Баляслаў Прус

Грахі маленства

Я нарадзіўся ў эпоху, калі кожны чалавек павінен быў мець мянушку, няхай сабе не заўсёды адпаведную.

Па гэтай прычыне нашу пані-памешчыцу называлі графіняй, майго бацьку яе ўпаўнаважаным, а мяне рэдка калі Казікам або Ляснеўскім, аднак даволі часта свавольнікам, пакуль я быў дома, або аслом, калі пайшоў у школу.

Прозвішча нашай пані дарма было б шукаць у слоўніку арыстакратычных сем'яў, і таму мне здаецца, што бляск яе графскай кароны не даходзіў далей за важнасць майго нябожчыка бацькі, пана ўпаўнаважанага. Прыгадваю нават, што тытулам графіні бацька, зямля яму пухам, ушанаваў яе ад радасці, калі яго зарплата была павышана на сто злотых у год. Наша пані моўчкі прыняла ахвяраваную ёй годнасць, а праз некалькі дзён бацька падрос з аканома на ўпаўнаважанага і атрымаў замест дыплома нечувана вялікага парсюка, прадаўшы якога, купіў мне боты.

Бацька, я і мая сястра Зося (бо маці ўжо не было) жылі ў мураваным флігелі, што называўся афіцынай, некалькі крокаў ад палаца. А палац займала пані графіня з дачушкай Лёняй, маёй равесніцай, з яе гувернанткай, са старой ключніцай Салюсяй і мноствам розных пакаёвак ды служанак. Дзяўчаты гэтыя цэлымі днямі шылі, з чаго я зрабіў вывад, што вялікія пані існуюць на тое, каб дзерці вопратку, а дзяўчаты - каб рамантаваць яе. У іншым прызначэнні вялікіх паняў і бедных дзяўчат я зусім не разбіраўся, і, на бацькаву думку, гэта было ў мяне адной станоўчай якасцю.

Пані графіня была маладой удавой, якую муж даволі рана кінуў у бездань няўцешнага смутку. Наколькі мне помніцца, нябожчыка ніхто не называў графам, а ён - нікога ўпаўнаважаным. Затое суседзі, з незвычайным у нашай мясцовасці аднадумствам, называлі яго прыдуркам. У кожным выпадку, чалавек ён быў незвычайны. Загнаў не аднаго верхавога каня, вытаптаў сваімі паляваннямі не адно сялянскае поле, а суседзяў не раз выклікаў на паядынак з-за сабакі ці зайца. Дома жонка пакутавала ад яго рэўнасці, а чэлядзь ад доўгага, смярдзючага цыбука. Пасля смерці гэтага арыгінала верхавікі яго сталі вазіць гной, сабак пані параздавала. А свет у спадчыне па ім атрымаў малую дачушку і маладую ўдаву. Ах, выбачайце, - застаўся яшчэ жывапісны партрэт, дзе нябожчык намаляваны быў з гербавай пячаткай на пярсцёнку, і той смярдзючы цыбук, які ад няправільнага карыстання выгнуўся, як турэцкая шабля.

Палаца я амаль не ведаў. Перш за ўсё таму, што куды лепш было гойсаць па полі, чым падаць на слізкім паркеце, а яшчэ і па той прычыне, што ў палац мяне не пускала чэлядзь, бо калі я прыйшоў туды першы раз, дык, на бяду сваю, разбіў вялікую саксонскую вазу.

З малою графінькай, пакуль я не пайшоў у школу, мы гулялі адзін толькі раз, калі нам было амаль па дзесяць гадоў. Пры нагодзе мне захацелася навучыць яе майстэрству лазіць па дрэвах, я пасадзіў яе на весніцы такім чынам, што дзяўчынка залямантавала на ўвесь свет, за што яе гувернантка адхвастала мяне сінім парасонам, прыгаворваючы, што так я мог абяздоліць Лёню на ўсё жыццё.

З таго часу я адчуваў агіду да малых дзяўчынак, ніводная з якіх не магла ні лазіць па дрэвах, ні купацца са мной у сажалцы, ні ездзіць верхам, ні страляць з лука або з рагаткі. А ўжо калі пачыналася бойка - бо што гэта за гульня без бойкі! - амаль кожная разрумзаецца і бяжыць каму-небудзь паскардзіцца.

Паколькі бацька не дазваляў мне гуляць з дваровымі хлапчукамі, а сястра цэлымі днямі прападала ў палацы, я рос, гадаваўся адзін, як драпежнае птушаня, пакінутае бацькамі. Я купаўся каля млына або ў дзіравым чоўне плаваў па сажалцы. У парку з кашэчым спрытам ганяў па голлі вавёрак. Аднойчы мой човен перакуліўся і я ледзь не цэлы дзень прасядзеў на плывучай купіне, не большай за балею. Другім разам я вылез праз слухавое акно на дах палаца, але так мне тады не пашанцавала, што прыйшлося звязаць двое драбін, каб зняць мяне адтуль. Іншым разам я цэлыя суткі праблукаў па лесе, а яшчэ раз стары верхавік нябожчыка пана, прыгадаўшы сваю маладосць, з гадзіну насіў мяне па полі, пакуль - відаць, нехаця - не скінуў так, што я зламаў нагу, якая, зрэшты, даволі хутка зраслася.

Не маючы з кім жыць, я жыў з прыродай. У парку ведаў кожны мурашнік, у полі кожную хамяковую нару, у агародзе кожную кратову сцежку. Ведаў я, дзе птушыныя гнёзды, дзе дуплы, у якіх гадуюцца вавёрачкі. Я распазнаваў шамаценне кожнай ліпы каля дома і ўмеў перадаць сваім голасам тую музыку, якую вецер напяваў у голлі дрэў. У лесе я часамі чуў нейкую ўрачыста вечную хаду, хоць і не ведаў, хто гэта ступае. Углядаўся я ў мігаценне зорак, гутарыў з начною цішынёй і, не маючы каго цалаваць, цалаваў дваровых сабак. Маці мая даўно спачывала ў зямлі. Ужо нават пад каменем, што прыціскаў яе, утварылася адтуліна, якая даходзіла, відаць, у самую магілу. Неяк мяне за штосьці адлупцавалі, і я пайшоў туды, клікаў яе і прыслухоўваўся, ці не адкажа... Але яна маўчала. Мусіць, памерла сапраўды.

У той час я ствараў самому сабе першае разуменне людзей і іхніх узаемаадносін. У маім уяўленні, напрыклад, упаўнаважаны абавязкова мусіў быць таўставатым, румяным, з абвіслымі вусамі, над сівымі вачамі ў яго - вялікія бровы, голас басавіты і грымучы, як у майго бацькі. Асобу, што называецца графіняй, не мог я ўявіць інакш, чым высокай дамай з прыгожьта тварам і сумнымі вачыма, якая ходзіць па парку моўчкі, у белай сукні, што валачэцца па зямлі.

Затое пра чалавека, у якога тытул графа, я не змог бы нічога сказаць. Такі чалавек, калі б ён нават і існаваў, здаваўся мне рэччу менш значнай, чым графіня, нават зусім бескарыснай і непрыстойнай. У маім разуменні толькі ў шырознай сукні з доўгім хвастом магла ўмяшчацца веліч вяльможнасці, а ўсякае адзенне кароткае, абціслае, тым больш складзенае з дзвюх частак, магло служыць толькі пісарчукам, вінакурам, у найлепшым выпадку - упаўнаважаным.

Такой была мая вернападданасць, што апіралася на бацькавых запаведзях, бо ён нястомна наказваў мне адно - любіць і шанаваць пані графіню. Зрэшты, калі б я неяк забыўся пра гэтыя запаведзі, мне варта было толькі цікнуць на чырвоную шафу ў бацькавай канцылярыі, дзе побач з рознымі паперкамі на цвіку вісела пяціпальцая «дысцыпліна», нагайка, увасабленне асноў грамадскага ладу. Яна была для мяне своеасаблівай энцыклапедыяй, гледзячы на якую я прыгадваў, што няможна рваць абутак, тузаць жарабят за хвасты, што ўсякая ўлада ад бога і г. д.

Бацька мой быў нястомны ў працы, бездакорна сумленны, нават вельмі рахманы. Сялян і дваровых нікога нават пальцам не крануў, толькі страшэнна крычаў. Калі ж ён быў крыху засуровы да мяне, дык гэта не без прычыны. Наш арганіст, якому я аднойчы падсыпаў у табаку чэмеру, ад чаго ён усю імшу не мог спяваць, а ўсё чыхаў ды памыляўся на сваім аргане, часта казаў майму бацьку, што каб яму такога сына, як я, дык ён яго застрэліў бы.

Я добра памятаю гэты сказ.

Пані графіню бацька называў анёлам дабрыні. І сапраўды, у яе вёсцы не было людзей галодных, абадраных ці пакрыўджаных. Каго пакрыўдзілі, той ішоў скардзіцца да яе; хто хварэў, у двары давалі лекаў; у каго нарадзілася дзіця - прасіў пані за куму. Мая сястра вучылася разам з графінячкай, а я, хоць і пазбягаў адносін з арыстакратыяй, меў-такі магчымасць пераканацца ў незвычайнай ласкавасці графіні.

У бацькі майго было некалькі відаў зброі, кожны з якіх меў іншае прызначэнне. Вялізная дубальтоўка патрэбна была для забівання ваўкоў, якія душылі цялят нашай пані; крэмневы пісталет мог спатрэбіцца для абароны іншай графінінай маёмасці, а вайсковы палаш - для абароны яе гонару. Сваю маёмасць і гонар бацька, напэўна, абараняў бы цывільным кіем, бо ўвесь той яго баявы рыштунак, месяцаў праз колькі зноў памазаны тлушчам, ляжаў на гарышчы ў такім закутку, што нават я не мог яго знайсці.

Само сабой, я ведаў пра гэтую зброю і проста сох па ёй. Часта мне мроілася, што вось зраблю такі высакародны подзвіг, за які бацька дазволіць мне стрэліць з вялізнага пісталета, а пакуль што - бегаў цішком да леснікоў і вучыўся «смаліць» з іх доўгіх аднастволак, у якіх была такая ўласцівасць, што ад стрэлу даставалася толькі маім сківіцам, а шкоды ніякаму жывому стварэнню не было.

Аднойчы, калі бацька намазваў дубальтоўку, прызначаную на ваўкоў, пісталет - для абароны графінінай уласнасці і палаш - для абароны яе гонару, мне ўдалося ўкрасці жменю пораху, які не меў, як мне здавалася, нейкага пэўнага прызначэння. Калі бацька паехаў у поле, я ўзяў вялізны ключ ад свірна, амаль з такім жа дулам, як і ў стрэльбы, ды яшчэ і з дзіркай збоку, і пайшоў з ім на паляванне.

Вялікі ключ я да палавіны набіў порахам, усыпаў туды шчопці патрушчаных гузікаў ад непрыстойнай часткі вопраткі, затоўк, як належыцца, клоччам, а для самога выбуху прыхапіў карабок запалак.

Толькі я выйшаў за дом - адразу ўбачыў некалькі варон, што палявалі на панскіх качанят. Амаль на вачах у мяне адна з гэтых шкодніц схапіла качаня і, не могучы лёгка панесці яго, прысела на хлеўчуку.

Убачыў я такое, і кроў продкаў ажно закіпела ва мне. Падкраўся да хлеўчука, шмаргануў запалку, нацэліўся ключом у левае вароніна вока, ткнуў агеньчык у тую дзірачку збоку ключа... Гахнула - нібы гром. Са страхі хлеўчука скацілася задушанае качаня, да смерці перапалоханая варона ўцякла на найвышэйшую ліпу, а я са здзіўленнем пераканаўся, што ад вялікага ключа ў руцэ маёй засталося толькі яго вуха, але затое са страхі хлеўчука пачаў паказвацца клубочак дыму, як быццам нехта люльку закурыў.

Праз некалькі хвілін хляўчук, злотых на пяцьдзесят, шугануў у неба полымем.

Пазбягаліся людзі, галопам прыляцеў з поля бацька, пасля чаго ў прысутнасці ўсіх гэтых доблесных ды шаноўных асоб нерухомая маёмасць, як сказаў пан вінакур, «выгарала да самага нутра зямлі».

А са мною тым часам адбывалася несусветнае. Спачатку я пабег у дом і павесіў на сваім месцы вуха разарванага ключа. Тады шыбануў у парк з намерам утапіцца ў сажалцы. Праз некалькі хвілін намер мой карэнным чынам змяніўся, я вырашыў ілгаць, як пісарчук, адмовіцца ад ключа, ад стрэлу і хлеўчука. Калі ж мяне схапілі - адразу да ўсяго прызнаўся.

Павялі ў палац. На тэрасе я ўбачыў бацьку, пані графіню ў павалочыстай сукні, графіньку, апранутую даволі куца, і маю сястру, што плакала разам з графінькай; потым убачыў ключніцу Салюсю, камердзінера, лёкая, буфетнага хлопца, кухара, кухарчука і цэлы рой пакаёвак, швачак і дваровых дзяўчат. Калі я паглядзеў у другі бок - там, за будынкамі, былі верхавіны ліпаў, а трохі далей - жаўтлява-карычневы слуп дыму, што нібы знарок уздымаўся над пажарышчам.

Тут я прыпомніў словы арганіста, які гаварыў, што сына такога застрэліў бы, і зрабіў з гэтага вывад, што калі ўжо да гэтага дойдзе, дык, мусіць, іменна сёння. Спаліў хляўчук, сапсаваў ключ ад свірна; сястра плача, уся служба, у поўным зборы, стаіць перад палацам - як гэта разумець?.. Я глядзеў толькі, ці тут кухар са сваёю стрэльбай, - гэта яго абавязкам было страляць зайцоў і смяротна хворую свойскую жывёлу.

Прывялі мяне да самой пані графіні. Яна паглядзела на мяне сумнымі вачыма, а я, склаўшы рукі назад, бо так прывык машынальна рабіць, стаяў перад бацькам, а галаву задзёр угару, бо пані была высокая.

Так мы і пазіралі адно на аднаго некалькі хвілін. Служба маўчала, а ў паветры пахла гарам.

- Мне здаецца, пане Ляснеўскі, што гэты хлопчык вельмі жывы па характару? - мілагучна сказала пані графіня майму бацьку.

- Лайдак!.. Падпальшчык!.. Сапсаваў такі ключ! - адказаў бацька, а потым хутка дадаў: - На калені, зладзюга ты, перад паняй!..

Ён злёгку падштурхнуў мяне наперад.

- Хочаце забіць, дык забівайце, а я перад нікім не стану на калені! - адказаў я, не зводзячы вачэй з пані, якая зрабіла на мяне дзіўнае ўражанне.

- Ах, мая долечка!.. - зжахнулася, склаўшы рукі, Салюся.

- Супакойся, мой хлопчык, ніхто цябе тут не пакрыўдзіць, - сказала пані.

- Якраз ніхто... Як быццам я не ведаю, што вы мяне застрэліце... Так жа мне абяцаў арганіст! - запярэчыў я.

- Ах, мая долечка!.. - зноў зжахнулася ключніца.

- Старасць маю ганьбіць! - грымнуў бацька. - Скуру здзёр бы з нягодніка і соллю пасыпаў бы, каб пані графіня не ўзяла яго ў абарону.

Кухар, які стаяў у кутку тэрасы, ажно ссінеў ад смеху, прыкрыўшы рот рукою. Я не мог вытрымаць і паказаў яму язык.

Служба зашапацела здзіўлена, а бацька, схапіўшы мяне за плячо, гукнуў:

- Ты гэта што?.. Каля пані графіні - язык салапіць?..

- Я паказаў язык кухару, бо ён думаў, што застрэліць мяне, як старога буланага...

Пані графіня яшчэ больш пасумнела. Адгарнула з майго лба валасы, зблізку паглядзела ў вочы і сказала майму бацьку:

- Хто ведае, пане Ляснеўскі, што яшчэ будзе з гэтага дзіцяці?..

- Шыбенік! - адрэзаў заклапочаны бацька.

- Невядома, - не згадзілася пані, гладзячы мае шорсткія валасы. - Трэба было б у школу яго аддаць, а то здзічэе тут.

Потым яна, адыходзячы ў салон, сказала прыцішана:

- З гэтага матэрыялу будзе чалавек, пане Ляснеўскі... Трэба толькі яго вучыць.

- Будзе па вашай волі, пані графіня! - адказаў бацька, даўшы мне па карку.

Усе пайшлі з тэрасы, а я застаўся, нібы скамянеўшы на месцы, глядзеў на дзверы, у якіх знікла наша памешчыца. Толькі цяпер я з жалем падумаў, што дарма не стаў перад ёю на калені, а ў грудзях мяне штосьці душыла. Калі б яна загадала, я ахвотна лёг бы на пажарышчы хлеўчука і памаленьку спёкся б. Не за тое, што яна не загадала кухару застрэліць мяне або адлупцаваць, але за тое, што ў яе такі салодкі голас, такі журботны позірк.

Пачынаючы з гэтага дня, у мяне было менш свабоды. Пані графіня не хацела страціць у полымі рэшту сваіх будынкаў, бацьку было прыкра, што ён не змог разлічыцца са мной за спалены хляўчук, а мне самому трэба было рыхтавацца паступаць у школу. Вучылі мяне арганіст і вінакур, на змену. Была нават гаворка, што некаторыя прадметы будзе выкладаць гувернантка з палаца. Аднак калі тая дама, пазнаёміўшыся са мной, убачыла, што ў кішэнях маіх поўна нажоў, камення, шроту і пістонаў, так спалохалася, што сустракацца са мной другі раз не захацела.

- Я такім бандытам урокаў не даю, - сказала яна маёй сястры.

А я тады стаў ужо значна сур'ёзнейшы. Толькі аднойчы хацеў паспрабаваць павесіцца. Але трапіўся нейкі іншы занятак, дык я і не зрабіў самому сабе нічога дрэннага.

Нарэшце, у пачатку жніўня мяне завезлі ў школу.

Дзякуючы рэкамендацыйным лістам пані графіні экзамены я паздаваў зусім добра, пасля чаго бацька ўладзіў мяне на кватэру, дзе і харчаванне, і рэпетытар, і сямейная апека ды ўсё іншае за дзвесце злотых і пяць карцоў* натураплаты за год, а таксама справіў мне школьную форму.

* Карэц - даўнейшая мера, каля 129-ці кілаграмаў.

Новая вопратка так спадабалася мне, што я не змог нацешыцца ёю за ўвесь дзень, устаў ціхутка ноччу, упоцемку надзеў мундзір з чырвоным каўняром, шапку з чырвоным аколышам і хацеў пасядзець так некалькі хвілін. Таму, аднак, што ноч была дажджлівая, з дзвярэй трохі цягнула, а я, не лічачы мундзіра і шапкі, быў без нічога, узяў ды задрамаў і праспаў да раніцы ў новай форме.

Такі спосаб начавання развесяліў маіх сябрукоў, але ў гаспадара нашай кватэры абудзіў падазрэнне, што дома ў яго завёўся незвычайны свавольнік. Гаспадар пабег у заезд, дзе спыніўся мой бацька, і сказаў яму, што ні за якія грошы не будзе трымаць мяне на кватэры, хіба што бацька дадасць яму пяць карцаў бульбы на год. Пасля доўгага торгу сышліся на трох карцах, бацька затое развітаўся са мной такім чынам, што я і не шкадаваў, калі ён паехаў, і не сумаваў па доме, дзе мне часцей даводзілася б адчуваць такую самую прыхільнасць.

Мая вучоба ў першым класе не вызначылася якімі-небудзь незвычайнымі падзеямі. Сёння, гледзячы на той час з гістарычнай адлегласці, як вядома, неабходнай для аб'ектыўнага погляду на рэчы, хачу прызнацца, што ў агульных рысах жыццё маё не надта змянілася. У школе трохі даўжэй сядзелася ў закрытым памяшканні, дома - часцей бегалася па вольнай прасторы. Я змяніў цывільную вопратку на школьную форму, а асобы, што працавалі над гарманічным развіццём маіх фізічных і духоўных здольнасцей, замест нагайкі карысталіся розгамі.

Вось і ўсё.

Як вядома, школа, дзе хлопцаў гуртам рыхтуюць да жыцця ў грамадстве, дае ім такія веды, якіх яны не набылі б, гадуючыся паасобку. У гэтым я пераканаўся на першым тыдні вучобы, калі навучыўся майстэрству «адціскаць тварог», для чаго патрэбна па меншай меры тры асобы, якіх не знойдзеш за межамі грамадства.

Толькі цяпер я, нарэшце, адкрыў у самім сабе той сапраўдны талент, прырода якога ахоўвала мяне ад тэарэтычных пошукаў, а штурхала да калектыўнай дзейнасці. Я належаў да першакласных ігракоў у мячык, бываў камандзірам у бойках, наладжваў групавыя прагулы, дырыжыраваў у класе агульным тупатам ці бэканнем, чым мы, усе шэсцьдзесят хлапчукоў, займаліся сяды-тады для адпачынку. Затое, аказаўшыся сам-насам з граматычнымі правіламі, выключэннямі, скланеннямі і спражэннямі, якія, як вядома, з'яўляюцца асновай філасофскага мыслення, я раптам адчуваў у душы нейкую пустату, з глыбіняў якое выплывала санлівасць.

Калі я пры такой здольнасці выкручвацца ад вучобы мог на ўроках адказваць даволі складна, дык гэта толькі дзякуючы моцнаму зроку, які дазваляў мне чытаць з кніжкі, што ляжала на другой ці на трэцяй парце. Здаралася часамі, што я выдаваў зусім не тое, што было зададзена, і тады я хапаўся за стэрэатыпны спосаб апраўдання. Казаў, што добра не пачуў або - спалохаўся.

Наогул быў я вучнем будучыні, не толькі таму, што абуджаў нездаволенасць у старых руцінёраў, а карыстаўся сімпатыяй маладых, але і таму, што добрыя адзнакі па розных прадметах, а разам з гэтым і надзею перайсці ў наступны клас бачыў я толькі ў марах, якія значна апярэджвалі рэчаіснасць.

Мае адносіны з настаўнікамі былі розныя.

Настаўнік лацінскай мовы ставіў мне нягоршыя адзнакі таму, што я стараўся на ўроках гімнастыкі, якія вёў таксама ён. Ксёндз, выкладчык рэлігіі, наогул не ставіў мне адзнак, бо я засыпаў яго мноствам нялёгкіх пытанняў, на якія ў яго быў заўсёды той самы адказ: «Ляснеўскі, стань на калені!» Настаўнік малявання і каліграфіі хваліў мяне як мастак, але ганіў як каліграф; аднак таму, што ў разуменні ягоным майстэрства пісьма было найважнейшым школьным прадметам, у душы сваёй ён галасаваў за каліграфію і ставіў мне «калы» ці «двойкі».

Арыфметыку я разумеў зусім добра, бо выкладалася яна метадам нагляднага навучання - біццём па лапах за няўважлівасць. Настаўнік польскай мовы прарочыў мне выдатную кар'еру, бо я аднойчы нейкім цудам напісаў на яго імяніны верш - пахвалу ягонай суровасці. Адзнакі па іншых прадметах залежалі ад таго, наколькі добра падказвалі мне сябры і ці на той, што трэба, старонцы была раскрыта кніга на пярэдняй парце.

Найбольш блізкія адносіны былі ў мяне з інспектарам. Чалавек гэты так прызвычаіўся выпрошваць мяне на ўроках з класа і да сустрэч са мною пасля заняткаў, што аднойчы шчыра занепакоіўся, чаму гэта я за цэлы тыдзень ні разу не нагадаў яму пра сябе.

- Ляснеўскі! - гукнуў ён, аднойчы сустрэўшы мяне на вуліцы. - Ляснеўскі!.. Ты што - дахаты?..

- А я ж нічога не зрабіў.

- Дык што, сёння цябе не запісалі ў журнал?

- Далібог, не!

- І вывучыў усё?

- Але ж сёння мяне не выклікалі!..

Інспектар задумаўся.

- Штосьці тут не так! - шапнуў ён. - Ведаеш што, Ляснеўскі, ты тут хвілінку пачакай.

- Даражэнькі мой пане інспектар, дык я ж ні ў чым не вінаваты!.. Далібог! Ну далібог жа!..

- Ага - ты божышся, асёл?.. Пайшлі ж, калі так!.. Калі і праўда, што ты нічога не натварыў, дык на наступны раз залічыцца!..

Наогул у пана інспектара ў мяне быў адкрыты крэдыт, і гэта стварыла мне ў школе пэўную папулярнасць, тым больш грунтоўную, што яна ні ў кім не абуджала жадання канкурэнцыі.

У ліку некалькіх дзесяткаў першакласнікаў, адзін з якіх ужо галіў вусы сапраўднай брытвай, трое цэлымі днямі гулялі пад партай у карты, а іншыя былі здаровыя, як кантаністы*, быў калека - Юзя. Хлопчык маленькі на свае гады, гарбаты, благі, з сінім носікам, бледнымі вачыма і гладкімі валасамі. Быў ён такі кволы, што ў дарозе са школы дахаты павінен быў адпачываць, і такі баязлівы, што, калі яго выклікалі адказваць урок, нямеў са страху. Ніколі ён ні з кім не біўся, толькі іншых прасіў, каб яго не білі. Калі яму аднойчы «далі ляшча» па сухой, як кіёчак, руцэ - самлеў, аднак, апрытомнеўшы, не паскардзіўся.

*Кантаніст - салдацкі сын, выхаванец ніжэйшай вайсковай школы.

Ён не быў сірата, але бацька прагнаў маці, а Юзя пакінуў сабе, сам захацеў кіраваць яго вучобай. Сам хацеў праводзіць сына ў школу, разам з ім праходжвацца, падвучваць яго, аднак не рабіў усяго гэтага з-за недахопу часу, які ў яго дзіўна хутка знікаў у Мошкі Ліпы, што гандляваў гарэлкай і аўсяным півам.

Такім чынам у Юзя не было аніякай апекі, а мне часамі здавалася, што на такога мальца нават і бог з неба глядзіць неахвотна.

А грошы ў Юзя ўсё-такі бывалі, па шэсць і па дзесяць грошаў на дзень. За іх ён павінен быў у перапынку купляць сабе дзве булачкі і сасіску. Але таму, што ўсе з яго здзекаваліся і трэба было неяк страхавацца, ён купляў пяць булачак і раздаваў іх найдужэйшым сябрам, каб мець у іх ласку.

Гэты падатак не вельмі яму дапамагаў, бо апроч пяці падкупленых было разоў тры болей тых, каго ён не мог падкупіць. Дакучалі яму няспынна. Той ушчыкне, той тузане за валасы, іншы чым-небудзь уколе, яшчэ іншы дасць лузгана, а ўжо найменш адважны назаве гарбатым.

Юзя толькі пасмейваўся на гэтыя жарцікі, часамі прасіўся: «Годзе ўжо!..», а то і зусім нічога не гаварыў - абапрэцца на сваіх худых руках і плача.

Сябры крычалі тады: «Зірніце, як горб трасецца!..» і дакучалі яму яшчэ горш.

Я спачатку не звяртаў на гарбатага ўвагі, бо ён здаваўся мне размазнёй. Але аднойчы той наш здаравяк, што ўжо галіўся, сеў перад Юзем і пачаў даваць яму пстрычкі то ў адно, то ў другое вуха. Гарбун плакаў наўзрыд, а клас ажно тросся ад рогату. Тады мяне штосьці кальнула ў сэрца. Я выхапіў свой нож-складанчык, пырнуў таго дубіну ў руку, да самай касці, і закрычаў, што я зраблю так кожнаму, хто Юзя зачэпіць!..

У здаравілы пайшла кроў, ён збялеў як сцяна, і здавалася, што самлее. Увесь клас раптам перастаў рагатаць, а потым пачуўся крык: «Так яму, няхай не лезе да калекі!..» Тут увайшоў настаўнік, пачуў, што я параніў сябра нажом, і ўжо хацеў паклікаць інспектара і дзядзьку з розгамі, аднак сябры пачалі прасіць за мяне, нават і сам паранены здаравіла. Дык мы пацалаваліся, спачатку я са здаравілам, пасля ён з Юзем, тады Юзя са мной, - гэтым і абышлося.

На працягу ўсяго ўрока гарбунок усё паварочваўся да мяне і ўсміхаўся, відаць, таму, што за ўвесь гэты час ніхто не даў яму лузгана. У перапынку таксама ніхто яму не дакучаў, а некаторыя сказалі, што будуць Юзя абараняць. Ён ім дзякаваў, але падбег да мяне і хацеў мне даць булку з маслам. Я не ўзяў, ён засаромеўся, а потым ціха сказаў:

- Ведаеш, Ляснеўскі, што, - скажу я табе адзін сакрэт.

- Гавары, - сказаў я, - толькі хутка.

- У цябе ўжо ёсць друг?

- А навошта ён мне?

- Бачыш, калі б ты захацеў, дык я мог бы стаць тваім другам.

Я паглядзеў на яго зверху. Ён яшчэ больш разгубіўся і зноў спытаўся тонкім, прыглушаным галаском:

- Чаму ты не хочаш, каб я быў тваім другам?

- А навошта мне такі салапяка, як ты!..

Носік яго пасінеў больш, чым заўсёды. Юзя хацеў ужо адысціся, але звярнуўся да мяне яшчэ раз:

- Дык, можа, хочаш, каб я з табою сядзеў?.. Бачыш, я слухаю, калі новае задаюць, я мог бы рабіць за цябе прыклады... Я ўмею добра падказваць...

Гэтая аргументацыя здалася мне сур'ёзнай. Падумаўшы трохі, я прыняў гарбунка за сваю парту, а мой сусед згадзіўся, за пяць булак, уступіць яму сваё месца.

Пасля абеду Юзя перабраўся да мяне. Гэта быў мой найшчырэйшы памочнік, сябар і паклоннік. Ён вышукваў словы і рабіў пераклады, запісваў, што задаецца, насіў чарніліцу, пёры і алоўкі для нас абодвух. А як ён падказваў!.. За час вучобы ў школе многія мне падказвалі, некаторых нават ставілі за гэта на калені, аднак кожнаму з іх было вельмі далёка да Юзя. У падказванні гарбунок быў мастаком, умеў гаварыць са сціснутымі зубамі ды з такім жа пры гэтым нявінным выразам твару, што ніводзін з настаўнікаў нават і не падазраваў...

Кожны раз, калі я трапляў у карцэр, гарбунок крадком прыносіў мне хлеб і мяса са свайго абеду. Калі ж са мной здаралася нейкая большая непрыемнасць, ён са слязамі на вачах запэўняў сяброў у тым, што я ў крыўду не дамся.

- Ого! - гаварыў ён. - Казя дужы. Ён як схопіць таго дзядзьку за плечы, як гваздане яго аб зямлю, ого! Не бойцеся!..

І сапраўды, сябры мае не баяліся, толькі ён, бедалага, баяўся за нас абодвух.

Калі гарбунку на якім-небудзь уроку не трэба было быць уважлівым, ён гаварыў мне кампліменты:

- Божа мой! Каб гэта ж я быў такі дужы, як ты!.. Божа мой! Каб я быў такі здольны... Ведаеш, калі б ты толькі захацеў, дык і за месяц стаў бы першым вучнем...

Аднойчы, зусім нечакана, настаўнік нямецкай мовы выклікаў мяне да стала. Перапалоханы Юзя толькі паспеў падказаць мне, што да чацвёртага скланення адносяцца ўсе назоўнікі жаночага роду, напрыклад: die Frau - пані...

Я рвануўся з-за парты, выйшаў, стаў і з вялікай упэўненасцю паведаміў настаўніку, што да чацвёртага скланення адносяцца ўсе назоўнікі жаночага роду, напрыклад: die Frau - пані... Але на гэтым мае веды скончыліся.

Настаўнік зірнуў мне ў вочы, паківаў галавой і загадаў перакладаць. Я прачытаў па-нямецку гладка і гучна раз, потым яшчэ гладчэй - другі раз, аднак, калі пачаў і трэці раз чытаць тое самае, настаўнік сказаў мне ісці на месца.

Вяртаючыся да парты, я заўважыў, што Юзя вельмі ўважліва прыглядаецца да настаўнікавага алоўка - з выглядам вельмі разгубленым. Я машынальна спытаўся ў гарбунка:

- Не ведаеш, што ён мне паставіў?

- Адкуль мне ведаць... - уздыхнуў Юзя.

- А як табе здаецца?

- Я, - сказаў гарбунок, - даў бы табе пяцёрку, ну, няхай чацвёрку, але ён...

- А ён колькі паставіў? - настойваў я.

- Здаецца, кол... Ды гэта ж дурань, што ён там ведае... - адказаў Юзя тонам глыбокага пераканання.

Нягледзячы на сваю кволасць, хлопец ён быў працавіты і быстры. Звычайна я чытаў у класе раманы, а ён слухаў настаўнікаў і пасля пераказваў мне іх урокі.

Аднойчы я спытаўся ў яго, пра што гаварыў наш настаўнік заалогіі.

- Ты ведаеш, - адказаў гарбунок з таямнічым выглядам, - пра тое, што расліны падобныя да жывёлаў.

- Асёл ён, - адказаў я.

- Ну! - сказаў гарбунок. - Ён мае рацыю. Я ўжо трохі яго разумею.

Я пачаў смяяцца і сказаў:

- Калі ўжо ты такі разумны, дык скажы: чым вярба падобная да каровы?

Хлопец задумаўся і паволі пачаў:

- Бачыш... карова расце, і вярба таксама расце...

- А далей што?

- Бачыш... карова корміцца, і вярба корміцца сокамі з зямлі...

- А далей што?

- Карова жаночага роду, ну, і вярба таксама жаночага.

- Але ж карова махае хвастом! - сказаў я.

- А вярба махае галінамі! - адказаў ён.

Такая сума доказаў падарвала маю веру ў наяўнасць розніцы паміж жывёламі і раслінамі. Сам гэты погляд спадабаўся мне, і з таго часу я пачаў любіць заалогію, выкладзеную ў падручніку Пісулеўскага. Дзякуючы вывадам гарбунка па гэтым прадмеце ў мяне пачалі з'яўляцца пяцёркі.

Аднойчы Юзя не прыйшоў у школу, а назаўтра перад абедам мне сказалі, што мяне нехта кліча. Я выбег на калідор трохі ўстрывожаны, як звычайна ў такіх выпадках, але замест інспектара ўбачыў дзябёлага мужчыну з барвовым тварам, фіялетавым носам і чырвонымі вачыма.

- Гэта ты, хлопча, Ляснеўскі?

- Я.

Ён пераступіў з нагі на нагу, нібы пахіснуўшыся, і сказаў:

- Зайдзі ты да майго сына Юзя, ну, да гарбатага, ведаеш? Ён хворы, яго надоечы трохі пераехалі...

Ён зноў пахіснуўся, неяк дзіка зірнуў на мяне і пайшоў, гучна тупаючы па падлозе. Мяне - як варам аблілі. Здавалася, што лепш бы ўжо мяне пераехалі, а не беднага гарбунка - такога добрага і кволага...

На вялікім перапынку я не пайшоў дахаты абедаць, а пабег да Юзя.

Яны з бацькам жылі на ўскраіне горада ў двух пакоіках аднапавярховага дома. Увайшоўшы, я застаў гарбунка на кароткім ложку. Юзя быў адзін, зусім адзін. Цяжка дыхаў і дрыжаў ад холаду, бо печ не напалена. Зрэнкі яго так расшырыліся, што вочы былі амаль чорныя. У пакоі - сыравата, са столі ападалі кроплі з адліжнага снегу.

Схіліўшыся над ложкам, я спытаўся:

- Што з табой, Юзя?

Ён ажывіўся, раскрыў рот, нібы ва ўсмешцы, аднак - толькі застагнаў. Узяў мяне за руку высахлымі ручанятамі і пачаў гаварыць:

- Я, відаць, памру... Але баюся так вось... адзін... І таму я папрасіў, каб ты прыйшоў... Гэта... ведаеш... нядоўга, а мне будзе трохі весялей...

Яшчэ ніколі я не бачыў Юзя такім, як сёння. Здавалася, што з калекі вырастае волат.

Ён пачаў глуха енчыць і кашляць, ажно на вуснах выступіла ружовая пена. Потым заплюшчыў вочы і цяжка дыхаў, а часам і не дыхаў зусім. Калі б я не адчуваў поціску яго гарачых ручанят, дык і падумаў бы, што ён памёр.

Так мы сядзелі гадзіну, дзве, тры - моўчкі. Я амаль страціў уладу над сваімі думкамі. Юзя адказваў рэдка і з вялікім намаганнем. Ён сказаў, што на яго наехаў ззаду нейкі воз, што вельмі забалела ў паясніцы, але цяпер ужо не баліць, што бацька ўчора прагнаў служанку, а сёння пайшоў шукаць іншую...

Пасля, не адпускаючы маёй рукі, ён папрасіў, каб я памаліўся. Калі ж я зрабіў гэта і пачаў песню-малітву «Як толькі ўстане ранішняя зара», Юзя перапыніў мяне:

- Не гэтую... Лепш «Усе нашы дзённыя справы»... Бо я ўжо заўтра, відаць, не прачнуся...

Сонца зайшло, насунулася нейкая шэрая ноч, бо за хмарамі свяціў месяц. У кватэры не было свечкі, зрэшты, я і не думаў запальваць яе. Юзя быў усё больш ды больш неспакойны, трызніў і толькі час ад часу прытомнеў.

Позна было ўжо, калі ад вуліцы моцна грукнула брамка. Нехта прайшоў па двары і, свішчучы, адчыніў дзверы нашага пакоя.

- Гэта татка? - спытаўся гарбунок.

- Я, сынок! - адказаў той нехта ахрыплым голасам. - Як маешся? Напэўна ж лепей!.. Так і павінна быць!.. Не апускай вушэй, сынок!..

- Татка... цёмна ў нас... - сказаў Юзя.

- Лухта гэта!.. А тут хто? - спытаўся ён, наткнуўшыся на мяне.

Прыйшлося аказацца:

- Гэта я...

- Ага, Лукашыха? Добра!.. Пераначуй сёння ў нас, а заўтра я табе пакажу... Я губернатар!.. Ром-ямайка!..

- Добрай ночы, татка!.. Добрай ночы!.. - шаптаў Юзя.

- Добрай ночы, дзіця маё, добрай ночы!.. - сказаў той і, схіліўшыся над ложкам, пацалаваў... мяне ў галаву.

Я адчуў, што пад пахай у яго была бутэлька.

- Выспіся, - сказаў ён, - а заўтра марш у школу!.. Раз-два, раз-два - марш!.. Ром-ямайка!.. - гаркнуў і падаўся ў суседні пакойчык.

Там цяжка сеў, відаць, на куфры, грукнуўся галавой аб сцяну, а праз момант пачулася раўнамернае булькатанне, як быццам хтосьці піў.

- Казя, - шапнуў гарбунок, - калі я ўжо буду там... прыйдзі хоць раз да мяне. Скажаш, што нам задалі...

У другім пакоі пачуўся крык:

- За здароўе пана губернатара!.. Віват!.. Я губернатар!.. Ром-ямайка!..

Юзя пачаў трасціся і гаварыць усё больш неспакойна:

- Так мяне ломіць!.. Ты, Казя, сеў на мяне?.. Казя!.. Ой, не трэба ўжо біць мяне!..

- Ром!.. Ром-ямайка! - чулася з суседняга пакоя. Зноў штосьці забулькатала, а потым бутэлька бразнулася аб падлогу.

Юзя прыцягнуў маю руку да вуснаў, схапіў зубамі за пальцы і - раптам пусціў. Ужо не дыхаў.

- Пане! - гукнуў я. - Пане, Юзя памёр!..

- Што ты там плявузгаеш? - мармытнуў ён адтуль.

Я ўсхапіўся з ложка і стаў у дзвярах, гледзячы ў цемру.

- Юзя памёр! - паўтарыў я, увесь калоцячыся.

Чалавек тузануўся на куфры і закрычаў:

- Пайшоў прэч адгэтуль, блазен!.. Я, яго бацька, лепш ведаю, памёр ён ці не!.. Віват губернатару!.. Ром-ямайка!..

Ахоплены жахам, я ўцёк.

Праз усю ноч я не мог заснуць, мяне калаціла, мучылі нейкія кашмары. Уранні мяне агледзеў гаспадар нашай кватэры, сказаў, што высокая тэмпература, што, напэўна, я заразіўся ад Юзя, і загадаў паставіць мне на паясніцы дваццаць крывасосных банек. Пасля яго лекаў наступіў, як сказаў гаспадар, такі крызіс, што я цэлы тыдзень ляжаў у ложку.

Я не быў на пахаванні Юзя, якога праводзіў увесь наш клас з настаўнікамі і ксяндзом. Мне расказалі, што ў яго была чорная труна, абабітая аксамітам, маленькая, як футарал для скрыпкі.

Бацька яго страшэнна плакаў, а на могілках схапіў труну і хацеў з ёю ўцякаць. Аднак, нягледзячы на гэта, Юзя пахавалі, а бацьку яго паліцыя вывела з могілак.

Калі я першы раз прыйшоў у школу, мне сказалі, што нехта ўсё дапытваецца пра мяне. І сапраўды, у адзінаццаць гадзін мяне выклікалі.

Я выйшаў - за дзвярыма стаяў бацька нябожчыка Юзя. Твар яго быў бледна-фіялетавы, а нос шэры, як попел. Ён быў зусім цвярозы, толькі дрыжалі галава і рукі.

Чалавек гэты ўзяў мяне пад падбародак і доўга ўглядаўся ў вочы, а потым раптам сказаў:

- Ты абараніў Юзя, калі з яго ў класе здзекаваліся?..

«Звар'яцеў гэты стары, ці што?» - падумаў я, але нічога не адказаў.

Ён абняў мяне аберуч за шыю і некалькі разоў пацалаваў у галаву.

- Хай цябе бог блаславіць! - шапнуў. - Хай цябе бог!..

Пусціў маю галаву і зноў спытаўся:

- Ты быў пры яго смерці?.. Скажы мне праўду, ён вельмі пакутаваў?..

Ды тут ён раптам адступіўся і хутка сказаў:

- Ці не... нічога ты мне не кажы!.. О, ніхто не ведае, які я няшчасны!..

З вачэй яго пацяклі слёзы. Схапіўся аберуч за галаву, павярнуўся ад мяне і пабег да лесвіцы, крычучы:

- Бедны я!.. Бедны!.. Бедны!..

Ён так моцна крычаў, што на калідор павыходзілі настаўнікі. Паглядзелі ўслед яму, паківалі галовамі і загадалі мне вярнуцца ў клас.

Пад вечар нейкі пасыльны прынёс мне дахаты велікаваты куфэрак і лісток, дзе было напісана:

«Ад беднага Юзя - на памяць».

У куфэрку было многа цудоўных кніжак, што засталіся пасля нябожчыка Юзя, а сярод іх: «Кніга свету», «Гісторыя Цэзара» Канцю, «Дон-Кіхот», «Дрэздэнская галерэя» і шмат іншых. Кнігі гэтыя разбудзілі ва мне вялікае жаданне чытаць сур'ёзныя рэчы.

Добра ўжо развяснілася, калі я выбраўся першы раз наведаць Юзеву магілу. Яна была маленькая і гарбатая, як ён сам. Нехта абсадзіў яе зялёнымі галінкамі. Крокаў са тры далей у траве я знайшоў некалькі бутэлек з надпісам: «Ром-Ямайка». Я праседзеў з гадзіну, але не сказаў Юзю, што нам задалі, бо і сам не ведаў, а ён не спытаўся.

Праз тыдзень я зноў прыйшоў на могілкі. Зноў убачыў галінкі, толькі што паўтыканыя ў магілу, а ў траве - зноў знайшоў некалькі цэлых і пабітых бутэлек.

У пачатку мая па горадзе разышлася незвычайная вестка. Раніцай каля Юзевай магілы знайшлі труп яго бацькі. Побач з ім ляжала на палавіну апарожненая бутэлька з надпісам: «Ром-Ямайка».

Дактары сказалі, што чалавек памёр ад анеўрызму.

Здарэнні гэтыя падзейнічалі на мяне па-асабліваму. З таго часу мне было цяжка сярод сяброў, напрыкралі іх шумныя забавы. Я паглыбляўся ў чытанне кніг, што засталіся пасля Юзя, або цішком уцякаў за горад, у зарослыя кустамі яры, і, валочачыся там, разважаў богведама пра што. Часта ўзнікала пытанне, чаму так марна загінуў Юзя і чаму бацька яго быў такі самотны, што так гарнуўся да сынавай магілы. Я адчуваў, што найбольшае няшчасце - акінутасць, і зразумеў, чаму бедны гарбунок шукаў сябра.

Мне таксама патрэбен быў сябар. Але ў класе чамусьці ніхто не падабаўся мне. Я прыгадаў сястру. Не!.. Сястра не заменіць друга.

Аднакласнікі гаварылі пра мяне, што я адзічэў, а гаспадар нашай кватэры ўжо зусім не сумняваўся, што я буду вялікім злачынцам.

На ўрачыстым заканчэнні школьнага года інспектар паведаміў усяму свету, што я перайшоў у другі клас. Здарэнне гэтае напоўніла маю душу радасным здзіўленнем. Раптам пачало здавацца, што хоць наша школа і мае яшчэ наступныя класы, ніводзін з іх не такі дасканалы, як другі. Я пераконваў сяброў, што вучні астатніх класаў, ад трэцяга да сёмага ўключна, паўтараюць толькі тое, што засвоілі ў другім, а ў душы пабойваўся, каб настаўнікі не спахапіліся пасля вакацыяў, што пераведзены я памылкова, і не вярнулі мяне ў першы клас.

Аднак на наступны дзень я ў пэўнай меры асвоіўся са сваім шчасцем, а калі ўжо ехаў дахаты на вакацыі, то ўсю дарогу пераконваў возчыка, што ў нашым класе адзін я пераведзены ў другі заслужана, з найлепшымі адзнакамі. Я прыводзіў яму такія неабвержныя доказы, што ён пачаў пазяхаць. Тады я змоўк і спалохана ўпэўніўся, што вельмі сумняваюся і сам.

Назаўтра, пад'язджаючы да нашага дома, я ў дарозе яшчэ сустрэў сястру Зосю, што выбегла насустрач мне. Я адразу паведаміў, што ўжо другакласнік і што мой сябар Юзя памёр, бо на яго наехалі. А яна сказала, што сумавала па мне, што ў яе курыцы дзесяць куранят, што да пані графіні па два разы на тыдзень прыязджае з візітам нейкі пан, што ў іх гувернантка, закаханая ў пісара, і што нябожчык Юзя яе - значыцца, Зосю - не цікавіць, бо ён жа быў гарбаты. Хоць, вядома, і шкада яго.

Гаворачы гэта, яна старалася выглядаць дарослай паннай.

Бацьку я ўбачыў апоўдні. Ён павітаўся са мной вельмі цёпла і сказаў, што дасць мне на вакацыі каня і дазволіць страляць з вялікага пісталета. А потым дадаў:

- Ідзі цяпер у палац і павітайся з паняй графіняй. Зрэшты...

Тут ён махнуў рукой.

- А што здарылася, тата? - спытаўся я, як чалавек дарослы, ажно спалохаўшыся свае смеласці.

Бацька неспадзявана адказаў нязлосна, з прыкметнай горыччу:

- Ёй ужо не патрэбен стары ўпаўнаважаны. Неўзабаве тут будзе новы пан, а ён і сам справіцца...

Ён раптам змоўк і, адвярнуўшыся, мармытнуў праз зубы:

- Праіграць у карты маёнтак...

Я пачаў здагадвацца, што, пакуль мяне не было, тут адбыліся вялікія змены. Само сабой, павітацца з памешчыцай я пайшоў. Прыняла яна мяне ласкава, а я заўважыў, што яе сумныя вочы сёння глядзяць зусім весела.

Вяртаючыся з палаца, я сустрэў на двары бацьку і сказаў яму, што пані графіня такая вясёлая, як ніколі раней. Круціцца, пляскае ў ладкі, зусім як яе пакаёўкі.

- Хэ! Кожная баба перад вяселлем у добрым гуморы, - сказаў бацька, нібыта сам сабе.

А тут да палаца пад'ехала лёгкая брычка, з яе саскочыў высокі мужчына з чорнай барадой і агністымі вачыма. Пані графіня, здаецца, выбегла на ганак, бо я заўважыў, што яна праз дзверы працягнула да барадача абедзве рукі.

Бацька ішоў перада мною, ціха смяяўся і мармытаў:

- Во, во!.. Усе бабы павар'яцелі!.. Пані ўздыхае па элеганце, а гувернантка па пісары... Для Салюсі застаўся я або ксёндз-пробашч... Во, во!..

Мне ішоў дванаццаты год, і я ўжо многа чуў пра каханне. Той сябар, што галіў вусы і тры гады сядзеў у першым класе, часта гаварыў нам пра свае пачуцці да адной паненкі, якую ён разы два на дзень сустракаў на вуліцы або бачыў праз фортачку. Зрэшты, я і сам чытаў некалькі цудоўных раманаў і добра памятаю, колькі пакут каштавалі мне іх героі.

Па гэтай прычыне бацькава недагаворванне зрабіла на мяне прыкрае ўражанне. Я адчуў сімпатыю да нашай пані, нават да гувернанткі, а да барадача і пісара - амаль варожасць. Ніколі б я гэтага ўголас не сказаў (нават выразна падумаць не смеў бы), аднак мне здавалася, што і наша пані, і гувернантка зрабілі б куды больш адпаведна, калі б уздыхалі па мне.

За некалькі наступных дзён я абабег вёску, парк, канюшні, ездзіў конна, плаваў у чоўне, але ж неўзабаве пачаў адчуваць, што мне сумна. Праўда, бацька ўсё часцей гутарыў са мной, як з дарослым чалавекам, пан вінакур запрашаў мяне на старку, а пісар навязваўся з сяброўствам, нават абяцаў расказаць пра пакуты з-за гувернанткі, аднак гэта мяне не цікавіла. І старку пана вінакура, і сакрэты пісара я аддаў бы за аднаго добрага сябра. Але, перабіраючы ў думках тых, з кім я закончыў першы клас, прыходзіў да пераканання, што ніводзін з іх не падышоў бы да майго цяперашняга настрою.

Часамі з глыбіняў мае душы выплываў сумны цень нябожчыка Юзя і расказваў мне рэчы невядомыя, і голас яго быў цішэйшы за подыхі летняга ветру. Тады мяне ахутвала расчуленасць і я тужыў, сам не ведаючы па чым... Калі я аднойчы, пад уплывам такіх адчуванняў, валачыўся па зарослых травой паркавых сцежках, дарогу мне перабегла сястра Зося і спыталася:

- Чаму ты з намі не гуляеш?

Мне зрабілася горача:

- З кім?

- Са мной і з Лёняй?

Застанецца вечнай загадкай, чаму ў той момант імя Лёні спалучылася ў мяне з прывідам Юзя і чаму я зачырванеўся так, што твар ажно пякло і на лбе выступіў пот.

- Ты што? Не хочаш з намі гуляць? - здзіўлена пыталася сястра. - На вялікдзень быў тут адзін вучань трэцяга класа і зусім не задаваўся, як ты. Цэлымі днямі з намі хадзіў.

І зноў я без прычыны адчуў нянавісць да таго трэцякласніка, якога ніколі не бачыў. І хоць не адчуваў я аніякай крыўды на Зосю, амаль што гыркнуў ёй:

- Не ведаю я твае Лёні.

- Як гэта - не ведаеш? Няўжо ты не памятаеш, як з-за яе цябе набіла тая гувернантка? Няўжо забыўся, як Лёня плакала і прасіла, каб табе не зрабілі нічога дрэннага, калі згарэў той... хлявок?..

Вядома ж, я памятаў усё, а найлепш самую Лёню; трэба, аднак, прызнацца, што Зосіна памятлівасць узлавала мяне. Мне здалося неадпаведным годнасці майго мундзіра тое, што вясковыя людзі, асабліва дзяўчаты-падлеткі, маюць такую добрую памяць.

Пад уплывам такіх пачуццяў я хамавата адказаў:

- Адчапіся ты... са сваёю Лёняй!..

І падаўся ў глыбіню парку, аднолькава нездаволены і недарэчнымі ўспамінамі сястры, і тым, што я не гуляю з дзяўчатамі. Зрэшты, і сам не ведаю, чаго я хацеў, але быў такі злосны, што калі мы дома сустрэліся з Зосяй, не хацелася з ёю гаварыць.

Засмучаная сястра старалася не пападацца мне на вочы, але тады я шукаў яе, адчуваючы, што мне чагосьці не хапае, што пытанне сумеснай гульні я вырашыў зусім фальшыва. Каб выправіць становішча, калі засмучаная Зося села цыраваць, я схапіў кнігу, якая трапілася пад руку, пагартаў яе трохі і кінуў на стол, як быццам сам сабе сказаўшы:

- Усе дзяўчаты дурныя!..

Мне здалося, што афарызм гэты будзе вельмі мудры. Але адразу, як толькі дагаварыў яго, адчуў у ім штосьці нясмачнае. Стала шкада сястры і сорамна... Не кажучы больш нічога, я пацалаваў Зосю ў адну і ў другую шчаку і пайшоў у лес.

Божа, які я быў няшчасны ў той дзень!.. А гэта ж быў толькі пачатак маіх пакут.

Не хачу нічога ўтойваць. Усю ноч мне снілася Лёня, і з гэтага часу замест беднага гарбунка яна з'яўлялася ў маіх марах. Мне здавалася, што толькі яна магла б быць другам, які мне так даўно патрэбен. У думках я гаварыў з ёю так многа і так хораша, як пішацца ў раманах, а быў я такі ветлівы, як нейкі маркграф. А ў сапраўднасці мяне не хапала нават на тое, каб пайсці ў парк, калі там гулялі дзяўчаты, толькі з-за плота я прыслуховаўся да іх вясёлага смеху, што час ад часу перамяжаўся заўвагамі гувернанткі.

Добра памятаю тое месца, дзе выкідалі смецце з палаца, дзе раслі высокая крапіва і лапухі. Я доўга выстойваў там, каб пачуць некалькі невыразных фразаў, тупат чаравічкаў на сцежцы, каб убачыць мільганне сукенкі, калі мая Лёня скакала цераз вяровачку.

Праз момант усё ў парку змаўкала, і тады я адчуваў сонечную спякоту, чуў бясконцае гудзенне мухаў над сметнікам. Пасля зноў чуўся смех і тупат, праз шчыліну ў паркане бачыў я мільганне сукенак, а потым зноў заставаліся пошум дрэў, цвірканне птушак і назолы-мухі, што лезлі ледзь не ў рот.

Раптам з боку палаца пачуўся голас:

- Лёня!.. Зося!.. Ідзіце сюды!..

Гэта - гувернантка. Узненавідзеў бы я яе, калі б не ведаў, што ёй таксама сумна.

Аднойчы, набліжаючыся да паркана, я заўважыў, што тут яшчэ хтосьці ёсць. З узгорачка ўбачыў я ў лапухах шэры ад старасці саламяны капялюш, з якога вытыркалася бялявая чупрына, бо капялюш быў без дна.

Калі я ступіў некалькі крокаў у той бок, чупрына і капялюш узняліся над лопухам і паказаўся сямі-васьмігадовы хлапчук у доўгай бруднай кашулі, на шыі сцягнутай шнурком. Я загаварыў з ім, але хлапчук усхапіўся і ўцёк, з заечай хуткасцю, у поле. Чырвоны каўнер майго мундзіра і пасрабраныя гузікі наогул рабілі вялікае ўражанне на вясковых дзяцей.

Я памалу падаўся да сядзібы, а хлопец - адпаведна да паркана. Калі я схаваўся за будынкам, ён узлез на сметнік і ўтаропіўся ў тую самую шчыліну, праз якую і я глядзеў у сад. Не думаю, што ён там нешта бачыў, аднак усё цікаваў.

На другі дзень, калі я прыйшоў на свой пост, каб назіраць за гульнёю паненак, зноў заўважыў у лапухах шэры капялюш, над ім бялявую чупрыну, а пад абарваным полем - вочы, што ўтаропіліся ў мяне. Сонца здорава прыпякала, хлопец сарваў цішком вялікі ліст лопуху, накрыўшыся ім, як парасонам. Тады ўжо я не бачыў больш ні яго капелюша, ні валасоў, толькі шэрую кашулю, крыху расхрыстаную на грудзях.

Калі я пайшоў, хлопец зноў узбег на сметнік і зноў, як учора, пачаў цікаваць цераз шчыліну, відаць, думаючы, што я хоць на гэты раз не выглядзеў з парку ўсяго цікавага, што там было.

І тут я зразумеў, наколькі смешныя мае паводзіны. Здорава выглядала б гэта, калі б мой бацька ці пан вінакур, а то і сама Лёня ўбачыла, што я, вучань другога класа, у мундзіры, стаю каля паркана на сметніку, на змену з нейкім кандыдатам на пастуха, які невядома ці надзяваў калі-небудзь вымытую кашулю.

Сорамна стала. Няўжо ж я не маю права яўна заходзіць у сад, не туляючыся па закутках, як гэты, у парваным капелюшы?..

Сметнік і шчыліна ў паркане абрыдзелі мне, але адначасна стала цікава: хто ж ён, гэты хлапчук? Яго аднагодкі пасуць ужо гусей, а ён марнуе найпрыгажэйшую маладосць, аціраючыся па задворках, вывіжоўвае чужыя справы, а калі ў яго пытаюцца, дык не адказвае як след прыстойна, а ўцякае ад чужака, як трусік.

«Пачакай ты, - падумаў я, - мяне ты тут болей не ўбачыш, а вось цябе я выследжу, што ты за перац».

Я памятаў, што ў раманах, побач з героямі і гераінямі, бываюць такія загадкавыя незнаёмыя, якіх трэба асцерагацца і своечасова высякаць пад корань іх інтрыгі.

Дні за два, нікога не пытаючыся, я ўжо ведаў усё пра таямнічага чужака. Гэта не быў інтрыган. Гэта быў Валек, сын дваровай пасудніцы, якога ўсе ведалі, але ніхто ім не займаўся. Таму ў хлопца і было шмат свабоднага часу, якім ён, пра што ведаў і я, карыстаўся не вельмі прыемным для іншых чынам.

У Валека ніколі не было бацькі, за што ўсе дакучалі яго маці, жанчыне трошкі загарачай. На кепікі дваровых пасудніца адказвала крыкам і лаянкай, а таму што гэтага ёй, відаць, не хапала - рэшту злосці зганяла на Валеку.

Хлопец яшчэ поўзаў на чатырох, у кашульцы, вузлам завязанай на спіне (эфект такі, як быццам яе і зусім не было), а яго ўжо называлі знайдышам.

- Ты яго, можа, знайшоў? - пыталася тады маці, і пачынаўся крык: - А каб вас бог пакараў, каб вас!.. А каб вам рукі і ногі!.. А каб ты згінуў, шалудзька!..

Апошняе пажаданне датычылася Валека, якога яна тут жа кешкала нагой ніжэй таго вузла на кашулі. Малец, пакуль яшчэ быў дурны, адказваў на такі пачастунак горкім плачам. А ўжо калі набраўся розуму, што наступіла вельмі хутка, тады маўчаў, зашыўшыся пад тапчан, за вялікую ражку, з якое кормяць свіней. Відаць, баяўся, каб не ашпарылі варам, што ўжо аднойчы здарылася.

Бывала і так, што Валек праседжваў пад тапчаном цэлымі гадзінамі, пакуль дваровыя не сыходзіліся на абед ці на вячэру. Часамі, бачачы тую дзіцячую галаву, што вытыркнулася з-пад тапчана, і тыя вочы, поўныя слёз ад нядаўняе крыўды, што цікавалі, як гэта людзі клёцкі ядуць, парабкі пыталіся ў маці:

- А таму, што ў капусце знайшлі, не дасцё?

- А каб ён ужо нечага разам з табою здох! - агрызалася жанчына, і хоць як раз хацела накарміць малога, цяпер не давала яму.

- Нельга ж так, каб хлопец, хоць ён і знайдыш, з голаду здыхаў, - дакаралі яе жанчыны.

- Якраз вось і здохне, на злосць вам, калі ўжо вы такія добранькія!..

А таму, што яна сядзела задам да тапчана, на бітоне, Валеку пападала яе пятою ў зубы.

Тады парабкі, на злосць матцы, даставалі малога са схованкі і пачыналі карміць.

- Ну, Валек, - гаварыў каторы, - пацалуй Бурка ў хвост, дык дамо табе клёцак.

Хлопец дакладна выконваў загад, за што глытаў вялікія клёцкі, нават не жуючы іх.

- Ну, а цяпер дай маме па лабаціне, дык малака дамо...

- А каб вам рукі павыкручвала! - крычала пасудніца, а хлопец уцякаў за сваю ражку.

Часамі ён, задыханы, перапалоханы, ляцеў на двор і хаваўся ў густых кустах насупраць палаца. А калі абсыхалі слёзы - бачыў на ганку прыгожы столік, каля яго два крэселцы, а на іх Лёню і маю сястру, якіх пакаёўка абвязвала сурвэткамі, Салюся налівала ім суп, а пані графіня гаварыла:

- Дзьмухайце, дзеці, не паапякайцеся, не пааблівайцеся... А мо не соладка?..

Як толькі парабкі выходзілі на працу і ў кухні нікога не заставалася, пасудніца выходзіла на двор і гукала:

- Валек!.. Валек!.. Хадзі сюды!..

Хлопец па голасу пазнаваў, што можна больш не хавацца, і бег у кухню. Там яму маці давала лусту хлеба, драўляную лыжку і трохі баршча ў вялізнай глінянай місе, з якое ела шэсць чалавек. Ён сядзеў на падлозе, маці ставіла місу яму паміж ног і, паправіўшы на спіне кашулю, казала:

- А калі ты яшчэ раз пацалуеш сабачы хвост, дык я табе ўсе рэбры пералічу. Запомні!

І сама ішла мыць посуд.

Тут, нібы з-пад зямлі, вылазіў аднекуль дваровы сабака, садзіўся насупраць хлапчука. Спачатку клацаў зубамі на мухаў, пазяхаў, аблізваўся. Потым панюхаў той боршч раз і другі раз і асцярожна ткнуўся туды языком. А Валек - бац яму лыжкай па лбе! Сабака назад, зноў пазяхнуў і - зноў хлебтануў разоў колькі, на гэты раз смялей. Пасля ўжо малы мог яму, колькі хочаш, тропаць лыжкай па галаве, - сабаку, які сама заахвоціўся, ні за што не адцягнеш ад місы. Але і Валек уцяміў, што тут як каму пашанцуе, і чэрпаў, ажно задыхаўся, з аднаго берага, а сабака хлябтаў з другога.

Калі маці бывала ў добрым настроі, а Валек - пад рукой, тады яму перападала смачнага і з панскага стала.

- На вось, лізні і ты, - казала пасудніца, даючы яму крошкі пірожнага, вымазаную соўсам талерку, галаву якой-небудзь рыбіны, недагрызенае крылейка ці шклянку, на дне якой заставалася трохі кавы і распушчанага цукру. Калі ўжо ён высмакча ўсё са шклянкі або выліжа талерку, маці пытаецца:

- Ну, смачна?..

Валек браўся пад бакі, як парабкі рабілі гэта, пасля абеду, глыбока ўздыхаў і, ссунуўшы набакір стары капялюш, адказваў:

- Чалавек, дзякуй богу, падмацаваўся!.. Можна цяпер і на працу...

Выходзіў з кухні і прападаў на цэлага паўдня.

У сваіх гульнях ён пераймаў работу старэйшых. Калі было ворыва, ён даставаў з-за карыта пужку, вымаў з частаколу кіёк ці знаходзіў якую-небудзь карагу і пачынаў араць, - цэлымі гадзінамі ківаючыся на адным месцы і падганяючы сваіх валоў.

Калі лавілі рыбу і ён знаходзіў у смецці дзіравае сітка, з нястомнай цярплівасцю раз-поразу чэрпаў, плёхаўся ім у вадзе. А то садзіўся верхам на кійку і ехаў да калодзежа, паіць коней. Знайшоўшы каля аўчарні старыя паласяныя лапці, кідаў іх у ваду і нібы плаваў разам з чоўнам - разумеецца, толькі ў думках.

Словам - гуляў ён выдатна, толькі што не смяяўся ніколі. Да яго дзіцячага твару нібы назаўсёды прыліп выраз непарушнай сур'ёзнасці, якую часамі падмяняў толькі страх. У вялікіх вачах застыла вечнае здзіўленне, як у людзей, што доўгія гады глядзелі на штосьці зусім незвычайнае.

Валек умеў спрытна ўцякаць з дому на цэлыя дні. І ніхто з парабкаў не здзіўляўся, калі яго раніцой знаходзілі недзе ў стозе ці ў лесе пад дрэвам. Мог ён таксама стаць у чыстаполіцы, нібы шэры слупок, і, раскрыўшы рот, углядацца немаведама куды. Аднойчы я падпільнаваў яго на такім стаянні, а таму, што блізка было, дык і пачуў, як ён уздыхнуў. Не ведаю, чаму той уздых малое постаці вельмі ўразіў мяне. Я адчуў нейкую крыўду, невядома на каго, і я палюбіў тады Валека. Аднак, як толькі я крыху смялей хацеў падысці да яго, хлопец спахапіўся і шмыгануў у кусты.

У галаве маёй з'явілася асаблівая думка: бог, які ўвесь час глядзіць на такое дзіця, павінен мець сумную душу. Зразумеў я таксама, чаму ён на святых абразах заўсёды такі сур'ёзны і чаму ў касцёле трэба ціха размаўляць і хадзіць на пальчыках.

Такі вось несамавіты чалавечак быў прычынай таго, што я вырашыў больш не хавацца за парканам, а ісці ў парк, і паведаміў Зосі, што з гэтага часу буду гуляць з ёю і з Лёняй.

Сястра, вядома, была ад гэтага ў захапленні.

- Дык ты будзь у парку, - сказала яна, - калі мы выйдзем на праходку. Павітайся і з гувернанткай, якая заўсёды чытае кнігі ў альтанцы. Але не гавары з ёю доўга, бо яна не любіць, каб ёй перашкаджалі. А потым паглядзіш, як нам будзе весела!

У той самы дзень, калі абедалі, яна сказала мне з таямнічым выглядам:

- Прыходзь у тры гадзіны. Я ўжо сказала Лёні, што ты будзеш. Калі мы выйдзем з палаца, я закашляю...

Сястра пачала штосьці рабіць, а я, вядома, выйшаў, бо не любіў перашкаджаць у пакоі. Я ўжо быў на двары, калі за мной выбегла Зося.

- Казя! Казя!..

- Што там ужо?

- Калі я кашляну, дык ты будзеш ведаць, што гэта азначае? - урачыста спыталася яна.

- Разумеецца.

Яна вярнулася ў пакой, але і праз акно яшчэ закрычала:

- Я кашляну! Не забудзься!

Куды ж я мог ісці, як не ў парк, хоць да прызначанага тэрміну было яшчэ добрыя паўтары гадзіны? Я быў такі задуманы, што не ведаю, ці ў той дзень у садзе, заўсёды поўным птушынага гоману, аказалася хоць адна якая птушка. Абышоўшы сад разы са два навокал, я сеў у човен, прывязаны да берага, і, не могучы плысці, хоць пакалыхваўся ў ім з нуды.

Думаў ды планаваў, як гэта аднавіць наша знаёмства з Лёняй. Найлепш, відаць, так. Калі Зося кашляне, я выйду са спушчанай галавой з бакавое сцежкі на галоўную алею. Тады Зося скажа:

«Глядзі, Лёня, гэта мой брат, пан Казімір Ляснеўскі, вучань другога класа, друг таго няшчаснага Юзя, пра якога я табе гаварыла».

Лёня зробіць кніксен, а я, зняўшы шапку, скажу:

«Даўно ўжо я меў намер...» Не, так дрэнна!.. «Даўно ўжо я, пані, хацеў аднавіць...» О не!.. Лепш будзе так: «Даўно ўжо я хацеў засведчыць пані маю пашану».

Тады Лёня спытаецца:

«Ці даўно пан у нашых мясцінах?..» Не, яна скажа не так, а вось як: «Мне прыемна пазнаёміцца з панам, столькі пачуўшы пра вас ад Зосі...» А потым?.. Потым вось так: «Пану тут, мусіць, сумна ў нашай аколіцы?.. Пан прывык да вялікага горада». А я адкажу: «Я сумаваў, пакуль не ведаў, пані, вас...»

У гэты момант пад вадой мігнуўся велікаваты шчупак... Гэтая рэчаіснасць развеяла мары. Тут, у сажалцы, такая рыба, а я - без вуды!..

Я ўсхапіўся з лодкі, каб кінуцца дахаты, пашукаць кручкоў, і ледзь не штурхануў Лёню, якая якраз збіралася скакаць цераз чырвоную вяровачку.

Рыба, кручкі, план урачыстага знаёмства - усё адразу ж перамяшалася ў маёй галаве. Вось табе - шчупак!.. Я нават забыўся пакланіцца Лёні, яшчэ горш - забыўся гаварыць. Але што гэта быў за шчупак!..

Лёня, прыгожанькая шатэнка з выразна акрэсленымі вуснамі, якія штохвілінна мянялі свой абрыс, зірнула на мяне зверху і, адкінуўшы назад пышныя локаны, без усякіх уступаў спыталася:

- Ці гэта праўда, што пан прабіў дзірку ў нашым чоўне?

- Я?..

- Так мне сказаў садоўнік, а цяпер мама не дазваляе нам плаваць, загадала човен прывязаць да берага, а вёслы пахаваць.

- Але, дальбог жа, я не прабіваў ніякай дзіркі! - апраўдваўся я, як перад інспектарам.

- Ці толькі праўда гэта? - спыталася Лёня, быстра гледзячы мне ў вочы. - Бо такое на пана вельмі падобна...

Тон паненкі не спадабаўся мне. Чорт вазьмі! - найдужэйшы хлопец з нашага класа не пасмеў бы так гаварыць са мною.

- Калі я гавару, што не, дык гэта ўжо напэўна не! - сказаў я, моцна націскаючы на адпаведныя словы.

- Ну, дык тады садоўнік зманіў, - сказала Лёня, сцяўшы бровы.

- Добра зрабіў, - адказаў я, - бо паненкі не ўмеюць плаваць у чоўне.

- А пан умее?

- Я ўмею і ў чоўне, і рукамі, і на спіне, і стоячы.

- А пан нас будзе вазіць?

- Калі ваша мама дазволіць, дык буду.

- Тады паглядзіце, ці лодка і сапраўды не дзіравая.

- Не дзіравая.

- Дык адкуль жа ў ёй вада?

- Дажджавая.

- Дажджавая?

Гутарка абарвалася. Аднак я ўжо смела глядзеў на Лёню, а яна, як сёння мне гэта бачыцца, не звяртала на мяне ўвагі. Больш таго - яна, не сыходзячы з месца, пачала скакаць цераз вяровачку, у прамежках гутарачы са мной.

- Чаму вы з намі не гуляеце?

- Я заняты.

- А што ж вы робіце?

- Вучуся.

- Дык на вакацыях ніхто ж не вучыцца.

- У нашым класе трэба вучыцца нават на вакацыях.

Лёня скокнула два разы цераз сваю вяровачку і сказала:

- Адась у чацвёртым класе, аднак на святах не вучыўся. Ах, вы ж не ведаеце Адася.

- А хто гэта вам сказаў, што не ведаю? - горда спытаўся я.

- Бо вы былі ў першым, а ён у трэцім...

Зноў два разы пераскочыла... Я думаў, што са мною здарыцца штосьці незвычайнае.

- Са мной сябравалі нават з чацвёртага, - адказаў я з раздражненнем.

- Усё адно, бо Адась вучыцца ў Варшаве, а вы... Дзе вы вучыцеся?.. Дзе?..

- У Седльцах, - ледзь адказаў я прыдушаным голасам.

- А я таксама паеду ў Варшаву, - сказала Лёня і дадала: - Можа, вы скажаце Зосі, што я ўжо тут...

І, не чакаючы, згадзіўся я ці не, пабегла, падскокваючы, у бок альтанкі.

Я быў ашаломлены, у галаве маёй проста не тоўпілася - як гэтае дзяўчо са мною абыходзіцца.

«Ды ну вас з вашымі гульнямі, - падумаў я, па-сапраўднаму ўзлаваны. - Гэтая Лёня няветлівая, нявыхаваная, проста смаркуха!..»

Аднак такое акрэсленне не перашкодзіла мне адразу ж выканаць яе загад. Дахаты пайшоў я вельмі хутка, можа, нават захутка, відаць, ад узбуджанасці.

Зося ўжо брала свой парасончык - выходзіла ў сад.

- Ну, ведаеш, - сказаў я, шпурляючы шапку ў куток, - пазнаёміўся я з тваёй Лёняй.

- І што? - з цікавасцю спыталася сястра.

- Нічога... так сабе! - адказаў я, не гледзячы ў яе вочы.

- Праўда ж, яна такая добрая, такая прыгожая?..

- А мне што да гэтага? Якраз прасіла, каб ты туды ішла.

- А ты не пойдзеш?

- Не.

- Чаму? - спыталася яна, заглядваючы мне ў вочы.

- Ды ну вас! - буркнуў я. - Не пайду, бо мне не падабаецца...

Відаць, у голасе маім было многа рашучасці, бо Зося больш ні пра што не спыталася і пайшла. Яна амаль бегла, і я паклікаў яе праз акно:

- Толькі ты, калі ласка, нічога там не кажы... Скажы, што я... што ў мяне пабольвае галава.

- Ну, ну, не бойся. Я табе не пашкоджу.

- Не забудзься, Зося, калі ты хоць трошкі любіш мяне.

Мы, вядома ж, сардэчна пацалаваліся.

Цяжка сёння адкапаць у памяці тыя пачуцці, што раздзіралі мяне пасля Зосінага адыходу. Як яна, тая Лёня, магла, як смела гаварыць са мной такім тонам?.. Праўда, настаўнікі, тым больш інспектар, абыходзіліся са мной даволі фамільярна, але ж гэта людзі старыя. Аднак сябры ў першым, цяпер ужо ў другім, класе адносіліся да мяне з павагай. А тут, у вёсцы, - паслухаць толькі, як гаварыў са мной бацька, як віталіся парабкі, колькі разоў пісар гаварыў мне: «Пане Казімір, можа, завіталі б да мяне, выкурыць люлечку?» А я яму: «Дзякую, пану, але не хачу прывыкаць». А ён: «Які вы шчаслівы, маючы такі характар... Вы не паддаліся б і гувернантцы...»

У адпаведнасці з абыходжаннем старэйшых я таксама быў сур'ёзны. То ж ніхто іншы, а сам ксёндз-пробашч казаў майму бацьку: «Глядзіце вы, шаноўны пане Ляснеўскі, што робіць з хлопца школа. Гэты Казя быў летась такі свавольнік, такі ветрагон, а сёння, шаноўны мой, гэта дзяржаўная галава, гэта Меттэрніх*...»

* Клеманс фон Меттэрніх (1773-1859) - аўстрыйскі князь, дзяржаўны дзеяч і дыпламат.

Так вось людзі мяне паважалі. І трэба ж здарыцца, каб нейкае казяня, што аніводнага класа не бачыла, асмельвалася сказаць мне: «Такое на пана вельмі падобна». Пан?.. Таксама ўжо лічыць сябе дарослай паненкай! Таму што ведае нейкага там Адася, дык ужо і нос задзірае. А што той Адась? Ён скончыў трэці клас, а я іду ў другі. Падумаеш - розніца! Калі будзе аслом, дык я свабодна даганю яго, нават пераганю. А яшчэ і кажа мне ісці па Зосю, нібы я лёкайчык у яе. Паглядзіш, ці паслухаю я цябе другі раз!.. Слова гонару, што калі яна зноў скажа мне штосьці падобнае, дык я проста... ну, пакладу рукі ў кішэні і адкажу: «Зашмат вы сабе дазваляеце!» А то і лепш яшчэ: «Лёнечка, бачу я, што ветлівасці вы не навучыліся...» Ці так нават: «Лёнечка, калі ты хочаш, каб я з табой гуляў...»

Я адчуваў, што належны адказ не прыходзіць, і гэта мяне яшчэ больш раздражняла. Відаць, я ажно з твару змяніўся, бо старая Вайцехова двойчы ўваходзіла ў пакой, гледзячы на мяне спадылба, і нарэшце спыталася:

- А мае ж вы людачкі, а чаго ж гэта Казя такі маркотны?.. Ці натварыў чаго, ці з панам што-небудзь?..

- Нічога са мной не здарылася.

- Бачу я, якое гэта нічога, ад мяне не схаваешся. Калі ўжо ты вычварыў што якое, дык ідзі лепш адразу да бацькі - прызнайся.

- Ды нічога я не зрабіў. Трохі стаміўся, і ўсё.

- Калі стаміўся, дык адпачні, з'еш чаго-небудзь. Я вось табе хлеба з мёдам.

Яна выйшла і праз хвіліну вярнулася з вялізнай лустай, з якое ажно капаў мёд.

- Ды не буду я есці, адчапіцеся вы!..

- Чаму гэта ты не будзеш? Бяры вось хутчэй, бо мёд па пальцах цячэ. Пад'еш, дык адразу павесялееш. Чалавека заўсёды штосьці бярэ, калі ён галодны, а як пад'есць - адразу галава праветрыцца... Ану, бяры ў руку!

Я павінен быў узяць, са страху, каб яна не закапала мне мёдам валасы або мундзір. Машынальна з'еў тую лусту, і сапраўды палягчэла на сэрцы. Падумалася, што я ўжо з Лёняй як-небудзь спраўлюся і што варта было б таксама пачаставаць беднага Валека, бо калі ён той мёд мог есці, ды, зрэшты, гэтага хлапчука я ўжо любіў.

Па маёй просьбе Вайцехова, бачачы, як памаглі яе лекі, адкроіла яшчэ большую лусту і мёду на яе таксама не пашкадавала. Я асцярожна ўзяў гэты паёк і пайшоў шукаць Валека.

Знайшоў я яго каля кухні. З ім гутарылі, смеючыся, два парабкі, якія толькі што прывезлі з лесу дровы.

- Калі цябе маці яшчэ раз наб'е, - гаварыў адзін, - дык ты вазьмі ды пайдзі ў свет. Пойдзеш?

- Але ж я не ведаю, як гэта - у свет, - адказаў Валек.

- Вазьмі боты на кіёк і абы толькі за лес. Там той свет ужо і пачнецца.

- Але ж у мяне ботаў няма.

- Дык вазьмі толькі кіёк. З кійком і без ботаў зойдзеш...

Убачыўшы мяне, хлопец уцёк у лапухі.

- Што гэта вы яму гаворыце? - спытаўся я ў парабкаў.

- Ат, пакепліваем сабе. Вядома ж, як з дурня.

Адчуваючы, што мёд паўзе ўжо тым часам па пальцах, я не стаў з імі больш гаварыць, пайшоў за Валекам. Ён стаяў у пустазеллі і глядзеў на мяне.

- Валек, - гукнуў я, - на табе хлеба з мёдам!

Ён не варухнуўся.

- Хадзі сюды... - сказаў я, ступіўшы некалькі крокаў наперад.

Хлопец кінуўся ўцякаць.

- Ох, і дурны ж ты!.. Бяры хлеб, я вось тут яго палажу...

Палажыўшы лусту на камені, я адышоўся. Але толькі тады, як я схаваўся за вугал кухні, хлапчук падышоў да каменя, пачаў асцярожна аглядаць той хлеб, а потым з'еў яго, наколькі мне здаецца, з апетытам.

Праз нейкую гадзіну, ідучы ў бок лесу, я заўважыў, што Валек ідзе за мною воддаль. Я спыніўся - і ён таксама. Калі ж я павярнуў дахаты, ён шыбануў з дарогі ў кусты. Але неўзабаве зноў трухцеў за мной.

У той дзень я даў яму хлеба яшчэ раз. Узяў з рукі, але яшчэ ўсё пабойваючыся, і адразу ўцёк. Аднак з таго часу ён пачаў хадзіць за мною заўсёды воддаль.

З самага ранку хлопец кружыў перад нашымі вокнамі, як птушка, якой спрыяльная рука пасыпае зярнят. Увечары садзіўся перад кухняй і глядзеў на нашы вокны. І толькі як гасла святло, ён ішоў спаць на посцілцы за печчу, дзе над галавой яго не змаўкалі цвыркуны.

Некалькі дзён пасля першай сустрэчы з Лёняй, паддаўшыся Зосіным угаворам, я пайшоў з ёю ў парк.

- Ты ведаеш, - запэўнівала мяне сястра, - што Лёня вельмі табой зацікавілася. Увесь час гаворыць пра цябе, злуецца, што ты тады не вярнуўся, дапытваецца, калі ты прыйдзеш.

Нічога дзіўнага, што я паддаўся, тым больш што і самога мяне цягнула да Лёні. Здавалася, што толькі тады закончыцца мая туга, выкліканая Юзевай смерцю, калі я пачну хадзіць з Лёняй пад ручку і весці сур'ёзныя гутаркі. А пра што іменна? - гэтага я дагэтуль не ведаю. Я адчуваў толькі, што хочацца хораша гаварыць, шмат гаварыць і мець аднаго толькі слухача - Лёню.

Ад думкі пра такія праходкі ўдваіх штосьці ў грудзях маіх іграла, як арфы, мігацела, як сонца ў кроплях расы. Аднак рэчаіснасць не заўсёды адпавядае летуценням. Бо як толькі сястра прывяла мяне на сустрэчу з Лёняй, я звярнуўся да яе з намерам распачаць нашу ідэальную гутарку так:

- Ці любіце вы лавіць рыбу?

У гэты момант дзяўчаты ўзяліся пад рукі, пачалі шаптацца, бегаць па алеі і смяяцца, як ашалелыя. Аслупянеўшы, я круціў у руках вудачку, з-за якое ледзь не атрымаў ад сівага каня капытам за тое, што рваў з яго хваста валасенне.

Я ўжо хацеў пакрыўджана адысціся, але дзяўчаты вярнуліся і Зося сказала:

- Лёня просіць цябе, каб вы адно аднаму гаварылі па імені.

Я пакланіўся моўчкі, заклапочана, а яны зноў засмяяліся і пабеглі ў бок сажалкі.

- Вы ведаеце... - пачала Лёня, але адразу ж паправілася: - Ты ведаеш, Зося, што мама рашуча не дазваляе нам плаваць у чоўне. Я сказала, што нас будзе вазіць твой брат, аднак мама...

Яна даўгавата шаптала штосьці Зосі на вуха, і я адразу здагадаўся, пра што. Мама, напэўна ж, баіцца, каб я не патапіў дзяўчат - я, такі плывец, вучань другога класа!..

Мне стала сорамна. Лёня заўважыла гэта і раптам сказала:

- А вы нам...

Зноў паправіла сама еябе:

- Папрасі, Зося, брата, каб ён нарваў нам белых гарлачыкаў. Яны такія прыгожыя, а я ніколі іх у руках не трымала.

Я адразу павесялеў. Цяпер можна і паказаць, што я ўмею.

У сажалцы расло шмат гарлачыкаў, аднак не каля берага, а трохі далей. Я выламаў прут і ўвайшоў у човен, які захістаўся.

У гарлачыкаў калівы нібы пружыняць. Зачэпіш дубцом - наблізяцца, а потым зноў адплываюць. Я выламаў даўжэйшы дубец, з нейкім нібы кручком на канцы. На гэты раз пашанцавала. Моцна падчэплены гарлачык падплыў вось-вось... Я працягнуў левую руку - яшчэ далекавата. Укленчыў на самым носе лодкі, перахіліўся і ўжо хацеў ірвануць тую лілію, ды раптам - ба-бух у ваду! Дубец мой вываліўся з рукі, а гарлачык - адплыўся.

Дзяўчаты - у крык... Я крычу: «Гэта нічога! Нічога! Тут мелка!..» Выліваю ваду з шапкі, надзяваю яе на галаву і, брыдучы па пахі ў вадзе, а па калені ў гразі, ірву гарлачыкі - адзін, другі, трэці, чацвёрты...

- Казічак, мілы, вылазь! - крычыць заплаканая сястра.

- Хопіць, хопіць ужо! - уторыць ёй Лёня.

А я не слухаю... Ірву пятую, шостую і дзесятую кветку, а потым лісты...

З сажалкі выйшаў я мокры з ног да галавы, ногі вышэй каленяў і рукавы - у гразі. На беразе Зося плача, Лёня не хоча браць кветак, а за імі хаваецца перапалоханы Валек...

Бачу, што і ў Лёніных вачах таксама слёзы, аднак яна раптам пачынае смяяцца:

- Зірні, Зося, які ў яго выгляд!..

- Божа, што скажа тата? - крычыць сястра. - Казічак, ты ўжо хоць твар памый, ты ж увесь замазаны.

Машынальна бяруся рукой у гразі за нос. Лёня ад смеху ажно сядае на траве. Зося таксама смяецца, выціраючы вочы, нават і Валек адкрывае рот, з якога чуецца штосьці падобнае на бляянне.

Цяпер дзяўчаты заўважаюць яго.

- Што гэта? - пытаецца Зося. - Адкуль ён тут узяўся?

- Ён прыйшоў сюды з тваім братам, - адказвае Лёня. - Я бачыла, як ён краўся кустамі.

- Божа, што ў яго за капялюш!.. Чаго ён, Казік, хоча ад цябе? - спыталася сястра.

- Ходзіць за мною ўжо некалькі дзён.

- Ага! Гэта Казя з ім, відаць, гуляў, калі ўцякаў ад нас, - пакеплівае Лёня. - Зірні, Зося, як яны выглядаюць абодва - адзін увесь мокры, а другі не памыты... Ой, не вытрываю ад смеху!..

Гэтае параўнанне з Валекам зусім не спадабалася мне.

- Ты, Казічак, памыйся і ідзі дадому пераапрануцца, а мы тым часам пойдзем у альтанку, - сказала Зося, паднімаючы Лёню, якая ад празмернай весялосці была ледзь не ў істэрыцы.

Яны пайшлі. Засталіся мы з Валекам і пук гарлачыкаў на траве, якіх ніхто не падняў.

«Такая ўзнагарода за маю самаахвярнасць?» - падумаў я горка, адчуваючы ў вуснах гразь. Зняў шапку. Страхоцце - што з ёю зрабілася!.. Як ануча, што мыць падлогу, а казырок у адным месцы адлазіць. З мундзіра, з камізэлькі, з кашулі сцякае вада. У ботах - ажно хлюпае, як паварушышся. Я адчуваю, што з палатна на мне робіцца сукно, з сукна скура, а са скуры драўніна. А адтуль, дзе альтанка, чуваць Лёнін смех, - яна расказвае пра мяне гувернантцы.

Праз момант яны будуць тут. Я хачу памыцца, але, не дакончыўшы, уцякаю, бо яны ўжо ідуць!.. Ужо на алеі бачу іхнія сукенкі, чую поўны здзіўлення голас гувернанткі. Яны адрэзалі мне дарогу дахаты, я паварочваю ў іншы бок, да плота.

- Дзе ж ён? - крыкліва пытаецца гувернантка.

- Ён там, там!.. Яны абодва ўцякаюць! - адказвае Лёня.

Цяпер я заўважаю, што Валек бяжыць следам за мною. Дабягаю да плота, малы за мною. Лезу на жэрдзе, ён таксама. І калі мы абодва, тварам у твар, сядзім верхам на плоце, у кустах паказваюцца Лёня, Зося і гувернантка.

- Ах, і гэты прыяцель! - крычыць, смеючыся, Лёня.

Я саскочыў з плота і папёр полем да нашага флігеля, а Валек увесь час за мной. Яму, відаць, падабаецца гэтая аблава, бо ён раскрывае рот і бляе, што мае азначаць задавальненне.

Я спыніўся, страшэнна ўзлаваны.

- Дарагі мой, чаго ты хочаш ад мяне?.. Чаго ты за мной валочышся? - спытаўся я.

Валек вельмі здзівіўся.

- Адчапіся, пайшоў прэч ад мяне! - гаварыў я, сціскаючы кулакі. - Сораму мне нарабіў, усе з мяне смяюцца... Калі яшчэ раз прычэпішся, адлупцую...

Сказаўшы гэта, я пайшоў, а хлопец застаўся.

Адышоўшыся трохі, я азірнуўся, - ён стаяў на тым самым месцы. Глядзеў на мяне і ўголас плакаў.

Пудзілам уляцеў я ў нашу кухню. Куды ні ступлю - вады з мяне нацячэ. Куры, парастапырваўшы крылы, з перапалоханым кудахтаннем кінуліся да вокнаў, дзеўкі пачалі рагатаць, а Вайцехова пляснула рукамі.

- Ах, мая долечка! А што ж гэта з табой? - закрычала кабеціна.

- Не бачыце?.. У сажалку ўваліўся, вось і ўсё!.. Дайце мне, Вайцехова, палатняны гарнітур, чаравікі, кашулю... Толькі хутчэй.

- Гора маё з гэтым Казем, - адказала яна. - Да пінжака, відаць, гузікі не прышыты... Казька, паварушыся, знайдзі чаравікі!

Вайцехова пачала расшпільваць мой мундзір, здымаць яго пры дапамозе другой дзеўкі. Сяк-так справіліся, а з ботамі было нямала клопату. Ні туды ні сюды. Нарэшце паклікалі конюха. Мне давялося легчы на тапчане, Вайцехова з дзеўкамі трымалі мяне пад пахі, а конюх сцягваў боты. Я думаў, што ён мне ногі павыкручвае. Затое праз нейкія паўгадзіны я быў як лялька - выцерты, пераапрануты, прычасаны. Прыбегла Зося і прышыла гузікі да палатнянага пінжака. Вайцехова мокрую вопратку выкруціла, вынесла на гарышча, і - ціха.

Аднак бацька, прыйшоўшы дахаты, ведаў ужо ўсё. Ён паглядзеў на мяне кпліва, паківаў галавой і сказаў:

- Дурань ты, дурань!.. Ідзі цяпер да Лёні, няхай табе купіць новыя порткі.

Тут прыйшоў пан вінакур. І той агледзеў мяне, пасмяяўся, аднак я падслухаў, як ён казаў бацьку ў канцылярыі:

- Хлопец рухавы! За дзеўкамі ў агонь палезе... Як і мы ў маладыя гады, пане Ляснеўскі.

Я здагадаўся, што ўжо ўвесь двор ведае пра маю сімпатыю да Лёні, і мне было вельмі сорамна.

Пад вечар прыйшлі пані, Лёня і гувернантка, і ў кожнай з іх - о, дзіва! - быў прышпілены да сукенкі гарлачык... Мне хацелася схавацца пад зямлю, уцячы, але мяне паклікалі, і я апынуўся перад панямі.

Гувернантка, як я заўважыў, прыглядалася да мяне вельмі прыязна. А пані графіня пагладзіла мяне па шчацэ і дала мне некалькі цукерак.

- Хлопчык мой, - сказала яна, - гэта добра, што ты такі ветлівы, але прашу цябе - ніколі не вазі паненак чоўнам. Добра?

Я пацалаваў яе руку і штосьці мармытнуў.

- І сам таксама не плавай. Абяцаеш?

- Не буду плаваць.

Пасля яна звярнулася да гувернанткі і пра нешта пагаварыла па-французску. Я пачуў слова «эро», што паўтарылася некалькі разоў. На бяду, бацька таксама пачуў гэтае «эро» і аказаўся:

- Ваша праўда, пані графіня. Ірад, сапраўдны ірад!..

Пані засмяяліся, а потым, калі яны пайшлі, Зося намагалася растлумачыць бацьку, што «эро» пішацца «heros» і па-французску азначае не ірад, а герой.

- Герой? - паўтарыў бацька. - Ён такі герой, што сапсаваў мундзір і порткі, а мне прыйдзецца бухнуць Шуліму злотых з дваццаць. На чорта яно, такое геройства, дзе іншым трэба за яго плаціць!

Мне было вельмі прыкра ад такіх празаічных бацькавых поглядаў. Аднак я дзякаваў богу, што толькі на поглядах справа і закончылася.

З гэтага часу я сустракаўся з Лёняй не толькі ў парку, але і ў палацы. Разоў некалькі абедаў там, ад чаго вельмі бянтэжыўся, і амаль штодня падвячоркаваў, калі давалі каву або суніцы ці маліны з цукрам і смятанкай.

Часта я гутарыў са старэйшымі панямі. Графіня здзіўлялася маёй начытанасці, якая ішла ў мяне з гарбунковай бібліятэкі, а гувернантка, панна Клеменціна, проста захаплялася мною. Гэтай сімпатыяй я карыстаўся дзякуючы не столькі маёй эрудыцыі, колькі гутаркам пра пісара, пра якога я ведаў, дзе ён цяпер стаіць наглядчыкам над парабкамі і што думае пра панну Клеменціну. Нарэшце гэтая светлая асоба прызналася мне, што зусім не думае выходзіць замуж за пісара, але вельмі хацела б узняць яго маральна. Сказала мне, што на яе разуменне роля жанчын ва ўсім свеце заключаецца ў тым, каб узнімаць мужчын, і што я, калі вырасту, павінен сустрэць такую жанчыну, якая мяне ўздыме.

Павучанні гэтыя вельмі мне падабаліся. Я ўсё больш ды больш старанна прыносіў панне Клеменціне весткі пра пісара, а яму пра панну Клеменціну, за што меў ласку ў абаіх.

Жыццё ў палацы, як я сёння яго ўспамінаю, было тады асаблівае. Да графіні праз дзень, праз два прыязджаў яе жаніх, а панна Клеменціна разоў па некалькі на дзень наведвала тыя закуткі парку, з якіх магла ўбачыць пісара, або, як яна гаварыла, прынамсі, пачуць яго голас, мусіць, тады, калі ён лаяў парабкаў. Са свайго боку, пакаёўка паплаквала ў кожным акне па чарзе, зноў жа па пісары, а рэшта дзяўчат, пераймаючы панства, размяркоўвала свае пачуцці паміж лёкаем, буфетчыкам, кухарам, кухарчуком і фурманам. Нават сэрца старой Салюсі не было свабодным. Яго займалі індыкі, гусакі, качары, пеўні і каплуны разам з іх разнапёрымі сяброўкамі, у таварыстве якіх ключніца тапталася з ранку да вечара.

Само сабой, што нам, дзецям, у такім занятым акружэнні жылося прывольна. Мы гулялі цэлымі днямі і толькі тады сустракаліся са старэйшымі, калі нас клікалі на абед, на падвячорак ці на спачын.

Дзякуючы такой свабодзе мае адносіны з Лёняй склаліся даволі арыгінальна. Праз некалькі дзён яна гаварыла мне «Казя», потым «ты», распараджалася мною, нават крычала на мяне, а я яшчэ ўсё звяртаўся да яе на «вы», усё менш ды менш гаварыў, а больш слухаў. Часамі ўва мне абуджалася гордасць чалавека, які праз год можа пайсці ў трэці клас. Тады я праклінаў тую хвіліну, калі паслухаў Лёню ўпершыню, пайшоў клікаць сястру. Я гаварыў самому сабе:

«Няўжо ж яна думае, што я на службе ў яе, як мой бацька ў яе маці?..»

Такім чынам я бунтаваў самога сябе, вырашаў, што больш такое не паўторыцца. Аднак, як толькі сустракаўся з Лёняй, адвага пакідала мяне, а калі крышку яе і заставалася, дык зноў жа Лёня загадвала з такой нецярплівай просьбай, так тупала ножкай, што я павінен быў выконваць усё. Калі ж аднойчы злавіў вераб'я і аддаў яго ёй не адразу, яна закрычала:

- Не хочаш, дык і не трэба!.. Абыдуся без твайго вераб'я!..

Яна так пакрыўдзілася і так гарэла ад цікаўнасці, што я пачаў упрошваць яе ўзяць вераб'я. А яна - не і не!.. Ледзь упрасіў, вядома ж, пры дапамозе Зосі, аднак з тыдзень яна ўсё наракала:

- Я табе такой непрыемнасці ніколі ў жыцці не зрабіла б. Ведаю цяпер, які ты верны! У першы дзень скокнуў у ваду, каб нарваць мне гарлачыкаў, а ўжо ўчора нават не захацеў дазволіць пагуляць трохі з птушкай. Усё я ведаю... О! Ніводзін іншы хлопец не паступіў бы са мной такім чынам.

Калі ж пасля ўсялякіх маіх тлумачэнняў я, урэшце, папрасіў яе хоць ужо не злавацца, яна адказала:

- А хіба ж я злуюся?.. Ты ж і сам добра ведаеш, што не злуюся. Мне толькі прыкра было. А ўжо як мне прыкра было, гэтага нікому не ўявіць... Няхай табе Зося скажа, як мне прыкра было.

Тады Зося з урачыстым выглядам растлумачыла мне, што Лёні было вельмі, ну, проста вельмі прыкра.

- Зрэшты, няхай Лёня сама скажа табе, як ёй было прыкра, - закончыла мая дарагая сястрычка.

Так мяне слалі ад Анны да Кайяфы*, каб акрэсліць ступень той прыкрасці, і я зўсім разгубіўся.

* Тут - у сэнсе ад аднаго начальніка да другога.

Я ператварыўся ў машыну, з якое Лёня і Зося рабілі ўсё, што ім толькі хацелася, бо кожны дзень маёй самастойнасці прыносіў той ці іншай з іх адны прыкрасці, а ўжо яны іх перажывалі разам.

Калі б бедны Юзя ўстаў са свае магілы, ён не пазнаў бы мяне ў асобе зацюканага, паслухмянага кавалерчыка, які вечна па штосьці хадзіў, нешта прыносіў, нечага шукаў, пра штосьці не ведаў, у нечым не разбіраўся і раз-поразу атрымліваў вымовы. А калі б гэта бачылі мае сябры!..

Аднойчы панна Клеменціна была занята больш, чым заўсёды. Бо пісар назіраў за нечым каля канюшні, крокаў некалькі ад мілай альтанкі. Карыстаючыся гэтым, мы ўтраіх вышмыгнулі за парк, у тыя кусты, дзе рос ажыннік.

Страхоцце, колькі іх там, ажынаў, было! Што ні ступіш, дык і куст, а на кожным процьма ягад, чорных і буйных, як слівы. Спачатку мы збіралі іх разам, перагукваючыся ад захаплення. А неўзабаве змоўклі і разышліся кожны ў свой бок. Не ведаю, як там дзяўчаты, але я, утапіўшыся ў найгусцейшых кустах, забыўся пра ўсё на свеце. Што гэта былі за ажыны!.. Сёння няма такіх нават і ананасаў.

Стаміўшыся стаяць, я сеў, стаміўшыся сядзець - лёг на кустах, як на шырокім спружыністым крэсле. Тут было так цёпла, так мякка, так шчодра, што я аж падумаў: так вось жылося Адаму ў раі. Божа мой, божа, чаму я не быў Адамам? Да сённяшняга дня на праклятым дрэве раслі б яблыкі, бо каб зрываць іх, я нават рукі не ўзняў бы над галавой...

Расцягваючыся, як вуж, на гнуткіх кустах, я адчуваў невыказнае шчасце галоўным чынам па той прычыне, што можна было зусім не думаць. Часамі я паварочваўся дагары тварам, галавой ніжэй за рэшту цела. Лістота, што варушылася ад ветрыку, песціла мой твар, а я глядзеў у вялізнае неба і з неабдымным задавальненнем уяўляў, што вось мяне - зусім няма. Лёня, Зося, парк, абед дый школа з панам інспектарам здаваліся сном, што быў калісьці, але прайшоў, можа, сто год таму назад, а можа, і тысячу. Бедны Юзя ў небе, відаць, адчувае цяпер тое самае. Які ён шчаслівы!..

Нарэшце мне ўжо і ажынаў не хацелася. Я адчуваў, як ласкава гойдаюць мяне кусты, бачыў кожную хмарку, што паволі плыла па блакіце, чуў шалясценне кожнага ліста, а сам анічога не думаў. Ды тут мяне штосьці тузанула. Я ўсхапіўся, не разумеючы, што да чаго. Нейкі момант было ціха, як і раней, а потым пачуўся Лёнін плач і крык:

- Зося!.. Панна Клеменціна!.. Памажыце!..

Гэта страшна, калі дзіця крычыць: «Памажыце!..» У галаве маёй мільганула слова «змяя!». Калючыя кусты хапалі мяне за вопратку, аблытвалі ногі, тузалі, адпіхалі... не, яны моцна трымалі мяне, не пускалі, як быццам жывая пачвара, а Лёня тым часам крычала: «Памажыце!.. Божа мой, божа!..» І я адчуваў толькі адну, як сонца, ясную рэч, што неабходна ці памагчы, ці загінуць самому.

Стомлены, паабдзіраны, а найбольш перапалоханы, я прадзёрся нарэшце туды, адкуль чуўся Лёнін плач.

Яна сядзела на кусце, дрыжала, ломячы рукі.

- Лёня!.. Што з табой? - першы раз звярнуўся я да яе па імені.

- Аса!.. Аса!..

- Аса? - паўтарыў я, кідаючыся да Лёні. - Укусіла цябе?

- Яшчэ не, але...

- Дык што...

- Лазіць па мне...

- Дзе?

З вачэй яе цяклі слёзы. Яна вельмі саромелася, але страх перамог.

- Залезла ў панчоху... Божа мой, божа... Зося!..

Я стаў перад ёю на калені, але шукаць асу яшчэ не асмельваўся.

- Дык вымі ты яе, - сказаў я.

- Я ж баюся. О божа!..

Лёня дрыжала як у ліхаманцы. І я праявіў звышсмеласць.

- Дзе яна ў цябе?

- Цяпер ходзіць па калене...

- Няма яе ні тут, ні тут.

- Яна ўжо вышэй... Ах! Зося, Зося!..

- Дык і тут жа яе няма...

Лёня закрыла твар рукамі.

- Відаць, яна ў сукенцы схавалася... - сказала, яшчэ горш заплакаўшы.

- Злавіў! - закрычаў я. - Гэта ж муха...

- Дзе?.. Муха?.. - спыталася Лёня. - І праўда муха! Ах, якая вялікая... А я была ўпэўнена, што гэта аса. Я думала, што памру... Божа! Якая я дурная.

Выцерла вочы і адразу пачала смяяцца.

- Забіць яе ці выпусціць? - спытаўся я, паказваючы Лёні няшчасную муху.

- Як сабе хочаш, - адказала Лёня зусім ужо спакойна.

Я хацеў муху забіць, але - не хапіла рашучасці. А таму, што і крылы, і ўся яна была вельмі памятая, я асцярожна палажыў яе на лісце.

А Лёня тым часам вельмі ж прыглядалася да мяне.

- Што з табой, - спыталася яна раптам.

- Нічога, - адказаў я, намагаючыся засмяяцца.

І тут адчуў, што сілы раптоўна пакідаюць мяне. Сэрца біла, як звон, у вачах пацямнела, халодны пот выступіў на ўсім целе, і, стоячы на каленях, я захістаўся.

- Што з табой, Казя?

- Нічога... Толькі я думаў, што з табой здарылася няшчасце...

Каб Лёня не абхапіла мяне, не палажыла маю галаву сабе на калені, я разбіў бы нос аб зямлю.

Нейкая цёплая хваля шуганула ў маю галаву, пачуўся шум у вушах і зноў Лёнін голас:

- Казя!.. Мілы Казя... Што з табой?.. Зося!.. Божа мой, ён самлеў... Што ж мне няшчаснай рабіць?..

Яна абняла мяне аберуч за галаву і пачала цалаваць. На ўсім твары я адчуваў яе слёзы. Мне было так шкада яе, што, сабраўшы рэшткі сіл, я сяк-так падняўся.

- Ды нічога мне... Ты не бойся, - вырвалася з маіх грудзей.

І сапраўды, слабасць прайшла таксама хутка, як і прыйшла. У вушах перастала шумець, у вачах пасвятлела, я ўзняў галаву з Лёніных каленяў і, гледзячы ў яе вочы, пачаў смяяцца.

Цяпер і Лёня ўжо смяялася.

- Ах ты, нягодны, ах ты, нядобры, - гаварыла яна, - столькі мне страху нарабіў. Як жа гэта ты з-за такога глупства самлеў?.. Калі б гэта нават і аса была, яна ж не з'ела б мяне... А што я тут з табой рабіла б?.. Ні вады, ні людзей, Зося кудысьці пайшла, а мне самой трэба было б ратаваць такога вялікага хлопца. Сорам табе!

Вядома ж, я саромеўся. Ці ж можна было так палохаць яе?

- Ну, як табе? - пыталася Лёня. - Эх, відаць, ужо лепш, бо ты не такі бледны. Раней ты быў - як палатно... Аднак і я, - дадала яна, пачакаўшы, - здорава буду выглядаць, калі мама пра гэта даведаецца!.. Ах, божа мой, страшна нават дадому вяртацца...

- Пра што мама даведаецца? - спытаўся я.

- Пра ўсё, а найгорш - пра асу...

- Дык не кажы нікому.

- Што з таго, што я не скажу, - амаль прашаптала яна, адвёўшы ўбок вочы.

- Можа, ты думаеш, што я скажу? - спытаўся я. - Далібог, нікому ані слова.

- А Зосі?.. З ёю можна сакрэтнічаць.

- І Зосі не скажу. Нікому.

- Дый без гэтага ўсе даведаюцца. Ты такі падзёрты, абадраны... Аднак, пачакай!.. - дадала яна праз момант і абцерла хусткай мой твар. - Божа мілы, я ж цябе нават, ты ведаеш, і пацалавала са страху, не ведаючы, што рабіць. Калі б хто пра гэта даведаўся, я б згарэла б ад сораму, хоць і з асой таксама ж клопат быў. Ах, колькі бяды праз цябе...

- Ды няма табе чаго баяцца, - пацяшаў я.

- Якраз няма чаго! Усё выйдзе наверх, бо ў цябе поўна лісця ў валасах. Зрэшты, чакай, я цябе прычашу. Каб толькі Зося не падглядала з-за якога-небудзь куста. З ёю можна сакрэтнічаць, аднак усё-такі...

Лёня выняла са сваіх валасоў напаўкруглы грэбень і пачала мяне прычэсваць.

- Ты заўсёды расстрэсены, - гаварыла. - Ты павінен прычэсвацца так, як усе паны. Вось так!.. Прабор з правага боку, а не з левага. Калі б у цябе валасы былі чорныя, ты быў бы такі прыгожы, як жаніх мае мамы. А таму, што ты бландзін, я прычашу цябе інакш. Ты цяпер будзеш, як анёлак, што пад мадоннай. Ведаеш, які... Шкада, што ў мяне няма люстэрка.

- Казя! Лёня! - гукнула ў гэты момант Зося, аднекуль з боку парку.

Мы ўсхапіліся, Лёня і сапраўды была перапалохана.

- Усё раскрыецца! - сказала яна. - Ох, гэтая аса!.. А горш за ўсё тое, што ты самлеў...

- Нічога не раскрыецца, - энергічна адказаў я. - Я анічога не скажу.

- І я таксама. Не скажаш нават, што ты самлеў?..

- Не скажу.

- Ну, ну! - здзівілася Лёня. - Бо я, каб самлела, не змагла б вытрымаць...

- Казя! Лёня! - гукала сястра, ужо зусім недалёка ад нас.

- Казя! - шапнула Лёня, палажыўшы палец на вуснах.

- Нічога не бойся.

Зашамацелі кусты, і паказалася Зося ў фартушку.

- Дзе ж ты была, Зося? - спыталіся мы абое разам.

- Хадзіла па фартушок для сябе і для цябе, Лёня. На вазьмі, бо ажыны забрудзяць.

- Што, трэба ўжо ісці дахаты?

- Няма чаго, - адказала Зося. - У мамы сядзіць той пан, а панна Клеменціна і не думае выходзіць з альтанкі. Можам сядзець тут хоць да вечара. Ды я ўжо буду рваць ажыны, бо вы тут наеліся больш за мяне.

Яны пачалі абедзве рваць, і мне таксама зноў захацелася ягад.

Заўважыўшы, што я адыходжуся, Лёня гукнула мне ўслед:

- Казя, ты ведаеш, пра што я думаю!..

І пагразіла мне пальцам.

У гэты момант я прысягнуў сам сабе, ужо немаведама каторы раз, што нікому не скажу пра тое, што самлеў, і пра тую муху. Аднак, адышоўшыся некалькі крокаў, я пачуў Лёнін голас:

- Каб ты, Зося, ведала, што тут рабілася!.. Аднак я не магу табе анічога сказаць. Але ж, каб ты паабяцала мне, што анікому...

Я ўцёк як найдалей у гушчар, адчуваючы сорам. А можа, Зося...

У тых няшчасных ажынах мы пабылі яшчэ з гадзіну. Калі ж вярталіся адтуль дахаты, я заўважыў вялікую змену сітуацыі. Зося глядзела на мяне з жахам і цікаўнасцю, Лёня зусім не глядзела, а я быў такі збянтэжаны, нібы зрабіў якое-небудзь злачынства.

Развітваючыся з намі, Лёня сардэчна пацалавала Зосю, а мне - кіўнула галавой. Я зняў перад ёю шапку, падумаўшы, што я - вялікі нягоднік.

Як толькі Лёня адышлася, Зося ўзяла мяне ў работу.

- Я пачула цудоўныя рэчы! - сказала яна сур'ёзна.

- А што я зрабіў? - спытаўся я, добра такі спалоханы.

- Як гэта - што? Спачатку самлеў... Ах, божа мой, і мяне пры гэтым не было!.. Ну, а потым тая аса ці муха... Жахліва... Бедная Лёня! Я памерла б ад сораму.

- Але ж у чым тут я вінават? - смялей спытаўся я.

- Дарагі Казя, - адказала яна, - перада мной табе не трэба апраўдвацца, бо я ж цябе ні ў чым не папракаю. Аднак жа...

«Аднак жа...» - таксама мне адказ!.. З гэтага «аднак жа» выходзіла, што ва ўсім я вінават. Муха нічога, Лёня, што так лямантавала, таксама нічога, толькі я вінават, што пабег ратаваць?..

Яно так, але чаму я самлеў?..

Я не мог супакоіцца. На другі дзень зусім не пайшоў у парк, каб не паказвацца Лёні, а на трэці - яна сказала, каб прыйшоў. А як прыйшоў, здалёк кіўнула мне галавой і гутарыла толькі з Зосяй, на мяне пазіраючы час ад часу горда і сумна, як на злачынца.

Часамі я думаў, што ў дачыненні да мяне тут адбываецца нейкая несправядлівасць. Аднак адразу глушыў такія падазрэнні, гаворачы сам сабе, што я і сапраўды зрабіў штосьці страшнае. Тады я не ведаў яшчэ, што такі метад - характэрная рыса жаночай логікі.

Тым часам дзяўчаты хадзілі па садзе спаважна, нават не думаючы пра скаканне цераз вяровачку, а ўсё пра нешта шэпчучыся. Раптам Лёня спынілася і сказала пакутлівым голасам:

- Ведаеш, Зося, мне вельмі захацелася чарніц... Ажно запахла імі...

- Пайду прынясу, - сказаў я паспешліва. - У лесе ёсць адно месца, дзе іх вельмі шмат.

- Ці варта непакоіцца? - спыталася Лёня, меланхалічна павёўшы па мне позіркам.

- А чаму не? Няхай ідзе, калі яму хочацца, - умяшалася Зося.

Я паспяшаўся, тым больш што ў садзе мне было душна ад гэтых пястотаў. Мінаючы кухню, я пачуў за сабой, што мае паненкі смяюцца, а нехаця цікнуўшы цераз паркан, заўважыў, што яны сабе весела скачуць цераз вяровачку. Відаць, толькі пры мне ў іх быў такі ўрачысты выгляд.

У кухні быў страшэнны тарарам. Валекава маці плакала і лаялася, а старая Салюся выгаворвала ёй, што Валек разбіў талерку.

- Дала яму, - наракала пасудніца, - гэтаму гіцлю, талерку, каб ён яе вылізаў, а ён, падлюга, бух яе аб зямлю, а сам наўцёкі. Ой, калі ўжо я сёння не заб'ю цябе, дык няхай мае рукі ды ногі адсохнуць...

А пасля закрычала:

- Валек!.. Хадзі сюды, шалудзька ты, адразу ж ідзі, бо я з цябе скуру здзяру, калі цяпер не з'явішся.

Мне стала шкада хлопца і захацелася справу загладзіць. Аднак я падумаў, што паспею зрабіць гэта пасля лесу, бо Валек - дай бог, каб ноччу паказаўся ў кухні. І я пайшоў сваёй дарогай.

Да лесу ад двара было з паўгадзіны хады, а можа, і больш. Раслі там дубы, сосны, ляшчэўнік, а суніц і чарніц столькі, што бяры - колькі хочацца. З краю пастухі трохі прарэджвалі ягады, а далей было іх больш, усыпаны цэлыя паляны, з наш дзядзінец велічынёй.

Зайшоўшы ў такое месца, я нарваў ягад поўную шапку і хустку, бо сам еў мала, спяшаўся. Нягледзячы на гэта, прайшло з гадзіну, а то і больш, пакуль я са сваім зборам вырушыў назад. Напрасткі не пайшоў, а трохі кругам, бо мне наогул падабалася пахадзіць па лесе.

Калі ідзеш у гушчар, дык дрэвы выразна даюць дарогу, прапускаюць цябе. Але паспрабуй, ідучы наперад, азірацца. Яны падаюць адно аднаму галіны, нібы рукі, ствол набліжаецца да ствала, пасля яны нават зусім сыходзяцца, і неўзабаве за табой вырасце стракатая сцяна, глыбокая і непраходная...

Лягчэй за ўсё тады заблудзіцца. Куды ні пойдзеш - усюды аднолькава, усюды дрэвы рассоўваюцца перад табой, а за табой збягаюцца. Ты пачынаеш бегчы, яны таксама бягуць назад, каб адрэзаць табе адступленне. Ты спынішся - яны стаяць сабе ды ахалоджваюцца голлем, як веерамі. Паварушваеш галавой улева ды ўправа, шукаючы дарогі, і заўважаеш, што некаторыя дрэвы хаваюцца адно за адно, нібы хочучы пераканаць цябе, што іх куды менш, чым ты сабе думаеш.

О, лес - гэта ўсё-такі небяспечнае месца! Там кожная птушка шпіёніць, куды ты ідзеш, кожнае зеллейка намагаецца заблытаць твае ногі, а як не можа, дык хоць шамаценнем даносіць пра цябе іншым. Так яму, лесу, любы чалавечы твар, што, убачыўшы яго, - кідаецца на ўсё, абы толькі затрымаць тут чалавека назаўсёды.

Сонца ўжо хілілася на захад, калі я выйшаў у поле. А неўзабаве сустрэўся з Валекам. Ён хутка ішоў у бок лесу, падпіраючыся доўгім кіем.

- Куды ты? - спытаўся я.

Ён не ўцякаў ад мяне. Спыніўся і, паказаўшы жоўтай ручкай на лес, ціха сказаў:

- Далёка!..

- Хутка ноч будзе, вяртайся дахаты.

- Але ж матуля хочуць мяне страшэнна адлупцаваць...

- Хадзем са мной, дык не адлупцуе.

- Ой, адлупцуе!..

- Хадзем, будзеш бачыць, што нічога не зробіць, - сказаў я, падышоўшы да яго.

Хлопец адступіўся, але не ўцякаў; мне здалося, што ён вагаецца.

- Ну, хадзем...

- Але ж баюся...

Я зноў наблізіўся, а ён - адступіўся. Гэтае ваганне ды адступанне раздражніла мяне. Там Лёня ягад чакае, а ён таргуецца са мной?.. Няма ў мяне часу на гэта.

Я хутка пайшоў у бок маёнтка. Засталася ўжо, мусіць, палавіна дарогі дахаты, калі я азірнуўся і ўбачыў Валека на ўзгорку каля лесу. Ён стаяў са сваім кіем у руцэ і глядзеў на мяне. Кашуля яго развявалася на ветры, а падзёрты капялюш блішчаў ад нізкага сонца, нібы агністы вянок.

Штосьці кранула мяне. Я прыгадаў, як парабкі падгаворвалі яго, каб узяў кій ды ішоў у свет. Няўжо ж ён так і зрабіў?.. Не, не такі ўжо ён дурань. Зрэшты, няма мне калі вяртацца да яго, бо чарніцы падушацца, а там Лёня чакае...

Лётам прыбег я дахаты, каб перасыпаць ягады ў кошычак. На парозе Зося павітала мяне - горкім плачам...

- Што з табой?..

- Бяда, - шапнула сястра. - Усё выйшла наверх... Пані звольніла тату...

- Зося, што ты гаворыш?.. Што з табой?..

- Праўду я гавару. Татка ўжо звольнены. Лёня па сакрэту сказала гувернантцы пра тую асу, а гувернантка - сказала пані... Калі тата прыйшоў у палац, пані загадала, каб ён неадкладна завёз цябе ў Седльцы. Але татка сказаў, што мы паедзем усе разам...

Зося страшэнна расплакалася.

У гэты момант я заўважыў бацьку на двары. Пабег насустрач яму і задыхана кінуўся да ног.

- Татка, родненькі мой, што ж я нарабіў! - шаптаў я, абнімаючы яго за калені.

Бацька падняў мяне, паківаў галавой:

- Дурны ты. Ідзі дахаты.

А потым сказаў, як быццам сам сабе:

- Тут іншы майстар ёсць, які нас адгэтуль выганяе, думаючы, што стары ўпаўнаважаны не дазволіў бы яму прайграць маёнтак сіраты. І мае рацыю!

Я здагадаўся, што ён гаворыць пра жаніха нашай пані. На сэрцы ў мяне палягчэла. Пацалаваў бацькаву шорсткую руку і сказаў трохі смялей:

- Бачыце, татка, мы ў ажынах былі... Лёню ўкусіла аса...

- Сам ты дурны, як аса. Не братайся з панянятамі, дык і не будзеш паляваць на восаў і не сапсуеш портак у сажалцы. Ідзі дахаты і не вылазь мне за парог, пакуль усе адгэтуль не выедуць.

- Яны выязджаюць? - ледзь прашаптаў я.

- Едуць днямі ў Варшаву, а вернуцца, калі нас тут ужо не будзе.

Вечар прайшоў сумна. На вячэру былі выдатныя клёцкі з малаком, але ніхто з нас не еў іх. Зося выцірала чырвоныя вочы, а я строіў адчайныя планы.

Перад сном я ціха зайшоў у сястрын пакой.

- Зося, - сказаў рашуча, - я... павінен ажаніцца з Лёняй!..

Яна зірнула на мяне спалохана.

- Калі? - спыталася.

- Усё роўна.

- Але ж цяпер ксёндз-пробашч не павянчае вас, а потым яна будзе ў Варшаве, а ты ў Седльцах... Зрэшты, што тут сказаў бы татка, пані?..

- Бачу, што ты не хочаш мне дапамагчы, - адказаў я і, не пацалаваўшы яе на развітанне, пайшоў.

З таго моманту я ўжо нічога не памятаю. Міналі дні і ночы, а я ўсё ляжаў у ложку, каля якога сядзелі або мая сястра, або Вайцехова, або фельчар. Не ведаю, ці гэта пры мне гаварылі, ці толькі мроілася так, што Лёня паехала ўжо і што Валек недзе прапаў. Раз нават здалося, што бачу я над сабой заплаканы твар пасудніцы, якая, плачучы, пытаецца:

- Паніч, а дзе вы бачылі Валека?..

Я?.. Валека?.. Нічога я не разумеў. Але потым мне ўявілася, што рву ў лесе ягады, а з-за кожнага дрэва на мяне глядзіць Валек. Я клічу, а ён уцякае, ганюся за ім, але дагнаць не магу. Калючыя кусты хапаюцца за мяне і адпіхаюць, ажыны аблытваюць ногі, дрэвы танцуюць, паміж аброслых ствалоў мільгае шэрая хлопцава кашуліна.

Часамі мне здавалася, што я сам Валек, а потым, што Валек, Лёня і я - адна асоба. Прытым заўсёды бачыў я лес або густы хмызняк, заўсёды нехта клікаў мяне на дапамогу, а я - не мог скрануцца з месца.

Страшна ўспомніць усе тыя пакуты.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

 

Калі я ўстаў з ложка, быў ужо канец вакацыяў, трэба было ехаць у школу. Некалькі дзён я прасядзеў у кватэры і толькі напярэдадні ад'езду, адвячоркам, вылез на двор.

Вокны ў палацы былі заслонены шторамі. Значыцца, яны і сапраўды выехалі?.. Я пайшоў да кухні, шукаючы Валека. Яго не было. Я спытаўся пра хлопца ў нейкай дзяўчыны.

- Ой, паніч, - адказала яна, - няма ўжо Валека...

Я пабаяўся распытваць далей. Пайшоў у парк.

Божа, як тут маркотна... Бяздумна валачыўся я па сцежках, вільготных ад нядаўняга дажджу. Трава пажоўкла, сажалка яшчэ больш зарасла, у чоўне поўна вады. На галоўнай алеі стаялі вялікія лужыны, у якіх адлюстроўваўся змрок. Зямля чорная, ствалы дрэў чорныя, голле абвісла, лісце вяне. Сум раздзіраў душу, з глыбінь яе даставаў то такі, то іншы цень. То Юзя, то Лёні, то Валека...

Раптам павеяў вецер, верхавіны дрэў зашумелі, з разгайданых галін пачалі ападаць вялікія, як слёзы, кроплі. Бог сведка, што дрэвы плакалі. Не ведаю, ці нада мной, ці над маімі сябрамі, адно напэўна - разам са мною...

Было ўжо цёмна, калі я выйшаў з парку. У кухні парабкі вячэралі. За кухняй у полі я ўбачыў жаночую постаць. Пры нясмелым святле, што аплывала на зямлю з яснейшай палоскі аблокаў, я пазнаў пасудніцу. Яна глядзела на лес і мармытала:

- Валек... Валек!.. Хадзі ж дамоў... Колькі ты гора мне нарабіў, ох, нягоднік, нягоднік...

Лётам уцёк я дахаты, бо думаў, што сэрца маё разарвецца.




Крыніца: Prus B. Wybór pism w 10 t., t. 2, 3. Pańtstwowy instytut wydawniczy. Warszawa, 1974.
Пераклад: Янка Брыль

Беларуская Палічка: http://knihi.com