epub
 
падключыць
слоўнікі

Басё

Хоку

Вясна на дварэ.

Толькі дзевяць дзён

палям і пагоркам.

 

Сакуры зацьвілі -

і ночы

мінулі ў наўкольлі.

 

Цягне цыбаты дождж

парасткі ўгору.

Утравянела сьцежка.

 

Перад красою кветак

і месяц зьніякавеў: схаваўся

за аблачынку.

 

Спадае вада: вярба

гладзіць нахіленым вецьцем

ціну.

 

Вясна адыходзіць:

птушкі смуткуюць, у рыбін

вочы-сьлязіны.

 

Цёхкаюць салаўі!

Тут - перад гэтым гаем,

там - за тою вярбінай.

 

І самага доўгага дня

замала,

каб высьпевацца, жаўруку.

 

Ластаўкі, выпадкова

мне ў чарку зь віном ня ўкіньце

глебы драбок!

 

Рассталіся двое сяброў -

двое дзікіх гусей: між імі

шырэе захмараная мяжа.

 

Старая сажалка.

Жабка ў ваду

скокнула: гук усплёску.

 

Лётае матылёк

трапятлівы ў полі -

вось і ўвесь цень.

 

О, прачніся, прачніся -

зрабіся маім сябруком,

зьнерухомлены матылёк!

 

На кветку, якая не пахне,

сеў матылёк -

вяльможлівыя прыцуды.

 

Блукалец-крумкач, ці знойдзеш

леташняе гняздо?

У квецені - сьлівы.

 

Разлі свой водар і тут, ля ўзгорка,

дзе здабываюць зьляжалы торф,

квяцістая сліва.

 

Дзяржальна гэтага малатка

калісьці было камлём

камеліі ці мо - слівы?

 

Зрабілі душою сваёй салаўя

і сьпяць?

Ніцыя вербы.

 

Стварайцеся, на мой стары твар

не падобныя вершы!..

Першай сакуры цвет.

 

О, колькі сёньня

прыгадваецца ўсяго: гляджу

на сакуру ў цьвеце.

 

І гэтак штогод!

Ападаючы з сакуры, цьвет

корміць карэньне.

 

О, як я зайздрошчу ёй:

у гарах

сакура закрасавала.

 

Нават галяндцы, і тыя

прыехалі сакурам дзівавацца.

На конях - сёдлы.

 

На сакуры, што зацьвілі,

дуб не звяртае ніякай увагі:

сам сабе постаць!

 

Ах, верабейка-дружа,

ня зь'еш авадня: і яго

прывабілі кветкі.

 

Нават славуты вой,

захоплены сакурай, ператварыўся

ў сем простых ваяк.

 

Згук звону растаў. Паветра

дыхае водарам.

Вечар.

 

Мо для мяне пакінуў?

Прайшоў журавель, не абскубшы

балотнай пятрушкі.

 

Сьпякотлівы ліпень!

Акрыла хмурынкаю галаву

гара Арасі.

 

Летнія ліўні!

Вада ў рацэ

зраўнялася з вадаспадам.

 

Месяц дажджоў. Схілілі

сланечнікі галаву:

можа, сонца - унізе?

 

Згадаў галінку сасны -

і ўраз

адчуў прахалоду.

 

З вязанкаю сена на сьпіне:

дарожны ўказальнік

мне той чалавек у стэпе.

 

Верхнюю вопратку зьняў

і нясу на сабе - вось і ўсё

зьмены зь зімы на лета.

 

На рысавым полі ўвішна.

І я вандрую ўвесь век - няйначай,

рыхтую сьвет пад сяўбу.

 

Хадземце, сябры, са мною!

Калосьсе будзем жаваць,

спаць на траве пад небам.

 

Схапіўся, як за апору,

за колас жытнёвы.

О, ростань!

 

Ірысы. Прысесьці ля іх

і пагутарыць - хіба гэта

таксама не падарожжа?

 

Ніякага знаку, што неўзабаве

памерці мусяць:

сьпевы цыкад.

 

Белыя макі!

Здаецца, што расьцвілі

восеньскія дажджыны.

 

Дажджыць і дажджыць!

Пачарнела

на полі сьвежае ржышча.

 

Захад, усход - усюды

аднолькавы смутак.

Восеньскі вецер.

 

Зьмяркаецца. Адно голас

дзікае качкі

бялее ледзь-ледзь над морам.

 

Вымавіш слова -

здубеюць губы.

Восеньскі вецер.

 

На ссохлым суку крумкач

нанач знайшоў прытулак.

Глухая восень.

 

Тады зразумееце мае вершы,

калі заначуеце ў полі

пад сьцюжным ветрам.

 

Поўня!

Ёю любуючыся, прахадзіў

наўкола сажалкі ноч.

 

У сьцюжы начной на дол

апала гусь у зьнямозе - вось гэтак

начуюць вандроўцы.

 

Усё, што ні ёсьць на сьвеце,

пашамаціць і аціхне -

нібы чараціна.

 

Дзікая ружа,

што красавалася ўскрай дарогі,

трапіла ў пашчу майму каню.

 

Нібы раніцовыя кветкі - манахі:

колькі ўжо іх адцьвіло!

А вера стаіць, як хваіна.

 

Гэткія розныя, а цьвіце

кожная зёлка па-свойму.

Вось гэта і подзьвіг.

 

Вада - халадэча.

Ніяк не можа на ёй заснуць

самотная чайка.

 

Карэньне цыбулі

адмыта да гэткай чысьціні -

аж сьцюжна.

 

Можа, пазычыць апратку

у пудзіла - каб заснуць?

Апоўначы шэрань.

 

Выпаў на досьвітку сьнег -

і стрэлкі цыбулі

сталі адзнакамі агароду.



Пераклад: Алесь Разанаў
Крыніца: Дзед Талаш