Баляслаў Прус

Антэк

Антэк нарадзіўся ў вёсцы над Віслай.

Вёска стаяла ў невялікай даліне. З поўначы яе акружалі адхонныя ўзгоркі, на якіх шумеў сасновы лес, а з поўдня ўзгоркі гарбатыя, парослыя ляшчэўнікам, цёрнам і шыпшынай. Там найзванчэй спявалі птушкі, і туды найчасцей вясковыя дзеці хадзілі рваць арэхі ды апаражняць птушыныя гнёзды.

Спыніўшыся пасярэдзіне вёскі ды паглядзеўшы на тыя ўзгоркі, можна было падумаць, што абедзве грады іх бягуць адна да адной, каб сутыкнуцца там, дзе ўранні ўстае чырвонае сонца. Аднак гэта ілюзія.

Бо за вёскай паміж узгоркамі — даліна, перарэзаная рачулкай і ўкрытая зялёным лугам.

Там пасвілі жывёлу, і там цыбатыя буслы палявалі на жабаў, што квакаюць вечарамі.

З захаду вёску асланяла плаціна, за якой была Вісла, а за Віслай зноў вапенныя, голыя ўзгоркі.

Каля кожнай сялянскай хаты, пакрытай шэрай страхой, быў садок, а ў садку тым слівы-венгеркі, паміж якіх віднеўся чорны ад сажы комін і пажарныя драбіны. Такія драбіны ўвялі нядаўна, і людзі думалі, што яны будуць ахоўваць хаты ад пажару лепш, чым раней ахоўвалі ад яго буслянкі. І таму, калі гарэла якая-небудзь будыніна, сяляне вельмі здзіўляліся, аднак не ратавалі яе.

— Відаць, такая ўжо на гэтага чалавека божая воля, — гаварылі яны паміж сабой. — Згарэў, хоць і былі ж у яго новыя драбіны, дый штраф заплаціў за старыя, у якіх былі пялы паломаны.

У такой вёсцы нарадзіўся Антэк. Палажылі яго ў непафарбаванай калысцы, што засталася па нябожчыку браце, і хлопец спаў у ёй два гады. Пасля нарадзілася сястра, Разалія, прыйшлося ўступіць ёй месца, а самому, асобе ўжо дарослай, перайсці на лаву.

Увесь гэты год ён калыхаў сястру, а ўвесь наступны — знаёміўся са светам. Аднойчы ўваліўся ў рэчку, другім разам праезджы фурман сцебануў яго пугай за тое, што ледзь не трапіў коням пад ногі, а трэці раз сабакі так пакусалі малога, што ён два тыдні праляжаў на печы. Вопыту сабралася багата. Затое на чацвёртым годзе жыцця бацька падарыў яму сваю суконную камізэлю з медным гузікам, а маці — загадала насіць сястру.

Калі Антэку споўнілася пяць гадоў, трэба ўжо было пасвіць свіней. Ды ён не вельмі да іх прыглядаўся. Значна цікавей было глядзець на другі бераг Віслы, дзе за вапенным узгоркам раз-поразу паказвалася штосьці высокае і чорнае. Яно вылазіла з левага боку, як з-пад зямлі, ішло ўгару і ападала направа. За першым ішло адразу ж другое і трэцяе, таксама чорнае і высокае.

Тым часам свінні, па свайму звычаю, улезлі ў бульбу. Заўважыўшы гэта, маці так пахадзіла каля Антэкавай суконнай камізэлі, што хлопцу ажно дух адразу заняло. Аднак таму, што ў душы яго не было лішняй зацятасці, што хлопец быў ён добры, Антэк пакрычаў, патузаў сваю камізэлю, а тады спытаўся:

— Матуля, а што гэта такое чорнае ходзіць за Віслай?

Маці зірнула ў той бок, куды малы паказваў пальцам, і адказала:

— Там за Віслай? Ты што, не бачыш, што гэта круціцца вятрак? Ты вось свіней лепш глядзі, а то другі раз крапівою насяку.

— А той, матуля, вятрак — ён хто?

— Ат, дурніца, — адказала маці і пабегла на сваю работу. Дзе там ёй таго часу ды розуму ўзяць, каб гаварыць пра ветракі!..

А той вятрак не даваў хлопцу спакою. Бо Антэк бачыў яго штодня. І ноччу сніў яго. Такая страшная вырасла ў малым цікавасць, што аднойчы ён ушыўся на паром, які перавозіў людзей на той бок ракі, і падаўся за Віслу.

Пераплыў, узлез на вапенную гару, якраз у тым месцы, дзе вісела аб'ява, што тут не можна хадзіць, і ўбачыў вятрак. Будынак гэты здаўся яму падобным да званіцы, толькі што быў таўсцейшы, а там, дзе ў званіцы акно, там чатыры вялізныя крылы, прыладжаныя накрыж. Спачатку хлопец нічога не ўцяміў — што гэта і навошта. Але тут яму ўсё растлумачылі пастухі, разабраўся. Перад усім пачуў пра тое, што на крылы дзьме вецер і круціць іх, як лісты. Тады — пра тое, што вятрак меле збожжа на муку, а пры ветраку тым жыве млынар, які б'е жонку, але сам вельмі разумны, бо ведае, як зводзіць пацукоў у свірне.

Пасля такога нагляднага ўрока Антэк вярнуўся дахаты зноў жа паромам. Паромшчыкі адлупцавалі яго трохі за сваю крывавую працу, ад маці перапала па суконнай камізэлі, ды ўсё гэта нічога: Антэк быў рад, бо заспакоіў сваю цікаўнасць. І хоць спаць ён лёг не еўшы, усю ноч мроіўся хлопцу то вятрак, што меле збожжа, то млынар, што б'е сваю жонку і зводзіць пацукоў.

Гэты дробны выпадак аказаў уздзеянне на ўсё хлопцава жыццё. З той пары ён — ад усходу да заходу сонца — стругаў кіёчкі ды складаў іх накрыж. Пасля выразаў слупок, прымяркоўваў, абчэсваў, ставіў, і вось нарэшце атрымаўся ветрачок, які на ветры круціўся, як той, што за Віслай.

Што за радасць! Цяпер Антэку не хапала толькі жонкі, каб было каго біць, і ўжо з яго быў бы сапраўдны млынар!

Да дзесятага года жыцця ён сапсаваў з чатыры сцізорыкі, аднак жа вырэзваў імі дзівосныя рэчы. Рабіў ветракі, платы, драбіны, калодзежы, нават цэлыя хаты. Ажно людзі задумваліся і гаварылі яго маці, што з Антэка будзе або вялікі майстар, або вялікі зладзюган.

За гэты час у яго з'явіўся брат Войтак, сястра падрасла, а бацьку ў лесе прыбіла дрэвам.

Ад Разаліі ў хаце была вялікая дапамога. Дзяўчо зімой падмятала хату, прыносіла вады, магло нават крупнік зварыць. Улетку яе пасылалі з Антэкам на пасту, бо хлопец, заняты сваім майстраваннем, ніколі добрым пастухом не быў. Колькі яго лупцавалі, прасілі, плакалі над ім! Хлопец крычаў, абяцаў, нават плакаў разам з матуляй, аднак рабіў сваё, а жывёла ўсё лезла ў шкоду.

Толькі ўжо як сястра з ім пасвіла, было лепш: ён стругаў кіёчкі, а яна пільнавала кароў.

Часамі маці, гледзячы, што ў дзяўчыны, хоць яна і меншая, больш розуму і руплівасці, ламала рукі з жалю і лямантавала перад старым кумам Анджэем:

— Што я, бедная, буду рабіць з гэтым вырадкам Антэкам? Ні ў хаце нічога не робіць, ні статка не дагледзіць, толькі ўсё гэтыя кіёчкі рэжа, як насланнё якое на яго. Ужо ж з яго, Анджэйка, не будзе, відаць, ні гаспадара, ні нават парабка, а дармаедзіна — людзям на смех, богу на грэх!..

Анджэй, які ў маладосці хадзіў плытагонам і многа свету пабачыў, так пацяшаў разгубленую ўдаву:

— Гаспадара з яго, вядома ж, не будзе, на гэта клёку не хопіць. І таму яго трэба спачатку ў школу, а потым да майстра. Навучыцца па кнізе, навучыцца рамяства і, калі не ссабачыцца, будзе жыць.

На гэта ўдава, ломячы рукі, адказала:

— Ой, куме, што вы гаворыце! А ці ж не сорам гэта — гаспадарскаму дзіцяці за рамяство брацца, абы-каму па заказу работу рабіць?

Анджэй пусціў дым з драўлянай люлечкі і сказаў:

— Сорам, вядома, але ж нічога тут не зробіш.

Пасля ён, звярнуўшыся да Антэка, што сядзеў на падлозе каля лавы, спытаўся:

— Ну, гавары, свавольнік, кім ты хочаш быць? Гаспадаром ці майстрам?

А хлопец на гэта:

— Я буду рабіць ветракі, якія мелюць збожжа.

І заўсёды так адказваў, хоць над ім ківалі галавой, а то часамі і мятлой.

Яму было ўжо дзесяць гадоў, калі васьмігадовая сястра яго, Разалія, моцна занемагла. Як лягла звечара, дык уранні не дабудзіцца было. Малая гарэла, вочы глядзелі, ды не бачылі, а сама гаварыла богведама што.

Маці спачатку падумала, што дзяўчына прыдурваецца, і штурханула яе разоў колькі. Калі ж гэта не памагло, нацерла яе гарачым воцатам, а назаўтра напаіла гарэлкай на палыне. Усё дарма, нават пагоршала, бо ад гарэлкі дзяўчына пайшла сінімі плямамі. Тады ўдава, добра-такі пакорпаўшыся ў сваім куфры, знайшла там у рыззі шэсць грошаў і паклікала на ратунак вялікую знахарку, Гжэгажову.

Мудрая бабуля ўважліва агледзела хворую, аплявала вакол яе падлогу, вымазала малую салам, аднак — нічога не дапамагло.

Тады яна сказала матцы:

— Напаліце, кума, у печы, як на хлеб. Дзяўчыне трэба добра прапацець, і ўсё пройдзе.

Удава напаліла ў печы як след і выгарнула жар, чакаючы далейшых загадаў.

— Ну, а цяпер, — сказала знахарка, — трэба палажыць дзеўку на сасновай дошцы і пасадзіць у печ. Памолімся, тры «багародзіцы» скажам, — як рукою здыме!

І сапраўды, Разалію палажылі на сасновай дошцы (Антэк глядзеў на гэта з кутка) і ўсадзілі, нагамі наперад, у печ.

Дзяўчынка, калі яе ахапіла гарачынёй, апрытомнела.

— Матуля, — крыкнула яна, — што вы са мною робіце?

— Маўчы, дурніца, табе ж палепшае.

Бабы ўсадзілі яе ўжо да палавіны: малая пачала кідацца, як рыба ў сетцы. Ударыла знахарку, хапіла матку аберуч за шыю і загалёкала:

— Матуля, вы ж мяне спаліце!..

Яе ўсадзілі ў печ усю, закрылі чалеснікі засланкай, і бабы пачалі свае тры «багародзіцы»:

— Багародзіца, дзева, радуйся...

— Матуля! Матуленька! — енчыла няшчаснае дзяўчо. — Ой, матуля!..

— Прысна блажэнная і пранепарочная...

Антэк падбег да печы і схапіў маці за падол.

— Матуля! — крычаў ён, плачучы. — Яе ж там насмерць забаліць!..

Аднак ён дамогся толькі таго, што яго кашканулі, каб не перашкаджаў маліцца. Ужо і хворая перастала стукаць у засланку, кідацца і крычаць. Тры «багародзіцы» прачыталі, засланку прынялі.

У печы ляжаў труп, скура на ім была чырвоная, сям-там аблезлая.

— Божа! — крыкнула маці, убачыўшы не падобную да людзей дачку.

І такі ж яе жаль узяў па дзіцяці, што ледзь памагла знахарцы перанесці мёртвую на тапчан. Потым упала сярод хаты на калені і, таўкучы галавою ў ток, крычала:

— Ой, Гжэгожыха!.. Што ж вы нам нарабілі!..

Знахарка была маркотная.

— Ат... Маўчалі б вы лепш. Можа, думаеце, што дзяўчо гэта ад гарачыні так пачырванела? Так гэта хвароба з яе вылезла, толькі што трохі захутка, дык і замарыла бедную. На ўсё божая воля.

У вёсцы ніхто не ведаў, ад чаго Разалія памерла. От, памерла — і ўсё. Відаць, так ёй было наканавана. Ці ж адно дзіця за год у вёсцы памірае, а ўсё роўна іх такое мноства!

На трэці дзень Разалію палажылі ў толькі што адгабляваную трунку з чорным крыжам, труну паставілі на возе, на якім возяць гной, і на двух валах павезлі за вёску, туды, дзе над аселымі магіламі нясуць сваю варту спарахнелыя крыжы і белакорыя бярозы. На няроўнай дарозе трунка трохі скрывілася набок, і Антэк, што ішоў за возам, трымаючыся за маміну спадніцу, думаў:

«Відаць, Разальцы там дрэнна, калі яна так варочаецца на бакі!..»

Потым ксёндз пакрапіў труну святою вадой, чатыры дзецюкі спусцілі яе на вяроўках у магілу, завалілі зямлёй — і па ўсім.

Узгоркі, пакрытыя шумлівым лесам, і тыя, што зараслі кустамі, — усе засталіся на сваім месцы. Пастухі па-ранейшаму ігралі на жалейках у даліне, жыццё ішло ды ішло сваім ладам, хоць у вёсцы і паменшала на адну дзяўчынку.

Тыдзень успаміналі яе, потым забыліся, закінулі свежую магілу, над якою ўздыхаў толькі вецер ды сакаталі конікі.

А потым снег пайшоў і нават конікаў распалохаў.

Зімой сялянскія дзеці хадзілі ў школу. Маці не чакала ад Антэка ніякай дапамогі ў гаспадарцы, хутчэй нашкодзіць яшчэ, і таму яна, параіўшыся з кумам Анджэем, вырашыла паслаць хлопца вучыцца.

— А ў школе мяне навучаць ветракі рабіць? — спытаўся Антэк.

— Ого, навучаць нават пісаць у канцылярыі, абы табе хацелася!

Узяла ўдава сорак грошаў у вузельчыку, хлопца за руку і са страхам пайшла да настаўніка. Зайшоўшы ў хату, застала яго за работай — латаў свой стары кажух. Нізенька схілілася, аддала прынесеныя грошы і сказала:

— Кланяюся пану прафесару і ласкі вашай вяльможнай прашу, каб узялі майго свавольніка ў навуку ды не шкадавалі на яго сваёй рукі, як родны бацька...

Вяльможны пан, у якога з падзёртых ботаў павылазіла салома, узяў Антэка за падбародак, паглядзеў яму ў вочы, палапаў яго.

— Прыгожы хлопец, — сказаў. — А што ты ўмееш?

— Яно і праўда, што прыгожы, — падхапіла маці, — але ж нічога, відаць, не ўмее.

— А што ж гэта вы за маці — не ведаеце, што ён умее, чаго навучыўся? — спытаўся настаўнік.

— Адкуль жа мне ведаць, што ён умее? Я ж баба, не мой гэта клопат. А што да тое вучобы, то ведаю, што вучыўся ён, мой гэты Антэк, каровы пасвіць, дровы калоць, вады з калодзежа выцягнуць і больш, здаецца, нічога.

Такім чынам хлопец быў прыняты ў школу. А таму, што маці было шкада тое саракоўкі, яна, каб трохі супакоіцца, сабрала перад хатай чалавек некалькі суседзяў і пачала раіцца, ці добра гэта, што Антэк будзе хадзіць вучыцца і што яна такі выдатак на яго зрабіла.

— Ха! — азваўся адзін з гаспадароў. — Настаўніку ж гміна плаціць, дык, калі ўперціся, можна яму і не даваць нічога. Але ж ён напамінае, а такіх, што асобна не плацяць, горш вучыць.

— А ці ж добры з яго прафесар?

— Ды так сабе. Калі гаворыш з ім, дык ён нібы дурнаваты, але вучыць як след. Мой хлопец ходзіць да яго вось толькі трэці год, а ўжо ўсю азбуку ведае — зверху ўніз і знізу ўверх.

— Ды што там значыць твая азбука, — азваўся другі гаспадар.

— Як гэта што, — сказаў першы. — Як быццам вы самі не чулі, што войт наш не раз ужо казаў: «Каб я хоць азбуку ведаў, дык з такое гміны меў бы прыбытку больш за тысячу рублёў, як пісар!»

Дзён праз некалькі пасля гэтага Антэк пайшоў першы раз у школу. Яна здалася яму прыгожай, як тая карчма, дзе стойка, а лаўкі былі ў ёй адна за адною, як у касцёле. Толькі што печка лопнула, і дзверы добра не зачыняліся, ад чаго было халаднавата. Твары ў дзяцей чырвоныя, а рукі — у рукавах. Настаўнік хадзіў па класе ў кажусе і ў аўчыннай шапцы. А па кутках школы сядзеў белы мароз, вытрашчыўшы свае іскрыстыя вочы.

Антэка настаўнік пасадзіў з тымі, хто яшчэ не ведае літар, і ўрок пачаўся.

Памятаючы матчын наказ, Антэк намерыўся вызначыцца як найлепш.

Настаўнік узяў у акачанелыя рукі крэйду і на старой дошцы напісаў нейкі знак.

— Глядзіце, дзеці! — пачаў ён. — Гэтую літару запомніць лёгка, бо выглядае яна так, як быццам хтосьці казачка танцуе, і чытаецца «а». Ціха вы там, аслы!.. Паўтарыце: а... а... а...

— А... а... а!.. — хорам загалёкалі дзеці першага аддзялення.

У іхнім піску асабліва выдзяляўся Антэкаў голас, але настаўнік пакуль што гэтага не заўважыў.

Хлопцу гэта не спадабалася, гонар яго закранула.

Настаўнік напісаў другі знак.

— Гэтую літару, — гаварыў ён, — запомніць яшчэ лягчэй, бо яна нагадвае крэндзель. Вы бачылі крэндзель?

— Войтак бачыў, а мы дык, мусіць, не... — азваўся адзін.

— Ну дык памятайце, што крэндзель падобны да гэтай літары, якая называецца «б». Паўтарыце: бэ! бэ!

Хор выгукнуў «бэ!», «бэ!», і тут ужо Антэк вызначыўся па-сапраўднаму. Згарнуў далоні трубкай і бэкнуў, як добры падцёлак.

У класе выбухнуў рогат, а настаўнік ажно затросся са злосці.

— Эгэ! — гукнуў ён на Антэка. — Вунь які ты маладзец! Са школы робіш цялятнік? Дайце яго сюды — пагрэцца!

Хлопец ажно аслупянеў ад здзіўлення, і пакуль ачомаўся, два найдужэйшыя хлопцы ўзялі яго пад пахі, выцягнулі на сярэдзіну класа і палажылі.

Антэк яшчэ ўсё не разумеў, што тут да чаго, але раптам адчуў, што яго лупцуюць з прыгаворам:

— А не раві, як цяля! А не раві, прыдурак!

Пусцілі. Хлопец абтросся, як сабака, якога дасталі з халоднай вады, і пайшоў на месца.

Настаўнік напісаў трэцюю і чацвёртую літары, дзеці хорам называлі іх, а потым настаў экзамен.

Першы адказваў Антэк.

— Як называецца гэтая літара? — спытаўся настаўнік.

— А! — адказаў хлопец.

— А гэтая другая?

Антэк маўчаў.

— Другая называецца «бэ». Паўтары, асёл.

Антэк маўчаў.

— Паўтары, асёл, бэ!

— Што я — дурны! — мармытнуў хлопец, добра памятаючы, што ў школе бэкаць не можна.

— Дык ты, абармот, яшчэ і ўпарты? Пагрэць яго!..

І зноў тыя самыя найдужэйшыя сябры падхапілі яго, палажылі, а настаўнік адмераў столькі ж дубцоў, але ўжо з іншым папярэджаннем:

— А не будзь упарты!.. А не будзь упарты!..

Хвілін праз пятнаццаць пачалася навука ў вышэйшым аддзеле, а ніжэйшы пайшоў на перапынак — у прафесараву кухню. Там адны, пад кіраўніцтвам гаспадыні, чысцілі бульбу, другія насілі ваду, іншыя кармілі карову, і на гэтых занятках прайшоў час да абеду.

Калі Антэк вярнуўся дахаты, маці спыталася:

— Ну што, вучыўся?

— Вучыўся.

— А папала?

— Ого, яшчэ як! Два разы.

— За навуку?

— Ды не, толькі пагрэцца.

— Бачыш, гэта яшчэ пачатак. А пасля ўжо табе пападзе і за навуку! — пацешыла маці.

Антэк сумна задумаўся:

«Што ж ты зробіш. Няхай сабе б'е, затое ж пакажа, як робяць ветракі».

З таго часу дзеці найніжэйшага аддзела вывучалі чатыры першыя літары, а потым ішлі ў кухню і на двор, дапамагаць прафесаравай гаспадыні. Пра ветракі і гаворкі не было.

Неяк аднойчы паменшаў мароз, і на сэрцы ў настаўніка таксама адліжыла, ён захацеў растлумачыць сваім найменшым выхаванцам карысць ад умення пісаць.

— Глядзіце, дзеці, — сказаў ён, пішучы на дошцы слова «дом», — што за мудрая рэч — пісаць. Гэтыя тры значкі такія маленькія і так няшмат займаюць месца, а вось жа азначаюць — дом. Як толькі на гэтае слова паглядзіш, адразу бачыш увесь будынак, дзверы, вокны, сені, хату, печ, лавы, абразы на сценах, карацей кажучы — бачыш увесь дом і ўсё, што ў тым доме.

Антэк праціраў вочы, выхіляўся, глядзеў на тое слова на дошцы, але той дом убачыць аніяк не мог. Нарэшце ён не вытрымаў — штурхануў свайго суседа і спытаўся:

— Бачыш ты тую хату, што пра яе прафесар кажуць?

— Не бачу, — адказаў сусед.

— Відаць, усё гэта лухта! — вырашыў Антэк.

Настаўнік пачуў апошнюю фразу і спытаўся:

— Якая лухта? Што за лухта?

— А тое, што на дошцы дом. Там жа толькі трохі крэйды, а дома не відаць, — наіўна адказаў Антэк.

Настаўнік схапіў яго за вуха і вывалак на сярэдзіну класа.

— Пагрэць яго! — гукнуў, і зноў паўтарылася спрэс тая самая, добра ўжо вядомая хлопцу, цырымонія.

Калі Антэк вярнуўся дахаты чырвоны, заплаканы і ніяк не мог знайсці сабе месца, маці зноў спыталася:

— Папала?

— А думаеце не? — перапытаў са стогнам хлопец.

— За навуку?

— Не за навуку, а толькі пагрэцца!

Маці махнула рукой.

— Што ж, — сказала яна, падумаўшы, — трэба яшчэ пачакаць, то дадуць калі-небудзь і за навуку.

А потым, падкладаючы дроў на камінку, мармытала сама сабе:

— Такая ўжо доля наша, удавы і сіраты. Дала б я прафесару паўрубля, а не саракоўку, дык ён майго хлопца адразу ўзяў бы. А так вось толькі забаўляецца з ім, дый годзе.

Антэк, чуючы гэта, думаў:

«Ну, ну, калі гэта ён так забаўляецца, дык што ж будзе, як вучыць пачне!»

На шчасце ці на бяду, страхоцце гэтае не збылося.

Аднойчы, месяцы са два пасля таго, як Антэк пачаў хадзіць у школу, да маці яго прыйшоў настаўнік і, павітаўшыся, спытаўся:

— Як жа яно, гаспадынька, будзе з вашым хлопцам? Далі вы мне за яго сорак грошаў, як для пачатку, і ўжо трэці месяц пайшоў, а з вас ані капейчыны! Так яно далей не пойдзе, — няхай сабе па саракоўцы, але ж плаціце штомесяца.

А ўдава на гэта:

— Адкуль жа я вазьму, калі няма! Што зараблю які грош — дык у гміну. Адзежыну якую на малых няма за што купіць.

Настаўнік устаў з лавы, тут жа надзеў сваю шапку і адказаў:

— Калі так яно, дык Антэку няма чаго хадзіць у школу. Я не буду з ім рукі дарма вярэдзіць. Такая навука, як мая, не для беднякоў.

І пайшоў сабе, а ўдава, гледзячы ўслед, думала:

«Святая праўда. Колькі той свет стаіць, дык толькі ж панскія дзеці вучыліся. А дзе ж было беднаму чалавеку на гэта набрацца!..»

Зноў паклікала на параду кума Анджэя, і пачалі яны абое экзаменаваць Антэка.

— Чаго ж ты там, свавольнік, навучыўся за гэтыя два месяцы? — спытаўся ў яго Анджэй. — Маці ж дала за цябе сорак грошаў...

— А як жа! — дадала ўдава.

— А чаго я там мог навучыцца! — адказаў хлопец. — Бульбу ў школе скрабуць таксама, як і дома, свінням есці даюць таксама. Адно і навукі, што я прафесару двойчы боты пачысціў. Але ж затое парвалі на мне вопратку на гэтым іхнім... пагрэцца...

— Ну, а ў навуцы той трохі што разабраўся?

— Хто там разбярэцца! — адказаў Антэк. — Калі вучыць нас па-мужыцку, дык тады лжэ. Напіша на дошцы які-небудзь знак і кажа, што гэта дом, і сені, і лавы, і абразы. А ў чалавека ж вочы ёсць, ён бачыць, што гэта не дом. А як вучыць нас па-школьнаму, дык чорт яго там разбярэ! Ёсць там некалькі старэйшых, якія па-школьнаму песні спяваюць, але меншыя — добра, што хоць лаяцца трохі навучацца...

— Ты мне толькі вылайся калі-небудзь, дык я табе пакажу! — умяшалася маці.

— Ну, а да гаспадаркі ты, хлопча, будзеш калі ахвоту мець? — спытаўся Анджэй.

Антэк пацалаваў яго руку і папрасіў:

— Пашліце вы мяне туды, дзе вучаць ветракі рабіць.

Старыя, як па камандзе, паціснулі плячыма.

Няшчасны вятрак, які малоў збожжа на тым беразе Віслы, так засеў у хлопцавай душы, што адтуль яго не магла ўжо дастаць аніякая сіла.

Доўга такі параіўшыся, вырашылі пачакаць. І чакалі.

Ішлі тыдзень за тыднем, месяц за месяцам, хлопец нарэшце дажыў да дванаццаці год, але помачы ад яго ў гаспадарцы было няшмат. Стругаў свае кіёчкі, нават і выразаў дзівосныя фігуры. І толькі калі ў яго сапсаваўся ножык, а маці на новы не давала грошай, пачаў Антэк наймацца на працу. У аднаго пільнаваў на начлезе коней, утапіўшыся ў сівай вячэрняй імгле, заглядзеўшыся на зоркі; другому вадзіў на ворыве валоў; часамі ішоў у лес па ягады або грыбы і прадаваў шынкару Мордуху за некалькі грошаў цэлы кошык.

У хаце ім не шанцавала. Гаспадарка без мужчыны — як цела без душы; а як вядома, Антэкаў бацька ўжо некалькі гадоў адпачываў на тым узгорку, дзе праз усыпаны чырвонымі ягадамі жываплот глядзяць на вёску сумныя крыжы.

Для работы ў полі ўдава наймала парабка, рэшту грошай павінна была несці ў гміну, а ўжо за тое, што заставалася, харчавацца са сваімі хлопцамі.

Штодня елі яны пустую хлебную поліўку з бульбай, часамі кашу і клёцкі, радзей гарох, а мяса — хіба што на вялікдзень. А то і гэтага ў хаце не было, і тады ўдава, зусім ужо свабодная ад печы, сядзела ды лапіла сынам вопратку. Малы Войтак плакаў, а Антэк з маркоты лавіў у абед мухаў і пасля такое раскошы ішоў на двор стругаць свае драбіны, платы, ветракі і святых. Бо выразаў ён таксама і святых, праўда, пакуль што без твараў і рук.

Нарэшце кум Анджэй, верны сябар асірацелай сям'і, знайшоў Антэку месца ў каваля, у другой вёсцы. Неяк у нядзелю пайшлі яны туды, з удавою і хлопцам. Каваль прыняў іх нядрэнна. Праверыў хлопцавы рукі і крыж, убачыў, што на свой узрост ён даволі-такі дужы, і прыняў яго вучнем без аплаты і толькі на шэсць гадоў.

Страшна і сумна было хлопцу глядзець, як заплаканая маці і стары Анджэй, развітаўшыся з ім і кавалём, пайшлі дахаты і неўзабаве схаваліся за садам. Было яму яшчэ сумней, калі прыйшлося ўпершыню ў жыцці спаць пад чужою страхой, у гуменцы, сярод незнаёмых кавалёвых вучняў, якія з'елі яго вячэру і яшчэ далі яму некалькі куксаноў, як задатак на добрае сяброўства.

Калі ж на досвітку пайшлі яны грамадой у кузню, распалілі там горан, Антэк пачаў дзьмуць пузатым мехам, а іншыя, спяваючы з майстрам ранішнюю малітву, пачалі каваць малатамі распаленае жалеза — у хлопцы нібы прачнуўся новы дух. Звон металу, рытмічны гук, песня, што ажно адгукалася ў лесе рэхам, — усё гэта захапіла Антэка... Здавалася, што ў сэрцы яго нябесныя анёлы нацягнулі некалькі струн, невядомых іншым мужыцкім дзецям, і струны тыя азваліся толькі сёння — ад подыху мяхоў, грукату малатоў і пырскання іскр з жалеза.

Ах, які з яго быў бы ўдалы каваль, а можа, і што-небудзь больш!.. Бо хлопец, хоць новая работа вельмі падабалася яму, думаў усё пра свае ветракі.

Каваль, новы Антэкаў апякун, чалавек быў — так сабе. Каваў жалеза і пілаваў яго так, што не скажаш, ці дрэнна, ці добра. Часамі лупіў хлопцаў, ажно тыя пухлі, а найбольш клапаціўся пра тое, каб яны не лішне хутка авалодвалі майстэрствам. Бо такі юнец, закончыўшы вучобу, мог пад бокам у роднага майстра адкрыць сваю кузню, а тады ўжо старайся, каб не горш за яго працаваць!..

Трэба ведаць, што ў майстра быў яшчэ адзін звычай.

На другім канцы вёскі жыў вялікі кавалёў прыяцель — солтыс, які штодня працаваў як усе людзі, а ўжо калі яму перападала што-небудзь па службе, праходзіў каля кузні ў карчму. Бывала так раз ці два разы на тыдзень.

Ідзе сабе солтыс з заробленай капейчынай і хоцькі-няхоцькі збочвае ў кузню.

— Пахвалёны! — гукае кавалю цераз парог.

— Пахвалёны! — адказвае каваль. — Як там у полі?

— Нішто сабе, — кажа солтыс. — А як у вас у кузні?

— Нішто сабе, — кажа каваль. — Дзякуй богу, што вы хоць раз вылезлі з хаты.

— Яно так, — згаджаецца солтыс. — Нагаварыўся ў той канцылярыі, дык трэба хоць трохі зубы прапаласкаць. Можа, і вы пайшлі б з гэтага пылу?

— Пайду, вядома ж, здароўе перш за ўсё, — адказваў каваль і, не зняўшы фартуха, ішоў з солтысам у карчму.

А як толькі ўжо ён выходзіў, хлопцы маглі спакойна тушыць горан. Каб і работа была найпільнейшая, каб і свет валіўся, ані майстар, ані солтыс да вечара не выйдуць з карчмы, хіба што солтыса раптам выклічуць па службе.

Толькі апоўначы яны вярталіся дахаты.

Звычайна солтыс вёў каваля пад руку, а той нёс бутэльку «паласкання» назаўтра. На другі дзень солтыс быў зусім цвярозы і гаспадарыў ажно да другога службовага заработку, а каваль усё заглядаў у прынесеную бутэльку, пакуль не пакажацца дно, і такім чынам з аднаго маху адпачываў два дні.

Паўтара года Антэк дзьмуў мехам, не робячы ў кузні, здаецца, больш нічога, і паўтара года майстар з солтысам рэгулярна паласкалі зубы ў карчме. А потым здарыўся такі выпадак.

Солтыс і каваль сядзелі сабе толькі за другою чаркай, а тут раптам прыбеглі сказаць, што хтосьці павесіўся. Солтыса сілай выцягнулі з-за стала, а каваль, не маючы адпаведнай кампаніі, павінен быў спыніць паласканне. Ён купіў неабходную пляшку і памаленьку падаўся з ёю дахаты.

А тым часам адзін гаспадар прыйшоў да кузні з канём — падкаваць.

Убачыўшы яго, кавалёвы вучні сказалі:

— Майстра няма, на паласканні з солтысам!

— А што, з вас ніводзін не падкуе каня? — нездаволена спытаўся гаспадар.

— Дзе там мы падкуём! — адказаў найстарэйшы вучань.

— Я падкую вам, — раптам азваўся Антэк.

Топячыся, хапанеш і за брытву, — дзядзька згадзіўся з такой прапановай, хоць і не вельмі верыў, а да таго ж і вучні пачалі пакепліваць з Антэка.

— Бачылі яго, карантыша! — гаварыў найстарэйшы. — Молата ў руцэ не трымаў, толькі дзьмуў ды падсыпаў вуголле, а тут бярэцца каня падкаваць!..

Аднак, як аказалася, молат у Антэкавай руцэ бываў, бо, узяўшыся за работу, хлопец неўзабаве выкаваў некалькі вухналёў і падкову. Праўда, падкова выйшла завялікая і не надта спраўная, а ўсё ж вучні паразяўлялі раты.

А ў той момант надышоў і сам майстар. Яму расказалі, што тут да чаго, паказалі падкову і вухналі.

Каваль агледзеў іх і ажно вочы свае чырвоныя працёр.

— А дзе ж гэта ты, зладзюга, так навучыўся? — спытаўся ён у Антэка.

— Ды ў кузні, — адказаў хлопец, задаволены пахвалой. — Калі пан майстар ішоў на паласканне, а яны — хто куды, я сабе выкоўваў розныя рэчы з волава, а то і з жалеза.

Майстар так разгубіўся, што нават забыўся адлупцаваць Антэка за псаванне матэрыялу і струманту. Ажно да жонкі пайшоў параіцца, у выніку чаго хлопца з кузні перавялі на гаспадарку.

— Залішне ты галавасты, мой дарагі! — сказаў каваль. — Навучышся ўсяго за тры гады і ўцячэш. А маці ж цябе аддала мне служыць шэсць гадоў.

Антэк яшчэ паўгода быў у каваля. Капаў агарод, калоў дровы, калыхаў дзяцей, а ў кузню і парога не пераступіў. Тут ужо яго пільнавалі старанна: і каваль, і каваліха, і хлопцы. Нават родная маці і кум Анджэй, даведаўшыся пра майстраву пастанову, не маглі запярэчыць. Згодна з дамоўленасцю і заведзеным парадкам хлопец толькі пасля шасці гадоў службы меў права сёе-тое кеміць у кавальскай справе. А што ён надта быстры і сам па сабе навучыўся каваць за адзін толькі год, дык тым горш для яго!

Само сабою, Антэку жыццё такое надакучыла.

«Калі ўжо мне грады капаць ды дровы калоць, дык лепш рабіць гэта ў маці».

Так ён думаў і тыдзень, і месяц. Вагаўся. Але нарэшце ўцёк ад каваля, вярнуўся дахаты.

Два гэтыя гады пайшлі яму, аднак, на карысць. Хлопец вырас, узмужнеў, уведаў трохі больш людзей, чым у сваёй даліне, а перш за ўсё пачаў лепш разбірацца ў рамесніцкім струманце.

Цяпер ён, седзячы дома, дапамагаў часамі ў гаспадарцы, але больш за ўсё рабіў свае машыны і выразаў фігуры. Ды ўжо апроч ножыка было ў яго і долатца, і напільнік, і свярдзёлачак, і валодаў ён імі так майстравіта, што некаторыя з яго вырабаў пачаў купляць карчмар Мордух. Навошта?.. Антэк пра гэта не ведаў, хоць ягоныя ветракі, хаты, адмысловыя скрынкі, святыя і разныя люлькі разыходзіліся па ўсёй ваколіцы. Людзі дзівіліся таленту невядомага самавука, нядрэнна плацілі за тыя вырабы Мордуху, а пра хлопца ніхто і не пытаўся, тым больш ніхто не думаў пра тое, каб памагчы яму.

Ніхто ж не даглядае палявых кветак, груш-дзічак і вішань, хоць нібы і вядома, што калі пастарацца, дык з іх было б значна болей карысці?..

Тым часам хлопец рос, а дзеўкі і жанчыны ўсё больш ды больш ласкава прыглядаліся да яго і гаварылі паміж сабою:

— Прыгожы, чорт, ох і прыгожы!

І сапраўды, Антэк быў прыгажун. Стройны, спрытны, не гнуўся, як мужыкі, рукі якіх звісаюць, а ногі ледзь валакуцца пасля цяжкай працы. Твар яго быў таксама не такі, як у іншых, а з вельмі правільнымі рысамі, свежы, разумны. Светлыя валасы кучаравіліся, бровы былі чорныя, а вочы цёмна-сінія, летуценныя.

Мужчын здзіўляла ягоная сіла і абурала гультайства. А жанчын больш прыцягвалі вочы.

— Толькі чарцяка зірне на цябе, — гаварыла адна, — дык аж мурашкі пойдуць па целе. Такі яшчэ маладзенькі, а ўжо глядзіць, як сталы шляхціц!..

— І не тое! — запярэчыла баба другая. — Глядзіць ён звычайна, як недарослы, але такімі ж салодкімі вачыма, што ажно цябе разбірае. Я гэта добра ведаю!..

— А я яшчэ лепш, — не згаджалася першая. — Я ж у паноў служыла...

А пакуль жанчыны спрачаліся пра Антэкавы вочы, ён і ў той бок не глядзеў. Для яго добры напільнік значыў пакуль што куды больш, чым самая найпрыгажэйшая жанчына.

Тым часам войт, стары ўдавец, які ўжо дачку ад першай жонкі выдаў замуж, а ад другое жонкі меў некалькі малых дзяцей, узяў ды ажаніўся трэці раз. А паколькі лысым заўсёды шанцуе, жонку знайшоў ён сабе за Віслай маладую, прыгожую і багатую.

Калі такая пара стала перад алтаром, людзі пачалі смяяцца, нават і ксёндз паківаў галавой, што так яны дапасаваліся.

Войт тросся, як стары жабрак, выпушчаны з бальніцы, і быў не надта сівы толькі таму, што галава яго была лысая, як гарбуз. Затое войціха была агністая. Спрэс цыганка з вішнёва-чырвонымі, трохі растуленымі вуснамі, з чорнымі вачыма, у якіх палала яе маладосць.

Пасля вяселля войтаў дом, звычайна ціхі, вельмі ажывіўся, бо госці ішлі як на змену. То стражнік, у якога з'явілася значна больш спраў у гміне; то пісар, які, нібы не нацешыўшыся войтам у канцылярыі, яшчэ і дома наведваў яго; то казённыя леснікі, якіх дагэтуль у вёсцы амаль што не бачылі. Нават сам прафесар, атрымаўшы месячную плату, шпурнуў у куток стары кажух і прыбраўся так, што сёй-той пачаў называць яго «вяльможным панам дзедзіцам».

І ўсе тыя стражнікі, леснікі, пісары і настаўнікі звалакаліся да войціхі, як пацукі ў млын. Толькі адзін зойдзе ў хату, ужо другі стаіць за плотам, трэці валачэцца з канца вёскі, а чацвёрты круціцца каля войта. Пані гаспадыня рада была гасцям, да ўсіх смяялася, усіх карміла і паіла. А то часамі і за чупрыну каторага натузае, нават і адлупцуе, бо настрой яе лёгка мяняўся.

Нарэшце, пасля гэтай паўгадовай весялосці, пачало трохі цішэць. Адным гасцям напрыкрала, другіх войціха прагнала, і толькі стараваты прафесар, сам дрэнна харчуючыся і морачы голадам сваю гаспадыню, за кожную месячную плату купляў сабе нейкую фінціклюшку да гарнітура і сядзеў у войціхі на парозе (бо з хаты яго выганялі) або лаяўся ды ўздыхаў па заплоцці.

Аднойчы ў нядзелю Антэк, як звычайна, пайшоў з маткай і братам на імшу. У касцёле было ўжо цесна, але для іх знайшлося яшчэ трохі месца. Маці ўкленчыла сярод жанчын направа, Антэк з Войткам сярод мужчын налева, і кожны маліўся, як умеў. Спачатку святому ў вялікім алтары, пасля таму, што над ім вышэй, потым ужо тым, што ў бакавых алтарах. Маліўся за бацьку, якога прыціснула дрэвам, і за сястру, з якое захутка выйшла ў печы хвароба, і за тое, каб літасцівы пан бог і яго святыя з алтароў далі яму шчасце ў жыцці, калі на тое будзе іх ласка.

Антэк ужо чацвёрты раз узапар паўтараў свае пацеры і тут раптам адчуў, што хтосьці наступіў яму на нагу і цяжка абапёрся на плячук. Хлопец узняў галаву. Праціскаючыся цераз натоўп, над ім стаяла войціха, смуглявая з твару, расчырванелая, задыханая ад спешкі. Апраналася яна па-сялянску, а з-пад хусткі, якая звісала з плячэй, відаць была кашуля з тоненькага палатна і шнуры бурштынавых ды каралавых бусаў.

Яны зірнулі ў вочы адно аднаму. Яна — не здымаючы рукі з яго пляча, а ён... Ён кленчыў, глядзеў на яе, як на цудоўную з'яву, баючыся паварушыцца, каб яна не знікла.

Людзі пачалі шаптацца:

— Адсуньцеся, кума, пані войціха ідуць...

Кумы рассунуліся, і войціха пайшла далей, аж да вялікага алтара. Ідучы, яна як быццам спатыкнулася і зноў зірнула на Антэка, а хлопца ад таго позірку нібы гарачым абліло. Пасля яна села на лаўцы і пачала маліцца па кніжцы, час ад часу ўздымаючы галаву і азіраючыся на бакі. А калі пры ўзняцці святых дароў у касцёле стала ціха-ціхутка і набожныя людзі ўпалі ніцма, яна згарнула малітвеннік і зноў павярнулася да Антэка, пранізаўшы яго сваім агністым позіркам. На яе цыганскі твар і пацеркі з акна ўпала святло, і хлопцу яна здалася святой, перад якою людзі моўкнуць і падаюць на калені.

Пасля імшы людзі тлумна пайшлі дахаты. Войціху акружылі пісар, настаўнік і вінакур з трэцяй вёскі, і Антэк ужо не змог пабачыць яе.

Дома маці паставіла хлопцам выдатны крупнік, забелены малаком, і вялікія пірагі з кашай. Але Антэк, хоць і любіў гэта, еў як не сваім ротам. Потым сабраўся і пайшоў у горы і, лёгшы на найвышэйшым узгорку, глядзеў адтуль на войтаву хату. Але бачыў ён толькі страху ды сіняваты дымок, што плыў паволі з пабеленага коміна. І вось зрабілася яму чамусьці так сумна, што хлопец затуліўся тварам у старую сярмягу і заплакаў.

Упершыню ў жыцці ён адчуў сваю галечу. Іхняя хата была найбяднейшая ў вёсцы, а поле найгоршае. Маці, хоць і гаспадыня, павінна была працаваць батрачкай і апраналася амаль што ў рыззё. На яго самога ў вёсцы глядзелі як на пустадомка, які немаведама чаму есць чужы хлеб. А колькі ж яго білі, колькі нават сабакі кусалі!..

Як жа далёка было яму да настаўніка, да вінакура, нават да пісара, якія маглі, хто калі хоча, заходзіць у войтаву хату і гаварыць сабе з войціхай. А яму шмат не трэба. Каб толькі яшчэ адзін раз, адзіны і апошні ў жыцці раз яна абаперлася на яго плячо і зірнула ў вочы, як тады, у касцёле. Бо ў позірку яе мільганула штосьці дзіўнае, штосьці як маланка, ад якое на нейкі момант раскрываюцца нябесныя глыбіні, поўныя таямніцаў. Калі б іх нехта добра агледзеў, дык убачыў бы ўсё, што ёсць на гэтым свеце, быў бы багаты, як кароль.

У касцёле Антэк добра не прыгледзеўся да таго, што мільганула ў вачах войціхі. Быў не падрыхтаваны, аслеплены і прапусціў шчаслівую нагоду. Каб жа яна яшчэ раз калі-небудзь хоць раз захацела зірнуць на яго!..

Дзіўна здавалася хлопцу, што шчасце праляцела міма, і ён страшэнна затужыў па ім. Соннае сэрца прачнулася ў ім і пачало ў пакутах нібы пацягвацца.

Свет здаўся яму цяпер зусім іншым. Даліна была зацесная, горы занізкія, а неба — ці не апусцілася, бо, замест таго каб прыцягваць яго, пачало прыгнятаць. Хлопец спусціўся з гары захмялелы, немаведама як апынуўся на беразе Віслы і, гледзячы ў яе вірлівыя хвалі, адчуў, што нешта цягне яго да іх.

Любоў, якое ён нават не ўмеў назваць, апала на яго, як навальніца, узняла ў душы страх, жаль, здзіўленне... Ды хіба ж ведаў ён, што больш?

З гэтага часу Антэк кожную нядзелю хадзіў у касцёл і з хваляваннем чакаў войціху, спадзеючыся, што яна, як той раз, паложыць руку на яго плячо і зазірне яму ў вочы. Аднак здарэнні не паўтараюцца, ды, зрэшты, увагу войціхі поўнасцю займаў цяпер вінакур, мужчына малады і здаровы, які ажно з трэцяй вёскі прыязджаў... на набажэнства.

Тады да Антэка прыйшла асаблівая задума. Ён вырашыў зрабіць прыгожы крыжык і падарыць яго войцісе. Можа, тады яна паглядзіць на яго і, можа, вылечыць з тугі, што сушыць яго сэрца.

За іхняй вёскай, на ростані дарог, стаяў дзіўны крыж. Ад самага нізу яго абвівала павітуха. Трошкі вышэй былі драбінкі, кап'ё і цярновая карона, а на самым версе да перакладзіны крыжа была прыбіта адна Хрыстова рука, бо рэшту фігуры хтосьці ўкраў — відаць, на чары. Гэты крыж Антэк узяў сабе за мадэль.

Стругаў той крыжык, перарабляў, зноў браўся нанава, стараючыся, каб ён быў прыгожы, дастойны войціхі.

Тым часам на вёску напала няшчасце. Вісла разлілася, прарваўшы плаціну, і знішчыла надрэчныя палі. Людзі нямала страцілі, але найбольш дык Антэкава маці. У хаце яе з'явіўся нават голад. Трэба было ісці на заработкі; хадзіла яна, бедная, і сама, і Войтуся аддала ў пастухі. Ды гэтага было мала. Антэк, які не любіў гаспадарскае працы, стаў для маці сапраўдным цяжарам.

Бачачы гэта, стары Анджэй пачаў налягаць на Антэка, каб той ішоў у людзі.

— Ты ж хлопец быстры, дужы, спрытны да рамяства, ідзі ты да гарадскіх. Там чаго-небудзь навучышся, і матцы будзе дапамога, а тут ты апошні кавалак хлеба ад рота ў яе адымаеш.

Антэк ажно збялеў ад думкі, што прыйдзецца пакінуць вёску, не пабачыўшы хоць раз войціху. Разумеў, аднак, што інакш нельга, і толькі папрасіў даць яму некалькі дзён.

За гэты час ён з падвойнай стараннасцю выразаў свой крыжык і выразаў яго вельмі хораша, з павітухай унізе, з прыладамі катавання і божай рукой пры левай перакладзіне. Аднак, скончыўшы работу, аніяк не адважваўся пайсці ў войтаву хату і перадаць свой дар гаспадыні.

Маці тым часам палапіла яго вопратку, пазычыла ў Мордуха рубель на дарогу, дастала хлеба і сыра ў кайстру, наплакалася. А Антэк усё ацягваўся, з дня на дзень адкладаў свой выхад.

Гэта апрыкрала Анджэю, і той аднойчы ў суботу выклікаў Антэка з хаты і сурова сказаў яму:

— Ну, калі ж ты, хлопча, апомнішся? Хочаш, каб праз цябе маці з голаду ды з працы памерла? Яна ж сваімі старымі рукамі не пракорміць сябе і такую дубіну, як ты, што цэлымі днямі лынды б'е!..

Антэк схіліўся да ног старому:

— Пайшоў бы я ўжо, дзядзька Анджэй, але ж мне вельмі шкада сваіх пакідаць!

Не сказаў, аднак, каго яму шкада найбольш.

— На табе! — крыкнуў Анджэй. — Ты што, малое пры грудзях, што без маці не абыдзешся? Хлопец ты добры, нічога не скажаш, але сядзіць у табе нейкі гультай, ці што, які да сівых валасоў не злазіў бы з матчынага карку. І таму я скажу табе: заўтра святая нядзеля, усе мы будзем свабодныя і правядзём цябе. Дык вось, пасля імшы папалуднуеш і пойдзеш. Даўжэй тут няма чаго склаўшы рукі сядзець. Ты сам найлепш ведаеш, што я гавару табе праўду.

Збянтэжаны Антэк вярнуўся ў хату і сказаў, што ён ужо заўтра пойдзе ў свет шукаць работы і навукі. Бедная жанчына, глытаючы слёзы, пачала збіраць яго ў дарогу. Дала яму старую кайстру, адзіную ў хаце, і зрэбную торбу. У кайстру паклала трохі яды, а ў торбу напільнікі, малаток, долатцы і іншыя прылады, якімі Антэк столькі год ужо вырабляў свае цацкі.

Настала ноч. Антэк лёг на цвёрдай лаве і не мог заснуць. Прыўзняўшы галаву, глядзеў ён, як на камінку дагарае жар, слухаў далёкі сабачы брэх і цвырканне коніка ў хаце, бо конік стараўся таксама, як тыя, што над самотнай магілай яго сястры Разаліі.

Пасля пачуўся яшчэ нейкі шолах у кутку. Гэта бяссонная маці плакала цішком...

Антэк накрыўся сярмягаю з галавой.

Сонца стаяла высока, калі ён прачнуўся. Маці ўжо корпалася, дрыготкімі рукамі прыстаўляла да агню гаршкі.

Пасля яны селі за стол, паснедалі трохі і пайшлі ў касцёл.

У Антэка на грудзях пад сярмягай быў яго крыжык. Раз-поразу ён прыціскаў яго, неспакойна азіраючыся, ці не відно дзе войціхі, і думаў з трывогай, як аддасць ёй свой падарунак.

Войціхі ў касцёле не было. Хлопец, укленчыўшы на сярэдзіне, машынальна маліўся, не разумеючы таго, што гаварыў. Ігра аргана, спеў людзей, трэлі званочкаў і свая пакута зліліся ў яго душы ў адну вялікую завіруху. Яму здавалася, што ўвесь свет скаланецца ад таго, што вось ён хутка пакіне і гэтую вёску, і касцёл, і ўсіх, каго палюбіў.

Але на свеце было спакойна, толькі ў душы яго кіпеў балючы жаль.

Раптам арган замоўк, а людзі схілілі галовы. Антэк ачомаўся, зірнуў навокал. Як тады, і цяпер было ўзняцце святых дароў, і, як тады, на лаўцы перад вялікім алтаром сядзела войціха.

Хлопец крануўся са свайго месца і праз людскую цясноту папоўз на каленях да тое лаўкі, спыніўшыся толькі ля ног войціхі. Палез за пазуху, дастаў крыжык. Ды тут яго пакінула ўсякая смеласць, мову нібы зусім адняло. Замест таго, каб аддаць крыжык той, для каго выразаў яго некалькі месяцаў, ён узяў ды павесіў сваю работу на цвіку, убітым у сцяну каля лаўкі. У гэты момант ён ахвяраваў богу драўляны крыжык, а разам з ім сваю патайную любоў і цьмяную будучыню.

Войціха пачула шамаценне і з цікавасцю зірнула на хлопца, як і тады. Ды ён нічога не бачыў, бо вочы яго зайшліся слязамі.

Пасля імшы маці з дзецьмі вярнулася дахаты. Толькі паспелі з'есці бульбяны суп і трохі клёцак, як увайшоў кум Анджэй і, павітаўшыся, сказаў:

— Ну, хлопча, збірайся! Ісці дык ісці.

Антэк падперазаў сярмягу раменьчыкам, торбу з начыннем перавесіў цераз адно плячо, кайстру цераз другое. Калі ўжо ўсе сабраліся выходзіць, ён укленчыў, перахрысціўся і пацалаваў хатні ток, як падлогу ў касцёле. Потым маці ўзяла яго за адну руку, брат Войтусь за другую, і, нібы маладога да шлюбу, найраднейшыя павялі яго на парог вялікага свету. Стары Анджэй валокся за імі.

— На табе, Антэк, рубель, — сказала маці, сунуўшы хлопцу ў руку анучку з медзякамі. — Не купляй ты, дзіця маё, за гэтыя грошы нічога такога, чым выразаць, але схавай капейчыну на чорны дзень, калі табе есці захочацца. А як калі заробіш нейкі грош, дык закажы малебен, каб табе бог святы дапамог.

І так паволі ішлі яны ярам угару, пакуль ажно вёска не знікла з вачэй; толькі з карчмы далятаў ціхі голас скрыпкі і бухканне бубна са званочкамі. Потым і гэта сціхла; яны выйшлі на ўзгорак.

— Ну, будзем вяртацца, — сказаў Анджэй. — А ты, хлопча, ідзі сабе па дарозе ды пытайся, дзе горад. Бо табе не ў вёсцы жыць, а ў горадзе, дзе людзі ахватнейшыя да малатка, чым да плуга.

Удава папрасіла, плачучы:

— Куме Анджэй, давайце ўжо давядзём яго да святое фігуры, дзе можна блаславіць.

А потым разбедавалася:

— А ці чуў гэта хто калі-небудзь, каб родная маці дзіця сваё вяла на пагібель? Праўда, ішлі ад нас хлопцы ў войска, але ж там гэта з мусу. Хто ж гэта бачыў калі, каб хто па сваёй ахвоце пакідаў вёску, дзе нарадзіўся і дзе яго прыме святая зямелька. Ой, доля мая, долечка! Я ўжо трэцяга з хаты праводжу, а сама ўсё жыву!.. А грошы ты, сынку, схаваў?

— Схаваў, матуля.

Дайшлі да фігуры і пачалі развітвацца.

— Куме Анджэй, — гаварыла, плачучы, удава, — вы столькі свету пабачылі, вы ж і ў брацтве касцельным, блаславіце гэтага сірату, ды добранька, каб яго пан бог бярог.

Анджэй паглядзеў на зямлю, прыгадаў малітву за падарожных, зняў шапку і палажыў яе пад фігурай. Тады ўзняў у неба абедзве рукі і, калі ўдава з сынам пакленчылі, пачаў:

— О, божа святы, ойча наш, што вывеў свой народ з зямлі егіпецкай і з горкай няволі, што кожнаму стварэнню, якое рухаецца, даеш яду, што птушкі паветраныя да іхніх спрадвечных гнёздаў вяртаеш, цябе мы просім, май ты ласку да гэтага падарожнага, беднага і засмучанага! Апякуйся над ім, святы наш божа, у прыгодах ліхіх пацяшай, ад хваробы ратуй, у голадзена кармі і ў няшчасці не пакідай. Май, божа, ласку да яго сярод чужых людзей, так як быў ты ласкавым да Тобія і Юзэфа. Будзь яму бацькам і маткай. Праваднікамі дай яму святых анёлаў тваіх, а калі ён даможацца таго, што задумаў, — вярні яго шчасліва ў нашу вёску, у родную хату.

Так маліўся мужык у святыні, дзе пахлі палявыя кветкі, спявалі птушкі, дзе ў даліне вілася, паблісквала Вісла, а стары крыж над імі шырока раскрыў свае рукі.

Антэк пакланіўся матулі ў ногі, тады пакланіўся Анджэю, пацалаваў брата і — пайшоў па дарозе.

Недалёка ён адышоўся, калі ўдава гукнула ўслед:

— Антэк!

— Што, матуля?

— А калі табе будзе там дрэнна ў чужых, ты вяртайся да нас... Блаславі цябе бог!

— Аставайцеся з богам! — адказаў хлопец.

Зноў прайшоў трохі наперад, і зноў сумная маці гукнула:

— Антэк!.. Антэк!..

— Што, матуля? — спытаўся хлопец.

Голас яго даходзіў ужо слабей.

— Не забывайся нас, сынок! Блаславі цябе бог!..

— Аставайцеся з богам!

І ён ішоў, ішоў, ішоў, як той юнак, што выбраўся па скарб, аплочаны яго душой. І, нарэшце, схаваўся за ўзгоркам. На полі чуўся толькі плач няшчаснай маці.

Пад вечар неба зацягнулася хмарамі і пайшоў дробны дождж. Але таму, што хмары былі рэдкія, сонца на захадзе прасвяцілася цераз іх. Здавалася, што над шэрым полем і над гразкай, гліністай дарогай уздымаецца залатое скляпенне з жалобнаю павалокай.

Па гэтым полі, шэрым і ціхім, без аніводнага дрэва, па гразкай дарозе паволі валокся стомлены хлопец у шэрай сярмязе, з кайстрай і торбай за плячыма.

Здавалася, што ў глыбокім маўчанні кроплі дажджу напяваюць тужлівую мелодыю вядомай песні:

 

Там, дзе ў полі даліна,

Там ідзе наш хлапчына,

Ціха песню спявае,

Дождж яму памагае...

 

Можа, вы калі-небудзь спаткаеце вясковага хлопца, які шукае заработку і такой навукі, што дома яе не знайшоў. У вачах яго вы ўбачыце як быццам водбліск неба, якое глядзіцца ў люстра спакойнай вады; у думках яго вы знойдзеце наіўную прастату, а ў сэрцы патаемную і амаль несвядомую любоў.

Дапамажыце таму дзіцяці. Гэта наш меншы брат Антэк, якому ў роднай вёсцы стала зацесна, і ён пайшоў у свет, даверыўшыся божай ласцы і чалавечай дабрыні.




Крыніца: Prus B. Wybór pism w 10 t., t. 2, 3. Pańtstwowy instytut wydawniczy. Warszawa, 1974.
Пераклад: Янка Брыль

Беларуская Палічка: http://knihi.com