Баляслаў Прус

Стасевы прыгоды

Герой апавядання - асоба, крыху больш за локаць ростам, каля трыццаці фунтаў вагі, і жыве яна на свеце толькі паўтара года. Гэтую катэгорыю грамадзян людзі дарослыя называюць дзецьмі і наогул адносяцца да яе недастаткова сур'ёзна.

Таму я трохі пабойваюся рэкамендаваць чытачам маленькага Стася і перш за ўсё прашу іх быць цярплівымі. Дзіцёнак гэты такі прыгожы і чысты, што яго магла б пацалаваць кожная дама, якая носіць пальчаткі на чатыры гузікі. Валасы ў яго льняныя, вочы вялікія і сінія, кашулька зрэбная, а зубоў столькі якраз, колькі патрэбна, каб пайсці на свой хлеб. Апроч гэтага, ёсць у Стася калыска, на жаўтлявым фоне якое намаляваны чорныя і зялёныя кветкі, а таксама вазок, з адзіным недахопам - кожнае кола яго, сказаў бы, коціцца ў свой бок.

Я не змог бы суцешыцца, калі б усе названыя станоўчыя якасці не здабылі сімпатыі да Стася, які, на жаль, не мае якой-небудзь незвычайнай рысы. Стась - дзіця законнае, не падкідыш; не выяўляе ён нават найменшай здольнасці красці або іграць на якім-небудзь інструменце, яшчэ горш - няма ў яго ані крышачку дурнаватасці, якая дала б яму права лічыцца дзіцем знатнага роду.

Аднак дзіця гэта незвычайнае; прынамсі, так сцвярджаюць яго бацька, Юзэф Шарак, па прафесіі каваль, яго маці, Малгажата, да замужжа Ставіньская, і дзед Ставіньскі, млынар, ужо не лічачы кумоў, сяброў і ўсіх тых, хто быў на хрысцінах і не змог там застацца халодным.

Само Стасева нараджэнне залежала ад незвычайных камбінацый і фактаў. Перш за ўсё пану богу трэба было стварыць дзве сям'і - кавалёў Шаракоў і млынароў Ставіньскіх; па-другое - зрабіць так, каб у адной сям'і быў сын, а ў другой дачка; а па-трэцяе - сапсаваць у млыне адну жалезную штуковіну і для рамонту яе запрасіць маладога Шарака якраз у тую пару, калі Малгосіна сэрца распусцілася, нібы белы гарлачык на сажалцы яе таты. «Проста цуд!..» - як слушна гаварыла старая Гжыбіна, трохі знахарка, трохі жабрачка, а, як вядома, дзве такія спецыяльнасці даюць вясковым бабулям права разбірацца ў цудах.

Паколькі згодна аднагалоснага акрэслення шматвопытных жанчын Стась «пайшоў па маме», мы асмелімся першае слова сказаць пра яе. Гэта тым больш неабходна, што каваліха будзе выконваць ролю ў здарэнні, якое (прызнаемся з сумам) не будзе ні крымінальным злачынствам, ні раманам з гарачай малітвай пра помсту.

Каля грэблі, немаведама калі не гразкай, над вялікай сажалкай, у якой багата рос трыснёг і адлюстроўваўся прыбярэжны алешнік, стаяў млын. Стары, счарнелы будынак з маленькімі шыбкамі вокан; з правага боку яго былі два вялізныя колы, дзякуючы якім будынак гэты ўжо трыццаць гадоў тросся і клекатаў, наганяючы ў кашалёк уладальніка, Ставіньскага, шчодрыя грошы.

У млынара былі сын і дачка, якраз Малгося. Сына Ставіньскі паслаў у людзі, каб навучыўся добра пытляваць, а дачку трымаў дома. Ёй хапала ўсяго, бацька грошай не шкадаваў ні на дзявочыя ўборы, ні на хатнія патрэбы. Не хапала ёй толькі ласкі.

Стары не быў благім чалавекам, аднак халаднаватым, гаварыў мала і востра, увесь быў заняты справамі. Пільнаваў парабчукоў, каб не кралі людскога збожжа, клапаціўся, каб парсюкам, што парохквалі пад падлогай млына, спраўна адсыпалася дзесятая частка вотруб'я, падлічваў працэнты за пазычаныя грошы, што спаганяў, а што пускаў у рух...

У такіх умовах Малгося жыла толькі з прыродай, а кахала - свой млын... Калі яна ўдзень працавала ў агародзе або карміла курэй і вялікіх тлустых качак, а то пагладжвала кароў, якія на голас яе ішлі, як сабакі, - млын шумеў і тарахцеў сур'ёзныя, незвычайныя мелодыі. У тарахценні яго перагукваліся ўсе інструменты: скрыпкі, бубны, арганы; аднак ігралі яны штосьці такое, чаго ніводзін аркестр, ніводзін арганіст не змог бы паўтарыць.

Прырода здавалася Малгосі вельмі вялікім возерам, люстра якога даставала аж да неба, а кроплямі былі: вёскі, параскіданыя ў палях, алешнік, луг, млын, грушы на межах, кветкі ў яе агародзе, птушкі і яна сама... Часамі, прыглядаючыся да аблокаў, што выходзілі з-за чорнага тыну лясоў, алюстроўваліся ў сажалцы і ўцякалі за ўзгоркаваты далягляд, слухаючы шум ветру, што моршчыў ваду і збожжа на полі, слухаючы, як енчыць пад ветрам трыснёг на балоце, дзяўчына пыталася: ці не з'яўляецца яе жыццё толькі адлюстраваннем усяго, што яна бачыць і чуе, як тыя вобразы дрэў і неба, што адлюстроўваюцца ў хвалях сажалкі?.. Тады на вочы яе набягалі зусім беспрычынныя слёзы. Яна пацягвалася, як быццам з плячэй меліся вырасці крылы, якія падхопяць яе, панясуць аж пад воблакі, і спявала на невядомую мелодыю такое, чаго не чула ў ніводнай народнай песні. Ажно бацька выходзіў з млына замаркочаны і казаў:

- Што ты, дзеўка, спяваеш?.. Лепш памаўчала б, бо людзі ж смяюцца!..

Малгося сарамліва змаўкала, але затое сябар-млын паўтараў кожнае слова яе, кожную ноту, толькі што яшчэ складней ды прыгажэй. І як тут было не любіць яго, хоць і падобны ён да галавы несусветнага звера, асаджанай на мностве ног, хоць з яго зяпы патыхала гарачынёй і пылам, а выў ён і тросся так, нібы хацеў усіх людзей, што набліжаліся па грэблі, патрушчыць вялізнымі клыкамі!..

Святамі млын маўчаў. Толькі ржавыя сцяжкі на даху парыпвалі жаласна, а каля заставак шамацелі тонкія вадзяныя патокі, з плачам ападаючы на аслізлыя колы. Тады, калі летні вечар быў цёплы, Малгося сядала ў човен і выплывала на сярэдзіну вялізнай сажалкі, адкуль відаць быў толькі верх млына.

Тут, задумаўшыся над глыбінёй, у якой, нібы цені, праходзілі круглавокія рыбіны, яна прыслухоўвалася да пошуму аеру на астраўках, да пераклічкі вадзяных птушак, або схіліўшыся за борт лодкі, сачыла, як са дна сажалкі адна за адной выплываюць зоркі, а на паверхні хваляў дрыжыць доўгі сноп месячнага святла. Часамі яна бачыла танчэйшыя за павуцінне шаты, якія русалкі развешвалі на кроплях начное расы... Гэта фата... гэта плашч... а гэта павалочыстая сукня... Яна плыла туды, але вецер адганяў тыя шаты на луг, над якім раптам уставала цэлае возера сярэбрана-белай імглы, у якім кружыліся, танцавалі бляскі ды цені... Хто там гуляў і чаму яе не пускалі туды?..

Тым часам насоўвалася поўнач. Лодка пачынала дрыжаць, паміж аброслымі астраўкамі чуваць было ціхае плюхаценне, за трыснягом загараліся слабенькія таямнічыя агеньчыкі. Здрадлівая імгла засцілала Малгосі дарогу, і чутно было, як хтосьці шаптаў у астраўках: «Ага! Ага, не выйдзе дзяўчына адгэтуль!..»

Але над ёю, самотнай, апекаваўся верны прыяцель млын. Яго драбнашыбыя вочы кідалі раптам у заслону імглы агні, чорная, шматногая звярына пачынала трэсціся, і ў той момант да слыху атуманенай дзяўчыны далятала вядомае ёй пагукванне, голас, які спяшаўся, клічучы:

- Малгась!.. Малгась!.. Малгась!.. Малгась!..

Цяпер дзяўчына спакойна адкладала вясло, бо плынь, якая імкнулася ў вялізную зяпу млына, сама несла човен да заставак. Малгося лажылася на дне лодкі, як соннае дзіця ў лагодна пагойдванай калысцы, з усмешкай глядзела на слабенькія вогнікі, што злосна скакалі над балатамі, і на халодныя, вільготныя сеткі русалак, якія хацелі аблытаць яе. А стары млын усё больш ды больш злаваўся і крычаў: «Малгась!.. Малгась!.. Малгась!.. Малгась!..», непакоячыся за сваю дзяўчыну. Нарэшце нос лодкі торкаўся ў палі моста.

Неяк ноччу, выскачыўшы пасля такой вандроўкі на бераг, яна ўбачыла на мосце бацьку. Ён стаяў, абапёршыся на парэнчы, і ўважліва глядзеў, як вада прасяваецца цераз застаўкі. Малгосіна сэрца задрыжала ад думкі, што гэта і ён не спіць, думаючы пра яе, хоць з выгляду такі абыякавы. Узбегла на мост і, прытуліўшыся да бацькавага пляча, размарана спыталася:

- Каго ж гэта вы, татачка, выглядвалі тут?

- Думаў, што мужыкі рыбу крадуць, - адказаў стары і пазяхнуў. Пасля, пачухаўшыся, памалу павалокся ў хату.

Ніколі яшчэ Малгося не адчувала сябе такой самотнай, акінутай, як у той момант, і ніколі так моцна не хацелася, каб і яе хто-небудзь палюбіў. Цяпер ёй здавалася, што сталяр з мястэчка, скупы і брыдкі ўдавец, які еў за трох, грудзі ў якога плоскія, а ногі раскірачаныя, нібы вілы, што сталяр гэты - зусім прыстойны чалавек. А пра млынара, які арандаваў вятрак дзве мілі адгэтуль, часта смяяўся і наогул лічыўся прыдуркам, яна ўжо не магла думаць без хвалявання!.. Нават падобныя да прадаўгаватых мяхоў мукі бацькавы парабчукі, хлопцы грубыя і сварлівыя, у сённяшнім душэўным настроі здаваліся ёй асобамі з мноствам станоўчых якасцей, хоць месяцаў некалькі таму назад яна не магла глядзець на іх без агіды.

 

* * *

 

У гэтым цяжкім становішчы млын зноў вырашыў дапамагчы дзяўчыне, і вось аднойчы ўнутры яго штосьці лопнула - з вялікім трэскам... Ажно запыленыя мукой парабчукі пабялелі са страху, а Ставіньскі пляснуў шапку аб зямлю!.. Ваду як найхутчэй спынілі і пачалі раіцца, нават загаворваючы з людзьмі, што ехалі па грэблі. Ва ўсім доме запанаваў безлад. Хлопцы перабрэхваліся на мосце, даючы дрэнны прыклад праезджым. Стары не захацеў абедаць і пачаў лаяцца на чым свет стаіць, што вось і паміраць пара, а парсюкі, што жылі пад млынам, бачачы, што ніхто не падсыпае ім вотруб'я, скуголілі, як перад канцом свету.

У такім бязладдзі разоў са сто было названа прозвішча каваля Шарака, і нарэшце адзін з хлопцаў запрог каня і паехаў у бок горада. Малгосю ахапіў страх, як у той дзень, калі яна, прастудзіўшыся, чакала фельчара, што меўся паставіць ёй банькі. Яна прычасалася, абула новыя чаравікі і выбегла да млына, які, нарабіўшы столькі клопату ўсім, сам разваліўся над грэбляй і вышчарыў зубы - такі задаволены!..

Сцямнела, павеяў халодны вецер, і дзяўчына павінна была ісці ў свой пакойчык. Толькі лягла, а тут на дварэ затарахцела і нейкі чужы голас пачуўся ёй ад млына. «Ах, божачка!..» - падумала Малгося і, хуценька апрануўшыся, давай шукаць гарэлкі, распальваць у печы, падаграваць верашчаку з каўбасой. Хвілін праз пятнаццаць было гатова ўсё, з чым сонная служанка не справілася б і за гадзіну.

Тым часам каваль, агледзеўшы млын, як бабка-шаптуха хворага, увайшоў са Ставіньскім у хату. Ужо ў сенях Шараку пачуўся пах смажаніны, і чалавек ажно ўсміхнуўся, так прыемна было, што млынар шануе яго, да поўначы чакаючы з вячэрай. Здзівіўся аднак, убачыўшы ў хаце стол цудоўна застаўлены, з парай над посудам, і два крэслы абапал стала, а гаспадыні - анізвання!

Заклапочаны млынар чокнуўся з госцем, папрасіў частавацца, а сам еў моўчкі, па свайму звычаю. Толькі пасля вячэры азваўся:

- Малгась! Пашлі ў млын падушку і дзяругу, бо пан каваль будуць у нас начаваць.

Малгося выйшла зачырванелая, ажно самой ад гэтага сорамна. Са злосці на сябе камячыла рукамі фартух і глядзела пад ногі. Аднак калі падняла вочы і ўбачыла малады, вясёлы кавалёў твар і вочы, што паблісквалі з-пад чорных броваў, яна не вытрывала, пырхнула смехам і выбегла ў сені аддаць загад служанцы. Каваль таксама смяяўся, сам не ведаючы чаго, а ўвесь час заклапочаны Ставіньскі замармытаў пад нос:

- Ат, каза, дый толькі!.. Рэдка бачыць людзей, вось і хіхікае... Дурное яшчэ, васемнаццаць гадкоў...

На світанні наступнага дня Шарак узяўся за працу, але толькі ён паспеў прыладзіць кавадла, горан і мех - паклікалі снедаць. Упершыню ў жыцці Ставіньскі прызнаў, што дачка яго добрая гаспадыня, умее прыняць госця! А млынароўскае сэрца яго не магло не расхвалявацца, калі ён убачыў, як Малгося зацікаўлена млынам, як часта яна бегае туды, пра ўсё распытваючы Шарака. Менш падабалася яму тое, што каваль многа гаворыць, працуючы, а то і прыштукі паказвае, хапаючы голымі пальцамі распаленае да белага колеру жалеза. Аднак стары маўчаў, бачачы, што ў майстравых руках работа тая гарыць і што хоць хлопец любіць трохі пабалабоніць, куе ён так, што аж зямля стогне!..

Рамонт ішоў некалькі дзён. За гэты час каваль і млынароўна вельмі пасябравалі, а вечары праводзілі разам і толькі ўдваіх, бо супакоены Ставіньскі зноў пачаў займацца справамі і менш звяртаў увагі на дачку. І вось у апошні вечар, седзячы каля хаты на лаўцы, маладыя вялі такую гутарку, праўда, паціху, бо так ім было найзручней.

- Дык пан Юзаф жыве за паўмілі ад горада, на ўзгорку? - спыталася дзяўчына.

- Ага, ага! На ўзгорачку, што каля лугу. І плот-плецянік, і дрэў штук некалькі, - адказаў каваль.

- От каб там агарод быў! Я насадзіла б там буракоў, бульбы, фасолі і кветак, каб гэта маё было!

Каваль маўчаў, спусціўшы галаву.

- І хата ў пана Юзафа харошая. Гэта тая, што каля яе калодзеж з жураўлём?

- Вядома ж, тая, але не харошая, зусім не харошая!.. Бо няма каму яе даглядаць...

- Каб гэта мне давялося, - гаварыла дзяўчына, - дык я б яе пабяліла як след, на вокны - фіранкі і вазоны, у хаце павесіла б усе мае абразы... Чаму пан Юзаф так не зробіць - адразу было б весялей?..

Каваль уздыхнуў.

- Эх! - сказаў ён. - Каб гэта мы бліжэй жылі, дык Малгося мне дадала б ахвоты, параіла б, як што рабіць...

- Уга!.. Сама ўсё зрабіла б, калі пан Юзаф будзе ў кузні...

- Але ж у далеч такую, - сказаў каваль, беручы дзяўчыну за палец, - Малгося не пойдзе, пакінуўшы бацьку?

Цяпер замоўкла млынароўна.

- Страшэнна мне Малгося спадабалася, праўду кажу!.. Халера!.. Цяпер вось чалавек дахаты вернецца і сам сабе рады не дасць... А што Малгосі да таго!.. Ёй каб якога аконама?..

- Я ж ведаю, чаго пан Юзаф варты! - прыкрыкнула на яго дзяўчына, трохі адвярнуўшыся. - Пра ніякіх я аконамаў не думаю, толькі пра тое, каб...

Зноў замоўкла, але каваль цяпер ужо ўзяў яе за ўсю руку.

- Ну, - спытаўся ён раптам, - а пайшла б Малгося за мяне?..

Ёй нібы дух заняло.

- Я не ведаю!.. - адказала.

Шарак рыўком абняў яе і пацалаваў у расхіленыя вусны.

- Яшчэ чаго!.. Такія жартачкі!.. - сыкнула яна пакрыўджана, вырвалася з яго абдымкаў і, убегшы ў хату, замкнула за сабою дзверы.

Гэтай ноччу абое яны не заснулі.

Назаўтра былі закручаны апошнія балты і падняты застаўкі. Вада з шумам абрынулася на засохлыя з нудоты колы, якія захісталіся і пачалі круціцца. Млын ішоў як мае быць!..

Ставіньскі, каб не выдаць хвалявання, прыкусіў губу, аднак рукі яго дрыжалі ад радасці. Агледзеў усё, аблаяў парабчукоў, а тады ўжо запрасіў каваля ў хату, па грошы, і паставіў бутэльку мёду.

Калі ён выклаў на стол новенькія паперкі, Шарак пачухаў за вухам і неяк сумна ўсміхнуўся. Млынар заўважыў гэта.

- Што, сынок, - спытаўся ён, - табе і крыўдна яшчэ, што дваццаць тры рублі з кішэні маёй выпудзіў?

- За такі рамонт млына мне ад вас можна было б і дачку ўзяць! - шапнуў Юзаф.

- Што? - крыкнуў стары. - Хочаш дачку замест грошай?

- Мне б і тое, і тое...

Ставіньскі быстра зірнуў яму ў вочы.

- Але ж я за ёю грошай цяпер не дам, толькі пасля мае смерці, - сказаў ён.

- Мне жыць даўжэй, чым вам, - адказаў каваль і пацалаваў яго руку. - Без пасагу дзеўку вы ж не аддасце, а мне самому так сумна, асабліва зімою...

У адчыненым акне мільганулася Малгосіна галава.

- Ану, ідзі сюды! - паклікаў бацька.

- Я не пайду, - адказала дзяўчына, засланіўшы вочы, - няхай татка самі ўсё вырашаюць!..

Ставіньскі паківаў галавой.

- Ой, каваль, каваль! - сказаў ён. - Часу ты тут, бачу, дарма не траціў. Што ж, калі такая ўжо божая воля, дык аддам я табе дзяўчыну, бо майстар ты добры, і, ведаю, з дастаткам... Толькі дзіця маё не крыўдзь, бо гэтага я табе не дараваў бы...

Праз некалькі тыдняў адгулялі Малгосіна вяселле з кавалём - папелі, папілі, наскакаліся. Пры выпадку памірылася двух, даўно пасвараных суседзяў, а пасварылася чатырох. Адзін з парабчукоў Ставіньскага, трохі падпіўшы, кляўся, што з вялікага гора ўтопіцца, але абмежаваўся яшчэ большай выпіўкай. Затое адзін гаспадар, які даўно меў намер адмовіцца ад гарэлкі, уваліўся нехаця ў сажалку, за што яго жонка добра такі паўшчувала. Ужо ў першы дзень вяселля сталяр з раскірачанымі, як вілы, нагамі і вечны рагатун, уладальнік ветрака, два канкурэнты на Малгосю, пачалі даводзіць знаёмым і незнаёмым, што дзяўчына з ганьбай, а бацька яе ліхвяр, і таму ў млыне іхнім страшыць і збожжа ў памольнікаў прападае з мяхоў. Кожны з гэтых няўдалых канкурэнтаў бажыўся, што ніколі не ажаніўся б з млынароўнай... А маладыя тым часам паехалі да каваля...

Тут Малгося выдатна спраўдзіла свае абяцанні. Пабяліла хату, апляла яе дзікім вінаградам, упрыгожыла ўсярэдзіне абразамі і мэбляй і завяла прыгожы агарод на ўзгорку, што спускаўся да ракі. Пад яе наглядам пабольшаў ды вылюдзеў кавалёў набытак, хата выглядала як шляхецкі дворык, а сам Шарак справіў сабе новы скураны фартух, такі вялікі, што з яго можна было б выкраіць двух ладных варшавякаў і засталося б яшчэ трошкі на варшавянку...

 

* * *

 

У такіх клопатах і прайшоў для маладое пары год. Вясной прыляцелі буслы, аселі ў старой буслянцы на гумне, пачалі клекатаць, клекатаць і, нарэшце, выклекаталі маленькага Стася. У гэты дзень каваль не пайшоў у кузню, а дзед Ставіньскі прыехаў за мілю з гакам верхам без сядла і расплакаўся, як бабёр, убачыўшы поўненькага, ружовага ўнука, які страшэнна галёкаў, а на ручках і ножках яго было столькі ж ямак, колькі і костачак.

У такіх выпадках шаноўныя дамы асланяюць вокны тоўстымі шторамі, наймаюць на дапамогу сабе розных мамак, штучных і натуральных, і некалькі тыдняў адпачываюць у вышываным негліжэ, як быццам гэта яны стварылі свет, прымаюць віншаванні паняў і паноў, якія шэпчуцца каля іх па-французску. Таму, аднак, што ўсе гэтыя цырымоніі былі Малгосі невядомыя, яна праз двое сутак узялася за працу, а дзед пахварэў за яе - разумеецца, ад радасці. За некалькі дзён ён грунтоўна ўведаў свайго ўнука, адкрыў у ім вялікія здольнасці да млынарскае справы і першы прызнаў, што яму яшчэ не здаралася бачыць такога, як Стась, разумнага дзіцяці, нават сярод шляхецкіх дзяцей!..

А немаўлёнак тым часам праходзіў цікавую, поўную таямніцаў пару найранейшага маленства, няясныя ўспаміны якога мы калі-нікалі бачым у снах, якія прыадчыняюць дзверы падсвядомага жыцця.

Уявіце сабе простага чалавека, якога раптам засыпалі справамі ўсёй грамадскасці. Там і пытанні мастацтва, і прамысловасці, філасофскія і сельскагаспадарчыя, там злачынствы і подзвігі, а паміж імі мноства спраў, ад якіх залежыць яго ўласнае існаванне. Яму трэба ўсё гэта прывесці да ладу, свае справы аддзяліць ад чужых, у гэтую гадзіну навучыцца, што трэба рабіць у наступную і не ўпасці пад цяжарам працы!..

У гэтым становішчы аднойчы апынуўся Стась. Пасля доўгага сну, які папярэднічаў свядомаму жыццю, на яго абрынулася паводка ўражанняў. Паветра раздражняла яго скуру і лёгкія, у вочы скакалі барвы белыя, шэрыя, блакітныя, зялёныя, чырвоныя - ва ўсіх камбінацыях і адценнях, а разам з імі тысячы формаў ажыўленых або мёртвых. Ён чуў людскую гутарку, ляскат свае калыскі, булькатанне закіпаючай вады, гудзенне мухаў і паскавытванне шчанюка Курты. Ён адчуваў ціск пялёнак, хваляванне тэмпературы, што мянялася штохвілінна, нарэшце голад, прагу, санлівасць і рух сваіх канечнасцей. Усё гэта, бязладнае, хаатычнае, настырлівае, кіпела ў глыбіні яго маленькай, толькі што абуджанай істоты. Хлопчык не ўмеў паказаць, адкуль прыходзіць голад, а адкуль белы колер або грукат малатоў у кузні. Адчуваў толькі стому і пахныкваў, дрыжучы ад холаду. Адна пацеха была ў яго - сон, які яму зачаста абрывалі, і магчымасць ссаць. І ссаў ён, як тая п'яўка, ссаў і крычаў, а дарослыя людзі ківалі галовамі над яго бездапаможнасцю. Вы чулі? Бездапаможным называлі асобу, якая трапіла ў такі страшэнны вір і павінна была вырашаць столькі спраў!..

У гэтую пару Стась яшчэ не адрозніваў сваю маці ад самога сябе і, калі яму вельмі хацелася есці, ссаў вялікі палец свае нагі - замест матчыных грудзей. З яго смяяліся, хоць мы і ведаем людзей дарослых і разумных, якія замест сваёй капеечнай палачкі могуць узяць чужыя рублёвыя галёшы...

Пасля цяжкай працы і шматтыднёвых вопытаў Стась дайшоў да вялікіх вынікаў. Яму ўдалося ўлавіць розніцу паміж сваёй нагой і краем калыскі, нават паміж матчыным лонам і сеннічком. У гэты час ён быў ужо вельмі разумны. Ведаў, што голад дакучае яму з боку ног, што ў адным месцы галавы гуртуецца ўсялякі шолам, у другім - усе колеры, а трэцяе месца смокча, ссе.

Праз некалькі месяцаў ён зрабіў яшчэ больш адкрыццяў. Адрозніваў ужо здарэнні дрэнныя ад добрых і рэчы прыгожыя ад брыдкіх. Раней усмешка і плач, зморшчванне лба і выцягванне рук або ног ішлі адно за адным без усялякага ладу; ён карыстаўся імі як пачынаючы ігрок клавішамі фартэпіяна, - той датыкаецца да іх, не ведаючы, што з гэтага выйдзе. Цяпер Стась смяяўся, убачыўшы маці, якая карміла яго; плакаў пасля купання, супраць якога пратэставалі ўсе яго двухногія інстынкты, моршчыўся - убачыўшы пялёнкі, што не давалі яму свабодна рухацца, а да гаршчочка з падсалоджаным малаком выцягваў ручкі і ножкі.

Цяпер у ім пачалі ўзнікаць сімпатыі і антыпатыі, страхі і спадзяванні. Ён любіў Курту, таму што шчанюк быў цёплы, лізаў яго і датыкаўся аксамітна-мякенькай мордай. Баяўся цемры, у якой можна было выцяцца; тужыў па садзе, дзе дыхаецца на ўсе грудзі і дзе мілагучны пошум дрэў, паўтараючы матчыны песні, закалыхваў яго. Колеры шэрыя нагадвалі цвёрдую падлогу або не заўсёды сухі сеннічок і таму не падабаліся яму. Затое колеры чырвоныя і блакітныя, прадметы бліскучыя - узбуджалі смех. Ён ужо ведаў, што агеньчык свечкі, хоць і прыгожы і скача, няветла абыходзіцца з дзіцячымі пальцамі. Памятаў таксама, што бацькавы ногі цвёрдыя, чорныя і большыя за ўсяго Стася, а матчыны ножкі такія нізкія, што пачынаюцца і канчаюцца каля самай зямлі.

Да маці ён адчуваў любоў бязмежную, бо ад яе было найбольш прыемнасцей. А бацька карыстаўся Стасевай сімпатыяй таму, што ў яго былі вусы і найспакуслівейшая на свеце рэч - гадзіннік. Затое татавы пяшчоты не спакушалі яго; той меў звычай якраз тады забаўляць малога, калі яму хацелася спаць або есці, бязлітасна калоўся шорсткай барадой і вялізнымі нязграбнымі рукамі ціскаў яго маладыя, кволыя костачкі. Было толькі адно, з-за чаго Стась, убачыўшы бацьку, часамі працягваў ручкі і смяяўся: гэта - гойданне. Праўда, нязручна было малому ў гэтых магутных руках, але затое як яны высока падкідалі яго, які рабіўся вецер навокал, як растрасаў яго валасы і паддзімаў кашульку!..

Стась умеў ужо забаўляцца і сваволіць. Часамі маці брала яго на калені, а бацька сядаў насупраць і прасіў:

- Ідзі, Стась, да мяне, ідзі!..

Той як быццам ідзе, выцягвае рукі, але раптам адварочваецца і - хоп! - тварыкам у маміна плячо. І ўжо таго Стася няма, зусім-зусім няма ў хаце, - прынамсі, сам ён нікога не бачыць!

Часамі бацька стаўляў яго на стале і трымаў пад пашкі, а маці хавалася. Маці схаваецца за бацьку з правага боку, а Стась - шмыг галаву направа і ўжо знайшоў яе... Схаваецца маці за бацьку з левага боку, а Стась - шмыг галоўку налева і зноў знайшоў яе. Дзіця забаўлялася б так увесь дзень, але што ж, калі бацьку трэба было ісці ў кузню, а маці да сваіх кароў! Тады малога клалі ў калыску і ў хаце паднімаўся такі крык, што ажно Курта пачынаў брахаць!..

Часамі хлопец станавіўся на галаве, аднак неўзабаве ўцяміў, што гэта нязручна і што хадзіць чалавеку найбольш адпаведна на карачках. Дзякуючы такой хадзе ён пераканаўся, што сцены, крэслы і печ не сядзяць у яго воку, але дзесьці навонкі, значна далей, чым на даўжыню рукі.

Магутна ўзрасталі мускульныя сілы, што прымушала яго да пэўнай працы. Часцей за ўсё гэта датычылася пераварочвання зэдліка, біцця лыжкай па падлозе і пагойдвання калыскі. А таму, што нейкі час яны спалі ў ёй з Куртам, шчанюк, убачыўшы пагойдванне, ускокваў на сяннічок і лажыўся сабе, як граф! Гэтае нахабнае злоўжыванне правамі даводзіла Стася да зайздрасці, і ён крычаў датуль, пакуль сабаку не праганялі і самога яго не клалі ў калыску.

Пасля яго пачалі вучыць вельмі нялёгкаму майстэрству - хадзіць. Хлопца забаўляла тое, што ён так высока ўздымаецца над зямлёй; але ж разумеў ён і спалучаную з гэтым небяспеку і вельмі рэдка рызыкаваў ісці без дапамогі старэйшых. Тады ён спачатку станавіўся, потым падымаў левую руку і правую нагу, выгінаў яе ўсярэдзіну і правым краем ступні - плясь аб зямлю! Тады паднімаў правую руку і левую нагу, выгінаў яе ўсярэдзіну, падкручваў пальцы і левым краем ступні - плясь аб зямлю! Зрабіўшы некалькі такіх складаных рухаў, ён ані на крок не кранаўся з месца, затое галава ў яго кружылася і хлопец падаў. У той час думалася яму, што хоць хада на дзвюх нагах і даспадобы чалавечаму самалюбству, толькі поўзанне на карачках мае практычнае значэнне. Убачыўшы, як хтосьці ходзіць на дзвюх нагах, ён адчуваў нешта падобнае да таго, што адчувае сур'ёзны чалавек, апынуўшыся сярод тых, што ходзяць па канаце. З гэтай прычыны ён вельмі шанаваў Курту, які карыстаўся ўсімі чатырма канечнасцямі, і марыў хлопец толькі пра тое, каб дараўнаць свайму сябру ў беганні.

Бачачы незвычайнае развіццё духоўных і фізічных уласцівасцей малога, бацькі пачалі думаць пра яго адукацыю. Навучылі яго гаварыць «тата», «мама» і «Курта», які нейкі час называўся таксама як «тата»; купілі яму высокае крэселка з папярэчынай і падарылі прыгожую ліпавую лыжку, якою Стась з бяды мог бы і галаву накрываць. Бацька, ва ўсім пераймаючы маці, хацеў таксама зрабіць свайму першынцу падарунак і з гэтай мэтай прынёс аднойчы цудоўную нагаечку на казінай ножцы. Калі Стась узяў у рукі гэты каштоўны падарунак і пачаў абгрызаць чорны раздвоены капыцік, маці спыталася ў бацькі:

- Навошта ты, Юзік, прынёс гэта?

- А на Стасіка.

- Як гэта? Ты яго будзеш лупцаваць?

- А чаму не, калі ён будзе такі самы свавольнік, як я.

- Вы бачылі яго! - закрычала маці, атульваючы сына. - Адкуль жа ты ведаеш, што ён будзе свавольнік?..

- Няхай толькі не будзе... я б яму тады паказаў!.. - адказаў дабрадушна каваль.

А таму, што якраз цяпер Стась пачаў крычаць, мама ўзлавалася і схілілася да татавай думкі. Бацькі ўжо больш не спрачаліся - павесілі нагайку на сцяне, паміж святым Фларыянам, які з немаведама якога часу тушыў нейкі пажар, і гадзіннікам, які ўжо дваццаць год дарма намагаўся добра ісці.

 

* * *

 

Незалежна ад першых прынцыпаў маральнасці, што апіралася на казінай ножцы, каваль пачаў старацца сыну настаўніка. Праўда, у вёсцы быў стары настаўнік, але той займаўся больш пісаннем даносаў і дэгустацыяй моцных напіткаў, чым букваром і дзецьмі. Сяляне і жыды пагарджалі ім, а што ўжо казаць пра Шарака, які і не думаў нагружаць настаўніка вучобай свайго сына, а адразу звярнуўся да арганіста.

«Цяпер Стасіку пятнаццаць месяцаў, - думаў каваль, - гады праз тры маці навучыць яго чытаць, а праз чатыры - трэба яго аддаць арганісту...»

Толькі чатыры гады!.. Трэба ўжо сёння пастарацца пра ласку ў божага слугі, які галіўся, як ксёндз, насіў доўгі чорны сурдут, гаварыў гартанна, сяды-тады ўжываючы лацінскіх слоў з касцельнай службы.

Не зацягваючы справы, Шарак аднойчы запрасіў арганіста да Шуліма на мядок. Напоўнены павагай, касцельны маэстра высмаркаўся ў клятчастую хустку, адкашляўся і, з выглядам чалавека, які хоча выступіць з пропаведдзю супраць алкагольных напіткаў, сказаў Шараку, што сёння, і заўтра, і ва векі вякоў гатоў хадзіць з ім да Шуліма на чарку.

Арганіст быў ганарлівы, лёгка раздражняўся, а перш за ўсё - са слабой галавою. Ужо пры першай бутэльцы пачаў штосьці бэрсаць, а пры другой расчуліўся і паведаміў Шараку, што лічыць яго амаль роўняю.

- Яно, ты бачыш... Божа моцны!.. Яно так. Мне, арганісту, мехам надзімаць, і табе, кавалю... божа моцны!.. таксама мехам... Дык вось... ты ўжо і ведаеш, што я хачу сказаць? Ды тое, што каваль і арганіст - браты... Ха, ха!.. Браты!.. Я, арганіст, і ты - капцюх!.. Misereatur tui omnipotens Deus!*

* Няхай над табой злітуецца ўсемагутны бог! (лац.)

Шарак, заўсёды вясёлы, за чаркай рабіўся панурым. Ён не змог ацаніць кампліменты свайго сабутэльніка і адказаў так гучна, што і Шулім і яшчэ дзядзькоў некалькі пачулі:

- Браты - не браты!.. Каваль - ён хутчэй да слесара падобны, а арганіст... вядома ж, арганіст - да старца!..

- Што?.. Я - да старца? - закрычаў абражаны арганіст, пранізваючы позіркам каваля.

- Ды яно так!.. Вы ж і моліцеся за грошы, і граеце прыгажэй, калі вам хто...

Шарак не дакончыў, бо ў гэты момант атрымаў бутэлькаю па цемені, ажно асколкі шкла пырснулі ў столь, а ліпкая медавуха разлілася па твары і святочным адзенні каваля.

- Дзяржы яго! - гукнуў пакрыўджаны, не ведаючы, ці абцірацца, ці даганяць арганіста, які драпануў па лініі, як яму здавалася, найкарацейшай, аднак жа і звілістай.

Прысутныя кінуліся разбараняць. Выкінулі за дзверы арганіста, а каваля пачалі разважаць, бо ён ажно калаціўся са злосці.

- Я пакажу табе, божая дудачка! - крычаў Шарак, убачыўшы праз акно фізіяномію арганіста, больш чым заўсёды ўрачыстую.

- Юзэф!.. Кум!.. Пане каваль!.. - сунімалі яго пасрэднікі. - Пакіньце вы! Што вам злавацца на п'янага?.. Ён жа дурны, сам не ведае, што робіць...

- Я яго задушу, разбойніка!..

- Пакіньце, пане Шарак!.. Што там душыць?.. Душыць не кожнага можна... Ён жа асоба духоўная, першы адразу ж пасля ксяндза!.. Яшчэ вас бог за гэта пакарае...

- Нічога мне не будзе! - адказаў каваль.

- Вам, можа, і нічога... Ды ў вас жа жонка, малое!..

Апошнія словы паўплывалі цудоўна. Падумаўшы пра жонку і дзіця, раз'юшаны каваль супакоіўся і нават намагаўся прыглушыць у сабе жаданне помсты. Што праўда, дык праўда, - арганіст ідзе адразу пасля ксяндза; а што, калі адлупцуеш яго, а пан бог узлуецца і на жонцы або на дзіцяці адплоціць за крыўду?..

Выйшаў ён з карчмы страшэнна сумны.

«Ох, гэтыя дзеці, - думаў, - колькі з імі клопату!.. У мяне ж толькі адзін, а ўжо трэба галаву марочыць, шукаць настаўніка, на чарку траціцца... Ды яшчэ мяне за гэта на людзях ганьбяць, а я не магу адплаціць, бо за дзіця баюся... Ой, Стах, Стах!.. Каб ты ўжо хоць ведаў потым, колькі я за цябе адпакутаваў!.. Дай бог, каб хоць ужо баба не лаяла!

Дома без крыку не абышлося, але з таго часу Шарак яшчэ больш любіў свайго сына, пра адукацыю якога думаў так рана, з-за чаго вось і пляшку мёду на галаве расхвасталі. Прастадушны каваль за некалькі месяцаў забыўся пра сваю крыўду, але ж надта прыкра было, што пасварыліся з арганістам, вучоным мужам, які адзін мог пакіраваць выхаваннем сынка, што ўжо сам хадзіў, мог гаварыць і наогул выказваў незвычайныя здольнасці.

Тым часам прыйшло лета, а разам з ім і хвіліна, у якую неспадзявана добра меліся закончыцца кавалёвы бацькоўскія клопаты...

 

* * *

 

Аднойчы маці палажыла Стася ў садзе пад грушай, падаслала яму дзяружку, падгарнула кашульку і кажа:

- Спі тут, хлопчык, і не дзярыся, ягадка мая найсаладзейшая з усіх, якія толькі пан бог стварыў і сонейка выграла!.. А ты, Курта, лажыся каля яго і пільнуй, каб яго курыца не дзюбнула, або пчала не ўджаліла, ці нейкі нядобры чалавек не зрок. Я пайду палоць буракі, а як вы тут не будзеце добра сябе паводзіць, дык вазьму частаколіну і ўсе вам костачкі пералічу!..

Але толькі ад думкі такое - пра страшнае пакаранне - яна схапіла хлопца на рукі, затуліла, нібы ад крыўды якое ратуючы, пачала цалаваць, калыхаць на руках і прыгаворваць пяшчотным голасам:

- Гэта каб я цябе частаколінай!.. Гэта Курту, сабачага сына, а не цябе!.. Мой ты клубочак, мой галубочак... сынулечка мой адзіны, залаты!.. А ты не смейся, Курта, кудлач ты!.. Не прыплюшчвай свае слепакі, не матлашы хвастом, бо я хутчэй з цябе, сам ведаеш, тры скуры здзерла б, чым на яго, майго Стасіка роднага, хоць галіначку абламала... Лю-лі, лю-лі, лю-лі!..

А Курта хвост пад сябе падгарнуў, зяпу ад гарачыні разявіў, язык чырвоны, як хустку, налева высалапіў. Сабака кемлівы, хітры!.. Сам сабе думае: «Гавары здарова, а я што ведаю, то ведаю. Колькі разоў прыходзілася Стасеў сеннічок сушыць, столькі разоў яму так пападала, што ажно ў кузні чуваць было!..»

Так сабе думаў брахлівы Курта, аднак маўчаў, бо ведаў, што за ўсе довады найлепшы бывае кій, якім усе сямейнікі, а гаспадыня першая, адказвалі на сабакавы прэтэнзіі.

А Стась тым часам цёр вочы тлустымі жменькамі, а льняную галаву так і прыкладваў да мамінага пляча. Каб толькі мог разважліва гаварыць, дык і сказаў бы ёй:

- Калі ўжо кладзеш, дык і кладзі, бо пасля гаршка малочнай кашы чалавеку спаць так хочацца!..

Хлопец ужо і сам, па сваёй ахвоце заснуў бы, але матцы здавалася, што яго трэба закалыхаць, і яна калыхала, спяваючы:

 

Што ты блукала,

Чаго шукала

У дуброве зялёненькай?

Я не цягаўся,

Дык адаспаўся

На пярыне пуховенькай!..

 

Толькі калі ўжо ён пацяжэў на руках і прымасціўся галоўкай паміж плячом і грудзьмі, яна палажыла яго на дзяружку, тузанула Курту за мокры язык і, азіраючыся, пайшла ў свае буракі.

Зрэбная дзяружка, а пад дзяружкай зямля здаліся Стасю халаднаватымі і цвёрдымі пасля маміных абдымкаў. Ногі яго выдатна спалі, а галоўка раптам прахапілася, і ён узняўся на тлустых ручках. Хацелася зірнуць, дзе маці, а можа, і паплакаць услед? Але таму, што Стась быў яшчэ малы, добра разглядацца не ўмеў, ён, замест таго каб глядзець наперад, глядзеў пад сябе, на траву. Тым часам Курта добрасумленна лізнуў яго раз і другі раз па загарэлым твары і пачаў шукаць у галаве, ды так шчыра, што Стась упаў на левы бок і падлажыў сабе пад шчаку тоўсценькі локаць. Хацеў яшчэ прыўстаць, нават успёрся рукой на дзяружцы, намагаючыся разблытаць ножкі. Але ў гэты самы момант пальцы яго ручкі разбегліся, вішнёвыя губкі растуліліся, вочы заплюшчыліся надта хутка, - ён заснуў. У ягоным узросце сон бывае дужы, як здаравенны мужчына: паложыць чалавека раней, чым пачне з ім дужацца...

Тады ад нядаўна скошанай сенажаці, дзе доўгімі радамі стаялі задуменна насупленыя і пукатыя копы, павеяла ветрам, гарачым, як подыхі сонца. Вецер паказытаў прысадзістыя копы, пасвістаў у дуплах спарахнелых вербаў, што дарэмна стараліся адпалохаць яго памахваннем галінак, працадзіўся цераз пляцень і павалокся па кавалёвым агародзе. Зялёнае бацвінне буракоў з чырвонай аблямоўкай, танклявы кроп і пёрыстая пятрушка пачалі трэсціся, як ад ліхаманкі, відаць, са злосці, бо гэта гультаі - не любяць, каб іх зачапалі. А раскудлачаны бульбоўнік, яркія сланечнікі і бледна-ружовыя макаўкі пачалі ківацца, як жыды ў сваёй школе-бажніцы, абураныя, відаць, легкадумнасцю ветру, які адганяў пчол ад вулляў, а самой кавалісе перакруціў на галаве чапец, нягледзячы на тое, што хоць ёй і дваццаць адзін год, а ўсё ж Стасева маці і гаспадыня ўсяго, што ёсць у агародзе, у хаце, у хляве і на полі!..

- Ах, свавольнік, свавольнік!.. Ах, што ён тут вырабляе! - наракалі чырвонагаловыя макаўкі, загледжаныя ў неба сланечнікі і буйны бульбоўнік.

А круглыя лісточкі грушы, пад якою маці палажыла Стася, як старанныя нянькі, шапталі:

- Ціха, ціха, ціха!.. Вы ж мне дзіця разбудзіце!..

Курце, які любіў дзейнічаць, і, калі чаго лепшага не было, дык хоць парасят пацягаць за адвіслыя вушы, цяпер было нудна.

«Што гэта за парадак у свеце, - думаў ён. - Дзеці толькі спяць, гаспадыня забаўляецца зрываннем лісця, дрэвы, замест сумленна працаваць, ківаюцца ды шалясцяць, бусел надрываецца клёкатам, а гаспадар з хлопцамі не робяць у кузні нічога, толькі мехам дзьмуць ды куюць?.. Ён малым малатком па кавадле: дзінь, дзінь, дзінь, дзінь!.. а хлопцы вялікімі малатамі па жалезе: бум, бум, бум, бум!.. Ажно іскры ляцяць. Я стаяў перад кузняй, дык бачыў...»

І, смуткуючы ад усеагульнай ляноты, працавіты Курта паваліўся на бок, аж зямля застагнала, распластаўся і ногі выцягнуў, а каб лепш выказаць сваю пагарду да ўсяго свету, прыплюшчыў вочы, толькі б нічога не бачыць...

Тады перад позіркам яго нястомнай душы распасцерлася поле гаспадаровай капусты, дзе жыравала мноства зайцоў, якія перабіралі лапкамі і настаўлялі вушы, як пальцы...

- Ох, і дам жа я вам дыхту, нягоднікі! - гаўкнуў Курта і давай ганяць шкоднікаў на ўсе бакі!..

Ганяўся, ганяўся, а поле распасціралася бясконца, зайцы размнажаліся, як кроплі навальнічнага дажджу, а гаспадар, гаспадыня і хлопцы, гледзячы на яго беганіну, крычалі: «Ай, Курта, які працавіты сабака, ні хвіліны не адпачыне!..»

А Курта выпрастаўся і так ужо бег, што ажно хвост, не паспяваючы за ім, застаўся недзе далёка ззаду. Ледзь дыхаў Курта, але пёр.

Раптам над галавой разаспанага сабакі пачала кружыцца муха і лаяцца тоненькім галасочкам:

- Ах ты, кудлач, абібочына!.. Наеўся парасячага цеста, увесь свет варушыцца на сонцы, а ты ляжыш, як калода, дрэмлеш!..

Сабака прачнуўся і ляснуў зубамі на муху:

- Бачылі дармаедку!.. Вякае, што ляжу, а я тут зайцоў з капусты ганяю!..

Не хочучы траціць час на абарону сваёй годнасці, ён выцягнуўся яшчэ выгадней і - вярнуўся да карыснай дзейнасці. А муха ўсё кружылася над ім, хоць ён і моршчыўся, і кіпцюры настаўляў.

- Ах ты, кудлач, гультаіна!.. - пішчала яна. - Сказалі табе дзіця даглядаць, а ты тут адсыпаешся, завала!..

З гэтага моманту кроп і пятрушка, бульбоўнік, мак і сланечнік, вецер у небе, дыханне соннага Стася, буслы на адрыне і малаты ў кузні - усё паўтарала ў такт:

- Курта гультай!.. Курта гультай!.. Курта гультай!..

Аднак працавіты Курта выцягнуўся пад грушай і ўсё ганяў ды ганяў тых зайцоў!

 

* * *

 

Пакуль Стась і Курта хораша спалі сабе пад подыхі цёплага ветру, каваліха абабрала вусеняў з капусты, прапалола буракі і пачала рваць у рэшата салату на полудзень. Зелейка гэтае жыло сабе ў кутку агарода, каля пляценніка ад дарогі. Гаспадыня асцярожна прыкленчыла і, выбіраючы маладыя лісты, думала, як гэты салат усцешыцца, калі яго адмыюць у гарачай вадзе ад пылу, пальюць воцатам і акрасяць салам...

Нарвала ўжо з палавіну рэшата, амаль столькі ўжо, колькі трэба, і тут на дарозе пачулася шалясценне дробнай, павалочыстай хады і пастукванне кія ў зямлю. Разам з гэтым каваліха пачула як быццам гутарку.

- Супакоішся ты ў мяне калі-небудзь ці не? - пытаўся стомлены жаночы голас.

Кавалісе здалося, што ў адказ на гэтыя словы пачуўся невыразны шэлест, як быццам хтосьці цягнуў кій па пяску. Пасля зноў некалькі крокаў і пастукванне, спалучанае з тым асаблівым шэлестам.

- Сукін сын! - гаварыў злосны голас. - Так ты мне дзякуеш, што я табе столькі свету паказала!.. Згніў бы недзе пад плотам або згарэў, як грэшная душа, каб не я... Дурань!..

Зноў зашалясцела.

- І дурны, вядома ж. З пастухамі табе найлепш кампанаваць, а не са мной... Вось тады ўжо ты быў бы разумны, каб цябе сабакі пагрызлі або хто-небудзь на свіных касцях паламаў. Клышаногі!..

Каваліха выпрасталася і за некалькі крокаў ад плота ўбачыла на дарозе згорбленую бабуліну з кіем у руцэ. На плячах у старое была поўная чагосьці дзяруга, а з-пад хусткі вылезла некалькі сівых касмылёў, якія трэсліся разам з галавой.

- Каго гэта вы, матуля, так лаеце?.. Гжыбіна!.. - гукнула, смеючыся, Шарачыха.

Старая павярнулася да яе.

- Гэта вы, каваліха? - спыталася, падыходзячы да плота. - Пахвалёны вам!.. А я якраз хацела і да вас зайсці. Ад бацькі слова. Зусім забылася б з-за гэтага юды!..

Кажучы гэта, яна ўзняла свой кій і страсянула ім.

- А што ж там тата мне наказвалі? - хутка спыталася Шарачыха.

- Ды вось... блытаецца ў маіх нагах і не толькі не памагае, але ж яшчэ перашкаджае хадзіць. За тое, што я яго з гною падняла!..

- А што татка наказваў вамі? - нецярпліва паўтарыла каваліха. - Былі вы сёння ў млыне?..

- Ды была, была... Лажыся, падлюга! - злосна сказала яна свайму кію, кінуўшы яго на край пляценніка. - Замаўляла Салтысіку ліхаманку, што калоціць яго ўжо другі тыдзень, а па дарозе ўчора зайшла ў млын.

- Татка здаровыя?..

- Уга!.. Толькі казаў, каб Малгося заўтра прыехала да яго са Стасікам, а ваш - каб таксама быў у нядзелю ў млыне...

Бабуля, відаць, забыўшыся пра свой кій, абаперлася на плот і гаварыла далей:

- Яно, бачыце, так: гэты ваш арганіст, Завада, зямлю купляе і хоча ў Ставіньскага, ну, у таты вашага, пазычыць пяцьсот злотых. Быў у сераду ў млыне і прасіў, але Ставіньскі кажа: «А чаму гэта я вам буду грошы пазычаць, калі васпан пакрыўдзіў каваля і ў злосці з ім?..»

- Добра татка сказалі яму! - перапыніла Шарачыха.

- Тады арганіст кажа яму: «Я з кавалём паміруся і буду сына яго вучыць». А стары яму: «Ну дык памірыся, васпан». А той на гэта: «Калі ж баюся я ў кузню зайсці, бо ён мяне аддубасіць. У вас я быў бы смялейшы, яшчэ б і пару бутэлек мёду паставіў, каб памірыцца...»

- Круцель! - перапыніла каваліха. - А ці даўно ён казаў, што ў святой бібліі напісана: кавалі і камінарнікі ад Каіна і ад Хама паходзяць, з іх нараджаюцца братазабойцы?.. Каб ён удушыўся!..

- Ну, а калі ў святой бібліі так напісана, дык арганіст не вінават, - сказала старая.

- Брэша! - усхадзілася каваліха. - Мы і самі ведаем, дзе што стаіць... Ад Хама паходзяць мужыкі, а мой жа не мужык, а ад Каіна - туркі, а мой жа не турак. Нікога не забіў!..

Гжыбіна любіла пахваліцца сваімі ведамі пра «патомкаў Хама», але цяпер яна далікатна маўчала, памятаючы, што справу мае з асобай пісьменнай, а да таго ж - з дачкой млынароў Ставіньскіх!

- Зайдзіце ў хату, адпачніце, - сказала раптам гасцінная Шарачыха, гледзячы на стомленую старую.

- Не магу, - адказала бабуля і схапіла свой кій. - Трэба ісці да Матэвушыхі, карову абкурыць, бо апушыла... Ну, - дадала яна, страсянуўшы кій, - а ты мне добра спраўляйся рэшту дарогі, а то я цябе...

- Што вы гаворыце? - спыніла яе каваліха.

- А як мне не гаварыць?.. Няхай, зладзюга, проста падскаквае, а не валачэцца, як п'яны...

- Гэта вашы ногі, бабуля, не спраўляюцца, кій не паможа!

- Ат! - нецярпліва махнула бабуля рукой. - Хадзілі ж яны восемдзесят гадоў, чаго ж ім цяпер падводзіць?.. Заставайцеся з богам!..

- Ідзіце з богам! - сказала ўслед бабулі каваліха.

Калі яна засталася адна, зноў узлавалася на арганіста.

«Бачылі вы, - думала, - чалавека майго пакрыўдзіў, вопратку яму папляміў, а цяпер ужо хоча мірыцца, калі грошы спатрэбіліся... Няма дурных! - шапнула, пагразіўшы кулаком у той бок, дзе шэрая званіца. - І грошай не дастанеш, і зямлі не купіш, і яшчэ я табе на людзях усё выгавару!.. Скулу табе, жабрацкі павадыр!..»

Хочучы як найхутчэй выказаць свае меркаванні мужу, яна пераскочыла цераз плот і пабегла ў кузню. Ёй здавалася, што ўвесь свет ужо ведае пра арганіставу крывадушнасць, бо нават пукаты, палаплены мех зласней, чым заўсёды, соп і сыпаў з зяпы гаручыя іскры.

Малгося выклікала мужа і перадала яму прынесеную бабуляй вядомасць.

- І дзякуй богу, калі арганіст хоча памірыцца, - адказаў дабрадушна замурзаны асілак, праслухаўшы жончын расказ.

Маладая гаспадыня ажно рукі заламала ад жаху.

- І ты і з ім памірыўся б? - гукнула яна.

- Само сабой...А хто будзе вучыць Стасіка? Можа, прафесар?..

- Ты з ім памірышся за тое, што ён табе на мазгаўні разбіў бутэльку?

- Дык жа не мазгаўня лопнула, а бутэлька...

- За тое, што ён цябе капцюхом назваў, з камінарнікам параўнаў?

- Калі я не памыюся, дык і капцюх. Усе пра гэта ведаюць, а ты найраней, - гаварыў каваль, не цямячы, чаго яна так расхадзілася.

Шарачыха страсянула галавой.

- Галоўка мая бедная! - залямантавала. - Во, долечку я сабе выбрала!.. Хіба ж ты мужчына?.. Твой жа бацька з маім дзядзькам у войску служыў, а ў цябе аніякага гонару?.. Я баба, - гаварыла яна задыхана, - а вочы яму выдзерла б, а ты мірыцца хочаш?.. Гэта ты - муж Ставіньскай, жонку з гнязда шляхецкага ўзяў, а сораму ў вачах няма?..

Каваль нахмурыўся.

- Чаму гэта ўжо і сораму няма? - мармытнуў ён.

- Бо з арганістам мірыцца хочаш...

- А чаму гэта я хачу?

- Ты толькі што сам гэта казаў?

- Чаму казаў?.. Гэта ты казала, што бацька так загадаў, ну, а нам яго слухаць належыцца...

- А ці ж мой татка - твой бацька?.. Не табе яго трэба слухаць, а мне... Ты не павінен мірыцца з арганістам, калі б я нават і хацела па таткаваму загаду...

Паколькі хлопцы ў кузні, чуваць было трохі, пачалі ўжо вадзіцца за чубы, кавалю захацелася туды, да працы, а можа, проста вызваліцца ад клапатлівай гутаркі з жонкай, і таму ён сказаў энергічна:

- Ну, калі так, дык і не будзе міру з арганістам! Бацька як сабе хоча, мне ўсё роўна. А я не хачу!.. Не буду мірыцца!.. Не паеду ў нядзелю ў млын, і ты заўтра не паедзеш са Стасікам - не!..

- А вось жа і я заўтра паеду, і ты ў нядзелю наедзеш! - перабіла жонка.

- Ну? - спытаўся Шарак і хацеў ужо ўзяцца рукой пад бок, але ў пару стрымаўся.

- Абое будзем у млыне, і няхай арганіст прыедзе, але на тое, каб ён пры людзях пачуў, што я яму скажу!.. Вось так!..

Муж зірнуў на яе скрыва, можа, хацеў нават плюнуць праз зубы, аднак устрымаўся і, пачухаўшы галаву, пабрыў у кузню. Там хлопцы яшчэ валтузіліся, аднак Шараку лягчэй было супакоіць іх, чым толькі што зразумець сваю жонку.

Калі каваліха вярнулася ў сад, Стась ужо не спаў, а качаўся з Куртам. Маці пацалавала шустрага хлопчыка і пакінула яго пад наглядам сабакі, а сама пайшла з салатам у хату, канчаць абед. Амаль да ночы яна ўсё рыхтавалася да заўтрашняга падарожжа, строіла планы адпомсты. Абы ўдалося, дык арганіст будзе зняслаўлены навек!

 

* * *

 

Назаўтра ў кавалёвай хаце мітусня пачалася на досвітку. Гаспадыня на двое сутак ішла да бацькі, вось і трэба было грунтоўна агледзець гаспадарку. Здавалася, што ўсё навокал адчувала яе адыход. Курта неяк мала еў і ўсё бегаў навокал Стася. Каровы, адыходзячы на пашу, рыкалі вельмі жаласна, а парсюкі ажно выварочвалі дзверы хлеўчука, так ім хацелася развітацца з гаспадыняй.

Звыш таго, трэба было раней падрыхтаваць абед і ўсё сварыцца з мужам, які раз-пораз прыходзіў з кухні і мармытаў:

- Якога ліха ісці дарма! Калі будзем мірыцца з арганістам, дык хадзем у млын, а не будзем мірыцца, дык і не трэба ісці. Навошта нажываць яшчэ большага ворага?.. Яшчэ пракляне нас у касцёле і агонь на хату накліча або хваробу на нас і на жывёлу?..

Тады каваліха брала мужа за руку і, вытурваючы з хаты, гаварыла:

- Толькі ўжо ты не мяшайся... У цябе кавальскае сэрца, а ў мяне шляхецкі розум, і я так дагаджу арганісту, што хутчэй ён згарыць ад сораму, чым мы ад пажару!..

Пасля абеду, памыўшы разам з дзеўкай посуд, Шарачыха яшчэ раз абышла ўсе закуткі, прычым яе джыганула пчала, ды так, што ажно слёзы закруціліся ў вачах. Потым яна выцягнула на двор вазок, палажыла на дно яго сеннічок, на сеннічок падушачку, а зверху Стася і, пацалаваўшы мужа, рушыла ў дарогу.

Уся гэтая падрыхтоўка страшэнна ўзрадавала Курту, а калі ўжо гаспадыня ўзяла ў рукі дышаль, сабака як ашалеў. Скокнуў спачатку да Стася і здзёр з яго галавы хусцінку, потым амаль не адарваў кавалю вус, а калі той шугануў яго ад сябе, Курта з вялікай сілай кінуўся на гаспадыню і ледзь не перакуліў яе.

Такое бурнае праяўленне радасці не пайшло Курце на карысць. Бо каваліха раптам прыпомніла, што нельга пакідаць усё без сабакі, і загадала ўзяць яго ў хату. Дзеўка Магда з немалым намаганнем занесла Курту ў кухню, але сабака ў момант выскачыў на двор праз акно і разгуляўся яшчэ больш. У выніку гэтага бедаку папала ад гаспадыні хусткай па мордзе, пад бок нагой ад гаспадара, па спіне нейкім кіем - ад дзеўкі, пасля чаго яго занеслі ў хлеў і зачынілі на затычку. Сабака выў так страшэнна, што не адна баба, пачуўшы ў полі гэтае выццё, падумала пра набліжэнне бяды і загадзя памалілася за душы нябожчыкаў.

Дзень быў спякотны. Там і сям на небе стаялі белыя аблачынкі, нібы раздумваючы, дзе ім схавацца ад гарачыні. Пад нагамі Шарачыхі і пад коламі вазка ціха пасквервалі зярняты цёплага пяску. Незаўважальны ў небе жаўранак вітаў сваім шчэбетам падарожнікаў, маці і сына, а з калосся цікаўна выхіляліся мак і васількі, як быццам хочучы праверыць, ці не едзе хто знаёмы.

Малгося стала і азірнулася. Вунь іхні дом на ўзгорку - як у зялёнай сукенцы ад дзікага вінаграду. Вунь журавель схіліўся над калодзежам: відаць, Магда бярэ ваду. Каля кузні стаіць нейкі чалавек з конікам, але каваль іх, відаць, яшчэ не заўважыў, бо малаты грукочуць няспынна, а праз увесь гэты грукат ды бразгат чуваць жаласнае скавытанне Курты...

Як на малюнку ўсё! Шарачыха, паглядзеўшы на той малюнак, як быццам сілы набралася і, цягнучы свой вазок, весела збегла з узгорка.

Дарога была крутая і пакручастая. Раз-поразу ўздымаліся ўсё большыя ды большыя ўзгоркі. Найвышэйшы - цераз бярозавы гай, які так блізка ўнізе, што, здаецца, рукой дастанеш, схопіш за галінку. А ў сапраўднасці трэба туды тупаць з паўгадзіны.

Памалу хата і кузня зніклі, нават Куртаў лямант змоўк. Пясок паглыбляўся, сонца прыпякала яшчэ больш, воблакі стаялі на адным месцы, як пустыя паромы пры беразе Віслы, і толькі ўсё іншы ды іншы жаўранак жадаў вандроўнікам шчаслівай дарогі.

У Шарачыхі было цяпер так добра на душы, што нават і злосць на арганіста праходзіла. А каб і праўда памірыцца з ім?..

- Не дачакаецца! - мармытнула яна. - Не дзеля гэтага я пакутую ў спякоце, каб зарабіць яму пяцьсот злотых...

А Стась ляжаў сабе ў вазку, зачараваны новымі ўражаннямі. Упершыню перад яго вачыма быў неабмежаваны далягляд і невымерная глыбіня сіняга неба. Ён не ўмеў яшчэ пытацца, што гэта, ані здзіўляцца, толькі адчуваў сябе незвычайна. Зямля, па якой ён дагэтуль хадзіў, знікла; куды ні зірнеш - неба. Хлопцу здавалася, што ён ляціць, топіцца ў велічы, якую не ўмеў яшчэ назваць прасторай. Душа яго поўнілася зместам неакрэсленым і спакойным.

Ён быў як анёл - толькі крылы і галава, насіўся ў бязмежжы, не памятаў мінулага, не думаў пра будучыню, але ў кожнай хвіліне адчуваў бясконцасць. Такую форму павінна мець вечнае жыццё.

Раптам далягляд засланіла мноства зялёных галінак, вазок апынуўся ў цяні. Яны ўехалі ў лес і набліжаліся да найвышэйшага ўзгорка.

Спёка, цяжкі вазок і злосць на арганіста паўздзейнічалі на каваліху. Яна адчула стому. Хацела сесці паміж дрэў і адпачыць, але баялася апазніцца ў дарозе, а да таго ж... у лесе... Калі б яна была адна, лесу не пабаялася б, а Стасева прысутнасць настройвала яе на асцярожнасць... Хоць пра ваўкоў і разбойнікаў ніхто тут не чуў. Ды маладзіца спалохалася б і зайца, каб той выскачыў...

Ах, гэты лес!.. Расцягнуўся - на дзесяць малітваў... Хоць бы ўжо Курту з дому ўзяла, было б весялей... Ён там плакаў недзе, зачынены, і ў гэты час нават сабачая крыўда лягла на душы каваліхі цяжарам.

Ах, каб жа хутчэй выехаць з гэтага лесу!.. Каб хоць на той узгорак узабрацца!.. Шарачыха зняла хустку і палажыла яе на вазку. Малая палёгка. Пот аплываў яе патокамі, а разам з імі ападалі і сілы. Ёй здавалася, што да ўзгорка, відаць, не дацягне, а што ўжо казаць пра тое, каб узняцца на яго!

Перад самым узгоркам, направа ад каваліхі, з лесу выходзіла іншая дарога, і вось якраз цяпер на той бакавой дарозе пачуўся ляскат лёгкай брычкі. Шарачыха павесялела - цяпер яна, прынамсі, не будзе адна!.. Пайшла хутчэй і неўзабаве ўбачыла штосьці накшталт двухколкі, вельмі спраўнай, са скураною стрэшкай. У гэтую рысорную двухколку быў запрэжаны прыгожы гнеды конь; усярэдзіне сядзеў нейкі пан, якога Шарачыха не паспела добра ўбачыць, бо экіпаж якраз павярнуў на шлях і аказаўся задам перад ёю.

«Ой, каб ты ж мяне ды падвёз!..» - падумала каваліха, аднак не паспела папрасіцца, хоць і ішла блізка за дрындулетам.

У гэтай двухколцы, такой адмысловай, ехаў пан Лоскі, памешчык і гмінны суддзя. Ён вяртаўся з суда дахаты і напэўна ж ахвотна падвёз бы стомленую і прыгожую жанчыну, калі б заўважыў яе. Як на тую бяду, пан суддзя сядзеў глыбока задуманы і не толькі не заўважыў Шарачыху на паваротцы, але нават не чуў яе паспешлівага дыхання.

Падарожнікі дабраліся да падножжа ўзгорка. Двухколка валаклася памалу; следам за ёю каваліха цягнула свой цяжар.

Да вяршыні ўзгорка было крокаў з дзвесце, - нялёгка. І каваліха вырашыла зрабіць сабе палёгку за кошт каня. Доўга не думаючы, яна прычапіла дышаль свайго вазка да восі двухколкі.

План быў цудоўны: прычэплены дышаль трымаўся выдатна, вазок са Стасем ехаў яшчэ лепш, а маладзіца хоць трохі перадыхнула. Толькі б на ўзгорак!..

Сама яна ішла за вазком і, паддаўшыся стоме, аберуч моцна трымалася за яго край. Было ёй значна лягчэй, так лёгка, што ахвотна прайшла б такім чынам удвая даўжэйшую дарогу, чым з дому ў млын. Ды што ты зробіш, калі на гэтым свеце чалавечыя радасці вельмі хутка праходзяць!.. Яны праехалі ўжо да палавіны ўзгорка... Яшчэ толькі крокаў з пяцьдзесят да вяршыні... Дзякуй табе, конічак, што ты нас сюды ўзвалок!.. Пара ўжо і адчапіць вазок ад двухколкі...

Конь раптам пайшоў рыссю, і двухколка, а за ёю вазок і Стась - падаліся з узгорка ўніз!..

Шарачыха акамянела. Пакуль паспела крыкнуць «стойце!» - суддзёва двухколка і Стасеў вазок былі ўжо ў даліне.

- Ратуйце! - заенчыла маладзіца, бегучы за імі з распасцёртымі рукамі. Маланкай у галаве яе прамільгнула думка, што вазок можа перакуліцца ад любога каменя...

Але вазок плыў у пяску, як у пуху, малыя колцы круціліся і вілялі, як шалёныя, Стась ад хуткай язды быў надзвычай задаволены... Суддзя, нічога не ведаючы, быў не менш за Стася вясёлы, а конь яго, якому раптам палягчэла, ажно пырхаў ад радасці і ледзь не рваўся ў галоп.

Спачатку Шарачысе здавалася, што яна дагоніць уцекачоў, што яе хоць пачуюць. Ды дзе там... Спынілася, хочучы крыкнуць з усіх сіл, хоць бы і лёгкія лопнулі. Аднак толькі раскрыла рот - і голас у яе замёр... Убачыла, як штосьці ўпала з вазка. Дабегла бліжэй, - толькі хустка... Конь запаволіў... Яна наблізілася яшчэ больш. Ужо выразна ўбачыла Стасеву галоўку і ручкі, што так хораша ляжаць уздоўж...

- Стасічак мой!.. Ратуйце!..

Вазок закалыхаўся і пакаціўся яшчэ хутчэй. Ужо і ручак малога не відно, і галоўка ледзь заўважаецца, ужо і вазок усё меншы ды меншы...

Шарачыха не магла зразумець, чаму гэта перад канём не вырасце земляны вал, чаму неба не перагародзіць дарогу, чаму дрэвы не перасцігаюць двухколку. Колькі птушак сядзіць у гнёздах, бачыць матчын адчай, аднак ніводная не ляціць на дапамогу. Каб хоць якая адна птушачка крыкнула таму пану «стой!», каб хоць каторы камень у такую цяжкую хвіліну прачнуўся ад вечнай дрымоты. Дарма! Усё маўчыць...

Яна зірнула на неба. Над самай яе галавой вавёрка спакойна абгрызае шышкі. Воблакі стаяць на адным месцы. Сонца смажыць, як і раней... Зірнула на дарогу, а там - двухколка ўжо невыразная, а вазок ледзь-ледзь жаўцеецца. Здавалася, што ў тым няшчасным вазку ляжыць яе сэрца, гвалтоўна вырванае з грудзей, і павезлі яго бязлітасна, богведама куды, а яно прывязана да яе ніткай, што ўсё танчэйшая ды танчэйшая. Яшчэ хвіліна - і нітка лопне, а разам з ёю і сэрца, і жыццё беднай маці!

Двухколачка паступова ўсё меншала і знікала паміж раскалыханай зеляніны дрэў. Ужо ён такі, як птушка... Цяпер на момант прапаў, потым зноў паказаўся... Зноў знік...

Шарачыха працерла вочы, поўныя пылу і слёз. Нічога не відно!.. Выбегла на сярэдзіну дарогі. Нічога... Перайшла на другі бок... Штосьці ўдалечыні мільганула, ды раптам знікла... Зняможаная ўшчэнт, прыціснутая цяжарам болю, яна ўпала тварам на зямлю і, скруціўшыся ў клубок, пачала выць, як самка, ад поўных грудзей у якой адарвалі малое.

Тады на ўзгорку, дзе яе напаткала бяда, паказаўся конік у аглаблях, за ім - набожна выбрытая фізіяномія чалавека, які сядзеў у невялікай, але вельмі траскучай брычцы. Шарачыха не чула траскатні, не бачыла, што нехта едзе, але затое ён, той падарожны, заўважыў скурчанага на дарозе чалавека і спыніў каня.

«П'яная ці мёртвая? - падумаў урачыста выбрыты падарожнік. - Халеру падхапіла ці хто-небудзь забіў?.. Ехаць далей ці вярнуцца?..»

Гледзячы з вышыні свайго сядзення на юдаль чалавечай роспачы, ён баяўся разбойнікаў, халеры і судоў і ўжо за лейцы пацягнуў, каб павярнуць назад, ды тут яму згадалася Евангелле, дзесяты раздзел ад святога Лукаша, тое месца, што чытаецца на дванаццаты тыдзень пасля сёмухі, «Пра параненага і самарытаніна»: «І падышоўшы, перавязаў раны яго, паліўшы іх алеем і віном; і пасадзіўшы на асла свайго, прывёз у гатэль і там меў клопат аб ім».

Дзякуючы гэтаму ўспаміну брычка пакацілася наперад, аднак вельмі паволі і асцярожна, аж да жанчыны. Потым брычка спынілася, і самарытанін, што сядзеў у ёй, выхіліўшыся, злёгку штурхануў каваліху канцом пугаўя.

- Гэй, вы! - гукнуў. - In nomine Patris et...*

* У імя айца і... (лац.)

Шарачыха ўсхапілася і, гледзячы шалёнымі вачыма ў паголены твар падарожнага, шапнула:

- Пан арганіст?..

- Ды я! - адказаў ён. - А што здарылася?

- Стась мой загінуў!.. Ах, божачка!.. - заенчыла яна і абаперлася на край брычкі.

- Як жа гэта?.. Цыганы яго ўкралі?.. Божа моцны!..

Шарачыха сяк-так расказала, што здарылася.

- Ат! Пасмейся, пані, з гэтага! - закрычаў арганіст. - Гэта якраз нейкі шляхціц ехаў... Божа моцны!.. Ну, а такія дзяцей не крадуць. Сядай, пані, у брычку! Et cim spiritu Tuo...*

* І з духам тваім... (лац.)

- А чаго?

- Як гэта - чаго? Божа моцны!.. Будзем шукаць хлопца, і амэн!..

- Ён ужо, можа...

- Што ўжо, можа? Пані думае, што ён нежывы? А каго ж я тады вучыць буду?.. Калі я павінен вучыць яго, калі ён будзе мець, божа моцны, шэсць год, дык хлопчык аніяк не памрэ на другім годзе... In saecula saeculorum...*

* Навекі вякоў... (лац.)

Арганіставы довады, а больш за ўсё яго лацінская мова былі такія непераможныя, што каваліха моўчкі села ў брычку і пакорліва памясцілася на козлах, тварам да арганіста. Але верны, хоць і гарачы, слуга святога касцёла не мог згадзіцца з гэтым.

- Прашу вас вельмі... Божа моцны! - ускрыкнуў ён. - Вельмі прашу на сядзенне, а я на козлікі пайду... Introibo ad altare Dei...*

* І набліжуся да божага алтара... (лац.)

- Пане арганіст, ды што ж вы робіце?..

- Так!.. Быў бы я, божа моцны, чалавек зусім без адукацыі, каб пані, жонка і дачка маіх сяброў, сядзела на козлах... Я кірую канём, я сядаю на козлах... Sicum erat in principio...*

* Падобна да таго, як было спачатку... (лац.)

Шарачыха выканала загад арганіста, не асмельваючыся зірнуць яму ў вочы. Гэта ж яна дзеля таго, каб дапячы яму, выбралася сёння ў дарогу!.. Але бог, які дбае пра слуг сваіх, пераблытаў планы адпомсты і зрабіў так, што якраз арганіст і выбавіць яе з бяды.

- Ведаеце, пані Шаракова, што, - гаварыў высакародны апякун, - у мяне, божа моцны, ёсць інтарэс ад ягомасця ксяндза да пана Лоскага, таго, што гмінны суддзя, але раней я завязу паню ў мястэчка і там даведаемся ад жыдоў, які мясцовы шляхціц ездзіць у двухколцы з крытым верхам. Тады мы знойдзем Стасіка, тады забяром яго і я дастаўлю паню з дзіцем у млын. Indnlqentiam absolutionem ef remissionem paccatorum nosstrorum...*

* Дараванне, пазбаўленне і адпушчэнне грахоў нашых... (лац.)

Але Шарачыха ўжо не слухала яго праграмы, абвешчанай тонам пропаведзі, - абапёршыся тварам на рукі, яна горка заплакала. Гэта яе супакоіла трохі.

Праз паўгадзіны брычка прыехала на рыначны пляц мястэчка - пад акампанемент палясквання пугай і многіх лацінскіх слоў, якімі шчадрэй чым заўсёды сыпаў усхваляваны арганіст.

 

* * *

 

Пан Лоскі - мужчына сярэдніх гадоў, сумленны і прыстойны; пры гэтым было ў яго шмат разважлівасці, ніштаваты маёнтак і ангельскія бакі. Невялікая лысіна сведчыла пра тое, што гэты добры грамадзянін павінен быў змоладу неаднойчы прабіваць сцяну галавой і наогул не весці набожнага жыцця. Ды акалічнасць такая не падрывала пашаны, якою ён карыстаўся ў суседзяў, а для жонкі ён быў, дзякуючы гэтаму, яшчэ даражэйшы, бо гэта прымешвала да іх шчаслівага сямейнага жыцця трошачкі крыўды за мінулае і страху за дзень заўтрашні.

Калі яго выбралі гмінным суддзёй, пан Лоскі спраўляўся з гэтым абавязкам так, што ўсе былі задаволены. Не хочучы адрываць людзей ад працы, ён заказаў сабе элегантную крытую двухколку на рысорах і ў суд за дзве мілі ездзіў адзін. І таму, калі ён вяртаўся з пасяджэнняў надта позна, пані яго мела звычай пытацца нехаця:

- У суседзяў спыняўся?

- О не! - адказваў ён. - Вяртаюся проста з канцылярыі.

- Ах! - гаварыла пані, у душы шкадуючы, што ў тую яго судовую канцылярыю з ім не ездзіць фурман або хоць які хлапчук.

Мы не размінёмся з праўдай, дадаўшы, што і суддзёвы знаёмыя, а найбольш дык дамы ў пэўнай меры падзялялі сумненні пані Лоскай адносна бязгрэшных паводзін яе мужа. Слава, аднойчы набытая, трывае вечна!

У той дзень, калі адбыўся вядомы нам выпадак на дарозе, пан Лоскі вяртаўся дадому каля другой гадзіны папаўдні. Спраў у судзе было сёння няшмат, дома чакалі яго суседзі, некалькі чалавек, вось ён і спяшаўся. У той момант, калі Шарачыха прычапіла вазок да двухколкі, ён раздумваў над працэсам паміж двума гаспадарамі за курыцу, пасля пачаў думаць, як будзе забаўляць гасцей, і ў галаву яму не прыйшло, што ён можа стаць нявіннай прычынай кавалішынага гора і развесяліць сваіх гасцей.

Калі кончыўся лес, дарога ў суддзёў маёнтак збочыла з гасцінца ўлева. Лоскі спакойна павярнуўся на яе і апынуўся ў чыстаполіцы. У адным месцы некалькі чалавек капала роў, і суддзя заўважыў, што людзі гэтыя з вялікім ажыўленнем паказваюць адзін аднаму на яго двухколку.

Пасля ён сустрэў бабу з хлопчыкам, якія спыніліся на дарозе і так паразяўлялі раты, як быццам мелі намер праглынуць гнедага каня разам з брычкай. Такія адзнакі ўвагі вельмі лесцілі пану суддзі, які з задавальненнем пераканаўся, што яго любімы экіпаж пачынае звяртаць на сябе ўвагу.

Стась, спачатку захоплены хуткай яздой і падскокваннем вазка, засумаваў і заснуў, відаць, снючы Куртава свавольства і маміны пацалункі. Неўзабаве двухколка, стукнуўшыся аб парожак варот, уз'ехала на дзядзінец.

На верандзе пад стрэшкай, у кветках, пані суддзіха ў кампаніі дам і мужчын чакала мужа. Суддзя заўважыў іх і, хочучы пад'ехаць з шыкам, вырашыў акружыць вялікі газон. Падцягнуты ляйчынамі, конь пачаў падкідаць угару прыгожую галаву і ў такт перабіраць нагамі. Суддзя, не хочучы быць горшым за яго, таксама напружыў ногі, прыгожа выпрастаўся з выглядам сапраўднага джэнтлымена.

І сапраўды, разлік на эфект апраўдаўся. Калі ён, акружаючы газон, апынуўся насупраць веранды, уся кампанія пачала пляскаць далоньмі, крычаць «брава!» і праяўляць усялякія адзнакі задавальнення.

Лоскі яшчэ мацней падцягнуў ляйчыны, конь ускінуў галаву яшчэ спрытней, двухколка і прычэплены да яе вазок з дзіцем каціліся яшчэ больш урачыста, а захопленыя гледачы аж вар'яцелі ад весялосці. Ды гэта ўжо здзівіла суддзю, тым больш тады, калі ён заўважыў, што нават яго стары слуга кусае губы, каб не зарагатаць.

- Брава! Брава!.. Віншуем!.. Ха, ха, ха!.. - крычалі мужчыны.

Лоскі спусціўся з брычкі і аслупянеў, убачыўшы, што дамы глядзяць на яго з двухсэнсавым выразам твараў, а жонка, светлая бландзінка, сапраўдны анёл дабрыні, усміхаецца неяк незразумела, з прыкметнымі слязінамі ў вялікіх, лагодных вачах.

- Завядзі каня ў канюшню! - сказаў слузе разгублены гаспадар.

- А з гэтым, пане, што будзем рабіць? - спытаўся стары франт, паказваючы сурвэткай на вазок.

Лоскі азірнуўся і ледзь не самлеў, убачыўшы рэч, што мела вельмі мала агульнага з яго становішчам мужа і абаронцы справядлівасці. Недарэчная справа яшчэ больш заблытвалася па той прычыне, што ў сям'і панства Лоскіх сваіх дзяцей не было.

- Віншуем са знаходкай! - крычалі мужчыны.

- Зрабіце вы мяне хоць засядацелем! - крычаў васьмідзесяцігадовы былы палкоўнік, стары халасцяк.

Дамы адразу ж абкружылі вазок, у якім Стась прачнуўся і пачаў плакаць.

- Цудоўнае дзіця! - гаварыла адна.

- Якое далікатнае!

- Відаць, з год ужо будзе, - дадала трэцяя.

- Дык жа суддзя якраз два гады працуе для агульнага дабра! - грымнуў палкоўнік.

- Але ж, панове, гэта памылка!.. - апраўдваўся як не сваім голасам няшчасны суддзя.

- У такім адрасе не павінна быць памылкі! - перапыніў яго непапраўны палкоўнік. - Ды што тут гаварыць, хлопец прыгожы, як на малюначку!

Выкарыстаўшы сумятню, пані Лоская шмыганула ў пакой. Праз некалькі хвілін яна выйшла адтуль з дужа чырвонымі вачыма, але спакайнейшая, нібы пагоджаная з лёсам. За ёю валюхалася старая, тоўстая ключніца.

Калі суддзіха дрыготкімі рукамі выняла Стася з вазка і аддала яго ключніцы, бедны муж незвычайна пакорлівым голасам спытаўся:

- Што ты з ім думаеш рабіць?

- Не аддам жа я яго парабкам... - адказала ціха жонка з адценнем дакору ў голасе.

Пачуўшы гэта, маладыя пані пачырванелі, старэйшыя пераглянуліся, нават мужчыны пасур'ёзнелі, а палкоўнік сказаў:

- Ну, дарагая пані Лоская, жарты жартамі, а вы добра зробіце, калі накорміце хлопца, які напэўна ж галодны. Само сабой, трэба будзе перадаць у прыход і войту, бо гэта ж відавочнае непаразуменне, а бацькі гэтага мальца павінны быць недзе ў страшэнным непакоі.

А тым часам ключніца, прыглядаючыся да малога, мармытала:

- Дальбожачка, наш пан, і ўсе крошкі пабраў!.. Наш пан быў такі самы, калі яму было адзін год!.. Я ж памятаю: нос, вочы, нават радзімка на шыі... Такі саменькі! Ну, гэта не мужыцкае дзіця...

Каб перапыніць прыкрую гамонку, суддзіха лёгка падштурхнула гаваркую кабеціну на ганак і загадала ёй дзіця накарміць і памыць. Госці ўжо адышлі ад першага ўражання, і ўсе пачалі наракаць на верагодную няўважлівасць нейкай нянькі, што прычапіла вазок да двухколкі, і спачуваць гору бацькоў. Суддзя падтакваў ім, намагаўся здагадацца, у якой вёсцы яму прычапілі малога, а калі гутарка перайшла на іншую тэму і жонка супакоілася, прынамсі, з выгляду, Лоскі пакінуў гасцей на хвілінку, а сам пабег у гардэробную.

Там ключніца, абагнаўшыся ад служанак, трымала хлопчыка на каленях і карміла яго булкай з малаком. Стась еў, а сам неспакойна азіраўся па незнаёмым пакоі, нібы шукаючы маці. Калі суддзя ўвайшоў, хлопец, убачыўшы мужчыну, працягнуў рукі і кінуўся раптам наперад, закрычаўшы пяшчотным голасам:

- Тата!.. Тата!..

- Голас крыві!.. Дальбожачка! - крыкнула ключніца. - Ах, што за разумнае дзіця... Увесь, як пан.

Суддзя наблізіўся да малога, уважліва паглядзеў на яго, далікатна дакрануўся да загарэлага тварыка, а потым, азірнуўшыся направа і налева, пацалаваў Стася. Ключніца амаль плакала ад замілавання, а сам ён выйшаў у сені.

У сэрцы яго прачыналася дзіўнае пачуццё. Ён быў расчулены, неспакойны, і, разам з тым, задаволены і горды. Стась падабаўся яму больш, чым якое-небудзь іншае дзіця.

На калідоры ён сустрэў жонку, аднак не смеў зірнуць ёй у вочы. Бачачы гэта, яна падала яму руку і ціха сказала:

- Я ўжо не злуюся.

Лоскі моцна прыціснуў яе да грудзей і раптам выйшаў на ганак, баючыся, каб яна не заўважыла яго ўзрушэння.

 

* * *

 

Субота ў малых мястэчках бывае днём цішыні і адпачынку. Па гэтай прычыне пан бурмістр мястэчка X., пані бурмістрыха і натарыус, іхні прыяцель, папоўдні выйшлі на шпацыр.

Бурмістр, чалавек малы і пукаты, ішоў спераду. Правую руку, у якой трымаў палачку, залажыў за плечы; левую, сагнутую ў локці, нёс перад сабой такім чынам, як касцельны дзед пад час імшы нясе падносік, збіраючы ў прыхаджанаў грошы на храм. Да таго ж ён увесь час усміхаўся і прыплюшчваў вочы; людзі казалі, што ён робіць так, каб «не ведаць, адкуль падае», разумеецца, на тую працягнутую руку.

Крокаў некалькі ззаду ішоў натарыус, высокі, стараваты халасцяк, з паняй бурмістрыхай пад ручку. Мы вельмі сумняваемся, каб такі спосаб праходжвацца здзіўляў каго-небудзь у мястэчку. Усе прывыклі да яго, не выключаючы самога бурмістра, які быў заўсёды задаволены і думаў толькі пра тое, каб «густа падала».

У гонар гэтай тройкі мясцовых славутасцей каля драўляных дамоў рыначнага пляца пазяхала, спраўляючы шабас, некалькі жыдоў, а там, дзе стаяла сапсаваная помпа, лена чухаўся сабака, сухарэбрыца якога выразна сведчыла пра мясцовы дабрабыт.

У той момант, калі бурмістр, бурмістрыха і натарыус падыходзілі да канца рыначнага пляца, на іх ледзь не наляцела арганістава брычка. Пан бурмістр ажно ўбок адскочыў, а пан натарыус, відаць, ад хвалявання, паправіў свой каўнерык.

Якраз тады брычка спынілася насупраць натарыуса.

- Ягомасць звар'яцеў, ці што, чаго так разагнаўся?.. - спытаўся натарыус.

- Laudetur Jesus Christus!* - адказаў арганіст, даткнуўшыся пугаўём да шапкі.

* Пахвалёны Езус Хрыстус! (лац.)

Бурмістр заўважыў заплаканую Шарачыху, падышоў да брычкі і, як заўсёды, з усмешкай спытаўся:

- А чаго ж гэта? Няшчасце якое здарылася? Памёр нехта?.. Пажар?..

- Як непрытомны! - працягваў сваё натарыус. - Ледзь не пабіў мяне і Ю..., значыцца, пані бурмістраву.

- Сыночак мой прапаў... Стасічак мой! - закрычала каваліха, зноў заліваючыся слязамі.

- Хто гэтая жанчына? - спыталася пані бурмістрыха.

- Здаецца, што гэта будзе дачка млынара Ставіньскага, - растлумачыў натарыус.

- Ага... Ставіньшчанка, а цяпер кавалёва. Ой, памажыце мне знайсці яго, паночкі мае залаценькія! - гаварыла Шарачыха, трасучыся ў брычцы ад плачу.

- Хі, хі, хі! - засмяяўся бурмістр. - Ёсць чаго плакаць!.. Ты ж такая маладая, дасць табе бог яшчэ з дзесяцёра!..

- Andre, soyer cinvenable!* - асекла яго пані бурмістрыха, якая калісьці вучылася ў губернскім інстытуце.

* Анджэй, вядзіце сябе прыстойна! (франц.)

- Ой, ратуйце мяне, паночкі мае залаценькія! - енчыла каваліха і, перахіліўшыся з брычкі, працягнула рукі, нібы хацела абняць спачатку пані бурмістрыху, а тады яе мужа.

Аднак пані бурмістрыха, што закончыла інстытут, з абурэннем адступілася, а не менш абражаны муж яе закрычаў:

- Што за панібрацтва, да ліха матары!.. Ты не ведаеш, хто я?..

- Ды ведаю, што вы - вяльможны бурмістр. Памажыце мне знайсці майго сыночка... Я ўжо і не ведаю, колькі яго не бачыла! Горачка маё, можа, дзе вываліўся з вазка і нехта наедзе на яго!

- А мне што да гэтага? - спытаўся бурмістр. - Ідзі сабе да стражніка!.. Яна думае, што я буду за яе галапупцам бегаць!.. Ты чуў, натарыус?

Слова «галапупец» абразіла каваліху. Вочы яе абсохлі, твар пачырванеў.

- А навошта ж вы бурмістр? - закрычала яна. - Можа, не дзеля таго, каб бедным людзям дапамагаць у няшчасці?.. Гэта мой Стасік галапупец?.. І пан жа быў такі самы, а ён калі-небудзь, абы знайшоўся...

У гэтым месцы плач заглушыў яе словы.

- Нявопытная жанчына! - мармытаў арганіст, відаць, думаючы пра тое, што бурмістр з працягнутай рукой існуе не для таго, каб памагаць бедным людзям у няшчасці.

Так ці інакш, але ў выніку злоснага выбуху каваліхі становішча стала б вельмі неспрыяльным, калі б не ўмяшаўся натарыус, у якога бывалі справы са Ставіньскім. Ён спыніў сварку і папрасіў арганіста расказаць, што адбылося са Стасем.

Тым часам вакол брычкі, як быццам з-пад зямлі, вырас цэлы натоўп жыдоў, і арганіст, як прапаведнік які, растлумачыў усім прысутным Стасеў выпадак. Калі ён ў канцы спытаўся ў прысутных узнёслым голасам, ці не ведае хто пана, у якога крытая рысорная двухколка, адзін жыд закрычаў:

- Я ведаю! Гэта пан Лоскі, суддзя...

- Божа моцны! - усклікнуў арганіст. - Дык я ж гэта да яго інтэрас меў і немаведама чаго сюды заехаў!..

Кажучы гэта, ён павярнуў каня.

- Хутчэй, хутчэй жа, кумочак сардэчны! - гаварыла каваліха, тузаючы арганіста за крысо доўгага сурдута.

На брычку абапёрся жыд і сказаў:

- Пані Шарачыха! Вы ж памятайце, што гэта я сказаў... Я заўтра ў кузню прыйду...

- А гэта што яшчэ за шахер-махер? - абурыўся арганіст. - Я і сам выдатна ведаў, што пан Лоскі ездзіць у суд крытаю двухколкай, на гнядым кані...

- Дык навошта вы пыталіся, калі самі ведалі? - закрычаў узлаваны жыд.

- Не хачу апраўдвацца перад кожным лахмеем! - адказаў ганарліва арганіст, хочучы крануцца з месца.

- Едзьма ўжо, едзьма, - прасілася Шарачыха.

- Ай, вай, які вялікі пан! - крычаў жыд, хапаючыся за лейцы. - Пан арганіст! Я пану штосьці скажу!.. Можа, пан прыходзіў бы да мяне кожную нядзелю іграць на шарманцы?..

Натоўп вакол брычкі выбухнуў рогатам. Горды арганіст збялеў, удараны ў найбольш чулае месца свайго гонару, а ў вачах яго бліснула жаданне помсты. Ён узняўся на козлах і, выпрастаўшы сваю доўгую постаць, закрычаў магутным і ўрачыстым голасам:

- Лейбусь!.. Я хрышчу цябе... In nomine Patris...*

* У імя айца... (лац.)

- Ай, вай!.. Нягоднік! Свіное вуха!.. - закрычаў натоўп, разбягаючыся па рыначным пляцы.

У гэты момант арганіст сцебануў каня і брычка пакацілася ў клубах пылу, пад рогат і лаянку натоўпу.

Ехалі спорнай рыссю хвілін з дзесятак. Шарачыха раз-поразу ўставала і, пахістваючыся на дрыготкай брычцы, глядзела на дарогу.

- Пан арганіст!..

- А што?

- Гэта далёка?

- З мільку будзе, хутка даедзем!

Конік быў дужы і шустры, але ўжо і на яго гладкай поўсці пачалі паказвацца плямы поту.

- Эй, малы! - падахвочваў яго арганіст.

Часамі пыл, што валокся за імі, як хвост, параўноўваўся з брычкай, забягаў наперад і тры пары вачэй засыпваў дробным пяском. Тады конік апускаў галаву паміж каленяў і пырхаў, арганіст праціраў вочы тоўстым рукавом, і толькі бедная маці глядзела на дарогу, не прыкрываючы павекаў.

- Пан арганіст!..

Арганіст ведаў ужо, пра што яна, і адказваў, не чакаючы пытання:

- Вунь там, паміж дрэвамі!.. Бачыце?.. Хвілін за некалькі даедзем.

Павярнулі направа. Некалькі чалавек капалі ў полі роў. Вазок спыніўся.

- Эй, людзі! - гукнуў арганіст, махнуўшы аднаму з іх.

Чалавек палажыў лапату і пайшоў да брычкі. Шарачышына сэрца калацілася, як малаты ў кузні, як быццам вазок імчаўся, хоць ён і стаяў.

- Пан вярнуўся дахаты? - спытаўся арганіст у чалавека, што падыходзіў.

- Ага!

- А вазка вы за ягонай двухколкай не бачылі?

- Ага, бачылі.

- І дзіця было там?

- Мусіць, было, бо нештачка ўсярэдзіне траслося.

- Шчыра дзякуем!

- Едзьце здаровы!.. Яно ваша?

- Не маё... гэтай пані! - адказаў арганіст, паказваючы пугаўём назад.

- Пан арганіст, - азвалася каваліха.

- Чаго?

- Пусціце мяне з брычкі... Я пехатой пайду, бо мне здаецца, што хутчэй зайду...

- Не балбачыце, пані, дарма... Эй, малы!

- Ой, божа мой, божачка!.. Ці ж знайду я яго!.. - шаптала каваліха, укленчыўшы на дрыготкім дне брычкі.

Конь імчаўся галопам. Можа, з вярсту ад маёнтка арганіст заўважыў нешта шэрае, што хутка кацілася ад аднаго краю дарогі да другога. Калі пад'ехалі бліжэй, ён пазнаў сабаку, які з апушчанай галавой бег перад брычкай.

- Курта! - гукнуў арганіст. - Глядзі, пані, ваш Курта тут!

Сабака, убачыўшы каваліху, заякатаў, загаўкаў, пачаў скакаць то да брычкі, то да храпы каня, які пырхаў ды абганяўся як мог. Верны сабака, выпушчаны з хлява, прыбег следам Стасевага вазка ажно сюды.

- Усё ідзе добра! - сказаў арганіст, напяўшы лейцы.

Брычка спынілася каля дваровай брамы.

Каваліха саскочыла з брычкі, ступіла некалькі крокаў і раптам абаперлася аб шула брамы - так закружылася галава. Арганіст узяў яе за руку, і так яны пайшлі да дома ўслед за Куртам, які ўсё гаўкаў, скакаў і круціўся вакол самога сябе.

Усе паны якраз сядзелі на верандзе, абедалі. Падарожныя затрымаліся каля плота, нясмела гледзячы туды, дзе панства, а Курта раптам ірвануўся ў той бок.

За ім пабегла каваліха. Задыханая, з узнятымі рукамі яна ўпала на калені пры канцы стала, дзе на прыполе ў ключніцы сядзеў Стась - жывы, выспаўся і ўсміхаецца.

- Пайшоў прэч ты, нягоднік! - перапалохана крычала ключніца на Курту, які намагаўся ўскочыць на яе прыпол.

- Маці! Маці! - загаманілі паны, гледзячы, як жанчына, паваліўшыся на зямлю, з крыкам цалавала пухкія Стасевы ножкі.

Перапынілі абед, паўставалі і падышлі да таго канца стала, дзе адбывалася пацешная сцэна: дзве жанчыны сварыліся за дзіця.

Шарачыха хацела забраць сваё, а ключніца не аддавала.

- Гэта мой сын! Мой Стасічак! - крычала маці.

- Ды хто вы такая? - крычала, мацуючыся з ёю, ключніца. - Таксама... нахабства!.. Хапае такое далікатнае дзіця, нібы аполец сала!

- Бо гэта маё!..

- Што ваша?.. Гэта сын нашага пана, тут усе вам скажуць!.. Такі прыгожанькі... Во, бачыце... Пан прыйшоў... Аддай пану хлопца!..

Усе госці адкрыта смяяліся.

- На табе, паны смяюцца, - не супакойвалася ключніца, - а гэта ж панаў сын!.. Падобненькі!.. Пайшоў прэч, сабачая морда! - зноў закрычала яна на Курту.

Шарачыха, не ўстаючы з каленяў, павярнула галаву і здзіўлена паглядзела на таго, каго назвалі Стасевым бацькам. Паглядзела і сказала з наіўнаю прастатой:

- Не быў бы ён такі прыгожанькі, каб быў вашага пана. Гэта сын каваля... Юзафа Шарака!..

Тут азваўся арганіст і сваёй урачыстай мовай пацвердзіў, што згубленае дзіця, якое пры святым хрышчэнні атрымала імя Станіслаў, з'яўляецца законным сынам Юзафа і Малгажаты з дома Ставіньскіх-Шаракоў.

Вестку, якая выплыла з такой важнай крыніцы, пані Лоская ўспрыняла з вялікім задавальненнем; затое пан суддзя ўсміхнуўся, нібы з'еўшы мыла.

- Фью, фью! - свіснуў стары палкоўнік і дадаў: -Пайшло!..

Суддзя скрывіўся яшчэ больш і абыякава махнуў рукой.

- Я вельмі рад, - сказаў ён, - што бедны хлопец так хутка знайшоў сям'ю!..

- Гэта нагадвае мне байку пад назвай «Ліса і вінаград», - дадаў палкоўнік.

Жанчыны прыкусвалі губы, суддзя круціўся, як на шпільках, арганіст нічога не разумеў, а Шарачыха не чула, занятая Стасем.

Лішне было б гаварыць, што арганіста прымусілі яшчэ раз расказаць, як яно здарылася са Стасем.

Налітаваўшыся з маці, усе смяяліся цяпер са здарэння, за выключэннем ключніцы, якой вельмі забалела тое, што Стась - не сын яе пана.

- Ды такі ж разумны!.. Ды такі ж прыгожы!.. Нават з радзімкай на шыі, - мармытала старая.

 

* * *

 

Каб усё закончыць як найдакладней, скажам, што арганіст, уладзіўшы з суддзёй справу ягомасця ксяндза, завёз Шарачыху да бацькі і там трэці раз расказаў вядомую гісторыю перапалоханаму Ставіньскаму. Выехаўшы з млына ў той самы дзень, чацвёрты раз расказаў яе кавалю, а пяты - ксяндзу.

У нядзелю, пасля імшы, Ставіньскі з дачкой і ўнукам, а таксама ўсе парабкі высыпалі на мост, прыгледзецца да таго, як з боку горада ў аднаконнай брычцы - о, дзіва! - каваль Шарак сядзеў побач з арганістам Завадам, як родныя браты.

Стары млынар выступіў перад двума паміранымі ворагамі з доўгай і нуднай прамовай пра неабходнасць прабачыць адзін аднаму, што было тут ужо зусім лішнім. Пасля паклікаў усіх на абед, а затым уручыў арганісту пяцьсот злотых беспрацэнтнай пазыкі на тры гады. У выніку гэтага арганіст часта паўтараў людзям павучальную сентэнцыю:

- Дарагія браты! Калі я прыгадваю сваё жыццё, мне дакладна відно, як гэта літасцівы пан бог ніколі не пакідае людзей такіх, як я - добрасумленных і справядлівых. In saecula saeculorum!..*

* На векі вякоў!.. (лац.)

У панядзелак арганіст быў ужо пры касцёле, Шарак у кузні, Стась забаўляўся з Куртам на двары, пад наглядам Магды, а каваліха працавала ў агародзе.

Каля поўдня перад іхнім домам спынілася фурманка, з якое нейкі нетутэйшы чалавек зняў прыгожае каштанавае цялятка з белай зорачкай на лбе. Паколькі малы чацвераногі выразна баяўся разгаўканага сабакі і не хацеў ісці, фурман узяў яго адной рукой за карак, другой за хвост і такім спосабам падвёў да здзіўленай Шарачыхі.

- Што гэта?.. Адкуль гэта?.. - спыталася гаспадыня.

- А гэта вам пані Лоская падарыла на пасаг для вашага хлопчыка, - адказаў чалавек.

- Юзік!.. Магда!.. Сюды хадзіце! У Стася будзе карова!.. З маёнтка яму прыслалі, - крычала захоплена жанчына, цалуючы цялятка, якому не менш захоплены Курта патрохі аскубаў хвост.

Такім эпілогам закончылася Стасева прыгода.




Крыніца: Prus B. Wybór pism w 10 t., t. 2, 3. Pańtstwowy instytut wydawniczy. Warszawa, 1974.
Пераклад: Янка Брыль

Беларуская Палічка: http://knihi.com