьці, але як тут ёй даць рады цэламу народу, той робіць хутчэй паводле кніжкі спадара Батысты пра зарукі шлюбнага шчасьця, як толькі мужык убачыць прыглядную бабу, дык адразу мурашкі йдуць па ім і такі мужык адразу пачынае мазгаваць, як яе завалачы ў пасьцель, гэта, як кажа паэт Бонды, прага зьмяніць жаночую позу з вэртыкальнай на гарызантальную, і ён, хоць і паэт, з тае гарызантальнае позы мае цяперака двое дзяцей, якіх мусіць няўпынна вазіць з сабою ў возіку, мая мама была сьвятая жанчына, выхоўвала нас сама, у тыя часы яна была ўдарніцай па ўборцы буракоў, калі выпала суша, палівала іх з ручайка, буракі ў яе былі як цэбры, але ніхто ня мог параўнацца з Ганакамі, гэтыя мярзотнікі выходзілі задам, калі акучвалі буракі, каб не пакінуць на полі ні сьледу, а яшчэ майстрам высокіх ураджаяў быў Мытны, што служыў капралам ва ўланах, з барадою як у прарока Ільлі, летам засоўваў тое валосьсе сабе ў нагавіцы, а зімою насіў як шалік, шчыраваў чалавек, увесь час сядзеў у лесе, а потым толькі памоліцца і зноў бяжыць за бабамі ў поле, ганяўся і за каровамі, бабаў падганяў добрым прыкладам і пугай, з такога спадар прэзыдэнт і сёньня меў бы карысьць, калі б іх было тысяч зь дзьвесьце, пры гаспадарцы ён меў карчму, але ягоная жонка замест наліваць гасьцям, налівала сабе, дык ён, як што быў выхаваны па-каталіцку, біў яе і біў, пакуль не дабіў, паводле Старога Запавету коні і каровы ў яго былі начышчаныя да бляску, да таго куфэрак грошай і кніжачкі ў ашчаднай касе, адна баба на прозьвішча Шумпліца, каб не насіць выаранай бульбы, засыпвала яе босай нагою, але стары Мытны гэта ўбачыў і адсьцябаў яе пугаю, ажно яна абамлела, вечарам ён папраўляў мутрахлясты абутак і чытаў асьветніцкую кніжку, пакуль сеяць, адмочваў пшаніцу ў сінім купарвасе, любіў калоць парасятаў і да юшкі дадаваў пернасьці ажно аднекуль з Афрыкі, яванская карыца, панна, лепшая за цэйлёнскую, такая лагодная карыца добрая для гарачага віна і піражкоў з павідлам, але ўсё-ткі ў Аўстрыі людзі былі страшэнна адсталыя, адзін мужычок матычыў поле і адматычыў сабе палец, бо думаў, што гэта вусень, настаўнік Латал лупцаваў вучняў і біў іх галавою аб дошку, бо вучні кепска навучаліся рысавальнай геамэтрыі, а пробашч Збожыл хапаў хлопцаў за карак і трос іх як трусоў, бо не маглі зразумець, што ласка ёсьць божай натурай і звышнатуральнай заслугай, таму наш пробашч мусіў няўпынна маліцца, каб ня быць такім злосным, бо здаралася яму часам адставіць келіх і заляпіць поўху міністранту, а потым далей служыць імшу, такая была тая аўстрыйская дысцыпліна, якая мела слабасьць да парадаў і колераў, арцыбіскуп насіў фіялетавы капялюш і фіялетавую сутану, генэрал Лукас меў залаты каўнер і тры зоркі на падкладцы з чырвонага шоўку, адзін салдат ужо тады сказаў: насраць на вайну! і ўжо адразу вісеў на дрэве зь перабітымі нагамі, Сына Чалавечага прадалі за трыццаць срэбнікаў, а султан купляў прыгажуняў за сто тысяч і больш, цела Сьвятога Пятра павесілі на крыжы галавою ўніз, а папа, ягоны наступнік, сёньня шпацыруе па Лятэране і Ватыкане, абходзіць тысячы пакояў, дык яму паставілі турыстычныя паказальнікі, каб не заблудзіўся, з кардыналамі ён размаўляе ня столькі пра дзейную любоў да блізкага, колькі пра валюты і каталіцкія базы, гэта, скажу вам, панна, ёсьць тыя ваконцы на сьвет, тыя голы, пункты і сэкунды, нябожчык Штраўс трымаўся прынцыпу, каб сьветам кіравалі файныя мэлёдыі, каб улагодзіліся пачуцьці, той эўрапейскі рэнэсанс, за які змагаліся Тэмістокл і Мільтыяд, Сакрат, Гётэ і Моцарцік, каб не гаварыць, калі нам якая прыгажуня абрыдла, панна, пацалуй мяне ў ногу і adieu, тое ўлагоджваньне палягае на тым, каб напісаць музыку або вершык на разьвітаньне і паслаць з букетам ружаў, пасьля, панна, рамантычнаму чалавеку і сны сьняцца лагаднейшыя, мець дрыст у сьне значыць бываць у сьвецкай кампаніі, жонку пры сьмерці бачыць у сьне значыць, як знарок, спаўненьне самых запаветных мараў, у нас адзін пячніцкі чаляднік расплакаўся, калі прывучвалі яго да забавы зь дзеўкай на більярдзе, іншым разам дзеўкі з бару выдатна дапамаглі, быў такі адзін слабы на розум і калі на яго гэта находзіла, ён крычаў, мама, мама, паглядзі, што мне зрабілася! дык мама хапала сто кронаў і бегла па красуню з бару, але ейны сынок падаў з тае красуні і мама яму ў тым пасабляла, каб на нейкі час займець перадышку, пакуль ейны бедны сынок зноў не пачне крычаць, мама, мама, паглядзі, што мне зрабілася! але я заўсёды трымаў форму як Конар Толнэс, вось гэтымі чарадзейнымі ручкамі я рабіў кантэскі, чаравічкі для прынцэсаў, акторак і лепшых красуняў, драўляны абцасік, прыбіты масянжовымі штыфцікамі, работа чыстая і мілая Богу, срэбнае шаўро і жоўтае шаўро, і канарэечнае, а каб падноскі былі белыя, я купляў гумідрабант, так што за Аўстрыі шавецтва было работай хутчэй хімічнай, чымся рамяством, сёньня гэта йдзе на канвэеры, хоць і быў я ўсяго шавец, але насіў манокль і кіёк з срэбнай галушкай, было так, што тады кожны хацеў выглядаць як кампазытар або паэт, а сёньня наадварот, кожны пісьменьнік фатаграфуецца як галадранец, аднаго разу, панна, я бачыў амэрыканскага пісьменьніка, ну нешта жахлівае, той сам тып што й граф Зэлікоўскі, вядомы сваёй грубасьцю, а той мастак, што маляваў тую галубіцу, на фатаграфіі выглядае як жабрак з Марыяцэлу, сёньня мастакі зачэсваюцца данізу, як за Аўстрыі дажывотнікі або дахадзягі ў прытулках ці шпіталях, а вось за аўстрыйскім часам, калі хто закончыў двухклясовую школу, даваў сабе завіваць валасы і хадзіў зачасаны як паненка, каб дзяўчаты думалі, што ён піша вершы, а калі хто за Аўстрыі меў тры клясы гімназіі, дык не выходзіў зачаста на сонца, тым часам як сёньня загараюць нават прэзыдэнты, за Аўстрыі дык і работнікі фатаграфаваліся з локцем лёгка ўсьпертым на столік і позіркам скіраваным у далячынь, як Эдысан, а сёньня фатаграфуюцца нават як колюць дровы, вось так, у той час ужывалі шмат бадану, прыправы з кітайскага дрэва, знакамітай для лікёраў і печыва, ах, тыя даўнія часы мелі слабасьць да жабракоў, але з другога боку і да парадаў, вугорская мука была пад колер пяску, а на мяхох пазначалі яе трыма чырвонымі сэрцамі, амэрыканская двойка мела на мяхох тры скрыжаваныя каласкі і канадыйца з касою, эрцгерцаг Ойген, камандзір дойчмайстраў і кавалер Апостальскага Ордэну, найбольшая жывёліна ў сям'і Габсбургаў, меў два мэтры дваццаць цэнтымэтраў росту, так што калі ягоны ад'ютант падаваў яму плашч, дык валок яго па зямлі, калі стары Грулешак латаў у нас мяхі, ён чытаў за работай любоўны раман, а ксёндз Збожыл чытаў з амбону пастырскае пасланьне аб чытаньні немаральных кніжак і часопісаў, а стары Грэпл, той што вазіў радно ў Оламоўц, ставіў ногі ў халодную ваду, каб не заснуць, бо ня меў будзільніка, зімою хадзіў у лес вазіць дровы і цягаў тыя ланцугі на плячы як сам чорт, а сваю жонку часта тоўк галавою аб бэльку, каб паправілася, так што яна доўга малілася па начах, каб Госпад Бог яе выслухаў і каб прываліў яго фурай з калодамі, таму й паэт Бонды мне казаў, што сапраўдная паэзія павінна раніць, як бы вы забыліся лязо ў насоўцы і смаркаліся і парэзалі нос, таму акуратныя кніжкі пішуцца не дзеля таго, каб чытач лепш заснуў, але каб выскачыў з пасьцелі і так як стаіць, у адных сподніках, пабег да спадара пісьменьніка і надаваў яму па пысе, было так, што за Аўстрыі муж адказваў за душу свае жонкі непасрэдна перад Богам, і так прыкладам Тонік Воплетал, той, што ўсадзіў нож Фэрдзюшку ў галаву, калі сварыліся, хто трапіць у неба, а хто не, дык ён казаў сваёй жонцы, ты перад алтаром прысягала слухацца мяне і тут жа лясь ёй па мордзе як задатак на будучыню, у майго майстра быў добры характар, але затое ён любіў выпіць, калі меў за што, адну кварту гарэлкі перад абедам, другую пасьля абеду, і яшчэ адну нанач, сёньня людзі з глузду зьехалі б або зрабілі б рэвалюцыю, калі б мусілі працаваць да поўначы як за Аўстрыі, дык той мой майстар гаварыў увечары, а каб цябе халера, курва кручаная, ты чаго мне забараняеш? я ж табе не выгаворваю, калі ты смаліш піпку з драгунам! і лясь бабу капылом, за Аўстрыі людзі мелі досыць часу на глупствы, мой тата стрэў такога разумніка як і сам, Траўнічка, і яны адразу купілі сабе літар жытнёўкі ў Фідлераў, у той час налівалі гарэлку ў такі чацьвяртак, што выглядаў як шкло ад газоўкі, значыць, мой тата сядзеў з Траўнічкам на могілкавым муры, а як што былі начытаўшыся Гаўлічка і «Сьветагляду», міжнароднае становішча так іх засмучала, што не пайшлі на працу і вялі падрыўныя гутаркі пра сацыяльную несправядлівасьць, а калі ўжо набраліся, засьпявалі песьню «Калі я йшоў лясной сьцяжынай у гаёк», ксёндз выбег з касьцёла, з сурвэткай як кельнэр, і крычыць, а каб цябе трасца, Траўнічак, што гэта за фокусы замінаюць мне падчас багаслужбы? ідзі ў лес, або аддам цябе пад арышт, але тата з Траўнічкам сьпявалі далей, і тут ужо бяжыць жандар з плюмажам, каб іменем закону яны разыйшліся, дык пайшлі, а тата, каб ад яго ня несла гарай, купіў сабе жавальнай табакі, але як ужо быў добра налізаўшыся, мама ўзяла пута і адлупіла яго, бо калі хто хоча напіцца, дык павінен мець рэсурсы, інакш шал кінецца ў галаву, Лёйза Таваркаў звар'яцеў ад бруку на пляцы, а яшчэ можа й таму, што ягоны сын рабіў дзяўчатам дзеці на спробу, дык той Лёйза Таваркаў тоўк галавою ў мур і падсьпеўваў, «Дзеля Бога, Язэпе, дзеля Бога, Язэпе...», а калі шал увайшоў у рытм, дык сьпяваў «Усе чэрці на свабодзе, усе чэрці пад замком», людзі глядзелі на яго нейкі час, а потым адправілі ў вар'ятню, ён наогул быў добрым чалавекам, засядаў з Бэхінам у ратушы і быў начальнікам Сокала, адно той брук яму даўся ў мазгі, а можа і ягоная дачушка, якая аднаму хлопцу дала найпрыгажэйшы доказ каханьня, які не застаўся без наступстваў, так што яна стрэльнула сабе ў лоб з рэвальвэру, што вісеў у іх на сьцяне, так што бачыце, панна, людзі і надалей несьвядомыя і схільныя да трагедыі, заўсёды калі хто кажа праўду, выглядае як хлус, а як было насамрэч, адкрываецца заўсёды запозна, адна красуня, якая мела Пэцінгей, вышла замуж за багатыра, бо якраз прачытала «Уладальнікаў гуты», але да яе хадзіў сьлесараў сын, а ейны муж вярнуўся нечакана і засьпеў іх у ваньне і так урэзаў таму сьлесараваму сыну, што той ажно аглух, таму Батыста ў сваім творы аб палавой гігіене перасьцерагае мужчын, каб занадта не аддаваліся сваёй жарсьці, сама больш тры разы папалудні, а каталіком чатыры разы папалудні, каб потым ня мелі грэшных думак, бо інакш можна прыйсьці да сумных наступстваў, гэта ўваходзіць у кроў і да гэтага маюць нахіл султаны, якія потым надрываюцца, калі-нікалі нават папы і каралі ня мелі ў тым шчасьця, а потым ужо запозна, дзяржава стаіць дагары нагамі празь нейкую модную красуню, таму што розум заўсёды прыходзіць запозна, мама мяне перасьцерагала, вядома, да жанчын трэба падступацца з пачуццём, значыць, трэба хлусіць, што там вясельле, забава, увесь той гармідар, гэта заўсёды пасьпеем, але на ўсё жыцьцё? адзін мясьнік мне сказаў, што ажаніцца гэта як усё жыцьцё несьці каровіну скуру па тонкім лёдзе, ёсьць выпадкі, калі жонка кажа да мужа, бацька, цябе варта было б добра чахнуць матычкай, а ён яе прабірае, матуля, жлукта ты пузатая, як вазьму качаргу і як таргану цябе за пысу, дык вось, панна, ідэалы хістаюцца, нават Гётэ гэтага не даказаў, а што ўжо казаць пра Моцарціка, гэта люба, калі двое спатыкаюцца, спачатку хапаюцца за рукі, а потым за што толькі можна схапіцца, але гэтыя рэчы галоўным чынам узбуджаюць народы апранутыя, народы голыя менш распусныя, а прытым менш у іх кішэнных крадзяжоў, ксёндз можа сабе мянціць языком колькі хоча, Карл Чацьверты памяняў чатыры красуні, а калі б не памёр ад запаленьня лёгкіх, пэўна меў бы ахвоту і на пятую, такі зь яго быў спэцыяліст па жанчынах, трэба ведаць, калі ёсьць сапраўдная жарсьць, а калі толькі прыхамаць, як гэта апісвае ў сваім творы Батыста, што адна жанчына мела дваццаць два дзіцяці, а іншая аніводнага, хоць бы й комін ад бровару на яе зваліўся, такі мужчына мусіць мець не абы які ворган, нават у соньніку, панна, знойдзеце, што вялікі ворган у снах бачыць значыць дастойнасьць, як той Шоўпал у нас, абое пілі і цягаліся за чубы на лесьвіцы, але калі выйшлі на вуліцу, проста шляхта! а дома ён увесь час да яе, дыхні, ад цябе нясе гарэлкай! а яна стае на калені і божкаецца, я зьела толькі адну шакалядку з ромам, а ён ёй дае поўху, сёньня людзям жывецца куды лепш, але з гэтага боку ўсё засталося па-старому, раз ён дастае шалу, другі раз яна, за вакзалам жыў Каўра, які ўначы краў, а днём шаўцаваў, а жонка ў яго была немка, і таму што яна красьці ня ўмела ні трохі, ён узяў і павесіўся ад сораму на бэльцы, або той Хыціл! яна, ягоная жонка, хадзіла па дамох і прадавала кашулі, а прытым крала, ну і раз яе прывялі жандары, дык яму таксама не засталося нічога як толькі павесіцца ад сораму, той фарсун Корац, службовец у касе хворых, меў сына студэнта ў Оламоўцу, аднойчы прыходзіць доктар Карафіят на кантроль і кажа, спадар Корац, людзі скардзяцца, што не атрымліваюць дапамогі па хваробе, што гэта за парадкі? тады Корац раскалоўся і прызнаўся, што тыя грошы пасылаў для сынка ў вышэйшай школе, а доктар сказаў, што яму да гэтага няма ніякай справы, дык Корац узяў касу і быццам ахвярнае ягня старой Аўстрыі выпіў літар рому за клуняй і падрэзаў сабе глотку, сёньня ўсё навыварат, дзеці вучацца задарма, а бацькі ледзь сабе глотак не пападрэзваюць, бо ў дзяцей больш грошай чымся ў іх, вось маеце, за Аўстрыі ў ялавічным булёне не магло бракаваць шафрану, такой знакамітай прыправы з Малой Азіі, а мой стрыечны брат, вось гэта выпадак! быў з блізьнят і ахрысьцілі яго Вінцакам, а таго другога блізьнюка ахрысьцілі Людвічкам, а калі ім было па годзіку, мамуля купала іх у начоўках і на хвілінку адбегла да суседкі, калі вярнулася праз паўгадзінкі, адно з дваіх утапілася, а як што тыя двайняты былі падобныя, дык ня ведалі, каторы зь іх утапіўся, Людвічак ці Вінцак? кінулі манэту, арол быў Людвічак, а рэшка Вінцак, выпала, што ўтапіўся Людвічак, але мой стрыечны брат Вінцак, калі вырас, пачаў сабе ламаць галаву, ён быў беспрацоўны, дык меў даволі часу, хто насамрэч утапіўся, ці абы на сьвеце не жыве Людвічак, а ён, Вінцак, ці не ўтапіўся? і пачаў піць, потым хадзіў каля вады і шмат купаўся ў рэчцы, потым і ў лазьні, хіба хацеў спраўдзіць, бо наканец утапіўся, каб упэўніцца, ці не ўтапіўся тады ў начоўках, было яшчэ й тое, што за Аўстрыі людзі шукалі працы, а сёньня праца шукае людзей, так што яны ня маюць зашмат часу на глупствы, пацьвердзіў мне гэта і паэт Бонды, калі прывёз у гасподу двое сваіх дзяцей у возіку, ужо Сакрат, кажа Бонды, сьцьвердзіў, што курвельства ёсьць заняткам людзей бязь іншага занятку, Тонік з кавярні даў нам кілбасы, каб мы патаўклі яму каменьне, дык таўчэм і таўчэм, а тут насоўваецца хмара, пацямнела як на пагібель, загрымеў гром і бліснула маланка, мы мусілі схавацца ў рове, а тут раптам зноў ясна, вяртаемся вечарам дахаты, а мама кажа, ведаеце, дзеці, што сталася? Карасак павесіўся якраз у тым лесе, дзе вы таўклі каменьне, таму што ягоная баба бегала за іншымі, я, панна, быў асьцярожны, там дзе я шаўцаваў, мелі дачку Мажэну, пуза як бубен, грудзі як у Марыі Тэрэзы, а азадак як сьвіронак або студня, кажуць мне раз, сёньня ў нас заначуеш, паслалі мне каля пліты, а над раньнем тая Мажэна мацнула мяне за твар і паклала мне на грудзях тыя свае цыцкі, а я кумільгам адтуль, таму што ўжо тады быў далікатны як саксонскі курфюрст, і рассадзіў сабе галаву аб пліту, адмочваю тую рану ў вядры, а цэлая сям'я выскачыла з пасьцелі і цешыцца, маўляў, будзем гуляць вясельле, але я ня даўся, сказаў як Гётэ, што я слабы ў грудзях і хутчэй схільны да вершаў, дык яны таго зьлякаліся, Мажэна потым купіла мне гальштук і нікеляваны пярсьцёнак, але я ўжо прачытаў твор спадара Батысты пра зарукі шлюбнага шчасьця, дык прыкінуўся, што цікаўлюся музыкай, а яе ўзяў нехта Етрудка, нажылі разам бяду і шасьцёра дзяцей, той Етрудка ўвесь час хадзіў набраны, хапала, каб толькі перад Мажэнай чыхнуў, а яна ўжо была пры надзеі, палова тых дзяцей звар'яцела, а другая палова, калі гэта даразумела, павесілася, і як тут верыць соньніку Анны Новакавай, нованароджанае дзіцятка пеставаць значыць радасьць! хіба адно стараста можа сабе нарабіць столькі дзяцей, але калі дзеці плачуць, дык ніякая гэта ня радасьць, старая Аўстрыя любавалася вайсковымі парадамі, але з другога боку, калі вы йшлі на шпацыр, дык штохвілі зачапляліся за выцягнутыя куксы жабракоў, і замест таго каб заглядацца на нейкую дзявочую цыцачку, я мусіў літавацца над тымі няшчаснымі, раз іду сам адзін, а тут красуня, жыдоўка, нос крукам як чапяла, сядзіць на мяжы і выглядае першай суботняй зоркі, ня мела на сабе майтак, дык я адным вокам зірк туды, куды любіў паглядзець Гётэ, пакуль пачне пісаць вершык, загаварыў зь ёю і пачалі паміж намі ткацца даверлівыя адносіны, яна мне распавяла, што ўмее езьдзіць на ровары бяз рук, на той час гэта была рэвалюцыя, а я ёй распавёў пра аднаго жандара, які недзе вынайшаў пастанову аб грамадзкай гігіене і паводле тае пастановы хадзіў асабіста мыць маладых цыганак да пятнаццаці гадоў, старыя цыганы павінны былі грэць ваду і потым ісьці прэч, жандар зьнімаў уніформу і закасваў рукавы, а ягоны начальнік падглядваў празь дзірку ад ключа, як выконваецца тая пастанова аб гігіене, а потым паставіў таго жандара перад судом і сам хадзіў абмываць тых маладых цыганак, а старыя цыганкі зьдзіўляліся, чаму ён ня мые і іх? тая жыдоўка, што сядзела на мяжы і чакала першай суботняй зоркі, пачырванела і шапнула мне, што яна таксама не занадта каб чыстая, і я на той мяжы адчуваў сябе зноў пераможцам, іншым разам я хадзіў з дачкою махляра, мала хто мог вадзіць зь ёю знаёмства, мы гулялі разам у дыябалё і калі яна нахілялася, я заглядваў ёй у дэкальтэ, называлася гэтае махляровае дзіцятка Галенкай, мела такія гожыя цыцачкі, што доўга яшчэ згадваючы іх я заікаўся і рабіў правапісныя памылкі, такім чынам я захаваў тую самую ілюзію, што й Госпад Хрыстос, хадзіць з прыгожымі дзеўкамі, але не прыпускаць іх занадта блізка да сябе і быць вольным, як быў доктар Карафіят, які дрыжаў ад страху, каб ня стрэць бабы ў кашулі нават у сьне, гэта зваліла б з ног нават і пісьменьніка, а тыя ж прывыклі бачыць і не такія рэчы, бацька тае махляровае дачкі мяне цягнуў на службу, але я ведаў, што ў яго два сыны, фарсуны з маноклямі, адзін сынок украў грошы з касы і згодна з модай таго часу застрэліўся з браўнінга, з браўнінга страляліся толькі члены кайзэравай сям'і, а жонка таго другога сынка, Ніна, вялізазная й гладкая як аксаміт, любіла папіваць лікёры і калі цягнула ваду са студні, закруцілася ёй у галаве і яна туды паляцела, знайшлі яе праз тыдзень, бо думалі, як гэта тады было ў звычцы, што яе выкраў нейкі студэнт, а яна ўжо была набрынялая й агідная, ах, Сьвятая Багародзіца, гэтае жыцьцё ўсё роўна халерна прыгожае! я не хацеў ісьці ў прымы ў іхную сям'ю, бо ейны дзядзька быў закаранелы рэлігійны фанатык, багамольнік нашых гор, які цалаваў зямлю і валіў платы вакол дамоў, бо калі, маўляў, на небе няма платоў, дык і на зямлі іх не павінна быць, ужо ў тым часе ён быў першапраходцам у заворваньні межаў між людзьмі, няўпынна ставаў на калені на пляцы і крычаў, што платы між людзьмі зьнясе любоў, аднак людзі меркавалі інакш, таму адразу йшлі дахаты і лягалі з жанкамі на канапе, дык той дзядзька ўрэшце павесіўся на могілках на крыжы над магілай свае маткі і ксёндз сварыўся, што яшчэ раз мусіць асьвячаць могілкі, я дзівіўся, як у соньніку Анны Новакавай мог зьявіцца сказ, у сьне ў царкве быць павешаным, хутка станесься саноўнікам Царквы, калі ж бо самагубца мае быць пахаваны ўначы, у поўнай цішыні і ў асабліва далёкім месцы, або той натарыюсаў штабс-лекар, ягоная жонка была чысты скарб, той самы мадэль, што і вы, панна, калі прыходзіла да нас па малако, казала мне, ці вы не зайшлі б на хвілінку да нас, выглядаеце як нябожчык Штраўс у маладых гадох, яе матка паходзіла з замку за Пшэмыславіцамі, замак называўся Глохаў і належаў Бохнэру, а яе бацька, таксама натарыюс, езьдзіў чатырма белымі жарабцамі, а шэсьць стракатых догаў беглі з высалапленымі языкамі за павозкай, сын меў сурдут блакітны як неба, чорныя нагавіцы з чырвонымі лямпасамі, якое яшчэ войска пакажа такую красу для вачэй, сёньня жаўнеры ходзяць як парабкі, а тады кожны жаўнер быў сьціснуты ў поясе як панна, а калі прыяжджаў у водпуск, дык дзеўкі сікалі ў майткі, бо жаўнеры насілі гарсэты, а такі штабс-лекар меў два рады гузікаў і залаты каўнер, нібыта з чыстага золата, каўнер з шаўковай падкладкай наўкруг, генэрал-лекар меў зьмейку на каўняры цэлым у золаце, ну, нешта цудоўнае, адно прырода, калі хоча пахваліцца, што нешта дакажа, стварае дзеля канкурэнцыі такога зімародка або папугу, толькі што Аўстрыя апрача гэтага параду і жабракоў мела яшчэ дысцыпліну, якая часта даводзіла жаўнераў да роспачы, таму што зь іх зьдзекваліся і білі, тыя арышты, аковы, канцэнтрацыйны лягер, але той натарыюсавы штабс-лекар быў фанабэрысты як пава, у войска йшоў як красуня на шпацыр, а сталася яму такая бяда, што адзін жаўнер забіў другога і ўкраў у яго грошы, якія матка прыслала яму ў войска, а той забойца наліў забітаму ў рот гарэлкі, а штабс-лекар яшчэ таго няшчасьніка таўхаў нагою, бо думаў, што ён напіўся на службе, але адзін спрытнюк убачыў гэта і данёс, дык штабс-лекара замкнулі і ён павесіўся на ручніку ў каталажцы, а калі яго хавалі дома, дык маці так рыдала, што ледзь касьцёл не разваліўся, заплаціла каму трэба, то й пахавалі яго на могілках, хоць павінны былі пахаваць уначы, у асабліва глухім месцы і бяз розгаласу, так яно бывае, панна, на фронце вас пахавалі б невядома дзе, усё роўна як бы згубіць хустачку, Анна Новакава ў сваім соньніку піша, адпяваць нябожчыка гэта на шлюб, а сьніць вар'ятню, вялікага шчасьця чакай! во што прыдарылася начальніку станцыі ў нас, які гадаваў індыкі і дрыжэў, каб яму дзяжурны добра пераводзіў стрэлкі, калі йшоў хуткі цягнік, таму хадзіў сам кантраляваць, а хуткі яму ўехаў у тыя індыкі, гэта было відовішча, такі хуткі цягне за сабою паперыны й галінкі, калі імчыць, дык пацягнуў і пер'е індыкаў ды іхнія ашмёткі, на дзяжурнага на наступнай станцыі ўпалі тры сьцягнякі, на начальніка яшчэ наступнай станцыі пасыпалася пер'е нібыта зь якой пярыны, хуткі цягнік гэта ня жарты, калі праяжджае праз станцыю, начальніку зь Лібіцы скразьняк за цягніком вырваў з рук павышэньне і начальнік ня мог адзець новы мундзір, пакуль праз два тыдні не знайшлі тое павышэньне пяць станцый далей, адна жанчына йшла па шпалах, каб хутчэй зайсьці дахаты, несла сьвіную юшку і разьехаў яе цягнік, махам выцягнуў зь юшкі крупы і апырскаў імі дзяжурнага на суседняй станцыі, на чыгунцы ёсьць людзі, абходчыкі, якія апускаюць шлягбаўмы, вакол іхных дамкоў адно голае поле, ноччу ніхто іх ня бачыць, але яны ўсё роўна ваксуюць боты і выбіваюць мундзіры, а потым стаяць ля апушчаных шлягбаўмаў і казыраюць, цягнік пралятае міма іх уначы, пыліць на іх і пырскае, ніхто тых абходчыкаў ня бачыць, але яны стаяць на зважай і казыраюць начному хуткаму цягніку, такія во людзі засталіся ад колішняе Аўстрыі, таму Лукас з гарнізон-інспэкцыёну ня біў і не караў, затое Зэлікоўскі быў сьвіньня, малаціў жаўнераў і загадваў іх прывязваць да дрэва, перш за ўсё капралаў, каб ведалі, як яно мае выглядаць, калі ён едзе на кані, і войска павінна было расьцягнуцца ў швармлінію або вікльтэлінію і зараз потым падвойную тупльшварм і допльрай, і паставіцца чатырохкутнікам, і раптам рассыпацца, як бы хто стрэліў у вераб'іную чараду, каб зноў самкнуць шыхт, камарад пры камарадзе, а калі генэрал падыме шаблю вастрыём угору, капралы павінны ведаць, што гэта значыць, бо ж генэрал ня будзе крычаць да шаснаццаці ротаў войска, так як і дырыгент ня будзе крычаць на музыкантаў, ты ёлупню! ня бачыш там тае фэрматы? ён жа мае палачку не дзеля таго, каб сьвіснуць каму па вушах, але каб дырыгаваць, падаваць знакі, такі маршал, зразумела, мусіць клапаціцца, каб выйграць бітву і каб не загінула зашмат людзей, мяне рабілі фрайтэрам, але я не схацеў, бо тады без упыну пасылаюць чалавека на варту або на патрулі і ўсё высылаюць у вайсковае вучылішча, на ўскраіне лесу паручнікі ўсё крэсьляць на дошцы і крычаць, падафіцэры zu mir! а як хто хоча пасцаць, дык мусіць прасіцца, потым едзеце на фронт і ўздоўж шашы пачынаюць зьяўляцца беспамылковыя знакі, амуніцыя, гарматы і параненыя, адзін жаўнер дастаў ад вады срачкі або дыярэі, добрая ў мяне памяць, панна, што? і той жаўнер сядзеў у рове з папругай на карку, а тут генэрал Зэлікоўскі саскочыў з каня і верашчыць, што гэта за войска такое засранае! і як вытне таго ваяку шабляй па сьпіне, а потым перада мною зьявіўся фронт, тая сумятня, дзе адзін аднаго пыраў штыхом праз памылку, сьлепату або слабату, каб толькі далей наперад і наперад, каб вораг не пасьпеў акапацца, нэрвовыя афіцэры, швадроны залітыя крывёю разам з коньмі, усё палала, дрэвы лёталі ў паветры, санітары адвозілі параненых на павозках кудысьці ў лес, але дзяўчатам нельга было на фронце, яны заставаліся ў Пярэмышлі і Кракаве, пахаваныя па публічных дамох, там у дзьвярах ёсьць вакенцы, я калісьці зазірнуў, адна зь іх адчыніла і пытаецца, ну што, ваяка? некаторыя за гэта хацелі толькі хлеба, паручнік Гаворка раіў нам, каб мы лепш заляцаліся да паннаў з прыватных дамоў, такой хопіць купіць цукеркаў, а каханьне як дрот, іду я сабе з настаўнікавай дачушкай, а яна мне кажа, што хацела б за гэта булачку або абаранак, а я кажу, што нічога ня маю, адно гэты жаўнерскі хлеб, а яна пацалавала мяне ў руку, а я ёй распавёў за гэта, як аднойчы вартаваў у Спліце стары вагон, поўны экразыту, таго, што падрывае масты, і што той экразыт выглядае як лепішча на мухі або як парашок з аптэкі, потым я ёй чытаў з соньніку, што з паненкай у сьне балакаць значыць рызыкоўную спэкуляцыю, а з жанчынай уначы жартаваць, ня дай зьвесьці сябе падманлівай размовай, а ўрэшце я сказаў той настаўнікавай дачушцы, што паненка ладне выглёнда, а яна мне, што пан тэж, і зычыла мне, каб ужо хутчэй было перамір'е, а як што я заўсёды быў гжэчны кавалер, пісалі мне найпрыгажэйшыя жанчыны Эўропы, у Цыгенгальсе я схіліў да сябе сэрцайка дачкі аднаго фабрыканта, яна мела на сабе жоўтую бялізну і сінюю сукенку, я катаў яе лодкай па лясной азярыне і сьпяваў Mein Herz ist ein Bienenhaus, а потым лодка пачала тонуць, дык я выратаваў паненку, бо там было мала вады, яна называлася Анна Герынг і слала мне ружовыя лісты, цэлае мястэчка ня спала ад цікаўнасьці, з кім я перапісваюся, аднаго разу яна мне прыслала парфуму «Маёвы чар», яна пахла як ландыш, а я, каб пазбавіцца ад вайсковай службы, курыў вірджынскія цыгары, мочаныя ў шафране, трэба было халерна зважаць, каб ня мець пажоўклых пальцаў, дык я абкусваў іх да крыві, гэта ўсё роўна што абылгаць прыгожую жанчыну, абдурыць словам, нават нябожчык стараста, які прыйшоў у бар скантраляваць, ці ў баравых прыгажуняў спраўныя лыткі, нават той стараста прызнаў, ну ясна, за грошы дык абы дурань зможа, але так як вы, задарма, гэта геройскі подзьвіг! і я зноў перамог, таму што я браўся за справу такой самай тэхнікай, што й афіцэры, хлопцы, казаў паручнік Гаворка, з такой трэба далікатненька, як быццам вы гастрылі аловак, гэтак на жанчын лепш дзейнічае, чымсьці калі б вы на іх выцяглі штых, дык і я зашмат не гаварыў, больш назіраў, якія ў дзяўчыны злачынныя схільнасьці, чакаючы, пакуль сама ня выгаварыцца, што любіць цыгарэты і віно, а я ёй тады казаў, што я не! а што вы любіце? пыталася яна, а я адказваў, панна, я аматар прыгожых паненак, а яна заяўляла, дык з вас неблагая сьвіньня, і кідала ў мяне пантофлікам, раз нават выпаў мне гонар паехаць да артылерыйскіх казармаў на Ідуні, генэральскай кабыле, гэта была красуня, гнедая зь белай зорачкай на лобе, як кіназорка, зорка была падобная на прастрэленую дзірку ў хустачцы, а калі мы так ляцелі галёпам, тая Ідуня і я на ёй верхам, дык чапілі бабу, баба кульнулася дагары нагамі, я спужаўся, ці Ідуня не павярэдзіла сабе капыта, бо тады генэрал паставіў бы мяне перад вайсковым судом, і мы так ляцелі цераз Оламоўц, Ідуня праскочыла праз браму, я пахіліў галаву і трымаўся за шыю, і гэта быў мой шанцунак, таму што яна ўляцела адразу ў стайню, потым я пайшоў выпіць шклянку малінавага соку ў кантыну, тады мелі там гожую дзеўку, звалі яе Цылькай, яна адразу пусьцілася са мною ў танцы, а кіраўнічка была раўнівая, таму адразу: Цылечка, йдзі на кухню! і пачала сама лашчыцца да мяне, а Цылька чысьціла нажы і паказвала за сьпінай свае кіраўнічкі, як бы яе з ахвотай пырнула, а кіраўнічка мне сказала, жаўнерык, ты выглядаеш тэмпэрамэнтным чалавекам, а я ёй адказаў, што калі б ёй прысьнілася, што яна ловіць фазана, дык неўзабаве каханьне загасьцюе ў ейным сэрцы, а кіраўнічка адразу сунула мне сотню эгіпецкіх у кішэню і папрасіла, каб я працягваў, а Цылька ў кухні паказвала, як бы яна сваім нажом падрэзала глотку сваёй кіраўнічцы, якой я сказаў, што найлепшы сон гэта калі бачыць добра нагрэты пакой, бо гэта значыць каханьне дзьвюх асобаў, а кіраўнічка круцілася на крэсьле, а я ёй яшчэ шапнуў, што самы прыемны сон, калі бадаюцца два валы, бо гэта сапраўднае шчасьце ў каханьні, і тут жа дадаў, што я гэтым паплаціўся, бо схапіў з гэтага брыдкую хворасьць і быў на лекаваньні ў Брзадыні, кіраўнічка адразу адсунулася ад мяне і палезла мне ў кішэню па тыя эгіпецкія, але я ёй сказаў, хто дае й забірае, той рана памірае, а яна прызнала мне рацыю і дала мне на дарогу кілішак гарэлкі, і дзякавала, што я ёй загадзя сказаў праўду, бо яна такую немач ужо мела, а я пайшоў ва «Ўранію» з адной малачаркай, гралі там жыдоўскую п'еску аб узьнёслых памкненьнях, аб пакутах нейкага Агасфэра, тая малачарка ўвесь час абсьліньвала мне вушы і пыталася, ці я зь ёю ажаніўся б, чаму не, кажу, але я яшчэ перад войскам, а прытым слабы ў грудзях, і кажу, што маю сны, у якіх мне сьніцца канарэйка, замкнёная ў клетцы, а гэта паводле Анны Новакавай значыць, што я назаўжды пранікнуты тугою па свабодзе, а тая малачарка мне шаптала, о так, з вамі мне было б прыемна! а ейныя валасы пахлі малаком і ваніляй, на трэці дзень пасьля таго я паехаў у Югаславію да мора, ах, якая там была навальніца, шаленства прыроды, якое калі ўсьлізгнецца мужчыну ў нагавіцы, дык ён стае пісьменьнікам, хвалі як наш дом, лодкі дык аж на дарогу выкідвалі, грымелі па камянёх і крышылі скалы, такая марская бура можа перакуліць і вагон, занесьці ў мора людзей разам з асламі, калі вяртаюцца зь вінаграднікаў, робяцца такія слупы вады як вежы, а мы, жаўнеры, цярпелі бяду і голад, Сьвятая Багародзіца! жэрлі здохлую рыбу і дух у арміі ўпаў да таго, што мы хадзілі жабраваць, на казармах быў залаты надпіс «Ваярня Караля Юсупа», але паручнік вышкрабваў кацёл пасьля кукурузы, калі б гэтага паручніка ўбачыў генэрал Зэлікоўскі, дык выцяў бы яго прутком, адзін фарсісты жыдок падперазаўся лякаваным паскам, даў мне залатоўку, каб я вычысьціў яму карабін, і кажа, што йдзе ў горад завязваць міжнародныя зносіны, потым прыходзіць сяржант Брчул, бамбіза два мэтры і злосны як сабака, і пытаецца, дзе той жыдок, я кажу, што пайшоў да граду, а той сяржант пачынае лаяцца, ебэм ті бога і курэц надробно, і кажа, што Фрайгер фон Вухерэр забараніў валачыцца па граду, потым лёг на ложак таго жыдка, па поўначы той вярнуўся ўвесь умакрэлы ад дзяўчат, а сяржант Брчул усхапіўся і надаваў яму таўхуноў нагою, ажно той зьвіваўся на зямлі ў выхадным мундзіры, і адразу мусіў ісьці на варту, а калі я пайшоў зьмяніць яго тае ветраное начы, ён ужо спруцянеў каля камля дрэва ў куце падворышча, павесіўся на той лякаванай дзязе, сёньня пра такія рэчы ня ведаюць, я распавядаў пра гэта ў Лібэні, але кіроўцы сьмяяліся зь мяне і браліся навыперадкі сваімі стоадзінаццаткамі з узгоркў ў Гарларэзах, калі зьяжджалі ўніз, была субота папоўдні, дантыст вярнуўся па парасон, бо забыўся, і якраз піхаў ключ у замок свайга кабінэта, але ў адной стоадзінаццаткі лопнула рысора і машына наляцела на кабінэт і адваліла яго ад таго ключа, а той дантыст тамака стаяў і ўвесь час трымаўся за той ключ, калі б гэта толькі бачыў граф Зэлікоўскі, генэрал вядомы сваёй грубасьцю, маёр Міхаховіч, які выплочваў нам грошы, раскладваў банкноты па стале і прыціскаў іх каменчыкамі, каб вецер не пазьдзімаў, ён заадно нас і перасьцерагаў, каб мы не прапілі тыя грошы адразу, але каб купілі сабе гузікі, вазэліну і ніткі, а ваколіца была прыгожая, рамантыка як у Ерусаліме, тыя дарогі пад гару ўвесь час трэба было папраўляць, людзі жывіліся аўсянымі блінамі, вінаграднікі цьвёрдыя як бэтон, адна дальматынка, што сядзела ў гаіку й пасьвіла авечкі, гэта было як на малюнку, адразу мяне заатакавала, пане, вы свабодны? а калі я кіўнуў, тут жа прыселася да мяне і пачала мне паказваць, хто ў якой халупе памёр, але мне трэба было йсьці практыкавацца з новымі гранатамі, выглядала тая граната, панна, як грушка, зь якой замест хвосьціка тырчыць вяровачка, камандзір узводу вучыў нас на імітацыі, пацягнуць за вяровачку, палічыць да дванаццаці, а потым шпурнуць, потым пайшоў у прыбіральню, а нейкі спрытнюк падлажыў яму сапраўдную гранату, і калі мы паўтаралі практыкаваньне, дык бабах! узводнаму адарвала руку і тая рука вылецела праз вакно і дала поўху капітану Тонзэру, які праяжджаў на кані і казыраў, нешта такое прыдарылася і ўласьніку летняга кінатэатру, у якога была жалезная рука, і калі хлопцы сядзелі на дрэве і глядзелі фільм задарма, дык уласьнік ставаў на крэсла і лупцаваў іх той жалезнай рукою, ажно ляцелі пасечаныя галінкі, а калі дома хацеў даць той рукою і сыну, пратэз сарваўся з завесаў, вылецеў праз вакно і зьбіў з ног паліцыянта, які акурат гастрыў аловак, каб выпісаць штраф, а вось што мне прыдарылася падчас рапарту, калі чыталі імёны палеглых і прачыталі маё, нават дата нараджэньня супадала, але ж я жывы! крыкнуў я, паслалі мяне дакладваць і далі мне пятнаццаць дзён арышту за тое, што я адазваўся пры рапарце палеглых, хлопцы казалі, панове, калі б такое пачуць, дык можна было б пайсьці дахаты і легчы ў пасьцель, а калі скончыцца вайна, можна будзе сьцерці сваё прозьвішча з помніка палеглым, але мне падабалася любавацца сабою ў люстры, мяне ажно страпянула, калі я ўбачыў, як мне падыходзіць мундзір, як быццам сонейка выйшла на прагулку, калі я йшоў на шпацыр, ясна-блакітная блюза, чорныя нагавіцы з чырвонымі лямпасамі, лякаваны пасак і нікеляваны штых, шапка з залатым абадком, а пад той шапкай ня сечка, а таз першаклясных мазгоў, самыя складкі й зьвіліны як у Эдысана, ах, той Эдысан, што вынайшоў прыладу, каб людзі ня мусілі хадзіць у тэатар або на канцэрт, а маглі дома паслухаць у пантофлях, гэта той фанограф, нешта, чаго не было раней, сядзеў бедачына тры дні на крэсьле і думаў пра тыя слухаўкі на вушы, ну бо ведаеце, панна, нават найпрыгажэйшая жанчына ня можа дараўняць славутаму мужчыну, у Кракаве адна пані доктарка сказала мне распрануцца і лягла на мяне паслухаць, ці б'ецца маё сэрца, мела халоднае вуха і кажа мне, цо сен пан так руша? а я ёй распавёў пра эўрапейскі рэнэсанс і што сапраўдны мужчына трымціць як пасоленая жаба, калі бачыць прыгожую жанчыну, таму шмат пісьменьнікаў вар'яцее ад мастацтва, бо калі хочуць яго палепшыць, мозг рассыпаецца ў іх як пацяруха, і ніхто ўжо не пазьбірае яго ў кучу, сымфаніст Іштван абарваў жырандоль ад жалю, а па Эдысана прыйша нарачоная, але ён увесь час раздумваў, пад нагамі меў шкляны столік, каб яму не замінала зямное прыцягненьне, а тут прыходзіць прыгожая нарачоная, калі яму пасьля сьмерці адчынілі чэрап, таз поўны шэрага мозгу, мне адна варажбітка вываражыла з картаў, што калі б мяне не перакрыла маленечкая хмарка, я б зьдзейсьніў вялікія рэчы, ня толькі для свайго народу, але і для ўсяго чалавецтва, варажбітка працягнула да мяне рукі, а я адхіліўся ў крэсьле-качалцы і выліў акварыюм, усё гэта я распавядаў той польскай пані доктарцы, а яна лягла на мяне і запыталася, куды пойдзем сёньня вечарам? а я зацытаваў ёй соньнік Анны Новакавай, чыжыка ў клетцы прысьніць, тваё распуснае жыцьцё прывядзе цябе да жалюгоднага канца, а доктарка ўзьнялася і кажа, выберце сабе нейкі лепшы сон, добра? дык я ёй сказаў, бачыць у сьне юбілейную выставу значыць неспатоленую жарсьць, а тая доктарка адказала, што на пачатак гэтага хапіла б, і пусьціла да мяне турэцкае вочка, рэч у тым, што мужчыны адразу думаюць пра брыдоту, тым часам як я паступаю тактычна, каб можна было ганарыцца перамогай, аднойчы прыйшоў да нас Марыён, ілюзіяніст і гіпнатызэр, які сам сабе ставіў пячаткі на дазволах на выступы, бо як толькі зьяўляўся ў ведамстве, службоўцы давалі драла, каб іх не загіпнатызаваў, у той час я меўся выступіць на эстрадзе, засьпяваць «Балалайку» ў мундзіры афіцэра гвардыі, на сцэне былі самыя дзьверы зь дзіркамі для ключоў, а я сьпяваў «Жанчын прыгожых цалаваў я ўдосталь», на мяне сьвяцілася фіялетавае сьвятло, калі я сьпяваў, «Балалайка, грай песьню з усіх найпрыгажэйшую, песьню сэрцу найбліжэйшую, аб тым, што я кахаю», і пабіў усіх высокім «до», гэтага ніводзін гарладзёр з хору ня мог даказаць, кожны мычаў як карова, калі целіцца, тым часам як я, тэнар як Ярынак Посьпішыл, ачараваў усіх нашых дзяўчат як гіпнатызэр Марыён, калі б вам захацелася, вы б маглі таксама выступіць, адна панна будзе йграць тую вялікацарыцу, але мусіць мець фальшывы поваб, вы б маглі яе йграць, таму што ня ўсе царыцы былі прыгожыя, я буду йграць папа і буду трымаць у руках тую чару, а пад канец адстрэляць жырандоль, аднак найбольш ахвотна я зайграў бы Барона, ідзецца толькі пра тое, як завесьці жарабца на сцэну? хіба што абматаць яму капыты анучкамі, каб не паабіваў сходаў, галоўным чынам трэба зьвяртаць увагу, каб той жарабец не спужаўся музыкі і ня зьляцеў на аркестар, парасятніка зайграў бы Руда Турак, обэрлейтэнант, карак у яго быў, што ў швайцарскага быка, у Каталіцкім Доме я з адной прыгажуняй хацеў зрабіць шпагат і дастаў грыжы ад натугі, у мужчыны дык нічога, яму ўсё сыдзе, але такая жанчына, калі носіць пояс супроць грыжы і разагрэты мужчына яго намацае, халодны пояс зь нікеляванымі спружынамі, дык ідэалы адразу развальваюцца, а цялесныя пажады даюць назад, Хрыстос Госпад аднаго разу, калі яго запрасілі на вясельле, дзе моцна жлукцілі, абярнуў ім віно ў ваду, гэта быў той цуд у Кане Галілейскай, у тых часох мне сьніліся такія сны, перабіраць у сьне косьці нябожчыка, вялікая радасьць ідзе табе насустрач, гэта ўвогуле цікава, што маладыя паэты думаюць пра сьмерць, а старыя пердуны пра непаўналетніх дзевак, адзін паляўнічы мне казаў, ён ходзіць у лес назіраць за аленямі, колькі ў такім старым алені жарсьці, калі заляцаецца да лані-правічкі, такі сон аб градцы цюльпанаў у тлумачэньні значыць, што закахаесься ў гожае дзяўчо, але яно ня будзе ведаць аб тваім каханьні, адзін паэт прозьвішчам Бонды мне казаў, што ў людзей дзікае ўяўленьне аб пісаньні вершаў, думаюць, што гэта ўсё роўна як ісьці зь вядром па ваду або што паэт толькі падыме твар на нябёсы, а адтуль яму боская моц сікае вершамі проста ў галаву, я яму кажу, гэта толькі ў Хрыста Госпада быў такі клёк, што прафэсары й па сёньня ня могуць надзівіцца, што ён быў ня толькі сын божы, але й шампіён і атлет, што ён мог узяць бізун і выхвастаць зь сьвятыні гандляроў жывёлай, і сказаў ім, што не прынёс мір, але меч, гэта значыць шаблю, людзі гэтага й так не разумеюць, таму што разумныя паміраюць, а дурныя зноў нараджаюцца, адзін чысьціць нужнікі, а іншы ёсьць доктарам, адна жанчына ўсё жыцьцё чытала б у пасьцелі раманы, а іншая зноў жа робіць тое, пра што ў тых раманах пішуць, паэт Бонды, бедачына, калі ў гасподзе перавіваў двое сваіх дзіцянят у возіку, прынюхаўся потым да пальцаў і сказаў, тут недзе пачынаецца глыбокая філязофія, а праз паўгадзіны адно дзіцятка зноў накакала ў тым возіку, дык Бонды мусіў падціраць яго «Чэскім Словам» і прытым наракаў, Ісусе, такое даняло б і карэйскага ката! у дзень Божага Цела мы ўрачыста ўвайшлі ў Пярэмышль, адна дзеўка ляжала ў рове, паказвала на сябе і крычала да жаўнераў, хадзеце адсьвяткаваць перамогу нашае зброі! але ніводзін ваяка на яе не палакоміўся, бо была брыдкая як турэцкая ноч, а зрэшты, я ніколі ня быў падкі на такое, я перамагаў інакш, у лязарэце апекаваліся мною баранэсы, а за рэспублікі гожыя саколкі, сястрычкі, адна галіла мне жывот і рыхтавала да апэрацыі, бо папярэдняга дня галоўны доктар мне сказаў, будзем вас пароць, падпішыце рэвэрс, калі б вы нам выпадкам сканалі пад нажом, такім чынам мяне падбадзёрваў, а сам ужо надзяваў белы чапец як цукернік, а сястрычкі нацягвалі яму пальчаткі, нібыта якому дзіцяці, і ўжо хацеў узяцца за мяне, як дзьверы адчыняюцца і зьяўляецца баба з кошыкам і пытаецца, дзе ляжыць ейны муж, бо прынесла яму сьвініны з капустай, а галоўны доктар, ростам як волат і заюшаны да бяспамяці, хапіў тую бабу і як дасьць ёй высьпятка ў задніцу, а потым аблаяў дзьверніка, як тая баба змагла сюды пралезці, калі ён праз момант мае пэцкацца ў маёй крыві і латаць мне грыжу? што за радасьць, калі выйдзеце са шпіталя і добра разгледзіцеся навокал, як у той песеньцы, як цудоўна і прыгожа на тваім прыходзе, Божа, тра-ля-ля, Барнадак, каваль, мог лёгка выпіць дваццаць пяць літраў піва, а калі потым яму конь не хацеў стаяць або натурыўся, Барнадак яго валіў на зямлю і падкоўваў лежма, ну й дастаў запаленьня лёгкіх, ягоная брушына прыляпілася і быў яму каюк, я адзін застаўся, гожая сястрычка прыносіла мне судно і пыталася, чаму я не ажаніўся, чаму пакідаю такое прыгляднае цела ляжаць аблогай? а я замест адказу ўжо падымаўся з пасьцелі і хацеў вучыць яе танцаваць, ажно мяне сіламоц трымалі, бо пасьля такой апэрацыі чалавек мусіць ляжаць як Лазар, адна панюся, высачэнная, а пры тым красуня, купалася і клікала, хадзеце, то дастанеце буські! і я ўлез у Лабу ў адзеньні, вада мне даставала пад шыю, але буську атрымаў, і зноў быў герой, хоць трэба было на беразе сушыць ня толькі вопратку, але й выплату, якую мне далі ў дзесяцікронавых банкнотах, я стаяў у адных сподніках, увесь горад быў на дыбках, жанчыны сьпяшаліся над рэчку і глядзелі на мяне, як на Мантгомэры, пераможца з-пад Тобруку, вальнадумцы папракалі Царкву, што калі Хрыстос быў Богам, дык чаму ён зносіўся з блудніцай? я кажу, што на гэта няма ніякай рады, перад прыгажуняй ніхта ня выстаіць, нават Госпад Хрыстос, які на той час быў прыгажун, што Конар Толнэс, яму ж было трыццаць год, а бачыце, тая Марыя Магдалена, хоць і мела пасаду вяхоткі з бару, усё-ткі дабілася сьвятасьці і нябёсы яе ўпадабалі, ня здрадзіла Хрысту і выцірала яму кроў валасамі, а ён, бедачына, вісеў на крыжы, таму што прапаведваў сацыяльны прагрэс і што ўсе людзі роўныя, ягоная маці заходзілася ад плачу, а Марыя Магдалена лагодзіла ягоны боль, і я пытаюся, куды падзеліся ўсе колішнія прыгажуні? памерлі і нічога ад іх не засталося, а Марыля Магдалена заўсёды будзе кранаць паэтычныя сэрцы, вось такі лёс прыгажуна, які навучыўся рамяству, умеў пілаваць бярвёны і дошкі і раптам кінуў тое і пайшоў навучаць людзей, што дзейная любоў да блізкага ня значыць кублавацца зь дзеўкай на канапе, але йсьці памагаць таму, хто тут жа патрабуе дапамогі, ксёндз за тое, што я выдатна авалодаў катэхізмам, даў мне абразок Хрыста, як трымае келіх, на той час у Аўстрыі было вельмі модна правяраць і дапытвацца, хто ёсьць Айцец, хто Сын, а хто Дух Сьвяты? аднаго ксяндза нават судзілі, таму што сёстры Ульманавы не змаглі яму адказаць, чым тая Сьвятая Тройца насамрэч ёсьць, і ксёндз пасадзіў іх голымі попкамі на распаленую печку, ну й потым тыя сёстры ня выйшлі замуж, ніхто не хацеў мець зь імі дачыненьні, калі яны ня ведалі пра Сьвятую Тройцу, праўду кажучы ніхто гэтага толкам ня ведаў, але прыкідваўся, што ведае, дык тыя сёстры сеялі сланечнікі, у той час было страх колькі забойстваў і рабункаў, па глухаманях нанач зачынялі аканіцы і рыхтавалі сякеры й стрэльбы, адзін млынар глухой ноччу ўбачыў у месячным сьвятле, як хтосьці выпілоўвае дзірку ў дзьвярах, каб прасунуць руку і адсунуць засаўку, дык ён падкраўся паціху зь сякерай, а калі рука прасунулася, дык ён чах! і адсек тую руку, потым жандары шукалі, але не знайшлі нікога без рукі, дык ксёндз лаяўся, таму што мусіў пахаваць тую руку на могілках і купіць дзеля таго маленькую дамавіну, Сьвятая Багародзіца! стаіць жаўнер на варце ў Оламоўцы і бачыць, што на могілках нешта гарыць, бяжыць туды, адчыняе трупярню, а там далакоп пры катле, а з таго катла тырчаць чалавечыя рукі й ногі і сквірчыць тлушч, тут яго й цапнулі жандары за тое, што адкопваў нябожчыкаў і варыў іх сьвіньням, потым шапачнікі з Прасьцеева сьпявалі песеньку, у маёй нябогі, рукі адняло і ногі, або калі я аднойчы з адной красуняй выбраўся ў тамашаўскі лес, там ёсьць гаспода, а насупраць тае гасподы стаяць сем белых крыжоў, там адзін нягоднік падпільнаваў вясельле і пазасякаў усіх вясельнікаў сякерай, ну, страшны выпадак, таму я ня маю дзяцей, бо не хачу, каб мая кроў трывала ў вякох, дзе тая зарука, што дзіця было б ад мяне? жанкі мяне прабіралі, хто вам заплюшчыць вочы? а я ім кажу, гэтак бывала за Аўстрыі, калі людзі паміралі дома, а сёньня, як толькі чалавек пачне крыху недамагаць, прыяжджае хуткая дапамога, адвозіць вас і паміраеце за шырмай сам адзін, сваякі сёньнячы зь нікім ня цацкаюцца, апантанасьць грашамі гэтаму віною, найлепш было б, каб людзі па ўсім сьвеце дамовіліся і перасталі рабіць дзяцей, едуць у адпачынак і халтураць адно на адным, каб увялі адлічэньне з зарплаты, за адно дзіця пяцьдзесят кронаў, за другое сто кронаў, а за пяцёра дзяцей абрэзаць палавіну зарплаты і адлупцаваць розгамі на рынку, самы ўжо час, каб мы зноў маглі хадзіць з прыгажунямі ў лес і пакланяцца эўрапейскаму рэнэсансу бяз страху, што талопіцца на нас шмат вачэй, сёньня ж людзі лягаюць адпачываць у лесе адзін ля аднаго, як магілы на могілках, адна пані папрасіла мяне, каб я выгуляў ейнага сабаку, але я пайшоў з тым сабакам да дзяўчат у бары, ну й таго сабаку два наведнікі праз памылку абасцалі, а калі мы вярнуліся, тая пані пагладзіла сабаку, панюхала пальцы і спытала, дзе вы былі? сабакі добрая рэч, але толькі каб пільнаваць гаспадаркі, адзін злотнік меў бульдога, якога безь віны адсьцябаў, а той бульдог гэта запомніў і аднаго разу, калі злотнік часаўся, сабака скочыў і запусьціў зубы ў злотнікава цела, а злотнік, з сабакам на карку, давалокся да пісьмовага століка, выцягнуў рэвальвэр, але як страляў у таго бульдога ў люстры, нешта паблытаў і прастрэліў сабе вуха, дзіва, што сябе не застрэліў, потым неяк таго сабаку ўходаў, але заціснутыя зубы яму трэба было расшчамляць качаргою, зноў жа іншы стаяў перад люстрам і выразаў сабе валаскі з носа перад патанцоўкай, і прарэзаў сабе нос, я дык усё рэзаў як скрыпач на скрыпцы, чуцьцём, а калі б вы бачылі пшэмысьлякаў, як яны йшлі на прызыўную камісію, вёска была добра адкормленая, браканьер пры браканьеры, адна краса, калі стараста іх вёў на прызыў, самыя стужкі і жычкі, і яны парэзалі ўсе навакольныя вёскі, загналі немцаў у бровар, а старасту на памятку ўсадзілі нож у сьпіну, хапіла толькі паглядзець на іх крывавата, а зубы ў вас ужо выляталі праз задніцу, але на парадзе гэта быў цьвет чэскага народу, рослыя мужыкі і злыя як чэрці, мелі два аркестры, а на сьвяты і гасьціны ўсё было ў кветках і стужках, уся вёска аздобленая і начышчаная да бляску, штохвілі нехта нёс кішкі ў вядры, бо ведаеце, за Аўстрыі шмат мужыкоў памерла ад мардабояў у карчме або па дарозе дахаты, або павесіліся ад таго, што мелі шмат дзяцей, а тыя слаўныя пшэмысьлякі раз падпільнавалі мяне, бо я хадзіў зь дзеўкай ад іх, але я адвярнуўся, выцягнуў рэвальвэр і бах! бабах! паліў па іх, а мужыкі як дубы валіліся на зямлю, а я зноў стаяў як герой, як Том Мікс з кольтам, у якога дым ішоў з дула, або зноў жа тая жудасьць з Анэжкай Грузавай, нашы людзі выдумалі, што гэта зрабіў Гільзнэр, а яшчэ заявіўся адзін прыдурак і сказаў, што бачыў, як Гільзнэр стаяў у лесе каля Бжэзіны, гэты каронны сьведка адной рукой трымаў ровар, а другой тую штуку, каб адмачыцца, і так Гільзнэра запраторылі ў турму, а жыды мусілі вэк з Польнай, людзі сьпявалі песеньку, не купляйце ў жыда цукру, кавы і мукі, ён забіў нам дзеўку сінявокую Анэжку, ну а бачыце, на сьмяротным ложы брат Анэжкі прызнаўся, што гэта зрабіў ён, дзеля грошай, якія ў той час валадарылі над сьветам, аднаго разу йдзе жандарм на патруль, запыняецца ў гасподзе і заказвае сабе адбіўную, а як што яму пасмакавала, дык паўтарыў заказ, але карчмарка неяк доўга ня йшла, дык ён пайшоў яе пашукаць, яна была ў склепе, а тамака на круку вісела ейная дачка, галюсенькая, а тая карчмарка выразала зь яе адбіўныя, Сьвятая Багародзіца! жандар яе ў наручнікі і ў суд, пра такія здарэньні людзі апавядалі раней, калі самі сабе замянялі радыё і тэлевізар, але мне найбольш падабалася шпацыраваць па горадзе, я хадзіў у ангельскім гарнітуры і лапатуне, такім капелюшы з заломамі, было прыемна глядзець крамныя вітрыны, такая напрыклад парфумэрыя ў Оламоўцы, поўна туалетнага мыла, якое пахла ляснымі фіялкамі, гліцэрынавае мыла маркі Lila Blanc і Violeta de Nice, экстралагоднае мыла маркі Rosa de Shiraz, аднаго разу мяне за казармамі Марыя-Шнэ перапыніў драгун і крыкнуў, грошы або жыцьцё! іншы б пэўна абамлеў, але я выцягнуў браўнінг і кажу, калі хочаш жыць, дык дуй адсюль, а то прыстралю як сабаку, калі я прыехаў у госьці да брата на чатырнаццаць дзён і застаўся там на трыццаць год, дык мне далі мэксыканку, такую стрэльбу, каб я пільнаваў рамянёў за броварам, а калі ўначы йшоў тудою жандар, я зьняў стрэльбу з пляча і давай страляць, кулі адбіваліся ад мосту і толькі сьвісталі, бо я ня буду дапытвацца, а хто там ідзе? аўстрыйскі жаўнер мусіць страляць першы, каб перамагчы, у іншай парфумэрыі стаялі роўненька флякончыкі вады для пелегаваньня валасоў, вада маркі Cyrano, дзе на наклейцы выходзіла з возера вадзяная русалка з ружамі пры поясе, а за сабою мела некалькі сьветлячкоў ці мо зорачак, ну дзіва! як музыка Моцарта, аднойчы плылі лодкай тры швачкі ад Пікаў, а мы ў плаўках папраўлялі студню ў бровары, і адна красуня паклікала мяне, а я адразу кінуўся ў ваду і пачаў ныраць пад іхнай лодкай, гэта была аўстрыйская галянтнасьць, нават і простыя людзі паводзілі сябе так, быццам іхняе жыцьцё ўвесь час фільмавалі або фатаграфавалі, у Славаччыне я дапамагаў у пякарні развозіць печыва, там п'янае вясельле ўехала ў касьцёл і пачало частаваць сьвятых гарэліцай проста з пляшкі, ксёндз уляцеў у касьцёл як самалёт-зьнішчальнік і верашчаў і лупіў і таўхаў нагою тую вясельную кампанію, і прыгаворваў, арда татарская! то так прыходзяць у храм Гасподні? прэч! вянчаньне будзе, калі прыедзеце крыху больш цьвярозыя або менш п'яныя! потым я выбраўся на Градзіска, дзе піваварнічаў, і вярнуўся дахаты ў поўнай славе, гарнітур у палоску і мадэрны капялюш апошняга парыскага фасону, кіёк зь белай галушкай, іншага дык жандары вярталі ў родныя мясьціны ў апратцы як бы яго карова жвакала, але я прыйшоў як кіназорка і прынёс сто залатых, аддаў доўг і купіў карову з Поніквы, якую мне нараіў гаспадар Тыатар, той, што са старога тэатру зрабіў карчму, а ягоная баба гадавала восемдзесят катоў, увесь дзень налівала ім малако, у парфумэрыі я бачыў прэпарат маркі Калядэрма, потым фірма Вольф і Сын з Карлсруэ дастаўляла на Мараву свой жэлятын і драбнюткую ружовую пудру для пелегаваньня скуры, на шкатулцы летуценная жаночая галоўка з ручкай пры скроні, абвінутая лёгкай вуальлю, з вачыма ў далечыні, той каровы з Поніквы ўсе нам зайздросьцілі, швэйцарская раса, зусім белы асобнік, каштавала цэлых восемдзесят залатых, але потым мы прадалі яе мясьніку, бо аказалася ялавай, найвышэй з нашае сям'і зайшоў дзядзька, у войску быў камандзерам узводу і ўмеў пісаць так, што ня можна было наглядзецца, атрымаў залаты крыж ад кайзэра, насіў залаты шнур і пікэльгаўбу, мужчына высокі на мэтар восемдзесят, які за свайго кавалерства быў паўкідваў усіх з карчмы ў копанку, як Рымскі, што паходзіў з Кокараў, але калі дзядзька ажаніўся, дык спаважнеў, узяў сабе дачку лесьніка і паставіў вілу на Мараве, гадаваў індыкі і быў вахмістрам, адной красуні я купіў лілёвы крэм на лагодную белую скуру маркі Steckenpferd, гэта была фірма з Радэбойлю, потым Гавэрдавай Здэнцы я купіў далікатны і гарантаваны сродак, уганараваны залатым мэдалём, «Сінулін», а яна засьмяялася і кажа, а што ты за гэта хочаш? а я адказаў, што хацеў бы, каб мы пайшлі на шпацыр і яна дастала сонечнага ўдару, а яна засьмяялася і кажа, чаму? а я адказваю, што паводле інструкцыі першай дапамогі, калі хто дастаў сонечнага ўдару, найлепш расшпіліць блюзку і абмываць грудзі летняй вадою, а тая Здэнка мне сказала, ты, бугай, зашмат сабе дазваляеш, так, гэты сьвет далей прыгожы, не таму, што ён такі ёсьць, але такім я яго бачу, як яго бачыў у фільме Пушкін, бедачыне заўчасна пацэлілі ў галаву і былі яму капцы, з дзіркі ад рэвальвэру выцяклі ў яго апошнія вершы, ужо паводле фатаграфіі я дайшоў да высновы, што Пушкін належаў да эўрапейскага рэнэсансу, меў гожыя бакенбарды, ну, тыя бакі, якія насіў нябожчык кайзэр Франта і кампазытар Штраўс, раз іду сабе над вадою, а тут на ровары Лібушка і адразу наяжджае на мяне пярэднім колам, калі я ёй зноў прынясу пук, то бок, букет ружаў? а я яе ні з таго ні зь сяго пацалаваў, як гэта рабіў Ганс Альбэрс на параплаве, а Лібушка віскнула, Хрысьце Пане! а я расьсьмяяўся і кажу, што я не Хрыстос, адно пан, а гэта насьмяшыла яе яшчэ болей і яна яшчэ мацней наяжджала на мяне пярэднім колам, адчыняючы мне дзьверы да далейшае прыгоды, і я быў панам сытуацыі, гэта ў парфумэрыі я бачыў шэраг бутэлечэк са сродкам для буйнага росту валасоў маркі Peru Tanin, на пляшачках былі дзьве дачкі вынаходніка з валасамі ажно па косткі, зразумела, Аўстрыя стаяла ня так на буйным росьце валасоў, як на буйных грудзях, у некаторых былі такія, што яны мусілі насіць заплечнік, а ў ім цэглу, каб ня ўпасьці дапераду, так тое цягнула, гэта было нешта, тыя вялізазныя цыцкі, з самога раньня ўся Аўстрыя ня думала ні пра што іншае як толькі пра грудзі, жанчыны выпіхвалі іх, а ў сям'і была проста бяда, калі дачка ня мела грудзі як кухлі для піва, цяпер гэта зноў уваходзіць у моду, жанчыны зноў у гэтых адносінах як за аўстра-вугорскай манархіі, на спартакіядзе я бачыў волатак, нашых дзяўчат, як яны йшлі ў калёнах у тэлевізары, у майтках і кашульках, шпарылі як Марыя Тэрэза, мужчыны ад гэтага глядзеньня, ад гэтага параду нацыі былі пад вечар зусім абнясіленыя, ноччу я нарваў ружаў у чужым садку, пералез цераз плот і незаўважна паклаў тыя ружы на вакно Лібушкі, як робяць мэксыканцы і гішпанцы, тая банда абібокаў, якая нічога іншага ня робіць, толькі езьдзіць верхам і сьпявае паннам пад гітару, а на другі дзень Лібушка паклікала мяне праз фіранку, каб я прыйшоў да іх у госьці, з майго боку гэта была дыпляматыя, дык потым я быў сьведкам, як яна скідала чаравічкі і сьцягвала панчохі, а потым лягла на канапу і спыталася, ці па мне ўжо бегаюць мурашкі? і кідалася на той канапе, нюхала ружы і вырачвала на мяне вочы, а потым села і пачала распорваць блюзку, а калі скалечылася жылеткай, сказала, мігам перавяжыце, а то дастану заражэньня крыві! а калі я завязваў ёй бінт, запыталася, чаму я вам ня падабаюся так, як тыя дзяўчаты з бару? а я адразу суцешыў яе па-рыцарску, панна, вы маеце іншыя повабы, у вас шык і гожыя ножкі, яна акрыяла душой і мы разам панесьлі бялізну ў прасавальню, а бабы шалелі ад рэўнасьці, ну так, нам дык не пасобіць, я павучаў Лібушку паводле соньніка Анны Новакавай, прасаваць бялізну значыць, што адкрыеш глыбокія таямніцы, а Лібушка мне сказала, як рыхтуецца адсьвяткаваць свае дваццаць першыя народзіны, і дадала, што мяркуючы па маіх вачох, яна б баялася ісьці са мною пад поўнач на выспу, а я ёй на тое, у вас, Лібушка, гэта ўсё пройдзе, вы надта дзікая, але як будзеце так доўга таргавацца, дык возьме вас нейкі ўдавец, гэта былі б фіглі-міглі, або й жандар, адна панюся мне раіла, не гаварэце толькі, а завядзеце нас на зьмярканьні на ўзьлесак, Гавэрдава Ўласта, якая ўмела йграць на піяніне і гаварыць па-нямецку і якая ставала на руках на більярдзе, ажно сукенкі ёй ападалі як пялёсткі з кветкі маку, дык тая мне казала, бамбіза, ты мяне толькі пакручваеш тым, што мною не цікавісься, Наўрацілка, калі мы разам пусьціліся ў эксцэнтрычныя скокі ў Каталіцкім Доме, шаптала мне на вуха, зірнеце, як уся заля глядзіць на нас, і мне захацелася дадаць адну фігуру, як гэта робіць пара Фукса-Кашцялава, і мы паляцелі тым эскцэнтрычным махам пад стол, Ярмілка хацела са мной рабіць у «Славіі» тое, што бачыла ў Вялікага Цыгфэльда, але ня вытрымала таго пераходу да фігуры танга і, пераляцеўшы ў мяне над галавою, убіла сабе акуляры ў брыво, яна па сёньня можа ганарыцца прыгожым шнарам, аднак найбольш мне даспадобы была ўжо спомненая Гавэрдава Ўласта, яна была закаханая ў мяне да вяр'яцтва, я насіў яе на гершках па ўсёй карчме, а яна ад сьмеху пасікалася і ўся гаспода шалела з гэтае нагоды, а потым недзе забілася ў аўтамашыне з жаўнерамі, але Гавэрда мне казаў, што гэта няпраўда, наадварот, што яна жывая аж занадта, што яна стала мэдсястрою, ну дык гэтая мела такі тэмпэрамэнт, што яе ажно хіліла ў манашкі, у даўнейшыя часы я сабе купіў праставач носа, насаджвалася тое на нос, як жанчыны закладаюць сабе трубачкі накручваць валасы, праставач дакручваўся шрубкамі, паводле таго, які вы хацелі мець нос, я хацеў мець як у Рудольфа Валентына, стары Швэц, той што трымаў банк у дваццаць адно ў Гавэрдаў, на схіле свайго веку праходзіў каля касьцёла і кажа, я яшчэ там ня быў, што яны там увесь час робяць? і ўбачыўшы раз тую пышнасьць, стаў касьцельным вартаўніком і шкадаваў, што ня зьведаў таго раней, Уласта ў той час кінула пярсьцёнак пад ногі прыгожага млынара, я ёй ніколі нічога не купіў, адно калі-нікалі прыносіў ружу, а гэта жанчынаў даймае, адкразу ўсё кідала й прысядалася да мяне, а я прыкідваўся, што чытаю газэту, а Ўласта кажа, што так сядзіш як квактуха на яйках? а я як прыпёр яе да більярду, афіцыянт прыбег ёй на дапамогу, а я як даў яму высьпятка, ажно ён адляцеў як футбольная апука, а я пакланіўся як герой і пацалаваў яе, а ўся гаспода хадуном хадзіла, у парфумэрыях была прылада для паравога абмываньня твару маркі «Крыніца Маладосьці», уганараваная залатым дзяржаўным мэдалём, у элегантнай упакоўцы, на вечку скрынкі была гожая галоўка паненкі, як трымае галаву ў такой кашолцы, куды вядзе нікеляваная трубка з масянжовага апарату, на той паненцы кашуля, аздобленая брусэльскай карункай, а на кашулі вышыты надпіс: Застануся заўсёды маладой, адна красуня шапнула мне пры музыцы з грамафона на Жофіне, пойдзем разам на рандэву, толькі перш я адшаруюся і вазьму чыстую бялізну, страшна тыя вядзьмаркі былі раўнівыя і аднойчы хацелі падсыпаць атруты мне ў каву, са старым Жэпам мы ў той час развозілі піва валамі, але тыя валы ляглі на рэйкі перад вакзалам, абходчык ня мог апусьціць шлягбаўму, а цягнік мусіў стаяць, машыністы пасаскоквалі з паравоза, а кандуктары накручвалі валом хвасты, але валы ляжалі далей, а цягнік меў дзесяць хвілін спазьненьня, кіраўнік цягніка стаяў перад тою бядою і адно лічыў хвіліны на гадзіньніку, а дзяжурны ляпаўкай на мухі даваў знакі валом, але валы далей жавалі, пакуль адзін малочнік не прыгадаў сабе, што найлепш ўвадначас тым валом упырснуць ваду ў вушы, ну й сапраўды, валы пазадзіралі хвасты і так гналіся й зразалі павароты, што мы пагублялі бочкі зь півам, а кіраўнік нас аблаяў і так расстроіўся, што кажа, бярэце ровар і дуйце кумільгам па эгіпецкія, дык я ўзяў той ровар і павёў яго да тытунёвага кіёску, а калі прывёз пехатою тыя цыгарэты, кіраўнік крычыць: дзе вы былі так доўга? а я кажу, што ня ўмею езьдзіць на ровары, а да бровару ўжо прыходзіла Здэнічка, выстраеная як папа рымскі, і кажа, што хацела б са мною пагаварыць па душы, ну мы й пайшлі ў чалядню, а саладоўнікі думалі, што Здэнічка празь мяне ходзіць у адмененым стане, але я хацеў ёй паказаць толькі тую карціну над ложкам, на якой нехта Атэла забівае сваю каханую, аднак Здэнічка ўжо закрывала вакно капай, дык кіраўнік сказаў саладоўнікам прынесьці драбіну і асабіста палез заглядаць у чалядню на другім паверсе, я бачыў ягоны твар над капай, за якім на небе была хмара, абрамаваная залатым сьвятлом, а ўсярэдзіне чорная як сажа ў коміне, потым на тапчаніку я апавядаў Здэнічцы, як Калужа і Галіж арыштоўвалі Лецыяна і як потым Лецыян стаяў на эшафоце і казаў кату, давай ужо, а то рукі ў цябе замёрзлі! а Здэнічка мне сказала, што замужжа са мною мусіць быць раем, але я паволі вывеў яе з гэтай аблуды, кажучы, што для жаніцьбы я ня маю дастаткова разьвітых злачынных схільнасьцяў, і калі потым прыходзяць на сьвет дзеці, дык не абрацца ад бяды, нават сам кайзэр выскачыць уначы з пасьцелі, а такі кампазытар Шуман улез з гэтай прычыны ў студзёную ваду і гаварыў у фільме да свае жонкі, людзі ёсьць марыянэткамі, гэта тое, што называецца натхненьнем, а калі твор ужо гатовы, дык можна пайсьці на гарэлку і на шпацыр, Здэнічка потым ціснула на мяне, угаворваючы мяне легчы, што хопіць і стокронавага банкнота, але я сказаў, што паводле твору спадара Батысты найлепш зносіцца зь дзявіцай, тое райскае адчуваньне ёсьць тады, калі двое аддаленыя ад сябе на адлегласьць буські, нават мы, ваякі, ня ўлазілі да дзевак праз вакно і ня гвалцілі іх, як нас вучыў палкоўнік Завада, пад якім палі восем коней і трыццаць шэсьць маршавых батальёнаў, калі я распавядаў пра гэта адной паненцы, яна ўсё хіхікала, ня дзіва, што па вайсковай лініі мы праваліліся на ўсіх франтох, бо мы былі арміяй дэгенэратаў, палкоўнік Завада меў ваўкадавы і дзьве батарэі гарматаў, лес быў моцна абсаджаны і дрэвы выляталі ў паветра як запалкі, але палкоўнік Завада глядзеў у мапы і пасылаў кулямёты на аслаблыя пазыцыі, у яго быў залаты каўнер, а на ім вялізная зорка, мы ўвесь час мусілі вучыцца, як атакаваць праціўніка, палкоўнік Завада браў мяне за падбародак і правяраў, ці я паголены, потым правяраў зброю і ўжо а трэцяй над ранам прыносілі каву, а ў пяць ішлі зьмяніць жаўнераў на перадавой, першы пачынаў трубач, потым бубначы, афіцэры лёталі, Здэнічка драпала па падлозе парасонам, перастаў ісьці дождж, але кіраўнік увесь час трымаў далонь над вачыма і глядзеў, што мы там вычвараем, але Здэнічка мне сказала, каб я прыйшоў вечарам, тады яна пакажа мне крацястыя пярыны і новыя грамафонныя кружэлкі, «Срэбную папараць» і характэрнае інтэрмэца «Млын у Чорным Лесе», потым пайшла дарожкай з бровару, а ў мужыкоў цякла сьліна як у бэрнардынаў, калі яны праводзілі позіркам тое дзіва прыроды, выпульхненае павабным мяскам, кіраўнік глядзеў за ёю празь бінокаль, а я тут жа закінуў на плячо саладоўнікаву лапату і пайшоў пералапаціць малады ячмень, думаючы пра Смэтану, які ня быў ніякім панам, а нявольнікам, а калі ўрэшце памёр, дык у Ябкініцах у ягоныя ноты, якіх было два куфры, загортвалі каўбасы, вось што значыць упрыемніць народу вольны час, як таго хацеў і Двожак, мясьніцкі чаляднік, але народу найбольш даспадобы нажлукціцца і паслухаць «Гумарэску», калі Гаўлічка павялі жандары, дык ягоная жонка Юліянка амаль што не звар'яцела, сэрца магло разарвацца ў яе ад жалю, а Гаўлічак жа меў мазгавешку, каб яго трасца, тыя ягоныя эпіграмы з эпістоламі, Бонды, паэт, прыехаў раз да майго пляменьніка з возікам, у якім была пара тых ягоных дзіцянятаў, і яны выпілі тры конаўкі піва, а як што зачынялі, дык яны прынесьлі сабе піва нанач у тазе і далей вялі акадэмічны дыспут, ажно пазасыналі ад яго, пляменьнік прачнуўся, думаючы, што працякае вадаправод, але калі запаліў сьвятло, дык убачыў, што гэта бедачына Бонды высікваў тыя дзьве конаўкі піва проста на дыван, а потым зваліўся і зноў заснуў, і толькі над раньнем прабудзілі яго тыя ягоныя дзеці, а калі ён ачомаўся і агледзеўся навокал, стаў ні з таго ні зь сяго крычаць, а! цяпер разумею! і цешыўся і скакаў па тым абасцаным дыване, людцы, крычаў ён, ідуць з намі ня толькі тыя, якія з намі ня йдуць, але йдуць з намі і тыя, якія йдуць супроць нас, таму што немагчыма адцурацца ад эпохі! дык бачыце, панна, гэта якраз тое захапленьне паэтаў п'янствам і мэдытацыяй, а калі ўжо яно робіцца ня ў змогу, расчыняюцца нябёсы і думку за ручку выцягваюць на сьвятло, а я перамешваў лапатай разброджаны солад, спачатку мне трэба было перакапаць яго Volgemut'ам, Сакрат і Хрыстос не напісалі ні радочка, а пагляньце, іхнае вучэньне і па сёньняшні дзень не прапала, тым часам як іншыя, чым больш выдаюць кніжак, тым хутчэй забываюцца, гэта называецца змовай гісторыі, я аднойчы спаборнічаў з мылаварам у скоках на галаву зь більярду і перамог, вядома, на маёй галаве былі акуратныя сінякі з гузакамі, потым мы паказвалі «Ўрачысты ўезд караля Фарука», усенькія прыгажуні з бару ўдзельнічалі ў тым паказе, хоць Оланак таму супрацівіўся, той мярзотнік, што гандляваў старой мэбляй і абразамі, аднойчы ён вёз абраз і пракалоў на ім вока Дзевы Марыі, дык потым узяў вока карпа, уставіў яго ў тую дзірку, прыляпіў плястырам з другога боку і прадаў абраз мадзярам з двору, а яны павесілі Дзеву каля печы і аднаго разу, калі маліліся, выбягаюць з крыкам, што Дзева Марыя плача над імі, а гэта ўсяго лопнула тое карпава вока, дык той мярзотнік, Оланак, прывёў у «Тунэль» асла, а красуні распранулі мяне і нацягнулі якуюсьці камбінацыю, на галаву мне насадзілі турбан, а твар размалявалі алейнымі фарбамі і езьдзілі са мною на тым асьле па корчмах, выкінулі нас з тым «Урачыстым уездам караля Фарука» якраз з «Гранду», дык потым Оланак, той мярзотнік, даў таму аслу панюхаць перцу і ён мяне скінуў, але я й так быў герой, ехаў я потым у заалягічны садок, меў на сабе прыгожы гарнітур, што ўспадкаваў па адным такім, у якога былі так крывыя ногі, што ён мусіў шыць сабе нагавіцы на меру, але акрамя таго ўсё іншае пасавала мне як улітае, і калі я так стаяў перад клеткай зь ільвом, той раптам усхапіўся на ногі і пырсь! выплюхнуў на мяне з паўлітра сцакаў, як брыльянцін на валасы, і яшчэ яму хапіла акрапіць дзьвюх славачак, тыдзень я мусіў парфумавацца, бо такі ад таго йшоў дух, прыгажуні ў «Сіты Бары» ўсё прынюхваліся да мяне і стрыглі вушмі, а ці не хадзіў я куды да іншых? у той час не было тэлевізара і людзі мусілі ўсё рабіць самі, нават радыё, жылі ў страшнай цясноце, у бедакоў напрыклад пасьцель ніколі не халадала, часта бралі сукватарантаў для спаньня, адзін быў дзьвернікам у гатэлі і залазіў у цёплую пасьцель пасьля таго, які йшоў працаваць удзень, аднойчы паклікалі мяне трусаводы, каб я паказаў ім сьпеўнае мастацтва, дык падчас іхнай забавы я сьпяваў «На беразе вазёрным ліецца песьня салаўя», але мне перашкодзіў Оланак, які намовіў музыкаў, каб зайгралі нешта іншае, ну й пачалася спрэчка, я хацеў іх перасьпяваць сваім «На беразе вазёрным», а музыкі хацелі заглушыць мяне «Радаснай маладосьцю», а трусаводы лаяліся і потым сталі ў мяне кідаць лятарэйнымі выйгрышамі, а потым кінулі і адбіўную, але я й так быў герой, перабіраю я аднойчы бульбу ў брата, куды я прыехаў на чатырнаццаць дзён, а кіраўнік кажа, а чаму гэты саладоўнік ляжыць аблогай? і тут жа даў мне лапату і я паказаў яму высокую клясу піваварства, як мяне навучылі ў бэнэшаўскім бровары саладоўнікі Аліварыюс і Шарлінгер, ажно кіраўніка агламазьдзіла! а потым ён мне кажа пайсьці разгрузіць вагон, умееце гэта? пытаецца кіраўнік, а я ўжо скочыў, узяў лом і барарам! ударыў па засаўцы і вугольле вывалілася і пасыпалася кіраўніку пад ногі, а ён як вярэсьне ў вугольлі па калена, чалавеча, што вы робіце?! а я ўжо ўпраўляўся з лапатай і праз тры гадзіны быў гатовы, а прыгажуня з бугальтэрыі мне кажа, ну вы далі! а я кажу, панна, гэта дробязь для мяне, таму што я прайшоў школу Рымскага, мацака з Кокараў, які ў бойцы перабіў нагою пратэз паненцы і чатыры жандары памерлі ад таго ў шпіталі, гэта называецца талентам, адразу скочыць ворагу да горла і разарваць яму глотку, або садануць астраўскім ключом між вачэй, потым кіраўнік кажа, што дасьць мне ўзнагароду, пойдзем зь ім папчалярыць, і ён ўзяў сабе сетку і рукавіцы, такія пчолы, калі выройваюцца, задаюць чалавеку клопату, тыя пчолы робяць такія апукі на дрэве і трэба іх абразаць, а на гэта ня хоча згадзіцца той, каму належаць тыя дрэвы, і так узьнікаюць суседзкія сваркі, кіраўнік кажа, саладоўнічку, хадземце, я навучу вас са спадаром Ганькам як пераносіць вульлі, і такім чынам мы сталі пасьвячанымі ў пчалярства, але спадар Ганька спатыкнуўся і адзін вулей перакуліўся, мы адразу далі драла, але ўсё марна, бо пчолы пачалі джаліць нас куды папала, спадар Ганька ўпаў на калені і просіцца ў тых пчолаў, што ў яго жонка і дзеці, але тыя пчолы жыганулі яго і ў чэлес, ажно яму набрыняў як булава, я мог пайсьці ў бар толькі на трэці дзень, Бобінка, калі мяне ўбачыла, адразу запусьціла грамафон з кавалкам «Ой вы могілкі, могілкі», потым завяла мяне наверх, а як што думала, што я яшчэ добра ня бачу, распранулася дагала і пайшла са збанком па ваду, а потым сказала мне, што мы ўжо маглі б пачаць практыкавацца пад вясельле, як гэта рабіў Гарды, але на калідоры пачуўся крык, гэта прыдарыўся інцыдэнт кавалю, які быў так нажлукціўся, што яму замест красуні падсунулі старую качаргу, але той каваль пасьвяціў сабе ліхтарыкам і калі яе ўбачыў, дык выбег у сподніках на калідор, ламаў балюстраду як абаранкі і крычаў, хто мне падаслаў тую лярву?! яна гадкая як акадэмічная мастачка! і я пачаў зноў апранацца, бо быў я чалавекам пачуцьцёвым як і той каваль, іншага разу было, як аднаго каменяра прывучвалі да тайніцы каханьня на більярдзе, але ён усё роўна быў слабы на розум, бо двойчы замураваў сябе ў печцы і трэба было даставаць яго адтуль кіркаю, і ён мусіў ставіць печку нанава, мяшчанскі дочкі і па сёньняшні дзень дораць мне ружы і зьдзіўляюцца, дзе я навучыўся ўсіх тых адборных фокусаў? затое Оланак пекна паказаўся! мы віншавалі яго на пляцы з пяцідзясятымі ўгодкамі і пыталі, ці служыць яму здароўе? а Оланак выцягнуў сваё дзетародзтва, а як што быў папярэдне выпіўшы дзесяць літраў, дык сцыкнуў ажно на рэкляму Находзкай Ткацкай Фабрыкі, дакладна на першае «а», а пад гэтай дугой праходзіў пан натарыюс і вітаўся з намі, потым мы зрабілі спаборніцтвы ў «Тэрасе», хто каго перасцыць? Оланак ужо загадзя адчуваў сябе пераможцам, але там сядзеў адзін дзядзька, выглядам як жабрак з Марыяцэлу, і ён пытаецца, ці можа таксама ўзяць удзел? Оланак пагадзіўся з умовай, што будуць спаборнічаць за літровую пляшку францускага каньяку, так што на стол паставілі дзьве пляшкі, а па поўначы яны выйшлі перад «Тэрасай», той дзядзька быў першы, расшпіліўся і паказаў клясу! там па другі бок вуліцы быў такі дамок і той дзядзька перасцаў дугою над дамком і было чуваць, як струмень цурчыць, падаючы за дамком у Лабу, Оланку не было чаго і пачынаць, і той дзядзька забраў абедзьве пляшкі, Віт, які ў флёце йграў на бубнах, сказаў скрыпачу Новаку, зайграйма яму «Віялету»! і ўвесь горад паўзлазіў на лавы, а я потым дакінуў «Султанава вясельле», а Оланак, каб падправіць сваю рэпутацыю, паказваў жывыя карціны, стаяў на стале і сцаў на гасьцей, адна панюся потым мне сказала, добра вам так, сябруеце зь ім, дык вас яшчэ і ў суд зацягнуць, у Народным Доме сьпяваў Ярынак Посьпішыл і запытаўся людзей у залі, а хто тут умее сьпяваць? а жанчыны паднялі віскатню, каб я пайшоў паспаборнічаць зь ім! славуты тэнар дапамог мне ўвайсьці на сцэну і сказаў сядайце! а я адказваю, што не мягу, а Ярынак пад вялікі шум пытаецца чаму? а я адказваю, што ў мяне квіток на стаячае месца! а бабы шалелі і лікавалі, што я атрымаў перавагу ў канвэрсацыі, але фартэпіян ужо зайграў мой кавалак і я прасьпяваў «Цяжка нам расстацца», ну і потым узьняўся вялікі вэрхал і гам, бабы ледзь не развалілі той Народны Дом, а пра Ярынкаў сьпеў казалі, што хоць ён і разводнік, але голас у яго ўвесь час як у салаўя, і што такіх людзей як Ярынак Посьпішыл не павінны пасылаць на вайну, каб народ не панёс страты, калі б яго забілі, я з гэтым пагадзіўся, таму што за Аўстрыі я насіў шаблю капітану Тонзэру, а нават меў шчасьце бачыць у аўтамабілі фон Мантойфэля і гер фон Розэнэка, як яны сядзелі побач, два генэралы ў залатых пікельгаўбах, што глядзеліся як начныя гаршкі, наверсе такія шпігулеты, як калісьці рабілі вежы на кухонных шафах, я нават быў пры тым, як Аўфэнбэрг і Данкль давалі каманду да першай атакі, два маршалы з маноклямі, мне таксама пашэнціла трымаць вуздэчку Конраду фон Гецэндорфу, гэта значыць, ягонай кабыле, старому чалавеку, але стройнаму як паненка, ягоны сын загінуў пад Гарадэнкай у тамтэйшых балотах, але яны там мусілі сядзець на задніцах, бо што іншага маглі зрабіць? Конрад Гецэндорф належаў да кайзэравай сям'і, а як што быў эрцгерцагам, дык меў на шыі авечку, толькі што ў кайзэра яна была галавою ўверх, а ў Конрада фон Гецэндорфа галавою ўніз, шмат разоў сьніліся мне малпы, а яны паволе соньніку Анны Новакавай значаць цяжкую хваробу або шчасьце ў каханьні, іншым разам сьніўся мне нож, убіты ў грудзі, а гэта значыць каханьне з узаемнасьцю, падчас імшы наш ксёндз-пробашч адварочваецца і пытае, а дзе касьцельны? чаму ён не прыслужвае і парушае багаслужбу, калі ўжо даўно павінен быў прыйсьці? а касьцельны заскочыў у карчму на гарэліцу замест каб падсыпаць тры лыжачкі кадзіла ў кадзільніцу, каб ксёндз мог кадзіць у касьцеле, тое кадзіла ёсьць жывіцай аднекуль з Афрыкі, міра і альяс, касьцельны вярнуўся трохі набраклы мятным лікёрам, а ксёндз правіць багаслужбу і пытаецца, дзе вы былі? і вымае келіх з дараносіцы, а касьцельны кажа, што выходзіў пасцаць, а ксёндз адставіў келіх і лясь яго! і шарах яму! і крычыць, вы ня ведаеце, чалавеча, што падчас багаслужбы вы мой ад'ютант? а вам больш даспадобы пайсьці на мятную гарэлку? і надаваў яму высьпяткаў, і натоўк яму нос псалтыром, потым узяў келіх і далей служыў імшу, а бабы зьдзіўляліся, што за новыя літургічныя абрады ён паўводзіў, ну й бачыце, панны, пасьля таго выпадку касьцельны перастаў хваліць Царкву і зрабіўся ўзорным сацыял-дэмакратам, раней людзі былі страшэнна нэрвовыя, калі каму прысьнілася ўначы, што на яго сыплюцца зь міскі агуркі, гэта значыла палкае каханьне, або калі вы бачылі ў снах старую бабу, гэта значыла, што твой дом абмінуць заручыны, мой брат вучыўся на пекара ў Бэнды Валаха, а як што не дачуў, што яму сказалі, дык спытаўся што? і дастаў па мордзе, ажно абамлеў, а калі прачмухаўся, Бэнда яму кажа, у нас кажуць, прабачце, калі ласка, я не дачуў, але потым ён скаціўся, успадкаваў па маці маёнтак і пачаў так піць, ажно недзе замёрз, гэта бяда, усё роўна што даць дзіцяці нож у руку, нашаму ксяндзу выпала бяда, калі ён засьпеў аднаго хлопца, як той габляваў дзеўку ля касьцёла ўначы, спачатку спалохаўся, што гэта быў вікары, але і так мусіў данесьці аб тым і да нас прыйшлі місіянэры, таму што ў краі заняпала маральнасьць, прыйшлі чатыры футбалісты, тыя місіянэры так менавіта выглядалі, каптаны ў іх былі падперазаныя перавясламі, і яны так пачалі паляпшаць маральнасьць, што ажно мусілі ўступіцца жандары, таму што сацыял-дэмакраты ставілі падступныя пытаньні адносна паходжаньня чалавека ад малпы, потым паспрачаліся, з чаго паходзіць курыца? ну дык зь яйка! а з чаго паходзіць яйка? ну дык з курыцы! і так адны на адных крычалі дзьве гадзіны вальнадумцы з місіянэрамі, ажно з апошніх сілаў выгукнулі, а з чаго паходзіць першае яйка? вальнадумцы вярэснулі, што з натуры, а місіянэры, што стварыў яго Бог, і пачалі адны адным даваць па мордах, так што жандары мусілі ўмяшацца, таму што бабы прыбеглі па іх і сказалі, што бязбожнікі абражаюць сыноў божых, а потым бабы пачалі кідаць у вальнадумцаў каменьнем і пацэлілі ў двух жандараў, таму што Бога нельга зачыніць у шкатулку, цяпер успомніў! бачыць плуг на ворыве ў сьне значыць вясельле! а чыркаць запалкай, значыць закаханасьць, а паводле твора спадара Батысты, дваццацігадовая красуня, пакуль ня станецца распуснай, дае мужчыну тое райскае адчуваньне, тую электрычнасьць, тым часам як дзеду такая дапамагае як мёртваму кадзіла, наш маёр сядзеў на жарабцы і рабіў агляд тае найпрыгажэйшае арміі на сьвеце, глядзіць, а тут у жаўнера ўвесь плашч у крыві, адразу выцягнуў яго з шыхту і аблаяў сяржанта, што войска ў яго засьвіненае, гэта было дзіва, што за Аўстрыі бароны мелі ў стайнях люстры для коней, а стайнікі і служанкі спалі на гарышчы, найміты часам жылі горш за быдла, але затое людзі больш сьпявалі, каб адвесьці душу песьняй, тым часам як сёньня ніхто ўжо не сьпявае за працай, маім сябрам быў Рымскі, ён малаціў усіх, адразу паўкарчмы сморкалася юшкаю, муштрай у нас кіраваў паручнік, ён скамандаваў Habacht! а Рымскі паварушыўся і паручнік падбег і даў яму плазам шаблі ў жывот, ну й тут наступіў зорны момант для Рымскага, ён схапіў тую паручнікаву шаблю і пераламаў яе аб калена, гваздануў паручніку пад вуха і адным ударам зваліў яго на зямлю, капралы паразьбягаліся, а жаўнеры мелі з таго пацеху, князь Ліхтэнштайн меў сто маёнткаў, але каб не плаціць падаткаў і не заводзіць уласнага войска, ён спалучыў іх у дзевяноста дзевяць, але з другога боку яму не пашанцавала, бо дактары адрэзалі яму дзетародзтва і ўставілі ў тое месца срэбную трубачку, так што бачыце, панна, багатыр, але тая штучка нямоглая, таму паводле твору спадара Батысты ўсё трэба агледзець загадзя, каб вы не куплялі ката ў мяху, бо потым маеце клопат, калі тое пачне вас падводзіць, так яно вядзецца, што адзін мужчына можа нават скочыць на кабылу і нічога яму ня станецца, а іншы схопіць хворасьць і пры найбольшай асьцярожнасьці, адна скача з драбіны, каб выкінуць дзіця, і нічога, а іншая асьцерагаецца як можа і толькі трохі мацней высмаркаецца і ўжо выкінула, нялёгкая справа таксама з тымі змовінамі, шыкоўная дзяўчына дае аб'яву, што шукае беззаганны характар, а калі напрыклад я адкажу, дык тая дзеўка дзеля большай упэўненасьці пасылае мяне на абсьледаваньне і распытвае ў суседзяў, ці гэты спадар ня бабнік? і яшчэ піша ў дэтэктыўнае бюро «Карлік», каб выведаць падрабязную інфармацыю, аёй, аднаго разу на манэўрах сталася бяда, адзін спрытнюк замест марганцоўкі наліў у пляшачку дэнатурату, а другі прыйшоў ад дзевак і хацеў апаласнуцца той нібыта марганцоўкай, дык накапаў сабе на штуку таго дэнатурату, а потым як выскачыць і як пабяжыць паўз казарму, а мычаў як цельная карова, тое самае сталася нашай бабулі з мазяй, якую лекар падрыхтаваў як пітво, яно было карычневае і стаяла каля люстра, а ў нашага дога балела лапа і ён таксама дастаў карычневую мазь, абедзьве пляшачкі былі аднолькавыя і бабуля памылкова наліла сабе пітво для дога, усьміхалася шчасьлівая, бо лек смакаваў як маліны, але калі яго каўтнула, дык трэба было яе ставіць на ногі і бегчы па доктара, а потым па ксяндза, адна прыгажуня папрасіла мяне безь людзкіх вачэй занесьці ейную мачу для аналізу, але доктар аблаяў мяне, бо, маўляў, яна мусіць прыйсьці асабіста, даўней людзі вельмі мяне любілі, так што казалі мне, ня йдзеце, пабудзьце яшчэ, ваша работа пацерпіць! або запрашалі мяне ўсюды на сьвяты, толькі напэўна прыйдзеце, каб мы мелі каму даць у морду! так жартавалі са мною, я трымаў адну красуню за руку і мы разам глядзелі з мосту на хвалі і захмаранае неба, а я ёй распавядаў пра тое, што ў нашым мястэчку трыццаць дзьве гасподы, а ў дваццаці васьмёх ёсьць дзяўчаты, што ўсё мястэчка звар'яцела на тэатральным мастацтве, бо ў ім было ажно пяць тэатраў, найлепшыя кавалкі аднак ставілі ў Каталіцкім Доме, дзе была суполка рамізьнікаў «Пшэмыслаў», найбольшы посьпех мела мэксыканская п'еса El Tigro, галоўную ролю ў той час іграў чаляднік Капэцкі, які аднак надарваўся перад прэм'ерай, накладаючы скошаную канюшыну на воз, расьцягвалі яго на драбіне, а перад самай прэм'ерай мусілі моцна наступіць на яго, потым усё было прыгожа, толькі калі чаляднік стаў на калені прызнацца ў каханьні, дык ужо ня змог устаць, затое сьпяваў El Tigro надзвычай задушэўна і пры тым у яго расшпіліліся нагавіцы, ну дзіва такое, што жанчыны не маглі ўгаманіцца яшчэ тыдзень пасьля спэктаклю, а ў Народным Доме ігралі бляхары і сьлесары, яны найбольш ахвотна выбіралі п'есы з арыстакратычных колаў, «Веер ледзі Вінціх» ці, можа, Вінтэр, таго лорда іграў адзін маляр, ды зноў, калі ён укленчыў, яму падцягнуліся ўверх нагавіцы ад фрака і паказаліся матузкі ад споднікаў, а калі ён раскланьваўся і дзякаваў, дык ударыла яго заслона тым алавяным канцом і ён распластаўся на сцэне, а жанчыны шалелі, бо думалі, што тое належала да п'есы, а калі ў «Гальку» ігралі «Пэрлы панны Сэрафінкі», пасьля перапынку рэжысэр выглядваў празь дзірку ў заслоне, ці людзі ўжо на месцы, і падняў руку, а кулісьнік, які напіўся малака ад шалёнае каровы, падняў заслону разам з рэжысэрам, рэжысэр зьляцеў з тае вышыні ў аркестар, а людзі цешыліся, што п'еса так файна пачынаецца, іншым разам, калі йгралі «Радуза і Магулену», гэты кавалак пачынаецца ў цемры, кулісьнік ні з таго ні зь сяго падняў заслону, а Радуз думаў, што заслона ўсё яшчэ нанізе і запытаўся, Магулена, дзе ты? а Магулена з галіны адказала, у срацы! а людзі цешыліся, што п'еса будзе скаромная, з жыцьця, а той кулісьнік, калі ўбачыў, што нарабіў, пацягнуў за вяроўку, а яна абарвалася і заслона паляцела долу і прыплюснула Рагузаву галаву, а той кулісьнік запаліў сьвятло ў залі і крыкнуў, што парвалася вяроўка, ну, тая Магулена мела вялізарны посьпех, але найбольшы посьпех меў «Сон у Купальскую ноч», калі яго ставілі ў Каталіцкім Доме, гралі толькі члены «Пшэмыслава», усе пагаліліся, а тая, што іграла фэю, схапіла падагру, бо ігралі тую п'есу зімою, а тыя русалкі, калі падскоквалі, лічылі такты і сьвяцілі ліхтарыкамі, а потым той, што іграў з асьлінай галавой, упаў у пастку і крычаў ой-ёй-ёй! а людзі пляскалі пры паднятай заслоне, адзін харунжы, мужычышча як Баўэр, той што мог падняць карову і пабіў Фрыштэнскага, той во харунжы кажа мне на муштры, каб я паводзіў сябе зь ім як з ворагам, а практыкавалі мы тады parade rechts! parade links! паядынак на штыхі з праціўнікам, ну й калі паставіліся, я доўга ня думаючы пырнуў яго штыхом! на ягоным кончыку была галушка, тым штыхом харунжаму пад бараду, а ён кульнуўся цераз галаву і басьнякі кінуліся адходжваць яго, а паручнікі верашчалі на мяне, ты яго ледзь ня ўходаў! а я ім, ён жа сам казаў мне, каб я паставіўся да яго як да ворага, але паручнікі мне, што найперш трэба было зрабіць parade rechts! і parade links! а потым ужо einfacher stoss! а я ім кажу, а дзе там я буду бавіцца з ворагам у parade rechts ці parade links, я там адразу зраблю einfacher stoss! і я зноў быў герой, адна дзеўка ў нас называлася Кача Рыпава, веліканка ды вялікая танцорка і аматарка піва, падчас танцаў у кожнага жлукціла піва, адзін спрытнюк наліў у кухаль ртуці, а калі яна апаражніла той кухаль, ён пусьціўся зь ёю ў скокі, ну, гэта быў жах, а ў ейнай дачкі былі асаблівыя прыхамаці, яна рабіла тое з мужам на падлозе, а іхныя дзеці прыглядаліся, я таксама бачыў, калі паслаў мяне да іх архітэктар, але найбольш падабаўся мне рай магамэтанаў, на кожным паверсе іншая прыгажуня, так што магамэтанін мае чым радавацца, тым часам як каталік можа хутчэй за ўсё звар'яцець, бо калі ўжо патрапіць на сваё неба, дык увесь час будзе глядзець быццам на сонца, Сьвятая Багародзіца! сказаў паэт Бонды, калі адно дзіцятка выляцела яму з возіка, калі мы выйшлі з гасподы, Ісусе, як гэта дзеецца, што адзін купляе кіляграм сьвініны за пяцьдзесят галераў, а я за лустачку хлеба плачу пяць сотняў? я выяжджаў са Штайнбруку, пасажырскі цягнік ня йшоў, дык дзяжурны ўпіхнуў мяне ў хуткі і мною адразу занялася кандуктарка, фарсуня як панна Сікорава, адразу пасадзіла мяне ў першай клясе, калі б каго іншага, дык прагнала б і яшчэ дала прабівачкай па носе, а мне запрапанавала эгіпецкую цыгарэту, а тут пхаецца нейкі бамбіза, аброслы і чорны як чыгун, і да таго зь піпкай, а тая кандуктарка кажа, пайшоў прэч, мужык! у вас жа трэцяя кляса, і прагнала яго, я кажу, што і ў мяне трэцяя кляса, а яна штурхае мяне каленам і шэпча мне на вуха, што як заедзем у Вену, дык пойдзем разам гульнуць, бо ведаеце, жанчыны назойлівыя, асабліва ў гэтым верхаводзяць полькі, адна прыселася на мой ложак у лязарэце і старэйшы лекар разьверашчаўся на яе, сьвіньня! распусьніца! ейнае хроснае імя было Ядвіга, яна любіла мужчын больш за ежу, жандары, калі я забаўляў гасподу, адстаўлялі карабіны, зьнімалі дзягі і казалі мне, вы чаруеце як зводніцкі махляр, а я, брывом не павёўшы, выцягваў штых і гастрыў аловак для афіцыянткі, як тое рабіў Чаплін, калі я ўжо абыйшоў усе гасподы, вяртаўся ў бровар, дзе мяне ніхто не асьмеліўся і словам папракнуць, я пераскокваў мур як сокал і вяртаўся дадому, аднойчы прыйшлі купцы і заказалі віно і лікёры, а адзін ваяка ўзьлез на більярд і паказваў жывыя карціны, павесіў конаўку з вадою сабе на чэлес, ну, проста віртуоз, бабы й па сёньняшні дзень спрачаюцца на гэты конт, адзін пачаставаў мяне вірджынскай цыгарай, пасьля чаго мяне зблажыла і я зваліўся пад стол, паліцыянты адвезьлі мяне ў бровар возікам, як лінолеум, Канупак, той машыніст што йграў на геліконе, гэта такі інструмант з муштуком як начны гаршчок, у які трэба пляваць, дык той Канупак, казаў, што клясычная музыка заморвае яго, што ад таго гелікону горла ў яго стала як у быка, і што ягоны дзед, калі ехаў са сьвята, дзе йграў на геліконе, як толькі выехаў зь лесу, вецер абярнуў той гелікон на рамяні і дзед задушыўся, а злотнік Дубоўскі хацеў ведаць, што робіць ягоная дачка з нарачоным, калі бацькі няма дома, дык прыкінуўся, што йдзе ў кіно, а папраўдзе ўлез пад канапу і чуў, як ягоная дачка прыйшла з тым мужыком, убачыў ягоныя халявы, а потым яны селі на канапу, якая ўвагнулася і спружыны націснулі на пуза злотніка Дубоўскага, а потым бачыў, як на падлогу падае вопратка і бялізна, а потым як ногі высоўваюцца з ботаў з халявамі, але далей злотнік ужо нічога ня бачыў, бо спружына з канапы ўлезла яму ў карак і ён пачаў крычаць, але ніхто яго ня чуў, бо дачка з нарачоным таксама крычалі і толькі потым пачулі яго, адвалілі канапу і выцягнулі тую спружыну з карка злотніка Дубоўскага, які хацеў расхінуць заслону эўрапейскага рэнэсансу, паэт Бонды, калі зноў прыехаў з возікам, у якім была пара тых ягоных дзяцей, даверыўся мне, што цяпер піша вершы толькі ў прыбіральні, дзе сядзіць і трымае на каленях дошку, а на ёй сшытак, але і туды прыходзяць тыя дзеці і грукаюць у дзьверы, такога і Гётэ не стрываў бы, які быў прызвычаены да ўсякай усячыны, дык вось, панна, я сядзеў на гільзе гасілкі «Мінімакс», шэсьць дзяўчат загарала і слухала, што я ім распавядаю, ксёндз-дэкан стаяў на вядры з рукамі перакінутымі цераз плот і глядзеў на мяне як на зьявішча, а я быў усяго толькі начытаўшыся «Сьветагляду» і Гаўлічка, а таксама твору спадара Батысты аб полавай гігіене...

 

Сонца заходзіла, а панна Каміла стаяла на драбіне, ела чарэшні і ўсьміхалася старому ўнізе, які кожны дзень прыносіў ёй ружы, нарваныя ў чужых садох, які абяцае ёй, як паляцяць яны разам у Вену і Будапэшт, і ён пакажа ёй усе тыя месцы, дзе ён бываў за Аўстрыі, як паедуць яны разам хуткім цягніком у Прасьцеева паглядзець на тую вялізную чорную грабніцу дворскага пастаўніка Вайнліха, у якога ён працаваў, як паедуць на аўтамабілі ў Кокары, дзе ён пакажа ёй родны дом славутага Рымскага, які не баяўся нічога на сьвеце і такім чынам уварваўся ў Божае каралеўства, глядзела і ўсьміхалася старому, зь якім ягоная сям'я мае клопат, бо ён ня мыецца, нават каб хоць трошкі апаласнуцца, і як толькі пачынаецца дождж, адразу даюць яму бідон і пасылаюць у другі канец гораду па малако, які ўжо не адрозьнівае часу і кладзецца спаць адзеты, які і цяпер у гэтай сьпякоце носіць трое нагавіц на цёплых сподніках, нанізе зусім абтрапаных, так што выглядае як тыя пухнатыя вуркатлівыя галубы, які ходзіць у заляпаных гразьзю чаравіках, да якіх заўсёды нацягвае адну шкарпэтку на другую так спрытна, што не прасьвечваюцца дзіркі, пра якога сям'я гаварыць, што ён бываў страшэнна нясьмелы, а нават палахлівы, нейкі час зусім непрылюдны, зь якога жанчыны толькі насьміхаліся, але які поўны да іх шляхотных пачуцьцяў і мілы ў кампаніі, што так як стаяла на драбіне ў заходным сонцы, а за ёй блішчала рака, па якой жанчына ў чырвонай апратцы везла на пароме капіцу сена, што тая панна раптам узрадавалася добрай думцы, якая яе неспадзявана ўразіла, і сыходзіла долу, ступаючы па папярэчынах адной нагой за другою, ажно апынулася ў шортках сярод шасьці кашоў чарэшняў, якія нарвала надвячоркам, падыйшла да буды, узяла вядзерца, адсунула века студні і выцягнула на круку поўнае вядзерца сьвежай вады, а потым падняла рукі, выцягнула блюзку апырсканую чарэшневым сокам, расшпіліла гузік у шортках і блюзка пайшла ўверх, а шорткі ўніз, закруцілася і выступіла з апратак і так голая пайшла і на палянцы ў засені яблыняў уся ўмывалася, а стары, які ўвесь надвячорак апавядаў, цяпер сядзеў як працяты маланкай, абхапіўшы сагнутае калена даланямі, і глядзеў паўзь яе, зьнямелы, насьцярожаны і тактоўны, пакуль яна дарыла яму тое, што толькі жанчына можа падараваць мужчыну, мыючыся ў поцемках для ягоных захопленых вачэй...



Пераклад: Ян Максымюк

Беларуская Палічка: http://knihi.com