epub
 
падключыць
слоўнікі

Барыс Сачанка

Родны кут

Сон у руку

 

1

 

Ён заехаў да яе на кватэру па дарозе дадому пасля нейкага чарговага пасяджэння, якое, надзіва, скончылася раней, чым меркавалася. Іра - і гэта адчувалася, відаць было - яго чакала, бо, як толькі пазваніў, адразу ж адчыніла дзверы і кінулася на шыю, абняла, абвіла рукамі - вусны іх у той жа момант зліліся ў гарачым, доўгім і страсным пацалунку.

- Я думала, ты не заедзеш, - прашаптала нарэшце яна, і з вачэй у яе пырснулі слёзы.

- Што ты? Я ж сказаў...

- Пасяджэнне магло зацягнуцца. Ды і... Ці мала што...

- З таго часу як пазнаёміўся я з табою, у мяне... Ты, адна ты...

- Толькі кажаш так. А калі напраўду...

Ён больш не слухаў, што яна гаварыла. Зняў з плячэй плашч, разуў туфлі і папраставаў па вузкім калідорчыку далей - кватэра ў Іры была невялікая, аднапакаёвая, але з густам абстаўленая, чыста прыбраная. Згледзеў, што шырокая, з бакавымі падушкамі тахта разабрана, на ёй паслана пасцель; падсунуты бліжэй да тахты, пад самы таршэр, і невялікі нізкі столік - на ім стаялі неадкаркаваная бутэлька яго любімага марачнага малдаўскага каньяку, дзве высокія, на тонкіх ножках чарачкі, ляжала на сподачках нарыхтаваная закуска - хлеб, сыр, масла, памідоры, агуркі, тонка парэзаная скрылікамі вяндліна, каўбаса... Сама Іра была ў лёгкім шаўковым халаціку, які надта ж звабліва аблягаў яе маладое, пругкае цела. І як бы нечым узрушаная, усхваляваная.

- Любы, дарагі мой, - летуценна шаптала яна, нібыта ўсё яшчэ не верачы, што бачыць яго, Андрэя, у сябе на кватэры. - Як я рада, што ты зноў са мною, у мяне...

І не адыходзіла ад яго ні на крок, ласкава, пяшчотна гарнулася, тулілася ўсім сваім целам, шчыра, аддана глядзела ў вочы, шукала поўнымі, сакаўнымі вуснамі яго вуснаў.

Ён не вытрымаў, абняў яе, яшчэ цясней прытуліў да сябе. І яна раптам быццам абмякла, звяла. Упасці на падлогу ён ёй не даў - падхапіў на рукі, панёс на тахту...

...Апомніўся, спахапіўся толькі тады, калі ўбачыў жонку, Алу, - яна стаяла ў дзвярах пры ўваходзе ў кватэру, здзіўлена, спалохана глядзела на яго, свайго мужа, які ляжаў голы ў чужым ложку з чужою, такою ж, як сам, голай жанчынай, і ад неспадзяванасці аж рот разявіла, слова не магла вымавіць.

- Андрэй? - нарэшце вырвалася ў яе з грудзей, і яна, успляснуўшы рукамі, няйнакш трацячы прытомнасць, павалілася, асунулася на падлогу.

Ён, як быў, голы, выскачыў з пасцелі, кінуўся да жонкі. І... з жахам расплюшчыў вочы, прачнуўся.

«Ы-ым! - пакруціў галавою, чуючы, як тахкае, б'ецца ў грудзях сэрца. - Трэба ж такому прысніцца!»

Выцер пот, што раптам густа выступіў на лбе, павярнуўся, яшчэ і яшчэ пераконваючыся, што ляжыць не ў чужой пасцелі, а дома, на канапе. І адзін - без Іры, Алы.

«Што значыць гэты сон?»

Успомніў, недзе ці то чытаў, ці то чуў - бачыць голую жанчыну ў сне - непрыемнасць.

«А сябе?»

«Сябе таксама ж, пэўна, не на радасць».

І хоць ніколі не верыў у сны, ды і ў іншыя прымхі і забабоны, падумаў чамусьці:

«Няйнакш нехта мяне раздзене нагала. Не ў прамым, вядома, сэнсе, а ў пераносным...»

Не засыналася, не спалася больш - апанавалі думкі. Цэлы рой, быццам пчолы, калі іх хто-небудзь патрывожыць. Разумеў, адчуваў Андрэй: так, як жыў, далей жыць нельга, ды і не зможа ён. І справа не толькі ў тым, пра што раптам усе і ўсюды дружна, быццам па камандзе, загаварылі. Справа ў іншым - перабудовы, абнаўлення патрабаваў ён сам, патрабавала яго душа. І даўно. Але ён... Жылі многія так, і ён жыў. Звыклае, будзённае брала верх, і плыў разам з плынню - куды яна, туды і ён. А трэба было схамянуцца, апомніцца. І не чакаць, калі нехта скажа, а самому пачаць перабудову, з сябе, жыць інакш, як жыў, не ківаць, не паказваць пальцам, як некаторыя, на тых, хто вышэй па службе і пасадзе, - ты, маўляў, ты прыклад пакажы. Святых, вядома, нідзе няма. Але... Калі ў самога рыльца ў пушку...

Не, не ўсё, далёка не ўсё падабалася Андрэю пакуль што ў гэтым, увогуле правільным, своечасовым і вельмі ж патрэбным працэсе перабудовы, абнаўлення і галоснасці, што пачаўся так шырока і глыбока. Было тое, што выклікала нязгоду, а то і пратэст. Надта ж высока паднялі галовы рознага роду дэмагогі, крыкуны, кар'ерысты, тыя, хто лічыў сябе абдзеленым, абыдзеным увагай. Не сядзелі ціха, актыўнічалі і хто баяўся страціць пасаду, хацеў любымі праўдамі і няпраўдамі ўтрымацца на аднойчы заваяваным, а сёй-той падняцца і вышэй. І хоць не зусім разумелі сутнасць таго, што адбывалася, аднак мітусіліся, крычалі грамчэй за іншых. Каб жа была бачнасць, што яны зрабілі вывады, не асталіся ўбаку, ліхаманкава, спешна перастаўлялі з месца на месца, з пасады на пасаду, а то і скарачалі, выпраўлялі на пенсію падначаленых. І гэта трывожыла - баяўся Андрэй, каб пад гарачую руку не было выкінута лепшае, заменена на горшае. І тады... Перабудова, абнаўленне ды і галоснасць, дэмакратызацыя не дадуць жаданых вынікаў. А яны ж патрэбны. Як, як патрэбны! Знікла ж ці зацямнілася тое вялікае і светлае, што аб'ядноўвала, згуртоўвала людзей, вяло наперад, прымушала думаць не пра сябе, а пра ўсіх. Адсюль і застой, п'янства, хцівасць, жаданне кожнага жыць лепш, як жывуць астатнія, урваць найбольшы і найсмачнейшы кус менавіта сабе. А не гаварыць нідзе і нікому праўды? А цэлыя кланы, сямейнасць у начальстве, навуцы? А пратэкцыянізм, кампанейшчына, рознага роду зямляцтвы?..

«Не, так далей быць не можа, - думаў, лежачы ў пасцелі і не могучы заснуць, Андрэй. - Гэта ж... Ліха ведае што. Назначаць ці выберуць каго на пасаду - і прасядзіць увесь свой век. Акружыць сябе падхалімамі, бюракратамі, хапугамі. Ніхто праз іх не пралезе. Народ - гэта адно, а кіраўнікі - быццам зусім іншае. Кіраўнікам усё дазволена, усё можна. Ніякай справаздачнасці. Ды якой справаздачнасці - адказнасці няма. Адзіная магчымасць нешта падказаць ці дабіцца рэагавання - гэта ананімка. Але ж ананімкі выхоўваюць не барацьбітоў, а тхароў, смярдзючых клапоў. Ды і не заўсёды ў ананімках праўду пішуць. Часцей за ўсё сумленнага чалавека абылгуць, збіваюць з ног. Бо сумленны чалавек - перашкода несумленным. І яны... Гатовы з ім расправіцца, знішчыць, каб не замінаў рабіць брудную справу. А правяральшчыкі ананімак таксама ж... Іншы раз ідуць не да сумленных людзей, а якраз да тых, хто і пісаў гэтую ананімку. Ды і ўказанні ж пэўныя атрымліваюць - каго абараніць, а каго... Нават калі невінаваты, фактаў адмоўных няма, знайсці і ўтапіць. Ды і калі ананімкі няма - арганізуюць яе... А вылучэнне на пасады... Не дзелавыя якасці бяруцца ў разлік, а іншае, часам зусім пабочнае... Вось і мяне былі ў свой час вылучылі...»

«А чаму, чаму не каго-небудзь, а менавіта мяне вылучылі? - ухапіўся, быццам тапелец за саломінку, за гэтую думку раптам Андрэй. - Сказаць, каб я... Быў, вядома, у чымсьці лепшы, у чымсьці горшы. Як і кожны, як і ўсе. Ды не на гэта глядзелі. Я быў зяць Арцёма Гаўрылавіча... А Арцём Гаўрылавіч... Шышка! Ого, дай Бог, як кажуць, кожнаму. Без яго ні адна важная падзея ў горадзе не праходзіла. У прэзідыумах сядзеў, лысінаю свяціў. Многія ведалі, хто такі Арцём Гаўрылавіч. І нейкі падхалім няйнакш прыемнае хацеў зрабіць Арцёму Гаўрылавічу, выслужыцца. Вось і надумаў падняць, вылучыць мяне... А можа... І сам Арцём Гаўрылавіч падказаў... Ці жонка яго, Эльвіра Барысаўна. О, яна ўмела і ўмее гэта рабіць... Як жа - калі зяць на пасадзе - і дачцэ гонар, ды і жыць лягчэй. Зарплата большая, машына... Ды і да зарплаты, машыны яшчэ сёе-тое...»

А ён жа, Андрэй, калі жаніўся, не думаў ні пра якія выгоды - проста падабалася яму Аліна, тады Алачка, Ала, і ўсё. Незвычайнасцю сваёй падабалася, бо была яна лёгкая, проста паветраная, не хадзіла, а быццам лятала і надта ж весела, бесклапотна смяялася, рагатала. Ён жа, нехлямяжы, сарамлівы, у нядаўнім вясковы хлопец, быў як заварожаны - вачэй не зводзіў з Аліны, любаваўся ёю. Іншыя хлопцы таксама паглядвалі на Алачку, але каб захапіцца сур'ёзна... Не асмельваліся, пабойваліся. Сёй-той жа не хацеў, каб яго за кар'ерыста лічылі. А ён, Андрэй, нічога і нікога не пабаяўся. Маўляў, гаварыце што хочаце, а я... Не ўпушчу, хто мне падабаецца. Алачка, як неўзабаве даведаўся Андрэй, мучылася ад адзіноты. І Андрэю радая была, ужо з другой ці трэцяй сустрэчы душу сваю раскрыла, амаль паспавядалася. І яе шчырасць уразіла, упала, што называецца, не на камень. І хоць з яго, Андрэя, пачалі пасмейвацца, маўляў, губа ў цябе не дура, ведае, куды меціць, аднак ён не зважаў ні на якія кепікі, смяшкі. Ды і чаго было зважаць? Ала яму падабалася. А што да бацькоў... Дык ці мала якія ў каго бацькі? Не з імі ж яму жыць. І ён хадзіў з Алай у кіно, на танцы, праводзіў дадому. Праўда, здараліся, асабліва напачатку, прыкрыя, а то і непрыемныя моманты, як, напрыклад, калі аднойчы Але захацелася марожанага. А ў яго, як на тое, грошай на дзве порцыі не хапіла. Добра, што хоць на адну капеек у кішэні наскроб. Давялося сказаць, што ў самога горла пабольвае, таму ён устрымаецца, не будзе сёння есці марожанага. Прыкладна тое самае было і калі ў кафэ ці ў рэстаран Але іншы раз хацелася зайсці. Не скажаш жа, не прызнаешся, што грошай на гэта няма. Ала, вядома, яго не зразумела б. Ды і няёмка ж было прызнавацца ў сваёй беднасці. Таму ён кожны раз, калі Ала патрабавала таго, чаго ён не мог даць ці зрабіць, шукаў выйсця, выкручваўся. Але гэта былі дробязі, ды і то на пачатку іхняга знаёмства. Калі ж Ала зразумела ўсё ці, можа, здагадалася, праблем больш не ўзнікала - у Алы заўсёды былі пры сабе грошы і на ўсё, чаго душа жадала. Прыкра было за дзявочыя грошы хадзіць куды б там ні было, плаціць... Але... Ала супакоіла - якая розніца, чые грошы? Ды і што такое грошы? Так, дробязь... Паперкі... Галоўнае не яны...

Ён, Андрэй, цалкам згодзен быў з Алаю. Вядома, галоўнае не грошы... Было б жаданне заўсёды быць разам, бачыць, чуць адно аднаго... А ўсё астатняе... І праўда - дробязі...

Так, не вельмі заўважыўшы, прахадзіў ён, Андрэй, з Алачкай, амаль не расстаючыся, аж пакуль нарэшце не ажаніўся. Было гэта на пятым курсе. Набліжалася размеркаванне. Ала не хацела, каб яе куды-небудзь пасылалі з дому, з горада. Ды, прызнацца, і сам ён, Андрэй, не вельмі хацеў ехаць куды б там ні было, асабліва ў вёску. Можа, таму, што ведаў, якое ў вёсцы жыццё. Усё ж, як паспеў ён пераканацца, у горадзе жыць куды лягчэй. Вяселле гулялі ў шыкоўным, самым лепшым у горадзе рэстаране. Два дні. Гасцей было, мусіць, чалавек трыста. У асноўным, вядома, Аліны сваякі, знаёмыя яе маці і бацькі. З яго ж, Андрэевага, боку на вяселлі былі маці, бацька ды некалькі дружбакоў, студэнтаў-аднакурснікаў. Усе клопаты па наладжванні і аплаце вяселля ўзяў на сябе Арцём Гаўрылавіч. Ён быў багаты, не раўня Андрэевым бацькам. Ды і ўплывовы. Варта было яму патэлефанаваць куды-небудзь, як з'яўлялася ўсё, што ён хацеў. На вяселлі ўпершыню і адчуў Андрэй сваю беднасць, няроўнасць і як бы непамыснасць. Закралася была нават думка: «Ці тое ён робіць, што жэніцца з Алай? Ці пбра яна яму? Правільней, ці ён пбра Але?» Ды вяселле ёсць вяселле. Гаварыліся вельмі ж добрыя, прачулыя словы і на яго, Андрэеў, адрас, і на адрас Алы, былі - і не абы-якія! - чарка, закуска, танцы, словам, весела было. І ў тым вясельным тлуме забыліся хутка прыкрыя думкі пра няроўнасць, беднасць, пра тое, ці пбра ён Але і Ала яму...

Пасля вяселля ён, Андрэй, з інтэрната перабраўся жыць на кватэру да Арцёма Гаўрылавіча, у якой і раней бываў ужо разоў колькі, але тады як госць. Нясмелы, баязлівы госць. І ўсёй кватэры фактычна не бачыў. Бачыў тое, што паказвалі. Цяпер жа, перабраўшыся, разглядзеў кватэру як мае быць. Была яна не толькі вялікая, але і дагледжаная. Правільней, гэта былі дзве кватэры, злучаныя ў адну, - з дзвюма кухнямі, двума туалетамі, дзвюма ваннамі. І абстаўлена кватэра была па апошнім, што называецца, піску моды. У кожным пакоі ляжалі, віселі дываны. За шклом у сервантах зіхацеў, пераліваўся ўсімі колерамі крышталь. Адзежныя шафы былі ўманціраваны ў сцены, расфарбаваны пад арэх... І чаго толькі ў іх не было! Футры, дублёнкі, паліто, шапкі, касцюмы, боты, туфлі... І ўсяго па некалькі штук, па некалькі пар - на самае рознае надвор'е і самы розны абыходак... Не горш абжыта і абстаўлена была і дача, куды неўзабаве завезлі яго цесць і цешча разам з Алаю - каб сёе-тое памог ды і пажыў, адпачыў ад гарадскога тлуму. Словам, пачалося новае жыццё. Не трэба было думаць ні пра яду, ні яшчэ пра што б там ні было. Нават куды працаваць ісці, бо яго, Андрэя, пакінулі ў аспірантуры. Рабілася ўсё быццам па ўзмаху чарадзейнай палачкі-выручалачкі. Варта было чагосьці пажадаць, выказаць гэта ўголас - і яно з'яўлялася. Цесць і цешча, адчувалася, былі задаволены зяцем. Ён быў сціплы, нічога ніякага не патрабаваў, здавальняўся тым, што яму давалі. Здаволена была і Алачка. Яна расцвіла, бы ўсё адно кветачка. На шчоках з'явіўся румянец, яна папаўнела, пахарашэла яшчэ больш. І не адыходзіла ад Андрэя, не пакідала яго ні на хвіліну аднаго, усё лесцілася, мурлыкала, бы кошачка, - садзілася яму на калені, абдымалася, цалавалася. Іншы раз гаварыла:

- Недарэмна ж называюць жонку палавінаю. Я нават адчуваю, што без цябе я не ўся. Вось як разам, дык тады, і праўда, адно цэлае...

Яму, Андрэю, таксама добра было. Усё ж ёсць, ні пра што дбаць не трэба. Хочаш паесці - халадзільнік усяго ўсякага, смакаты повен; хочаш з Алачкай наадзіне пабыць - яна побач, заўсёды цёпленькая, ласкавая, у любы пакой вядзі. А то і на дачу можна паехаць ці ў лес. Варта толькі да тэлефона руку працягнуць, нумар патрэбны набраць, машыну выклікаць...

Але паступова, праз які месяц-другі Андрэй адчуў нейкую як бы непамыснасць, пустату такога жыцця. Ён змалку прывучаны быў да працы. Як помніў сябе - увесь час працаваў. Вясною памагаў гарод капаць, сеяць. Потым палоць, акопваць, касіць, жаць. Ды і ў лес па ягады, грыбы бегаў. Увосень - бульба, арэхі, жалуды. Нават зімою рэдка калі без працы быў - то па дровы ездзіў, то гэтыя дровы рэзаў, калоў. Ды і ў хату ж іх прынесці трэба, па ваду збегаць. Любіў ён, Андрэй, і кнігі чытаць. Іншы раз на сон забываўся, ноч усю над кнігаю праседжваў. А тут, у цесця і цешчы, быццам час марнаваўся. Снеданне, потым музыка, тэлевізар, абед, зноў музыка, тэлевізар... Валянне на канапе ці ў пасцелі... Алачка да такога жыцця прывучана была, а вось ён, Андрэй... Адчуваў як бы дакор сумлення. Малады, дужы, а... Хоць і не адпускала яго ад сябе ні на крок Ала, усюды за ім, як цень, хадзіла, але ўсё ж кандыдацкую сяк-так зрабіў, абараніўся... Можна было б і за доктарскую ўзяцца. Але...

Бянтэжыла, здзіўляла і яшчэ адно: чым далей жыў на кватэры ў Арцёма Гаўрылавіча - у прымах, як пасмейваліся некаторыя, тым больш бачыў - Арцём Гаўрылавіч быццам і не гаспадар у сябе дома. Усім кіравала цешча - Эльвіра Барысаўна. Яна нідзе не працавала, была дзябёлая, рухавая і надта ж дзейная. Цэлы дзень то кудысьці тэлефанавала, то ездзіла, хадзіла, то прымала самых розных наведвальнікаў. Камусьці штосьці раіла, камусьці ў нечым памагала ці абяцала памагчы. Увечары ж, калі вяртаўся дадому Арцём Гаўрылавіч - а вяртаўся ён іншы раз позна, стомлены і вялы, - Эльвіра Барысаўна пачынала дыктаваць яму, што ён павінен зрабіць дзеля таго ці іншага чалавека, ці напамінала, што трэба было зрабіць, а ён не зрабіў. І Арцём Гаўрылавіч маўкліва згаджаўся з жонкаю, а то, калі быў не ў гуморы, і апраўдваўся, абараняўся:

- Ды не магу, не магу я гэта зрабіць...

- Можаш! - павышала голас жонка. - А не можаш сам, Пятру Іванавічу патэлефануй. Ці - Мікалаю Сяргеевічу...

- Ды тэлефанаваў, тэлефанаваў я... І яны не могуць.

- Няпраўда! - раздражнялася Эльвіра Барысаўна. - Калі так... Я сама іхнім жонкам патэлефаную!

- Рабі што хочаш, толькі адстань, адчапіся ад мяне, дай хоць хвіліну адпачыць!

І, стукнуўшы дзвярыма, Арцём Гаўрылавіч хаваўся, як не бег у свой кабінет. Іншы раз, не паказваючыся на вочы жонцы, і начаваў там адзін.

Няйнакш яна, Эльвіра Барысаўна, і яму, зяцю, Андрэю, месца знайшла, куды яго пасля заканчэння аспірантуры накіравалі на працу, яна, відаць, пастаралася, і каб яго заўважылі, вылучылі як здольнага і ініцыятыўнага таварыша на адказную пасаду.

«І, мабыць, далей бы я... Правільней, мяне рухалі б наперад, падымалі б, - вёў свае думкі-развагі Андрэй, лежачы на канапе і не могучы ніяк заснуць. - Калі б перабудова, абнаўленне не пачаліся, калі б Арцёма Гаўрылавіча на пенсію не выправілі... Арцёму ж Гаўрылавічу, як на тое, за шэсцьдзесят... Хоць і шчыравала Эльвіра Барысаўна, у Маскву нават ездзіла, каб затрымаць на пасадзе мужа, ды і тут, дома, каму толькі не тэлефанавала, аднак... Гады ёсць гады, нікуды не папрэш. Цяпер, як яна сказала, «уся надзея на цябе, Андрэй»... Але... Ён, Андрэй, - не Арцём Гаўрылавіч. І пасада не тая, і абсяг, магчымасці не тыя. Ды і... Ён сам, Андрэй... Неахвотна, «са скрыпам» рабіў усё, што ні прасіла, ні загадвала Эльвіра Барысаўна. Надта ж апетыты ў яе вялікія, неўтаймоўныя. А рабіць, што загадвае, просіць цешча, з кожным днём цяжэй і цяжэй. То праверкі розныя, кантроль, то ананімшчыкі спакою не даюць - сігналяць не ў тую, дык у іншую арганізацыю. А цяпер яшчэ і галоснасць... Але што да таго Эльвіры Барысаўне? Ён рабі, што яна сказала, загадала... На гэтай глебе і канфлікты пачаліся. Ужо з месяц нават не размаўляюць. Ала таксама ўбаку не асталася, падтрымала маці. Спаць у адным ложку не захацела. Ды што спаць - чужая зусім ва ўсім стала. Нейкі мужчына спартыўнага выгляду ў доме бывае. Няйнакш пагульвае з ім Ала. Ды і ён, Андрэй... З Ірай звязаўся. Асуджаў за гэта, упікаў, дакараў, іншы раз, здаралася, аж ненавідзеў сам сябе. Нядобра ж гэта - жыць быццам двайным жыццём. І разам з тым... Адчуваў - трэба яму Іра... Як глыток свежага паветра. Ды і ўцячы ад работы, ад клопатаў, ад такога, як у яго, жыцця іншы раз хоць на край свету хацелася.

«Мабыць, і сон гэты... Не проста так. Цяпер да кіраўніка ўга якія патрабаванні. А я... Арцём Гаўрылавіч не на пасадзе, на пенсію яго выправілі. І абараніць мяне... Хто абароніць?»

Устаў, саскочыў з канапы, на якой спаў з таго часу, як нелады з Алай пачаліся, па пакоі сюды-туды прайшоўся.

«Наіўны я чалавек, калі думаю, што ніхто не ведае пра мае адносіны з Ірай. І шафёр жа падвозіць. Ды і Ірыны суседзі... І сама Іра... Не можа быць, каб яна не пахвалілася каму-небудзь. І сон гэты... Не, невыпадкова».

Адцягнуў сашмаргнуў з акна занавескі-шторы - у вочы ўдарыла, асляпіла зыркая раніца - сонца, святло.

«На працу пара збірацца. А я... Быццам ісці нікуды не трэба, адпачынак у мяне...»

І, каб пазбыцца нялёгкіх начных думак і трывог, Андрэй рашуча накіраваўся ў ванную - чысціць зубы, прымаць душ, галіцца.

 

2

 

Установа, куды быў вылучаны на кіраўнічую пасаду Андрэй Лобач, была навуковая, дакладней, навукова-даследчая. І, як кожная падобная ўстанова, яна мела, вядома, свае асаблівасці. Па-першае, большасць з тых, хто ў ёй працаваў, ва ўсякім выпадку, атрымліваў зарплату, былі «пазваночнікі» - дзеці і ўнукі розных начальнікаў і іх знаёмых, уладкаваныя па тэлефонных званках, па-другое, яна ўвесь час была як бы ў стадыі эксперыменту, рэарганізацыі - ствараліся новыя лабараторыі і аддзелы, касаваліся ранейшыя, колькасць работнікаў то скарачалася, то пашыралася. Але пры ўсім непастаянстве было тут і пэўнае пастаянства - усе без выключэння супрацоўнікі былі заўсёды вельмі ж занятыя, усе нешта рабілі, прычым заўзята. Ініцыятыва, як кажуць, біла цераз край. Пісаліся паперы, склікаліся нарады, прымаліся пастановы, пасылаліся ва ўсе канцы рэспублікі і краіны ганцы то нешта вывучаць, даследаваць, то прабіваць, падштурхоўваць, укараняць у вытворчасць, то проста ніхто і сказаць не мог чаго. Словам, установа працавала... Працавала так, што, нават калі здараўся недзе нейкі аўрал і большасць супрацоўнікаў пасылалася ў калгасы і саўгасы на сельгасработы, на нейкую будоўлю, на базу перабіраць памідоры, капусту ці моркву, перабояў не адчувалася. Хіба што меншала колькасць нарад ды папер. Але гэта былі часовыя, «сезонныя» з'явы. Увесь астатні ж час установа працавала ў роўным нармальным рытме - у восем сорак пяць людзі займалі свае рабочыя месцы - сталы і крэслы, у дванаццаць трыццаць дружна ішлі на абед; пасля абеду, хто трохі раней, хто пазней, зноў займалі свае месцы, зноў працавалі, пакуль паступова не знікалі - спяшаліся: хто забраць з садзіка дзіця, хто дадому, хто яшчэ куды - вольны ад працы час кожны скарыстоўваў па-свойму, як хацеў. Ды і ў часе працы ніхто вельмі, вядома, на пуп не браў, не надрываўся - хадзілі то пакурыць, то новыя, свежыя анекдоты расказвалі і пераказвалі, то проста пляткарылі. Прагульваліся па калідоры, а то і па вуліцы, бегалі, асабліва жанчыны, у магазіны, стаялі ў чэргах, некаторыя, найбольш увішныя, уцякалі і ў кіно, у цырульню; у летнія ж гарачыя дні - і на возера пакупацца, пазагараць...

Андрэй, вядома, ведаў, што рабілася ў падначаленай яму ўстанове, але навесці належную дысцыпліну і парадак было проста немагчыма, хоць ён, асабліва напачатку, і спрабаваў гэта зрабіць. Бо парушалі ж дысцыпліну і парадак, як выявілася, найперш і найбольш «пазваночнікі» - дзеці і ўнукі розных начальнікаў. Прымаць супраць іх нейкія меры пакарання - гэта выклікаць агонь на сябе. А калі іх не чапаць, глядзець на гэта скрозь пальцы, то як жа быць з тымі, у каго не было заступнікаў? Яны ж таксама людзі і бачаць, адкуль, як кажуць, псуецца рыба. Адным можна, а другім... Ды і што з таго, будзе строгая дысцыпліна ва ўстанове ці не будзе? Нічога ж і так і гэтак не мянялася. Справы ішлі, за сёе-тое ўстанову хвалілі, за тое-сёе крытыкавалі. Таму Андрэй асабліва «гаек не завінчваў», даручаў сачыць за дысцыплінай партыйнай, камсамольскай, прафсаюзнай дый іншым грамадскім арганізацыям. Урэшце, калі пытанне аб дысцыпліне ставілася востра, рубам, то заклікаў супрацоўнікаў да сумлення - кожны ж рэгулярна распісваецца ў ведамасці па атрыманні зарплаты, то кожны і на працы быць павінен...

Сам Андрэй імкнуўся паказваць прыклад, не парушаць працоўнай дысцыпліны. Роўна ў восем сорак пяць, а то, здаралася, і раней заходзіў у свой кабінет, роўна ў пяць сорак пяць пакідаў яго. Гэта калі не было ніякіх нарад, пасяджэнняў. Але, як вядома, такіх дзён у кіраўнікоў амаль не бывае - пастаянна хтосьці кудысьці выклікае: то трэба сядзець у прэзідыуме, то ў зале, слухаць, хто што гаворыць, то самому гаварыць - трымаць справаздачу, выступаць у спрэчках. І, зайшоўшы ў кабінет і аддаўшы неабходныя распараджэнні - каму па тэлефоне, каму яшчэ як - як дазваляў час, - Андрэй выклікаў машыну і ехаў. Іншы раз да абеду, іншы раз на ўвесь дзень.

На сёння ніякіх нарад і пасяджэнняў быццам не планавалася. І Андрэй падумаў, ці не звязацца яму з сім-тым, пагаварыць па тэлефоне, а то і сустрэцца. Выхад на пенсію Арцёма Гаўрылавіча, змены, што адбываліся ў верхніх і ў нізавых эшалонах улады, ды і нечаканы начны сон усхвалявалі яго, пасеялі нейкую як бы няўпэўненасць, трывогу. «Раптам сёе-тое хтосьці ведае і скажа? Ці хоць намякне? Бо жыць так, нічога наперад не ведаючы... Нават не здагадваючыся... Гэта ж... Нібы ў яме...» Хвалявала і яшчэ адно - у апошні час надта ж неяк аж нахабна, з выклікам глядзела на яго цешча, Эльвіра Барысаўна. На твары ў яе было быццам напісана: «Не дарую, атрымаеш сваё». І Андрэй ведаў - Эльвіра Барысаўна нікому яшчэ нічога не даравала, жорстка і злосна помсціла.

«Можа, і мне яна...»

«За што?»

«Ды за ўсё. За непаслухмянасць, за няўдзячнасць... Як захоча, знойдзе, за што адпомсціць...»

«Але ж цяпер Арцём Гаўрылавіч на пенсіі».

«Сувязі ж ранейшыя асталіся. Яна памагала, і ёй памогуць».

Зноў - які ўжо раз! - пашкадаваў Андрэй, што зрабіў памылку, не падумаўшы, ажаніўся з Алай.

«Падабалася яна мне. І я... Трапіў, як муха ў мёд».

Дратаваў, дакараў сябе - ды як, як! - Андрэй. Варта было астацца аднаму, апаноўвалі думкі, браў одум - не так, не так у яго выйшла, як хацелася. «А ўсё таму, што Алу замуж узяў. Трэба было роўную сабе жонку шукаць. Закончыў бы ўніверсітэт, паехаў бы разам з ёю куды-небудзь далей ад сталіцы і жыў бы, як іншыя жывуць. Карысць бы людзям прыносіў, многага з таго, што цяпер ведаю, не ведаў бы і быў бы шчаслівы. Дзяцей расціў бы... А то... Змарнаваў, лічы, ні за што, ні пра што столькі гадоў. Ды якіх гадоў!.. Можа быць, самых лепшых, калі малады, дужы, галава, думкі светлыя...»

Знешне ўсё было быццам нармальна. Сёй-той нават зайздросціў. У яго, Андрэя, пасада, і даволі высокая, ёсць навуковая ступень, жонка. У жонкі, правільней, у цесця і цешчы, неблагая - дзе неблагая, можна сказаць, шыкоўная кватэра, дача. Але... Гэта знешне. Унутры ж ніякай радасці, пустата. Нават дзяцей і то няма. І не таму, што ён, Андрэй, не хоча іх мець. Алачка сваю фігуру беражэ. Баіцца, што цяжарнасць, роды... Словам, не такая прывабная будзе, калі дзіця народзіць. «А можа, не спяшаецца лёс свой са мной звязваць, вывучае, ці той я чалавек, з якім жыць варта? - прыйшло раптам у галаву, калі, намыліўшыся, узяў у руку брытву, каб галіцца. - Бо звязваць свой лёс не з тым...»

Аж скаланула Андрэя ад гэтае нечаканае здагадкі.

«Выходзіць, мяне вывучаюць, прыглядваюцца, што я за чалавек... Бо інакш... Фігура фігурай, а дзіця... Якая ж жанчына не хоча мець дзіцяці? Фігура - гэта адгаворка. Іншае, іншае хаваецца за гэтым. І каб я папіхачом быў, рабіў, што мне загадваюць і кажуць, як Арцём Гаўрылавіч, тады б... І дзеці даўно былі б, і нацягнутых, напружаных адносін з цешчаю, жонкаю не было б. Жылі б душа ў душу, у злагадзе і дабры...»

І пакуль галіўся, ужо думаў:

«А можа, і не варта шкадаваць, што не паспелі абзавесціся дзецьмі? Бо дзеці... Былі б яны... Куды б цяжэй было разводзіцца. А так, калі што якое... Нішто ніякае не звязвае... Ага, ага. Відаць, Алачка і пра гэта падумала. А правільней - падумала пра ўсё за яе мамачка, Эльвіра Барысаўна. О, Алачка і кроку не зробіць, каб не параіцца з мамай. Ва ўсім, ва ўсім мамачку слухае. А Эльвіра Барысаўна... Далёка наперад глядзіць. І бачыць тое, чаго ніхто не бачыць. І я... Не ўсё ёй ува мне падабаецца, не такі я слухмяны і лагодны... І таму... - вёў свае думкі-развагі Андрэй, водзячы па шчоках і падбародку брытваю і зразаючы густую калючую шчэць. - Так, так, мусіць, яно і ёсць. А я... Дурань, як раней пра гэта не падумаў, не здагадаўся. Даўно вывады зрабіў бы...»

«Якія вывады?»

«Ды такія, якія ў такіх выпадках усе робяць. Ці жыць, як людзі жывуць, ці...»

«Гэта не позна і цяпер зрабіць...»

«Вядома, не позна. Але ж нядобра неяк. Быў цесць, Арцём Гаўрылавіч, на пасадзе - жыў я з Алачкай, не кідаў яе. А цяпер, калі ён без пасады... Дый... Калі развядуся з Алачкай... З кватэры трэба ісці, з пасады. Які ж я кіраўнік, калі з жонкай не ўжыўся... Не супакоіцца ж Эльвіра Барысаўна, пакуль мяне... Ну, ці папросяць з пасады, ці вытураць, што, урэшце, у канчатковым выніку тое самае... І куды мне тады дзявацца, дзе жыць, працаваць?»

«Жывуць жа, працуюць. Не ўсім жа кіраваць. А я ж - кандыдат навук, біяхімік... Што ж да таго, дзе жыць... Дык... Можна да Іры перабрацца...»

Успомніўшы Іру, засяродзіў думкі на ёй.

«Жыць у Іры, ажаніцца...»

Не, не думаў пра гэта Андрэй. Адна справа наязджаць, пабыць гадзіну-другую... І зусім іншае дзяліць хлеб-соль, ды і ўсё астатняе...

«А калі не жаніцца, дык перабірацца да яе жыць... Таксама ж... Яна спадзявацца на нешта будзе, а тым часам... Ды і ў яе, у Іры, спытаць трэба, ці захоча яна, каб я да яе перабіраўся, жыў разам... Можа, у яе свае нейкія планы ёсць...»

Хоць і сустракаўся з Іраю, бываў у яе Андрэй быццам і часта, аднак пагаварыць, што называецца, шчыра, па душах, так ні разу і не пагаварыў. Усё часу не хапала. Прыедзе, у пасцелі з ёю пабудзе, чарку вып'е, закусіць - і паехаў. Ды і не ў часе прычына. Прычына ў іншым - баяўся гэтай размовы Андрэй, адкладваў яе як мага на далей, на пасля. І сама Іра таксама... Нешта было ў яе такое, што таксама стрымлівала, не давала да канца быць з ім шчырай. І размова пра ўзаемаадносіны, пра ўсё тое, што было ў думках і на душы, адкладвалася, адкладвалася...

«А ўсё таму, што ні ў мяне, ні, мабыць, у яе пэўнасці няма. Быццам зладзеі мы, крадзём у кагосьці штосьці. І баімся, каб нас не выкрылі, не злавілі...»

«А што ж рабіць? Ці зусім нічога не мець, ці мець хоць тое, што маем».

«Яно-то так. Але ж... Да пары, кажуць, жбан ваду носіць».

«Вось парб тая і надышла. Пагаварыць трэба з Ірай. Пра ўсё пагаварыць. Шчыра, без утайкі. І калі што... Перабрацца да яе жыць?»

«Ці прыме яна мяне? Ды і мне... Апёкшыся адзін раз, яшчэ рызыкаваць?.. Можа, лепш пачакаць?»

«Чаго чакаць?»

«Ну хоць з думкамі сабрацца, узважыць усё. Бо адно, калі з Ірай сустракаешся як з палюбоўніцай, і зусім іншае, калі яна стане жонкаю. І Ала была калісьці... Лепшай, здавалася, нідзе на белым свеце няма. А бачыш жа...»

«У Алы маці, Эльвіра Барысаўна...»

«І ў Іры ж маці ёсць. І бацька. У вёсцы жывуць, настаўнічаюць. Дый... Замужам Іра, не развялася. І муж... Таксама яшчэ не жаніўся другі раз... І што ў Іры ў галаве? Хто ведае?»

«Можа, сёння заехаць да яе і пагаварыць?»

«А што? Хоць пэўнасць будзе. А то і з Алачкай пэўнасці няма, і з Ірай тое самае. Ды і з працай...»

Даўно, з самага пачатку, не падабалася Андрэю тая праца, на якую яго вылучылі, паднялі. Думаў - нічога, сцерпіцца, прывыкнецца. Аж не. Чым далей сядзеў у кіраўнічым крэсле, тым больш мулкае яно яму здавалася. І не толькі таму, што Эльвіра Барысаўна імкнулася кіраваць, камандаваць. Але і таму, што не ляжала душа ў яго да гэтай працы, не яго яна была. Ды і якая ж гэта праца? Хутчэй - мітусня, бачнасць працы. Бо назваць працай нарады, пасяджэнні, выступленні, узгадненні... А ён жа, Андрэй, навукай марыў займацца. І загубіць сябе, свой талент на прыслужніцтва, прыслужніцтве?!.

«Не! І трэба было не паддавацца ні на якія ўгаворы. Цвёрдасць характару праявіць. Адразу, з першага дня. І не толькі з працай, а ва ўсім. Алу трэба было з сям'і вырваць. Не ісці ў прымы да цесця і цешчы, а прыдбаць сваю кватэру. І жыць як чалавек, як гаспадар. І Алачцы сказаць - хочаш, каб я з табою жыў, перабірайся да мяне. А то я пагнаўся...»

«Ды быццам ні за чым і не гнаўся. Проста не думаў ні пра што. У Алачкі кватэра, правільней, у яе бацькоў, дастатак ва ўсім... Лёгка, добра, дбаць ні пра што не трэба... А выявілася...»

«А як жа ты думаў! За ўсё трэба плаціць, дарма нічога нікому не даецца. І плата... Яна розная бывае...»

Прачнулася, шмыганула са свайго пакоя ў туалет Алачка. Ціхенька, каб, мабыць, ён, муж, не пачуў. Уключыў ваду, пачаў мыцца - здаецца, пагаліўся сёння няблага, нават не парэзаўся ні разу. Але, на ўсякі выпадак, правёў даланёю па шчоках, па падбародку, шыі - ці не засталася дзе-небудзь непаголеная лапінка. Усё, здаецца, нармальна, у парадку. Праўда, як адзначыў сам сабе, за апошнія дні быццам пахудзеў - шчокі запалі, пад вачамі цёмныя кругі, мяшкі.

«Гэта, мусіць, бо дрэнна ўночы спаў... Сон гэты... Ды і думкі...»

Пачуў - Ала, зрабіўшы, што ёй трэба было, прабегла, шмыганула назад у свой пакой.

«Няйнакш сустракацца са мной не хоча. Дзіўны ўсё ж яна чалавек. Скончыла ўніверсітэт - і хоць бы падумала аб працы. Нідзе і не спрабавала ўладкавацца. Жыве, як і яе маці. Трутні. На мужавай, бацькавай шыі... Вядома, сядзець так, нічога ніякага не рабіўшы... Вось і занятак знайшлі - мужыкам шыі круціць-вярцець, камандаваць... Але не, хопіць! Больш не будзе таго. Вось ваш хамут і сані, рабіце ўсё самі. Ці іншага пашукайце, папіхача. А я... Куды заўгодна, што заўгодна, толькі не тое, што жонка, цешча хочуць...»

Аж плюнуў ад злосці.

«Трэба ж... Як загадваць, што і дзеля каго зрабіць, дык умеюць. А яду зварыць, нават чай згатаваць... І то... Сам...»

Не пайшоў на кухню. Адзеўся і, не выклікаючы машыны, што здаралася апошні час усё часцей і часцей, накіраваўся на працу, як любіў ён казаць, «на сваіх дваіх».

 

3

 

Хоць быў і красавік месяц, яго сярэдзіна, але надвор'е стаяла зусім не вясновае, а нібыта летняе. Парна, цёпла было нават раніцою. Праўда, дрэвы яшчэ не распусціліся - быццам разгубіліся, не ведалі, што рабіць, - не парб яшчэ, каб лісце выкідваць, і разам з тым... Хіба толькі кусцікі смуродзіны, агрэсту ды крапіва, касачы зелянелі дзе-нідзе каля дамоў. І на гэтую зеляніну, якая надта ж ярка сама кідалася ў вочы, Андрэй глядзеў як бы з надзеяй - засумаваў па ёй за зіму, дый вясна - ведаў гэта па сабе - заўсёды ж нясе абнаўленне, надзеі. Чамусьці падумаў: «Маці, пэўна, расаду ўжо сее, гной на гарод выносіць. Калі тут так цёпла, то там, на Палессі, і пагатоў...»

Заўсёды, калі Андрэй успамінаў маці, сэрца заходзілася шчымлівым болем.

«Як яна там, бедная, адна?»

Далекавата жыла ад горада, дзе займеў сабе прытулак Андрэй, яго маці. Аж чатырыста кіламетраў з гакам. І не заўсёды знаходзіў ён час, каб з'ездзіць да маці, пераведацца. Заміналі розныя клопаты. А месяц адпачынку, то не ведаеш, як яго і скарыстаць. Адпачыць хочацца, на моры пабыць, пагрэцца. Дый дарога ж да вёскі няблізкая. Ехаць на цягніку ці аўтобусам - і нязручна, і цяжкавата. А на службовай машыне... Таксама ж... Не падтрымліваецца гэта, наадварот, караецца... І Андрэй рэдка бываў у маці. Раз-два на год. І то - прыедзе, пераначуе - і назад.

«А яна ж, гарапашніца, заўсёды так чакае майго прыезду! І ў пісьмах піша, просіць-моліць, каб прыехаў. Год чакае і... Прыехаў - і паехаў. Каб па-людску ў горадзе жыў, то забраць бы яе да сябе, няхай бы не мучылася, пазбавілася вечных клопатаў пра дровы, сена, ды і ўсё астатняе. Хоць бы на старасць пажыла як чалавек. Але я... Сказаць, каб пра сябе вельмі думаў, дык не ж. А пра яе... Тым больш не думаў. Як ідзецца, так і няхай. А трэба было падумаць. На тое ж яна і маці. Даражэй за мяне ў яе няма нікога, нічога. Ды і яна мне... Хоць што мне дорага? Нясе мяне жыццё, быццам ветрам... А куды, чаго?»

Насустрач, побач, ззаду, з бакоў ішлі людзі. Мужчыны, жанчыны, дзеці... З сумкамі, партфелямі, папкамі і проста так, з голымі рукамі. Кожны кудысьці спяшаўся, кожнага гнаў з дому свой клопат. І, уліваючыся ў вірлівы ранішні людскі паток, Андрэй адчуваў сябе такім жа чалавекам, як і ўсе.

«Проста дзіўна - адно адчуванне, калі імчыш на машыне, і зусім іншае, калі ідзеш па вуліцы разам з усімі, пеша, - не першы раз злавіў сябе на думцы Андрэй. - І было б, мусіць, правільна, каб начальства, як і ўсе, на працу і з працы хадзіла пешкі, ездзіла на гарадскім транспарце. Тады б і транспарт куды б лепей працаваў, ды і начальства сябе па-іншаму адчувала б. А то... Яно, начальства, быццам спяшаецца, часу яму няма. А куды, чаго спяшаецца? На чарговае пасяджэнне, на чарговую гаварыльню? Гэта ж не да станка... А калі спяшаешся, дык раней з пасцелі падымайся. Ну, на працу яшчэ можна апраўданне знайсці. А дадому чаму на дзяржаўных машынах ездзяць, куды так сцяшаюцца, чаго? Проста распуста, адказнасці няма. Ні перад народам, ні перад сумленнем...»

Хоць і сам быў начальнік Андрэй, і сам часта ездзіў на працу і з працы на машыне, а ўсё ж закіпела ў душы не ўпершыню абурэнне. Можа, таму, што ведаў, як кожны імкнуўся завалодаць гэтай машынай. А каб завалодаць ёю, трэба была пасада... І за тую пасаду з бясплатнай машынай - а разам з ёю і размеркавальнік, атэлье, а то і дача - вялося змаганне. Ды якое, якое! І не толькі тых, хто пакаштаваў слодыч улады, але і тых, хто імкнуўся трапіць у верхнія слаі - моладзі. Іншаму б на заводзе ля станка ўкалваць ці ў калгасе, а ён пасля інстытута, не пазнаўшы смаку працы, жыцця, імкнуўся заняць цёплае, утульнае кіраўнічае крэсла. І так некаторы хутка прывыкае да яго, да ўсіх тых даброт, што дадаюцца да гэтага крэсла, што быццам і нарадзіўся ў ім, не скалупнуць, не выманіць нічым.

«Як і я, - з горкай іроніяй падумаў пра сябе Андрэй. - А на добры лад у начальства варта было б вылучаць толькі тых, хто праявіў сябе, паказаў, што ён здольны працаўнік, арганізатар. І не глядзець асабліва, колькі каму гадоў. А то мода пайшла - то рана, то позна... Падымуць ззамаладу некаторага, потым усё жыццё перасаджваюць з крэсла ў крэсла. Аднаго вышэй, другога ніжэй... І лёс чалавека залежыць не заўсёды ад яго дзелавых і чалавечых якасцей. Часцей за ўсё якраз ад іншага. Хто як пра каго далажыў, якую ацэнку каму даў, хто гэтым вылучэннем займаецца. А трэба было б не тайна такое рабіць. Каб сам народ, калектыў на пасады кіраўнікоў вылучалі. Бо хто ж лепей чалавека ведае, як кажуць, з усіх бакоў, як не людзі, не той калектыў, у якім чалавек працуе. І перш за ўсё думку гэтага калектыву трэба ведаць. Тады б... Менш бы памылак было... А то... Улада быццам народная, а народ... Хто пра што пытае ў народа? Іншы смаркач, малако матчына на губах не абсохла, а бярэцца, імкнецца камандаваць людзьмі. Ці наадварот... Ні сілы, ні здароўя няма, забывае, не помніць чалавек, што робіць, а сядзіць на пасадзе, некаму ён трэба, трымаюць... Не, гэта правільна, што за перабудову, абнаўленне ўзяліся. А то дажыліся, што на пасады вылучалі цешчы, жонкі... А потым і кіравалі гэтымі начальнікамі... І паспрабуй не паслухайся... Маці мая вунь усё жыццё не разгінаецца, дзень і ноч у зямлі, у гнаі... А тут, лярвы, паадкормліваліся, палец аб палец ніколі не ўдарылі, жывуць на ўсім гатовым... Ды яшчэ і камандаваць хочуць...»

Узбунтавала няйнакш мужычая, працоўная кроў у жылах у Андрэя.

«Дзіўна, як цярпеў я такое. Ды столькі!»

«А што было рабіць? Прыгрэлі мяне, уладкавалі. Ды і Ала... Такая ласкавенькая, лагодная, утульная. Убачыш яе - на ўсё, маці родную забудзеш... Але як толькі самастойнасць праявіў, дык зубкі нябось і яна паказала. Не зубкі нават, а іклы. Аднаго поля ягадкі са сваёй мамкаю. Не, сёй-той ведае, што рабіць. Як толькі выбівацца пачне чалавек, здольны - жоначку яму падсунуць. Трэба - кошачкай памурлыча, трэба - іклы воўчыя пакажа... І паспрабуй выбавіцца з пасткі, калі нават захочаш. То кватэра, то дзеці...»

«Хтосьці сказаў - ад жанчын заўсёды ў адных сподніках уцякаюць».

«Лёгка сказаць. А паспрабуй уцячы... Калі ты... Звязаны. Па руках і нагах звязаны...»

«Іншыя не менш былі звязаны».

«Хто, напрыклад?»

«А навошта табе прыклад? Зрабі так, як сам хочаш, лічыш. Ну, нешта, відаць, страціш. Але нешта і набудзеш. Ва ўсякім выпадку волю, нікому нічым абавязаны не будзеш. Урэшце, паехаць можна з Менска. Куды? Ды на першых парах хоць бы да маці. Яна ўзрадуецца. Пажывеш у яе, агледзішся... А там... відаць будзе, што і як рабіць...»

«А Іра?»

«Раз ускочыў у балота, не спяшайся скакаць яшчэ раз. Бо перабраўшыся да яе... Каб яшчэ лёс свой звязаць з ёю збіраўся - куды б ні ішло. А калі проста так... Гэта... З усіх бакоў, як ні падумай, як ні паглядзі - нядобра...»

«А гэта, бадай, правільна. Кінуць усё - і паехаць у вёску, да маці, пажыць у яе. Якраз цяплынь - пасяўная пачынаецца. Наперадзе - лета. Папрацую ў полі, у калгасе... Маці што-кольвек памагу, селішча да ладу давяду. А там, як кажуць, бог-бацька... Што, урэшце, калі добранька падумаць, мяне з горадам звязвае? Пасада? Але ж і без яе жывуць людзі... Жонка? Яе ў мяне фактычна няма - нічога ні ў чым супольнага... Дзеці? Іх таксама няма. Кватэра? У маці кватэра ёсць. Без гарачай вады, ванны... Але ж я жыў так... Пажыву і яшчэ. Урэшце, ваду можна правесці ў хату, кацельню зрабіць, грэць. І ванну... Таксама паставіць. Хаця на чорта здалася тая ванна, калі лазня ёсць... Ды якая!»

Успомніў тую лазню, што стаяла ля сажалкі, - з добрым духмяным духам, чыстаю крынічнаю вадою, у якой мыўся калісьці, жывучы ў вёсцы.

«Падновім яе, палок паправім, печ... А не - новую можна збудаваць. Калі справа ўся толькі ў лазні...»

«Вядома, не ў лазні».

«Тады і не думай. Не чакай, калі цябе зняславяць, прымушаць пачнуць, каб з пасады пайшоў. А то і... Здымуць. Так, так, здымуць. Няма за што? Калі захочуць, дык знойдуць. «За развал работы»... «Не забяспечыў»... «Не перабудаваўся»... А то і «за амаральнасць». Ды і Ала, Эльвіра Барысаўна таксама ж драмаць не будуць. Нашэпчуць, наспяваюць, нагавораць... Ого, яны ведаюць каму, а галоўнае - умеюць. Такія навухаданосары. І пакуль не позна...»

«Спяшацца не варта».

«Але і цягнуць?»

«Таксама быццам правільна. Час цяпер такі... Не глядзяць ні на што. З-за пляча іншы раз сякуць. Паднялі галовы розныя... Сядзелі ціха, скрытна, а цяпер за справядлівасць, галоснасць ваяваць узяліся. Ёсць сярод іх сапраўды сумленныя, шчырыя людзі. А ёсць... Усё аплявалі б, закрэслілі б, што рабілася... Дай толькі волю. Крытыку недахопаў разумеюць як аплёўвай усё і ўсіх... Дый у тых, хто ў начальстве, заўсёды недахопы знайсці можна. Час жа які быў... Нешта не так ці не тое - хацеў ці не хацеў - а зрабіў. Іншы раз не падумаўшы, бо ўсе так рабілі, не адзін ты, а то і прымушалі зрабіць. Начальства зверху не заўсёды рэзалюцыі піша, часцей тэлефануе. «Андрэй Анісімавіч, зразумейце, трэба!» І як ні круцішся, быццам скурат на агні, а зробіш. Нельга не зрабіць, калі зверху просяць, загадваюць. І калі хто-небудзь пакапаецца, пашукае... Знойдзе, да чаго прычапіцца... Ды і падкажуць... Не бывае такога калектыву, каб усе начальнікам сваім задаволены былі. Ёсць і хто месца заняць вышэй хоча, сувязі мае. Тыя ж, што па службе ніжэй, як на начальніка глядзяць? Праводзіць нарады, самому на нарадах бываць, даваць парады, выгаворваць, а то і караць тых, хто не спраўляецца са сваімі абавязкамі ці зрывае працоўную дысцыпліну. Гэта куды лягчэй, чым працаваць самому. Вось і лезе кожны, хто мае на тое права ці не мае, у начальства. Даброты таксама прывабліваюць - машыны, дачы, розныя размеркавальнікі... Чым большы начальнік, чым вышэй сядзіць, тым цяжэй яго дастаць...»

«І ўсё ж, як ні прывабна быць у начальстве, чалавечай годнасці не губляй. Не будзь новым Арцёмам Гаўрылавічам... Усё жыццё «пракіраваў»... І што, чаго дамогся? Рабіў, сам не ведаючы, дзеля каго. Выконваў волю жонкі, дачкі... Цяпер сядзіць дома - без пасады, кіраўнічага крэсла хто ён? Не тэлефануюць, нічога не просяць. Не ведае, што яму рабіць. Быццам дзіця, у якога забаўку адабралі. Ледзь не плача, з кута ў кут па кватэры сноўдаецца. Няшчасны чалавек! Па якой цане хлеб прадаюць і то не ведае. Не ведае, дзе які магазін, куды і на якім аўтобусе ці тралейбусе ехаць. А быў жа некалі звычайны чалавек, у вёсцы нарадзіўся. І бачыш, як улада сапсавала! Не будзь ты такі!»

«Ды калі не падам заявы, не вырвуся з таго нерата, у які трапіў, то... У Арцёма Гаўрылавіча хоць дачка, Ала, ёсць. А ў мяне... Быццам парабка ў сям'ю ўзялі...»

...Ішоў Андрэй, кіраваўся на працу - і невясёлыя, сумныя думкі апаноўвалі яго, настырна лезлі і лезлі ў галаву.

 

4

 

Установа, якую ўзначальваў Андрэй Лобач, размяшчалася ў вялікім, збудаваным з бетону і шкла дзевяціпавярховым доме. Разам з ёю тут знайшлі сабе прытулак і іншыя ўстановы і арганізацыі, якія таксама быццам працавалі - займаліся хто навукай, хто яшчэ чым. І, падыходзячы бліжэй да дома, Андрэй бачыў, як адна за адной пад'язджалі да пад'езда машыны і з іх выкульваліся рознага рангу кіраўнікі - хто хутчэй, быццам спяшаючыся, хто паволі, спаважна, з адчуваннем годнасці і велічы. Кожны начальнік пад'язджаў на машыне адзін, як і належыць начальніку. Хвіліна-другая - і машына ад'язджала ўбок ці выкіроўвала назад на дарогу, імчала ў гараж. І зноў, як гэта ў апошні час здаралася часта, Андрэй задумаўся над тым, над чым неаднойчы ўжо думаў, - колькі дзяржаве абыходзіцца ўтрыманне кожнага начальніка. Па-першае, яму самому ідзе зарплата. Па-другое, машына. І грошы ж яна немалыя каштуе, ды і магла б іншых людзей вазіць, прыбытак дзяржаве даваць. А бензін, змазачныя матэрыялы, запасныя часткі, рамонт?.. І шафёр жа. Шафёру ж кожны месяц таксама трэба плаціць зарплату, а то, на выпадак паездак, і камандзіровачныя, гасцінічныя... А ёсць жа начальнікі, у якіх і сакратаркі, памочнікі... Колькі такіх начальнікаў? У кожным горадзе? У кожнай вобласці? У кожнай рэспубліцы? У краіне? Якая б эканомія сродкаў была, каб хоць трохі іх скараціць. Ды і шафёры б, сакратаркі, памочнікі маглі б пайсці працаваць, не хапае ж людзей на заводах, на будоўлях, у калгасах... А то ад гультайства цэлымі днямі чортведама чым займаюцца...

«Ніяк прывыкнуць не можам, што дзяржава ў нас - гэта мы самі. І кожны выкінуты абы-куды ці абы на што рубель - наш рубель, - падумаў з болем у душы Андрэй. - А такое ж ці прыкладна такое ж марнатраўства ў нас шмат дзе. Мільёны, мільярды рублёў на вецер, быццам у трубу, вылятаюць. І самае правільнае - навучыцца лічыць дзяржаўныя грошы як свае. Але калі, калі гэта будзе?»

Усміхнуўся горка сам сабе Андрэй і пашыбаваў, збочыў у пад'езд. Падняўся на ліфце на чацвёрты паверх, дзе быў яго кабінет, адчыніў дзверы. Вядома, як і ў кожнага кіраўніка такога рангу, які быў Андрэй, у яго была прыёмная, а ў ёй - сакратарка. Звалі яе Люся - Людміла Апанасаўна. Ветлівая, паслужлівая, з ласкаваю ўсмешкаю на твары для яго, дырэктара, і грозная, крыклівая, з суровым каменным выразам на твары для ўсіх астатніх. Люся - Людміла Апанасаўна сядзела ўжо на месцы, але, па ўсім відаць, прыйшла толькі што, бо яшчэ падсоўвала нагамі, хавала пад стол нейкія сумкі, на хаду расчэсваючыся, папраўляючы прычоску.

- Дзень добры, Люсечка, - сказаў, як і заўсёды, з напускной весялосцю Андрэй. - Што тут у нас?

Люся таксама ў адказ усміхнулася, праспявала сваім салодзенькім галаском:

- Ды нічога такога, Андрэй Анісімавіч. Некалькі пісем... Некалькі заяў... Ды паперы на подпіс... Я хвілін праз колькі да вас зайду, прынясу...

- Добра, добра, - спыніў прыслужніцкі сверб сакратаркі Андрэй. - Сёння нікуды я, здаецца, не спяшаюся. Пачытаю, падпішу...

- На прыём да вас просяцца. Пускаць? - спытала, хаваючы ў адну з сумачак расчоску, Люся.

- Хто?

- Розныя.

- Падрыхтуй мне спіс. І адкладзі прыём на пасля. Словам, я скажу...

- Добра, Андрэй Анісімавіч.

Нырнуў у «шафу» - так Андрэй называў двайныя дзверы, што вялі ў кабінет. Падумаў быў: «Цікавыя гэта вынаходствы - персанальныя машыны, асабістыя шафёры, сакратаркі, памочнікі, двайныя дзверы... І ўсё дзеля аднаго - адгарадзіцца ад людзей, падкрэсліць сваю важнасць, выключнасць. Нават не сваёй персоны, а ўлады. Каб не кожны мог да начальніка дайсці, пагаварыць з вока на вока, выказаць тое, што на душы. У найбольш важных установах міліцыянераў нават пры ўваходзе паставілі - паспрабуй прарвіся. І нават добры па натуры чалавек, дэмакрат, калі трапляе ў гэтую бюракратычную машыну, перастае быць тым, кім быў. Калі ўжо трапіў у начальства, будзь такі, як усе. Інакш... «Не дарос!», «Не разумее». «Што ён, падкрэсліць хоча, што не такі, як усе?» І... Словам, развітвайся з пасадай. Так, ва ўсякім выпадку, было...»

«А як будзе?»

«Пажывём - пабачым».

Кабінет у Андрэя быў вялікі, прасторны, светлы, засланы варсістай дывановай дарожкай - каб і чалавек, калі зойдзе, адчуваў, да каго ён зайшоў (па велічыні ж кабінета некаторыя мяркуюць пра значнасць таго, хто ў ім сядзіць!), ды і каб нараду, калі такая патрабуецца, можна было, не выходзячы з кабінета, правесці. З доўгім сталом, вакол якога стаялі крэслы, са сталом, за якім сядзеў - «працаваў» ён, Андрэй, са столікам-падстаўкай - на ім бялелі, чырванелі, жаўцелі тэлефоны... Многа, многа тэлефонаў - сувязь з усімі ніжэйшымі, падначаленымі яму службамі і вышэйшымі, каму ён быў падначалены сам...

«Гэта ж калі я пайду з працы, то і кабінета ў мяне не будзе. І машыны, сакратаркі... Многа чаго не будзе, - падумаў Андрэй. Але не пашкадаваў. - Божа мой, не было б большае бяды. Жывуць жа людзі без усяго гэтага. І шчаслівыя... А я... Бачыш - ужо без усяго гэтага не ўяўляю свайго жыцця. Не, правільна ў некаторых краінах робяць, што не даюць падоўгу затрымлівацца на адной і той жа пасадзе чалавеку, мяняюць час ад часу. А ў паўночных малых народаў, калі выбіралі сабе кіраўніка, то праз год узважвалі - пацяжэў хоць на кілаграм, здымалі: значыцца, думаць, клапаціцца пра іншых перастаў, таму і сыцее. А ў нас як паставяць, падымуць, дык і звякуе некаторы там. І не таму, што добра працуе, а проста прывыкаюць да яго, нават думаць сёй-той пачынае, што незаменны ён. «А каго на яго месца? Няма ж каго».

Зняў плашч, што насіў не так дзеля цяпла, а як бы дзеля важнасці (дырэктар жа, можа, а не нейкі стылягаветрагон!), павесіў у шафу, расчасаў чуб, сеў за стол. І зноў задумаўся.

«А можа, не бунтаваць? Як усё ідзе, так няхай і ідзе? Не чапаюць мяне, дык і не тузацца? Зраблю перабудову, як некаторыя робяць, - перастаўлю людзей з месца на месца, сяго-таго звольню, на пенсію выпраўлю, новых чалавек колькі вазьму. Маладых, як цяпер модна...»

«А толк з гэтага, які толк?»

«Ніякага, вядома. Затое будзе бачнасць перабудовы, абнаўлення...»

«І зноў хадзіць на пасяджэнні, самому іх праводзіць?.. Жыць так, як жыў?..»

Не, не згодзен быў ён, Андрэй, жыць так, як жыў. Усё ўнутры ў яго супраціўлялася, пратэставала.

«Жонкі, цешчы слухацца... А цяпер, калі не на пасадзе Арцём Гаўрылавіч, то даручэнняў, просьбаў, абавязкаў пабольшае. І рабіць тое... Дзеля чаго? Дзеля ціхага, утульнага жыцця, кабінета гэтага, машыны, сакратаркі?.. Перабудову трэба пачынаць з сябе. Гэта правільна гаворыцца. І я пачну яе. Бо жыць так, як жыў? Не, не жыццё гэта, а марнаванне... Ды і недастойна чалавека...»

Падняўся з крэсла, наблізіўся да акна. Але не спыніўся, не стаў глядзець у яго - там, за акном, быў сквер, і Андрэй, здаралася, гадзінамі прастойваў, глядзеў на дрэвы, птушак, што туды прыляталі, і ўспамінаў Палессе, родную вёску, маці, - у галаву зноў прыйшла думка каму-небудзь патэлефанаваць. А можа, нават і пад'ехаць да сяго-таго. Проста з раніцы, калі не ўкручаны вельмі яшчэ ўсе ў працу, у бягучыя клопаты.

«Але каму, каму патэлефанаваць?»

Сяброў, асабліва блізкіх, у Андрэя не было. Былі начальнікі і падначаленыя... Тыя, хто над ім, і тыя, хто пад ім. Як і ў кожнага, дарэчы, начальніка. Сярод іх былі тыя, хто не спрыяў, варагаваў з ім, былі і тыя, хто быццам падтрымліваў яго. Праўда, падтрымка гэтая была адносная. З практыкі Андрэй ведаў: у любы час любы начальнік мог з сябра стаць ворагам... Усё залежала ад таго, якое ў кожнага з іх на сённяшні дзень становішча. Ды і становішча ў самога цябе. Моцнае - значыцца, і падтрымка будзе адпаведная. Слабае - значыцца, і падтрымка такая ж. А ўжо калі становішча тваё пахіснулася ці вось-вось пахіснецца. І не думай шукаць у каго б там ні было заступніцтва, усё адно не знойдзеш. Толькі сам сябе ўнізіш, зганьбіш. І ў сваіх, і ў чужых вачах...

Пакуль што становішча ў Андрэя было быццам нармальнае. Ну не зусім такое, як раней, калі цесць, Арцём Гаўрылавіч, на пасадзе быў. Але і не настолькі яно пахіснулася, каб упадаць у паняверку. Тым больш што Андрэй не надта даражыў сваёй службай, пакідаць нават яе сабраўся. Ага, дык каму ж патэлефанаваць, з кім сустрэцца?

Пачаў перабіраць у галаве людзей, каму можна было б даверыцца, з кім можна было б сустрэцца, перагаварыць. Вядома, перш за ўсё Пятро Кірылавіч... Іх жа амаль сябрамі некаторыя лічаць. Абменьваюцца часта яны адзін з адным рознай інфармацыяй. Па вечарах нават разоў колькі разам гулялі. Ды і абавязаны Пятро Кірылавіч яму, Андрэю. Гэта ж не хто-небудзь іншы, а ён, Андрэй, парэкамендаваў - дзе парэкамендаваў, параіў! - узяць Пятра Кірылавіча на тую пасаду, на якой той цяпер. Сам Арцём Гаўрылавіч неяк спытаў - ці ведае ён, Андрэй, чалавека, якога можна было б узяць (была названа пасада)... Вось тады ён, Андрэй, і ўспомніў Пятра Кірылавіча. Лекцыі яго некалі ва ўніверсітэце слухаў. Пятро Кірылавіч быў быццам неблагі чалавек. Ва ўсякім выпадку спачуваў такім вясковым хлопцам, які быў ён, Андрэй. Выручаў на экзаменах, нават калі на нейкае пытанне і не мог адказаць студэнт. Сам Пятро Кірылавіч быў родам з вёскі. Да таго ж у мінулым камсамольскі актывіст. І параўнаўча яшчэ малады. Аднак выбіўся, што называецца, у людзі - доктарскую абараніў, прафесарам стаў.

Яго, Пятра Кірылавіча, і парэкамендаваў - хутчэй за ўсё параіў Арцёму Гаўрылавічу ўзяць на вызваленую пасаду Андрэй.

- Ці можаш ты пры патрэбе на яго ўплываць? - спытаў даверліва Арцём Гаўрылавіч у Андрэя.

- Хто яго ведае, - паціснуў плячыма ён, Андрэй. - Здаецца, што так...

- Ну, глядзі, каб наадварот усё не было. Бо параім, вылучым... А потым - не рады будзем...

- Не, Пятро Кірылавіч - хлопец свойскі, згаворлівы.

- Трымай яго ў полі зроку, не адпускай ад сябе. Гэта, вядома, калі на пасадзе ён апынецца. Я са свайго боку зраблю дзеля гэтага ўсё, што ў маіх сілах...

І зрабіў. Пятро Кірылавіч, хоць быў быццам і вучоны, аднак, як хутка выявілася, аказаўся не тым чалавекам, які дзеля навукі ахвяруе ўсім. Хутчэй за ўсё ўся яго навука была якраз дзеля таго, каб заўважылі, вылучылі. І на пасаду пайшоў, як кажуць, з подбегам. І ўжо праз які месяц сядзеў у кіраўнічым крэсле так, быццам у ім нарадзіўся. Трэба было - лістам слаўся, салодзенькім, ліслівым галаском не гаварыў, а мяўкаў, трэба было - крычаў, лаяў. Ды як, як! Проста фантаніраваў. Адкуль толькі і словы ў яго браліся. Прычым не глядзеў, хто перад ім - старэйшы, больш заслужаны таварыш ці малады. Важна Пятру Кірылавічу было адно - вышэй ці ніжэй за яго чалавек па службе. З Андрэем ён падтрымліваў быццам сяброўскія адносіны. Праўда, і не набліжаў вельмі да сябе, трымаў яго на пэўнай адлегласці.

- У нашай кіраўнічай справе сяброў быць не можа, - сказаў, прызнаўся ён неяк у хвіліну шчырасці Андрэю. - У нас могуць быць спадарожнікі. На пэўным этапе, у пэўных акалічнасцях мы можам быць заадно, а ў некаторых выпадках-і не пагаджацца, а то стаць і праціўнікамі. Нічога не паробіш. Калі садзішся гуляць у карты, трэба прымаць правілы гульні. А яны бываюць часам жорсткія. І ты не крыўдуй, калі дарогі нашы раптам разыдуцца. Значыцца, інакш нельга, так трэба!

Яшчэ са школы заўважыў Андрэй, што малыя ростам людзі заўсёды хочуць быць трошкі вышэй, чым яны ёсць на самай справе. Пятро Кірылавіч таксама не ўдаўся ростам. Аднак ён хацеў быць вышэй за сябе не толькі ў росце, але і ва ўсім. Банапарцікам іншы раз імкнуўся выглядаць. Была і яшчэ адна цікавая ў яго рыса - гаворыш нешта яму сваё, ён слухае, маўчыць, а то і не згаджаецца. А праз дзень-два паўтарае тое самае табе быццам ужо сваё. Нават калі ты згаджаешся, даказвае, пераконвае.

- Дык гэта ж я вам казаў, - неяк не вытрымаў Андрэй.

- Ты? - здзівіўся, аж пакрыўдзіўся Пятро Кірылавіч. - Не можа быць, гэта мне самому ў галаву прыйшло. Ноч усю думаў...

І ў голасе, і ў паглядзе - непрыступнасць, адчужанасць: як, маўляў, ты можаш, хіба такія свежыя думкі маглі калі-небудзь табе, казяўцы, у галаву прыйсці?..

Гэтым і карыстаўся ён, Андрэй. Калі што-небудзь хацелася правесці ў жыццё, гаварыў Пятру Кірылавічу. А той, параздумаўшы, іншы раз гэта выдаваў ужо за сваё. І праводзіў у жыццё...

Калісьці Пятро Кірылавіч аж залішне любіў заглядваць у чарачку. Напіваўся іншы раз так, што яго прыносілі на сабе сябры-сабутэльнікі дадому, на кватэру. Трапляў разоў колькі ён і ў выцвярэзнік, у міліцыю. П'янства і было прычынай таго, што камсамол выракся свайго актывіста. Цяпер жа, трапіўшы на пасаду, ён зусім перастаў піць, нават браць хоць кроплю ў рот.

- Алергія ў мяне да гэтага зелля, - казаў ён тым, хто хацеў пасядзець з ім дзе-небудзь у ціхім, нявідным, утульным месцы.

І на ўсіх прыёмах, розных застоллях і вечарах піў толькі мінеральную ваду.

З яго, вядома, пасмейваліся, асабліва тыя, хто неаднойчы бываў з ім раней у самых неверагодных кампаніях. Але ён вытрымліваў смяшкі, расказваў пры выпадку, як сам калісьці «закладваў».

- І каб не гэтая праклятая алергія, хіба ж бы я адмовіўся! - казаў ён і ўсміхаўся.

Сёй-той яму верыў. А сёй-той і сумняваўся. «Няйнакш пад коўдрай, у пасцелі п'е. Пасаду баіцца страціць», - кпілі з яго.

Калі выйшла вядомая пастанова аб барацьбе з п'янствам, тыя, хто не злоўжываў асабліва чаркай, але і не цураўся вельмі яе, пры выпадку маглі перакуліць, асушыць, кпілі адзін з аднаго:

- Што ж, Пятрамі Кірылавічамі станем. Нічога, не памром, жыць будзем. Як і ён жыве.

Перабудова, абнаўленне пасеялі ў душы Пятра Кірылавіча пэўныя надзеі. Справа ў тым, што непасрэдны яго начальнік даўно быў пенсійнага ўзросту. Але трымаўся на пасадзе дзякуючы сваім сувязям. Умеў ён у патрэбны час з'явіцца ў патрэбным месцы, прычым якраз тады, калі яму трэба было з'явіцца, каб выратаваць становішча. І яго цанілі. А Пятро Кірылавіч быў чалавек вучоны, са званнем. І, вядома ж, прэтэндаваў заняць месца вышэй. Між двума кіраўнікамі вялася ўпартая, зацятая і жорсткая барацьба. Стары, больш вопытны, хоць і пенсійнага ўзросту, не хацеў саступаць нікому свайго месца, імкнуўся ўсімі сіламі пасядзець яшчэ некаторы час сам на ім, пакіраваць, а малады, гарачы і менш спрактыкаваны, але з пэўнай хваткай усяляк выжываў яго, падседжваў, нават, як некаторыя казалі, паціху папісваў на свайго начальніка ананімкі. У гэтай барацьбе са сваім непасрэдным начальнікам Пятро Кірылавіч хацеў абаперціся і на яго, Андрэя, ведаючы, што ён калі не ўсё, дык многае можа зрабіць праз Арцёма Гаўрылавіча. І ў некаторыя перыпетыі гэтай барацьбы са сваім непасрэдным начальнікам так ці інакш пасвячаў Андрэя. Андрэй рабіў свае вывады - не дапамагаў ні таму, ні другому, бо бачыў - гэта барацьба не за справу, а толькі за сябе, за месца, за пасаду. «Счапіліся, як павукі ў слоіку», - думаў іншы раз ён, сустрэўшыся з Пятром Кірылавічам і выслухаўшы яго. І не казаў нічога Арцёму Гаўрылавічу. Ды і што было казаць? Чым далей ішоў час, тым Андрэй бачыў, адчуваў: памыліўся ён, назваўшы Пятра Кірылавіча пры вылучэнні на пасаду. «Няхай бы лепш лекцыі студэнтам чытаў. Карысць была б хоць якая. А то прысмактаўся, бы смоўж, да кіраўнічага крэсла, у барацьбу яшчэ за большае ўключыўся. Так і загіне, бедалага, у гэтай барацьбе. А калі і не загіне, выб'ецца, зойме яшчэ большае крэсла - карысць якая з яго... Справе, грамадству, народу? Ды і мне, калі на тое пайшло...»

Аднак адносіны з Пятром Кірылавічам ён, Андрэй, не парываў, падтрымліваў, наколькі можна было іх падтрымліваць. Праўда, калі Арцёма Гаўрылавіча правялі на пенсію, Пятро Кірылавіч сам пачаў пазбягаць сустрэч з ім, Андрэем, не клікаў больш яго на пагулянкі вечарам. Ды і тэлефанаваць перастаў. Цяпер ужо ён, Андрэй, тэлефанаваў Пятру Кірылавічу, калі што трэба было. Нешта новае і ў голасе ў Пятра Кірылавіча з'явілася, калі ён размаўляў з Андрэем. Ці то халадок, ці то сталь, ці то абыякавасць, быццам адчужанасць. А можа, гэта толькі здавалася так яму, Андрэю? І звязана было не з тым, што выправілі на пенсію Арцёма Гаўрылавіча, а з нечым іншым? Чутка ж пайшла, што прайграў Пятро Кірылавіч барацьбу за вышэйшае крэсла. Новыя кандыдатуры на гэтае месца ўзніклі. Больш таго, ці ўседзіць на сваім месцы і сам Пятро Кірылавіч. Па-першае, ідзе перабудова, абнаўленне, і могуць яго таксама замяніць. Па-другое, быццам яго непасрэдны начальнік, на месца якога ён прэтэндаваў, так абняславіў свайго падначаленага, вылажыў такія факты, што... Таму лепш за ўсё самому заяву падаць і пайсці з працы. Так што быццам сустрэцца трэба было ім - Андрэю і Пятру Кірылавічу, паразумецца, перагаварыць пра тое-сёе.

«Але што гэта дасць? - усумніўся раптам Андрэй у патрэбе такой сустрэчы, такой размовы. - Ці адкрыецца, скажа ўсю праўду пра сябе Пятро Кірылавіч? Ды і мне... Ці варта адкрывацца, гаварыць пра сябе ўсю праўду? Раней, калі ўзнікалі скрутныя сітуацыі, Пятро Кірылавіч абяцаў: «Не бойся, прыкрыю». А то і дапамагчы збіраўся. Але ні разу так і не прыкрыў, не памог... А цяпер, калі няма на пасадзе Арцёма Гаўрылавіча... І пагатоў нічым не паможа. Ды і не трэба мне яго дапамога. Тым больш што мне... Быццам нічога ніадкуль і не пагражае... За пасаду я не трымаюся, а ўсё астатняе... Пражыву як-небудзь...»

Вярнуўся да стала, сеў у крэсла.

«Ну а калі не з Пятром Кірылавічам, дык з кім сустрэцца, пагаварыць пра тое, што душу вярэдзіць, жыць проста не дае?»

Пачаў перабіраць у памяці людзей, каго ведаў, з кім быў быццам у добрых, шчырых, амаль сяброўскіх адносінах. Здаецца, і нямала такіх было, і нямала з кім сустракаўся ён, Андрэй, і па рабоце, і ў застоллях, ды і на розных нарадах, а то і на дачы, на вуліцы. Аднак каб былі сярод іх сябры, якім можна было б даверыцца, адкрыць душу... Не, такіх не было.

«Як адзінока я жыў! Ды і не так, не так, як трэба было жыць. Школьныя, студэнцкія сябры амаль усе мяне пакінулі, а новых, надзейных, не займеў. І не імкнуўся да гэтага. Праца, дамоўка, дача... Ды і Алачка цягнула. Прыемна было быць з ёю, не адпускаць ад сябе. Бо ў яе таксама, як выявілася, ні сяброў, ні сябровак вельмі не было...»

«Па-іншаму, па-іншаму трэба было мне жыць!»

«Ага, трэба было. Аднак... Я жыў так, як жылося. Не лепшым чынам, вядома, жыў...»

«Што ж, яшчэ не позна па-новаму пачаць...»

«Позна не позна, а пачынаць давядзецца. Бо жыць так, як жыў...»

Зазваніў тэлефон, і Андрэй падняў слухаўку, паднёс да вуха.

 

5

 

Тэлефанаваў якраз Пятро Кірылавіч. «Нешта здарылася, калі сам тэлефануе», - падумаў Андрэй і, прыклаўшы трубку да вуха, пачаў слухаць. Адразу ж быццам холадам дыхнула - голас быў чужы, раздражнёны. Ні вітання, ні прывітання. Пятро Кірылавіч браў, што называецца, быка за рогі.

- Не думаў я, браток, што ты такое балота вакол сябе развёў... Ды і сам... На дно апусціўся... Як ты дажыў да такога?

- Вы пра што, Пятро Кірылавіч? - сказаў Андрэй і адчуў, як часта і трывожна забілася ў грудзях сэрца.

- Скарга на цябе паступіла.

- І што там?

- Усё, чым ты жывеш і што робіш. Нават донжуанскія подзвігі... - нядобра, зласліва хіхікнуў Пятро Кірылавіч.

- І хто яе напісаў?

- Няма цяпер дурных падпісвацца. Ананімка. Будзем ствараць камісію, правяраць. Так што рыхтуйся.

- Можа б, прачытаць мне тую... скаргу?

- Прачытаеш, пазнаёмяць цябе. Падзаляцеў ты, браток. Нябось ведаеш, як да маральнага ўзроўню кіраўніка ставіцца пачалі... А тут яшчэ сваяцтва... Ды і не перабудаваўся ты, па-старому працуеш... Ніякага абнаўлення...

- Можа б, сустрэліся, пагаварылі? - кідаў адну за адной прапановы, як бы прасіў, хутчэй механічна, чым усвядомлена, Андрэй.

- Няма, браток, калі. Працы па вушы. Ды, шчыра кажучы, пра што нам з табою гаварыць? Лепш думай, як і чым апраўдвацца перад камісіяй. Хоць... Як ты апраўдаешся? Проста давядзецца, мабыць, прызнаць усё, што напісана... З гэтага зробяць адпаведныя вывады. І ўсё. Будзь здароў.

Пятро Кірылавіч паклаў слухаўку. Але перш чым ён гэта зрабіў, Андрэй улавіў у яго голасе як бы задаволенасць, радасць.

«Чаму б гэта ў яго? - падумаў. - Здаецца ж, я яму нідзе дарогі не перайшоў, вады не замуціў, зла не зрабіў, нават не жадаў, не зычыў. Няўжо з-за таго, што яшчэ аднаго як бы канкурэнта не будзе? Ці, можа, што не на яго ананімка тая, а на мяне?»

І тут жа думкі пераскочылі на іншае - успомніўся сённяшні сон.

«Вось ён, у руку, як кажуць...»

Было горка, прыкра - не па сабе. І што Пятро Кірылавіч гаварыў як з чужым, нават скаргу не даў прачытаць, каб падрыхтавацца да адказаў, сустракацца не захацеў, і што раней не паспеў заявы на звальненне падаць - цяпер падавай не падавай, усё адно зняслаўлены... Абароны шукаць?.. Але дзе, у каго? Дый навошта?.. Надакучыла ж, абрыдла жыць і працаваць так, як жыў і працаваў.

Быць у кабінеце, сядзець за сталом стала невыносна. Хацелася бегчы, ляцець, уцякаць... Куды - Андрэй не ведаў... І, не могучы сябе стрымаць, звалодаць з тым, што раптам звалілася, нахлынула на яго, выклікаў машыну і, нічога нікому не кажучы, заспяшаўся да лесвіцы, пачаў як не бягом спускацца па ёй уніз, да выхаду.

 

Іра

 

1

 

Толькі сеўшы ў машыну і ўбачыўшы запытальны позірк шафёра - Васі, які гады два як вярнуўся са службы ў арміі, дзе таксама вазіў нейкага начальніка, - Андрэй падумаў: «І праўда - куды ехаць?»

Хацелася пабыць аднаму. І не ў горадзе, а дзе-небудзь на прыродзе, у лесе. Як бываў некалі, у маленстве. Тады, калі яго хто крыўдзіў, ён заўсёды ўцякаў з дому ў лес. І там, прыхінуўшыся плечуком да камля дрэва, даваў волю і сваім думкам, і слязам.

- Паедзем у лес! - сказаў, не падымаючы вачэй, шафёру.

- На дачу? - не зразумеў той.

- Ды не, куды-небудзь у іншае месца. Каб пабыць аднаму, пахадзіць.

Шафёр пацепнуў плячыма, але выруліў машыну на дарогу, паехаў па ёй. Праўда, паволі, няхутка.

- Можа, на возера? - спытаў праз некаторы час нясмела.

- Не, далей. Давай, - успомніў раптам Андрэй, куды яго цягне, куды трэба ехаць, - пад Сёмкаў Гарадок. Помніш, неяк увосень па грыбы ездзілі.

- А-а, - здагадаўся шафёр і націснуў на газ, паддаў хуткасці.

Замільгалі ўзбоч дрэвы, людзі, дамы. Машына выскачыла ў поле - ужо бясснежнае, месцамі пааранае, а то і зялёнае - ажывала, пачынала ўбірацца ў сілу, гусцець рунь.

«Зноў скарга-ананімка... Якая па ліку?.. Цікава, хто іх піша?.. Няўжо я камусьці замінаю, жыць так, як ён хоча, не даю?»

Потым раптам, як гэта здаралася часта ў яго ў хвіліны ўзрушэння, думкі пераскочылі на іншае. Успомнілася, як жыў у вёсцы і душа яго рвалася ў горад, - здавалася, цікавейшага, прыгажэйшага месца для жыцця няма на свеце. Таму і вучыўся, таму і імкнуўся так трапіць у горад.

«І вось у горадзе я. Універсітэт скончыў... Ажаніўся... Кандыдатам навук стаў. Жыву, працую... І гарадское жыццё спазнаў, зведаў. Можна сказаць, спаўна спазнаў і зведаў. Аж надакучыла, моташна. Знешне ўсё быццам прызваіта, прыстойна. А ўнутры... Злагады няма. І радасці таксама. І хто, хто вінаваты ў гэтым? Няўжо я сам? Усе баяліся браць замуж Алу, а я асмеліўся, узяў. А гэтага якраз, мабыць, і не трэба было рабіць...»

«Але ж я кахаў Алу, падабалася яна мне. Хіба гэтага мала?»

«Відаць, мала. Акрамя кахання, штосьці яшчэ павінна быць. Каб яднала, памагала перажываць нягоды. Мэта павінна агульная быць. Ды і павага адно да аднаго, разуменне...»

«Напачатку ўсё гэта быццам было. І яго б развіваць, узбагачаць, паглыбляць...»

«Мусіць, так яно б і было, каб мы з Алай адны жылі, не разам з яе бацькамі. А то... Пад уладу Эльвіры Барысаўны трапілі. І яна, ды і я... А пачаў не згаджацца, дык... Чужы, нялюбы стаў. Ала бачыла, як Эльвіра Барысаўна патурала мужам, і яна гэтак жа ім, Андрэем, захацела камандаваць, патураць... А ён, Андрэй, не паддаўся. Адсюль і разлад, канфлікт...»

«Можа, яшчэ ўсё абляжацца, наладзіцца...»

Хвіліну-другую засяродзіўся на гэтым, думаў.

«Не, нічога не абляжацца, не наладзіцца, - як бы падсумаваў, падбіў бабкі Андрэй. - А калі б нават і аблеглася, наладзілася, жыць так, як жыў... Не, агоркла, абрыдла. Ды і не ўдасца... Ананімка тая, - успомніў ён раптам. - Праверкі пачнуцца, гутаркі то з адным, то з другім... І каб жа не было за што зачапіцца, да чаго прыдрацца... А то ж... І на працу абы-каго я набраў, не ўстояў, паддаўся на ўгаворы Эльвіры Барысаўны, Алы, ды і іншых людзей... І перабудовы ніякай не пачынаў... Ды і калі пачынаць, то пачынаць яе трэба, вядома ж, з сябе...»

«З Ірай варта развязацца», - як бы падказаў яму хтосьці.

«Так, - згадзіўся адразу ж, без ваганняў, пярэчанняў, Андрэй. - Але як, як гэта зрабіць? Іра ж... Пабудзеш з ёй - і як бы памаладзееш, нанова на свет народзішся. Жыць без яе - сумна, нецікава. Праца, дамоўка, дача... Увесь час сам з сабою, са сваімі думкамі. А Іра... Нібыта з іншага свету. І нічога ніякага ў мяне не патрабуе. Радая, што прыеду, пабуду з ёю хоць нейкі час. Ды і жанчына яна... Не, не параўнаеш, не параўнаеш з Алаю. Пабыць з ёю - гэта прыемнасць, радасць».

«А можа, не ў лес, а да Іры паехаць? Расказаць ёй пра ўсё?.. Бо ў лесе цяпер... Што там? А з Іраю... Заўсёды добра. Нават калі нічога не гаворыш - маўчыш...»

«Але Іра ж не дома... На працы...»

«Хіба... Вярнуцца, патэлефанаваць?»

«Не, нядобрая гэта прыкмета - вяртацца... Ды і ехаць з раніцы да палюбоўніцы, калі ўсе працуюць... Пасля ананімкі...»

«Усё адно ўжо... Ведаюць і так пра Іру... «Донжуанскія справы»... Вядома, што меў на ўвазе Пятро Кірылавіч... Ніякіх іншых жанчын у мяне не было. І няма. Іра, адна Іра...»

...З Іраю ён, Андрэй, пазнаёміўся выпадкова. Ехаў у камандзіроўку - у Маскву. І яна таксама туды ехала. Сустрэліся ў вагоне, у купэ. Той таварыш, з якім Андрэй меўся ехаць, нечакана захварэў. І яго жонка прадала ў апошнюю хвіліну білет. А Іра - так звалі тую, што зайшла ў купэ перад самым адыходам цягніка, - яго купіла. Вядома, яна разгубілася, убачыўшы аднаго мужчыну ў купэ і даведаўшыся, што толькі ўдваіх будуць ехаць. А потым, калі ён дастаў бутэлечку каньяку, закуску, неяк быццам паспакайнела.

- Я ўпершыню ў такім купэ еду, нават не ведала, што такія, на два месцы, ёсць, - прызналася яна.

- Ёсць, начальства прыдумала, каб разам з народам не ездзіць, не чуць, што гаворыць, - пажартаваў ён. - Удваіх - гэта не ўчацвярых... Вальней можна сябе паводзіць. Ды і адпачыць, паспаць можна.

- А я думаю, чаму раптам білет даражэйшы, чым я заўсёды плаціла?..

Пачакаўшы трохі, Андрэй прапанаваў выпіць па чарачцы за знаёмства.

Іра згадзілася. Праўда, больш піць не стала, наадрэз адмовілася.

- Мяне ў Маскве чакаюць не зусім прыемныя справы... І мне трэба быць у форме, - сказала яна.

- Якія такія «не зусім прыемныя справы»? - спытаў ён.

Іра - чарнявая і надта ж выхаваная, далікатная, да таго ж зусім маладая - закусіла ніжнюю губу. Няйнакш вагалася, прызнавацца, расказваць пра ўсё шчыра яму, выпадковаму чалавеку, ці ўсё ж лепш памаўчаць, не прызнавацца.

- Ну, калі нельга... Не трэба...

- Не, чаму ж...

Іры і самой, мабыць, карцела, рупіла расказаць, падзяліцца, што ў яе на душы, што хвалявала. І яна расказала. Няўмела, збіваючыся, пераскокваючы з аднаго на другое. З усяго яе апавядання Андрэй зразумеў вось што. У Іры ёсць муж. Ён вучыцца ў Маскве. У аспірантуры. І там... Завёў сабе жанчыну. Жыве з ёю. І яна, Іра, едзе, каб злавіць мужа, што называецца, на месцы злачынства.

- Навошта вам гэта? - здзівіўся Андрэй.

- Як гэта навошта? - успыхнула, зачырванелася Іра. - Ды я яго пасля гэтага... На парог да сябе не пушчу!

- Дык і не пускайце! Але навошта ўніжаць сябе, лавіць... Аб'явіце, скажыце яму, што вы ўсё ведаеце, і... Астатняе рабіце, як вам захочацца, - параіў ён Іры. Але праз хвіліну засумняваўся ў правільнасці сваёй парады. - А, урэшце, чужую бяду, кажуць, пальцам развяду...

Доўга ў той вечар яны не клаліся спаць, гаварылі, Андрэй расказаў пра сябе. Шчыра, без усякай утайкі. Іра таксама расказала пра сябе. Была яна дачкою настаўнікаў. Скончыла політэхнічны інстытут, працавала ў архітэктурным упраўленні. Работу сваю любіла. І мужа, Алеся, таксама кахала. Думала, пражыве з ім жыццё. А ён, ледзь толькі ад'ехаўся, да другой падлабуніўся, на яе, жонку, забыў...

Іра плакала, ёй было крыўдна. Андрэй быў старэйшы за Іру. І мужчына. Таму супакойваў яе як мог. Нават узяў быў абняў, прыгарнуў да сябе. Іра не супраціўлялася. Наадварот, сказала, прыгразіла быццам:

- Вось паеду, пераканаюся, калі ён так... То і я загуляю... Нечага, некаму будзе мне сябе берагчы...

Іра была прывабная. І з твару, і станам, і так, наогул... Нідзе нічога лішняга, адна дасканаласць, і толькі. І калі гаварыла, хацелася слухаць, не зводзіць з яе вачэй.

Уранні, калі расставаліся, Іра спытала ў Андрэя:

- Вы дзе, у якой гасцініцы будзеце жыць?

Андрэй назваў.

- То я ўвечары прыйду да вас, - паабяцала яна. - Калі, вядома, праўда тое, што мне напісалі...

І прыйшла. Андрэй, каб хоць трохі супакоіць яе, зноў дастаў каньяк. Гэты раз Іра піла, прычым многа. Больш нават за яго. І ў пасцель да яго лягла. Сама.

Але Андрэй не дазволіў сабе ў тую ноч нічога лішняга, хоць Іра гатова была на ўсё. Нават патрабавала.

- Супакойцеся, не гарачыцеся...

Уранні Іры няёмка было за свае паводзіны. Андрэю таксама - думаў, пакрыўдзіцца на яго Іра. Бо быццам не зусім па-мужчынску паступіў ён з ёю. Іншы б на яго месцы не губляўся. А ён...

Больш за тыдзень жыў у Маскве ў гасцініцы Андрэй. І ўвесь гэты час жыла ў гасцініцы разам з ім Іра. Ёй у Маскве проста не было дзе спыніцца. А ехаць назад, дадому, не хацелася. Што было рабіць там, адной? Ды яшчэ ў такім стане? Калі ж вярнуліся дадому, у Менск, Андрэй пачаў наведвацца, бываць у Іры на кватэры. Спярша заязджаў, каб пагаварыць, суцешыць. Ну а потым...

З мужам, Алесем, Іра парвала ўсякія адносіны. Нават на скасаванне шлюбу заяву падала... А ён, Андрэй... Не тое што закахаўся ў Іру, а як бы прывык. Лічыў ужо за абавязак наведаць яе ледзь не кожны дзень, пагаварыць, пабыць разам. Адносіны свае яны не высвятлялі. Ім удваіх было добра, і яны даражылі гэтым. У Іры былі свае прычыны быць незадаволенай мужам, у яго, Андрэя, - жонкаю. Калі ж бывалі разам, на ўсё, на ўсё забываліся. І ў гэтым было іх шчасце, іх радасць...

...«Цікава, як бы прарэагавала Іра, каб даведалася, сказаў я ёй, што збіраюся пакінуць жонку? Ды і працу заадно, - падумаў Андрэй. - Узрадавалася б ці, наадварот, засмуцілася б?»

Машына ўехала ў лес. Замільгалі камлі елак, асін, бяроз, дубоў. Дрэвы былі яшчэ голыя, нішто нідзе не зелянела. Хіба елкі ды сосны. Але яны зялёныя заўсёды, нават зімою. Праўда, снегу і ў лесе нідзе ўжо не было. На ўзлобках-узбочынах, на санцапёку дзе-нідзе прабіваўся, вылазіў кураслеп. А ў арэшніку раптам засінела нешта, быццам вада - лужына ці азерца. Не, гэта былі пралескі. І многа-многа. Цэлая лапіна-прагаліна.

- Спыніся, - сказаў Андрэй шафёру і, як толькі той затармазіў, з'ехаўшы на абочыну, вылез з машыны і пайшоў па мяккім, яшчэ не падсохлым, мокрым леташнім лісці проста туды, дзе блакітнелі, сінелі пралескі, дзівячыся, як ціха ў лесе - птушкі і тыя маўчалі, яшчэ, можа, і не прыляцелі.

 

2

 

Не, ён памыліўся. Лес ужо жыў сваім актыўным, багатым вясновым жыццём. Стракатала сарока, чэкаў дзяцел. Ды і дрозд абзываўся ў хвойніку. Гугалі галубы. Нават мурашнік, што трапіўся на вочы, і то варушыўся - выпаўзалі, грэліся на сонцы пакуль яшчэ надта ж павольныя і вялыя пасля зімовай спячкі мурашкі. Цёк сок-бярозавік, і свежыя бярозавыя пні былі мокрыя, быццам іх хто знарок паабліваў вадою.

Згадалася, успомнілася: ён, Андрэй, некалі любіў гэтую раннюю вясновую пару. І нецярпліва яе чакаў. Як толькі сыходзіў снег - спяшаўся ў лес. Падсякаў тоўстую карыстую бярозу, што расла на ўзлеску, пускаў сок. І насіў яго дадому вёдрамі, зліваў у бочку. У гэтую бочку маці кідала падсмажаны ў печы хлеб, сыпала ячмень. І сок настойваўся так тыдняў колькі. А потым пілі яго, халодны - аж зубы ламала, - варылі квасоўку...

Не толькі бярозавік цягнуў, вабіў Андрэя. Цягнуў, вабіў сам лес. Без яго Андрэй проста не ўяўляў свайго жыцця. Лес акружаў вёску, у якой ён, Андрэй, нарадзіўся, з усіх бакоў. І ніколі не маўчаў - заўсёды шумеў. Улетку і ўзімку, вясною і ўвосень. То тужліва, гнеўна, то лёгка, бесклапотна, амаль весела. У лес Андрэй бегаў па шчаўе і ягады, па грыбы і арэхі, па жолуд і лісце на подсціл карове, ездзіў па дровы і жэрдкі на плот. Цяпер, вядома, лес ужо не той, што быў. Некалі ён гаманіў з небам. А якія высозныя, стройныя раслі сосны, ясені! Шапка звальвалася, калі задзіраў галаву - хацеў паглядзець на вяршыню! Ды і дубнякі, беразнякі якія былі! На некалькі кіламетраў як веяныя стаялі: бярозы - дык бярозы, дубы - дык дубы! І арэшыны вырасталі такія, што не нагнуць: лезці як на дрэва трэба было, каб дастаць арэхі. Заглыбішся выпадкам у нетры, непралазь - неба не відаць. І канца-краю нідзе. Можаш дзень ісці, два, тры... А колькі птушак, звяроў самых розных пладзілася! Не злічыць... Здавалася, вечна было тут так, вечна так і будзе. Аж не. Асушылі балоты, спрамілі рэчкі і рачулкі, пракапалі канавы, праклалі дарогі. І лес проста на вачах пачаў знікаць - яго валілі, рэзалі, тралявалі, вывозілі да чыгуначных станцый. Гупалі, падалі вобземлю дубы, бярозы, сосны, кляны, ясені. Адну дзялянку агалялі, браліся за новую... Нішчыўся маладняк, палілася галлё, усё, што дзе ні расло, цвіло. Сыходзілі немаведама куды дзікія звяры, прападалі птушкі...

«Не тое, не тое цяпер Палессе, - шчымела, як ад болю, у Андрэя сэрца, калі ўспамінаў свае наезды дадому, у вёску. - Раней лясы нішчылі... А цяпер за балоты ўзяліся... Экскаватары, бульдозеры, скрэперы пераварочваюць усё, што вякамі некранутае ляжала. Пракладваюцца каналы, з багны, непралазі палі, лугі робяцца... А да чаго гэта прывядзе? Нельга ж вымяраць усё толькі карысцю, выгадаю. Ёсць яшчэ і тое, без чаго быццам шчасце і радасць - не шчасце, не радасць. Ну хоць бы гэтая самая кветачка, пралеска. Няма яе - і вясны быццам няма...»

Стаяў Андрэй у лесе, глядзеў на пралескі, што, нібы кавалачкі неба, сінелі тут і там, любаваўся імі.

«Хіба ўзяць ды букецік нарваць? Іры завезці, - прыйшло ў галаву. - Яна, напэўна, яшчэ і не ведае, што пралескі зацвілі. Ды і я не ведаў бы, каб у лес не паехаў».

І зноў паплылі ўспаміны - пра родныя мясціны - Палессе, пра маці, Іру...

«Якое ўсё ж дзіўнае жыццё, - думаў Андрэй. - Жыў я ў вёсцы - душа ў горад ірвалася, туды, дзе я не быў і куды так хацелася. Зараз жыву ў горадзе - душа ў вёску рвецца, на Палессе... Чаму ў мяне такая дваістасць? І не толькі ў гэтым, а ва ўсім... З Алай жыву, а душа рвецца да Іры... Працую на адказнай пасадзе, а хочацца вызваліцца ад яе, быць не начальнікам, а проста чалавекам, вучоным. Няўжо ва ўсіх так? Ці толькі ў мяне?»

«Гэта, мусіць, таму, што няправільна жыву. Заблытаўся ў цянётах. А парваць іх... Сілы не хапае, рашучасці... Не за сваё я ўзяўся».

«А што сваё, правільней, тваё?»

«Сказаць так адразу - не скажаш. Але што не маё ўсё тое, што раблю, чым жыву, - гэта факт... І Эльвіра Барысаўна, і Ала, і іх кватэра, дом... Ды і праца. Колькі памучыўся, пакуль прывык не рабіць, а вырашаць... А рашэнні гэтыя не што іншае, як бюракратычныя рагаткі. Бо як жа рашаць, калі не ведаеш думкі тых, хто над табою? А тыя, хто ніжэй па службе, таксама нічога не рашаюць. Яны на мяне спадзяюцца, а я на тых, хто нада мною. У выніку - усё адкладваецца, чакаецца, пакуль нехта зверху не скажа, што і як рабіць... І з перабудовай гэтай. Гавораць, гавораць, а што канкрэтна рабіць - ніхто не ведае. Быццам - сам думай, рашай... А паспрабуй рашы, ды яшчэ не так, як трэба?.. Вось усе і чакаюць указанняў зверху. Прывыклі ж так. А правільней - прывучылі... А перавучвацца... Ох, нялёгкая гэта справа. Ды і паспрабуй самастойнасць у чым-небудзь паказаць. Праверкі пачнуцца, высвятленні... Зацягаюць... І хто? Якраз тыя, хто ні пра якую перабудову не думае... На якое ліха здалося мне ўсё гэта?.. Пакіну пасаду і клопату ніякага мець не буду, буду жыць так, як хачу...»

«Э-э, надта ж ты хітры! А ці ведаеш, што так, як хочаш, жыць усё адно не будзеш... Тут ты слухаўся большых за сябе начальнікаў, там, ніжэй, будзеш слухацца меншых. Такога не бывае, каб нідзе нікога не слухацца...»

«З пасады ўсё адно пайсці давядзецца. Калі не па сваёй волі, дык прымусяць».

«Чаму гэта? Што ананімка паступіла?.. Дык не першая ж і, як у начальства кажуць, дай Бог, каб і не апошняя...»

«Тады мяне ратавалі. Арцём жа Гаўрылавіч, цесць, на пасадзе быў...»

«А адкуль ты ўзяў, што цяпер ратаваць не будуць? Можа, ананімка тая і напісана знарок, каб памяркоўны, больш пакладзісты быў, не такі яршысты, упарты. Каб слухаўся Эльвіры Барысаўны, Алы ды іншых. А то... Самастойнасць пачаў паказваць, непаслухмянасць... А гэтага не любяць. Любяць, каб начальнік быў рахманенькі, ціхенькі, зручненькі ўсім... І большаму начальству, і меншаму, і падначаленым... А тым больш сваім, сямейным... А можа, праверыць сёй-той хоча, ці моцна я сяджу? Як кажуць, пахістаць. Асабліва ў сувязі з адыходам на пенсію Арцёма Гаўрылавіча. І не здавацца трэба, не падымаць рук угору, а абараняцца...»

«Дзеля чаго абараняцца? Каб зноў на пасадзе сядзець, папіхачом у Эльвіры Барысаўны ды і ў іншых быць?»

«А калі заяву падам, атрымаецца ж, быццам мяне... Папрасілі, прагналі...»

«Ну і што? Розніца якая?»

«Усё ж... Сам пайшоў, не захацеў працаваць - гэта адно. І зусім іншае, калі мяне... Ну, папросяць, вызваляць... Можа, усё ж не пароць гарачкі, не спяшацца? Пачакаць, пакуль ананімку тую правераць, прысуд вынесуць? А тым часам... Як іншае начальства робіць. У бальніцу схавацца, паляжаць. Ці... У адпачынак пайсці».

«У бальніцу схавацца? Але ж... Ніякай хваробы няма, хіба праверыцца. А ў адпачынак... Ранавата».

«Што значыць ранавата? Абавязкова на мора ехаць, у дом адпачынку? А калі да маці... У вёсцы пажыць... Паглядзець, што там цяпер і як... Працу новую падшукаць...»

«Вось гэта бадай што правільна. Бо так адразу ўсё кінуць-рынуць... І астацца без нічога... А так я... Тым часам і ананімку правераць. Ды і Ала, Іра... Няхай без мяне пажывуць. А я - без іх. Разбяруся ў сваіх пачуццях. Бо тут... Знаёмае кола, часам механічна, як заведзены, кожны дзень паўтараеш тыя самыя хады...»

Думка - узяць адпачынак, паехаць да маці ў вёску здалася слушная. І так і гэтак паварочваў яе Андрэй у сваёй галаве, хочучы ўведаць, прадбачыць выгоды таго, што чакае яго, калі ён возьме адпачынак, з'едзе хоць на нейкі час з горада.

«Пагляджу, як там, дома, цяпер, - адвык жа я ад вёскі. Ды і па лесе пахаджу, абдумаю ўсё да драбніц. Часу ж будзе даволі... З начальствам калгасным пазнаёмлюся... Акунуся ў праблемы іхняга жыцця... Супастаўлю з тымі, што ў горадзе... І выберу тое, што трэба мне, што бліжэй... А то неяк па-дзяцінаму - падаць заяву і... Астацца без усяго ўсякага, з нуля, можна сказаць, жыццё пачынаць».

Нагнуўся, пачаў збіраць кветкі. Але рабіў гэта як бы механічна - галава была занята іншым, - уяўлялася, малявалася жыццё там, у вёсцы, на радзіме.

«Вуды куплю. На рыбалку хадзіць буду. Ды і праца. Дома, на матчыным падворку, у калгасе. А галоўнае - думаць, думаць... Думаць пра тое, як жыў і як трэба было жыць, а я...»

У вачах паўстала вёска - вялікая, з доўгаю шырокаю вуліцай, што цягнулася між балот і алешніку кіламетры на два і паабапал якой стаялі хаты, платы, сады... Родная, дарагая вёска, дзе знаёмы кожная сцежка, кожны пагорачак, кожная лапінка поля, лугу, лесу. Сходжана ж, стоптана ж, перамерана ж нагамі там удоўж і ўпоперак усё-ўсё, і не раз, не два, а па сотні, тысячы разоў. Бо ён, Андрэй, гульма ніколі не гуляў, ніколі не цураўся працы - араў, баранаваў, абганяў бульбу, палоў грады і лён, пасвіў кароў, касіў, гроб сена, зносіў і звозіў снапы, салому. Як выдараўся вольны ад вучобы час - так і ішоў рабіць работу. І людзі яго, Андрэя, пэўна ж, помняць, ведаюць. Ды і ён таксама людзей...

«Не тое, зусім не тое, што ў горадзе... Тут цябе ніхто не ведае і ты нікога. А там... І мяне, і маці маю ведаюць. Ды і бацьку, дзеда, бабу. Што мне, урэшце, трэба? Кавалак хлеба, конаўка малака. А ўсё астатняе, да чаго імкнуўся, да чаго рвалася калісьці душа... Зведаў ужо я, добра зведаў...»

Зрабілася неяк горка, сумна.

«Гэта ж трэба так змарнаваць столькі гадоў жыцця. І ад зямлі адарваўся, і неба не дастаў. А ўсё таму, што з жаніцьбай, працай не пашанцавала. Бяздумна я жыў, У будучыню не глядзеў. Далей носа свайго нічога не бачыў. А жыццё... Яно жорсткае. І памылак не даруе. Якіх бы і хто калі б ні рабіў... І думаць, ох як думаць трэба, перш чым што-небудзь рабіць... Нават - перш чым брацца рабіць... І гарачыцца, спяшацца...»

«Вось, вось... І таму... Не спяшайся падаваць заяву на звальненне, пакідаць дом Арцёма Гаўрылавіча... Падумай, добранька падумай, узваж усе за і супраць.

«Будзе час падумаць. Месяц цэлы. Пайду ў адпачынак і... думаць буду... Ніхто, нішто там мне замінаць не будзе...»

Зноў пачаў уяўляць сваё жыццё дома, у вёсцы. Уранні - снеданне, прыгатаванае мамай у печы. Дранікі ці аладкі, засквараныя салам, з грыбамі булён, яечня, смятана... Нават не смятана, а зняты з гладышкі вяршок... На запітак - сырадой... Абед таксама дома, у матчынай хаце - упрэлая ў печы капуста, каша ці бабка... Работа ў полі, на лузе, у лесе. А ўвечары - тэлевізар, кнігі, газеты... Зрэдку - кіно...

«Што, што яшчэ мне трэба? Жыві ды радуйся».

«А Іра, Ала як жа?»

«Не прапалі, то і не прападуць... Ала хутка новага жаніха сабе знойдзе, замуж выйдзе... А Іра... Ці кахае яна мяне? Сышлася са мною, каб мужу адпомсціць... А як у яе з ім? Нічога, ані не гаворыць. Колькі ні спрабаваў хоць што высветліць... «Не псуй мне настрою», - скажа. І заплача».

«Мусіць, мучыцца, перажывае, што не так, як хацелася, у яе ўсё склалася. Асабліва калі кахала, кахае яго...»

Паглядзеў на букецік пралесак - кволых, на тонкіх, амаль празрыстых, з пушком, ножках, які нарваў, выбіраючы па адной самыя, як яму здавалася, лепшыя, прыгажэйшыя кветачкі. І быццам засаромеўся...

«Мне дарагія яны, бо маленства, дамоўку напомнілі... А ёй... Што я пра яе ведаю? Ды і ці каханне гэта ў нас?.. Сышліся пакрыўджаныя, неабагрэтыя... Як тыя крыгі ў крыгалом... Сышліся і, відаць, разыдземся...»

Пальцы неяк самі сабой расчапіліся, і кветкі адна за адной пачалі падаць са жмені на дол, на леташняе, мокрае, неабсохлае яшчэ пасля зімы лісце...

«Мабыць, правільна гэта... А то... Быццам пятнаццацігадовы юнак... Букецік пралесак нарваў... Расчуліўся...»

Павярнуўся і, не азіраючыся, хутка, амаль подбегам заспяшаўся да машыны.

 

3

 

Шафёр, наваліўшыся грудзьмі на руль, спаў.

«Цікава, што ён уночы робіць? Бо спаць, ды яшчэ з самай раніцы... Хаця... Малады ж, ажаніўся нядаўна...»

Ляснуў дзверцамі машыны, шафёр у тую ж хвіліну прахапіўся, залыпаў вачыма.

- Едзем, - сказаў Андрэй.

- У горад? - спытаў шафёр, заводзячы матор.

Андрэй кіўнуў галавою. І, як толькі машына развярнулася, выехала на асфальт, адкінуўся на спінку сядзення, заплюшчыў вочы, зноў задумаўся.

«Мусіць, правільна гэта - пайсці ў адпачынак. А там... Відаць будзе, што і як рабіць».

Уявіў, як узрадуецца маці, калі ўбачыць у хаце яго, сына, ды яшчэ пачуе, што прыехаў не на дзень, не на два, а на ўвесь месяц. Якраз жа вясна. «І соткі памагу пасеяць, ды і двор, хату, хлеў агледжу, да ладу давяду. А то... Каторы год ужо без мужчынскага вока, належнага догляду».

«Як памёр бацька, дык і...»

Успомніўшы бацьку, паківаў сумна-сумна галавою.

«Трэба было мне ўсё кідаць і ратаваць яго. У горад, да сябе прывезці, усіх, каго толькі можна, на ногі падняць, калі пачуў, што захварэў ён. А я... «Ці мала чаго жывот баліць?» Якраз жа на пасаду быў заступіў, то шчыраваў, ні на гадзінку нікуды не адлучаўся. А ў бацькі, як пасля выявілася, рак. Ніхто ніколі не хварэў на гэтую хваробу ў іхняй вёсцы, і раптам... Спахапіліся, ды... Позна ўжо было. Згас бацька за якога паўгода...»

«Помнік на магіле даўно трэба было б паставіць...»

Прыгадаў, як хацеў бацька вывучыць яго, Андрэя, каб не з працы рук хлеб еў, а з навукі.

- Можа, лягчэйшы, не такі горкі той хлеб будзе, як у мяне быў, - казаў бацька. - Бо я... Крывавым мазалём яго ўсё сваё жыццё зарабляў. То калектывізацыя была, то вайна, то пасляваенная безладзь... Вучыся, сынок, хоць ты пакаштуй іншага хлеба...

І нічога ані не шкадаваў, каб ён, Андрэй, вучыўся.

«А я, як памёр бацька, ні разу і на магілу яго не схадзіў...»

Прыкра, не па сабе на душы зрабілася.

«Няхай, цяпер схаджу... Якраз жа і Радаўніца будзе».

Успомніў - свята гэта спраўлялі ў іхняй вёсцы штовясну - хадзілі на могілкі сем'ямі - і старыя, і маладыя. Неслі з сабою гарэлку, віно, сыту, самую розную, якая толькі была ў каго, яду. І там, на могілках, наплакаўшыся і паўспамінаўшы ўволю нябожчыкаў, рассцілалі абрусы, раскладвалі хто што браў, захапіў з дому. Частаваліся самі, частавалі і нябожчыкаў.

«Цікава, ці спраўляюць цяпер там, у нас, у вёсцы, Радаўніцу? Многае ж, што раней было, забываецца, гіне, адыходзіць разам са старымі людзьмі. І не толькі прылады працы, але і звычаі. Вынішчэнне лесу, асушэнне балот далі Палессю зусім іншае жыццё. Ды і людзей новых шмат наехала. А яны... Не заўсёды ўспрымаюць тое, што вякамі сярод людзей тутэйшых было. Імкнуцца сваё, што ім блізка, што змалку засвоена, захаваць. І таму ў вёсцы... Цікава будзе за ўсім паназіраць... Ды і пажыць... Месяц, вядома, не такі вялікі тэрмін, але і яго даволі, каб сёе-тое ўбачыць, зрабіць вывады. Ды і разабрацца, што на душы, што ў думках. Бо тут, у горадзе, у штодзённай мітусні, клопаце...»

Адчуў - ён, Андрэй, стаміўся. Стаміўся ездзіць штодзень на працу і з працы, прымаць і выслухоўваць людзей, тэлефанаваць то таму, то іншаму, адно ўзгадняць, другое «прабіваць», сядзець гадзінамі, а то і днямі на нарадах, рыхтаваць справаздачы і розныя дакументы, падпісваць іх. А галоўнае - стаміўся ад таго, што карысці, толку ва ўсёй гэтай мітрэнзе, мітусні не бачыў. Ды і адносіны ў сям'і, адносіны з Ірай - таксама стамлялі. Здаецца ж, і не стары яшчэ чалавек, а пачалася па начах бяссонніца...

«Вядома, калі няма злагады на душы, калі думкі, неспакой не пакідаюць ні ўдзень, ні ўночы - чаго ж іншага чакаць? І калі я не хачу атрымаць інфаркт ці інсульт... Трэба ратавацца. Завесці нармальную сям'ю, мець нармальную работу. Ды і жыць нармальна... Ва ўсякім выпадку не так, як жыву...»

Расплюшчыў вочы, паглядзеў, дзе едуць. Ехалі на полі, у калідоры бярозавых абсадаў. Бярозы былі яшчэ голыя. Праўда, голле іх набракла, пацяжэла - наліваліся, таўсцелі пупышкі. Дзень разгульваўся, набіраў сілы - адчувалася: спякота будзе зноў такая ж, як і ўчора, пазаўчора.

«Не па часе гэтая спёка. Каторы ўжо дзень. А яшчэ ж не адсеяліся. Дый зеляніны няма. Не, не на дабро гэта».

«А што на дабро? - узнікла ў галаве раптам думка. - Ала? Эльвіра Барысаўна? Іра? Ананімка? Ды і думкі мае пра пасаду, працу, сям'ю?»

Успомніўся выпадак - прыйшла да яго на прыём супрацоўніца ў першы ж дзень, калі яго прызначылі на пасаду. Маладая, мілавідная. Нават, як здалося, прыгожая. І расплакалася ў кабінеце, рады пачала прасіць, як ёй з мужам быць. «П'е ён, жыць не магу больш», - прызналася яна. «Дык вы на скасаванне шлюбу падайце, развядзіцеся», - параіў, нядоўга думаючы, ён. «А як жа дзіця без бацькі?» - узмалілася, аж загаласіла маладзіца. «Тады не разводзьцеся, жывіце». - «Дык жа жыць няможна!» - «Ну, а лячыць не спрабавалі?» - як за выратавальны круг ухапіўся ён, Андрэй. «Не хоча!» - «А вы ў міліцыю звярніцеся, сілаю забяруць, палечаць». - «А ён вернецца ды што са мною зробіць? Ён жа і забіць можа». І што б ён, Андрэй, ні раіў, у маладзіцы на ўсё гатовы адказ быў. Хоць у пятлю лезь, здавалася, выйсця нідзе ніякага не было.

«Так і ў мяне цяпер, - падумаў Андрэй. - Куды ні кінь - усюды клін. Дамоўка хіба адна асталася, вёска, маці... І трэба, мусіць, не марудзіць - загад на адпачынак напісаць, ускласці свае абавязкі на намесніка, Клінцова... Рамана Мітрафанавіча...»

Зноў як бы ачуўся, вочы расплюшчыў, успомніўшы свайго намесніка. Галавою ў такт сваім думкам-развагам паківаў.

«Цікавы гэты тып - Клінцоў. Культурны, далікатны, ветлівы, лагодны - хоць да раны прыкладай. Мухі, здаецца, і то не пакрыўдзіць. І рухавы, жвавы - усё ходзіць з кабінета ў кабінет, то да аднаго, то да другога. Гаворыць, шэпча. Аднаму адно, другому - другое. І быццам з усімі аднолькава шчыры. Паслухаеш яго - і яму нешта скажаш, адкрыешся. А ён, пачуўшы тое, што ты сказаў, далей панясе. І так цэлую мярэжу сплёў. Ды дзе сплёў - у яго ўсе людзі быццам марыянеткі, - ён тузае іх за ніткі, а яны... Робяць тое, што яму, Раману Мітрафанавічу, трэба. І ўсіх трымае ў кулаку, у напружанні, бо не ведаеш, за якую нітку і калі ён каго пацягне. Не выключана, што і ананімкі не хто-небудзь, а ён папісвае... То на аднаго, то на другога. Дажыліся ж - ніхто шчыра праўды не гаворыць. Куды прасцей - ананімку напісаць. І на мяне, бачыш, зноў напісалі. Няйнакш Раман Мітрафанавіч шчыруе. Раней яму ўсё, што хацеў, удавалася. Быў звычайны супрацоўнік. Але вось паступіла ананімка на загадчыка аддзела, у якім працаваў Раман Мітрафанавіч. Ананімку праверылі, частка фактаў пацвердзілася. Загадчыка знялі. На яго месца прызначылі Рамана Мітрафанавіча. З год папрацаваў. Паступіла ананімка на намесніка дырэктара, які курыраваў аддзел Клінцова. Зноў - частка фактаў пацвердзілася, частка - не. Але паколькі намеснік быў пенсійнага ўзросту, выправілі яго на пенсію. Месца намесніка заняў Клінцоў. Мабыць, «рука» ў яго недзе ёсць, - вёў свае думкі-развагі далей Андрэй. - Інакш не рухаўся б так імкліва наперад, не пракладваў бы, быццам палашом, ананімкамі сабе дарогі. А калі б і рухаўся, дык не такім шляхам. Цяпер вось рот разявіў і на маё месца. А што - Арцёма Гаўрылавіча няма, няма каму мяне бараніць, то чаму б і не паспрабаваць? Я пайду ў адпачынак і развяжу Клінцову рукі. А ён не паскупіцца, каб ачарніць. Ды і не «чысты» я».

«А хто бездакорны, не мае заган? Сонца - і тое, кажуць, з плямамі».

«Усё быццам так, правільна. Але... Заганы ад заган розняцца і плямы ад плям. Што ж да мяне... Сам бачу, не так я павінен быў жыць, як жыву, не такія павінны быць кіраўнікі, як я... І калі надумаў рашуча парваць...»

«Але ж гэта... Зусім развязаць рукі, адкрыць дарогу Клінцову?»

«Адкуль ты ўзяў, што Клінцоў зойме тваё месца? Ды і ананімка тая... Можа, хтосьці іншы яе напісаў, а не Клінцоў? Якія падставы, каб абвінавачваць? Інтуіцыя? Але ж інтуіцыя не доказ. Гэта ўсяго толькі падазрэнне. А падазраваюць жа заўсёды найперш свайго непрыяцеля. А ён бывае і невінаваты. Ды і якая розніца, хто зойме тваё месца, прыйдзе табе на змену?»

«Усё ж лепей, каб добры чалавек прыйшоў. Бо калі прыйдзе горшы...»

«Не той цяпер час. Перш чым ставіць каго кіраўніком, думаюць, глядзяць з розных бакоў».

«Заўсёды глядзелі. А хто, якія выпадковыя людзі траплялі на пасады? Потым іх абвінавачвалі, давалі вымовы, выключалі з партыі, некаторых судзілі... Але колькі бяды, непрыемнасцей яны паспявалі натварыць! А ўсё чаму? Таму, што галоснасці не было, шчырасці, праўду людзі развучыліся гаварыць адзін аднаму. Ды і ў людзей, з кім будучы кіраўнік працаваў, не пыталі, думкай калектыву пагарджалі. Вось і апыналіся ў кіраўніцтве выпадковыя людзі. Як, дарэчы, і я апынуўся...»

Машына ўехала ў горад - пачаліся скрыжаванні вуліц, семафоры, тармажэнні, потым раптоўныя рыўкі наперад, набіранне хуткасці, абгоны. Андрэй, адкінуўшыся на спінку сядзення, чакаў, калі скончыцца дарога, язда, каб вылезці з машыны, падняцца ў свой кабінет і, не адкладваючы на заўтра, напісаць сёння ж загад на свой адпачынак.

 

4

 

Люся - Людміла Апанасаўна была на месцы, сядзела за сваім сталом. Але па яе выгляду адчувалася - яна нецярпліва чакае свайго начальніка - яго, Андрэя. І як толькі ён адчыніў дзверы, зайшоў у прыёмную, яна падхапілася, пабегла яму насустрач, зашаптала:

- Андрэй Анісімавіч, вас шукаў Дзямід Станіслававіч!

Дзямід Станіслававіч - гэта быў новы начальнік, якога прызначылі на месца Арцёма Гаўрылавіча. Андрэй яго трохі ведаў - сустракаліся на розных пасяджэннях, у розных прыёмных. Міла адзін аднаму ўсміхаліся, паціскалі рукі. Уласна, яны не залежалі адзін ад аднаго, і таму, як і звычайна ў такіх выпадках, лёгка было падтрымліваць між сабою добрыя чалавечыя адносіны. Дзямід Станіслававіч быў зусім малады, энергічны. Калісьці ён працаваў сакратаром райкома камсамола, потым пачаў, і даволі імкліва, рухацца па службовай лесвіцы вышэй. Гэтаму спрыяла не так уменне працаваць, як казалі, некаторыя знаёмствы з сім-тым, хто займаў больш высокае становішча. Да таго ж Дзямід Станіслававіч скончыў Акадэмію грамадскіх навук у Маскве.

- Сам тэлефанаваў? - спытаў Андрэй.

- Сам. Праз некалькі хвілін, як вы паехалі. Сказаў, каб, калі вернецеся, патэлефанавалі яму.

- Добра, добра, - на хаду адказаў Андрэй, кіруючыся ў свой кабінет. - Больш важных званкоў не было?

- Здаецца, не.

Зачыніў за сабою дзверы, зняў лёгкі летні плашчык, з якім не расставаўся, выходзячы на вуліцу вясною, павесіў у шафу, што была ўманціравана ў сцяну.

«Цікава, што яму трэба? - падумаў. - Відаць жа, размова тэт-а-тэт, калі тэлефанаваў сам. Інакш сакратарка выклікала б. А можа, - гэта новы стыль? Вядома, мне першаму трэба было яму патэлефанаваць, павіншаваць з новай пасадай. Бадай, і патэлефанаваў бы, калі б... Дзямід Станіслававіч заняў не пасаду цесця - Арцёма Гаўрылавіча, а нейкую іншую. А так... Быццам няёмка было. Яшчэ за падхаліма палічыць. А цяпер, калі мінула некалькі тыдняў... Ці віншаваць яго, ці прамаўчаць?»

Прайшоў сюд-туд па кабінеце.

«Усё ж лепш, мабыць, павіншаваць. Бо інакш... Можа мяне няправільна зразумець. Урэшце, язык не адваліцца, калі павіншую. Тым больш не знарок жа я тэлефаную дзеля гэтага».

Падышоў да тэлефона, зняў слухаўку, пачаў набіраць нумар. І ўсё ж нешта стрымала яго. Набраўшы дзве лічбы, раптам паклаў назад на апарат слухаўку.

«Куды я спяшаюся? Падумаць трэба, што і як гаварыць. А тым часам... Іры патэлефаную. Можа, увечары заеду да яе».

Іра працавала непадалёку. У яе быў свой кабінет і свой тэлефон. Таму праблемы звязацца не было ніякай. Да таго ж яна заўсёды была вельмі дысцыплінаваная - амаль не пакідала свайго рабочага месца ў час працы - акуратна выседжвала тыя гадзіны, што належала. Ды і працы, як яна сама прызнавалася, хапала. Набраўшы нумар тэлефона, Андрэй пачуў знаёмы голас:

- Алё.

Ёкнула сэрца.

- Гэта ты? - расплыўся ва ўсмешцы Андрэй.

- Я, - адказала Іра. Але не так, як заўсёды - гулліва, весела, а неяк стрымана, адчужана, нават як бы груба, са злосцю.

- У цябе людзі? - спытаў Андрэй, не прывыкшы да такога тону.

- Не, я адна.

- Даруй, голас нейкі не такі, як прывык я чуць. Я хацеў бы цябе сёння бачыць, - сказаў Андрэй.

- А я цябе не.

- Што такое? - занепакоіўся, асекся Андрэй.

- Нічога, проста не хачу цябе бачыць, і ўсё.

- Чаму, што здарылася?

- Нічога, я ж сказала ўжо, проста не хачу цябе бачыць, - адказала Іра з раздражненнем і паклала слухаўку.

Гэта было нешта новае. І сама размова, і тон, якім Іра гаварыла, і тое, як яна раптам, не выслухаўшы яго да канца, паклала слухаўку.

Андрэй нейкі час сядзеў, бы абліты варам, не ведаючы, што рабіць. А галоўнае - прычыны раздражнення, злосці не ведаў, не мог здагадацца, што ж здарылася, чаму Іра, якая заўсёды так рада была кожнаму яго званку, не гаворачы ўжо пра сустрэчы, раптам змяніла да яго свае адносіны. Не вытрымаў - набраў зноў Ірын нумар.

- Іра, што здарылася? Можа, я прыеду да цябе, разбяромся? Табе хто чаго нагаварыў? - выпаліў ён у слухаўку.

- Ты што, чалавечай мовы не разумееш? Я ж сказала - не хачу цябе чуць, не хачу бачыць. І ехаць да мяне не смей - не пушчу ў кватэру. А то і скандал на ўвесь дом падыму, - ужо не гаварыла, а крычала ў слухаўку з яўнай варожасцю Іра. - Не прыставай. І больш не тэлефануй, не прыязджай. Чуць і бачыць цябе не хачу.

І зноў паклала слухаўку.

«Патэлефанаваць яшчэ раз? Але што, што казаць ёй? Зноў упрошваць на сустрэчу, зноў у нечым пераконваць, калі Іра і слухаць, чуць мяне не хоча? Няўжо хтосьці чаго нагаварыў? Але хто, чаго?»

«А можа, пра ананімку ёй стала вядома? - успомніў раптам Андрэй. - Але ж... Пры чым тут Іра?»

«Як гэта пры чым? Ёй таксама ж непрыемнасць. Ды калі яшчэ нейкі дурань папрок ёй зрабіў, прысарамаціў, маўляў, у чалавека сям'я, а ты... Навошта разбіваеш? Ці яшчэ што-небудзь не вельмі разумнае сказаў?»

Зноў набраў Ірын нумар тэлефона.

- Іра, прабач, я не хачу быць назойлівым. Але... - уздыхнуў з адчаем Андрэй. - Я хацеў бы ўсё ж ведаць, што здарылася. Не спяшайся класці слухаўку, скажы хоць што-небудзь...

- Я ж сказала табе, нічога не здарылася. Проста ты мне абрыд.

- Як ты можаш такое? Ты няпраўду гаворыш. Скажы, у чым справа? Можа, пра ананімку табе стала вядома?

- Якую ананімку? - на хвіліну як бы зацікавілася Іра. Але толькі на хвіліну, бо ў наступны момант раптам зусім узарвалася, абурылася. - Не загаворвай мне зубы! І не тэлефануй больш.

Іра з раздражненнем і злосцю паклала слухаўку.

Тэлефанаваць больш Андрэй не стаў.

«Значыцца, не ананімка прычына. А што?»

Хадзіў сюд-туд па кабінеце, думаў.

«Лепш бы не тэлефанаваў я ёй. Ды яшчэ перад размовай з Дзямідам Станіслававічам. Не шанцуе мне сёння нешта зусім. І Пятро Кірылавіч непрыемнасць сказаў... І Іра... Няўжо і Дзямід Станіслававіч нешта таксама такое ж падрыхтаваў?..»

Размова з Ірай не давала засяродзіцца на нечым іншым - думкі зноў і зноў вярталіся да яе.

«Што, што здарылася?»

Хадзіў Андрэй па кабінеце, думаў, здагадкі розныя строіў, але здагадацца, што віною таму, чаму Іра нават гаварыць з ім не захацела, так і не змог.

«Мусіць, нехта нешта нагаварыў... І трэба ж, у той час, калі якраз ананімка паступіла. Ды і ў самога наспела на душы жаданне перамен...»

«А можа, гэта і добра? Адным махам, як кажуць, семярых забіяхам. І з Алай, домам Арцёма Гаўрылавіча расстануся, і з пасадай, і з Ірай...»

Не, што-што, а расставацца з Ірай не хацелася. Якраз менавіта яна ў апошні час яго ратавала, без яе ён ужо не мог жыць. Ці кахаў ён Іру? Над гэтым Андрэй не задумваўся. Ведаў - яму добра з Ірай, і ўсё. І цяпер... Нават быццам самалюбства закраналася - не ён Іру кідае, а яна яго, яна не хоча яго бачыць, сустракацца...

«Чаму, чаму?» - мучыла, сядзела цвіком у галаве пытанне. Было крыўдна - здавалася ж, самыя блізкія людзі, і раптам... Чаму б не сустрэцца, не пагаварыць, не расказаць шчыра пра ўсё. І калі сапраўды ён, Андрэй, у нечым вінаваты... Тады іншая справа. А то ж... Слухаць не хоча... Была такая ласкавая, вясёлая, заўсёды радая кожнаму яго званку, кожнай сустрэчы, нават слову. І раптам... Нібы яе падмянілі, муха шалёная ўкусіла...»

«Трэба будзе патэлефанаваць ёй, высветліць усё... Бо пакідаць так... А лепш за ўсё заехаць, пагаварыць...»

«Але ж Іра сказала, каб і нагі маёй больш не было ў яе».

«Неабавязкова на кватэры ў яе сустракацца. Можна і ў не вельмі бойкім кафэ... Ці ў парку, у лесе... І неабавязкова сёння... Лепш пачакаць, калі злосць адхлыне...»

«Вядома, добра было б, каб так... Але... Колькі чакаць? Дзень, два, тры?.. Ды і загад на адпачынак думаў сёння ж напісаць, не адкладваць...»

«Сёння і так нялёгкі дзень... А яшчэ ж... І Дзямід Станіслававіч прасіў патэлефанаваць...» - успомніў раптам Андрэй пра тое, пра што сказала, як толькі ён зайшоў у прыёмную, Люся.

Вярнуўся да свайго стала, сеў у крэсла.

«Хіба патэлефанаваць?»

Злавіў сябе на тым, што тэлефанаваць не хацелася - рукі быццам прыраслі да стала, не адарваць, не падняць іх.

«Можа, няхай пазней патэлефаную, - падумаў. - Ці... На заўтра размову адкладу. Скажу, заняты быў».

«Але ж... Вышэйшае начальства не любіць, калі яму не ў час тэлефануюць. Калі сказана, дык... Кроў з носа, а давай, не адкладвай. А тут яшчэ... Упершыню ж тэлефануе... Ды і... На месцы Арцёма Гаўрылавіча Дзямід Станіслававіч...»

Тэлефанаваць трэба было сёння. І не адкладваць на пазней, а цяпер, зараз жа. Інакш...

І Андрэй, хоць яму і не хацелася гэтага, пачаў нягнуткімі, амаль мёртвымі, драўлянымі пальцамі набіраць нумар тэлефона Дзяміда Станіслававіча.

«Можа, яго і на месцы няма, - супакойваў сябе, закідваў наперад як бы выратавальны круг Андрэй. - І я... Толькі хвалююся дарэмна».

 

5

 

Дзямід Станіслававіч быў на месцы. І як толькі Андрэй набраў патрэбны нумар тэлефона, у трубцы пачуўся знаёмы зычны бадзёры голас:

- Алё.

У Андрэя ўсярэдзіне быццам што абарвалася.

«Трэба ж», - падумаў і ў наступную хвіліну, удыхнуўшы на поўныя грудзі паветра, амаль што пракрычаў:

- Дзямід Станіслававіч, добры дзень. Па-першае, дазвольце вас павіншаваць з новай пасадай, а па-другое...

Ён не паспеў сказаць, што «па-другое», бо яго перапынілі.

- Выбачайце, хто гэта?

- Андрэй Лобач... Мне перадалі, што вы прасілі патэлефанаваць... - выпаліў Андрэй.

- А, Андрэй Анісімавіч, - пачуліся ў голасе Дзяміда Станіслававіча новыя ноткі, і не разабраць было, якія - суровыя ці толькі начальніцкія. - Дзень добры. Так, сапраўды я тэлефанаваў да цябе, - перайшоў на «ты» Дзямід Станіслававіч. - Ёсць адна справа, пра якую я хацеў бы з табой перагаварыць.

- Калі ласка, Дзямід Станіслававіч, я слухаю, - насцярожыўся Андрэй.

- Не тэлефонная размова. Лепш прыедзь да мяне.

- Калі?

- Ды можна зараз жа, цяпер.

Пачуліся сігналы - Дзямід Станіслававіч паклаў слухаўку. А Андрэй, усё яшчэ трымаючы сваю ля вуха, слухаў.

«Што ён хоча? Чаму выклікае? - забілася часта і трывожна ў скронях. - Нешта, мабыць, важнае, калі не захацеў гаварыць па тэлефоне. І, бачыш, на маё віншаванне нічога не адказаў, не прарэагаваў. Значыцца, не палічыў патрэбным. А гэта... Як раней казалі, сушы сухары. Ды інакш і быць не можа. Калі выправілі на пенсію Арцёма Гаўрылавіча, то... Хто пакіне мяне ў спакоі?.. І я, быўшы на месцы Дзяміда Станіслававіча, таксама б... Хіба іншых людзей няма? І мне трэба было не чакаць гэтага выкліку, а даўно самому падаць заяву. І невыпадкова гэтая ананімка. Відаць, арганізавалі... Няйнакш абкладваюць з усіх бакоў, каб я, як гаворыцца, і пікнуць не пасмеў... А тут яшчэ і Іра конікі пачала выкідваць...»

Зноў, згадаўшы Іру, сённяшнія размовы з ёю, аж сцяўся, як ад болю, Андрэй.

«Трэба ж было мне сустрэцца з ёю тады ў вагоне. А потым і сысціся. Як усё адно назнарок, вяло мяне... А цяпер... Выходзіць, праўду ў народзе кажуць - любіш катацца, любі і саначкі вазіць».

Шчымела ў грудзях, ныла.

«Калі б не Іра, то ўсё астатняе... Не адзін я такі быў, не адзін я браў на працу тых, каго, напэўна, браць не варта было. Ды не ў гэтым справа... Быў такі час, усе рабілі не тое і не так, як трэба было, і я рабіў... А вось донжуанскія справы, як сказаў Пятро Кірылавіч... Былі б з Ірай нармальныя адносіны, параіліся б, як быць, каб і ёй і яму, Андрэю, добра было. А так... Дый... Прызнавацца ва ўсім, калі, скажам, у Дзяміда Станіслававіча зойдзе размова пра Іру, ці лепш памаўчаць, а то і рашуча адмовіцца, сказаць, што брахня гэта, паклёп?»

«Але ж... Няўжо Пятро Кірылавіч ананімку тую перадаў, паспеў ужо Дзяміда Станіслававіча праінфармаваць?»

«Пры сучасных сродках сувязі хіба гэта доўга? Ды мог і не перадаваць, а пазнаёміць. А то і... Ананімка магла паступіць да Дзяміда Станіслававіча, а ён накіраваў, спусціў яе Пятру Кірылавічу... Ага, таму той так і гаварыў з ім, Андрэем, адразу ж рэзюме сваё і вышэйшага начальства выклаў... І нават пачытаць ананімкі не даў, не сказаў, што там, маўляў, не спяшайся, пачакай, ведаць будзеш... А каб пачытаў - ведаў бы ўсё, у чым мяне вінавацяць. І падрыхтаваўся б, зрабіў бы наперад сякія-такія вывады. Ва ўсякім выпадку - не губляўся б, калі Дзямід Станіслававіч загаворыць пра некаторыя справы... А так... Не, вялікая гэта сіла атрымаць у час патрэбную інфармацыю, падрыхтавацца да размовы, каб не знянацку цябе захапілі нейкім пытаннем ці фактам... Ды няхай... Як будзе, так будзе... Тым болей калі я працаваць больш на пасадзе не збіраюся. Ды і з Алай жыць... А Іра...»

Зноў заныла пад сэрцам, нібы струну балючую закрануў, калі ўспомніў Іру.

«Так усё складна-ладна было, і раптам...» Выклікаў машыну і, не спыняючыся ў прыёмнай ні на хвіліну, заспяшаўся, як не пабег да ліфта...

 

Дзямід Станіслававіч чакаў Андрэя. І гэта Андрэй адчуў, як толькі зайшоў да яго ў кабінет. Адчуў па тым, як Дзямід Станіслававіч важна падняўся з-за стала, падаў яму руку, моўчкі паказаў вачыма на крэсла, што стаяла каля прыстаўнога століка.

Андрэй не быў у гэтым кабінеце месяцы два. І заўважыў змены. Не толькі, што за сталом сядзеў не Арцём Гаўрылавіч, а новы, зусім іншы чалавек. Быў перанесены ў зусім іншы кут і каляровы тэлевізар, перасунуты і доўгі паліраваны стол, за якім звычайна праводзіліся розныя невялікія нарады і пасяджэнні.

Сам Дзямід Станіслававіч быццам пастражэў. Шырокі, з прыкметнымі залысінамі лоб набыў думнасць, заклапочанасць. Думнасць, заклапочанасць былі і ў вачах. Ды і так, у рухах, паводзінах адчуваліся важнасць, саноўнасць.

«Што значыць даць чалавеку пасаду! - падумаў Андрэй, успамінаючы Дзяміда Станіслававіча таго, ранейшага, якога сустракаў на розных нарадах, пасяджэннях, з якім вітаўся, які яму і якому ён міла, прыязна, па-прыяцельску ўсміхаўся. - Як мяняе яна людзей!»

Дзямід Станіслававіч не спяшаўся гаварыць, чаму выклікаў Андрэя. Засяроджана глядзеў некуды ўбок, на край стала, дзе ляжаў нейкі, напісаны ад рукі не вельмі акуратным почыркам - на што адразу ж звярнуў увагу ён, Андрэй («Ці не тая гэта, на мяне ананімка?»), лісток паперы, моршчыў лоб, кусаў губы. І па гэтым Андрэй здагадаўся - размова будзе, па ўсім відаць, не надта прыемная.

- Вось што, дарагі, - нарэшце падняў вочы, паглядзеў на яго, Андрэя, Дзямід Станіслававіч і тут жа адвёў, быццам спалохаўшыся, іх зноў убок. - Я думаў, мы з табою папрацуем. Аж выходзіць...

Дзямід Станіслававіч развёў рукамі.

- Што здарылася, Дзямід Станіслававіч? - падняў цяпер вочы ўжо ён, Андрэй, на Дзяміда Станіслававіча, паглядзеў больш уважліва.

- Ды быццам нічога і не здарылася. Аднак... Сам разумееш, перабудова... І яе пачынаюць з кадраў. Трэба падцягваць свежыя, маладыя сілы, шукаць рэзервы. Працаваць па-новаму. І таму...

- Але ж і я яшчэ не стары, - не вытрымаў, сказаў Андрэй. - Ва ўсякім выпадку да пенсіі мне далёка.

- Вядома, калі лічыць па гадах. Але старасць - паняцце адноснае. Галоўнае - каб па поглядах, думках, ініцыятыве чалавек быў малады. А ты, Андрэй Анісімавіч, выбачай... Сам падумай, ці здолееш ты правесці тую перабудову, якая патрабуецца, ды і працаваць па-іншаму, па-новаму...

- Як я разумею, не з перастаноўкі кадраў перабудову трэба пачынаць...

- Перабудову трэба пачынаць адусюль, з усяго, - не даў дагаварыць Андрэю, перапыніў яго Дзямід Станіслававіч. - Усё старое, аджылае, каб не замінала, убок. Дарогу новаму!

- Не ўсё новае лепшае за старое! - не вытрымаў Андрэй.

- Вядома, вядома! І ўсё ж... Свежы вецер патрэбен. Занадта шмат утварылася ў нас застойнікаў, занадта шмат некаторыя ў нас думалі і дбалі не пра справу, а пра сябе. Сямейнасць, кумаўство, групаўшчыну развялі, пратэкцыянізм, розны блат... Ды і паднашэннямі, а то і хабарам не грэбавалі. Не заўсёды і самі тыя, хто рабіў пэўныя паслугі, гэта ведалі, многае рабілася за іх спіною. Не табе гэта расказваць... Той жа Арцём Гаўрылавіч... Ведаеш, што ён рабіў, а правільней, рабілася за яго спіной, а ён як бы прыкрываў сабой усё тое? Не буду расказваць, у нас працуе камісія... І выявілі такое...

Дзямід Станіслававіч пакруціў галавою.

- Не толькі з працы гнаць, з партыі выключаць такіх трэба, - закончыў ён, аж чырванню наліўся ад высакароднага гневу.

- А пры чым тут я? - падняў вочы на Дзяміда Станіслававіча Андрэй.

- Як гэта пры чым? Ты ж яго зяць...

- Ну і што, як зяць?

- А тое, што сёе-тое і ты рабіў.

- Ён быў начальнік, і я выконваў яго загады. Хоць не заўсёды і згодзен быў.

- Ведаю, ведаю. Цяпер усё можна сказаць, спісаць на папярэднікаў. Словам, каб не разводзіць доўгай дыскусіі... Падумай, што табе рабіць. Я на тваім месцы... Падаў бы заяву... Бо працаваць у новых умовах...

- А калі я не падам заявы? - быццам хтосьці пацягнуў за язык, усяліў дух супраціўлення Андрэю.

- Ну-у, вядома, справа твая, - вяла, неяк аж надта казённа адказаў Дзямід Станіслававіч. - Я хацеў, каб табе лепш было. Мы падумалі б, куды цябе перавесці, знайшлі б месца. А так... Давядзецца ад Арцёма Гаўрылавіча да цябе нітку праводзіць. Тым больш зачэпка ёсць, ананімка на цябе паступіла... - паглядзеў ён на той лісток паперы, што ляжаў на краі стала. - Правяраць будзем. Словам, не ў тваю карысць будзе ўсё гэта. Так падаў бы заяву - і ўсё... А калі пачнуць правяраць, шукаць... То і... Знойдуць. І тады... З вывадамі могуць вызваліць...

Правільна, усё правільна гаварыў Дзямід Станіслававіч. І каб быў на яго месцы Андрэй, ён па ўсёй верагоднасці гаварыў бы тое самае таму, хто сядзеў бы ў яго кабінеце насупраць, як вось ён сам сядзіць. Аднак... Дух супраціўлення рос, натхняў не здавацца. І вось жа - гадзіну якую назад ён, Андрэй, сам рыхтаваўся пайсці з пасады, згодзен быў у любую хвіліну падаць заяву на звальненне. А тут раптам... Быццам захацелася насуперак Дзяміду Станіслававічу, усім тым, хто за ім, за яго спіною, нешта зрабіць, і зрабіць так, як ён, Андрэй, хацеў, а не тыя, хто быў там, за спіною Дзяміда Станіслававіча.

- Не трэба палохаць мяне, я не з палахлівых. Тое, што я зяць Арцёма Гаўрылавіча... Не віна, а бяда мая. Усё ж астатняе... Няхай правяраюць. Вінаваты - адкажу, не вінаваты - значыцца, не вінаваты... Што ж да ананімкі... - не зводзіў вачэй цяпер ужо і ён, Андрэй, з краю стала, дзе ляжаў не вельмі акуратна спісаны ад рукі лісток паперы. - Я ўсё жыццё быў і астаюся непрымірымы вораг ананімак. Бачыш недахопы - гавары адкрыта, шчыра. А то... Каго мы выхоўваем? Не барацьбітоў, не змагароў за праўду, а тхароў, смярдзючых клапоў. І каб ад мяне гэта залежала, не надаваў бы ананімкам значэння, не прымаў бы да справы, не назначаў бы розных камісій, не правяраў бы... Тым больш цяпер, калі галоснасць...

- Але ананімкі часта пацвярджаюцца!

- Усё адно шкоды ад іх больш, чым карысці.

- Гэта таму ты так гаворыш, бо на цябе ананімка паступіла, - засмяяўся, аж заззяў Дзямід Станіслававіч. - Не будзем пра гэта, дарагі. Вернемся да нашай размовы. Я на тваім месцы так з ходу не адмаўляўся б ад таго, што табе прапаноўваюць, - падняўся з-за стала, даючы зразумець, што размова скончана, Дзямід Станіслававіч. - Падумай. І... Патэлефануеш, скажаш мне.

- Я падумаў ужо, - не падымаўся, сядзеў за прыстаўным столікам Андрэй. - Пакуль што я іду ў адпачынак. Ну, а калі вярнуся... Тады і скажу...

- У адпачынак? - спалохаўся, разгубіўся Дзямід Станіслававіч, нават пачаў быў нервова стукаць костачкамі пальцаў па стале. - Глядзі, я на тваім месцы не рабіў бы так... Такога...

- А я зраблю, - сказаў цвёрда Андрэй і, акінуўшы вачыма яшчэ раз Дзяміда Станіслававіча («Ох, як хутка стаў ты чыноўнікам!»), падняўся з-за століка і, не падаючы рукі, не развітваючыся, пайшоў да дзвярэй...

 

Аварыя

 

1

 

У той дзень Андрэй заседзеўся на працы пазней як звычайна. Хацелася сёе-тое падагнаць, давесці да ладу перад адпачынкам. Ды і папер розных назбіралася, ім трэба было даць ход. І думкі ж у галаве былі - раптам не вярнуся больш сюды на працу, то няхай нічога такога не астанецца, што мяне кампраметавала б. Андрэй поркаўся ў сталах, выцягваў то адну, то другую папку з шуфлядаў, што перагортваў, што прачытваў, што проста знішчаў, ірвучы і выкідаючы ў сметніцу. Калі быццам навёў ва ўсім парадак, не стаў выклікаць машыны - пайшоў дадому пешкі: «Прывыкаць, прывыкаць трэба хадзіць, хопіць, і так наездзіўся больш, чым некаторыя, на машыне». Вельмі хацелася перад адыходам патэлефанаваць Іры, але ён пераадолеў у сабе гэта, не паддаўся спакусе. «Няхай супакоіцца трохі, тады і патэлефаную».

Здзівіла нейкая як бы гняткая цішыня ў горадзе. Ды і людзей амаль не было на вуліцах.

«Няўжо так позна ўжо?» - падумаў Андрэй і паглядзеў на гадзіннік: было палова дзесятай...

«Няйнакш праграму «Время» людзі глядзяць. Ды і на дождж як бы збіраецца».

Сапраўды - над горадам вісела хмара. Але не такая, як звычайна бывае ў навальніцу, а нейкая надта ж ужо калматая, брудная, чорная.

«Дзіўна, грымоты, бліскавіцы павінны б быць, - падумаў Андрэй. - А тут... Цішыня. Цемра...»

Дома, калі зайшоў у кватэру і пачаў разувацца, пачуўся тэлефонны званок. Андрэй падняў слухаўку, хоць амаль упэўнены быў - не яму гэта тэлефанавалі. Па вечарах яму рэдка хто тэлефанаваў.

- Алё, - пачуў ён знаёмы голас - тэлефанавалі, як ні дзіўна, якраз яму. І хто - сябра дзяцінства, Іван Пастушок. - Гэта ты, Андрэй?

- Я, - глуха, стомлена адказаў Андрэй.

- Выбачай, што тэлефаную позна. Ты, відаць, толькі з працы.

- Ага.

- На машыне ехаў?

- Не, пешкі ішоў. А што?

- Бяда, - трывожным, трохі нават трагічным голасам адказаў Іван. - Ты «Время» глядзеў?

- Не.

- А-а, тады ўсё зразумела. На Чарнобыльскай атамнай станцыі аварыя.

- Ну дык і што?

- Як што? Гэта ж недалёка ад нашых родных мясцін...

Толькі цяпер дайшло да Андрэя, чаму тэлефануе Іван - ён быў сам вучоны-атамнік і, відаць, сёе-тое ведаў.

- А што, аварыя гэтая... небяспечная? - спытаў, як бы зацікавіўся Андрэй.

- Вельмі. На Захадзе гвалт паднялі... Ды пра гэта пры сустрэчы. Цяпер жа вось што зрабі. Адзенне, у якім ты ішоў, ды і абутак добра пачысці... І памыйся. Асабліва галаву, валасы.

- Ты думаеш, аж сюды дайшло? - засмяяўся Андрэй.

- Я ведаю, што гэта такое... І не папярэдзіць цябе... не магу!

- Іван, не падымай панікі, - сказаў, зноў смеючыся, Андрэй. - Ды яшчэ тады, калі я акурат нарыхтаваўся ехаць у вёску. У адпачынак...

- Рабі як хочаш, але я быў бы не сябра, каб не папярэдзіў цябе. Усё ж астатняе... Давай заўтра сустрэнемся, перагаворым... А цяпер... Чысці адзенне, мыйся...

Іван паклаў слухаўку. Андрэй жа, пастаяўшы нейкі час ля тэлефона, разуўся і пайшоў у свой пакой - ён быў у самым канцы калідора, з акном на поўнач, у двор. Пераапрануўшыся ў піжаму, усё ж не вытрымаў - накіраваўся ў ванную. Душна ж было, некалькі разоў за дзень пацеў. І памыцца... Яно ніколі не шкодзіць.

Мыючыся, а потым і выціраючыся цёплым, сухім ручніком, думаў пра Івана Пастушка. Усё ж малайчына, што ўспомніў, патэлефанаваў. Ён бы, Андрэй, наўрад ці згадаў бы Івана ў скрутную хвіліну. А Іван яго, Андрэя, згадваў. І на святы, і так, калі дадому, у вёску ехаў ці з вёскі прыязджаў. Пераказваў вясковыя навіны, надта ж перажываў, што ўсё там, у вёсцы, мяняецца - высякаюцца лясы, асушаюцца балоты... А калі пачалі будаваць Чарнобыльскую АЭС, і зусім быў раззлаваўся - хіба ж можна ў такім месцы будаваць атамную электрастанцыю? Каму гэта ў галаву магло ўзбрысці такое? Андрэй смяяўся з Івана - якая розніца, дзе будаваць атамную электрастанцыю? Працуюць яны бездакорна, ніякіх нідзе непажаданых выпадкаў не было. Але ён, Іван, прытрымліваўся іншых думак і поглядаў - яно добра, калі ўсё добра. А калі, не дай Бог, што якое здарыцца... Бяда будзе! Хто тады і як тое паправіць?..

«Ты ведаеш, што такое атам? - крычаў, гарачыўся Іван. - Гэта, акрамя каласальнай энергіі, яшчэ і нябачная смерць. Смерць усяму жывому... Джын, загнаны ў бутэльку. А калі яго выпусціць, вырвецца ён на волю...»

«Месніцтва ў табе гаворыць!» - смяяўся, кпіў з Івана ён, Андрэй.

«Няхай сабе. Аднак жа ў такім месцы, як Палессе, будаваць атамную электрастанцыю - гэта памылка. Калі не шкодніцтва...» - стаяў на сваім Іван.

«І бачыш, як у ваду глядзеў... - думаў, згаджаўся цяпер з ім Андрэй. - Праўда, як заўсёды, Іван, мабыць, трохі перабольшвае».

«Калі б невялікая аварыя, не паведамлялі б па тэлебачанні...»

«За мяжой гвалт паднялі, таму і паведамілі. Ды і галоснасць жа цяпер. А што Іван успомніў, патэлефанаваў... То... Такі ён чалавек...»

...Даўняя і даволі блізкая дружба звязвала Андрэя з Іванам. Калісьці яны разам вучыліся ў школе, сядзелі за адной партай. Разам і па ягады, грыбы, арэхі ў лес хадзілі. Ён, Андрэй, любіў амаль аднолькава ўсе прадметы, а Іван цягу меў да матэматыкі, фізікі. Вучыліся на пяцёркі. Ва ўсякім выпадку атэстаты атрымалі за дзесяцігодку лепшыя за ўсіх. Можна было і на медалі іх абодвух прадставіць, але ў раёне збаяліся - сельская школа, дзе там раўняцца ёй з іншымі, гарадскімі... Ды і дзяцей настаўнікаў, начальства назбіралася многа. А нейкія невядомыя, вясковыя... І без медалёў пражывуць - абыдуцца...

Іван, праўда, не паступіў вучыцца далей так з ходу ў першы ж год. Не рашыў нейкай задачы, а значыцца, не дабраў патрэбнай колькасці балаў. Год давялося папрацаваць у калгасе. А ён, Андрэй, паступіў адразу. Трапіліся лёгкія пытанні, ён на іх адказаў даволі грунтоўна. Да таго ж ён быў хлопец, а хлопцамі на хімфаку даражылі - надта ж мала іх паступала, лічаныя толькі. Андрэй не пакінуў сябра ў бядзе - пасылаў яму з горада падручнікі, розныя дапаможнікі, разоў колькі прывозіў Івана і ў горад, пазнаёміў з некаторымі фізікамі, матэматыкамі, хімікамі, што жылі ў студэнцкім інтэрнаце. А Іван хлопец быў вушлы - пазапісваў задачкі, што бывалі на прыёмных экзаменах, разжыўся і білетамі. І на наступны год здаў прыёмныя экзамены на пяцёркі ўсе як адзін. І паступіў ва ўніверсітэт.

Нягледзячы на тое, што вучыліся на розных факультэтах і розных курсах, сяброўства падтрымлівалі, часта сустракаліся, хадзілі разам і ў кіно, і на студэнцкія вечары. Праўда, калі Андрэй ажаніўся, скончыў універсітэт, пачаліся іншыя клопаты - аспіранцкія экзамены, ды і жонка аднаго нікуды не пускала. І Андрэй як бы забываўся патроху на Івана, хоць той і тэлефанаваў часта, заходзіў дадому. Вядома, напачатку. А потым і Іван аддаліўся. З лабараторый розных не выходзіў - то кандыдацкую рабіў, то доктарскую. Ды і сям'я ў яго завялася - спярша жонка, а потым і дзеткі - Тарас і Аленка. Яны ўвагі, догляду патрабавалі. Былі ў Івана непрыемнасці і па службе, пра што Андрэй краем вуха чуў і ад самога Івана, і ад іншых. Непрымірымы ён быў, ні на якія кампрамісы не ішоў. Ні ў чым. І ад гэтага цярпеў. Яму ж, Андрэю, даказваў неаднойчы:

- У такой справе, як атамная навука, не можа быць кампрамісаў. Тут больш чым дзе трэба сем разоў адмераць, а раз адрэзаць. Калі ў нечым не ўпэўнены, не рабі. Стопрацэнтная гарантыя павінна быць ва ўсім. А ў нас... Некаторыя і ў атамную навуку хочуць занесці «цяп-ляп», «авось» ці «паспрабуем, а раптам удасца». А гэта зусім іншая галіна. І адказнасць у нас, вучоных-атамнікаў, павінна быць куды большая, чым ва ўсіх астатніх. Нам давяраюць... А сярод нашага брата розныя ж людзі ёсць. Некаторых ніякая навука не цікавіць. Іх цікавяць прэміі, званні, грошы. І такія... Дзеля прэмій, званняў, грошай ці іншых даброт гатовы на ўсё. Яны якраз найбольш прайдошлівыя, умеюць пасварыць сапраўдных вучоных, а то сяму-таму і ножку падставіць. І, здараецца, заводзяць у зман некаторых кіраўнікоў, падсоўваючы не зусім дапрацаваныя і правераныя праекты, б'юць, як правіла, на эфект эканоміі... А што потым будзе - хоць трава не расці. Яму галоўнае сваё атрымаць. А я... Не цярплю несумленнасці, выкрываю ў навуцы невуцтва. Таму і пападае мне, бо не паддаюся ні на якія ўгаворы, нікога не слухаю, толькі аднаго сябе.

- Але ж і ты можаш памыляцца? - спрабаваў стрымліваць Івана Андрэй, настаўляў яго на шлях ісціны. - Чаму ты свой погляд, сваю думку ставіш вышэй за думку ўсіх іншых? Не ўсё ж і ты ведаеш... Дый у цябе могуць быць у распараджэнні адны факты, а ў іншых - другія. І ісціна нараджаецца ў супастаўленні розных фактаў - у спрэчках.

- Згодзен з табою. Але згадзіся і ты са мною - ісціна нараджаецца ў спрэчках толькі тады, калі спрачаюцца сапраўдныя вучоныя, калі нічога іншага не бярэцца пад увагу, толькі факты, шчырасць, жаданне высветліць ісціну. І тут, у такім выпадку, ужо не важна: хто, чый бок бярэ верх, - бярэ верх ісціна! Я - з такімі людзьмі, з такімі вучонымі. Іх, ты ведаеш, нямала. На жаль, закапаўшыся ў сваіх гіпотэзах і доказах, яны мала ўнікаюць ва ўсё астатняе. А можа, і не жаль, а шчасце, што ёсць такія, хто вышэй за ўсё ставіць працу, а не тыя даброты, якіх можна дамагчыся будучы не сапраўдным вучоным, а пралазай. Астатнія, як я іх называю, «нібыта вучоныя», толькі ловяць моманты, чакаюць, калі хто-небудзь з сапраўдных вучоных памыліцца ці зробіць не тое ці не так... Тады... О, яны майстры падняць вэрхал, з мухі зрабіць слана, утапіць сапраўднага вучонага ў балотнай твані, вымазаць дзёгцем, ачарніць...

Андрэй у душы згодзен быў з Іванам. Нават зайздросціў яму, радаваўся, што ёсць такія крыштальна чыстыя людзі, якія вышэй за ўсё ставяць ісціну. Можа, таму, што сам быў не з такіх. Не арол.

«...Калі б я быў такі, ніхто б мяне ні ў чым не заблытаў», - думаў цяпер, мыючыся і выціраючыся, Андрэй.

«Але ж тады б... Ніколі і ніхто не вылучыў бы мяне, не прызначыў бы на тую пасаду, на якой я цяпер».

«Ну і што? Жыў бы без пасады. Як Іван вунь жыве. Затое на душы быў бы спакой. Ні ад якой бы кан'юнктуры не залежаў. А то... Арцём Гаўрылавіч сваё... Пятро Кірылавіч - сваё... Ала і Эльвіра Барысаўна - сваё. І ўсіх слухаць трэба, з усімі лічыцца. Інакш... Ды і чаго, чаго я дамогся? Час толькі змарнаваў. Даўно б доктарскую абараніў. А так... Не, хопіць. Пачну жыць інакш... Паеду вось на Палессе...»

«Але ж там, як сказаў Іван, аварыя...»

«Якія адносіны мае тая аварыя да мяне, маёй вёскі? Дзе той Чарнобыль? Аж пяцьдзесят кіламетраў... Мала што Іван скажа, дык і слухаць... Сабраўся ехаць, дык і паеду...»

Выйшаў з ваннай бадзёры, свежы, адчуўшы ва ўсім целе лёгкасць, пругкасць. Здаецца, і ад галавы стома адхлынула.

«Вось гэта правільна, што Іван параіў памыцца. Дзякуй яму пры сустрэчы скажу».

Паслаў пасцель, лёг на канапу. І адразу ж выключыў святло - нават, як звычайна перад сном, не стаў газет чытаць. І, уткнуўшыся тварам у падушку, раптам ні з сяго ні з таго, нечакана для сябе, горка, наўзрыд заплакаў. Заплакаў, як плакаў калісьці, даўно - у маленстве.

Усё ж, што стваралася гадамі, рушылася, распадалася, уплывала з-пад ног... Сям'я... Праца... Ды і мары... Надзеі... Не, нічога не было шкада. Шкада было самога сябе. І часу, страчанага абы-як і абы на што... Аж перапаўняла ўсяго крыўда. На што, на каго - Андрэй не ведаў, не мог сказаць. І ад гэтага было яшчэ больш горка, яшчэ больш балюча - проста невыносна...

 

2

 

Назаўтра, падняўшыся ўранні з пасцелі, Андрэй, як ні дзіўна, не адчуў ні стомленасці, ні разбітасці. Наадварот, быў прыліў сіл - розум і цела патрабавалі дзейнасці.

«Не здавацца, змагацца за сябе трэба, - паўтараў ён у думках, ходзячы па пакоі, які быў і яго кабінетам і цяпер спальняй. - У чым я вінаваты, у тым вінаваты. Карайце, судзіце. Але каб падаваць заяву, ісці з пасады, як таго хоча Дзямід Станіслававіч... Спяшацца не будзем, пачакаем...»

«А з адпачынкам як жа?» - вынырнула аднекуль з глыбіні думка.

«З адпачынкам? Яго мы скарыстаем. І скарыстаем, як я і задумаў, напоўніцу. Трэба выйграць час... За месяц многае зменіцца. Галоўнае - не пароць гарачкі, не прыспешваць самому хаду падзей, даверыцца часу. Ён - мудры, расставіць усё па сваіх месцах, развяжа, разрэжа самыя складаныя вузлы. Ананімку няхай правяраюць. А ўсё астатняе... Ала, Іра... Пакінем так, як было. Урэшце, у іх свае галовы ёсць, як хочуць, так няхай і робяць. Мне ж пасля лягчэй будзе... Хоць на час уцяку ад усяго і ўсіх».

«І нічога не скажаш Іры, Але?»

«А што ім казаць? Іра, урэшце, не жонка мне... Дый... Навошта ж так - не выслухаўшы, класці слухаўку, абражаць? Вінаваты ў чым я, дык скажы. А то... фокусы».

«Можа, прычыны на тое ёсць?»

«Дык не цямні, скажы... А Ала? Перажываць не будзе, што мяне побач няма. Наадварот - поўная воля, што хочаш, тое і рабі, як хочаш, так і жыві. І не падумае, дзе я, не ўспомніць нават...»

«Не жорстка гэта? Яны ж - жанчыны. І іх калі не разумець, дык хоць шкадаваць трэба».

«А яны мяне шкадуюць? І адна і другая? Урэшце, не сам я да Іры лез, яна да мяне падлезла, мужу хочучы адпомсціць. А Ала... Пра сябе толькі думае і думала. А што і як я... Гэта яе не цікавіла і не цікавіць. Яна абыякавая да мяне і майго лёсу, і я маю права быць абыякавым да яе, яе лёсу...»

«Усё быццам так, правільна. І ўсё ж... Шкадаваць людзей трэба. Асабліва блізкіх».

«Я шкадаваў. А мяне... Хто мяне шкадуе? Пятро Кірылавіч і той...»

«Ён пра сябе думае. Самому б пры пасадзе астацца, ацалець. Не да парасят, калі свінню смаляць...»

«Вось іменна. Але ты - не Пятро Кірылавіч, ты - Андрэй. Чалавекам быў, чалавекам і астанься. Каб потым не шкадаваць, што так трэба было зрабіць, а ты зрабіў інакш, не ўпікаць, не асуджаць сябе, не дратаваць, не думаць...»

Неаднойчы лавіў сябе ён, Андрэй, на тым, што, калі здаралася скрутная сітуацыя і трэба было прыняць хутка канчатковае рашэнне, які б нерашучы, нясмелы ён быў, раздвойваўся - з аднаго боку, быццам і правільна, так, а з другога... Злавіў на гэтым і цяпер сябе зноў Андрэй.

«Шкадую я людзей. А гэта як для кіраўніка - мінус. Тут не шкадаваць трэба, а думаць пра справу. Каб справа перамагла, момант выйграць...»

«А людзі? Робім жа ўсё быццам дзеля людзей... А яны... Розныя бываюць. Ёсць разумныя, хітрыя, дужыя... А ёсць і не вельмі разумныя, няхітрыя, хілыя... І жыць... Жыць кожны хоча, усім трэба. Бяда, што некаторыя чалавечы фактар пачалі разумець як выцісні з чалавека ўсё, што можна, а самога чалавека хоць на сметнік выкідай. Сёння ты дужы, здаровы, робіш усё - усё і маеш. А заўтра не зможаш рабіць - ідзі прэч, саступі дарогу іншаму. Узяць хоць бы таго ж Арцёма Гаўрылавіча...»

Па-чалавечы шкада было Андрэю Арцёма Гаўрылавіча. Не таму, што ён быў цесць. Проста адчуваў - не зусім добра так рабіць з людзьмі. Быў пры пасадзе - усе яму тэлефанавалі, усім трэба ён быў. А выправілі на пенсію - нікому ён не трэба. Ды... Арцём Гаўрылавіч нават не ў прыклад. Ён не зусім сумленна служыў, многае рабіў, што якраз не трэба было рабіць. Але ж... Не ўсе такія, як Арцём Гаўрылавіч. Сярод начальства шмат людзей сумленных, якія пра справу дбалі і дбаюць. Усяго сябе, усе свае сілы аддавалі і аддаюць, каб дабро людзям зрабіць. І таксама ж... Прыйдзе новы начальнік і пачынае ўсіх, хто пад ім, нібы мятлой мясці, разганяць, новых набіраць, ставіць...

«А потым таго начальніка здымаюць і новы пачынае мясці тых, каго ранейшы, яго папярэднік, набраў. А дзе ж пераемнасць? Добра, калі пенсія ў чалавека, узрост... А вось як у мяне...»

«Дзямід Станіслававіч паабяцаў, што падшукаюць работу».

«Якую?»

«Можа, якраз такую, якая па душы будзе. І каб не ўпарціўся, паслухаў...»

«Не, надумаў пайсці ў адпачынак, паехаць дадому да маці, дык і паеду».

«Але ж там - аварыя», - успомніў зноў пра тое, пра што гаварыў, патэлефанаваўшы, учора ўвечары Іван Пастушок.

«Пры чым аварыя да майго адпачынку? Проста ў страха, кажуць, вочы вялікія».

«Іван - атамнік, ён сёе-тое ведае. Калі палічыў патрэбным патэлефанаваць, папярэдзіць, то...»

«Трэба, мусіць, сустрэцца з Іванам, пагаварыць».

Зірнуў на гадзіннік - яшчэ не было васьмі.

«Рана, мусіць, каб тэлефанаваць».

«Глядзі, каб потым позна не было, - быццам падагнаў, падказаў яму хтосьці. - Паедзе на свой рэактар і...»

Накінуў піжаму, пайшоў на калідор, дзе пры ўваходзе ў кватэру стаяў тэлефон.

«Пакуль Іван дома, дык і дамовімся... Бо ўдзень... Ці часу не будзе, ці забудуся, ці не знайду яго...» - падумаў, набіраючы нумар хатняга тэлефона, Андрэй.

Слухаўку падняў Іван. Па першым жа гудку.

- Не спіш? - спытаў як бы з насмешкаю Андрэй.

- Пра што ты гаворыш? - быццам нават пакрыўдзіўся Іван. - Я ўсю ноч не спаў. Прыехаў, каб з жонкаю, дзецьмі ўбачыцца...

- Чаму не спаў? - вырвалася нібы мімаволі ў Андрэя.

- Я ж казаў учора табе. Бяда, вялікая бяда...

- Ты пра аварыю?

- А пра што ж яшчэ? Пакуль мы, вучоныя-атамнікі, не спім, але хутка і іншыя спаць не будуць.

Голас у Івана быў зусім трагічны. І Андрэй не знайшоў нічога іншага, як прызнацца:

- Я ж, Іван, сур'ёзна казаў табе, што дадому, у вёску, сабраўся. У адпачынак.

- Не спяшайся, пачакай - вось табе мая парада. А лепш за ўсё - давай сустрэнемся, пагаворым.

- Калі?

- Ды хоць цяпер, я паўгадзінкі вольнага часу маю. Бо што будзе далей?.. Не ведаю. Не выключана, што сам я ў Чарнобылі буду. Ці паблізу яго. Дзе мы ўбачымся?

- Дзе скажаш?

- Выходзь з дому, я пад'еду на машыне.

- Ёсць, дамовіліся, - сказаў Андрэй, міжволі паддаючыся ледзь не загадам сябра. І, паклаўшы слухаўку, пачаў спешна збірацца - мыцца, галіцца, адзявацца. І ўжо хвілін праз дзесяць - пятнаццаць, паголены і адзеты, стаяў на ганку дома, дзе кватараваў, жыў.

Іван не прымусіў сябе чакаць - пад'ехаў, з'явіўся ў тую ж хвіліну, як толькі Андрэй выйшаў - быццам стаяў за рагом дома, чакаў яго. Не вылазячы з машыны, адчыніў дзверцы, запрасіў садзіцца.

Андрэй хутка, борзда збег з прыступак, сеў у машыну.

- Дзень добры, - павітаўся Андрэй і з Іванам і з шафёрам.

- Прывітанне, - працягнуў, падаў руку Андрэю Іван.

І, каб унікнуць непатрэбных пытанняў, сказаў, загадаў шафёру:

- Падкінь нас, Кандрат Кандратавіч, да возера, надта ж жаўранкаў паслухаць хочацца. Кажуць, прыляцелі ўжо, спяваюць...

І больш не сказаў ні слова, пакуль не пад'ехалі да возера, не спыніліся, не выйшлі з машыны.

- Ты прабач, што я пры шафёру ні пра што не стаў гаварыць, - пачаў Іван, не падымаючы на Андрэя вачэй, калі яны адышліся, аддаліліся крокаў на колькі ад машыны. - Справа такая, што не хочацца, каб раней часу чуткі розныя паўзлі. Пакуль мы, атамнікі, і то не ўсё ведаем. Словам, павысіўся радыяцыйны фон. У дзесяткі, а месцамі ў сотні разоў. І не толькі ў раёне аварыі... Воблакі з атрутнымі ізатопамі праплылі над многімі раёнамі Беларусі... Пакуль што цяжка сказаць, дзе гэтыя ізатопы і якія з іх выпалі... Але што яны выпалі - гэта факт. Некалькі гадоў таму назад была аварыя на атамнай станцыі ў Англіі. Там ізатопы рассеяліся ў трыццацікіламетровай зоне. Як у Чарнобылі - трэба вывучаць.

- А не перабольшваеш ты, не панікуеш? - спыніўся, паглядзеў проста ў твар Івану - знаёмы з маленства з рабацінкамі на шчоках і носе, чыста паголены, інтэлігентны твар - Андрэй.

- Што ты? - спыніўся, падняў вочы - калючыя, нейкія спалоханыя - на Андрэя Іван. - Я не маю права гаварыць усё, што там, у Чарнобылі. Ды і не ўсё ведаю. Працуе дзяржаўная камісія. Ёсць, ды яшчэ, напэўна, і будуць чалавечыя ахвяры. І каб толькі гэтай аварыяй усё скончылася. За ёю могуць быць яшчэ больш непажаданыя вынікі. Залежыць - будуць яны ці не - ад многіх фактараў ды і ад нас, вучоных. Трэба ж да рэактара падступіцца, утаймаваць яго. А як? Ён жа сее вакол сябе смерць. Нябачную смерць. У гэта цяжка паверыць, цяжка да гэтага прывыкнуць. Ды і не падрыхтаваны мы. Гаварылі ж пра мірны атам, прывучалі ўсіх не баяцца яго. А тут? Адваротнае... Аварыю трэба ліквідаваць. І як мага хутчэй. Бо калі гэта не зробім... Нават уявіць цяжка, якая нас чакае бяда. Там жа, у той чацвёрты блок, дзе адбылася аварыя, загружаны тоны, дзесяткі тон радыеактыўных рэчываў... Ды побач жа і іншыя блокі...

- Дык ты што - не раіш мне ехаць у адпачынак дадому, у вёску? - спытаў пра тое, што яго найперш і цікавіла, Андрэй.

- Пра што ты гаворыш? На добры лад маці трэба было б забраць. Але як, як гэта зрабіць? Паніка ж пачацца можа. Калі я, ты сваіх матак забяром?.. Што людзі падумаюць? І пакідаць там... Таксама небяспечна. Вельмі нават небяспечна.

- Але ж ад нашай вёскі да Чарнобыля кіламетраў пяцьдзесят! - усклікнуў, нагадаў Андрэй Івану.

- Ведаю, - махнуў неяк нервова, быццам незадаволены, што Андрэй усё яшчэ не верыць яму, не ўсведамляе ўсёй небяспекі гэтай аварыі, Іван. - Што такое пяцьдзесят кіламетраў, калі перапалох у Швецыі, ФРГ, ва ўсёй Эўропе. Канечне, ім цалкам верыць не варта... Але ж і зусім не верыць?..

Андрэй ніколі не слухаў ніякіх замежных радыёстанцый. Неяк абыходзіўся, прывык верыць толькі савецкім радыё, тэлебачанню і газетам. Таму спытаў:

- А што яны перадаюць?

- Глушаць у нас, але ж і таго, што пачуў... даволі. Радыяцыя ў іх павысілася, ды і асадкі радыеактыўныя выпалі. Падаюць аналізы гэтых асадкаў... Ды справа нават не ў гэтых паведамленнях. Справа ў іншым - край наш, які ўсё асушалі, быццам паляпшалі, цяпер... Яшчэ і радыеактыўнымі ізатопамі засыпаны... А паўраспад некаторых з гэтых ізатопаў сотні, тысячы гадоў... Значыцца, мы з табой можам аказацца без роднага кутка... Не паедзеш туды, не паходзіш...

У Івана паказаліся на вачах слёзы.

- Кінь ты, не панікуй, - астудзіў Івана Андрэй.

- Я не панікую. Я ведаю, што кажу. Там, у самых блізкіх да Чарнобыля вёсках, туман стаіць. Дрэвы, дахі дамоў як бы ў бліскучай шэрані. Не працуе радыё, тэлевізары... Пыталі ў нас парады - самая ж гарачая пара там цяпер - сяўба ідзе. А што мы можам параіць? Не есці шчаўя, не піць малака, імкнуцца менш быць на паветры... Але гэтага мала. Высяляць людзей адтуль трэба, ратаваць...

- Не перабольшваеш? - зноў падняў вочы, паглядзеў на Івана Андрэй.

- Дзівак ты, мне, сябру, не верыш? Вядома, я казаў ужо табе, не ўсё і я ведаю. Ды і хто, хто можа ўсё ведаць у такой справе, як энергія атамнага ядра? Асабліва калі рэактар з-пад людской улады выходзіць? Мы, вучоныя, таму так настойліва і дамагаемся, каб спыніць выпрабаванні атамнай зброі, наогул паставіць яе па-за законамі чалавечага існавання, забараніць яе ўжыванне, знішчыць. Аварыя ў Чарнобылі нагадае многім, што такое атам, якая гэта небяспечная, разбуральная сіла.

Іван пастаяў, падумаў. Потым сказаў:

- Зліквідаваць бы толькі гэтую аварыю, не даць бы, каб яна перарасла ў нешта большае і яшчэ страшнейшае.

- Ты, відаць, гэтым і займаешся? - спытаў Андрэй, бачачы, які сур'ёзны і задумлівы стаў Іван.

- Я - гэта я. Лепшыя розумы над гэтым дні і ночы думаюць. І ў Кіеве, і ў Маскве, і ва ўсім, можна сказаць, свеце. Аварыя ж гэта дыхнула тым, чаго ўсе баяцца, чалавецтва ўсё. І як мы з ёю справімся... залежыць будучыня не толькі атамнай энергетыкі, але і будучыня многіх мільёнаў людзей. Нарабілася ж такое, што не толькі нам, вучоным фізікам-атамнікам, на гады работы хопіць, але і біёлагам, заолагам, медыкам, глебазнаўцам ды і ўсім астатнім... Асабліва ў нас, у Беларусі...

- Чаму асабліва ў нас?

- Бо вецер у тыя дні дзьмуў у наш бок. І асноўная частка самых шкодных выкідаў рассеялася якраз у нашых мясцінах - на Гомельшчыне.

Падняў руку, паглядзеў на гадзіннік. І заспяшаўся раптам назад, да машыны.

- Выбачай, - сказаў ужо на хаду. - Мне трэба ехаць.

Андрэй як не подбегам засемяніў услед.

- Напалохаў ты мяне, - сказаў нібы ў одуме. - І ўцякаеш.

- Я давязу цябе да работы, гэта якраз мне па дарозе. І буду патэлефаноўваць, трымаць цябе ў курсе спраў. Калі, вядома, можна будзе.

- Неяк няпэўна ты ўсё гаворыш.

- Бо пэўнасці ў самога няма. Ні ў мяне, ні там, - махнуў, паказаў рукою ён на поўдзень, у той бок, дзе, як яму здавалася, быў Чарнобыль. - Ды і сам я не ведаю, дзе буду.

- Няўжо ўсё так сур'ёзна? - не даваў ніяк веры таму, што пачуў ад Івана, Андрэй.

- Дзівак, дзівак ты, - паківаў галавою, сказаў Іван, сядаючы ў машыну. - Няўжо мне цікава было б цябе палохаць. - І змоўк - паглыбіўся ў свае думкі.

Прыйшоў шафёр, дабрадушны, разважлівы Кандрат Кандратавіч, - ён, задраўшы капот, нешта поркаўся ў маторы машыны і, выцершы анучкаю рукі, сеў за руль.

 

3

 

Хоць і не зусім верыў Андрэй усяму таму, што гаварыў пра аварыю ў Чарнобылі Іван, аднак усё адно ўстрывожыўся, захваляваўся. «Мала што ў горадзе, у Менску, месца мне няма, дык і вёску яшчэ аднялі, не ўцячэш, не паедзеш туды. Як ваўка асочанага ў пастку заганяюць, - падумаў пра сябе, седзячы ў машыне. І калі, уехаўшы ў горад, рассталіся з Іванам, папрасіў спыніцца і выйсці - захацеў прайсціся пешкі па вуліцах, бо рана было яшчэ быць на рабоце, ды і рабіць асабліва не было чаго, - не пераставаў Андрэй думаць пра тое самае. - Вёска была, але цяпер і яе як бы няма. Хіба ўзяць ды на поўдзень, у дом адпачынку які-небудзь паехаць?»

Але тут жа, праз якую хвіліну, адагнаў ад сябе гэтыя думкі: «Як жа куды ехаць, калі гора, бяда такая. Ды і маці мая ж там... Ратаваць яе трэба. Бо калі, не дай Бог, здарыцца тое, што з бацькам...»

Не мог, не мог дараваць сабе Андрэй, што не спахапіўся ў час, не кінуў усё, не паспяшаўся ратаваць бацьку.

«На тым свеце ён даўно, у магіле. А калі яшчэ і маці...»

Трывога не пакідала Андрэя. І, прыйшоўшы на працу, перш чым брацца што-небудзь рабіць, звязаўся па тэлефоне са сваім раёнам. Нават са сваёю вёскаю. Папытаўся, што і як там, чым цяпер жывуць людзі. Якраз да тэлефона падышоў дырэктар саўгаса, якога Андрэй трохі ведаў - разы два-тры сустракаліся, калі прыязджаў ён, Андрэй, у вёску да маці, нават аднойчы разам за сталом пасядзелі, выпілі бутэльку гарэлкі, закусілі.

- Як вы там? - спытаў Андрэй.

- Ды нічога, сеем, - адказаў даволі стрымана дырэктар саўгаса. - Да першамайскіх свят рыхтуемся.

- А маці мая?

- Прыходзіла днямі, каб каня даў. Бульбу садзіць збіраецца. Ды і гной на поле вывезці трэба.

Падмывала, хацелася спытаць, як падзейнічала на рабочы настрой, наогул на ўсё жыццё ў вёсцы аварыя ў Чарнобылі. Але, падумаўшы, не стаў пра гэта пытаць. Калі сам дырэктар нічога не гаворыць, значыцца, і пытаць пра гэта не варта, не наганяць страху, панікі. Думаў ужо развітвацца, класці слухаўку, але дырэктар загаварыў раптам сам пра тое, што найбольш цікавіла Андрэя, чаму ён і тэлефанаваў.

- Вы, мабыць, хацелі даведацца, ці радыяцыя дайшла да нас?

- Ну, але, - натхніў на размову дырэктара саўгаса Андрэй.

- У нас пра гэта нічога не чуваць. Вёска наша, як вы ведаеце, далёкая, лясная. А ў палявых вёсках, тых, што бліжэй да Чарнобыля, кажуць, яна ёсць. Але людзі і там працуюць - аруць, сеюць ды і ўсё астатняе, што трэба, робяць. Вясна ж. А вясновы дзень, як у нас кажуць, год корміць. Праўда, у раён наехала шмат чужых людзей. Міліцыя, салдаты... Мая жонка была якраз, калі тая самая аварыя здарылася, там, ля Чарнобыля. Ездзіла на экскурсію ў Кіеў. То, казала, там пажар, эвакуацыя людзей ідзе. А ў нас... Нібы ўсё нармальна. Так што вельмі не хвалюйцеся. Гэта замежная прапаганда гвалт на ўвесь свет падняла. А ў нас нічога, жывём, як і жылі...

«Ці не ведае дырэктар нічога, ці Іван дарэмна паніку падымае, страх наганяе? - падумаў Андрэй, закончыўшы размову з дырэктарам саўгаса і паклаўшы слухаўку. - Хаця... Дырэктар саўгаса таксама ж... І пра новых людзей - міліцыю, салдат - гаварыў, і пра пажар, эвакуацыю людзей... Каб усё там было добра, нармальна, ніхто б людзей не эвакуіраваў бы. Ды і міліцыю, салдат не прыганяў бы... Значыцца, не ўсё там нармальна... Але... І не ў такой, мабыць, ступені, як Іван гэта мне намаляваў».

Успомніў - з Івана Пастушка смяяліся ў вёсцы, кпілі, жартавалі. А ўсё праз тое, што аднойчы, як малы зусім быў, пайшоў ён у лес і на нешта жывое натрапіў. Так быў напалохаўся, што кош з грыбамі ў лесе пакінуў, а сам лататы даў - дадому ледзь жывы ад страху прыбег. Маці, бацька да яго: «Што здарылася?» А ў Івана твар як палатно, ажно гаварыць не можа. «Воўк мяне парваць хацеў». - «Дзе?» - узяліся распытваць і маці і бацька. «У Альсах». - «А які ён, той воўк, з сябе?» - «Мабыць, белы, мабыць, шэры, мабыць, паласаты», - шаптаў, не могучы апамятацца, Іван. Потым ужо высветлілася - і сам Іван не бачыў, хто там у кустах быў. Як пачуў, што заварушылася штосьці, зашастала - так і кінуў кош з грыбамі, даў драла з лесу...

«І тут, з гэтай аварыяй, ці не тое самае? «Мабыць, белы, мабыць, шэры, мабыць, паласаты...» Чуў Іван звон, ды не ведае, дзе ён...» - усміхнуўся сам сабе Андрэй. Але праз хвіліну зноў усумніўся ў правільнасці свайго аптымізму, смеху. «Іван цяпер не той вясковы хлапчук, а вучоны-атамнік. І не казаў бы ён мне ўсяго таго, што сказаў, каб не ўпэўнены быў у тым. Значыцца... Проста пакуль што не паведамляюць усяго, што там, у Чарнобылі...»

«А галоснасць?»

«Галоснасць галоснасцю, а паведамляць, калі на Захадзе ворагі гвалт паднялі... Ды і не ведаюць усяго яшчэ, можа. Гэта ж не абы-якая аварыя, а на атамнай станцыі. Справа, можна сказаць, новая, невядомая. І пакуль не высветлілі, не разабраліся...»

Паклікаў Люсю - Людмілу Апанасаўну, папрасіў, каб прынесла, падала яму свежыя газеты.

«Хоць прачытаю паведамленне ТАСС, як там падаецца ўсё. А то... Думаю пра гэта, а не чытаў, не чуў афіцыйнага паведамлення...»

Люся - Людміла Апанасаўна вярнулася з кіпай газет. І мясцовых, рэспубліканскіх, і маскоўскіх, цэнтральных. З прагнасцю кінуўся іх гартаць, чытаць. Так, усе газеты надрукавалі паведамленне ТАСС. Але ў ім не было нічога незвычайнага. Адбылася аварыя на атамнай станцыі ў Чарнобылі. Усе сродкі масавай інфармацыі Захаду паднялі вакол гэтай аварыі гвалт. Створана дзяржаўная камісія па ліквідацыі аварыі. Вось, бадай, і ўсё. Небагата, каб рабіць нейкія здагадкі. Звычайнае паведамленне, якія бываюць пасля розных аварый, няшчасных выпадкаў, крушэнняў, катастроф...

«Цікава, ці будуць яшчэ якія-небудзь паведамленні? Звычайна на тым і заканчваліся ўсякія паведамленні пра якія б там ні было няшчасці і аварыі».

«Трэба будзе ўвечары ўключыць тэлевізар, паглядзець праграму «Время», - як бы завязаў сабе вузельчык на памяць, каб не забыць, Андрэй.

Зазваніў тэлефон. Незнаёмы жаночы голас спытаў, як ідзе падрыхтоўка дома адпачынку і піянерскага лагера да сезона. Пацікавіўшыся, адкуль тэлефануюць - тэлефанавалі з БРК прафсаюзаў, - далажыў: падрыхтоўка ідзе па плану, дом адпачынку ўжо, можна сказаць, гатовы, а ў піянерскім лагеры заканчваюцца малярныя работы. Мінула некалькі хвілін - і той жа голас перадаў думку вышэйшага начальства - паскорыць падрыхтоўку да сезона, пастарацца, каб і дом і лагер гатовыя былі ў любы дзень прыняць і працоўных і піянераў.

«Чаму б гэта? - падумаў Андрэй. - Не было ж яшчэ такога, каб БРК прафсаюзаў цікавіўся, як падрыхтаваны піянерскі лагер і дом адпачынку да сезона».

«Новы, мабыць, стыль кіраўніцтва, - паклаўшы слухаўку, пачаў думаць, ходзячы па кабінеце, Андрэй. - Між іншым, правільна - цікавіцца гэтым трэба. Не толькі як хто працуе, але і як адпачывае. Бо ад адпачынку ж залежыць, як потым чалавек працаваць будзе. Адпачне добра, значыцца, з ахвоткаю і папрацуе, план не толькі выканае, але і перавыканае».

Загадаў Люсі - Людміле Апанасаўне абтэлефанаваць усіх, хто займаецца рамонтам і падрыхтоўкай да сезона піянерскага лагера і дома адпачынку, запрасіць на нараду. На нарадзе высветліў у дэталях, як ідзе падрыхтоўка да лета піянерскага лагера і дома адпачынку. Сёе-тое было зроблена, але сёе-тое і не. Не хапала рабочых. Не было і патрэбных матэрыялаў. Цяжкасці былі і з фарбамі, сродкамі дастаўкі. Сяму-таму наківаў, сяго-таго папярэдзіў, паабяцаў, што асабіста бярэ на кантроль гэтае пытанне. Даў прачуханца і свайму намесніку Клінцову Раману Мітрафанавічу. За тое, што падзапусціў гэтую работу, своечасова не сігналіў, не інфармаваў пра недахопы, як бы ўтойваў, хаваў іх.

- Трэба працаваць па-новаму, - паўтарыў ён тыя словы, якія былі цяпер на языку ва ўсіх. - Не чакаць указанняў. Кожны ведае свае абавязкі і павінен іх выконваць. І не проста выконваць, а рабіць усё як найлепш, душу ўкладваць у справу. Толькі тады толк і парадак усюды і ва ўсім будзе.

Не задаволіўшыся нарадай, паехаў сам на аб'екты. Пабываў у доме адпачынку, наведаў і піянерскі лагер. Сапраўды, дом адпачынку быў амаль гатовы, хоць сёння яго засяляй. Што ж да піянерскага лагера, то там фактычна не прыступалі яшчэ да падрыхтоўкі да сезона. Лагер, праўда, быў міжведамасны, аднак жа пакідаць усё так, як там было?

Вярнуўся ў Менск, патэлефанаваў дырэктару завода, на балансе якога і быў піянерскі лагер, напомніў, што трэба, каб лагер гатовы быў прыняць піянераў і школьнікаў у любы дзень.

- Чаму такая спешка? - спытаў дырэктар.

- А гэта ты ўжо спытай у тых, хто вышэй за мяне, - сказаў як бы з загадкай Андрэй. І паклаў слухаўку.

Прыняў некалькі чалавек па асабістых справах, падпісаў паперы. У клопаце, мітусні нават забыўся патэлефанаваць Іры. А калі ўспомніў, рабочы дзень ужо скончыўся.

«Хіба пачакаць, калі дадому яна прыйдзе? - падумаў. - Тады і патэлефаную? Папытаю, што здарылася, чаму раптам змяніла яна свае адносіны да мяне?»

Зноў заныла, быццам напятая струна, пад сэрцам.

«Трэба ж, каб усё збеглася разам. І Арцёма Гаўрылавіча на пенсію выправілі, і непаразуменне з Ірай, і ананімка гэтая, і прапанова Дзяміда Станіслававіча наконт маёй адстаўкі... А тут яшчэ і аварыя гэтая ў Чарнобылі... Думаў, у вёску, да маці, на месяц уцяку, схаваюся там ад усякіх клопатаў, перачакаю... Аж... Што хочаш, тое цяпер і рабі».

Даўно Андрэй заўважыў, ды і не адзін ён, што бяда адна ніколі не ходзіць, за сабою другую водзіць.

«А можа, і добра, што так. Бо калі б па адной беды прыходзілі... Адну збудзеш, другая на парозе стаіць... А так... Пачакаем, паглядзім, што далей будзе... Нават як бы цікава ўжо...»

Не стаў затрымлівацца на рабоце.

«Пешкі дадому пайду. І калі што - з тэлефона-аўтамата Іры патэлефаную», - вырашыў.

Але калі накінуў на плечы плашч, як бы стрымаў, спыніў сябе.

«Заехаць бы да Іры, пагаварыць...»

«Але ж яна сказала, каб не смеў заязджаць».

«Мала што сказала! У яе, можа, якое гора. А я...»

Вярнуўся да тэлефона, патэлефанаваў Іры дадому. Ніхто не адказаў. Значыцца, дома яе яшчэ не было. Так, на ўсякі выпадак, набраў рабочы нумар. Здзівіўся, што ў кабінеце нехта быў, падняў слухаўку.

- Ты, Іра? - радасна ўскрыкнуў ён.

Не, гэта была не Іра, а прыбіральшчыца. Яна сказала Андрэю, што Ірыны Пятроўны на рабоце няма, пайшла дадому. Падзякаваў прыбіральшчыцы, папрасіў прабачэння, развітаўся і паклаў слухаўку на месца.

«А можа, не тэлефанаваць зусім? - падумаў. - Урэшце, хто яна мне такая, каб так хвалявацца, перажываць? Ну, пазнаёміліся з ёй, сышліся, нам удваіх добра было. А цяпер - разыдземся. І ўсё. Паступова забудзем адно аднаго. Ці мала як сыходзяцца і разыходзяцца людзі? Бо калі браць усё блізка да сэрца...»

«Але ж Іра не выпадковы чалавек. З Ірай было паразуменне, добра заўсёды мне. І вось так кідаць... Ды яшчэ калі папрокі нейкія... Не высветліўшы... Не, нядобра гэта».

Зноў падышоў да тэлефона, набраў хатні нумар.

«Раптам прыйшла, вярнулася ўжо дадому?»

Іры дома не было, не падымала яна слухаўкі, не адклікалася.

«Няйнакш дзесьці затрымалася. У магазін зайшла ці...»

«А раптам у яе новы паклоннік з'явіўся? - цюкнула, прыйшло раптам у галаву. - Ці з мужам зноў сышлася, паладзіла?»

Адчуў - шкрабанула, выбухнула раптам рэўнасць. Аддаваць каму б там ні было Іры не хацелася.

«Не можа быць, каб яна... Радая ж заўсёды мне была...»

«А цяпер гэтак жа радая іншаму, не табе, - як бы прадоўжыў хтосьці думку. - Хто ты ёй?» «Ты мне абрыд», - усплылі раптам словы, што пачуў, сказала Іра тады, калі апошні раз гаварылі, тэлефанаваў ёй.

«Мала што сказаць яна можа?»

«І ўсё ж... Ды і дараваць?»

Пастаяў, падумаў.

Не выходзіла, ніяк не выходзіла з галавы Іра - стрэмкай сядзела, ныла і ныла, бы зубны боль.

«А яшчэ ж ноч наперадзе... І калі не патэлефаную... Не засну ж...»

Ведаў, добра сябе ведаў Андрэй. Варта было яму нешта не зрабіць ці зрабіць не так, як трэба было зрабіць, і ноч са звычайнай пераходзіла ў бяссонную. Абы-што лезла ў галаву, успаміналася, перабіралася да дробязей. І заўсёды так атрымлівалася, што, чым болей думаў Андрэй пра тое ці іншае, выходзіла, што ва ўсім ён, адзін ён вінаваты. І ён дакараў, дратаваў сябе. «Я, я ва ўсім вінаваты... Такі ўжо я чалавек, такі ў мяне характар...» І таму, каб такога не здарылася, Андрэй імкнуўся не пакідаць нічога няпэўнага, нявырашанага назаўтра, заўсёды рабіў усё так, каб потым не шкадаваць - трэба было так зрабіць, а зрабіў інакш.

Успомніў, згадаў: калі пазнаёміўся з Ірай, тое самае было. Лягла яна там, у гасцініцы, у Маскве, у пасцель да яго, а ён... Ці то разгубіўся, ці то збаяўся рабіць тое, што яна хацела, нават патрабавала. А пасля, назаўтра ж, надта перажываў, што гэтак абышоўся з ёю, думаў, пакрыўдзіцца, на ўсё жыццё пакрыўдзіцца Іра. Зноў жа, калі ўсё ў іх адбылося, блізкія адно аднаму яны сталі, быццам муж і жонка, перажываў, некалькі начэй не спаў. І сорамна было, што не ўстояў, паддаўся спакусе, і неяк непрыемна, вінавата адчуваў сябе перад Алай - здрадзіў жа ён ёй. І далей, што далей рабіць? Думаў - пасля першага разу больш нічога не будзе ў яго з Ірай. «Раз не ўстояў, але... Не, не будзе больш таго. Бо... Куды ж гэта годна - мець жонку, і...»

Трывожыла, не давала спакою і думка: «А што, калі жонка, Ала, пра ўсё даведаецца?.. Ды і як гэта - пабываўшы ў абдымках адной, ісці ў абдымкі да другой?»

«Не, не, нядобра так... Хопіць... Патушу пажар, пакуль не разгарэўся...»

Іра вабіла, цягнула да сябе. Было ў ёй нешта такое, што не давала яе забываць. І ён, Андрэй, не ўтрымаўся - зноў пайшоў да Іры.

Зноў дзень-два мучыўся, дакараў, дратаваў сябе і зноў не ўстояў.

А там і пайшло-паехала. Зусім на жонку, Алу, забыў. Ды і нелады з ёю пачаліся.

«А можа, і нелады таму пачаліся, што з Іраю я звязаўся? Жанчыны вельмі чуйныя да гэтага, нутром здраду адчуваюць, хоць пра яе і не ведаюць яшчэ. І Ала, можа, гэта адчула. І змяніла свае адносіны да мяне», - падумаў.

«Усё, усё можа быць, - згадзіўся тут жа сам з сабою Андрэй. - І тое, што перастаў я выконваць волю Эльвіры Барысаўны, Алы... Гэта як вынік ужо маёй здрады, сувязі з Ірай... А не было б Іры - халоднасці ў мяне не было б да Алы, Эльвіры Барысаўны...»

«Але ж і калі б не было Іры, усё адно б я ўзбунтаваўся, не рабіў бы ўсяго таго, што мне загадвалі жонка і цешча. Рана ці позна, аднак бы я ўзбунтаваўся, не маўчаў бы, не быў бы такім папіхачом, як Арцём Гаўрылавіч...»

«Хто ведае, можа б, і не ўзбунтаваўся, лічыў бы, што так і трэба рабіць, жыць...»

Адагнаў ад сябе гэтыя думкі.

«Што думаць пра тое, чаго няма ці што было б. Ёсць тое, што ёсць, і пра яго трэба думаць, шукаць выйсця... І з працай як быць, і з жонкай, Алай. Ды і з Ірай...»

Паглядзеў на гадзіннік - было без пятнаццаці восем.

«Цікава, дзе Іра? Звычайна з працы яна спяшаецца дахаты. Забяжыць у магазін, купіць што-небудзь з яды - і дадому. А сёння...»

Зноў падышоў да тэлефона, набраў Ірын нумар - слухаўкі ніхто не падымаў. «Няхай, заўтра ўжо хіба патэлефаную».

І пайшоў, пакіраваўся нейкімі як бы не сваімі, чужымі нагамі да выхаду - настрой неяк ураз апаў, вяласць і абыякавасць агарнулі ўсё яго цела.

 

4

 

Дома, калі Андрэй адчыніў дзверы, аж не паверыў вачам сваім, убачыўшы ўсіх сямейнікаў - Арцёма Гаўрылавіча, Эльвіру Барысаўну і Алу - ля тэлевізара, няйнакш чакалі праграму «Время».

«Відаць, і ім хтосьці пра аварыю ў Чарнобылі нечага нагаварыў, - падумаў Андрэй, скідваючы з плячэй плашч і разуваючыся. - Цікава, што?»

Чакаць давялося нядоўга - з самага вялікага пакоя, які быў як бы за залу і дзе стаяў каляровы японскі тэлевізар, выйшаў Арцём Гаўрылавіч - высокі, лысы, у цёплай паласатай піжаме. Сказаў сваім добра пастаўленым, рахманым баском:

- Андрэй Анісімавіч, ці чуў ты што-небудзь пра радыяцыю?

- А што? - зрабіў наіўны выгляд Андрэй.

- Увесь свет пра гэта гаворыць. Кажуць, аж да Менска дайшла.

- У страху вочы вялікія, - сказаў як бы з насмешкаю Андрэй. - Плёткі, мабыць.

- Не, не плёткі. Тэлефанаваў я сяму-таму. Пацвярджаюць.

Выйшлі на калідор і Эльвіра Барысаўна, Ала. Абедзве ў джынсавых штоніках, у цёплых кофтах, хоць на дварэ і ў хаце не холадна было. Затараторылі наўзахапкі, перапыняючы адна адну:

- Гэта ж, мусіць, вельмі небяспечна. Нябачная смерць. Ходзіш, жывеш, а цябе забіваюць. Паволі, ты гэтага нават не заўважаеш.

- А яда? Яна ж уся атрутная будзе. Ды і праз паветра, ваду...

- Кажуць, ёд трэба піць. Па дзве кроплі на дзень. І на вуліцы менш бываць.

- У зямлі не капацца. А нам жа на дачы сёе-тое трэба пасеяць. Хіба наняць каго? - гэта сказала з роздумам, заклапочанасцю Эльвіра Барысаўна.

«Быццам і адчужанасці ніякай не было, - падумаў, слухаючы Эльвіру Барысаўну і Алу, Андрэй. - Вось што значыць гора. Недарэмна кажуць - гора збліжае людзей».

- У вас там, на рабоце, нічога не чутно? - пытаў у Андрэя, дамагаючыся свайго, Арцём Гаўрылавіч.

- Не, - адказаў як можна спакойна Андрэй.

- Што, ніхто ніадкуль зверху не тэлефанаваў? - як бы здзівіўся Арцём Гаўрылавіч.

- Не. Хаця... - успомніў Андрэй пра званок з БРК прафсаюзаў. - Цікавіліся, ці гатовы да сезона дом адпачынку і піянерскі лагер. Прасілі, каб як хутчэй іх падрыхтавалі.

- Значыцца, і ў нас да эвакуацыі людзей рыхтуюцца, - апусціў свой загнуты, ястрабіны нос Арцём Гаўрылавіч.

- Якіх людзей? - спытала са страхам у голасе Ала.

- Ды тых, што ў раёне аварыі апынуліся.

Нейкую хвіліну панавала маўчанне. Потым загаварыла Эльвіра Барысаўна.

- Нам бы таксама куды-небудь з'ехаць, - сказала як бы з уздыхам яна.

- Давайце на Чорнае мора паедзем, - прапанавала Ала.

- Не, куды заўгодна, толькі не на Чорнае мора, - рашуча закруціла сваёю вялікаю калматаю галавою Эльвіра Барысаўна.

- Гэта чаму ж? Мама, ты ж раней так любіла Чорнае мора...

- На Чорнае мора цяпер небяспечна ехаць. З Прыпяці розны бруд сплыве ў Дняпро, а па ім і ў Чорнае мора... - растлумачыла, як малому дзіцяці, Эльвіра Барысаўна дачцэ.

- А-а, - непрыгожа скрывіла нафарбаваныя губы, ледзь не загаласіла тая. - Дык што, я ніколі ўжо там і не пабуду, не пакупаюся?

- Ала, ты ж дарослы чалавек, павінна сама ўсё разумець, - папракнула дачку маці.

- Не спяшайцеся з вывадамі, - з выглядам мудраца сказаў Арцём Гаўрылавіч. - Пачакайце. Можа, Андрэй і праўду кажа - у страху вочы вялікія... Далейшае пакажа, як і што рабіць.

- У цябе ж фізік-атамнік знаёмы, Пастушок гэты, патэлефанаваў бы яму, пацікавіўся, - папрасіла Ала.

- Не падымайце панікі, - яшчэ раз ацверазіў усіх Арцём Гаўрылавіч. - А то раскудахталіся, як куры. Цэлы дзень ля тэлевізара сядзяць, паведамленняў нейкіх незвычайных чакаюць. Ды і на вуліцу баяцца выходзіць. Можа, сапраўды плёткі гэта, балбатня. Ну, адбылася аварыя, ліквідуюць яе, і ўсё.

- Каб жа так, - неяк зларадна, яхідна заўсміхалася Эльвіра Барысаўна. - Але ж каму я ні тэлефанавала, усе ўстрывожаны гэтым, шукаюць пуцёвак, каб куды-небудзь уцячы, не сядзець у Менску. Ды нават і без аварыі гэтай... Пара б падумаць, куды паехаць у адпачынак... Не сядзець жа ўсё лета на дачы?

- Ага, ага, - падтрымала маці Ала. - Гэта ж такая сумоцішча, гэтая дача. Асабліва як задажджыць. Дзень і ноч сядзіш, быццам у мяшку. Ні пайсці куды, ні паехаць...

- Андрэй, - перапыніла дачку Эльвіра Барысаўна, звярнулася да зяця, - як там у цябе наконт пуцёвак? Можна спадзявацца?

- Не ведаю, - каб не адказаць нічога пэўнага, з напускной абыякавасцю сказаў Андрэй, - не цікавіўся.

- Дык ты, калі ласка, пацікаўся, - не то папрасіла, не то загадала Эльвіра Барысаўна. - І не цягні. Калі пуцёўкі ёсць, дык мы і паедзем. Можа, нават на ўсё лета.

- Не ведаю, - паціснуў плячыма Андрэй. - Цяпер гэтая перабудова, праверкі розныя. Ды і галоснасць...

- Ну дык і што? - падняла вочы на Андрэя, паглядзела строга, коршунам Эльвіра Барысаўна. - Няхай ужо чужым, знаёмым... Але каб і сабе не ўзяць тое, што трэба?..

- Не прыставай да чалавека, - заступіўся за Андрэя Арцём Гаўрылавіч. - Бачыш, з працы вярнуўся. Мабыць жа, і стаміўся.

Андрэй нічога не адказаў - пачалася праграма «Время», і ён моўчкі прайшоў у залу, сеў у крэсла, што стаяла ў баку ад астатніх і лічылася як бы яго. Дыктар і дыктарка, якіх ён чамусьці недалюбліваў, мо таму, што яны неяк занадта ўжо казённа і быццам абыякава чыталі розныя паведамленні, не ўкладваючы ў словы свае душы, расказвалі, дзе што робіцца па краіне. Няйнакш знарок было паказана некалькі сюжэтаў з тых раёнаў, якія былі паблізу Чарнобыльскай атамнай станцыі, - і з Украіны і з Беларусі. Там поўным ходам ішла сяўба. Трактары цягалі па полі сеялкі, на сеялках стаялі людзі...

- Ну вось, усё, значыцца, у парадку, - усклікнуў Арцём Гаўрылавіч. - Сеюць, працуюць. Выходзіць, плёткі ўсё гэта наконт радыяцыі. Замежная прапаганда.

- Не, Арцём, пачакай, не спяшайся з вывадамі, - спыніла разважанні мужа Эльвіра Барысаўна. - Я ўсё ж больш веру тым людзям, з якімі я размаўляла, чым тэлебачанню.

- І я таксама, - усміхнулася, паглядваючы на Андрэя, як бы заігрываючы з ім, Ала.

Дыктар і дыктарка пачалі расказваць, што робіцца за мяжою. І Андрэй, бачачы, што ніякіх паведамленняў не будзе пра тое, што яго цікавіла, падняўся і пайшоў у свой пакой. Пераадзеўся ў піжаму, схадзіў у ванную, прыняў душ - усё ж, як бы там ні было, а Іванава перасцярога падзейнічала на яго. Ды і не сядзеў жа цэлы дзень у кабінеце, ездзіў, хадзіў.

«Ліха ведае, што з гэтай радыяцыяй? Ды і з аварыяй той, - падумаў. - Тэлебачанне нічога не перадало, а Іван гаварыў, што не ўсё там, у Чарнобылі, у парадку. Ды і плёткі ж, што сабралі за дзень Эльвіра Барысаўна з Алай... Не, дыму без агню не бывае...»

Хацелася, як бывала, калі толькі што ажаніўся, прыйшоў да Арцёма Гаўрылавіча ў дом жыць, пасядзець за сталом ля самавара, чаго-небудзь з'есці, выпіць кубачак добрага духмянага чаю. Але... Андрэй перамог у сабе гэтае жаданне, не пайшоў на кухню. Мо таму, што пачуў, як туды гурмою, адно за адным, адразу ж, як толькі скончылася праграма «Время», падаліся Эльвіра Барысаўна, Ала і Арцём Гаўрылавіч.

«Зноў пра радыяцыю, пуцёўкі гаварыць будуць, - падумаў. - А мне... Хаця... Можа, і праўда куды-небудзь з'ехаць? Не дадому, у вёску, дык на курорт? Усё ж тут не буду...»

«З Эльвірай Барысаўнай, Алай...» - як бы засупраціўлялася нейкая думка.

«Можна і без іх... Іх у адно месца паслаць, самому паехаць у іншае?»

«Таксама нядобра. Ала ж жонка. Каб у розны час... Ды і з Ірай як жа? А мо... Алу з маці паслаць у адзін дом адпачынку, а самому паехаць у іншы... Узяць з сабою Іру...»

«Данясуць жа. І жонцы, ды і... А тут ананімка гэтая. І так правяраць будуць. Навошта дадатковыя факты?..»

«І то праўда».

«Але ж і тут аставацца? Ды яшчэ калі дадалася радыяцыя...»

«А маці? Там жа, у вёсцы, маці...»

Адчыніла дзверы, зайшла ў пакой Ала. Паглядзела як бы вінавата на яго, Андрэя, села на канапу, усміхнулася. Сказала з роздумам, нават страхам:

- А ведаеш, што радыяцыя найперш б'е на спадчынны код?

- Ну і што? - спытаў стомлена, без цікавасці Андрэй.

- Як гэта што? - вырачыла вочы Ала. - У нас жа дзяцей няма.

«Гэта нешта новае, - мільганула маланкай у галаве ў Андрэя. - Цікава, цікава».

- А хто ж табе не даваў, трэба было раджаць, - сказаў так, на ўсякі выпадак, ён.

- Ведаеш, я так баялася, - пачала гарнуцца бліжэй да Андрэя Ала. - І ўсё адцягвала, адцягвала...

- Ну, а цяпер жні тое, што пасеяла, - не адпускаўся, быў, як часта ў апошні час, жорсткі Андрэй.

- Можа, цяпер хіба ўзяць ды зацяжараць, - глядзела адданымі, нейкімі быццам памаўзлівымі вачыма Ала.

- Цяпер... - задумаўся на хвіліну Андрэй. І не знайшоў нічога іншага, як усміхнуцца. Яхідна, кпліва: - Дык цяпер жа радыяцыя...

- Можа, яна яшчэ не вельмі падзейнічала, - не зразумела Андрэя Ала.

- Дык яшчэ падзейнічае...

- І праўда, - згадзілася з Андрэем адразу ж Ала. - Аварыя не ліквідавана ж.

- Вось іменна, - ухапіўся за яе думку Андрэй - заводзіць з Алай дзяцей, ды яшчэ цяпер, калі бурыліся, проста руйнаваліся адносіны... не хацелася. І радыяцыя гэтая як выратаванне. Цікавасць жа, якая была ўзнікла, калі Ала загаварыла пра неабходнасць мець дзіця, перарастала ў насцярожанасць - што, што змянілася? Напалохала Алу, што ў час, раней не нарадзіла яна дзіцяці, ці... Памянялася нешта ў адносінах. А можа... Маці, Эльвіра Барысаўна, падказала ёй. Спалохалася - Арцём Гаўрылавіч без улады. Ды яшчэ калі страцяць і яго, Андрэя?..

«Можа, можа такое быць. А калі так, дык выходзіць - не яны ананімку на мяне напісалі, не па іх указанню. Хоць гэта высветліў, і то добра...»

Ала ж лесцілася, гарнулася да Андрэя - абдымала яго, цалавала. Як усё адно ў тыя, ранейшыя часы, калі пажаніліся.

«Ці згаладалася, ці нешта іншае», - думаў Андрэй, застаючыся халодны і быццам безуважны.

- Ты, мусіць, на мяне пакрыўдзіўся? - урэшце прашаптала Ала, спрабуючы зазірнуць у вочы. - Але за што, за што, скажы?

Андрэй маўчаў. Ды і што, што ён мог сказаць? Праўду, усю праўду? Але ж... Ці зразумела б яго Ала? Ды і гаварыць усю праўду ён, як хутка зразумеў, не гатовы быў. Духу не хапала. Ды і... Страшна было гаварыць праўду. Даўно ж ён нікому яе не гаварыў. Бо ведаў, адчуваў - варта сказаць праўду, прызнацца ва ўсім - і ён... Не той будзе ўжо, не такі, якім быў, якім яго лічылі, прывыклі бачыць. А так быццам аставалася ўсё, як і было дагэтуль, і ён аставаўся тым, кім быў. І для сябе, і для другіх, а найперш, вядома, для яе, жонкі.

- Няхай, не будзем пра тое, - сказаў неяк вяла і неахвотна ён, Андрэй. - Што было, тое было...

- А што, што было? - нічога не разумела, хацела ведаць, выпытаць Ала.

І, каб спыніць Аліны роспыты, прытворна пазяхнуў, сказаў:

- Я вельмі стаміўся... Да таго ж дрэнна ў апошні час сплю.

- Я гэта, між іншым, заўважыла, - прыняла яго бяду, як сваю, Ала. - А чаму? Ды таму, што... О, маладому, здароваму мужчыне, я гэта ведаю, трэба, каб пад бокам жанчына была... Не хочаш да мяне ў спальню прыходзіць, дык я да цябе сама ў кабінет хадзіць буду... - заўсміхалася, закатваючы хітра вочкі, Ала.

І пацягнулася пажадліва, прыпала прагна сваімі вуснамі да яго вуснаў...

 

5

 

Назаўтра з самай раніцы была нарада, потым яшчэ адна - з тых нарад, якія заўсёды бываюць перад вялікімі святамі і на якія выклікаюцца кіраўнікі розных арганізацый і ўстаноў, каб каму выступіць са справаздачай, каму пачуць, што яшчэ трэба ў бліжэйшыя дні зрабіць ці дарабіць, - набліжаўся ж Першамай. І да сябе на працу Андрэй прыехаў толькі пасля абеду. Зайшоў у прыёмную - і разгубіўся. Люся - Людміла Апанасаўна, такая ветлівая і заўсёды ў самым лепшым, які толькі можа быць, настроі, цяпер сядзела за сталом і плакала, румзала.

- Што здарылася, што з табою, Люся? - спытаў устрывожаны Андрэй.

- Ды... Ды, Андрэй Анісімавіч, - падняла галаву ад стала, паглядзела на яго нейкімі новымі, незразумелымі вачыма Люся - Людміла Апанасаўна. - Мяне ў партбюро выклікалі...

- Ну і што? - нічога не зразумеў Андрэй.

- Ведаеце... Там мне казалі... Быццам я ваша палюбоўніца... Змушалі прызнацца...

Люся зноў апусціла ў стол галаву, і плечы яе закалаціліся ад рыданняў.

- Хто казаў, хто змушаў прызнацца?

- Да тыя, хто там быў... - аж не магла гаварыць ад слёз, крыўды і абурэння Люся.

- А хто там быў?

- Ігар Віктаравіч... І яшчэ двое, незнаёмых... З гаркома... Камісія.

- Якая камісія?

- Ну, Ігар Віктаравіч кажа, што вас, вашу работу правяраюць...

Ігар Віктаравіч Качан быў парторг. І Андрэй, зайшоўшы ў свой кабінет, патэлефанаваў яму. Парторг быў на месцы.

- У цябе там нікога з чужых няма? - спытаў Андрэй, павітаўшыся.

- Не, няма, - адказаў па звычцы гучна, па-маладому Ігар Віктаравіч.

- То, можа б, да мяне зайшоў?

- Проста цяпер?

- Ага.

- Добра.

І хвілін праз колькі Ігар Віктаравіч быў ужо ў яго кабінеце - быццам вырас у дзвярах. Высокі, па-спартыўнаму падцягнуты, адпрасаваны і зашпілены на ўсе гузікі. Ігар Віктаравіч як вучоны быў так сабе, нічым асаблівым не вылучаўся, але партыйную работу любіў. Хлебам яго не кармі, а дай магчымасць сход сабраць, выступіць ці што-небудзь арганізаваць. Няхай бы, можна было б і гэта яму дараваць, калі б ён рабіў партыйную работу і менш умешваўся б у не свае справы. Але з нейкага часу партыйнае бюро атрымала права кантролю над адміністрацыяй, і Ігар Віктаравіч усю сваю ўвагу скіраваў якраз на гэта. Кантралёраў і так хапала - і з райкома, і з гаркома, і з абкома. У арганізацыі павінны былі быць работнікі, а не кантралёры. І на гэтай глебе ў Андрэя з Ігарам Віктаравічам адбылося некалькі не зусім прыемных размоў і нават стычак. Адчувалася - за спіною Ігара Віктаравіча нехта стаяў, падтрымліваў, нацкоўваў яго на Андрэя.

- Сядай, - запрасіў Ігара Віктаравіча Андрэй сядаць на крэсла ля прыстаўнога століка. Сам таксама сеў не за свой стол, а насупраць Ігара Віктаравіча.

- Што вы там робіце? - не спытаў, а хутчэй сказаў паблажліва, не спускаючы вачэй з Ігара Віктаравіча. - Навошта людзей да слёз даводзіце?

- Вы пра Люсю? - апусціў свае вочы ў стол Ігар Віктаравіч.

- Ды хаця б і пра яе...

- Я казаў, што гэта няпраўда, - не падымаў вачэй ад стала Ігар Віктаравіч. - Мне не паверылі...

- Хто не паверыў?

- Ды з гаркома... Пятрашкін і Заняпалаў... Вы іх, пэўна, не ведаеце, новыя там работнікі. Даручылі ім ананімку на вас праверыць...

- Што ў той ананімцы?

- Вам хіба не паказвалі? - здзівіўся Ігар Віктаравіч.

- Не.

- Як жа гэта так? - аж адкінуў галаву, паглядзеў на Андрэя Ігар Віктаравіч. - А я думаў, вы ўсё ведаеце, у курсе...

- Гаварыць-то мне гаварылі, але каб паказваць... Ці пазнаёміць, што там... Не, не паказвалі, не знаёмілі...

- Дык я раскажу... Хоць... Надта ж бруду там многа... І злосці, лютай злосці... Хтосьці вас вельмі ненавідзіць. Ну, што вы сваяк, зяць Арцёма Гаўрылавіча, таму нікога і нічога не баяліся. Арганізацыю ператварылі ў сваю вотчыну. Акружылі сябе падхалімамі... Не працуеце... Уладкоўваеце да сябе ў інстытут толькі па знаёмству... Пуцёўкі не так, як трэба, размяркоўваеце... Пра перабудову... Ну і пра Люсю...

- І што праверка паказала?

- Ну, сёе-тое, вядома, пацвярджаецца. Што вы зяць Арцёма Гаўрылавіча, напрыклад. Але вы гэта і не хавалі. Што сяго-таго на працу ўзялі... Але ж гэта прэрагатыва, права ваша як дырэктара... Ну, а ўсё астатняе... На кожнага кіраўніка гэта можна напісаць. Там, праўда, адна дэталь ёсць, за якую я і ўчапіўся...

- Якая дэталь? - глядзеў, не спускаў вачэй з Ігара Віктаравіча Андрэй.

- Ну, надта ж ужо расхвальваецца ваш намеснік Клінцоў Раман Мітрафанавіч. Такі ўжо ён добры - ну святы, хоць ікону з яго малюй. Думка мне прыйшла - ці не з яго каманды гэтую ананімку хтосьці напісаў?..

- А што - у яго каманда ёсць? - зрабіў выгляд, быццам здзівіўся, Андрэй.

- Ды нібыта. Мяне неяк нават хацеў уцягнуць. Ды я... Не з тых... Як толькі ўбачыў, куды хіліць... Дык і ўбок. Ён, - паглядзеў навокал сябе, ці ніхто іх не слухае, Ігар Віктаравіч і ўжо значна цішэй дадаў: - На ваша месца меціць. Гэта - каб вы ведалі. Групу па захопу ўлады рыхтуе...

- А ты?

- Што я, - паціснуў плячыма Ігар Віктаравіч.

- Як што - ты ж парторг? У цябе ж свая лінія павінна быць.

- Яна ёсць, і я яе праводжу. Бачыце, - памяўся, перайшоў амаль на шэпт Ігар Віктаравіч, - у камісіі нас трое. Пятрашкін вельмі ж супраць вас настроены, няйнакш хтосьці яго падкруціў. Ён і давёў да слёз Люсю. А Заняпалаў за справядлівасць. Вось я і настояў, каб праверылі, хто пісаў ананімку. Тое, што там праўда, тое праўда. Але ж навошта бруд на чалавека выліваць? Ды і хавацца?

Адлягло трохі ад сэрца ў Андрэя. «Значыцца, ананімка не страшная, не тое, што я думаў». Аж уздыхнуў з палёгкай. Ігару ж Віктаравічу сказаў:

- Калі ўжо ўзяліся правяраць, хто напісаў ананімку, то няхай падымуць і іншыя, ранейшыя... І што на мяне паступалі, ды і на іншых супрацоўнікаў таксама. Здаецца мне, што гэта адзін і той жа чалавек іх піша. Бо, калі па шчырасці прызнацца, падазрэнне ў мяне даўно на Клінцова падае. Успомніў я, як ён павышаецца. Паступіла ананімка на загадчыка, ён заняў яго месца. Паступіла ананімка на майго намесніка - зноў Клінцоў заняў яго месца. Цяпер адна за адной на мяне ананімкі пасыпаліся... Ды быццам пакуль не прыйшоў сюды да нас працаваць Клінцоў, і не было ў нас ананімак.

- А гэта думка, падкажу Заняпалаву. І няхай праверыць... А што да вас, Андрэй Анісімавіч? Няма там, у той ананімцы, ніякага крыміналу. Хутчэй бруд. Злосць. І, можа быць, добра, што вам тую ананімку не паказалі.

- Хто яго ведае, добра гэта ці дрэнна, - сказаў Андрэй. - Паглядзім, час пакажа.

І, каб забыць пра ананімку, перавёў размову на іншае:

- Я з нарад перадсвяточных вярнуўся. Як там у нас да першамайскіх свят ідзе падрыхтоўка?

- Ды быццам усё ў парадку, я дакладваў у райкоме.

- А якія наогул праблемы ёсць?

- Бюро трэба было б сабраць, сход правесці.

- Па якім пытанні?

- Ну, на бюро пра сход трэба пагаварыць. Ды і з міліцыі папера прыйшла. Пракопчыка п'янага злавілі...

Пракопчык - гэта было прозвішча чалавека, якога ён, Андрэй, не так даўно залічыў на працу. Па просьбе якраз Пятра Кірылавіча. Ці то жончын брат, ці то так хтосьці. Словам, сваяк, «пазваночнік».

- Што, ён член партыі?

- На ўлік дзён колькі як узяўся.

- І што ён зрабіў?

- Нічога асаблівага. Выпіў недзе з сябрамі і ў таксі, кажа, сеў, каб дадому заехаць. А таксіст пачаў патрабаваць дзесятку. Пракопчык засупраціўляўся, дзесятку даваць не хацеў. Той і завёз Пракопчыка ў міліцыю. - Ігар Віктаравіч засмяяўся.

- Чаго ты? - паглядзеў на Ігара Віктаравіча Андрэй.

- Працяг далей цікавы, мне сам Пракопчык расказваў.

- Ну? - як бы падагнаў, прыспешыў Андрэй Ігара Віктаравіча.

- Пракопчык не астаўся ў даўгу перад таксістам. Паквітаўся. Сказаў у міліцыі, што не старгаваліся яны з таксістам. Мала таго што дзесятку той вымагаў за праезд, дык яшчэ і гарэлку прапаноўваў, па пятнаццаць рублёў за бутэльку. Адчынілі багажнік, а там сапраўды гарэлка. Пяць бутэлек... - не пераставаў смяяцца Ігар Віктаравіч. - Словам, падкузьмілі адзін аднаго.

- Што, з партыі трэба выключаць?

- Выходзіць, што так.

- А сход на якую тэму ты думаеш правесці?

- Ды пра перабудову пара б пагаварыць. Нават у ананімцы пра гэта пішуць ужо. Думка такая ёсць, каб даклад зрабілі вы, - глядзеў у вочы Андрэю Ігар Віктаравіч.

- Гм, - гмыкнуў Андрэй. - Наогул, сход такі трэба правесці. Але ці гатовы мы?

- Ну, калі не гатовы, дык падрыхтуемся. Час жа ёсць.

- Параіцца з сім-тым трэба было б. Каб не паперад бацькі...

- Ну, вядома. Але ж і чакаць, пакуль усе правядуць такія сходы, перабудуюцца, а тады ўжо мы... Ды і райком патрабуе.

- Добра, - згадзіўся ўрэшце Андрэй. - На калі ты сход гэты назначаеш?

- Ну, бюро правядзём дзесьці адразу пасля майскіх свят. А сход пасля Дня Перамогі.

- Давай рыхтуй. Больш ніякіх праблем і пытанняў няма?

- Не, - адмоўна хітнуў галавою Ігар Віктаравіч.

- Калі ўзнікнуць - заходзь. А то ты нешта не часта ў мяне бываеш.

- Ведаеце, не было з чым заходзіць.

- А Пракопчык?.. Ды і ананімка гэтая, праверка?..

- Гэта ўсё сёння... Як гром з яснага неба... Я якраз сам збіраўся зайсці да вас, ды вы патэлефанавалі.

- Ну, правярайце, правярайце, толькі да слёз людзей не даводзьце. Люся ж маладая, ёй замуж трэба выходзіць. Жаніха б ёй падшукалі. А вы - палюбоўніка...

- Я ж казаў вам, гэта Пятрашкін... Нехта яго нацкаваў. Ён і па іншых фактах усё лез, прыдзіраўся.

- І што вы па выніках праверкі напісалі... Ці пісаць будзеце?

- Нічога асаблівага. Як звычайна пішуць - факты не пацвердзіліся. Што ж да перабудовы, дык дзе яна надта пакуль што пачалася? Усе ж чакаюць указанняў, адкуль і як яе пачынаць. І мы чакаем. А калі трэба, настойваюць? Пачнём.

- Што ты маеш на ўвазе?

- Ну-у, нешта ж трэба рабіць.

- А канкрэтна што?

- Канкрэтна? - паціснуў плячыма Ігар Віктаравіч. - Не ведаю.

- І я таксама не ведаю, - прызнаўся Андрэй. - Ведаю толькі - з сябе перабудову пачынаць трэба. Каб да сябе стражэйшым быць. Ды і да іншых. Каб сумленна жыць. Без усякіх выгод, адносіны чыстыя між людзьмі былі, без блатаў, званкоў... Справядлівасць усюды і ва ўсім каб запанавала. Каб не баяліся людзі праўды ў вочы адзін аднаму гаварыць. Ды і працавалі не так, як працуюць. Але гэта, як я мяркую, за адзін-два дні, нават гады не зробіш. На гэта час трэба і перабудова... Гэта не на месяц-два, а надоўга. І бяда, што некаторыя гэта прынялі як чарговую каманду, кампанію. Узяліся кадры перастаўляць. Вядома, і гэта трэба, але ж гэтага мала, зусім мала...

- Ну-у, Андрэй Анісімавіч, вас хоць сёння выпускай на трыбуну, - заўсміхаўся, падымаючыся з-за століка, Ігар Віктаравіч. - А яшчэ хваляваліся, пыталі ў мяне, што гаварыць.

- Сказаць-то я знайду што. Але ці зразумеюць мяне людзі? Не прывыклі ж мы гаварыць на сходах па шчырасці, без паперак. Дый... Калі на тое пайшло, каб так гаварыць, самому трэба быць крыштальна чыстым. А мы ж... Усе, не толькі я, працавалі ў іншых умовах... І сам ведаеш, рабілі не заўсёды тое і так, як сумленне падказвала. Указанні зверху выконвалі. А яны, гэтыя ўказанні, розныя ж былі... Замест таго каб навукай, доследамі займацца, мы бульбу капалі, памідоры, моркву перабіралі, вуліцы мялі... Нарады, пасяджэнні нікому не патрэбныя праводзілі... Быццам не вельмі і вінаваты мы ва ўсім гэтым... І разам з тым - вінаваты...

- Усё так, правільна. І сход такі... Як бы ачысціцца ад усяго, што дасюль не лепшае было, што не давала жыць і працаваць сумленна... Трэба!

- Давай паспрабуем правесці.

Ігар Віктаравіч пайшоў з кабінета, а Андрэй, падняўшыся з крэсла, задумаўся. У які раз задумаўся над тым, пра што думаў усе апошнія дні - што рабіць? Небяспека быццам ад яго адведзена, мінула, не ўдалося камусьці вось так адразу з ходу ўтапіць яго. Але ж... Сам, сам адчуваў ён - не можа ён, не мае права быць кіраўніком, надта ж заблытаўся ў розных цянётах. Як жа заклікаць да перабудовы, жыць і працаваць па-іншаму ўсіх, калі сам...

«Зноў пачакай, не гарачыся, - быццам перапыніў яго думкі хтосьці. - Жыццё мудрэй за ўсіх. Бачыш, здавалася дзень-два таму назад безвыходная сітуацыя. І з працай, і хатнія справы... А тут яшчэ і ў вёску, дадому, ехаць нельга. А бачыш жа - ананімка тая стрэліла міма цэлі, і дома, з Алай, быццам памірыліся, наладжваецца ўсё...»

«Э-э, не спяшайся! Нічога не змянілася. Хіба толькі ананімка лопнула, як бурбалка. А астатняе ж...»

«І ўсё ж гарачыцца не варта. І панікаваць таксама. У жыцці ўсякае бывае. Пад'ёмы і спады, радасці і няшчасці. Пара прывыкнуць да гэтага. І цярпліва, мудра на ўсё рэагаваць».

Вярнуўся да стала, сеў у крэсла - трэба было брацца за справы, працаваць.

 

Нябачная смерць

 

1

 

Надышлі першамайскія святы, і Андрэй, каб не сядзець у горадзе, паехаў на дачу. Зграбаў леташняе, ужо збуцвелае за зіму лісце і бадылле і разам з паабразаным голлем, што ляжала ў лоўжыках па ўсім гародзе і сохла, зносіў у кучу і паліў. Густы, з гаркатою дым слаўся па зямлі, падымаўся над дрэвамі, раставаў, паволі, бясследна знікаў у блакітнай прасторы неба, якое было, як здаецца ніколі яшчэ, высокае і чыстае. І Андрэй, абапёршыся на дзяржанне віл, глядзеў, праводзіў вачыма дым і думаў, што гэтак жа, мусіць, і ўсё знікае - думкі, пачуцці, мары, ды, урэшце, і сам чалавек, не пакідаючы асабліва нідзе і ні на чым свайго знаку, сваіх слядоў. Потым, ачысціўшы пляц, узяў рыдлёўку і пачаў капаць. Гэтую работу Андрэй любіў - можа, таму, што яна напамінала дамоўку, самы шчаслівы яго час - дзяцінства, юнацтва, калі жыў у вёсцы і кожную вясну памагаў маці і бацьку сеяць соткі. І цяпер, як Андрэй адзначыў неўзабаве для сябе, яго гэтак жа, як і тады, п'яніў пах свежаўскапанай зямлі і гною.

«Хто ведае, буду есці я тое, што пасаджу сёлета тут, на дачы, ці не буду, - думаў Андрэй, - а ўскапаю, пасаджу... Няхай расце. Не я спажыву, дык нехта іншы...»

Думка пакінуць Алу, пайсці з сям'і Арцёма Гаўрылавіча не выходзіла з галавы. Хоць адносіны з Алай быццам і паляпшаліся, наладжваліся, аднак той ранейшай блізкасці ды і шчырасці не было. Нейкая нябачная не то канава, не то мяжа была між імі. Нават калі ў пасцелі разам ляжалі...

«Ва ўсім Ала вінавата, надта ж мамку сваю слухалася... Ды і я таксама ж... Чаго можна ад мяне чакаць, калі я пабыў у ложку з іншай жанчынай...»

Няёмкасць, халоднасць, адчужанасць і як бы непамыснасць адчуваліся ў адносінах з жонкай, хоць ён, Андрэй, імкнуўся гэта і хаваць, не паказваць. Дый, калі шчыра прызнацца, толькі цяпер Андрэй зразумеў, чаму так вабіла, цягнула яго да сябе Іра - не параўнаеш яе, ніяк не параўнаеш з жонкаю - надта ж нецікавая Ала была ў ложку.

«Каб не пазнаёміўся з Іраю, то і не ведаў бы, якія бываюць жанчыны», - думаў Андрэй. І шкадаваў, шкадаваў, што так неспадзявана з Ірай усё скончылася.

«А можа, можа, усё яшчэ і не скончылася? - думаў, строіў здагадкі Андрэй. - Проста непаразуменне. Першае і таму такое балючае. Няйнакш нехта ёй нечага нагаварыў. Але хто? І чаму, навошта?»

Дні стаялі пагодлівыя, цёплыя. Толькі раз быццам нахмарыла, пакрапаў невялікі дождж. Начаваць на дачы і то было няхоладна. Спявалі жаўранкі, бегалі па полі надта ж шустрыя і дзелавыя шпакі. А ўранні, калі прачынаўся, аж глух ад цішыні - дача стаяла пры лесе, далёка ад чыгункі і шасэйных дарог, да таго ж на астатніх дачах, што былі паблізу, яшчэ ніхто не жыў. І Андрэй адпачываў, гаіўся душою і целам.

«Каб не гэты куточак, даўно б збег з горада. А так хоць трошкі ды адпачнеш калі-нікалі, - думаў Андрэй. - І на добры лад, трэба было б і жыць увесь час тут. А на працу ездзіць. Як гэта робяць у многіх краінах. Але ў нас... Такой завядзёнкі няма».

Пра аварыю, пра тое, што адбылося ў Чарнобылі, неяк забылася. Тэлебачанне пра гэта больш не напамінала, не напамінаў і Іван Пастушок. Ён наогул недзе як праз зямлю праваліўся - знік. Праўда, ён папярэджваў Андрэя, казаў, што можа знікнуць.

«Відаць, і праўда ў Чарнобыль паехаў. Ды няхай. Гэта па яго часці. Вернецца, то раскажа, што там і да чаго».

За святы Андрэй амаль увесь участак перакапаў. Парабіў грады, пасеяў радыску, моркву, пасадзіў часнок, цыбулю, нават бульбу-скараспейку. Хоць і цёпла было, але сеяць і садзіць нешта яшчэ не асмеліўся - быццам ранавата.

«Няхай, на Дзень Перамогі падскочу, то і пасяўную ў асноўным закончу».

Шкадаваў Андрэй, што паслухаўся Івана, не паехаў у вёску да маці.

«Радыяцыі збаяўся. А маці так бы рада была. Ды і памог бы ёй. Трэба, вярнуўшыся ў горад, Івана пашукаць, - як бы наказаў, загадаў сабе. - І калі нічога вельмі небяспечнага няма, усё ж паехаць у вёску. Пажыць там, адпачыць ад усяго. Ды і падумаць - што і як далей рабіць. Бо калі Дзямід Станіслававіч прапанаваў падаць заяву... То... Ды і сямейныя справы... Жыць з Алай... Урэшце няхай сама яна выбера - я даражэй ёй ці маці... Вось з'еду адсюль куды-небудзь... Прыедзе да мяне жыць Ала - значыцца, кахае, дарагі я ёй... А не прыедзе... І не трэба. Бачыш, пра дзіця раптам успомніла, загаварыла... Але... Я цяпер... Заводзіць дзіця, калі не ведаю, жыць мне з ёй ці не жыць. Ды і Іра...»

Кальнула, у самае сэрца кальнула, калі ўспомніў Іру.

«Заехаць да яе трэба, пагаварыць...»

«Але ж яе... Колькі ні тэлефаную - няма і няма. Ды і сказала ж, каб не смеў заязджаць, заходзіць дадому».

«Тады... На працу да яе хіба зайсці?»

«А гэта ідэя! З працы яна не прагоніць, выслухае мяне. Ды і я яе».

І Андрэй вырашыў - адразу ж, як скончыцца свята, заедзе да Іры на працу.

«Быць таго не можа, каб яна не расказала пра ўсё. Калі прычына важная, што ж, не будзем больш сустракацца... Я мужчына, пастараюся ўсё, што было, забыць. А калі... Узважу, падумаю. Ці Ала, ці Іра?.. А можа, і не адна і не другая... Гэтага ніхто за мяне не вырашыць. Толькі я, адзін я. І чым хутчэй, тым лепш...»

З горада ніхто не прыязджаў - ні Ала, ні Эльвіра Барысаўна, ні Арцём Гаўрылавіч.

«Чаму? Раней хоць Арцём Гаўрылавіч зрэдку цікавасць да дачы, зямлі, саду праяўляў. А цяпер... Няўжо іх так усіх гэтая радыяцыя напалохала? Але ж... Каб было што сур'ёзнае - пісалі б, гаварылі б...»

Усё ж нейкая нібы трывога, неспакой не пакідалі Андрэя. І ў суботу, паабедаўшы, ён пахадзіў па садзе, гародзе і, як бы развітаўшыся з усім, што яго звязвала з дачай, паехаў у горад.

 

2

 

Калі Андрэй адамкнуў дзверы і зайшоў у кватэру, дома нікога не было.

«Дзе ж гэта ўсе падзеліся? - здзівіўся ён. - У госці да каго пайшлі?.. А можа, пагуляць? Пагода ж стаіць як улетку. Хоць загарай...»

Са смакам памыўся ў ванне, пайшоў на кухню, адчыніў халадзільнік - там, як і заўсёды раней, было поўна ўсякай яды - за Арцёмам Гаўрылавічам пакінулі размеркавальнік. Паеў, нават наліў сабе грамаў сто гарэлкі. Чамусьці захацелася выпіць менавіта гарэлкі. Халоднай, з халадзільніка. І ён гэта зрабіў.

На душы як бы палагаднела.

«Дарэмна я ўсё да галавы ды і да сэрца так блізка бяру. Ледзь не грэшнікам сябе лічу. Ёсць жа яшчэ горшыя за мяне. І пасады займаюць куды большыя. І шчаслівыя. Палюбоўніц маюць, і не па адной. Жывуць з сакратаркамі, машыністкамі... Ды і на курортах заводзяць сабе жанчын... А я... З Ірай выпадкова сышоўся і то дакараю, дратую сябе... Ды і ўсё астатняе... Падумаеш, некалькі чалавек па званку на працу ўзяў, некалькі пуцёвак аддаў не таму, каму, можа, варта было аддаць... Людзі вунь хабар бяруць, нажываюцца на пасадах...»

Хацелася выпіць яшчэ, але Андрэй стрымаў сябе.

«Раптам выйсці куды-небудзь давядзецца? Хоць і свята, а ўсё ж... Міліцыя напагатове... І ловіць чамусьці не алкашоў, а тых, хто падвыпіўшы... І не рабацяг, а начальнікаў, хто ў капелюшы і пад гальштукам... Можа, нават указанне адкуль такое атрымалі...»

Пахадзіў па хаце, не ведаючы, чым заняцца, што рабіць.

«Іры хіба патэлефанаваць?.. А то і пад'ехаць да яе? Ды і з Іванам бы звязацца? Цікава, дома ён ці не?»

Падышоў да тэлефона, набраў Іванаў нумар. Падняла слухаўку Іванава жонка, Святлана, якую Андрэй трохі ведаў, хоць не так, як, можа, трэба было б.

- Са святам вас! - павіншаваў ён Святлану.

- І вас таксама! - адказала Святлана. - Гэта Андрэй Анісімавіч? - пазнала яна. - Добра, што патэлефанавалі. А то Іван ужо даручэнняў розных мне надаваў. А калі так... Самі з ім пра ўсё і пагаварыце. Іван! Іван! - закрычала Святлана, завучы мужа. - Андрэй Анісімавіч тэлефануе...

Іван падбег да тэлефона ў той жа міг. Не сказаў, а хутчэй выдыхнуў радасна:

- Добра, што патэлефанаваў, ды, урэшце, і прыехаў са сваёй дачы.

- А што, ты хіба тэлефанаваў, шукаў мяне? - спытаў, як заўсёды гаворачы з Іванам, весела Андрэй.

- Некалькі разоў. Я ж, можна сказаць, праездам тут. Сёння ж, літаральна праз некалькі гадзін, зноў еду.

- Усё па аварыі гэтай?

- Ага.

- А я неяк супакоіўся, - прызнаўся Андрэй. - Радыё, газеты маўчаць...

- Злачынна маўчаць, скажу я табе. Тысячы людзей кінуліся загараць, выехалі на прыроду. Ды і ў тыя раёны... Цяплынь жа стаіць... А гэта - нельга!

- Зноў ты за сваё! - як бы папракнуў, пакпіў з Івана Андрэй.

- Ты, мусіць, чарку ўзяў, - здагадаўся Іван, - бо вясёлы нешта.

- Узяў, - засмяяўся Андрэй. - Вярнуўся з дачы, у мяне дома нікога няма. Дык я чарачку сабе наліў...

- Ці хоць добра памыўся пасля дачы?

- Ды быццам так. А што?

- Лепш бы ты не ехаў на тую дачу, у зямлі не капаўся.

- Не магу я без гэтага, - з болем у душы загаварыў Андрэй. - Як вясна прыходзіць - цягне бы магнітам мяне да сябе зямля... А ты... Лепш скажы, дзе ты ў святы быў!

- Я? У тыя раёны, што ад аварыі пацярпелі, ездзіў.

- Ну і што там? - зацікавіўся Андрэй.

- У двух-трох словах не раскажаш. Давай лепш сустрэнемся, да мяне прыедзь.

- Я выпіў, таму...

- Таксі выклічы, - параіў Іван.

- Э, не, у мяне адзін супрацоўнік сеў выпіўшы ў таксі, дык таксіст яго ў міліцыю здаў. З партыі вось выключаць будзем. Давай лепш ты да мяне пад'едзь, у мяне дома якраз нікога няма.

- Ладна, еду.

І прыехаў. Хутка, Андрэй нават стол не паспеў падрыхтаваць. А хацелася пачаставаць Івана як след - і свята ж было, ды і не так часта Іван на кватэру да яго заходзіў. Але калі Іван пазваніў у дзверы і Андрэй адчыніў яму, то... разгубіўся.

- Ты што, Іван, захварэў? - спытаў Андрэй са страхам - быў Іван худы і як бы ўчарнелы. Аж шчокі запалі, сківіцы выпіралі.

- Я казаў табе - бяда, вялікая бяда здарылася. І страшна вось што - многія не разумеюць гэтага. Паводзяць сябе, быццам нічога нідзе не здарылася, - ідуць поўным ходам палявыя работы, праводзяцца мітынгі, дэманстрацыі, дзеці гуляюць па вуліцы, сёй-той загарае. Ды яшчэ дзе - за некалькі кіламетраў ад рэактара... П'юць малако, ядзяць яйкі, шчаўе, крапіву... А гэта... Атрута... Смерць...

- Ты хоць бы прысеў, у мяне стол вунь... Праўда, не паспеў я яго як належыць яшчэ падрыхтаваць...

- Не да таго, Андрэй... Людзей трэба ратаваць. Асабліва дзяцей... Бо яна, гадаўка, гэтая радыяцыя, найперш па іх б'е...

- Няўжо ўсё так страшна, як ты гаворыш? - верыў і не верыў таму, што чуў, Андрэй.

- Не тое слова - небяспечна! Час, вядома, упушчаны ўжо, але сёе-тое можна яшчэ паправіць, выратаваць людзей. Толькі трэба не марудзіць, мабілізаваць усё і ўсіх. Украінцы на другі дзень пасля аварыі за эвакуацыю ўзяліся, а мы толькі ўчора, сёння...

Андрэй усё ж усадзіў Івана за стол.

- Не гарачыся, давай па парадку ўсё раскажы... - сеўшы таксама за стол, сказаў, супакойваючы сябра, Андрэй.

- Я казаў табе - у мяне вельмі мала часу.

- Куды ты спяшаешся?

- На цягнік, у Маскву.

- І што ты рабіць там будзеш?

- ? - паціснуў плячыма Іван. - Ведаю адно - пастараюся даказаць, што эвакуіраваць трэба не толькі тыя вёскі, што ля самага рэактара. Ды і дзяцей... Як мага больш дзяцей... Бо калі гэтага не зробім... Ніхто нам потым ніколі не даруе...

- А без эвакуацыі нельга?

- Нельга. На гэта, праўда, патрабуюцца вялікія сродкі. Трэба ж эвакуіраваных не толькі дзесьці пасяліць, але і даць ім працу. Бо дадому, у свае вёскі, яны... можа быць, сёй-той ужо і ніколі не вернецца.

- Ты што? - падняў на Івана вочы Андрэй.

- Тое, што чуеш. У некаторых вёсках, можа быць, хоць я ў гэта і не веру, калі правесці належную дэзактывацыю, з часам можна будзе і жыць. Але ў тых, што блізка да рэактара, што засыпаны стронцыем, плутоніем, цэзіем... Калі хто і будзе жыць, дык ужо не на нашай памяці... Такі куточак зямлі, можна сказаць, Богам дадзены, загубілі. Спярша абязлесілі, асушылі, а цяпер яшчэ і атрутай засыпалі...

- Ніяк паверыць я табе не магу, - адкінуўся на спінку крэсла, зажмурыў вочы Андрэй, спрабуючы асэнсаваць тое, што пачуў ад Івана.

- І ніхто, ніхто верыць не хоча! Але тое, што я кажу, - факт, рэальнасць. Тут права рашаць трэба даць тым, хто гэта хоць трохі ведае, хто ў гэтым разбіраецца. Хоць і мы... Не ўсё, далёка не ўсё ведаем! Вывучаць трэба. Але і тое, што ведаем, жахліва...

- І колькі вёсак эвакуіруецца? - расплюшчыў вочы, паглядзеў зноў на Івана Андрэй.

- Па Гомельскай вобласці больш як пяцьдзесят. Але гэта мала. Яшчэ прыкладна столькі ж трэба... Неадкладна! А там і гарадкі некаторыя, вёскі...

- А наша, як наша вёска?

- Быў я там, я казаў табе. Наогул жа, я аб'ехаў дзесяткі вёсак Хойніцкага, Брагінскага і Нараўлянскага раёнаў. Вясна, зелена ўжо там. Сады вось-вось зацвітуць. Прыгажосць - словамі не выкажаш. Людзі ўсюды варушацца - аруць, сеюць. Быццам нідзе нічога і не здарылася. А есці ж таго, што пасеюць, што вырасце, нельга будзе. У гэта цяжка паверыць, а трэба. Стаяў я на беразе Прыпяці, на рэактар той глядзеў, што з-пад чалавечай улады выйшаў. Дыміць ён, як у нас там кажуць, курае... І ад яго ідзе, ідзе ва ўсе бакі радыяцыя... А яна ж пранікае ў арганізм, ва ўсё жывое. Арганізм, як губка, яе ў сябе ўбірае. Кожную хвіліну ўсё больш-больш. А гэта ж - смерць... Ды і ізатопаў розных, шкодных для ўсяго жывога, рассыпалася ўга колькі! Што з дажджом выпала, што ветрам занесла... Ды і нясе, цяпер нясе... І калі рэактар той утаймуюць - невядома!.. Справа гэта новая, ніколі яшчэ такога ў нас не здаралася! А побач жа і трэці, другі, першы блокі... На некалькі дзесяткаў, а то і больш кіламетраў наўкруг усё атруціць можам! І гэта мы, вучоныя, ведаем. А людзі звычайныя нічога не ведаюць, не ўяўляюць нават, жывуць так, як і жылі, быццам нідзе нічога і не здарылася. Заехаў я ў сваю вёску, - расказаў Іван. - Радыяцыя там, праўда, пакуль невысокая, можна сказаць, цярпімая, асабліва ў параўнанні з іншымі вёскамі, дзе я пабываў. І далекавата ад Чарнобыля, ды і лес прыкрывае. А правільней - воблака тое, атрутнае, што смерць несла, міма прайшло... Маці на гародзе грады сее. Вядома, узрадавалася, цалавацца кінулася. Я на рукі яе гляджу - голыя ж яны, усе ў зямлі... А ў зямлі - смерць жа!.. Пайшлі ў хату, прымусіў маці памыць рукі з мылам, спярша халоднаю, потым цёплаю вадою. Пачаў ёй расказваць, што, як і да чаго... І ведаеш, не пераканаў маці. Ні ў чым... З вёскі ехаць наадрэз адмовілася. «Куды я цяпер? Сеяць жа поле трэба!» Я: «Усё адно есці не будзеш таго, што вырасце!» А яна: «Не выдумляй, сын, а што ж я буду есці!» Тады я пра эвакуацыю загаварыў, маўляў, сілком будуць высяляць з родных мясцін людзей, ды і высяляюць ужо з некаторых вёсак, не пытаючы, хоча хто ці не хоча таго. А яна: «Гэта немцы з намі ў вайну рабілі. Цяпер свае таго не зробяць. А пачнуць рабіць - у лес паўцякаем!» Я: «Нельга тут аставацца. Хто астанецца - памрэ». Яна: «Вечна жыць, сынок, не будзеш». Я: «Нікога пускаць сюды не будуць». Яна: «О, тым больш нікуды не паеду. Тут жа магілы, уся радня мая на могілках... І каб я адсюль куды паехала?..» Вось і ўся размова... І тое самае, прыкладна так, дарэчы, твая маці. У гародзе, як і мая, капалася, калі я заехаў да яе. Чаго ні гаварыў, як ні страшыў - словы мае - як аб сцяну гарох. Папрырасталі людзі душой і целам да сваёй зямлі, іх, як дрэва, можна толькі з карэннямі вырываць...

- А што ж ты думаў? Бацькі, дзяды, прадзеды нашы там жылі... Бацькоўскі кут, родная зямля... І ўсё, усё там роднае, - зноў зажмурыў вочы, задумаўся Андрэй.

- Душа крывёю абліваецца... Людзі, якія працавітыя, добрыя там людзі! Нідзе я такіх не бачыў, не сустракаў. І трэба ж - гора такое на іх абрынулася. На край увесь!

Памаўчаў, падумаў.

- А яе ж, тую самую атамную станцыю, хацелі пад Кіевам збудаваць. Вучоныя выступілі супраць, дамагліся ўсё ж, каб хоць трохі далей аднеслі! Кіеў бы ўвесь ляснуў! Вось да чаго неабдуманасць магла б прывесці!

Пакруціў галавою.

- Уяўляю, што там, на станцыі, цяпер! Трэба ж неяк так зрабіць, каб іншыя блокі ацалелі. Ды і рэактар утаймаваць, каб смерць не сеяў! А потым, калі ўтаймуюць яго, колькі папрацаваць давядзецца. Зямля наўкруг засыпана ізатопамі, атручана. Яны могуць у ваду грунтавую трапіць. А звяры, птушкі, рыба... Іх жа не пазабіваеш усіх... І не скажаш, што туды нельга, там смерць... А лясы? Што з імі рабіць? Ды і з полем, лугам, балотамі?

- Ты б, можа, чарку выпіў, з'еў чаго? - спытаў, паказваючы на стол, Андрэй. - Свята ж.

- Не, не да пітва, не да яды, - аднекнуўся, адмовіўся Іван. - У Маскву трэба ехаць. Разам са мною ў купэ розныя людзі будуць. Ды і, скажу табе, пабываўшы там, не хочацца нічога ні есці, ні піць. Нарабілі самі сабе бяды, быццам мала яе ў нас было, гэтай яшчэ не хапала. І бяда гэтая... Будзе ж разносіцца. Птушкамі, звярамі, з вадою, з ядою... Нават калі калючым дротам абгарадзіць тое месца, усё адно нічога не паможа. Як, як гэта адаб'ецца на жыцці Ўкраіны, Беларусі? Ды і не толькі... Аварыя гэтая напомніла, што такое атамная энергія і як з ёй трэба асцярожна абыходзіцца. Ага, - як бы спахапіўся Іван, - дык вось якое даручэнне ці просьба ў мяне да цябе. - Іван сцяў свае тонкія губы, як бы засяродзіўся над нечым, падумаў. - Паспрабуй ты пад'ехаць туды, у вёску. І ўгаварыць, забраць сваю і маю маці...

- Але ж яны, ты кажаш, ехаць нікуды не хочуць - адмовіліся?

- Мала што. У бліжэйшы час эвакуацыя дзяцей пачнецца... З многіх вёсак, і з нашай таксама. А гэта дзейнічае. І яны... Можа, паддадуцца, згодзяцца да нас у Менск прыехаць. Мяне не паслухаліся, то, можа, цябе паслухаюцца... Я не прасіў бы, але сам... Не ведаю, дзе буду. У Маскве, Кіеве ці яшчэ дзе-небудзь. Я казаў табе - вядзецца вялікая работа па ўтаймаванні рэактара. Я таксама да яе падключаны. Кожны робіць сваё, а ўсе разам адно, агульнае.

І Іван і Андрэй памаўчалі.

- Вось што, - парушыў першы маўчанне, сказаў Андрэй. - Я ў гэтай справе, вашай атамнай навуцы, прафан. Скажы, калі ласка, мне - радыяцыя небяспечна, я гэта чую, ведаю. Але ж ты, скажам, ездзіў па тых мясцінах... Ды і іншыя з табою... І тыя, што там жывуць... Маці нашы... Як адаб'ецца гэта на табе, на іх?

- Бачыш, у чым каварнасць усяго - яна, гадаўка, не адразу забівае чалавека, - як бы падумаўшы, сказаў Іван. - Пранікнуўшы ў арганізм, яна яго аслабляе, разбурае. Паступова... Асабліва жахліва дзейнічае на спадчынны код, на патомства. Колькі гадоў мінула пасля атамнай бамбёжкі Хірасімы і Нагасакі, а яшчэ і цяпер нараджаюцца калекі, непаўнацэнныя ва ўсіх адносінах дзеці...

- І ты... Ведаючы ўсё гэта, свядома рызыкуеш сабой, сваім жыццём?

- А што ж рабіць? Трэба ж небяспеку ад людзей адвесці ды і памеры бяды вызначыць. Хто гэта зробіць, як не мы, вучоныя? Самі натварылі бяды, самі і спраўляцца з ёю мусім. Я ды і іншыя вучоныя, што цяпер ночы не спяць, - не ў разлік. А вось тыя, хто церпіць з-за нас, каго выселілі ці высяляць яшчэ будуць. Ды і іншыя, хто не ведае нічога, чым гэта можа скончыцца... Вось каго шкада. Мы натварылі бяды, а яны пажынаюць плады нашых памылак...

- А ты... Ты можаш сказаць, што там, у Чарнобылі, здарылася, чаму адбылася тая аварыя? - задаваў, сыпаў пытанне за пытаннем Андрэй.

- Пакуль не. Працуе камісія, усё вывучае. Адно ясна - былі, відаць, нейкія недагляды, пралікі, а можа, і штосьці большае - парушэнні, халатнасць, недысцыплінаванасць, адыход ад нормаў - і ў тых, хто будаваў, і хто адказваў за эксплуатацыю. Бачыш, атамная энергія - справа новая, тут вока і вока, дысцыпліна і дысцыпліна патрэбны. А людзі некаторыя нашы... Сам ведаеш... Цяп-ляп, пусці-павалюся... Адносіны да працы павінны быць іншыя, трэба мяняць псіхалогію людзей. І гэта вельмі правільна, своечасова загаварылі пра перабудову. Так, як жылі і як працавалі, далей жыць і працаваць нельга. Трэба ўсё ў корані мяняць. Нельга, каб вучоных не слухалі ці, дзеля выгады нейкага выскачкі-чынушы, мянялі праекты, даты пуску аб'ектаў, правілы эксплуатацыі ды і ці мала што. У руках у людзей вельмі адказная тэхніка, і на ёй, з ёй трэба працаваць гэтак жа адказна... Чарнобыльская бяда многаму навучыць, перасцеражэ. Шкада, што яна не абмінула наш з табою родны кут. Вось жа скажы - такі вялікі зямны шар, столькі набудавана ўсюды гэтых самых атамных электрастанцый, а расплачвацца даводзіцца нам з табою, нашым сваякам, землякам. Колькі людзі нашы, зямля наша нацярпеліся і ў гэтую вайну, ды і ва ўсе мінулыя. Не, яшчэ і гэтую бяду трэба перажыць, спазнаць...

Усё ж не вытрымаў - пацягнуўся да налітай Андрэем чаркі з гарэлкаю, выпіў. Неяк адразу, адным махам. І падняўся з-за стала, сказаў:

- Выбачай, але мне трэба ісці. Тыя, хто заварыў гэтую кашу... можа, дзе на лаўрах спачываюць. А нам трэба расхлёбваць. Мабыць, такі ўжо лёс усіх сумленных людзей - дурні і зламыснікі робяць, а разумныя ды сумленныя папраўляюць...

Падаў руку - і моўчкі, не падымаючы на Андрэя вачэй, пайшоў, як не пабег з кватэры.

 

3

 

Астаўшыся дома адзін, Андрэй прыбраў са стала, потым пахадзіў па кватэры, не могучы знайсці сабе нідзе ні месца, ні занятку. Тое, што пачуў ад Івана, - а не паверыць яму гэты раз ён проста не мог, бо надта ж горача і пераканаўча Іван гаварыў пра ўсё, што ведаў і бачыў сам на свае вочы, - прымушала зусім па-іншаму глядзець на многае, калі не на ўсё.

«Ну, што чалавечае жыццё кароткае, міг, хвіліна адна, у любы час абарвацца можа... да гэтага я прывык, ведаю, - думаў ён. - Але каб жыццё цэлага краю, народа ды і ўсяго чалавецтва...»

Гэта было новае, ніколі яшчэ дасюль так не думалася, правільней, думалася, але як бы ў далёкай, неабсяжнай перспектыве - калі і здарыцца нешта падобнае, дык будзе гэта, можа, праз мільён ці мільярд год. Энергетычныя рэсурсы скончацца, карміцца не будзе чым, сонца астыне ці катаклізм нейкі адбудзецца - сарвецца з арбіты Зямля, сутыкнецца з якім-небудзь нябесным целам... А тут, выходзіць, самі людзі сябе пагубіць могуць. І здарыцца гэта можа кожны дзень, кожную хвіліну. Вунь колькі атамных і вадародных бомб нарыхтавана, ды і набудавана атамных электрастанцый. І варта адбыцца непрадбачанаму выпадку, і... Пачнецца незваротны працэс. Калі нават не загіне чалавецтва адразу, дык паступова, атручваючыся праз ваду, яду, паветра. Парушыцца спадчынны код... Пачнуць нараджацца непаўнацэнныя людзі, калекі...

«Вось да чаго давялі чалавецтва розныя вынаходствы, - думаў Андрэй. - Свет увесь загінуць можа. І тут Іван мае рацыю, ды і заўсёды меў - высокая духоўная культура павінна быць у сучаснага вучонага, самыя высокія паняцці аб этыцы і маралі. Ды і адказнасць. Перш чым рэкамендаваць сваё адкрыццё, ён павінен падумаць, добранька падумаць, узважыць, да чаго яно прывядзе. І не пра сябе, сваю славу і даброты вучоны павінен думаць, а пра чалавецтва, усіх, усіх людзей. І прыроду. Каб не парушыць чаго-небудзь у ёй сваім вынаходствам, захаваць той баланс, тую раўнавагу, якія ўсюды і ва ўсім былі і ёсць».

Не давала спакою і яшчэ адно - калі адбылася такая сур'ёзная аварыя ў Чарнобылі, то чаму маўчаць радыё, тэлебачанне, газеты, наогул усе сродкі інфармацыі? Гаворым пра галоснасць, а калі справа дайшла... Разгубіліся ці спалохаліся сказаць праўду?..

«А можа, і не ведаюць яшчэ ўсяго тыя, каму гэта трэба ведаць. Святы ж былі. Вучоныя-спецыялісты павінны вызначыць памеры бяды. І тады...»

«Але ж... Людзі там. Ды і тут... І ім бы ведаць, што і як рабіць. Сеяць ці не сеяць, што есці, піць? Дый ва ўсім астатнім, што рабіць? А то быццам нідзе нічога і не адбылося...»

«Можа, там, дзе сапраўды існуе небяспека, людзі папярэджаны даўно. Ссяляюць, эвакуіруюць іх».

«Зноў жа - куды? Вольных жа, незанятых кватэр у нас няма. Можа б, да людзей звярнуцца, каб у свае кватэры пусцілі...»

«Дамы адпачынку ёсць, піянерскія лагеры. Гэта Арцём Гаўрылавіч адразу ж сказаў, як пачуў, што пыталі, у якім стане дом адпачынку і піянерскі лагер, прасілі прыспешыць іх падрыхтоўку да сезона. Стары воўк, ведае, што да чаго... І мне трэба будзе ўсе сілы кінуць, каб рамонт і падрыхтоўку піянерскага лагера як мага хутчэй скончыць. Ды і пра штаты, харчаванне, іншае забеспячэнне падумаць...»

«А маці? Як да яе з'ездзіць?»

«Хіба на Дзень Перамогі. Сам і пагляджу, наколькі гэта ўсё сур'ёзна там. І калі што якое... Сілаю маці ў машыну пасаджу, забяру да сябе. Не захоча дома ці на дачы жыць, у які-небудзь дом адпачынку завязу. Ніколі ж нідзе ні разу не адпачывала...»

«А хто калі ў вёсцы дзе адпачываў?»

«І гэта праўда. Усё дзеля гарадскога насельніцтва дамы адпачынку будуем, а дзеля вясковага... Быццам яны і не трэба. Жывуць, маўляў, на прыродзе, працуюць заўсёды на свежым паветры. Дый... Не прывык жа там ніхто адпачываць... Вось і мяне... Усё жыццё працаваць вучылі. І не толькі мяне, а і ўсіх, хто ў вёсцы нарадзіўся. І мы, дзеці вёскі, прыехаўшы ў горад, забываем пра вёску, вясковых людзей. Як яны там жылі, працавалі, адпачывалі - так няхай і жывуць, працуюць, адпачываюць. Тыя калгасныя дамы адпачынку... Колькі іх і хто там бывае?..»

Прыйшлі, вярнуліся дадому Арцём Гаўрылавіч, Эльвіра Барысаўна і Ала. Усе ў добрым, амаль вясёлым, святочным настроі - няйнакш з гасцей. Арцём Гаўрылавіч не распранаючыся адразу ж падаўся не зусім упэўненай хадою ў свой кабінет, мабыць, перабраў, выпіў лішне і яму нядобрылася. Эльвіра ж Барысаўна цвіла, усміхалася.

- Мы пуцёўкі сабе дасталі, - пахвалілася яна. - Заўтра ж і паедзем.

- Чаму так спешна? Ды і рана ж яшчэ, каб адпачываць, - сказаў, быццам нічога не ведаў, ні пра што не здагадваўся, Андрэй.

- Як гэта - спешна, рана?.. Мы ж казалі табе - у Менску радыяцыя, павышаны фон... Чаго ж здароўем сваім рызыкаваць? - паглядзела на Андрэя як бы з выклікам Эльвіра Барысаўна. - Усе, хто можа, уцякаюць.

- І куды ж вы? - не мог ужо, каб не спытаць, Андрэй.

- У Прыбалтыку. Туды радыяцыя, кажуць, не дайшла. Алачку ратаваць трэба... Радыяцыя ж перш за ўсё на спадчынны код б'е...

- Я, мама, сама яму ўсё раскажу, - заўсміхалася, гледзячы Андрэю ў вочы, Ала. - Ты што, толькі што з дачы прыехаў?

- А што? - паглядзеў на Алу Андрэй.

- Не трэба было туды табе ехаць, - падышла бліжэй да Андрэя, узяла яго пад руку Ала, і ён пачуў, што ад яе пахне віном. - Там жа таксама радыяцыя. Былі мы ў гасцях... - Яна назвала прозвішча агульных знаёмых, з якімі сябравалі Арцём Гаўрылавіч і Эльвіра Барысаўна. - То там чалавек адзін быў. Ён і растлумачыў усё нам...

- Што, напрыклад? - глядзеў кпліва на Алу, не зводзіў з яе вачэй, быццам упершыню бачыў, Андрэй.

- Ну, што зеляніны есці нельга... Малака піць... На паветры бываць... У зямлі капацца... Наогул, радыяцыя - вельмі небяспечная, яна можа прывесці да самых розных хвароб. І таму, - заўсміхалася, склала банцікам губы Ала, - трэба ад яе ўцякаць. Вось мы пуцёўкі і дасталі праз маміных і татавых знаёмых. І паедзем.

- А мяне... Тут пакінеце?

- Я ж казала, - умяшалася зноў у гаворку Эльвіра Барысаўна, - каб ты паклапаціўся і пра сябе, і пра нас - усім нам дастаў пуцёўкі.

- А калі я не дастаў, дык вы мяне... Лішні я, выходзіць. Мой спадчынны код, значыцца, вас не цікавіць?

- Ты ж на рабоце, - паглядзела зноў у вочы Андрэю Ала. - Але калі ты так хочаш... Прыязджай да нас... Ці пуцёўку сабе таксама вазьмі. Ты ж, мабыць, маеш права?

- Маю, маю, - сказаў як бы з раздражненнем Андрэй і, зрабіўшы пакрыўджаны выгляд, пайшоў у свой пакой. Але не ўседзеў там доўга - пачуўшы, што Эльвіра Барысаўна і Алачка, сабраўшыся на кухні, пра штосьці бойка, наўзахапкі загаварылі, заспрачаліся, а Арцём Гаўрылавіч, прылёгшы на канапу, заснуў - з яго пакоя чуўся смачны храп, - Андрэй, нікому нічога не кажучы, ціхенька адчыніў дзверы і вышмыгнуў з кватэры.

Вечарэла. Вялізны чырвоны круг сонца вісеў далёка за дамамі, апускаючыся з кожнай хвілінай ніжэй і ніжэй. Дзе-нідзе ўжо зелянела, кучаравілася, і даволі густа, трава, распускаліся дрэвы - ліпы, бярозы, каштаны. Было надзіва цёпла і неяк малалюдна - недарэмна ж кажуць, што нішто так не стамляе людзей, як доўгія святы. А сёлетнія майскія святы былі доўгія - аж чатыры дні.

Выкіраваўшыся на набярэжную, Андрэй не спяшаючыся падаўся ўсцяж Свіслачы. Гэта быў яго даўні і любімы маршрут прагулянак. І зімою, і летам, і ўвосень, і вясною, у любое надвор'е. Як надаралася вольная хвіліна, так ён і кіраваўся на набярэжную, мераў і мераў яе нагамі. Іншы раз забрыдаў далёка, аж на возера. Хадзіў каля яго, глядзеў на ваду, чуў плёскат хваль - і гэта яго неяк дзіўна супакойвала, настройвала на добры, лагодны лад.

«Вядома, - думаў, як бы нават асуджаў сябе Андрэй. - Не трэба было мне паводзіць сябе, як хлапчук. Дасталі пуцёўкі, ехаць сабраліся - ну і, як у нас у вёсцы кажуць, калясом дарога, няхай едуць. А што я не свой, лішні ў іхняй хаце чалавек, дык да гэтага пара прывыкнуць. За сем'яніна мяне ніхто не лічыў тут і не палічыць, як бы я ні шчыраваў, як бы ні стараўся».

Было як ніколі крыўдна. Хоць і збіраўся, даўно збіраўся Андрэй сам пакінуць гэтую сям'ю, аднак прызнанне Эльвіры Барысаўны, што дасталі пуцёўкі і едуць (правільней, уцякаюць) у Прыбалтыку, было той апошняй кропляй, якая прымусіла яшчэ раз паглядзець на сябе нібы збоку, адчуць сваю непатрэбнасць, непаўнацэннасць.

«Бачыш, пра Алу, Алін спадчынны код падумалі... А пра мяне... Нават не ўспомнілі... Яны - гэта сям'я, а я... Я, выходзіць, і праўда лішні, чужы ім...»

Адчуваў Андрэй, ведаў, што, нават калі б прапанавалі яму паехаць у Прыбалтыку, дасталі пуцёўку, усё адно ён бы не паехаў. І ўсё ж, аднак жа...

Акрамя крыўды, была нейкая і як бы непамыснасць. І Андрэй, ідучы па набярэжнай, развярэджваў сябе ўсё больш і больш - не спыняў гульні ўяўленняў, сваіх крыўдных думак, а як бы даваў ім поўную волю.

«Мая маці, бачыш, не думае пра сябе, што з ёю будзе. Пакінуць свой дом, родны кут, магілы бацькоў... Яна не ўяўляе свайго жыцця без усяго гэтага. А яны, - думаў з непрыяззю, злосцю Андрэй пра Эльвіру Барысаўну, Алу, ды, зрэшты, і пра Арцёма Гаўрылавіча, - гатовы ўсё ў любы час пакінуць. Нічога іх не звязвае з домам, нішто ім не дорага. Куды заўгодна паедуць, абы добра ім было, абы жыццё сваё ўратаваць, далей ад небяспекі быць. Хай іншыя жыццём рызыкуюць, сваім спадчынным кодам... А яны... Яны не, нічым рызыкаваць не будуць».

Успомніўся Іван Пастушок.

«Вось такія Іваны няхай у самае пекла ідуць. І пойдуць, каб утаймаваць рэактар, каб пагрозу ад людскога жыцця адвесці. Ды і дайшлі ўжо. Іван пабываў на месцы бяды, радыяцыі, пэўна ж, набраўся... А ён жа вучоны, ведае, на якую рызыку ідзе...»

Недзе ў глыбіні душы Андрэй пазайздросціў Івану.

«Малайчына ўсё ж ён, ніколі не шукаў для сябе выгоды, лягчэйшага жыцця. Жыў так, як хацеў, сумленна, нідзе ні ў чым нікому не саступаў, праўду, толькі праўду ўсім у вочы казаў і ўсё рабіў ад душы, па шчырасці. Цэльная натура. А я, я...»

Аж брыдка, агідна стала.

«З кім, з кім я лёс свой звязаць хацеў, за кім, за чым пагнаўся? Замест таго каб працаваць, рабіць тое, што душы блізка, я... У кіраўніцтва падаўся, штаны праседжваю, паперкі розныя перакладаю, тэлефаную, узгадняю, упрошваю - час свой марную... Навошта, дзеля чаго гэта мне? Сказаў Дзямід Станіслававіч, каб заяву падаў, трэба было і падаваць... З'ехаць куды-небудзь, схавацца, забыць на ўсё, жыць як чалавек...»

«А куды, куды з'едзеш? Адзінае месца, куды можна было з'ехаць, схавацца, - вёска, родны кут - і то вунь... Замест таго каб самому там ратавацца, маці трэба ратаваць...»

«А што, калі забраць яе ды... У Казахстан, на Ўрал, у Сібір?..»

Адразу ж адчуў - не зробіць гэта. І не таму, што сілы волі не хопіць. Не. Любіць ён свой край, сваіх людзей, усё тое, да чаго змалку прывык, што ўвабраў у сябе за гады жыцця, да чаго душою і сэрцам прырос. І жыць без усяго гэтага не зможа, не зможа ён.

«Ды і маці не зможа. З дому, з вёскі - і то, бачыш, нікуды ехаць не хоча. А з краю, з Беларусі... І гаварыць няма чаго».

«Значыцца, думаць трэба, як жыццё тут уладкаваць. Без Алы ды, можа, і без сваёй вёскі... Без роднага кутка...»

Успомнілася Іра.

«Дзе яна, што робіць? Я ж нават са святам яе не павіншаваў! Хіба, можа, пашукаць тэлефон-аўтамат, патэлефанаваць?»

Адчуў, злавіў сябе на думцы - не хочацца яму гэта рабіць. Упершыню, між іншым, адчуў, злавіў сябе на такой думцы.

«Цікава, чаму гэта раптам? Ніколі ж такога не было... Значыцца...»

«Значыцца, і яна не пара мне».

«Можа, можа быць», - адразу ж згадзіўся сам з сабою Андрэй.

І думкі пераскочылі зноў на іншае, на тое, што найбольш і найглыбей хвалявала яго, не давала ў апошні час спакойна жыць, - на Алу, пасаду, якую ён займаў, на тое, што здарылася ў Чарнобылі і пра што так горача і трывожна гаварыў Іван Пастушок.

«Перабудова і праўда неабходная. І не толькі ў грамадстве, але і ў адносінах да працы, у душы, ва ўсім жыцці-быцці. Шчасце ж чалавека не ў тым, каб самому спакойна, шчасліва жыць, а ў тым, каб карысць, дабро людзям прыносіць, патрэбу ў табе яны адчувалі, бачылі. Каб сэнс у самога ў жыцці быў, мэта. Жыць так, як Іван жыве...»

 

З прагулянкі вярнуўся позна. Аднак, калі зайшоў у кватэру, там ніхто не спаў - пакавалі чамаданы, сумкі - поўным ходам ішлі зборы на ад'езд. Хацеў непрыкметна прашмыгнуць у свой пакой, але яго заўважыла, запыніла Ала.

- Табе тэлефанавалі, - паведаміла яна.

- Хто? - спытаў ён, і сэрца ёкнула: «Можа, Іра?»

- Не ведаю. Сказалі, каб, калі вернешся, тэрмінова патэлефанаваў. Тэлефон я запісала. Вунь там, на тумбачцы, паперка ляжыць.

Не, тэлефон быў не Ірын.

- Дарэчы, пра Чарнобыль па тэлевізары перадавалі, - як бы між іншым сказала Ала, не адыходзячы ад Андрэя.

- Што?

- Абстаноўка нармалізуецца, але становішча астаецца складанае. Так што мы правільна робім, што едзем адсюль.

- Едзьце, - сказаў абыякава Андрэй і пачаў набіраць нумар, запісаны Алай, куды яго прасілі патэлефанаваць.

На яго званок адклікнуўся незнаёмы жаночы голас:

- Хто гэта гаворыць?

Андрэй назваўся.

- Я пасылаю па вас машыну, - адказаў той жа жаночы голас. - Вы павінны быць... - яму назвалі месца, дзе ён павінен быць. - Вас там чакаюць...

З гэтага вечара Андрэева жыццё было падпарадкавана іншаму рытму, іншай волі - ён больш не быў гаспадаром сам сабе.

 

4

 

Запіскі Андрэя Лобача

 

...Вось я і на Палессі. Тут ужо сапраўдная вясна - зусім зелена. Але ні вясна, ні зеляніна не радуюць - ідзе высяленне людзей з вёсак. Пакуль што самых блізкіх да Чарнобыля. На высяленне даецца паўгадзіны. Нічога не дазваляецца з сабою браць, усё пакідаецца ў хатах, у дварах. Людзі спалоханыя, насцярожаныя - столькі дзён пасля аварыі жылі, нават працавалі ў полі, і раптам... Выганяюць, як на пажар. Але людзі ёсць людзі - усё адно кожны хапае хоць што-небудзь, нясе, валачэ з сабою. Адзін дзядзька прывалок сеткі, якімі лавіў у Прыпяці рыбу, другі чамусьці прынёс дзяжу, у якой учыняюць, месяць хлеб; жанчыны ж нясуць найчасцей коўдры, падушкі, клубкі нітак... Але іх просяць, прымушаюць нічога ані з сабою не браць, усё-ўсё выкідаць, бо яно забруджана, у ім - смерць. Нябачная смерць... Ніхто не супраціўляецца, не плача - вераць жа: высяляюць ненадоўга, на дзень-два... Так, дарэчы, і начальства людзям гаворыць.

Дзіўна, але не чуваць нідзе спеваў птушак. Ні жаўранкаў, ні якіх бы там іншых галасоў. Быццам вымерла ўсё навокал. А бывала ж! Божа, што рабілася такою парою некалі ў нас на Палессі!..

...У некаторых вёсках, пачуўшы, што будзе эвакуацыя, мужчыны ўцякаюць у лес. А ў Зялёным Лагу людзі не сталі садзіцца ў аўтобусы.

- Жылі мы тут некалькі сутак пры рацыі, - так чамусьці завуць тут радыяцыю. - І яшчэ гадзіну пабудзем.

І вынеслі з хат сталы, паставілі на іх што ў каго было. І выпілі, закусілі. Потым абдымаліся, цалаваліся, плакалі - развітваліся і з вёскай, і з сваімі хатамі, і з суседзямі.

Толькі пасля гэтага селі ў аўтобусы. Мусіць, сказаў ім хтосьці, што высяляюць іх надоўга, можа, і назусім, навечна.

Да слёз кранае, як людзі развітваюцца з могілкамі, з магіламі. Стаяць ля крыжоў, нешта шэпчуць, моляцца, хрысцяцца. Не думаў я, ніколі не думаў, што давядзецца бачыць такое...

 

...Спынены заняткі ў школах. Усіх дзяцей з некалькіх раёнаў трэба вывезці ў больш бяспечныя месцы. Да пяці гадоў разам з маці ў дамы адпачынку, астатніх - з настаўнікамі, выхавацельніцамі дзіцячых садоў - у піянерскія лагеры.

Прыехаў я ў адну з вёсак - Божа, што робіцца! У самога слёзы на вочы нагортваюцца, плакаць хочацца, калі бачыш, як маці і бацькі расстаюцца, развітваюцца са сваімі дзецьмі. І абдымаюцца, і цалуюцца, і нешта наказваюць адно аднаму, зноў і зноў вяртаюцца, ніяк адысціся не могуць. А дзеці нейкія надта ж сур'ёзныя і насцярожаныя, быццам пасталелі адразу на некалькі гадоў. А можа, хоць і не разумеюць, а адчуваюць важнасць такога моманту, як расстанне з бацькамі, вёскаю, роднымі мясцінамі...

Начальства прыспешвае людзей, каб хутчэй развітваліся, збіралі дзяцей у дарогу. Чым жа менш будуць і людзі, і дзеці, ды і самі начальнікі на паветры, тым менш набяруцца радыяцыі. Аднак словы амаль не даходзяць да людзей.

Ідзе эвакуацыя таксама ўсіх цяжарных жанчын...

...Дзіўная штука гэтая радыяцыя! Здаецца, усе жылі ў адной вёсцы, у адных умовах, а калі пачалі правяраць, мераць гэтую самую радыяцыю - кожны набраў яе па-рознаму. І залежыць, колькі яе ў каго, ад многіх прычын - на паветры быў ці ў хаце, у адным канцы вёскі ці ў другім, у лесе ці ў полі, піў малако і еў яйкі ці не піў малака, не еў яек... А то яшчэ - як мыўся: часта ці рэдка, халоднаю ці гарачаю вадою...

 

...Заехаў я ў сваю вёску. Тут радыяцыя сапраўды не надта высокая. З вёскі вывезены дзеці, цяжарныя жанчыны і тыя, у каго на руках малыя. Асталіся мужчыны ды бабкі. Самі мужчыны дояць кароў, вараць сабе есці, даглядаюць свіней, курэй, гусей. У вёсцы малалюдна - ніхто асабліва не паказваецца ні на вуліцу, ні ў поле - не хоча хапаць лішнюю радыяцыю. Але мяне, калі я пад'ехаў на машыне, акружылі, і даволі густа. Аказваецца, помняць, ведаюць. Пасыпаліся пытанні:

- Ці надоўга дзяцей забралі з вёскі?

- Ці будуць і нас, як іншых, высяляць?

- Што можна есці?

- Чаму па радыё і тэлебачанні гавораць адно, а тут робіцца зусім іншае?

Адказваў, што мог, ведаў сам. Потым паехаў да маці. Яна радая. Расплакалася.

- Мусіць, прыехаў, каб мяне забраць? - спытала. І ўсміхнулася. - Не паеду я нікуды адсюль. Тут нарадзілася, тут і памру.

Узяўся яе пераконваць, нельга, маўляў, тут цяпер жыць, небяспечна.

- Я ж ужо грады пасеяла. Ды і бульбу пасадзіла. Хто ж дагледзіць, праполе, акапае?

Спрабаваў даказваць, што ўсё адно таго, што пасеяна і пасаджана будзе, нельга есці - атрутнае яно.

- Не, сынок, не. Усё ж так хораша паўзыходзіла і расце. Проста душа радуецца... Дый куды я са свае хаты? Не, не ўгаворвай, усё адно нікуды не паеду адсюль.

- Дык памрэш жа.

- Ну дык і што? Ніхто ж вечна не жыве, і я вечна жыць не буду... Такая ўжо доля наша людская. Пажыў сваё - саступі месца іншым, дай і ім пажыць. Так было, так і будзе.

- Навошта ж рызыкаваць?

- А я і не рызыкую, я жыву, як і жыла. Малако п'ю, яйкі ем... І ўсё, што раней піла і ела...

- Дык нельга ж, мама, - спрабаваў пераконваць я маці. - Атрутнае яно.

- А што ж есці? У магазіне нічога іншага няма, акрамя хлеба. Ды кансерваў тых, што завезлі, можа, яшчэ пры табе, калі ты ў школу хадзіў...

- У нас у горадзе хата пустуе. Мае паехалі адпачываць, радыяцыі спалохаліся, - прызнаўся я. - Пажыла б ты там, пакуль палепшае. А не - у дом адпачынку пуцёўку дастану...

- Не, сынок, не прасі, не паеду я нікуды адсюль. Гэта Івану Пастушку я сказала і табе скажу. Хай уцякаюць ад гэтай рацыі тыя, хто за сваё жыццё баіцца, а я нікуды не паеду. Нават калі і выганяць будуць.

Прыкладна тое самае сказала і Іванава маці, калі я заехаў да яе.

- Не, не, і не прасі, - адмоўна хітала яна галавою. - Сыну, Івану, сказала і табе тое скажу... Мне добра тут, навошта ж ехаць куды-небудзь, ад дабра дабра шукаць? А што да рацыі гэтай?.. Дык пра яе больш гавораць, чым яна ёсць на самай справе...

Так ні з чым і паехаў я з вёскі...

...А радыяцыя ёсць. Сёння, праязджаючы міма медыцынскага пункта, якія цяпер у кожнай вёсцы, у кожным пасёлку, я памераў яе ў сябе. Тры рэнтгены з хвосцікам! І кожную гадзіну яе большае і большае - набірае арганізм. І таму многія не толькі асцерагаюцца ездзіць па вёсках, але імкнуцца і на вуліцы не паказвацца. Сядзяць у розных канторах, дамах. Некаторыя ж, найбольш асцярожныя і баязлівыя, уцякаюць. Кідаюць працу, кідаюць усё, што ў іх ёсць, і з'язджаюць.

Камуністаў і вайсковаабавязаных не здымаюць з уліку. Начальства папярэджана - не пасылаць нікуды сваіх жонак, не сеяць панікі. Але гэта не памагае - пасылаюць некаторыя сваіх жонак далей адсюль, а некалькі чалавек і партыйныя білеты здалі...

Усюды ўжо сёння шмат незанятых месцаў - у сталовых, на поштах, у бальніцах...

 

...Дзіўнае пачуццё ўзнікае, калі праязджаеш па выселенай вёсцы. Хаты, хлявы замкнуты, двары зачынены. Бегаюць сабакі, кошкі, блукаюць па дварах куры. Спынішся, загаворыш - на чалавечыя галасы збягаецца ўсё жывое. У адной вёсцы ўбачылі на поплаве каня. Ён папасваўся і, калі мы праязджалі міма, падняў галаву, заіржаў... Відаць, забылі на яго, калі ішла эвакуацыя... Што з ім рабіць?.. Страляць - шкода, а гнаць... Хто пагоніць яго і куды?.. Ды і радыяцыі набраў ён столькі, што... Лепш далей ад яго быць. З зоны вярталіся позна. Ехалі па вёсцы. Ціха, цёмна. І раптам у вокнах адной хаты святло. Што такое? Людзей жа тут не павінна быць? Няўжо забыліся выключыць электрычнасць?

Спыніліся, зайшлі ў двор. Хата не замкнута. Адчынілі дзверы. І ўбачылі белагаловага хлопчыка, што сядзеў на лаве і спалохана зыркаў на нас вачанятамі. Пачалі распытваць, чаму ён разам з усімі не эвакуіраваўся. І пачулі ад яго вось што. Ён, аказваецца, нічога пра эвакуацыю не ведаў. Лавіў на рацэ рыбу. А калі прыйшоў у вёску, нікога з людзей не застаў. Падумаў, вайна пачалася, і схаваўся ў пограб. Там і праседзеў некалькі дзён. Неяк убачыў бронетранспарцёр з чырвонаю зоркаю, што ехаў па вуліцы. Гэта хлопчыка пераканала яшчэ больш, што ідзе вайна. Праўда, гэта і ўзрадавала - яшчэ не вораг у вёсцы, а свае. Што еў хлопчык? А ўсё, што траплялася, - варыў шчаўе, бульбу, лавіў і смажыў рыбу.

Забралі яго, завезлі ў бальніцу. Урачы, агледзеўшы, доўга ківалі галовамі. Лячыць такіх яны не ведаюць як. Таму накіравалі ў Гомель.

Патроху вылоўліваюць і тых мужчын, што паўцякалі ў лес. Аднаго злавілі, калі ішоў, краўся з лесу ў вёску, другога паднялі на верталёт - ляжаў ля агню, пёк у лесе пячонікі... Што гэта - недасведчанасць ці нешта зусім іншае?..

 

...У праграме «Время» ды і па радыё, у газетах немалое месца ўдзяляецца цяпер аварыі ў Чарнобылі. Вучоныя апраўдваюць сябе, апраўдваюць атамную энергетыку. Адзін дагаварыўся нават да таго, што, маўляў, навука патрабуе ахвяр, у тым ліку і чалавечых. Але ж гэта навука, а не невуцтва. Ды адно, калі вучоны ахвяруе сабой, і зусім іншае, калі ён ахвяруе жыццём іншых, якія пра гэта зусім нічога не ведаюць, нават не здагадваюцца. У раёне аварыі цяпер працуюць тысячы людзей, ідзе сапраўднае змаганне, вайна з нябачнай смерцю - радыяцыяй. Трэба ўтаймаваць рэактар, ліквідаваць аварыю. Інакш... Хто ведае, што можа быць? І колькі, колькі будзе працягвацца гэтае змаганне, гэтая барацьба? Тыдзень-два ці месяц, а то і год? Адкрыў жа чалавек на згубу сабе гэтую энергію атамнага ядра...

Расказваюць і пра тых, хто прыняў на сябе першы бой, - пажарнікаў. Малайцы хлопцы!

Ну, а мы... Абследуем памеры бяды, вывучаем кожны лапік поля, лесу, балота, бяром пробы, накіроўваем у лабараторыі на аналіз...

 

...Наогул, мне можна было б і менш бываць у раёнах, дзе радыяцыя найбольшая. Некаторыя з нашай камісіі сюды прыязджаюць на гадзінку і ўцякаюць назад у Гомель. Але я не магу так. Мне проста шкада людзей, маіх землякоў, заўсёды думаю, а раптам я каму-небудзь з іх хоць чым памагу.

І памагаю. То раскажу што-небудзь людзям, чаго яны не ведаюць, то перасцерагу, суцешу, паведамлю, куды вывезлі дзяцей, дзе каго шукаць. Рэактар жа ніяк не паддаецца ўтаймаванню, пыхкае і пыхкае. І мы гэта адчуваем па тым, як то ўзрастае, то спадае радыяцыя. Відаць, не так лёгка прымусіць атам зноў падначаліцца людзям. На чыгуначныя станцыі падганяюцца эшалоны, падаюцца сотні вагонаў. Па ўсім адчуваецца, рыхтуецца новая эвакуацыя... Гэты раз яшчэ большая. Паўзуць чуткі - можа здарыцца так, што будзе эвакуіраваны Гомель... Якой бяды нарабілі! Відаць, праўду казаў Іван Пастушок - не трэба было гэтую атамную станцыю тут, на Палессі, будаваць! Непадалёку ж Кіеў... І калі Гомель рыхтуецца да эвакуацыі, то, значыцца, і Кіеў... А гэта ж мільёны людзей... Дзе іх падзець, пасяліць?..

 

...Напружанасць узрастае. Адзін Бог, відаць, ведае, што чакае нас. Нават газета «Правда» напісала: «Становішча астаецца складанае». Што будзе з маім родным краем - Палессем? Гэта ж, як хтосьці сказаў, лёгкія Эўропы. А вада... Яна ж сплыве ў Прыпяць, потым у Дняпро. Дняпроўскімі водамі паліваюць палі Ўкраіны, Крыма... На Палессі шмат птушак, звяроў, рыбы. І ўсё гэта не знішчыш жа. А знішчыш - звяры новыя забрыдуць, прыляцяць і птушкі... І зараза будзе разносіцца, разносіцца...

Рабілі адстрэл птушак, звяроў. Правяралі. Забруджаны лёгкія, пячонка, ныркі, страўнік... Забруджана мяса, косці... Ведама, увесь час на паветры, у лесе, у полі, ядуць, як і елі, без разбору траву, п'юць, як і пілі, з рэк, азёраў і балот ваду. Дзе ім ведаць, што ўсё гэта - атрута... Я ж думаю пра людзей. Што, што будзе, што чакае ўсіх нас?.. І заўтра, і паслязаўтра, і ў будучым?..

 

...Паведамілі: ёсць выпадкі, калі дзеці ўцякаюць з дарогі ды і з піянерскіх лагераў, пешкі кіруюцца дадому. Каб іх не злавілі, не вярнулі назад - хаваюцца ў кустах, у лесе... Што яны, бедныя, ведаюць? У кустах жа ды і ў лесе радыяцыя куды большая, чым у полі. І праўда, як тая цётка, што аднойчы па дарозе падабралі, у машыне падвозілі, казала: «Калі немцы наступалі, то ведалі, адкуль яны ісці будуць. Яны ў адзін бок, мы - у другі. А гэты вораг - радыяцыя - наступае з усіх бакоў, і куды ўцякаць, дзе хавацца - ніхто не ведае...»

Шкада, да слёз шкада і катоў, сабак, курэй, гусей... Людзей з вёсак выселілі, а іх пакінулі. І што такое радыяцыя, першыя на сваіх скурах спазнаюць яны...

 

...Ніхто нічога пэўнага сказаць не можа, што там, у Чарнобылі, цяпер. Паўзуць самыя неверагодныя чуткі... Эвакуацыя з тых вёсак, з трыццацікіламетровай зоны, закончана, эвакуіраваны і дзеці, цяжарныя жанчыны амаль з усёй Гомельскай вобласці. А вагоны, эшалоны падаюцца, імі запруджаны запасныя пуці на станцыях. Нам загадана кожнаму быць на сваіх месцах, усе чакаем нейкіх важных указанняў. Гатоўнасць ва ўсіх нумар адзін...

Патэлефанавалі ў Гомель. Там, нягледзячы на познюю пару, людзі на працы. Таксама чагосьці чакаюць... Ці не эвакуацыі горада?..

 

...Хвала Богу, паведамілі нарэшце, што вучоныя, якія працуюць у Чарнобылі на ліквідацыі аварыі, валодаюць сітуацыяй. Але да поўнага ўтаймавання рэактара яшчэ далёка. Пакуль жа ён пыхкае, выкідвае і выкідвае атрутныя рэчывы, забруджвае паветра, зямлю, ваду... І колькі, колькі ён будзе яшчэ пыхкаць, атручваць, забруджваць усё навокал сябе?..

 

...Прыехала змена, нам можна вяртацца назад у Менск. Але мне, калі шчыра прызнацца, не хочацца туды ехаць. Упершыню за многія гады я займаўся справай, ад мае работы залежала жыццё і ўратаванне соцень, тысяч людзей. А там, у Менску, што, што буду я рабіць?.. Зноў падпісваць, перасылаць са стала на стол паперкі, тэлефанаваць, узгадняць, сядзець на нарадах, выступаць ці слухаць выступленні?.. Словам - кіраваць. Кім?.. Чым?..

 

5

 

Многа, многа разоў заходзіў Андрэй у кватэру да Арцёма Гаўрылавіча, якая з нейкага часу стала быццам і яго кватэрай, але не было яшчэ ніколі такога адчування, як цяпер, калі прыехаў з Палесся і адамкнуў дзверы. Усюды - на калідоры, на кухні, ва ўсіх пакоях бы чужы хто пагаспадарыў - валяліся на падлозе, на крэслах нейкія параскіданыя абы-дзе і абы-як купальнікі, халаты, кофты, капелюшы... Няйнакш ад'язджалі ў адпачынак спешна, хапком і не паспелі ні сабрацца як след, ні пахаваць падаставаныя і не ўзятыя з сабою рэчы.

«Быццам зладзеі тут капаліся, - падумаў Андрэй. - Так баяліся радыяцыі, што нават за сабой не прыбралі».

Ніколі яшчэ не была яму такая чужая гэтая кватэра, як цяпер. Ды і што, што яго было ў ёй? Некалькі кашуль, маек, трусоў ды касцюмы, паліто, туфлі...

«Вось забяру іх з сабой - і ўсё, як і не жыў я ніколі тут».

Зрабілася прыкра, сумна.

«І на рабоце, між іншым, тое самае... Нідзе не паспеў я пусціць каранёў, зазямліцца, нішто нідзе мяне не трымае, не дорага... Хіба толькі там, дома, у вёсцы...»

Успомніў, што цяпер там, дома, у вёсцы...

«Памагчы людзям трэба, каб бяды пазбыцца. Казалі ж, планавалі нават - дэзактывацыю праводзіць, ачышчаць мясцовасць ад шкодных атрутных рэчываў».

«Але ж гэта тады можна будзе рабіць, калі рэактар утаймуюць, не будзе пасыпаць ён наўкруг сябе розную дрэнь... Дый ці паможа каму тая дэзактывацыя?»

«Значыцца, галоўная работа цяпер - там, у Чарнобылі...»

Памыўся ў ванне, пераапрануўся ў свежае, чыстае. Тое ж, у чым быў усе дні на Палессі, вынес на балкон.

«Няхай выветрыцца. А тым часам...»

Думкі перапыніў тэлефонны званок. Тэлефанаваў Іван Пастушок.

- Я, можна сказаць, зноў праездам, - сказаў ён у слухаўку. - Дай, думаю, на ўсякі выпадак патэлефаную табе. Раптам дома?

- Я толькі вярнуўся, - сказаў з радасцю, што пачуў Іванаў голас, Андрэй.

- Адкуль?

- Ды з Палесся. Нават дома, у вёсцы, быў.

- У адпачынку? - здзівіўся Іван.

- Ды не, на ліквідацыю аварыі, як цяпер прынята гаварыць, ездзіў.

- Што там у нас дома? - зацікавіўся Іван.

- Вясёлага мала.

- Як нашы маці?

- Маці? Быў я і ў сваёй і ў тваёй. Нізашто ехаць нікуды не хочуць. Усе мае, як і твае, угаворы - гарохам аб сцяну.

- Я ж казаў табе. Зрасліся яны з вёскаю, з тым кутком, дзе нарадзіліся, карані пусцілі. Не вырваць.

- Так, ты чыстую праўду кажаш. А сам ты дзе, што робіш?

- Ды я... там, - зрабіў націск на слове «там» Іван.

- І што там?

- Работы - хоць адбаўляй, па самыя вушы. Тысячы людзей, машын... Верталёты, самалёты... Кожны ж разумее, што чым хутчэй ліквідуем аварыю, тым небяспекі менш... Але, пакуль што хваліцца асабліва няма чым. Марудна, вельмі марудна ўсё ідзе. Але таго, чаго ўсе баяліся, не будзе. Мы валодаем сітуацыяй. Плануецца пабудаваць саркафаг, які навечна схавае тое, што называюць чацвёртым блокам...

- І што, выкіды спыняцца?

- Не адразу. Але, каб збудаваць яго, трэба час. Ды і цэмент, жалезабетон, начынне рознае - датчыкі, фільтры і гэтак далей. Над усім гэтым мы і працуем.

- А як з небяспекай для здароўя? - спытаў Андрэй.

- Небяспека, вядома, ёсць. Але што зробіш? Здароўе аднаго чалавека ці здароўе мільёнаў! Таму рызыкуем.

- Можа б, мы сустрэліся, пагаварылі? - прапанаваў Андрэй.

- Праз некалькі хвілін я еду на аэрадром, а адтуль - у Кіеў. Так што сустрэчу адкладзём на другі раз. І так я рады, што захапіў цябе дома. Дык ты кажаш, маці не скрануць з месца?

- Не, нічым. Смерцю спрабаваў страшыць - не баяцца.

- Я ж кажу, з такімі людзьмі, як нашы, цуды можна рабіць. Ты б пабачыў, якія героі, смельчакі сярод тых, хто цяпер працуе там, у раёне аварыі. І якая дзелавітасць, самаахвярнасць! На ўсё гатовы, абы толькі хутчэй з бядою справіцца. Са ўсяго Савецкага Саюза папрыязджалі. Амаль усе добраахвотнікі. Не, з такімі людзьмі пабыць - веры набрацца, ачысціцца ад усяго непатрэбнага, наноснага. Усякая дрэнь паразбягалася, пахавалася, а сапраўдныя людзі неяк па-асабліваму паказалі сябе, высвеціліся. Хіба не так там, дзе ты быў?

- Так, Іван, так...

- Ну, то бывай, да сустрэчы!..

- Да сустрэчы!..

Іван паклаў слухаўку, а Андрэй усё яшчэ стаяў ля тэлефона з слухаўкай ля вуха. У галаве, у думках нараджалася новае, раней нязнанае.

«А што, калі... І мне туды, дзе Іван, дзе ліквідацыя аварыі ідзе?.. Там цяпер тысячы людзей... То і мне нейкая работа знойдзецца...»

Думка здалася правільнай. Аж загарэўся.

«Падам заяву - і ўсё, бывай, Ала, Эльвіра Барысаўна, Арцём Гаўрылавіч. Бывай, пасада...»

«А Іра?» - вынырнула аднекуль.

«Ды і яна. Сустрэліся выпадкова - і разыдземся. Жыць па-новаму пачну. Як іншыя жывуць, як Іван жыве. Вось патэлефаную Дзяміду Станіслававічу. І ўсё... Мучыцца, марнавацца не буду».

Хадзіў нейкі час з пакоя ў пакой па кватэры, нават на кухню быў зазірнуў - на кухні таксама безлад быў: стаялі абы-як на стале, ляжалі ва ўмывальніку нямытыя, з астаткамі ўжо засохлай і зацвілай яды міскі, сподачкі, кубачкі, лыжкі, відэльцы...

«Усюды тое самае... І няхай... Бачыць усяго гэтага не буду. Ды і ўсяго іншага...»

Не вытрымаў - падышоў, вярнуўся да тэлефона, набраў нумар Дзяміда Станіслававіча.

- А, гэта ты? - пазнаў яго адразу ж Дзямід Станіслававіч. - Добры дзень, Андрэй Анісімавіч, ты, кажуць, у тых раёнах быў. Што там?

- Нічога вясёлага няма, - змрочна адказаў Андрэй.

- Мне перадалі, што ты дзень і ноч працаваў, у самыя небяспечныя месцы ездзіў, сабой рызыкаваў. Даруй, я цябе не цаніў... Нават быў прапанаваў з пасады пайсці...

- Я і тэлефаную якраз па гэтым пытанні, - сказаў Андрэй і адчуў, як голас у яго міжволі задрыжаў. - Хачу падаць заяву...

- Гэта чаму ж? - здзівіўся Дзямід Станіслававіч.

- Ведаеце, хачу папрасіцца, каб мяне на ліквідацыю аварыі паслалі. У Чарнобыль. Калі нельга туды, дык на Палессе. Згодзен рабіць любую работу.

- Не гарачыся, - пачаў стрымліваць парыў Андрэя Дзямід Станіслававіч. - Тым больш... У нас на тваё месца і кандыдатуры няма.

- Раман Мітрафанавіч Клінцоў пакіруе, заменіць мяне.

- Клінцоў? А табе не дакладвалі пра яго? - спытаў, нібы са здзіўленнем, Дзямід Станіслававіч.

- Не, я ж нідзе яшчэ не быў, толькі прыехаў. А што?

- Нягоднік, вялікі нягоднік гэты твой Клінцоў. Ананімкі, як паказала экспертыза, - яго работа. Ён пісаў, а каб не пазналі, не выкрылі, жонка перапісвала. Так сказаць, сямейны падрад. І дзякуючы гэтаму рухаўся наперад, падседжваў сваіх начальнікаў. З партыі трэба выключаць, з работы праганяць. Так што не спяшайся з адстаўкай, падумай.

- Не, гэта канчатковае маё рашэнне, - цвёрда сказаў Андрэй. - Прашу ўлічыць маю просьбу.

- Няхай, аклемайся, адпачні дзень-два пасля прыезду, зойдзеш да мяне, пагаворым.

- Добра, Дзямід Станіслававіч. Але гаварыць будзем не пра маю заяву - просьба аб вызваленні канчатковая і абмеркаванню не падлягае.

- Ладна, ладна, - засмяяўся Дзямід Станіслававіч і паклаў слухаўку.

А Андрэй пасля гэтай размовы нібыта вялізны камень-валун з плячэй скінуў - ажыў, развесяліўся.

«Вось і асмеліўся я зрабіць тое, што даўно трэба было зрабіць. А ўсё астатняе... Таксама неяк жа будзе... Што ж да таго, хто прыйдзе на маё месца... Урэшце, участак не з лёгкіх... Ды яшчэ з такімі людзьмі, як Клінцоў...»

Успомніўшы Клінцова, засмяяўся.

«Трэба ж, каб такая падкалодная змяя побач была... Бачыш, да чаго дадумаўся!.. Сапраўды - сямейны падрад. Добрая ж, відаць, і жонка цаца, калі на такое згадзілася... Абое рабое... Любым шляхам, абы вышэй, вышэй! Больш улады, больш славы, больш грошай! І гэта правільна, своечасова - перабудавацца, ачысціцца ад рознай дрэні. Інакш куды б і да чаго б дайшлі. Клінцова выкрылі... А колькі такіх клінцовых нявыкрытых яшчэ сядзіць, і смуродзяць, атручваюць усё і ўсіх вакол сябе?»

І думкі вярнуліся зноў да таго, чым жыў, пра што думаў усе апошнія дні, - да Палесся, да таго, як памагчы людзям, выратаваць іх ад нябачнай смерці.

«Паеду туды, буду рабіць, што ў маіх сілах. Справай буду займацца. Як Іван, як іншыя. Карыснай, патрэбнай справай...»

«Але ж я апынуся без кватэры, сям'і... Ды і Іры...»

Зашчымела ўсярэдзіне.

«Гэта ж столькі дзён не бачыў яе! Ды дзе не бачыў - голасу не чуў, не размаўляў».

«І што - жывы-здаровы?»

«Ды быццам так. І ўсё ж...»

Не вытрымаў, падышоў да тэлефона, набраў Ірын рабочы нумар.

«Хоць павітаюся, даведаюся, што ў яе... А то...»

Іра была на працы. І, пачуўшы ў трубцы яе голас, Андрэй сказаў з прыкметным хваляваннем:

- Дзень добры, Іра.

- Дзень добры, - адказала Іра як бы спалохаўшыся. Потым, відаць, саўладала з сабой і адразу ж пайшла ў наступ: - Я прасіла, каб ты не тэлефанаваў мне...

- Прабач, але я хацеў усё ж ведаць, што здарылася, чаму раптам ты змяніла да мяне свае адносіны?

Голас у Андрэя перасядаў, і ад гэтага было непрыемна.

- Каб ты больш не тэлефанаваў, не прыставаў, я скажу... - Яна памаўчала, як бы падбіраючы словы, каб сказаць тое, што надумала, хацела сказаць. - Я... кахала і кахаю толькі аднаго... Мужа... Алеся... Перад майскімі святамі ён паклікаў мяне ў Маскву. Я з'ездзіла. І мы... Памірыліся. Зноў сышліся, жывём разам... Таму я і прашу, не тэлефануй, не напамінай пра сябе... Забудзем, што было між намі...

- Што ж, прабач... За ўсё, за ўсё прабач. Будзь шчаслівая, - прагаварыў ён хутка, не пераводзячы духу, і паклаў слухаўку.

Адчуванне на душы было такое, быццам памыямі яго аблілі. Ці далі пры людзях аплявуху.

«Лепш не тэлефанаваў бы, наогул не сустракаў цябе, - падумаў. - Лягчэй бы мне было».

Разам з тым прыходзіла і супакаенне.

«Я мучыўся, перажываў... А выходзіць, дарэмна... Не варта яна таго. Адпомсціла мужу... А мне... У душу, у самую душу наплявала... Ды і я... Не трэба было мне, не трэба было паддавацца...»

Было непамысна і прыкра.

«Усё ж правільна я зрабіў, што патэлефанаваў Дзяміду Станіслававічу, папрасіў вызваліць мяне ад пасады. Паеду адсюль... Хопіць, даволі... Усяго-ўсяго хопіць і даволі... Там, на новым месцы, збяруся з думкамі, па-новаму, зусім па-новаму жыць пачну...»

«А як жа з усім ранейшым? Яго ж ні з галавы, ні з сэрца не выкінеш - не забудзеш...»

«Што ж, будзем лічыць, што на памылках вучацца. І я павучуся... Галоўнае цяпер - новых бы памылак не нарабіць...»

 

1987


1987

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая