epub
 
падключыць
слоўнікі

Барыс Пастарнак

Калі змаруся я ад пустазвонства...

Калі змаруся я ад пустазвонства

Падліз, што ў вушы праз вякі гудуць,

Мне хочацца, як сон пры бляску сонца,

Жыццё прыпомніць, ў твар яму зірнуць.

 

Нязванае, ўвяло яно няўхільна

Ва ўсе падзеі густ вялікіх спраў:

Я іх не выбіраў, не ў нервах сіла,

Што я не прагнуў іх, а прадчуваў.

 

І вось часіна будаўнічых планаў

І зноў зіма, І вось чацверты год.

Жанчыны дзве, як водблеск лямп «Святлана»

Гараць, блішчаць сярод яго турбот.

 

Мы ў будучым, кажу я ім, як ўсе, хто

Жыў гэтым часам. А калі з калек,

Дык усёроўна: коламі праекта

Нас пераехаў новы чалавек.

 

Калі-ж не знойдзецца ад смерці сродкаў,

Дык час яшчэ свабодней пабяжыць

Удаль, куды другая пяцігодка

Працягвае тэзісы душы.

 

Тады не трэба плакаць і журыцца,

Клянуся слабасцю застацца ў вас.

А моцныя зарок далі пазбыцца

Апошніх ран, апанаваўшых нас.



Пераклад: Алесь Дудар