Барыс Эльбэрт

Шкарлятына і адзёр

Навукова-популярны нарыс

УСТУП
АДЗЁР
  Як заражаецца чалавек адром?
  Хвароба
  Канец хваробы
  Як даць палёгку пры адры ў дзіцяці і нават папярэдзіць хваробу?
ШКАРЛЯТЫНА
  Як перадаецца шкарлятына?
  Канец хваробы
  Што такое лекавая сыроватка супроць шкарлятыны?
  Прышчэпкі супроць шкарлятыны
  Крыніцы інфэкцыі (заразы)
  Умовы, ад якіх залежыць распаўсюджваньне шкарлятыны
  Дагляд хворых
  Дэзынфэкцыя


 

УСТУП

 

Шкарлятына і адзёр - хваробы дзіцячага веку. Разам з дыфтэрытам і коклюшам яны складаюць групу востра-заразьлівых хвароб, якія бываюць галоўным чынам у дзяцей.

Калі дыфтэрыт пазнаюць па тым, што ў зеве дзіцяці ўтвараецца налёт, які пакрывае мігдалаватыя залозы; калі коклюш па асабліваму кашлю можа пазнаць кожны, дык шкарлятыну і адзёр пазнаюць па высыпцы, якая пакрывае цела хворага дзіцяці. Зразумела, што ня ў адным налёце сутнасьць хваробы дыфтэрыту, і ня ў кашлі - аснова хваробы коклюшу. Таксама не ў аднэй высыпцы сутнасьць адзёру і шкарлятыны, а ў іншых прычынах і іншых прыметах, якія вучаць і доктара і матку разьбірацца ва ўсім малюнку дзіцячае пакуты.

Адзёр і шкарлятына асабліва вядомы шырокім колам насяленьня. Хто з вас, чытачы, ня лічыць, што адзёр павінен быць у кожнага дзіцяці і што ён ня страшны? Хто з вас не баіцца шкарлятыны, якая па праву лічыцца сапраўдным бічом для дзяцей?

Мы аднак, зьмяншаем небясьпеку адру і, з другога боку, яшчэ вельмі мала робім, каб паслабіць небясьпеку шкарлятыны. Кожны пісьменны чалавек, культурны грамадзянін павінен быць добра знаёмы з заразьлівымі хваробамі раньняга дзіцячага ўзросту, каб умець захаваць каштоўнае маладое пакаленьне, якое ідзе нам на зьмену.

 

АДЗЁР

 

На адзёр хварэюць дзеці часьцей, чым на іншыя заразьлівыя хваробы. Штогод у гарадох і вясковых мясцовасьцях, на адзёр хварэе вялікая колькасьць дзяцей. Найбольш спрыяючым часам для хваробы зьяўляецца канец восені, зіма і пачатак вясны. У летнія і цёплыя асеньнія месяцы адзёр зьмяншаецца і дзеці хварэюць ня так часта. У Беларусі ў 1927 годзе на адзёр перахварэла каля 11 тысяч дзяцей, пры гэтым за лістапад і сьнежань было 6 тысяч захворваньняў.

У вялікіх гарадох адзёр пашыраецца вельмі хутка, у кароткі час ахоплівае надта многа дзяцей, і тады мы маем пошасьць адру. У невялікіх паселішчах, дзе дзяцей мала, адзёр спатыкаецца ў выглядзе паасобных захворваньняў.

Трэба адзначыць, што да адру дзіцячы організм найбольш успрымальны; шкарлятына, коклюш і дыфтэрыт успрыймаюцца значна слабей. Можна сказаць, што няма дзяцей, якія-б не паддаваліся адру. Толькі малыя грудныя дзеці да 5-6-ці месяцаў рэдка хварэюць на адзёр. Пачынаючы ад паўгода кожнае дзіця лёгка паддаецца гэтай хваробе.

Зразумела, ня ўсе людзі хварэюць на адзёр у дзіцячым узросьце. Часта адзёр бывае і ў сталага, а то і зусім старога чалавека. Гэта таму, што ў дзяцінстве яны ня былі блізка каля хворых дзяцей.

Адзін раз, амаль што сто гадоў таму назад, на адным з Фарэрскіх астравоў, жыло многа народу і дзе больш, як 50 гадоў ня было ніводнага выпадку адру, прыехаў з іншай краіны чалавек. Ён прывёз з сабою адзёр, якім заразіўся ў іншым месцы. І вось, за кароткі час пагалоўна ўсё насяленьне востраву, - ад грудных дзяцей, да старых, захварэла на адзёр, прычым многа людзей памерла. Хвароба пераходзіла ад адных да другіх і цягнулася датуль, пакуль не перахварэлі ўсе.

Ні з якой іншай заразьлівай хваробай гэтага ня бывае.

Пакуль такая пошасьць (эпідэмія) кончыцца, праходзіць некалькі гадоў. За гэты час народзіцца і падрасьце новая група дзяцей, якія захворваюць, як толькі адкуль-небудзь зьявіцца хворы на адзёр.

Выбухае полымя пошасьці, нібы пажар у гарачы дзень ад маленькай іскаркі, што ўпала на саламяную страху.

Кожная пошасьць патрабуе, каб была дастатковая колькасьць яшчэ не хварэўшых людзей, а з другога боку, - каб былі ўмовы для заражэньня. Каб на той востраў, дзе як навальніца бушавала пошасьць адру, не папаў з другога берагу хворы на адзёр, дык ніякай пошасьці ня было-б.

З другога боку, калі і лютуе зараза адру, але няма адпаведнага матэрыялу, ня будзе і пошасьці.

 

Як заражаецца чалавек адром?

 

Кожная заразьлівая хвароба мае свой спосаб заражэньня. Захварэць высыпным тыфусам можна выключна праз укус вошы, якая перапаўзла ад хворага на тыфус чалавека. Заразіцца балотнай трасцай можна толькі дзякуючы ўкусу так званага малярыйнага камара.

Брушны тыфус, крываўка і халера часьцей за ўсё выклікаюцца заражанай вадой, калі яе напіцца. На дыфтэрыт хварэюць дзеці ў выніку пападаньня ў рот і горла заражаных кропелек, якія расьсяе хворы. Хворыя людзі, казюлькі - камары, вошы, мухі, розныя спажыўныя продукты, як малако, мяса, вада, усякія рэчы - насавыя хустачкі, кажухі, цацкі, - усе гэтыя істоты і рэчы перадаюць тую ці іншую інфэкцыю (заразу).

Адзёр мае толькі адзін шлях распаўсюджваньня - ад хворага чалавека да здаровага. Пры дапамозе рэчаў адзёр не перадаецца, як гэта бывае пры дыфтэрце. Таксама здаровыя людзі адру не распаўсюджваюць. Доктар, пабыўшы каля аднаго хворага на адзёр, праз паўгадзіны ўжо сядзіць у іншым доме, каля ложка другога дзіцяці. Ён адру з сабою пераносіць ня можа. Прамежных пераносчыкаў пры адры ня бывае. Калі дзіця будзе поруч з хворым на адзёр у адным пакоі, толькі тады адбудзецца заражэньне. Іншага спосабу заражэньня мы ня ведаем. Гэта залежыць ад няўстойлівасьці ўзбуджальніка, які ў паветры і на прадметах вельмі хутка гіне. Каб заразіцца, патрэбна толькі дыхаць адным паветрам з хворым на адзёр. Трэба ведаць, што хворае дзіця зьяўляецца заразьлівым для абкружаючых ня толькі ў разгары хваробы, але ўжо і тады, калі яно толькі пачынае хварэць.

 

Хвароба

 

Часьцей за ўсё хварэюць дзеці на адзёр ва ўзросьце ад 2-х да 5-ці гадоў. У грудных дзяцей, якім менш паўгода, хвароба сустракаецца вельмі рэдка. Такая непадатлівасьць тлумачыцца пердачай дзецям пры нараджэньні ад маткі з яе крывёю абаронных матэрый. Маткі, як людзі дарослыя, якія на адзёр перахварэлі ў дзяцінстве, застаюцца на ўсё жыцьцё да гэтай хваробы непадатлівымі.

Гэта значыць, што ў крыві, пасьля хваробы адру, застаюцца на ўсё жыцьцё абаронныя матэрыі. Яны абараняюць і матку, а таксама і грудных дзяцей, пакуль яны ссуць грудзі. Калі дзіця падрасьце, у яго крыві паступова зьнікаюць абаронныя сокі маткі, і яно можа захварэць на адзёр.

Праўда, бываюць выпадкі, калі дзіця, ня гледзячы на магчымасьць захворваньня, застаецца здаровым, а можа захварэць праз год, а то і больш. Гэта ёсьць выключэньне з правіла, якое гаворыць аб тым, што толькі рэдкія дзеці становяцца дарослымі, не перахварэўшы на адзёр.

Ад моманту заражэньня да пачатку хваробы праходзіць звычайна два тыдні. Гэты час мы завем інкубацыйным пэрыодам. Ужо пачынаючы з 11-13-га дня інкубацыі, заўважаюцца першыя прыметы або сымптомы хваробы: катар, катаральнае запаленьне верхніх дыхальных шляхоў і запаленьне сьлізістай абалонкі вачэй. З носу ў дзіцяці цячэ сьлізьзёвая, а часамі гнойная вадкасьць, а ў некаторых выпадках нават ідзе праз нос і кроў.

Насавыя атворыны ў дзіцяці заложаны сьлізьзю, яно часта чхае і пры гэтым выдаляе маленькія вадзяністыя кропелькі, якія пападаюць у паветра і заражаюць здаровых дзяцей. Асабліва тыпова для пачатку хваробы становішча вачэй, якія запаляюцца, чырванеюць, сьлязацца. Вочкі дзіця трымае заплюшчанымі, бо сьвятло для яго няпрыемна. Павекі апухаюць, а калі паціснуць - баляць. Кашаль у гэты момант сухі, кароткі; макраты дзіця не выдзяляе.

Самі па сабе зьявы катару, запаленьня сьліаьзёвай абалонкі вачэй і дыхальных шляхоў не ўяўляюць нічога асаблівага, яны бываюць ня толькі пры адры. Але, калі ў гэты момант лыжачкай адцягнуць шчочку і ўважліва разглядзець сьлізьзёвую абалонку каля карэнных зубоў, дык можна заўважыць вельмі важную прымету адру: на пачырванеўшай сьлізьзёвай абалонцы шчок, збоку, мы заўважым некалькі белых плямачак велічынёю з зернятка маку. Гэтыя плямкі носяць назву плямак Філатава-Копліка і сьведчаць, што ў дзіцяці адзёр.

Такія плямкі часта могуць быць і на сьлізьзёвай абалонцы губ, але часьцей за ўсё каля карэнных зубоў.

Калі накруціць на запалку кавалачак ваты і правесьці ім па сьлізьзёвай абалонцы, там, дзе знаходзяцца падазроныя плямы, дык сьцерці іх нельга. Такім чынам можна адрозьніць плямы Філатава-Копліка ад белых кавалачкаў сьлізі і рэштак стравы.

Тэмпэратура ў пачатку хваробы яшчэ не асабліва высокая, яна трошкі падвышаецца з пачаткам катару носа і горла, а потым можа зусім зьнізіцца.

Так праходзіць да 14-га дня ад часу заражэньня. Потым рэзка ўзьнімаюцца катаральныя зьявы з боку носу, вачэй і горла, тэмпэратура падвышаецца, на целе зьяўляецца высыпка чырвоных плямак рознай велічыні. Плямкі зьяўляюцца спачатку ззаду вушэй, на твары, на шчоках і навокал губ, потым на лбу і падбародку, нарэшце ўкрываюць валасістую частку галавы. Плямы зьліваюцца між сабою і пакрываюць увесь твар; вочы апухлыя, нос заложаны.

З галавы плямы разыходзяцца на шыю, плечы, верхнюю частку тулава, а потым на жывот, сядзеньне, сьцёгны, адсюль на галёнкі і ступы. Пэрыод высыпаньня цягнецца двое сутак, потым высыпка пачынае паступова зьнікаць. Ад моманту зьяўленьня першай плямкі да таго часу, калі высыпка зусім зьнікне, праходзіць ад трох да пяці дзён.

Дзіця ў часе высыпкі выглядае, як цяжка хворае. Тэмпэратура ўзьнімаецца да 40°. Дзіця ня есьць. У яго вялікая смага, яно скардзіцца на боль галоўкі, ручак, ножак і ўсяго цела. Уночы яно часта гаворыць бяз памяці.

У такім цяжкім стане праходзіць усяго паўтара-два дні і дзіця адразу пачынае папраўляцца (перад гэтым яно вельмі пацее, высыпка значна бялее). Зьяўляецца апэтыт, тэмпэратура спадае, прытомнасьць ясная, сон спакойны. Як толькі канчаецца высыпка, пачынае злушчвацца скура ў выглядзе маленькіх лусачак. Пры гэтым на далонях і пятках лушчэньне не адбываецца, чым адзёр і адрозьніваецца ад шкарлятыны. Праз тыдзень лушчэньне спыняецца. Лусачкі пры адры драбнейшыя, чым пры шкарлятыне.

У некаторых выпадках лучшэньне даволі значнае, нібы пасьля шкарлятыны. Пухліна каля вачэй зьнікае, выдзяленьне сьлізі і гною з носу зьмяншаецца. Яшчэ некалькі дзён застаецца катар дыхальных шляхоў, але, нарэшце, усё прыходзіць у норму.

У некаторых выпадках аднак, адзёр праходзіць цяжка і дае ўсякія ўскладненьні. Самым небясьпечным ускладненьнем зьяўляецца запаленьне лёгкіх, асабліва для маленькіх дзяцей.

Само сабой зразумела, што ўсё лячэньне павінна праходзіць паводле парадаў доктара.

Наогул трэба сказаць, што ў дзяцей да 2-3-х гадоў адзёр дае больш сьмяротных выпадкаў, чым шкарлятына, дыфтэрыт і коклюш.

У Нямеччыне падлічана, што на 10 тысяч дзяцей да 2-х гадоў, у адным годзе памерла 70 дзяцей ад адру, 60 ад коклюша, 50 ад дыфтэрыту і 25 ад шкарлятыны.

Такім чынам, адзёр для маленькіх дзетак да 2-3-х гадоў у два-тры разы небясьпечней за шкарлятыну.

Для больш дарослых дзяцей, падлеткаў, адзёр ня страшны, але ў сухотнікаў выклікае абвастрэньне лёгачнай хваробы і шмат дзяцей, якія перахварэлі на адзёр, гіне праз некалькі тыдняў або месяцаў ад агульных сухотаў і запаленьня мазгоў.

 

Канец хваробы

 

Той, хто думае, што адзёр - лёгкая хвароба, і чым раней дзіця перанясе яе, тым лепш, вельмі мыляецца. Сярод хвароб дзіцячага ўзросту адзёр дае найбольшую сьмяротнасьць.

Чым дзіця большае, тым лягчэй яно пераносіць хваробу. Грудныя дзеці ва ўзросьце ад паўгоду да году паміраюць ад адру хутчэй, чым больш дарослыя.

Дзеці, старэй за пяць год, паміраюць ад адру ў шмат разоў менш, чым 1-2-гадавыя.

Дзеці паміж 10-15 гадамі рэдка становяцца ахвярамі гэтай хваробы.

Такім чынам, чым дзіця старэйшае, тым лягчэй праходзіць адзёр. Вось чаму трэба маленькіх дзетак асабліва ахоўваць ад заражэньня. Калі-б можна было так зрабіць, каб маленькія дзеці на адзёр зусім не хварэлі, тады гэта хвароба перастала-б для нас (дактароў), быць страшнай. Магчымасьць заражэньня адром павінна быць адцягнута на больш старэйшы дзіцячы век.

Добра таму дзіцяці, якое мае ўважлівы дагляд дома з боку сваіх бацькоў. Калі хворы на адзёр знаходзіцца ў асобным пакоі, які добра праветрываецца, атрымлівае лёгкую і спажыўную яду і правільнае лячэньне, тады адзёр ня страшны.

У тых выпадках, калі памяшканьне цеснае, хворае дзіця ляжыць тут-жа, дзе гатуецца яда, дзе духата і кепскі дагляд, адзёр зьяўляецца вялікай небясьпекай. Чым меншае дзіця, тым лягчэй яно захворвае ўскладненьнямі з боку лёгкіх і вушэй. Асабліва цяжка праходзіць пошасьць адру ў дзіцячых прытулках для 1-2-гадовых дзяцей, у так званых дамох груднога дзіцяці і наогул там, дзе знаходзіцца шмат дзяцей у адным месцы.

Часамі пры такіх умовах з сотні захварэўшых на адзёр маленькіх дзяцей памірае 30-40.

Ці можна цяпер лічыць адзёр лёгкай і абавязковай хваробай?!

З гэтым поглядам трэба змагацца! З другога боку, мы можам цяпер змагацца і з такою вялікай сьмяротнасьцю. Мэдыцына павінна лічыць сябе шчасьлівай і можа нават ганарыцца тым, што ў сучасны момант знойдзены спосаб, якім можна зрабіць палёгку і нават зусім папярэдзіць адзёр.

 

Як даць палёгку пры адры ў дзіцяці і нават папярэдзіць хваробу?

 

Мы ведаем, што чалавек, які перахварэў на адзёр, другі раз ім не заражаецца. Гэта залежыць ад таго, што ў крыві ачуняўшага ўтвараюцца абаронныя матэрыі. Ад маткі яны нават пераходзяць да груднога дзіцяці і трымаюцца ў яго крыві амаль паўгода. Такім чынам, мы можам задаць сабе пытаньне: а ці ня можна ўзяць крыху крыві ў дзіцяці больш дарослага, якое ачуньвае ад адру, і ўпырснуць яе здароваму, і ці захварэе такое дзіця на адзёр?

Адзін вучоны, па прозьвішчу Дэквіц, давёў, што ад адру можна захаваць ужо заражанае дзіця, калі ўспырснуць яму трошкі крыві ад дзіцяці, якое ўжо ачуньвае.

Уявім сабе, што сям'я жыве ў кепскіх кватэрных умовах і раптам захварэла старэйшае дзіця. А ў хаце, альбо, вярней, у 1-2-х пакоях ёсьць яшчэ меншыя дзеці, якім па году-два. Зразумела, што пры такіх умовах і іншыя дзеткі захварэюць на адзёр, і ніколі нельга сказаць, які будзе вынік хваробы, - хто застанецца жывы, а хто памрэ!

Памятайце наступнае: калі ў сям'і, якая жыве даволі цесна, дзе дзеці ўвесь час разам, захворвае на адзёр адно дзіця, дык іншыя дзеці ўжо заражаны на адзёр чатыры дні таму назад.

Чаму? А вельмі проста.

Адзёр пазнаецца ў першага дзіцяці тады, калі зьявілася высыпка; значыцца тры дні таму назад ў яго зьявіўся катар носу і кашаль, і тады яно заразіла сваіх братоў і сясьцёр. У хворага пачалася высыпка, а ў іншых дзяцей катар пачнецца роўна праз тыдзень, а праз 10 дзён будзе высыпка.

Такім чынам, іншыя дзеці ўжо набраліся хваробы, але мы хочам папярэдзіць яе разьвіцьцё.

Для гэтага доктар бярэ трошкі крыві ў дзіцяці з іншай сям'і, якое ўжо ачуньвае ад адру. Праўда, не заўсёды матка згаджаецца, каб яе дзіця калолі для патрэбы чужых дзяцей, але пры стараньні доктар можа яе пераканаць. Узяўшы кроў, доктар як належыць яе апрацоўвае, а потым уводзіць пад скуру яшчэ не захварэўшым дзецям.

Я раскажу адну гісторыю, якая адбылася некалькі гадоў таму назад у Менску.

У адным дзіцячым доме знаходзілася больш як 70 дзяцей узростам ад некалькіх месяцаў да 4-х год. Халодная, сырая зіма. Пачынаецца ў горадзе адзёр. Ён нямінучы і ў прытулку, дзе жылі больш дарослыя дзеці-хлопчыкі. Праўда, хутка яны ўсе перахварэлі; ніводзін не памёр. Узялі мы ў ачуняўшых трошкі крыві, перапрацавалі ў лябараторыі і занесьлі ў дзіцячы дом, дзе адзёр касіў адно дзіцё за другім: там з 70 дзяцей засталіся жывымі менш паловы. Для ўсіх, аднак, не хапіла крыві, і аднаму самаму моцнаму хлопчыку мы сыроваткі ня ўпырснулі.

Як нажом мы зрэзалі пошасьць адру. Ні адно дзіця, якое да нашага прыходу засталося жывое і атрымала пад скуру сыроватку, не памерла. Чэцьвера захварэлі лёгкай формай адру і засталіся жывымі. А той хлопчык, для якога не хапіла сыроваткі захварэў на адзёр і запаленьне лёгкіх і скора памёр.

Каб мы маглі заўсёды мець у запасе належную колькасьць такой сыроваткі, дык адзёр мы перамаглі-б. Але, на вялікі жаль, сыроватка ад коняй супроць адру ня робіцца, так што трэба прасіць і атрымліваць яе ад ачуняўшых.

За межамі цяпер так заведзена: калі матка хоча атрымаць для другога дзіцяці сыроватку, яна павінна даць згоду ўзяць ад першага захварэўшага трошкі крыві. Такім спосабам падтрымліваецца запас сыроваткі ад ачуняўшых. Апроч гэтага спосабу, які зьяўляецца ня вельмі прыемным і надзейным (маткі ахвотна бяруць кроў для сваіх дзяцей, але неахвотна даюць для чужых), мы карыстаемся цяпер крывёю ад бацькоў.

Бацька і матка для свайго дзіцяці ахвотна даюць згоду ўзяць трошкі крыві. Высьветлена, што кроў ад бацькоў дзейнічае ня так добра і не заўсёды папераджае захворваньне. Але нават у тым выпадку, калі дзіця і захворвае, хвароба праходзіць вельмі лёгка. Адсюль можна зрабіць такі вывад. Калі дзіця ўжо досыць вялікае, асабліва старэй 5-ці гадоў, і сям'я жыве ў добрых умовах, правільны дагляд і належнае лячэньне зьяўляюцца дастатковымі. Але калі дзіця вельмі малое і слабое, не забывайце, што сваёю бацькаўскаю крывёю вы можаце іншы раз адратаваць ваша дзіця.

Дзеці, якія наведваюць школу, не павінны хадзіць у яе на працягу 3-х тыдняў пасьля канчатковага выздраўленьня. Сваякі (вучні) хворага таксама не павінны наведваць школу на працягу 14 дзён з таго моманту, як яны былі з хворым. Школы зьяўляюцца галоўным месцам распаўсюджваньня адру. Якраз пасьля летніх вакацыяў і зімовага перапынку пачынаюцца пошасьці адру, калі зьбіраецца разам шмат дзяцей, а сярод іх пападае і хворы на адзёр, з катарам і кашлем. Пакуль хвароба выявіцца, ён пасьпее заразіць сваіх таварышоў. Спосабы абяззаражваньня або дэзынфэкцыі мы апішам пры разглядзе шкарлятыны.

 

ШКАРЛЯТЫНА

 

Узбуджальніка адру мы няведаем і да гэтага часу. Нясуменна, што прычынаю адру зьяўляецца мікроб, але ён яшчэ ня знойдзены. Трэба думаць, што мікроб адру такі малюсенькі, што яго нельга ўбачыць пры дапамозе мікраскопу. Нашы лепшыя мікраскопы даюць павялічэньне ў 1000 і нават у 2000 разоў. Мы добра бачым бактэрыі тыфусу, халеры, дыфтэрыту, пранцаў і сухотаў. Але ніяк ня можам знайсьці мікробу адру. З удасканаленьнем тэхнікі вырабу мікраскопаў навука павінна будзе адшукаць сапраўдную прычыну адру.

Падобна да таго, як ня высьветлены яшчэ ўзбуджальнік адру, нам яшчэ ня зусім ясна і прычына шкарлятыны. Зараз адбываецца барацьба поглядаў, спрэчка вучоных па пытаньні аб тым, які мікроб выклікае шкарлятыну.

Адны вучоныя лічаць такім мікробам стрэптакокка. Стрэптакокк мае форму кулькі. Такія кулькі ляжаць побач у выглядзе ніткі, як ланцужок. У сувязі з гэтым мы і завем яго стрэпта (па-грэцку - ланцужок) - кокк (кулька).

Калі дасьледваць сьлізь з горла хворага на шкарлятыну, дык у сьлізі амаль што кожнага хворага пад мікроскопам можна знайсьці шмат стрэптакоккаў. Калі чалавек, захварэўшы на шкарлятыну, памірае, дык у яго крыві і ў сэрцы можна знайсьці стрэптакоккі.

Іншыя вучоныя ня згодны з гэтым поглядам і кажуць, што прычынаю шкарлятыны зьяўляецца такі маленькі мікроб, якога пакуль немагчыма ўбачыць пад мікроскопам, а стрэптакокк - толькі выпадковы госьць.

Як-бы там ні было, як-б мікроб не выклікаў шкарлятыну, гэта хвароба ёсьць вострая і заразьлівая! Паражае яна галоўным чынам дзяцей, але часта і дарослых.

 

Як перадаецца шкарлятына?

 

Каб зразумець, як перадаецца шкарлятына, нам трэба пагаварыць аб самой хваробе.

Ад моманту сустрэчы дзіцяці з хворым на шкарлятыну - да пачатку захворваньня часьцей за ўсё праходзіць 4-7 дзён. Часам гэты пэрыод бывае меншы, усяго два дні, а ў іншых выпадках - 10-11 дзён.

Сама пазьней 11 дзён. Гэта мы павінны ведаць, каб умець разьлічыць і прадбачыць дзень магчымага захворваньня дзіцяці. Калі пасьля 11 дзён дзіця не захварэла, дык яно не зьяўляецца небясьпечным для акружаючых. Уявім сабе, што ў сям'і адно дзіця захварэла на шкарлятыну і яго завезьлі ў больніцу. Тады іншыя дзеці гэтай сям'і не павінны сустракацца з чужымі дзецьмі, а таксама не павінны наведваць школу на працягу 11 дзён, пакуль ня мінула небясьпека заражэньня.

Хвароба пачынаецца з таго, што пачынае балець галава, зьяўляецца слабасьць, разьбітасьць адсутнасьць апэтыту. Маленькія дзеці асабліва капрызьнічаюць. Потым вельмі хутка падвышаецца тэмпэратура; тэрмомэтр паказвае 38-39°. Нарэшце, дзіця нудзіць і пачынае ванітаваць.

Так праходзіць адзін дзень; на другія суткі ад пачатку хваробы пачынаецца высыпка. Высыпка - сталая і важная прымета шкарлятыны. Раней за ўсё яна зьяўляецца на грудзях і жываце, а таксама на ўнутранай паверхні бёдраў і на скуры лакцявой ямкі. Праз некалькі гадзін высыпка разыходзіцца па ўсім целе і на твары.

Тут высыпкай пакрывлюцца шчочкі і лоб, нос, верхняя і ніжняя губы і падбародак застаюцца бледнымі, бяз высыпкі. На падставе гэтага мы гаворым аб шкарлятыновым трохкутніку, які зьяўляецца вельмі важнай прыметай хваробы.

Высыпка пры шкарлятыне складаецца з вельмі дробных кропак ярка-чырвонага колеру, якія ляжаць побач. Калі не прыглядзецца зблізку, дык здаецца, што высыпка зьлітая.

Зьяўленьне высыпкі пры шкарлятыне залежыць ад паражэньня крывяносных жылак, якія праходзяць у скуру. Калі перацягнуць вяровачкай або гумовай закруткай зьлёгка плячо, дык на скуры лакцявой ямкі зьяўляецца шмат ярка-чырвоных кропак. Самага большага разьвіцьця дасягае высыпка на 3-4-ты дзень, а потым бялее і паступова зьнікае. У цяжкіх выпадках высыпка цягнецца 5-7 дзён. Часамі высыпка вельмі скора разьвіваецца і таксама скора зьнікае. Калі высыпка мае сіняваты колер, што паказвае на слабасьць сэрца, дык такі выпадак шкарлятыны будзе праходзіць вельмі цяжка. Вельмі позьняе зьяўленьне высыпкі таксама дае ня добрыя паказаньні адносна выніку хваробы.

Апрача высыпкі, наступнай прыметай шкарлятыны зьяўляецца запаленьне горла і зеву, або ангіна. Запаленьне зеву, ангіна альбо, як яшчэ кажуць, жаба выражаецца ў значным пачырваненьні мігдалін, мяккага паднябеньня і язычка. Высыпка на целе і шкарлятынозная жаба зьяўляюцца самымі яркімі прыметамі гэтай хваробы. Ангіна бывае і не шкарлятынознага паходжаньня. Пры шкарлятыне-ж запаленьне зеву мае асабліва ярка-чырвоны колер. У некаторых выпадках на мігдалінах зьяўляюцца вучасткі амярцьвеньня або нэкроза, што сьведчыць аб цяжкай шкарлятыне.

Колер нэкрозу альбо белаваты, альбо шэры, а ў вельмі цяжкіх выпадках - бруднавата-буры, або зеленаваты. Прычынаю такіх цяжкіх запаленьняў зеву, такой некратычнай ангіны зьяўляецца мікроб стрэптакокк.

Высыпка, ангіна і потым большае ці меншае атручаньне організму - вось тры асноўныя прыметы шкарлятыны.

Чым-жа выклікаецца атручаньне організму пры шкарлятыне?

Прачытайце маю кніжку аб дыфтэрыце. Там я падрабязна адзначаю, што такое атрута, якую выдзяляюць з свайго цела бактэрыі. Калі палажыць кусок мяса на сьвет у цёплым месцы, дык яно хутка будзе заражана рознымі бактэрыямі і можа зрабіцца атрутным. У гэтым выпадку мяса сапсавалася і набыло атрутнасьць. Зусім што іншае, калі мікробы жывуць у чалавечым організьме. Тады яны выдзяляюць з свайго цела асаблівую атруту, якую мы завем токсінай.

І пры шкарлятыне організм хворага атручаны атрутай, якую выдзяляюць бактэрыі-стрэптакоккі.

Каб гэта давесьці, возьмем чыстую культуру мікроба-стрэптакокка і заразім гэтай культурай мясны булён у бутэльцы. Такі булён хутка памутнее, і калі праз некалькі дзён булён працадзіць (прафільтраваць) праз асаблівую паперу, дык усе мікробы застануцца на паперы, ня пройдуць праз яе, а толькі пройдзе зусім празрысты булён. Але ў гэтым булёне цяпер знаходзіцца моцная атрута.

Некаторыя вучоныя рабілі на сабе спробы (досьледы) такой атруты, упырсквалі сабе пад скуру і нават у горла трошкі атруты. Пасьля гэтага ў іх зьяўлялася высыпка на целе, ангіна і атручаньне, якое бывае пры шкарлятыне.

Такім чынам, мікроб выдзяляе моцную атруту і атручвае ёю організм шкарлятынознага дзіцяці. Атручаньне выяўляецца ў тым, што хворы часта траціць прытомнасьць, пульс паскараецца, а часам бываюць і конвульсіі. Атрута шкарлятыны дзейнічае на нэрвовую сыстэму і сэрца з крывяноснымі судзінамі. Тэмпэратура пры шкарлятыне высокая, 39 градусаў і вышэй. Часам яна дасягае да 40 градусаў і вышэй. Трымаецца тэмпэратура каля 4-х дзён, а потым спадае, так што на 6-7 дзень тэмпэратура нормальная.

Шкарлятыну можна лічыць востраю, заразьліваю хваробаю, якая выклікаецца атрутнымі для організму бактэрыямі. І тэмпэратура, і ваніты, і высыпка, і ангіна, і трата прытомнасьці - усё гэта вынік работы атрутных матэрый, якія ў большай ці меншай ступені атручваюць захварэўшага на шкарлятыну.

Яшчэ высыпка не пасьпела зьнікнуць, а ўжо на шыі, на тулаве, пад пахамі пачынаецца лушчэньне скуры. Гэтае лушчэньне зусім іншага характару, чым пры адру. Там яно мае дробны характар, а тут яно ідзе цэлымі пасмамі. Чым гусьцейшай была ярка-чырвоная высыпка, тым большае лушчэньне. Дзеці, якія ачуньваюць, любяць займацца тым, што ўвесь дзень зьдзіраюць тоненькія пасмачкі скуры. На далонях і падэшвах лушчэньне пачынаецца з другога тыдню хваробы. Яно можа цягнуцца месяц і нават больш. Пры малой высыпцы лушчэньне бывае вельмі слабое.

 

Канец хваробы

 

Вынік хваробы залежыць ад яе цяжкасьці. Мы звычайна адрозьніваем тры формы: лёгкую, сярэдня-цяжкую і цяжкую.

Пры лёгкай форме шкарлятыны канец будзе добры, калі потым не далучацца ўскладненьні. Сярэдня-цяжкая форма пазнаецца па становішчу зеву - цяжкая ангіна і значнае атручаньне організму, высокая тэмпэратура, трата прытомнасьці. Калі хворы памірае, дык гэта бывае пазьней ад ускладненьняў. Цяжкая форма шкарлятыны залежыць альбо ад моцнага атручваньня, або ад распаду тканкі ў зеве, дзе ўтвараюцца амярцьвелыя вучасткі і пухліна на мігдалаватых залозах.

Ніколі нельга раней сказаць, якая форма разаўецца ў нашага хворага. Бывае, што дзеці з лёгкай шкарлятынай атрымліваюць цяжкія ўскладненьні ў нырках або вушках. Іншы раз хвароба, як маланка, ахоплівае дзіця, і сьмерць вырывае яго з нашых рук у адзін-два дні.

Гэта будзе момантальная форма. Вось чаму доктару трэба быць вельмі асьцярожным у прароццы канцу хваробы. І апроч гэтага, трэба сваячасова ўжываць супроцьшкарлятынозную сыроватку.

 

Што такое лекавая сыроватка супроць шкарлятыны?

 

Лекавая сыроватка атрымліваецца з крыві коняй, якіх мы асаблівым спосабам імунізуем, г. зн. робім іх непадатлівымі, неадчувальнымі да шкарлятынознай атруты. Калі каню ўпырснуць пад скуру трошкі шкарлятынознай атруты, дык у яго павышаецца тэмпэратура і конь пару дзён будзе хворы. Калі конь паправіцца, мы ўводзім зноў атруту, але ўжо больш, чым першы раз. І так робім упырскваньні каню адзін-два разы ў тыдзень датуль, пакуль у яго крыві не ўтвараюцца асаблівыя матэрыі, якія абяшкоджваюць шкарлятынозную атруту.

Вы ведаеце, што калі ўкусіць зьмяя-гадзюка, дык вельмі небясьпечна. А ў некаторых выпадках пасьля ўкусу такіх гадзюк бывае сьмерць. Мэдыцына цяпер умее лячыць ад укусаў гадзюк такім спосабам, што ўпускаюць пад скуру ўкушанага асаблівую сыроватку. Гэтая сыроватка бярэцца ад коняй, якіх прывучаюць паступова пераносіць вялікую колькасьць атруты. Калі сабаку альбо кошцы ўпырснуць атруту гадзюкі, а разам з гэтым трошкі такой лекавай сыроваткі, дык нашыя жывёлы застануцца жывымі. Тое самае і з чалавекам, для якога сыроватка часта (калі ўкусіць гадзюка) зьяўляецца адратавальным сродкам.

Вы, чытачы, таксама цяпер ведаеце, што трэба ўжываць сыроватку і пры дыфтэрыце. І вось мы маем цяпер і карыстаемся сыроваткай пры лячэньні шкарлятыны.

Бывае, што дзіця прывозяць у больніцу зусім няпрытомным, яно кідаецца ў конвульсіях, амаль бяз пульсу. На целе ярка-чырвоная высыпка, зеў бурага колеру. Мы зараз-жа ўпырскаем яму сыроватку. І што мы бачым? Шмат якіх дзяцей адратоўвае сыроватка ад відавочнай сьмерці. Гэтую сыроватку мы робім у нашым Беларускім Мікро-Біолёгічным Інстытуце Народнага Камісарыяту Аховы Здароўя, які знаходзіцца ў Менску. Мы пабудавалі стайні і памяшканьне - фабрыку сыроватак. Напроці нас, праз вуліцу, падымаюцца трубы новай фабрыкі цацак. Там робяцца для забаўкі дзяцей трубачкі, бубны, каляровыя мячыкі. А ў нас гатуюцца для лячэньня дзяцей сыроваткі. Клапоты дзяржавы аб забавах дзетак ідуць пад аховай здароўя іх.

Лекавая шкарлятынозная сыроватка ўпрыскваецца хворым дзецям па рэцэпту доктара самым доктарам або мэдычнай сястрою. На вялікі жаль, не заўсёды сыроватка памагае. Калі ў горле дзіцяці брудна-зялёныя налёты, з носу цячэ сукравіца, навокал шыі і вушэй апухаюць залозкі, - сыроватка можа ня даць ратунку, і дзіця можа памерці. Але ў іншых выпадках сыроватка прыносіць вялікую карысьць.

Вось у мяне захварэла старэйшая дачка цяжкою шкарлятынаю. Я ёй на другую раніцу ўпырснуў пяць бутэлечак сыроваткі і праз дзень яшчэ пяць. Да ўпырскваньня яна была амаль няпрытомная, а пасьля ўпырскваньня сыроваткі вярнулася прытомнасьць і патрошку пачалося выздраўленьне. Сьмяротнасьць, якая бывае пры шкарлятыне, не аднолькава ў залежнасьці ад узросту дзіцяці, ад цяжкасьці хваробы, ад яго папярэдняга здароўя і ад расы.

Вядома, што ў нас шкарлятына ў больш дарослых дзяцей праходзіць цяжэй за адзёр. А ў Англіі якраз наадварот. У адных народаў і рас праходзяць больш цяжка адны хваробы, а ў іншых народаў другія хваробы. Чым старэйшы ўзрост, тым шкарлятына праходзіць цяжэй. Ва ўзросьце ад 5 да 10 гадоў шкарлятына праходзіць асабліва цяжка. Можна вылічыць, што да 2-гадовага ўзросту сьмяротнасьць ад адру амаль што ў тры разы большая, чым ад шкарлятыны, а ў дзяцей паміж 5-10 гадамі шкарлятына дае ў 5 разоў большую сьмяротнасьць, чым гэта бывае ў такім-жа ўзросьце пры адры.

Калі-б можна было перанесьці адзёр на старэйшы ўзрост, а шкарлятыну на вельмі раньні, дык сьмяротнасьць ад гэтых дзьвюх хвароб можна было-б зьменшыць разоў у пятнаццаць.

Наша навука мае цяпер такія сродкі і магчымасьці, што можа зьменшыць пошасьць шкарлятыны і гэтым самым можа даць палёгку пры хваробе.

 

Прышчэпкі супроць шкарлятыны

 

Прышчэпкі супроць шкарлятыны зусім няшкодныя. Яны зьяўляюцца магутнай зброяй у нашай барацьбе з шкарлятынаю.

Кожны год многія тысячы дзяцей захворваюць на шкарлятыну. Так, напрыклад, два гады таму назад у Беларусі было каля 12 тысяч захворваньняў на шкарлятыну з сотнямі сьмяротных выпадкаў. Колькасьць захворваньняў была-б яшчэ большай, каб ня шырокая кампанія прышчэпак, якая праводзілася па ўсёй Беларусі. Кожны год дактары Беларусі прышчапляюць сыроватку ад шкарлятыны дзесяткам тысяч дзяцей.

Матэрыял, які служыць для прышчэпак, робіцца ў Інстытуце.

У вялікую электрычную шафу ставяцца бутэлькі з булёнам, які гатуецца з цялячага мяса. А ў гэты булён засяецца мікроб. Праз некалькі дзён бутэлькі вымаюцца з шафы, бактэрыі зьнішчаюцца і пэўным спосабам апрацоўваюцца. У маленькіх бутэлечках такая вакцына рассылаецца па акругах. Прышчэпкі робяцца пад скуру сьпіны між лапатак альбо пад кутом лапаткі. Скура раней выціраецца сьпірытусам і этарам або змазваецца ёдам. Такіх прышчэпак трэба зрабіць па тры кожнаму дзіцяці. Пасьля прышчэпкі можа трошкі ўзьняцца тэмпэратура, але праз некалькі гадзін усё праходзіць.

Дзякуючы такім прышчэпкам супроць шкарлятыны захворваньне зьмяншаецца. У Менску ў 1927 годзе мы прышчапілі сыроватку каля 5000 вучням, і захворваньне сярод іх зьменшылася ў пяць разоў. У Гомелі, дзякуючы многім тысячам прышчэпак, дзеці хварэлі ў 4 разы менш, чым бяз прышчэпак.

У Віцебску летась прышчэпкі зьнізілі захворваньні ў шэсьць разоў.

У тых-жа выпадках, калі дзіця захворвае, хоць яму і зроблена прышчэпка, хвароба праходзіць у яго вельмі лёгка, шмат лягчэй, чым бяз прышчэпкі.

Чытач! памятай, што ў гэтыя гады ў нас у Беларусі і па ўсім Саюзе праходзіць вялікая пошасьць шкарлятыны. Ні адно дзіця, якое не хварэла, не гарантавана ад заражэньня, ад хваробы, ад сьмерці.

Мы павінны паставіць супроць хваробы шкарлятыны наша імкненьне ўтварыць непадатлівае заразе дзіцячае насяленьне.

 

Крыніцы інфэкцыі (заразы)

 

Пры шкарлятыне галоўнай крыніцай заразы або інфэкцыі зьяўляецца хворы чалавек. Дзякуючы датыканьню да хворага або праз удыханьне дробных пырскаў, якія расьсявае хворы пры кашлі наўкола сябе, зараза перадаецца на здаровых, а таксама на розныя рэчы ў памяшканьні - цацкі, бялізну, начыньне і г. д. З цацкамі, з агульнай бялізнай, агульным начыньнем інфэкцыя пападае ў нос і горла здаровага дзіцяці і яго заражае. Таксама мае значэньне і лушчэньне, асабліва ў пачатку гэтага пэрыоду. Вядома адна пошасьць шкарлятыны, якая ўзьнікла дзякуючы паштовай канторы. Загадчык паштовым аддзяленьнем у маленькім гарадку Англіі не пасьпеў яшчэ канчаткова ачуняць ад шкарлятыны, як пашоў на работу - сартаваць лісты. Разам з заражанымі рукамі на лісты пападалі мікробы і разьнесьлі хваробу па ўсім горадзе.

Хворае дзіця зьяўляецца небясьпечным для абкружаючых, галоўным чынам, у часе разгару хваробы, калі мацней за ўсё ангіна і высыпка.

Але небясьпека застаецца яшчэ доўгі час і нават пасьля шасьці тыдняў.

Іншы раз дзеці выпісваюцца дадому пасьля хваробы на сёмы тыдзень і тут-жа заражаюць іншых дзяцей. Нават самая правільная дэзынфэкцыя ў гэтых выпадках не перасьцерагае ад разносу заразы.

У іншых выпадках шкарлятына праходзіць вельмі лёгка і нават зусім бяз высыпкі. Такія лёгкія выпадкі часта не пападаюць да доктара і бацькі ня думаюць, што ў дзіцяці шкарлятына. І вось такія не адзначаныя выпадкі шкарлятыны зьяўляюцца ня раз крыніцай хваробы. Вось чаму калі ў разгар пошасьці шкарлятыны ў вашага дзіцяці захварэла горла і павысілася тэмпэратура, будзьце асьцярожны! Трымайце дзіця ў пасьцелі, запрасеце доктара, памятайце аб тым, што гэта можа быць лёгкі выпадак, бяз высыпкі; іншых дзяцей перавядзеце ў другі пакой.

Колькі ўжо разоў такія лёгкія выпадкі, бяз высыпкі былі крыніцай заразы і матчыных пакут!

Далей, у адзнаку ад адру, шкарлятына можа перадавацца праз трэціх асоб. Напрыклад, здаровы чалавек, які мае хворае дзіця і жыве ў цеснаце, можа перанесьці інфэкцыю. Дзеля гэтага ні ў якім выпадку нельга, каб настаўнік, у сям'і якога ёсьць хворы на шкарлятыну, займаўся з дзецьмі. Вось чаму неабходна хворых на шкарлятыну адвозіць у заразную больніцу.

Некалькі год таму назад у Менску захварэла цэлая група дзяцей, якая хадзіла займацца на кватэру да настаўніка. Гэты-ж настаўнік наведваў іншых дзяцей сам. Выявілася, што яго дзіця было раней хворае на шкарлятыну.

Немалое значэньне ў пераносе заразы маюць харчавыя продукты, галоўным чынам - малако. Што малако можа разносіць заразу - гэта пацьвярджаюць многія прыклады. Вось адзін з іх.

У 1923 г. у адным ангельскім горадзе выбухнула пошасьць шкарлятыны; на працягу дзевяці тыдняў было 280 захворваньняў. Западозрылі малако, бо шмат хто з хворых атрымліваў яго з аднаго месца - з прыватнай малачарні. Гэтая малачарня зьбірала малако з пяці фэрмаў. Выясьнілася, што гаспадар аднэй фэрмы хворы на шкарлятыну, а таксама і хлопчык, які служыў у малачарні. Калі продаж гэтага заражанага малака быў спынены, пошасьць у сувязі з прынятымі санітарнымі мерамі спынілася.

Такім чынам, каб выключыць магчымасьць заражэньня праз малако, мы павінны заўсёды гатаваць яго; пры гэтым мікробы зьнішчаюцца.

Цацкі, бялізна, вопратка, пальто і футры, бязумоўна, могуць перадаваць інфэкцыю (заразу). Калі здаць бялізну ў прачкарню бяз дэзынфэкцыі, дык бялізна зьявіцца прычынай заражэньня.

Нягледзячы на значнае распаўсюджаньне, шкарлятына не дае пагалоўнага захворваньня, як гэта бывае пры адры. Шкарлятына мае нейкі выбіральны характар.

Я ўжо адзначаў аб аднэй пошасьці адру на Фарэрскіх астравох. Там перахварэла 99 проц. усяго насяленьня. Калі там-жа выбухнула пошасьць шкарлятыны, дык захварэла ёю каля 10 проц. У адным горадзе з 925 жыхароў захварэла на шкарлятыну 237 асоб, што складае каля 25 проц. Такім чынам, шкарлятына не захоплівае ўсё насяленьне, як адзёр, а толькі частку, галоўным чынам да 20-гадовага ўзросту. Калі падлічыць, на які ўзрост прыпадае больш за ўсё захворваньняў, дык выяўляецца, што людзі да 20-ці гадоў, дзеці, падлеткі і юнацтва хварэюць шкарлятынай разоў у 15 больш, чым пасьля 20-ці гадоў. Найбольш падатлівым узростам зьяўляецца пэрыод паміж адным і дзесяцьцю гадамі жыцьця.

Дзеці да паўгода хварэюць вельмі рэдка, бо з крывёю маткі і яе малаком набываюць абарону (імунітэт) супроць шкарлятыны.

 

Умовы, ад якіх залежыць распаўсюджваньне шкарлятыны

 

Такім чынам, крок за крокам, мы ўсё больш і глыбей пазнаем, што такое шкарлятына і як з ёю змагацца. Не павінна быць у нас ніводнага чалавека, бацькі і маткі, рабочых і сялян, служачых у грамадзкіх і дзяржаўных установах, якія-б добра не ўявілі сабе, якое вялікае значэньне мае знаёмства з дзіцячымі заразьлівымі хваробамі.

Вось выбухае пошасьць шкарлятыны, а на месцы мала хто ведае, ад чаго яна залежыць. Шлюць паперы ў цэнтр, патрабуюць грошай, у той час, як галоўныя мерапрыемствы можна зрабіць тут-жа, пастарацца іх ажыцьцёвіць.

Мы ўжо ведаем, што галоўная крыніца заразы - гэта хворы на шкарлятыну чалавек. Трэба, па магчымасьці, перавесьці яго ў больніцу, тады ня будзе небясьпекі разносу заразы.

Ці можна ведаць, хто можа заразіцца шкарлятынай? У нас ёсьць сталыя спробы для дыфтэрыту, па якіх доктар можа сказаць, ці падатлівае да хваробы дзіця, ці не. Што да шкарлятыны, дык ёсьць асаблівая рэакцыя (досьлед), якая прыблізна адзначае падатлівых людзей.

Высьветлена, што ня кожны чалавек можа захварэць на шкарлятыну. Маленькія дзеткі да трох гадоў - з траіх дзяцей - двое падатлівых. Чым старэйшыя дзеці, тым менш яны здольны захварэць, а іменна: з 100 дзяцей ад 4-х да 10 гадоў можа захварэць каля 30-35 асоб.

Такім чынам, можна ведаць прыблізна, колькі захварэе на шкарлятыну ў данай мясцовасьці, калі ня будуць ужыты ўсе сродкі барацьбы.

Але чаму адно дзіця захварэла, а другое засталося незачэпленым?

Тлумачэньне мы можам даць наступнае. Па-першае, у крыві ў людзей выпрацоўваюцца асаблівыя абаронныя матэрыі супроць шкарлятыны, а па-другое, зеў зьяўляецца ня толькі дзьвярыма для інфэкцыі, але таксама бар'ерам, загародкай. Мігдалаватыя залозы ў раньнім узросьце яшчэ слабыя і праз іх праходзяць бактэрыі і атрута шкарлятыны, якія і выклікаюць хваробу і атручваньне. Чым старэйшы чалавек, тым большую адпорнасьць маюць мігдаліны і тым радзей захворвае ён. Такім чынам, шмат што залежыць ад супраціўленьня мігдалінаў.

Вазьмеце, напрыклад: дзеці больш багатых бацькоў хутчэй хварэюць на шкарлятыну, чым пролетарскія і сялянскія дзеці. Тое самае і з дыфтэрытам.

Некалькі год таму назад мы дасьледвалі некалькі дзіцячых дамоў і хацелі выявіць падатлівасьць гэтых дзяцей да дыфтэрыту. Высьветлілася, што ў лепшых абставінах жылі больш падатлівыя дзеці. Гэта трошкі дзіўна. Але мы лёгка зразумеем, чаму так адбываецца. Дзеці, якіх бацькі пазбаўляюць гульняў і спатканьняў з іншымі дзецьмі, маюць мігдаліны са слабаю сілай супраціўленьня, іх горла, можна сказаць, ня мае імунітэту (абароны).

Дзеці сялян і рабочых жывуць між сабою ў цясьнейшых адносінах з самага раньняга ўзросту, у іх замацоўваюцца ня толькі цягліцы, але і зеў.

Дзякуючы частаму дотыку з шкарлятынозным мікробам, глотка прывучаецца пераносіць яго і не не дае магчымасьці расплоджвацца бактэрыям і атручваць організм. Значыць, вялікае значэньне мае становішча зеву. Калі мігдаліны ў дзяцей павялічаны, дык трэба дзяцей павесьці да доктара, які можа даць параду, нават выразаць мігдаліны.

Даведзена, што дзеці з балючымі і павялічанымі мігдалінамі часьцей захворваюць на шкарлятыну, чым тады, калі іх мігдаліны ў поўным парадку. Гэта ў роўнай меры адносіцца і да становішча носу. Чым старэйшае дзіця, тым лепш абараняюцца мігдаліны ад папаўшай заразы і тым больш у іх адпорнасьці.

Вялікі ўплыў на захворваньне шкарлятынай мае характар клімату і становішча надвор'я. Пры дажджлівым і халодным надвор'і, якое бывае ў нас увосень, дзеці маюць магчымасьць часьцей прастуджвацца. У першую чаргу пры гэтым захопліваецца ў іх зеў. Крывяносныя жылы ў горле ад холаду і вільгаці звужаюцца, і мігдаліны ня так здольны змагацца з папаўшымі туды бактэрыямі.

Чым цяплейшая пара году, тым менш выпадкаў шкарлятыны. Чым цяплейшы клімат, як, напрыклад, у нас на поўдні, тым менш спатыкаецца гэта хвароба.

У краінах, дзе зусім няма восені, дзе гарачы клімат (на роўніку), там шкарлятыны зусім няма. Наадварот, у тых краінах, дзе клімат халодны і вільготны, як у Англіі, там шкарлятына зьяўляецца сталаю хваробай. Сьмяротнасьць і захворваньне ў Ленінградзе або ў Менску ад шкарлятыны многа разоў большая, чым на Каўказе або ў Туркастане.

Такім чынам, шкарлятына залежыць ад многіх прычын і фактараў. Дзеля таго, каб умець змагацца з некаторымі прычынамі, асабліва з тымі, ад якіх можна пазбавіцца, трэба іх ведаць. Клімату і надвор'я мы ня зьменім, але цэлым радам мэдычных і санітарных мерапрыемстваў можна павысіць адпорнасьць дзіцячага організму, каб памагчы яму перамагчы заразу альбо лягчэй перанесьці яе.

Шмат што залежыць і ад нас саміх, каб ажыцьцявіць лёзунг: «Ад заразных хвароб можна пазбавіцца».

 

Дагляд хворых

 

Дагляд за хворымі на шкарлятыну мае вялікае значэньне. Галоўнай умовай правільнага догляду зьяўляюцца здаровыя абставіны, сярод якіх ляжыць хворы.

Чым больш сьвятла, паветра, чым чысьцейшае памяшканьне, тым здаравей для хворага на шкарлятыну. Канечна, трэба штодзень і па некалькі разоў праветрываць памяшканьне, адчыняючы форткі і вокны. Тэмпэратура ў памяшканьні не павінна быць вельмі высокай, найлепш каля 12-13° па Рэамюру. Трэба абмываць твар і рукі хворага некалькі разоў, хоць-бы раніцою і вечарам.

Купаць хворага можна і нават трэба 1-2 разы на тыдзень. Пасьцельная бялізна павінна быць чыстая, трэба часта яе мяняць; калі ў хворага пачынае балець крыж і сьпіна, трэба падлажыць гумовы круг; сяньнік павінен быць мяккім. Усё гэта не заўсёды можна мець дома, пагэтаму лепш за ўсё адвезьці дзіця ў больніцу.

У пасьцелі хворага трэба трымаць ня менш, як тры тыдні, бо за гэты час могуць зьявіцца розныя ўскладненьні. Самым частым ускладненьнем шкарлятыны зьяўляецца запаленьне нырак, або нэфрыт. Ён зьяўляецца часьцей за ўсё на трэцім тыдні хваробы, калі тэмпэратура даўно ўжо спала, высыпка і ангіна зьніклі. І вось нечакана захворваюць ныркі, зьяўляецца асызласьць павек, цела павялічваецца, мачы выдзяляецца мала. Мача робіцца цёмнай і крывяністай.

Захворваньне нырак адбываецца з-за дзеяньня шкарлятынознай атруты і мікробаў. Мы ведаем, што ныркі - гэта галоўны орган выдзяленьня, які выдзяляе з цела ў выглядзе мачы розныя шкодныя продукты. Мача выдзяляецца праз сыстэму маленькіх трубачак. Пры шкарлятыне-ж гэтыя трубачкі атручваюцца, мача ня можа лёгка прайсьці праз іх, яна затрымліваецца ў організьме, з-за чаго нарушаецца работа сэрца і зьяўляецца пухліна. Трэба сачыць за мачой хворага на шкарлятыну і рабіць у лябораторыі аналіз. Гэты аналіз паказвае становішча нырак. Наогул можна сказаць, самы часты дзень, калі пачынаецца запаленьне нырак - 19-ты дзень ад пачатку хваробы. З прычыны таго, што пры шкарлятыне запаленьне нырак наглядаецца досыць часта, некаторыя вучоныя ня лічаць нэфрыт за ўскладненьне, а лічаць зваротам, паўтарэньнем тэй-жа хваробы. Апрача запаленьня нырак, пры шкарлятыне вельмі часта бывае ў дзяцей запаленьне сярэдняга вуха. Вуха запаляецца з-за блізкасьці гэтага органу з глоткай.

З глоткі мікробы пападаюць у трубу Еўстахія, якая ляжыць тут-жа побач, а па трубе дасягаюць вуха, дзе выклікаюць гнойнае запаленьне.

Аб гэтым ускладненьні ўсім вядома і трэба зараз-жа запрасіць доктара, каб ён памог.

Харчаваньне хворага на шкарлятыну павінна адбывацца паводле парады доктара, які лечыць хворага. Галоўны наш клопат - берагчы ныркі. Хворыя атрымліваюць ваду і малако, малако з дзіцячай кавай, малочны кісель, булку з цукрам. У першы дзень, як вызначылася хвароба, лепш за ўсё малака не даваць, а толькі патроху гатаванай вады. З другога дня пачынаюць даваць малако - (1,5) паўтары шклянкі за ўвесь дзень, потым дзьве шклянкі, потым тры шклянкі. Цукар можна даваць у вялікай колькасьці, ад 50 да 100 грам на дзень.

Мы хворага кормім малаком і цукрам і ўхіляемся ад мяса. Солі лепш не даваць, асабліва калі зьявіцца пухліна. Калі міне тры тыдні, а з імі небясьпека запаленьня нырак, дзіцяці можна даваць кіслае малако, тварог, патрошку яек, а таксама фрукты. Пасьля чатырох тыдняў можна даваць і мяса, калі ныркі зусім здаровыя.

Адпаведную дыэту павінен вызначыць доктар.

 

Дэзынфэкцыя

 

Усе выдзяленьні хворага трэба дэзынфэкаваць або абясшкоджваць. Дэзынфэкцыя ў пасьцелі хворага робіцца пры дапамозе карболю.

Падлога, якая запэцкана ванітамі, міса, у якую хворы пляваў, абавязкова павінны быць вымыты карболяй. Даглядаючыя за хворым павінны насіць халат або якую-небудзь белую капоту, якую патрэбна здымаць, як выходзіш з пакою хворага. Трэба сачыць за чыстатою сваіх рук і часта паласкаць рот. Начыньне, якім карыстаецца хворы, цацкі дзіцяці, яго падушку і бялізну ні ў якім разе нельга даваць іншым дзецям, а таксама і дарослым. Калі хворага нельга зьмясьціць у больніцу, іншых дзяцей на час хваробы трэба куды-небудзь вывесьці.

Калі хворы ачуняў, трэба зрабіць дэзынфэкцыю ўсяе кватэры, лепш за ўсё фармалінаю пры дапамозе асаблівых прыладаў. Добра таксама зрабіць пабелку сьцен і памыць карболяй падлогу, выцерці карболяй усю мэблю і выгатаваць бялізну хворага. Там, дзе гэта магчыма, трэба накіраваць рэчы ў паравую дэзынфэкцыйную камэру. Калі пры шкарлятыне патрабуецца правядзеньне вялікае дэзынфэкцыі, дык пасьля адру будзе даволі, калі добра праветрыць памяшканьне, вымыць падлогу і бялізну дзіцяці. Узбуджальнік адру не зьяўляецца ўстойлівым і хутка гіне. А ўзбуджальнік шкарлятыны можа цэлымі месяцамі захоўвацца жывым на розных прадметах і ў зеве ачуняўшага.

Сярод мерапрыемстваў папярэджаньня шкарлятыны шырокага характару галоўным і найбольш важным зьяўляецца вакцынацыя (прышчэпкі). Сярод лекавых мерапрыемстваў найбольш надзейнай зьяўляецца сыроватка.

Вось і ўсё пра шкарлятыну.




Крыніца: Барыс Эльбэрт. Шкарлятына і адзёр. Менск, Беларускае дзяржаўнае выдавецтва, 1930.

Беларуская Палічка: http://knihi.com