epub
 
падключыць
слоўнікі

Бэрнар Клавэль

Бацькава падарожжа

СНЕЖАНЬСКІ РАНАК
  1
  2
  3
  4
  5
  6
ПАД ВЕЦЕР
  7
  8
  9
  10
  11
  12
  13
  14
СУР'ЁЗНАЯ ДЗЯЎЧЫНА
  15
  16
  17
  18
  19
  20
НЯПРАЎДА
  21
  22
  23
  24
  25
  26


Прысвячаю Гансу Бальзэру, брату, які знайшоўся цудам,

на ўспамін аб Каркасоне 1942 і аб Ваймары 1965

СНЕЖАНЬСКІ РАНАК

 

1

 

Ужо больш як тыдзень зямля чакала снегу. Над ёю няспынна цягнуліся калматыя шэрыя хмары, якія нечакана з'яўляліся то з поўначы, то з захаду. Знізу ўсё гэта нагадвала плынь вялікай самотнай ракі, якая несла няведама куды свае неспакойныя віры. Відаць, сёлета ад зімы не было чаго чакаць, акрамя бесперастаннай жальбы ветру.

Аднак пад вечар 22 снежня, за нейкую гадзіну да змяркання, паўночны вецер прынёс першыя сняжынкі. Яны былі дробныя, кволыя і хутчэй нагадвалі веснавыя градзіны, якія добра выкачаліся ў брудзе, перш чым залегчы на дно разораў. Пад ноч сняжынкі павялічыліся ў памерах, і ўрэшце за шчыльным палатном завеі паступова знік суседскі вінаграднік, да бліжэйшых лозаў якога было крокаў сто. Даўжэзныя бледныя стужкі працягнуліся да самай зямлі і пазначылі абрысы будучых сувеяў.

А потым на белы сусвет апусцілася ноч, сярод якой ажно да раніцы чуліся завыванні і ўсхліпы ветру.

Гэтай ноччу Кантэн так і не змог заснуць. Стары ўздыхаў, варочаўся, прыслухоўваўся да гукаў на дварэ. Падняўся ён рана, на досвітку і адразу выйшаў з дому. Спачатку падмёў сцежкі, пасля выкінуў гной з канюшні.

Цяпер усё было пароблена. Жывёла дагледжаная, дровы нарыхтаваныя за плітой на ўвесь дзень. Раз ужо лёг снег, можна сядзець у цяпле і чакаць вясны.

Кантэн працёр далоняй запацелую шыбіну і пачаў глядзець на вуліцу. Кухня напоўнілася пахам зваранай бульбы, рознымі гукамі. Кантэн чуў, як за спіной завіхалася жонка, рыхтуючы корм свінням і трусам. Бразгалі чыгуны. Па своеасаблівым гуку стары пазнаў сама большы з іх. Ён трэснуў у час збору вінаграду, і Кантэн вымушаны быў абкруціць яго тоўстым дротам. Дэнізы не было чуваць, хоць стары ведаў, што яна тут.

Дачка сядзела за сталом. Яна нават не дакранулася да кубка з цёплым малаком, куды накрышыла пячэння. Дэніза засяроджана глядзела на прыпечак старой печы, у якой раней пяклі хлеб. Там стаялі калядныя яселькі*.

* Паводле біблейскага сюжэту, яслі, у якія быў пакладзены Ісус пасля свайго нараджэння.

Ад снегу, які ляжаў за акном, кухня з нізкаю столлю неяк пасвятлела, хоць дзень быў вельмі пахмурны. Кантэн ведаў, што так будзе да вечара. У такое надвор'е інакш не бывае. Яму добра былі знаёмыя гэтыя навіслыя над зямлёю нябёсы, якія заўсёды набліжалі лінію гарызонту да самага лесу Мулатаў. Тады ён, быццам прысыпаны попелам, быў ледзь бачны ўдалечыні.

Так было і сёння. Усё пачынала злівацца ў адно адразу ж за вялікай гурбай, якая перагарадзіла дарогу, што вяла да вёскі.

Ад нечаканасці Кантэн уздрыгнуў: з даху на снег зваліліся два вераб'і. Нейкі час яны сварыліся, потым большы знік за гумном, у якім хавалі кукурузу. Відаць, снег ішоў усю ноч, бо на перакладзінах ляжалі важкія белыя карункі. Вецер супакоіўся толькі на золку, а разам з ім перастаў падаць і снег. Цяпер усё было шызае, акрамя сцежак, якія адбіў Кантэн, ды кучы гною, над якой падымаўся слуп пары. Пара была добра відаць на фоне зацягнутага хмарамі неба.

Кантэн доўга і неадрыўна глядзеў на палоску лесу, пакуль яго ўвагу не прыцягнулі вераб'і, якія цяпер сварыліся з-за некалькіх зярнят, што высыпаліся на снег праз шчыліны ў гумне. Урэшце вераб'і паляцелі прэч, і калі Кантэн зноў перавёў позірк на лес, то ён заўважыў чорную кропку, якая, здавалася, не рухалася, а матлялася паміж небам і зямлёй. Кантэн падышоў бліжэй да акна і прыгледзеўся.

Пазнаць чалавека, які ішоў сюды, было цяжка, аднак стары адразу здагадаўся, што гэта настаўнік. Так, настаўнік, бо паштальёну было яшчэ занадта рана. Кантэн сачыў за ім некалькі хвілін. Вось ужо можна было пазнаць доўгую вузкаплечую постаць хлопца. І тут стары не вытрымаў, сам не ведаючы чаму, павольна павярнуўся і адступіў ад акна.

Дэніза нават не зварухнулася. Над яе кубкам яшчэ падымалася пара. Стары наблізіўся да яе і ціха сказаў:

— Паспяшайся, дачушка.

Яму здавалася, што Ізабэла не пачуе яго, але дзе там. Не спыняючы работы, тая забурчала:

— Няўжо ты не ведаеш, што з ёю гаварыць — толькі марна час траціць? Пустое гэта! Яе не проймеш. Ніколечкі! Яна і есці не спяшаецца. Лянота ў яе ў крыві, як хвароба. І ты добра ведаеш гэта. Не горш, чым я.

Сапраўды, Кантэн усё гэта добра ведаў, як ведаў і тое, што скажа яму жонка, калі ён паспрабуе абараніць малую. І ўсё ж такі ён павольна вымавіў:

— Не, гэта не лянота. Трэба дазволіць ёй...

Ізабэла не дала яму дагаварыць:

— Вядома, ты апраўдваеш яе! Ты так робіш заўсёды. І ты хочаш, каб я нешта значыла для яе! Ты думаеш, я не шкадую яе, не жадаю ёй дабра?! Але ж трэба ёй рухавейшай быць. Пэўна, у бацьку ўдалася. Ты і сам працуеш як мокрае гарыць... — Яна перастала на момант займацца работай, павярнулася тварам да мужа з дачкой. Правую руку Ізабэла трымала ў гаршку, а левай, запэцканай кормам, энергічна жэстыкулявала, пакідаючы ў паветры зігзагі пары. Аднак разупэўненая маўчаннем Кантэна, яна рэзка адвярнулася, паціснула плячыма і з яшчэ большым імпэтам узялася за работу. Яе хударлявая спіна быццам выконвала нейкі дзіўны няроўны танец. Галава з закручанымі ззаду валасамі, поўнымі сівізны, матлялася з боку ў бок, на тонкай шыі пад загарэлай скурай выступаў востры пазванок.

Дэніза піла доўгімі глыткамі, напалову хаваючы твар у белым з чырвонымі кветкамі кубку, які яна аберуч трымала перад сабой. Нарэшце яна паставіла кубак на стол, выцерла вусны ражком свайго фартушка і зірнула на бацьку. Кантэн усміхнуўся, і твар у дачкі пасвятлеў.

Кантэн думаў пра настаўніка. Ён уяўляў, як той крочыць, высока падымаючы свае тонкія ногі, нерашуча топчацца перад кожным сувеем, далёка абыходзіць адхоны. У нейкі момант стары хацеў павярнуцца да акна, але стрымаў сябе. Ён так і застаўся стаяць ля стала, адвярнуўшыся спіною да старой печы. Кінуўшы позірк на Дэнізу, ён заўважыў, што тая ўсё яшчэ глядзіць на яго з шырокаю ўсмешкай. Кантэн зрабіў ёй знак, каб паспяшалася. Дзяўчынка павольна паднялася з-за стала, аднесла ў ракавіну кубак і лыжку, прыбрала хлеб і вярнулася з рушніком. Кантэн сачыў за кожным яе рухам. Калі яна пачала выціраць цырату, гэтыя рухі былі раўнамерныя і хуткія, але паступова яны запаволіліся, бо Дэніза пачала разглядаць намаляваныя на цыраце букеты півоняў. Нарэшце яна сабрала крошкі хлеба ў невялікую кучку, ссыпала іх на далонь і аднесла ў чыгун, у якім маці канчала мяшаць скаціне.

— Ну, калі ты ўжо гатова, — прабурчала Ізабэла, — дык прынясі два кошыкі буракоў. Я прырыхтавала іх у склепе, глядзі пад паліцаю з садавіной... І накінь хустку! Не лета!

Дэніза подбегам кінулася на двор, але перад акном нечакана спынілася. Устаўшы на дыбачкі, паглядзела праз шыбіну, якую працёр бацька, і сказала:

— Сюды нехта ідзе.

Хвіліну памаўчала і дадала менш упэўненым голасам:

— Гэта не Марыя-Луіза, гэта настаўнік...

Пачуўся пранізлівы жончын смех, і Кантэн зразумеў, што яна распачне сварку.

— Вядома, — залямантавала яна, — гэта настаўнік! А ты хацела, каб хто гэта быў? Твая сястра не будзе ісці ў дзевяць гадзін раніцы. Ты добра ведаеш, што няма цягніка ў гэтую пару... Ну, хутчэй ідзі па кошыкі!

Дачка з неахвотаю адступіла ад акна і выйшла праз дзверы, якія вялі проста ў склеп. Спіной да Кантэна, жонка не сціхала:

— А гэты — нешта нейкае! Ён, можа, тады не пайшоў бы, калі б дарога была ўсланая метровым слоем гною! І то я не ўпэўнена...

Яна толькі што вымыла свае худыя, ружовыя ад гарачай мяшанкі рукі і цяпер выцірала іх аб рушнік, які вісеў побач з плітою. Паказваючы падбародкам на дзверы, яна працягвала:

— Цяпер вакацыі, дык ён цэлымі днямі будзе вісець над душой. Асабліва калі тут з'явіцца Марыя-Луіза. Я гэта прадбачу, але не жадаю гэтага.

Яна паглядзела на Кантэна.

— Ты чуеш ці не? Не жадаю! Як толькі яна прыедзе, я хачу, каб у доме былі адны свае. Выкручвайся як хочаш, але давядзі яму гэта. Чуеш? А калі не захочаш, дык я сама яму растлумачу! Я саромецца не буду!

Кантэн наблізіўся да акна. Настаўнік яшчэ не дайшоў да павароту. Ён размашыста крочыў па дарозе, а перад яго тварам плыло невялічкае воблачка пары, якое ўтваралася ад частага дыхання. За спіною Кантэна зноў чуліся жончыны кпіны:

— Ты можаш глядзець, колькі табе ўлезе, але я не пабаюся сказаць тое, што думаю, нават калі ён будзе тут!

Амаль з бояззю Кантэн вымавіў:

— Ты ж павінна зразумець...

Ужо каторы раз яна перапыніла яго:

— Зразумець? Гэта ён павінен быў ужо даўно зразумець, калі ў яго трохі варыць галава! І як такі абмежаваны хлопец змог вывучыцца на настаўніка?!

Яна схапіла вязаную кофту і пачала хутка надзяваць яе. Рухі Ізабэлы былі нервовыя, цела выгіналася, быццам наэлектрызаванае злосцю.

— Ва ўсякім разе, — дадала яна, — ніхто не скажа, што я прынаджваю яго.

— Ды ўжо ж, чаго не скажаш, таго не скажаш, — прамармытаў у адказ з горкай усмешкай Кантэн і паківаў галавою.

Ізабэла, якая ўжо накіроўвалася да дзвярэй, нечакана развярнулася. Гэтай простай фразы было дастаткова, каб яна скіравала ўсю сваю злосць на Кантэна. Яна сказала з прысвістам:

— Калі б ты з самага пачатку рабіў, як я, мы б ужо даўно пазбавіліся ад яго!

Настаўнік ужо заходзіў у двор, і Кантэн хуценька адказаў:

— Вельмі прашу, не крычы пры ім. Я сам скажу яму. Я абяцаю табе, толькі памаўчы.

Увайшла Дэніза, несучы два вялізныя кашы. Ад іх цяжару даволі развітыя грудзі дзяўчынкі ажно распіралі спераду блузку ў сінія і белыя клетачкі. Дэніза паставіла кошыкі на падлогу, ускінула на галаву вялікую суконную хустку і прыхапіла яе шпількай пад барадою. Цяпер яе твар зрабіўся круглейшым і паўнейшым. Пасвятлелі блакітныя вочы, якія неадрыўна сачылі за дзвярмі. Ізабэла збіралася адчыніць іх, як на ганку пачуліся крокі настаўніка. Хвіліна маўчання, потым пачуліся чатыры ўдары. Дэніза ажно падалася галавой і грудзьмі наперад, але так і засталася стаяць на месцы з разяўленым ротам. Ізабэла, сцяўшы ад злосці вусны, глядзела на мужа, які павагаўся некалькі хвілін, а пасля выгукнуў:

— Заходзьце!

Дзверы павольна расчыніліся, але не паспеў настаўнік і кроку ступіць, як Ізабэла прасакатала:

— А ці добра вы ногі выцерлі, га?

Паколькі хлопец вагаўся і нерашуча стаяў на парозе, яна раздражнёна прадоўжыла:

— Ды ўжо ж заходзьце, толькі хутчэй, а то ўсю кухню мне выстудзіце. Хоць мы і не плацім за дровы, але ж нарыхтоўваць іх нялёгка. Вам, пэўна, невядома, што гэта такое. Вас камуна забяспечвае палівам, дык вам няма чаго баяцца.

Настаўнік зайшоў і разгублена спыніўся ля самых дзвярэй. Кантэн пайшоў яму насустрач, каб падаць руку. Дэніза таксама падышла бліжэй. Настаўнік усміхнуўся ёй і спытаўся:

— Ну, як справы, малая?

Дзяўчынка моцна пачырванела, і ўвесь яе твар напружыўся ад намагання адолець хваляванне і знайсці адказ. Бацька ведаў, што яна вось-вось адкажа, але яе апярэдзіла маці.

— У Дэнізы ўсё добра, — адрэзала яна. — У нас тут ва ўсіх справы ідуць добра, нават у скаціны. Толькі скаціна есці хоча, і ў нас няма часу, каб тачыць лясы. Мы займаемся гаспадаркай, і ў нас не бывае вакацый. Мы толькі чулі пра іх. Пойдзем, Дэніза! Ды паварочвайся ты!

Не змаўкаючы, Ізабэла падхапіла свае гаршкі, з якіх усё падымалася пара, піхнула нагой дзверы і апынулася на двары. Дэніза панесла ўслед кошыкі. Кантэн моўчкі назіраў у акно, як яны ішлі да хлява.

 

2

 

Мужчыны доўга стаялі і глядзелі цяпер адзін аднаму ў вочы. Настаўнік, які быў значна вышэйшы за Кантэна, ажно нахіліўся ўперад, і яго постаць нагадвала пытальнік: галава павольна гойдалася на тонкай шыі, напаўсагнутыя калені ледзь трымалі цела. Белыя і занадта тонкія для мужчыны рукі рабілі нейкія няўпэўненыя рухі. Светлыя вочы настаўніка слязіліся, і ён, дастаўшы насоўку, нарэшце сказаў:

— Калі з холаду трапляю ў цяпло, заўсёды плачу.

— Я таксама, — падтрымаў яго Кантэн.

Ён назіраў, як настаўнік выціраў свае вострыя скулы і доўгі тонкі нос, які расчырванеўся ад марозу. Настаўнік нягучна высмаркаўся, выцер яшчэ раз твар і стаў глядзець на Кантэна. Рукі настаўніка то ўзнімаліся, то ападалі ўздоўж цела, быццам ён яшчэ працягваў хаду.

Цягнуліся хвіліны. Кантэн пачуў, як зачыніліся дзверы ў хляве. Усюды панавала цішыня: тут, паміж імі, звонку, вакол дома і, напэўна, на ўсёй раўніне, якой не было канца-краю. Сумнае святло ледзь прабівалася ў кухню праз запацелыя шыбы.

— Прысядзьце на хвілінку да агню, — сказаў нарэшце Кантэн.

Настаўнік кашлянуў, не ведаючы, што адказаць старому. Яго рукі ўзняліся на ўзровень грудзей, раскінуліся ў бакі і зноў апусціліся, быццам апалыя лісты.

— Я не хацеў бы замінаць вам, — сціпла прамовіў ён. — Можа, вам трэба нешта рабіць...

— У такую пару, ведаеце... — хацеў адказаць Кантэн, але настаўнік перапыніў яго:

— І сапраўды, для гэтай пары года...

Але тут Кантэн крыху ажывіўся і загаварыў сам:

— Бывае, што надвор'е не адпавядае пары года, але сёлета ўсё іначай. Халады насталі рана, а ў лістападзе нават снег выпаў. Але праляжаў толькі дзесяць дзён.

— Так-так, вы маеце рацыю, — падхапіў размову настаўнік. — Цяпер снег лёг надоўга, паверце мне. Бачыце, як неба зацягнула. Яшчэ наваліць снегу.

Яны селі насупраць паміж сталом і плітой. Нейкую хвіліну моўчкі глядзелі адзін на аднаго. У пліце нягучна гудзела полымя, зрэдку праз каласнік з сухім трэскам выляталі іскры. Кантэн адчуваў, што іх размова аб зіме распачнецца зноў і будзе працягвацца паўдня. Яму карцела пагутарыць яшчэ пра што-небудзь, але ён паважна зазначыў:

— Ведаеце, калі надвор'е адпавядае пары года, тады ўсё проста.

— Канечне, — згадзіўся настаўнік, — тут нічога не зробіш, каб і хацеў, бо гэта ж прырода.

Тут хлопец змоўк. Па нахіле яго галавы Кантэн здагадаўся, што ён разглядваў рудую падпаліну, якую некалі пакінуў на цыраце прас. Здавалася, у яго вачах Кантэн паспеў прачытаць амаль адчай. Настаўнік не змог бы растлумачыць, што прывяло яго сюды. Калі Кантэн не дапаможа яму, ён так і пойдзе, як прыйшоў. І зноў будзе бясконцым яго шлях па заваленай сумётамі дарозе. Кантэн звярнуў увагу на настаўнікавы ногі. Яны былі худыя, з вострымі каленямі. З шырокіх мокрых калашын падымалася пара. На сціснутых разам каленях не знаходзілі сабе спакою рукі. То адзін палец нервова падымаўся ўгору, то другі, то трэці... Часам падымалася ўся рука, потым зноў бязвольна ападала. Кантэн глыбока ўздыхнуў і спытаўся:

— Вы прыйшлі па кніжку?

Настаўнік страпянуўся:

— Гэта... Не зусім. Я прыйшоў папярэдзіць вас, што на гэтым тыдні бібліёбус не прыедзе.

— І не дзіва, з гэткімі дарогамі.

— Справа не толькі ў дарогах. Цяпер жа калядныя вакацыі. Я застаюся тут, а вось многія з мясцовых чытачоў паедуць.

Настаўнік памаўчаў хвіліну, потым зноў заварушыў рукамі і хуценька дадаў:

— Але калі вам няма чаго чытаць, я што-небудзь для вас знайду.

— Дзякуй. Я не прачытаў яшчэ той кніжкі, якую вы прынеслі мінулы раз... А потым, ведаеце, калі Марыя-Луіза будзе дома, у мяне тым больш не знойдзецца часу, каб дачытаць. Мы павінны будзем многа чаго сказаць адно аднаму.

Спачатку Кантэн гаварыў павольна, з цяжкасцю падбіраючы кожнае слова. Паступова хуткасць яго мовы паскорылася. У думках ён не пераставаў сачыць за Ізабэлай. Відаць, яна ўжо скончыла даваць свінням і перайшла да дачкі далей у хлеў, туды, дзе стаялі клеткі з трусамі. Напэўна, яна дагледзела тых, што ў верхнім радзе. Там сядзіць шэрая труска, якая вельмі позна прывяла малых... Зараз жанчыны вернуцца ў дом са сваімі пустымі кошыкамі і гаршкамі, таму Кантэн спяшаўся дагаварыць. Але тут настаўнік сумна і ціха сказаў:

— Урэшце, калі вам спатрэбіцца кніга, накажыце. Я нешта вам знайду і прынясу.

Кантэн ведаў, што ён павінен быў адказаць. Патрэбныя словы, незалежна ад яго волі, былі падрыхтаваныя ў яго свядомасці яшчэ тады, калі на фоне зацягнутага туманам лесу Мулатаў узнікла невялікая чорная кропка.

Яны сустрэліся позіркамі, і абодва амаль адначасова заўсміхаліся. Стары сказаў:

— Добра, няхай сабе будзе так. Падбярыце мне што-небудзь, што я не чытаў. Можаце прынесці паслязаўтра, у другой палове дня.

На настаўнікавым твары з'явілася яшчэ большая ўсмешка, але раптам ён нахмурыў лоб, зірнуў на дзверы, прыслухаўся і ціха вымавіў:

— Здаецца, мадам Кантэн не ў гуморы.

— Нічога не зробіш. Яе таксама трэба зразумець. Гэта яшчэ дробязі. На мяне яна не так бурчыць, усё жыццё бурчыць... Але я да ўсяго прывык. Гэта стала часцінай майго існавання — слухаць яе бурчанне.

Гаварыў гэта Кантэн жартаўлівым тонам, і настаўнік, які ўжо пачаў непакоіцца, заўсміхаўся зноў. Ён расслабіўся, абапёрся локцямі на стол і стаў глядзець на водбліскі агню ў замёрзлым акне.

Цішыня ўжо не здавалася такой шчыльнай, як некалькі хвілін назад. Побач з агнём не адчувалася, што на дварэ зіма. Кантэну прыемна было сядзець насупраць гэтага рослага і незвычайнага хлопца. Яны не першы раз бавілі гэтак час, моўчкі паглядаючы адзін на аднаго. Кожны думаў пра сваё. Час ад часу перакідваліся словам. Гэта слова магло азначаць назву кнігі, гістарычную альбо сучасную падзею... Пасля пачыналася размова. Кантэну падабаліся гэтыя размовы, як і доўгія маўчанні перад імі. Ён любіў іх неяк своеасабліва, як, скажам, адначасова любяць цень і сонца. Яму патрэбен быў гэты абмен думкамі, як патрэбная была і гэтая цішыня, сярод якой ён быў не адзін. Не ўсё ў ёй было зразумелае, але Кантэн адчуваў, што гэтая цішыня збліжае іх. Каб пераканацца, што гэта менавіта так, стары імкнуўся ўявіць на месцы настаўніка каго-небудзь іншага з мужчын, але гэта было не тое. Ён не стараўся адгадаць настаўнікавы думкі. Для яго гэта не мела ніякага сэнсу. Галоўнае, што настаўнік сядзеў тут, насупраць, што ён быў часцінай таго моманту жыцця, калі Кантэн адчуваў сябе шчаслівым, моманту, у якім кожны з іх займаў сваё месца.

Дзень заставаўся такім жа шэрым, хоць за акном крыху пацяплела.

Кантэн прыкмеціў, што цяпер настаўнік глядзіць на буфет, дзе стаіць фотакартка Марыі-Луізы. Напэўна, ён думае аб ёй і ўяўляе, што яна дома. Вось яна заходзіць. Усе радуюцца. Потым сям'я сядзе за стол і будзе сустракаць шчаслівыя і цёплыя Каляды. А настаўнік застанецца адзін у сваім пустым пакоі, які размешчаны над такімі ж пустымі класамі. Ён будзе далёка ад гэтага дома, з усіх бакоў атуленага зімой, у якім адчувалася сапраўдная цеплыня.

Кантэну карцела зноў распачаць размову і пагаварыць пра Марыю-Луізу. Яму толькі што здалося, што сёння ім больш няма чаго сказаць адзін аднаму. Стары падумаў, што раздзеленая на абодвух цішыня дасць ім больш, чым словы, аднак заўважыў сам сабе, што пра старэйшую дачку яны яшчэ не сказалі ні слова, нават імя яе не прамовілі. Хацелася пагутарыць пра яе, але Кантэн не ведаў, з чаго пачаць. Ён сустрэўся позіркам з настаўнікам, і ў яго зноў з'явілася ўпэўненасць, што яны знайшлі адзін аднаго. Абодва з цяжкасцю шукалі патрэбных слоў. І ўсё-такі першы быў настаўнік. Ён спытаўся:

— Ці пойдзеце вы сёння вечарам на вакзал сустракаць Марыю-Луізу?

Пачатак гэтай фразы ён вымавіў занадта гучна, таму ажно сумеўся, што так груба парушыў спакой, і знізіў у канцы голас амаль да шэпту.

Кантэн таксама адказаў ціха:

— Вядома, з такімі дарогамі яна не зможа дайсці адна. Я аднясу ёй боты, бо ў яе ж — гарадскі абутак.

— Калі можна, месьё Кантэн... Калі можна...

Ён змоўк, стары засмяяўся і скончыў за яго:

— Калі можна, я пайду з вамі.

Настаўнікаў твар, які ўжо набыў сваю звычайную бледнасць, зноў расчырванеўся, і ён прамармытаў:

— Урэшце, вам лепш пайсці аднаму.

Кантэн не звярнуў увагі на гэтыя словы і цвёрда сказаў:

— Дамовімся так: вы прыйдзеце на вакзал, а потым крыху праведзяце нас.

Настаўнік захваляваўся яшчэ больш:

— Месьё Кантэн, вы... Я вам вельмі ўдзячны...

Ён не паспеў скончыць. Звонку бразнулі дзверы, і Кантэн, быццам падпарадкоўваючыся нейкаму сігналу, падняўся, каб узяць у рукі кнігу, якая ляжала на століку побач з печчу.

— Сядзіце, — сказаў ён настаўніку, які памкнуўся ўстаць з крэсла.

Стары сеў зноў, паклаў на калені кнігу і, паколькі жанчыны ўжо заходзілі ў дом, загаварыў ненатуральным голасам:

— Я хацеў вярнуць яе вам у мінулы чацвер, як ездзіў на рынак, але не захапіў з сабою. Па дарозе ўспомніў, ды позна было вяртацца.

— Нічога страшнага, — ва ўнісон яму адказаў настаўнік.

— Аднак я прымусіў вас ісці сюды, — прадаўжаў Кантэн. — А гэтакім снегам дарога не вельмі прыемная.

Па позірку, які Ізабэла кінула ў яго бок, Кантэн зразумеў, што яе не падманеш. Ён баяўся, каб жонка не зазлавала, але тая толькі паціснула плячыма і пайшла да ракавіны. Настаўнік нічога не заўважыў. Ён гаварыў пра тое, якую вялікую асалоду ён атрымаў, ідучы сюды па снезе. Не паварачваючыся, Ізабэла кінула:

— Дзякуй богу, хоць здаволіўся хлопец!

Яна дадала яшчэ нешта, але мужчыны не разабралі з-за бразгання чыгуна, які яна цяпер мыла. Кантэн спрабаваў усміхнуцца.

Дэніза спынілася за чатыры крокі ад мужчын і, схаваўшы за спіну рукі і апусціўшы галаву, глядзела з-пад ілба на настаўніка. Убачыўшы гэта, Кантэн адчуў сябе няёмка. Ён і раней заўважаў такі позірк у малой, але не задумваўся над гэтым. Магчыма, дзяўчынку ўражвала тое, што гэты хлопец быў настаўнікам. У яе заўсёды былі цяжкасці ў вучобе, у асноўным з-за сарамлівасці. Настаўнік здаваўся ёй нейкай незвычайнай істотай, асабліва тут, у іх доме. Цяпер твар у яго быў зусім не такі, як у школе. Кантэну таксама гэта падумалася. Але тое, як Дэніза глядзела на настаўніка, было для яго невытлумачальнай рэччу.

За спіной у Кантэна не сціхала грукатанне. Яно нагадвала яму душны летні дзень, калі над раўнінай недзе далёка збіраецца навальніца. Але яшчэ невядома, куды яе пагоніць вецер.

Раптам грукатанне спынілася. Ізабэла імкліва перасекла кухню, несучы ў руках конаўку з цёплай вадой і кашолку з-пад яек. Перад тым як выйсці за дзверы, яна крыкнула:

— Дэніза, чаго стаіш як слуп! Ідзі памый сподкі, а пасля накрышы яблыкаў на кампот.

Павярнуўшыся ўсім целам да гаспадыні, настаўнік прыўзняўся з крэсла і сказаў:

— Пара ўжо мне...

Але дзверы грукнулі якраз пасярэдзіне яго фразы. Настаўнік завагаўся. Яго рука ўзнялася ў напрамку Кантэна, пакалыхалася і апусцілася ўніз. Ён павярнуўся да печы і спытаўся ў Дэнізы:

— Гэта вы зрабілі такія яселькі?

— Ага, разам з мамай, пан настаўнік.

Твар у малой засвяціўся. Яна заўсміхалася і наблізілася да настаўніка. Той, сагнуўшыся ў дугу, доўга глядзеў на прыпечак, потым падняў яловую галінку і ўздыхнуў:

— Прыгожа... Сапраўды, вельмі прыгожа.

Дэніза маўчала, і бацька падышоў бліжэй, стаў тлумачыць:

— Яны хацелі зрабіць Марыі-Луізе сюрпрыз. Калі яна яшчэ жыла дома, для яе сама вялікай радасцю было рабіць яселькі. Яна пачынала гаварыць пра іх за два месяцы да Каляд. А я якраз нядаўна быў на лесанарыхтоўках у ваколіцах Рубо і ссек там гэтыя дзве лапкі.

Настаўнік выпрастаўся. Ён глядзеў шчаслівымі вачыма то на яселькі, то на Дэнізу. Потым кінуў позірк на партрэт Марыі-Луізы.

— Якая цудоўная думка, — сказаў ён нарэшце, — размясціць яселькі на прыпечку.

Тут і ў Дэнізы развязаўся язык. Яна з захапленнем прагаварыла:

— А яны яшчэ свецяцца ўсярэдзіне. Толькі трэба ўключыць.

Малая нахілілася, шчоўкнула выключальнікам. Загарэлася абгорнутая ружовай паперай лямпачка, якая асвятляла знутры яселькі, змайстраваныя з двух ясеневых паленаў. Настаўнік нахіліўся яшчэ раз і стаў разглядваць усё спачатку. Пры гэтым ён ахаў ад захаплення. Кантэн адышоўся, бо яму зрабілася прыкра ад таго, што настаўнік абыходзіўся з дачкой як з дзесяцігадовай дзяўчынкай. А ёй ужо споўнілася семнаццаць. Яна была настолькі сарамлівай, што губляла мову, але гэта не было падставай, каб лічыць яе прасцячкай. Кантэн хацеў сказаць гэта настаўніку, але стрымаўся. Па-першае, тут знаходзілася сама Дэніза, а па-другое, існуюць такія рэчы, пра якія гаварыць вельмі цяжка. Кантэн паглядзеў на вузкую сагнутую спіну хлопца і падумаў, што, нават калі б яны былі ў нязгодзе, нават калі б настаўнік раздражняў яго, ён і тады не змог бы пакрыўдзіць яго. Гэта была праўда. І стары не змог бы растлумачыць чаму. Можа, з-за Марыі-Луізы, а можа, з-за таго, што ён вельмі шкадаваў гэтага хлопца. Цяжка разабрацца. Хутчэй гэта было апошняе.

Настаўнік павольна разагнуўся. Яго рукі зноў свабодна матляліся ў шырокіх рукавах. Ён сказаў:

— Пані Марыя-Луіза вельмі чуллівая да гэтакіх рэчаў.

— Была, — не стрымаўся Кантэн, але тут жа замаўчаў.

Настаўнікаў твар спахмурнеў.

— Вы хочаце сказаць... — ледзь вымавіў ён.

Ён вагаўся, таму Кантэн не даў яму прадоўжыць і растлумачыў:

— Што я хачу сказаць... Урэшце, я спадзяюся, што яна такой і засталася. Проста мы так рэдка бачымся. Калі яна была малая, мы не рабілі яшчэ ясельцаў на прыпечку. Мы бралі кардонны карабок, абразалі яго нажніцамі, прымацоўвалі саламяную страху. Выходзіла дужа прыгожая маленькая хатка. Марыя-Луіза казала, што яна хацела б сядзець у такім дамку ля акенца і глядзець, як падае снег. І сапраўды, яна гэта любіла. Бывала, ідзе снег, а яна сядзіць і глядзіць праз акно, як ён падае. Цэлымі днямі сядзіць і маўчыць...

Кантэн скончыў гаварыць, і зноў настала цішыня. Але цяпер яна не была падобная на тую цішыню, якая звычайна ўсталёўвалася, калі абодва мужчыны маўчалі. Здавалася, што да яе далучылася нешта ад той, даўнейшай цішыні, калі тут яшчэ жыла Марыя-Луіза. Яна таксама была зімовай, з такім жа снегам і такім жа небам, але ў ёй было і яшчэ нешта.

Марудна цягнуліся хвіліны, на працягу якіх абодва мужчыны саромеліся ўзняць адзін на аднаго вочы. Настаўнік спытаў амаль шэптам:

— Вы сапраўды лічыце, што яна ўжо не такая?

Кантэн збянтэжыўся. Адкуль ён ведаў? Хіба можна было зразумець, што з ёй сталася, па звычайных лістах, якія Марыя-Луіза пісала дадому?

— Па яе лістах, — спрабаваў ён давесці настаўніку, — вельмі цяжка даведацца, што яна цяпер думае пра гэта. Яна часта піша нам пра сябе, піша, што, магчыма, пераедзе ў Парыж.

Стары гаварыў гэта павольна, рабіў паўзы, у час якіх настаўнік ківаў галавою, быццам згаджаючыся, і цвярдзіў адно:

— А як жа, а як жа...

І толькі калі Кантэн нарэшце замаўчаў, хлопец глыбока ўздыхнуў, быццам збіраўся сказаць нешта вельмі цяжкае. Але загаварыў ён голасам упэўненым, нават цвёрдым:

— Ведаеце, я некалькі разоў пасылаў ёй лісты пасля вакацый... Яна мне адказвала... Нядоўга, праўда, але адказвала...

Ён апусціў вочы і зноў уздыхнуў.

— І што, — спытаў Кантэн, — яна вам больш не піша?

— За апошнія два месяцы я нічога ад яе не атрымліваў, — панура адказаў настаўнік.

Дэніза слухала іх размову з вялікай увагай. Твар яе быў напружаны, вочы блішчалі, аднак гэты бляск патух адразу, калі на парозе з'явілася маці.

Кантэн моцна закашляўся, а настаўнік ступіў да дзвярэй і сказаў:

— Пайду... Не хачу вас больш турбаваць... Да пабачэння, пан Кантэн... Да пабачэння...

Ізабэла ўжо ўвайшла ў дом, але трымала дзверы прачыненымі. І як толькі настаўнік параўняўся з ёю, яна шырока расхінула дзверы перад яго носам. Настаўнік яшчэ раз няскладна павярнуўся і, звяртаючыся да ўсіх, сказаў:

— Да пабачэння... Зычу вам добрых Каляд!

 

3

 

— Добрых Каляд і добрай дарогі! Каб мароз вас памарозіў, каб ажно ў вас аблупіўся зад!

Ізабэла сказала гэта даволі гучна, гледзячы на дзверы, за якімі толькі што знік настаўнік.

Кантэну карцела сказаць ёй, што яна пераходзіць мяжу, але ён стрымаўся, бо ведаў: адно яго слова — і яна завядзецца яшчэ горш. Ён спадзяваўся, што жонка спынілася на гэтым, ён нават быў упэўнены, калі ўбачыў, што тая паклала ў ракавіну пусты збанок, а потым панесла ў склеп кошык з яйкамі. Але калі яна зноў вярнулася, яму не трэба было падымаць на яе вочы, бо яна магла прачытаць там усе яго думкі да адной. Кантэн пашкадаваў аб гэтым і адразу павярнуўся спіной да жонкі, хацеў падысці да акна. Але не паспеў ён зрабіць і двух крокаў, як пачулася бурчанне Ізабэлы. Перадражніваючы настаўніка, тая пачала гаварыць:

— Я вельмі люблю снег... Гэта так прыемна, калі ідзе снег... Я люблю хадзіць па ім... Ой, людцы, вы бачылі гэткага дурня?!. Можа, ён і па гаўне хадзіў бы з такою асалодаю?!. Калі б ён папрацаваў, як мы, дык не гаварыў бы такога глупства! Ён — лайдак, ды яшчэ пыльным мяшком прыбіты...

Кантэн сцяў зубы. Гэтак далёка яго жонка зайшла ўпершыню. Стары прадчуваў скандал яшчэ тады, калі настаўнік толькі заходзіў у дом. Сапраўды, хлопец меў добрае цярпенне, каб вытрымаць усё гэта. Не кожны дазволіць так з сабою абысціся. Ён жа не глухі. Усё чуў, гэта факт! Канечне, каб не Марыя-Луіза... З-за яе ён мог вытрымаць усё. Ён не быў баязліўцам. Гэта было відаць па яго пагляду. У настаўнікавых вачах свяціўся гонар, але там яшчэ было і нешта пакутніцкае, як у ахвяр на біблейскіх малюнках. Кантэн не стрымаўся на гэты раз. Ён рэзка павярнуўся да жонкі і крыкнуў ёй злосна:

— Сціхні! Ты ўжо занадта!..

Гэта прымусіла Ізабэлу замаўчаць на нейкую хвіліну, але не больш. Яе худы твар напружыўся, левае павека прыкрыла напалову карычневае вока, ад чаго жончын погляд зрабіўся яшчэ больш жорсткім. Неўзабаве на твары з'явілася фальшывая ўсмешка. Тонкія вусны выгнуліся і адкрылі чорную дзірку на месцы, дзе выпаў клык. Увесь выгляд Ізабэлы сведчыў пра тое, што яна асмялела.

— А як жа, — зашыпела яна, — ён жа настаўнік. На-стаў-нік! Гэтага дастаткова, каб ніхто не меў права зачапіць яго. Гэтага дастаткова таксама, каб лічыць яго разумным. — Яна павысіла голас. — Ды ўжо ж! Са мной гэты нумар не пройдзе! Досыць мне твайго глупства! Ты нікога лепшага не бачыш вакол сябе, бо сам некалі марыў стаць настаўнікам! Ты звар'яцеў пад старасць! Гэты чалавек адняў у цябе розум! Падумаеш, настаўнік! А калі б твая дачка выйшла замуж за сама дурнога з настаўнікаў, ты, мусіць, быў бы на сёмым небе ад шчасця?!

Кантэн ведаў, што яна можа гаварыць гэтак доўга. Ён не адзін раз выпрабаваў гэта на сабе. Словы сыпаліся і сыпаліся з яе без перапынку. Але яны яго не краналі, бо датычыліся толькі яго аднаго. Яны былі адны і тыя. Ён чуў іх, можа, сотню разоў, таму ўзяў за звычку не спрачацца. Але сёння жонка пачала ганьбіць настаўніка і здзекавацца з яго пачуццяў да Марыі-Луізы, і Кантэн не змог стрымацца:

— Можаш гаварыць што хочаш, але іх жаніцьба — найлепшы сродак вярнуць да нас дачку.

Гэтыя простыя словы Кантэна быццам сцебанулі Ізабэлу. Яна кінула сваю работу і з пагрозлівым выглядам пачала наступаць на мужа. Яе голас ажно трымцеў ад гневу:

— І як толькі табе не сорамна! Пахаваць нашу дзяўчынку ў гэтай яме Кантэнаў?! Жукамі-гнаевікамі жылі яны тут няведама колькі пакаленняў, а ты жадаеш такога лёсу сваёй роднай дачцэ?! Яна ж ледзь выдралася з гэтага бруду! А табе найвышэйшае шчасце — пасада настаўніка! Ды яшчэ тут!

Кантэн скарыстаў момант, пакуль жонка пераводзіла дыханне, і ўставіў слова:

— Так будзе лепш усім нам. А то можна падумаць, што наша дачка ў Амерыцы. Што гэта значыць: адзін тыдзень вакацый за два гады! Ці не занадта мала!

Здавалася, што Ізабэла крыху супакоілася. Больш цвёрдым голасам, які, аднак, не пераставаў дрыжаць, яна прамовіла:

— Ты ж добра памятаеш, што яна табе казала: яна ахвяруе некалькі гадоў, каб атрымаць становішча, якое і не снілася твайму балбесу, няхай ён нават стане інспектарам школ.

Яе голас задрыжаў яшчэ мацней, калі яна ўспомніла настаўніка. Кантэн адчуў, што жонка глядзіць на яго з нядобрай жаласцю. Відаць, яна лічыць яго за вялікага дурня, бо ён не разумее, у чым шчасце яго дачкі. Яна лічыць яго за сапраўднага эгаіста.

— Сама галоўнае, — прамовіў Кантэн, — што ад гэтага будзе карысць яе здароўю.

— Няўжо ж я сама не думаю пра гэта? Няўжо ж мне лёгка не бачыць па гэтулькі часу сваю дачку? Я нават не ведаю, хварэе яна ці не. Цябе паслухаць, дык я зусім яе не шкадую!

У апошніх жончыных словах Кантэну пачуліся гнеў і адчай. Вядома, яна таксама пакутавала без Марыі-Луізы, але гэтая яе звычка павышаць голас заўсёды адбівала ў Кантэна ахвоту суцяшаць яе.

Гэтая сварка была ўжо не першая, таму Кантэн стараўся маўчаць. Усё гэта не мела сэнсу, бо сама Марыя-Луіза вось-вось павінна была прыехаць. Аднак Ізабэла не сунімала крыку:

— І не ўздумай, калі яна прыедзе, дурыць ёй галаву з гэтай гісторыяй! Мне не патрэбны гэты дурнаваты ў нашым доме!

Яна ўсё не магла забыцца пра настаўніка. Ён выбіў яе з каляіны. Ізабэлу больш за ўсё злавала тое, што хлопец прыйшоў, нягледзячы ні на мароз, ні на дрэнную дарогу, з адной мэтай, каб даведацца, ці прыедзе Марыя-Луіза. А ў гэту выдумку з кнігай яна адразу не паверыла. І яна ўзялася зноў кпіць з Кантэна:

— Ты заўсёды маеш мяне за дурніцу. Асабліва калі прыходзіць гэты тып. Для вас я — неадукаваная мурза. Я ж не чытаю кніжак, як вы. Аднак што датычыцца будучага нашай дачкі, гэта мурза без адукацыі бачыць далей, чым ты.

Кантэн не адказваў. Ён думаў, якою сілаю волі павінен валодаць знешне кволы і сарамлівы настаўнік, каб чуць усё сказанае Ізабэлай і не раззлавацца. Хлопец гатоў быў усё вытрымаць дзеля Марыі-Луізы. Чым больш Кантэн разважаў, тым несправядлівейшай здавалася яму пагарда Марыі-Луізы да настаўніка. Яго не здзіўляла тое, што дачка не кахала гэтага хлопца, але ж навошта яна пасылала яму лісты? І чаму раптам яна перастала яму адказваць? Гэта не было ўласціва Марыі-Луізе, ва ўсякім разе, той Марыі-Луізе, якой яна была два гады назад. Гэтыя думкі не давалі старому спакою, а тут яшчэ жонка сыпала і сыпала свае папрокі. Яна папракала яго ў эгаізме, яна лічыла ненармальным тое, што бацька жадае, каб дзеці жылі побач з ім.

— Так было сто гадоў назад, — не супакойвалася Іэабэла. — Я табе ўжо колькі разоў казала, што табе трэба было нарадзіцца ў мінулым стагоддзі. А ты лічыш сябе разумнейшым за ўсіх.

Гэта быў яе галоўны папрок. І сапраўды, з дня ад'езду Марыі-Луізы яна цвярдзіла яму гэта мо сотню разоў. Але кожны раз, калі яна так гаварыла, Кантэн крыху адчуваў сябе пераможцам, паколькі жонка хоць і лічыла, што можа распазнаваць яго думкі, аднак яшчэ не здагадвалася, што Кантэн аб гэтым думае на самай справе. Кантэн чытаў газеты, слухаў радыё, раз у месяц наведваў базар, які праводзіўся ў Лон-лё-Сан'е. Ён ведаў, колькі людзей гіне штодзень на дарогах, у горадзе, і таму быў шчаслівы, што жыў на хутары. Як ім пашанцавала, думаў ён, што яны жывуць далёка ад дарогі і нават ад вёскі, што яны могуць жыць так, як жылі тут іх бацькі і дзяды. І Кантэну было б шчасцем адстаць на стагоддзе: сто гадоў назад Марыя-Луіза не паехала б ад іх у горад.

Не перастаючы папракаць мужа, Ізабэла высыпала на стол кошык гароху ў стручках і пачала яго лушчыць. Кантэн сеў насупраць і стаў дапамагаць ёй. Дэніза сядзела ў канцы стала і чысціла тоўстыя шэрыя ранеты. На некаторых яблыках засталіся яшчэ з саду засохлыя кавалачкі глебы. Калі Ізабэла змаўкала на хвіліну, каб перавесці дыханне, на кухні чуваць было толькі сухое шапаценне стручкоў ды звонкі грукат гарошын, якія падалі ў жалезную пасудзіну. Час ад часу шыпела сыраватае палена. Відаць, гэта было адно з тых, якія Кантэн браў з верху вярсты. Апошнія дажджы і снег крыху падмачылі іх. Слухаючы гэта шыпенне, Кантэн зноў успомніў, як Марыя-Луіза марыла ў дзяцінстве аб маленькім цёплым дамку, у якім яна сядзела б гадзінамі ля акна.

Ізабэла ўсё не магла забыцца пра настаўніка. Яна кпіла з яго слоў пра снег. Жанчына лічыла, што любіць снег або рабіць выгляд, што любіш яго, — адзнака вялікай дурноты.

— Дарэчы, — завяршыла яна, — трэба быць ёлупнем, каб уявіць сабе, што ў яго нешта выйдзе з Марыяй-Луізай.

Кантэн сціпла заўважыў:

— Ты гаворыш гэта, а сама нават не ведаеш, што між імі было. Яны перапісваліся...

Жонка не дала яму дагаварыць. Яна рэзка ўзмахнула худой рукой, у якой трымала высахлы стручок, і адрэзала:

— Нічога паміж імі не было! Нічога! Калі б нешта было, Марыя-Луіза сама сказала б мне пра гэта.

Хоць яна цяпер не крычала, Кантэн не пярэчыў ёй. Ён нават ледзь не засмяяўся, бо стручок у жончынай руцэ вельмі нагадваў яму маленькую шаблю. Кантэн апусціў галаву, а жонка замаўчала. Відаць, яна вырашыла, што пераконваць яго не мае сэнсу.

Такім чынам, на доўгі час усталявалася цішыня. На калені Кантэну скокнула котка. Стары слухаў яе мурлыканне і думаў пра Марыю-Луізу. Час ад часу, не перастаючы лушчыць гарох, ён пазіраў то на яселькі, то на вогнішча, то на запацелую шыбу, па якой паўзлі шэра-зялёныя ручайкі. Кантэн глядзеў і казаў сабе, што неўзабаве Марыя-Луіза ўбачыць усё гэта, і яны сапраўды адчуюць сябе шчаслівымі, калі яна ўвойдзе ў хату.

 

4

 

Яны яшчэ не скончылі лушчыць гарох, як за дзвярыма пачуліся крокі. Котка скокнула на дол і схавалася за Плітою сярод складзеных дроў. Усе трое пераглянуліся і замёрлі на месцы. Па выразе жончынага твару Кантэн зразумеў, што яна, як і ён сам, падумала пра паштальёна. Але калі прыйшоў паштальён, то гэта значыць...

Сапраўды, гэта быў паштальён. Кантэн пазнаў яго па тым, як ён стукаў у дзверы. Перад тым як адказаць, Кантэн яшчэ раз паглядзеў на Дэнізу. Яе напружаны твар з напаўадкрытым ротам быў павернуты да ўвахода.

Кантэн адгукнуўся, і на парозе з'явіўся мясцовы паштальён. Сёння пад блакітным кепі ў яго быў шарсцяны шлем. Паштальён, як заўсёды, гучна сказаў:

— Здаровы былі, Кантэны!

Ніхто яму не адказаў.

Ізабэла і Кантэн падняліся і стаялі ля сваіх крэслаў, пакуль паштальён не наблізіўся да стала з пісьмом і не сказаў:

— Прынёс навіны ад вашай большай.

Тады Кантэн падышоў да буфета, узяў літр вінаграднай гарэлкі і дзве шклянкі. Вярнуўся, наліў і спытаўся:

— Ну, як дарога, Фернан?

— Тут яшчэ нічога, — адказаў паштальён, — а вось у нізінах намяло. Цяжка будзе прабіцца снегаачышчальніку.

— Трэба час.

— Ведаю, але ты можаш не турбавацца. Гэтым займаецца Густаў Ламбэр. Ён не будзе губіць сваю жывёлу. Кожны раз, калі выпадае нагода асушыць бутэльку, ён дае трактарыстам дастаткова часу, каб яны аддыхаліся і ачысцілі дарогу да яго фермы. А твая побач.

Кантэн слухаў яго, а сам глядзеў на блакітны канверт, што ляжаў на рагу стала. Ізабэла таксама не брала яго ў рукі. Яна глядзела то на канверт, то на паштальёна, то на дзверы. Ніхто не дакранецца да гэтага пісьма, пакуль тут гэты чалавек.

Паштальён адпіў палову сваёй гарэлкі, цмокнуў языком і сказаў:

— Я бачыў сляды, як праходзіў каля пільні, і падумаў, што нехта прыходзіў раніцай. Няўжо, думаю, Кантэн выходзіў з дому? А потым прыгледзеўся: сляды чапляюцца адзін за другі, не, не яго.

— Праўда, не мае, — адказаў Кантэн, — гэта настаўнік заходзіў па кнігу.

Паштальён кіўнуў галавою ў знак згоды. Нейкі час ён глядзеў то на пісьмо, то на Кантэна, то на Ізабэлу, нарэшце спытаў:

— У яго была справа да вас?..

— Не, ён хацеў сваю кнігу, і ён забраў яе.

Ізабэла прамовіла гэта вельмі хутка, але суха. Крыху здзіўлены, паштальён асушыў сваю шклянку, правёў далоняй па вусах, пасля надзеў свае авечыя рукавіцы. Перад тым як выйсці з хаты, ён яшчэ раз кідае позірк на пісьмо і пытаецца:

— Марыя-Луіза ўсё яшчэ ў Ліёне? Яна задаволеная? Не сумуе па родных мясцінах?

Зноў жа яму хуценька і адрывіста адказвае Ізабэла:

— Але, яна задаволеная.

Пераступаючы цераз парог, паштальён зрабіў невыразны жэст бэжавай бяспалай рукою ў рукавіцы і сказаў:

— Я не раз паўтараў, што яна кемлівая дзяўчына. Яна знойдзе сваю дарогу ў жыцці. І зробіць гэта сама... Ну, бывайце! І добрых вам Каляд усім!

Кантэн пачакаў, пакуль паштальён адышоўся на некалькі крокаў, потым зачыніў дзверы. Добра павеяла холадам. Кантэн адчуў гэта праз вязаны світэр і ўздрыгнуў. Калі ён вярнуўся да стала, Ізабэла ўжо ўзяла ў рукі канверт і маленькі ножык з вострай дзюбкай, якім Дэніза крышыла яблыкі. Яна выцерла фартухом лязо і пачала лёгкімі і раўнамернымі рухамі асцярожна рэзаць паперу. У гулкай цішыні гэты ціхенькі шоргат быў падобны на грымоты. Кантэн і Дэніза сачылі за рухамі маці, і, як толькі тая выцягнула ліст з канверта, малая сказала:

— Канечне, гэта пісала Марыя-Луіза.

У яе голасе не адчувалася ні радасці, ні трывогі. Пісьмо было не доўгае. Дзесьці на палову старонкі. Кантэн хацеў стаць побач з жонкай, каб прачытаць таксама, аднак нешта яго стрымлівала, мабыць, гэты поўны спакой і нерухомасць кожнага.

Ізабэла чытала ліст, і яе твар камянеў усё больш і больш. Вусны паступова сціскаліся, пакуль не ўтварылі вузенькую рыску. Нарэшце рука яе адкінулася, вочы ўторкнуліся ў Кантэна, і яна выдыхнула:

— Так я і ведала... Я прадчувала... Гэтага трэба было чакаць...

Яе голас паступова мацнеў і пакутліва дрыжаў. Кантэн усё зразумеў. Зразумеў яшчэ тады, калі на ганку пачуліся крокі паштальёна. Пры першых словах жонкі ён падумаў, што яна будзе плакаць. Аднак яе голас хутка набіраў упэўненасць. Праз хвіліну яна ўжо крычала, крычала ўсё мацней і мацней, зрываючы злосць на Кантэне. Ён узяў ліст, працягнуты дрыготкай жончынай рукой, і адышоўся да акна.

— Канечне, — лямантавала яна, — гэта раскоша — убачыць дачку на Каляды! Гэта занадта вялікае жаданне для маці! Што яе гаспадары сабе думаюць? Якое яны маюць права? Нават дзеля яе будучага становішча, ці можна дазваляць такое? Ёсць жа нейкая мяжа! Няўжо ўсе служачыя карыстаюцца гэткай свабодай?!

Яна кляла на чым свет стаіць гаспадароў Марыі-Луізы, якіх зусім не ведала, але Кантэн ведаў, што рана ці позна яна вернецца да яго. Ён скончыў чытаць, але баяўся зварухнуцца. Нават не падымаў вачэй ад блакітнага лістка паперы, па якім роўненька беглі доўгія тонкія літары, напісаныя рукой яго дачкі. Почырк Марыі-Луізы быў не такі, як у яе апошніх вучнёўскіх сшытках. Яны ляжалі на гарышчы, і Кантэн гартаў іх кожны раз, калі туды лазіў. Цяпер гэта быў почырк жанчыны.

Кантэн глядзеў на ліст да таго часу, пакуль перад яго тварам не ўзнікла жонка. Спачатку яны моўчкі глядзелі адно на аднаго, потым Ізабэла спыталася:

— Табе, вядома, няма чаго сказаць?

Гэта мала нагадвала пытанне. Стары ўздыхнуў, пацепнуў плячыма і буркнуў толькі:

— А што ты хочаш, каб я табе сказаў?

— Цябе ніколі нічога не кранае, табе ўсё роўна, што будзе і як будзе! — гучна сказала Ізабэла.

Яна правяла шырака растапыранай далоняй па цыраце, пры гэтым моцна нахілілася і матлянула галавою знізу ўверх. Гэты рух гаварыў сам за сябе: у ім было нешта абразлівае для Кантэна.

— Канечне, — прадоўжыла, выпрастаўшыся, жонка, — Дзяўчына прыехала да іх адна, быццам сірата, без нікога, хто мог бы яе абараніць. Хто мог бы паказаць ім... А яны адразу ўсё зразумелі! І давай яе эксплуатаваць. А як жа, хто моцны, той і гаспадар! А табе, яе роднаму бацьку, ад гэтага ні горача ні холадна!

Яна змоўкла на хвіліну. Мабыць, чакала адказу, але Кантэн не адказаў. Тады яна загаварыла зноў, яшчэ больш зацята:

— Табе толькі адно ў галаве: каб яна дасталася гэтаму дурню-настаўніку, вярнулася і засталася тут назаўсёды. Каб яна ўбілася ў гэту кучу гною і век не вылазіла з яе! Ты гатовы загубіць тут яе жыццё, нават пальцам не хочаш паварушыць, каб дапамагчы ёй вырвацца дадому дні на чатыры! А яна яшчэ збіраецца ехаць у Парыж на няведама які час. І мы не пабачымся перад ад'ездам!

Кантэн стаяў перад жонкай, быццам нямы. Яна часта папракала яго за тое, што ён не мог выпрасіць Марыі-Луізе адпачынак, але так, як сёння, было ўпершыню. Раней жонка прасіла яго хоць напісаць гаспадарам ліст, ды Кантэн не зрабіў гэтага, паколькі Марыя-Луіза тлумачыла яму, што гаспадары могуць гэта не так, як трэба, зразумець. Яна казала, што галоўнае для яе — цярпенне і стараннасць. Яна павінна вытрымаць некалькі гадоў, каб урэшце мець забяспечанае жыццё. Кантэн заўсёды марыў, каб яна прыехала да іх, ён жадаў гэтага ад усяго сэрца, але добра ўсведамляў, што гэты прыезд прынясе шкоду дачцэ. І потым, ён ніколі не заводзіў аб гэтым гаворку, бо ўпотай ганарыўся тым, што яго дачка такая настойлівая ў дасягненні сваёй мэты. Ізабэла заўсёды была незадаволеная, калі Марыя-Луіза паведамляла, што не можа прыехаць дадому. Аднак яе ажно распірала ад гордасці, калі яна атрымлівала лісты, у якіх дачка распісвала ёй сваю будучыню. І яшчэ, мяркуючы па падарунках, якія Марыя-Луіза пасылала малодшай сястры ўжо год, яна пачала добра зарабляць.

Як толькі жонка замаўчала і ўтаропіла ў Кантэна вочы, ён вырашыў, што трэба нешта сказаць у адказ. Пасля невялічкай паўзы Кантэн паабяцаў жонцы, што напіша ліст гаспадарам дачкі, хоць ён добра ўсведамляў, што гэта прапанова толькі больш раззлуе Ізабэлу. І сапраўды, у адказ тая суха рассмяялася і завялася зноў:

— Вар'ят! Ён напіша! Цяпер самая пара! І што ты напішаш ім? Пра тое, што ты вычытаў у кніжках, якія табе дае другі разумнік? Ты раскажаш ім пра свае прынцыпы? Пра сваю філасофію? Пра людскую роўнасць? Ты напішаш ім, што ты — селянін. Чалавек, які нікога не абхітрыў і нічога ні ў кога не ўкраў. А яны атрымаюць твой ліст, калі дачка ўжо будзе ў Парыжы, і адкажуць табе, што яна застанецца там на некалькі месяцаў альбо гадоў...

Яе голас пачынаў дрыжаць. Ізабэлу душыў смех, які рабіўся ўсё больш металічным і напятым. Кантэну непрыемна было чуць яго. Ён і рад быў бы адказаць, але не знаходзіў слоў. Жонка на хвіліну замаўчала, мабыць, стамілася. Яе рукі дрыжалі, падбародак скрывіўся, падцягваючы ніжнюю губу. Яна цяпер не крычала, а гаварыла нейкім прыдушаным голасам:

— Мы не ўбачым яе больш... Яна не прыедзе... Няўжо ты не можаш зразумець, што гэта значыць, га? Няўжо ты не здагадваешся, што ўпершыню за доўгі час табе прыйдзецца нарэшце патурбавацца?

Не падумаўшы, Кантэн загаварыў пра работу, пра надвор'е... Але яму не трэба было рабіць гэтага, бо Ізабэла зноў, каторы раз, перамагаючы свой смутак, засыпала мужа папрокамі:

— Пра якую работу гаворыш ты? На вуліцы зіма! А майстраваць перагонны апарат ты ўжо скончыў.

— Не было чаго турбавацца раней. Мы ж думалі, што яна павінна прыехаць.

Тут Кантэн адчуў, што паспяшаўся. Яго наіўныя словы ўзлавалі жонку яшчэ мацней. Яна стукнула далоняй па канверце, які Кантэн толькі што паклаў на стол, і зараўла:

— А-а-а, па-твойму, яна павінна прыехаць?! Ды ўжо ж, чакай! Чакай, міленькі, ажно да Вялікадня, ажно да ўсіх святых! Што ж, мы прабудзем Каляды адны, як скаціна. А наша дачка няхай, як рабыня, працуе на чужых людзей.

Тут яна нечакана засмяялася. Смех яе быў вісклівы і выходзіў аднекуль з глыбіні горла. Ён калаціў яе худыя грудзі, крывіў ёй вусны і надаваў усяму абліччу нейкі адсутны выгляд.

— А я ўспомніла пра другога дурня, настаўніка, які любіць паўтараць, што мы — цывілізаваныя сяляне! Мы вучымся жыць па-новаму! Каб быць на ўзроўні! Але хоць і маем пліту з газавым балонам ды матор, каб пампаваць ваду ў ракавіну, жывём як дзікуны!

Настала доўгая цішыня. Сваім цяжарам яна заглушыла нават гудзенне агню. Котка пакінула сваю схованку і пачала церціся аб нагу Кантэна, які ўсё сядзеў нерухома ля стала. Ізабэла адышла да печы. За ўвесь час, пакуль яны размаўлялі, Дэніза нават вокам не міргнула. Так і глядзела з адкрытым ротам то на маці, то на бацьку.

Кантэн падумаў, што на гэтым Ізабэла скончыла, але тая паклала ў агонь палена, наліла ў вялікі гаршчок вады і вярнулася да стала, трымаючы ў руцэ качаргу, быццам зброю. Твар яе змяніўся, і Кантэн зразумеў, што яна нешта яшчэ надумала.

— Дурніца я, — загаварыла Ізабэла. — Вось пытаюся ў сябе, чаму ты ніколі нічога не зрабіў дзеля яе. Ды гэта ж адразу кідаецца ў вочы! Ты ж задаволены! Задаволены тым, што яна няшчасная! Чым больш, па-твойму, яна намучыцца, тым хутчэй абрыдне ёй гэта жыццё. І ты разлічваеш, што тады яна выйдзе замуж за гэтага боўдзілу! Думаеш, раз яна не прыязджае на вакацыі, то я сама пачну яе прасіць, каб яна пайшла за яго? Толькі каб дачушка была ў мяне пад бокам? Ці не так? Ох і хітрун жа ты! Ох...

— Ізабэла!

Ён выгукнуў толькі імя жонкі, і гэта выйшла ў яго міжволі, вылецела з глыбіні душы, бо словы яе зачапілі Кантэна за жывое. Ён доўга глядзеў на жонку і на гэты раз адчуў, што перамог яе злосць. Тады ён сказаў вельмі спакойным голасам:

— Ізабэла, ты не маеш рацыі...

І адразу змоўк. Пакуль жонка павольна садзілася, апусціўшы локці на стол і абхапіўшы галаву далонямі, Кантэн зірнуў на дачку. Дэніза часта дыхала, і ён ведаў, што яна зараз пачне гаварыць.

— Дык яна не прыедзе?.. Нават на Новы год? І не ўбачыць яселькі?

Кантэн стомлена ўздыхнуў, а маці, не ўзнімаючы галавы, вымавіла зусім разбітым голасам:

— Не прыедзе... Вось так, дачушка. Наша Марыя-Луіза не прыедзе, бо ні ў кога не хапае мужнасці, каб з'ездзіць па яе. Можа, мы ніколі больш не ўбачым яе...

Яе голас крыху павысіўся, але адразу і страціў сваю моц. Ён раптам сарваўся і перайшоў у рыданні.

Амаль услед за маці заплакала і Дэніза, павярнуўшыся тварам да печы, у якой стаялі яселькі.

Кантэн стаяў цяпер ля акна. Ён не ведаў, што сказаць, каб суцешыць іх. Ён моўчкі ўзіраўся ў шэры далягляд.

 

5

 

Ізабэла даўно не плакала, мабыць, з дня смерці маці, таму Кантэн глядзеў цяпер на яе са здзіўленнем. Жонка сапраўды плакала, усхліпваючы і шморгаючы носам. Твар яна закрыла рукамі. Кантэн павольна наблізіўся. Ён глядзеў на вузкую жончыну спіну, на вострыя плечы, прыкрытыя паношанай, не раз латанай кофтай, на патыліцу і сабраныя ў вузел валасы, якія трэсліся ад рыданняў, як трэсліся яны кожны дзень, калі Ізабэла нешта рабіла. А садзілася за стол яна тады толькі, калі трэба было пад'есці альбо зрабіць нейкую работу, якую цяжка рабіць стоячы. Яна заўсёды мела нейкі занятак: нават калі ў доме былі госці і яна вымушана была сядзець і падтрымліваць гаворку, Ізабэла цыравала шкарпэткі альбо абірала гародніну. Цяпер жа яна сядзела, абхапіўшы рукамі галаву, і ўся скаланалася ад рыданняў. Відаць, ёй было вельмі кепска, а Кантэн не знаходзіў у сабе сілы, каб суцешыць яе.

Кантэн доўга глядзеў на жонку і шукаў патрэбнага слова, патрэбнага жэсту. Яму прыйшла думка падысці да жонкі, абняць яе за плечы, падняць яе галаву, пацалаваць. Ён сапраўды хацеў зрабіць гэта, але не змог, бо не так лёгка зрабіць тое, чаго не рабіў шмат гадоў. А потым, Кантэн не ведаў, як жонка адрэагуе на гэта.

Усё жыццё яны цягнулі разам адзін воз, у якім былі радасці і нягоды, а вось толькі цяпер Кантэн заўважыў, што зусім не ведае сваю жонку, таму і баяўся пацалаваць яе. Відаць, апошнія падзеі моцна выбілі яе з каляіны.

Кантэн ціха адышоў ад Ізабэлы і зірнуў на Дэнізу. Тая стаяла і плакала таксама. Яе твар быў злёгку нахілены, па круглых шчоках каціліся буйныя слёзы, на якія яна не звяртала ўвагі.

Гэта гнятлівая цішыня, якую парушалі ўсхліпы дзвюх жанчын, цягнулася доўга, і Кантэн ніяк не мог сабрацца з думкамі. ён глядзеў то на жонку з дачкой, то на пліту, то на патушаныя яселькі, глядзеў і нічога не бачыў, і яму здавалася, што ў ягонай душы без яго ўдзелу ідзе нейкая вельмі складаная работа.

Котка перастала церціся аб Кантэнавы ногі і ўзабралася на вярсту дроў, што ўзвышалася над плітою. Выцягнуўшы шыю, яна асцярожна нюхала гарачае паветра.

Кантэн дайшоў да старой печы, пастаяў некалькі хвілін перад яслямі, і калі павярнуўся, яго твар быў амаль расслаблены. Ён падышоў да Ізабэлы, хоць яшчэ не ведаў, што зараз скажа ёй. Кантэн нічога не падрыхтаваў, і, здавалася, за яго цяпер гаварыў нехта іншы:

— Я ж не магу паехаць проста так, адразу, нікога не папярэдзіўшы...

Тут ён замаўчаў, бо галава Ізабэлы павольна прыўзнялася. Кантэн ледзь пазнаў яе заплаканы твар. Жонка выцерла слёзы і прамовіла:

— Так, ты заўсёды гаворыш гэта, калі трэба ехаць да яе. Але гэта апошні раз. Бо калі яна пераедзе ў Парыж, табе гэта будзе здавацца занадта далёка. Я ўпэўнена... А дачушка паедзе... І мы нават не абдымем яе... Мы застанемся тут... Ты са сваімі кніжкамі і са сваім настаўнікам, з якім будзеш гутарыць аб ёй і слухаць у адказ яго бязглуздзіцу...

Усё гэта прамовіла яна спакойным голасам, толькі апошняя фраза сведчыла аб тым, што ўспышка гневу можа паўтарыцца. Але не, уся жончына моц знікла яшчэ пры першым рыданні. Цяпер яна моўчкі глядзела на мужа, і гэты погляд працягваў іх размову. У вільготных жончыных вачах з'явіўся выраз, якога Кантэн ніколі не бачыў дагэтуль. Злосці там больш не было. Нават знікла жорсткасць, з якою яна думала пра настаўніка. Гэта была нейкая сумесь надзеі з пакорлівасцю. Магчыма, слёзы, якія Ізабэла стрымлівала шмат гадоў, за некалькі хвілін перайначылі яе. Слёзы, а можа, хутчэй словы, якія толькі што сказаў Кантэн. Няўжо ён не падасць ёй надзеі? Няўжо ён не настроіўся нейкім чынам на гэту паездку? Гаварыў жа ён без напружання, нават не думаў і не ведаў, аб чым, а вось цяпер ён звязаны гэтымі словамі, якія яму не належалі. Яны вырваліся без яго ведама, а Ізабэла ўхапілася за іх адразу, бо гэтыя словы падзейнічалі на яе, як бальзам. Яны закранулі і Дэнізу, якая адразу перастала плакаць і цяпер з надзеяй пазірала на бацьку.

Пільна гледзячы ў вочы мужу, Ізабэла павольна ўстала і пайшла ўздоўж стала яму насустрач. Яна правяла далоняй па цыраце і ціха сказала:

— Ёсць цягнік у дзве гадзіны з паловай...

Кантэн не ведаў, што ёй адказаць. Яму здалося, што яго сэрца забілася ў інакшым рытме, а ў грудзях так сціснула, што стала цяжка дыхаць. А жонка не адводзіла позірку. Яе вочы настойліва гаварылі, што ён павінен ехаць, бо толькі ён адзін можа яшчэ нешта зрабіць. Кантэну карцела вызваліцца ад гэтага позірку. Зрабіўшы вялікае намаганне, ён адвярнуўся, але тут яго позірк сустрэўся з позіркам Дэнізы, якая стаяла побач з яселькамі і таксама глядзела на бацьку пасвятлелым паглядам.

Кантэн апусціў галаву і некалькі хвілін нерухома стаяў. Па праўдзе кажучы, ён ужо не супраціўляўся. Сваё рашэнне ён ужо прыняў, але цяпер яму патрэбен быў час, каб прымусіць сваё цела. Не паварочваючы галавы, ён урэшце накіраваўся ў свой пакой. Кантэн дайшоў да дзвярэй, калі ззаду пачулася:

— Крыху пачакай, я падрыхтую, у што табе апрануцца. А то ты зараз перавернеш у шафе ўсё дагары нагамі. Дый паесці трэба перад дарогай... Дэніза, не стой як слуп! Сагрэй вады на лапшу. Ёсць жа і суп, пастаў яго на пліту!..

У жонкі зноў з'явіліся яе ранейшы голас, яе былы напор, гэтыя вострыя ноткі, якія рэзалі вуха, і Кантэн адчуў, што яна зноў пачынае жыць.

У спальні яна расчыніла насцеж абедзве створкі шафы і напалову схавалася ў ёй. Праз хвіліну Ізабэла выняла адтуль чыстую кашулю і шкарпэткі, потым паклала ўздоўж ложка чорны гарнітур, які муж апранаў толькі на пахаванні, і нарэшце зняла з вешалкі футравае паліто, якое Кантэн атрымаў ад бацькі і апранаў, можа, разы тры ці чатыры.

— Калі табе спатрэбіцца яшчэ нешта, я буду на кухні, — прагаварыла жонка і выйшла.

Нейкі момант Кантэн глядзеў на вопратку, якая ляжала на чырвонай пярыне, пасля пачаў апранацца. Рухі яго былі вялыя, быццам ён вельмі стаміўся. Кантэн доўга мучыўся з гальштукам, які ніяк не падлазіў пад цэлулойдавы каўнер кашулі. Тонкая халодная тканіна чаплялася за яго шурпатыя пальцы. Здавалася, што гэта вопратка была пашыта не на яго.

Ізабэла пакінула дзверы прачыненымі, і Кантэн чуў, як яна завіхалася ля сваёй кухоннай батарэі. Ён чуў таксама, як яна напаўголаса сварылася з Дэнізай, а потым пачуў, як з шоргатам разгарнулі і згарнулі нейкую паперу.

Калі ён увайшоў у кухню, было ўжо амаль 11 гадзін. Стол быў накрыты, Кантэна чакаў наліты суп.

Дэніза агледзела бацьку з ног да галавы, і на яе твары ўзнікла шырокая ўсмешка.

Ізабэла не ўсміхалася, але на яе зацятым твары было відаць нешта падобнае на радасць.

 

6

 

За сталом елі моўчкі, кожны ўторкнуўшы нос у сваю талерку. Часам Ізабэла падганяла дачку, якая ела вельмі марудна. Гэта таксама было неад'емнай часткай сняданку, як і тое, што грукацеў посуд і мяўкала котка, калі пачыналі рэзаць мяса.

Часткай сняданку было і доўгае маўчанне, якое нікому не перашкаджала. Толькі сёння Ізабэла забылася пра малую і займалася адным мужам.

Кантэн еў з неахвотай. Кавалак не лез у горла, адчуваўся цяжар у страўніку. А тут яшчэ Ізабэла завіхалася побач, прымушала яго есці, паўтарала яму адрас гаспадароў Марыі-Луізы, а таксама адрас той кватэры, дзе яна жыла. Усё гэта было запісана ў яго невялічкай запісной кніжцы з рэкламай альзаскай солі на вокладцы, аднак жонка сказала, што ён можа яе згубіць. Ізабэла старалася прадбачыць усё, і калі Кантэн заўважыў, што ён выпраўляецца не ў кругасветнае падарожжа, а толькі за сотню кіламетраў адсюль, яна сказала, што гэта для яго амаль тое самае. Яна не пераставала даваць яму парады:

— Будзь уважлівы, ты ж не прывык да горада. А потым, не пары гарачкі з гаспадарамі. Стрымлівай сябе. Калі ўжо спатрэбіцца, у крайнім выпадку, скажы ім, што я захварэла і вельмі хачу ўбачыць дачку... Калі ж ёй заўтра трэба на работу, то не вяртайся сёння вечарам. Пачакай Марыю-Луізу. Прыязджайце разам. Ты можаш пераначаваць на яе кватэры. Яна казала, што ў яе пакоі ёсць канапа. І не турбуйся за скаціну: мы з малой справімся. А калі б ты быў хворы, усё прыйшлося б рабіць без цябе. Памятаеш, калі ты зваліўся з воза і зламаў нагу, работа ж цябе не чакала...

Яна гаварыла так увесь час, пакуль яны снедалі. Словы цягнуліся адно за адным, быццам вусені, якія паўзлі па дарозе, не ведаючы, дзе яе пачатак, а дзе канец. І тое, што яна казала, было таксама падобна на вусеняў. Кантэну карцела сказаць ёй, што яна нічога не ела, аднак у яго не хапіла мужнасці перабіць яе. Жонка бесперапынна паўтарала адны і тыя словы, і, здавалася, гэтыя словы рабілі яе шчаслівай. Яны цяклі, быццам слёзы, ад якіх рабілася лягчэй на сэрцы. Месяцамі, нават гадамі Кантэн не бачыў, каб яна размаўляла гэтак спакойна.

Час ад часу ён пазіраў на Дэнізу. Яе таксама не вельмі займала ежа. Яна то глядзела на маці і лавіла кожнае яе слова, то разглядала бацькаву вопратку.

Усё ў доме зрабілася незвычайным. Адна толькі котка не разумела, чаму Кантэн не дазваляў ёй узлазіць на калені. Добра абнюхаўшы знізу яго штаны, ад якіх нязвыкла пахла сушанымі травамі, котка адышлася на сярэдзіну кухні і разлеглася чорнай плямай на светлай падлозе, заплюшчыўшы свае вялікія жоўтыя вочы.

Мабыць, з-за гэтага гарнітура і ад таго, што на яго ўсе глядзелі, Кантэн адчуваў сябе ніякавата. Яму нават здавалася, што ён госць, што ён знаходзіцца на чужой старане, у незнаёмых людзей.

Часам Кантэн думаў пра Ліён, хацеў уявіць сабе гэты горад, але ў яго чамусьці не атрымоўвалася. Хоць ён і ведаў, што паездка невялікая, аднак у сэрцы з кожнай хвілінай расло незразумелае хваляванне. Каб пазбавіцца ад гэтых думак, Кантэн прымусіў сябе ўслухацца ў тое, што казала яму жонка.

— Раз не было снегаачышчальніка, табе прыйдзецца абуць боты.

— Я ж не паеду ў ботах у Ліён.

— Вядома, не. Боты пакінеш у начальніка вакзала, там пераабуешся.

Яна рыхтавала яго ў дарогу, а сама не пераставала гаварыць. Нарэшце, калі Кантэн зашпіліў усе гузікі футравага паліто і збіраўся ўжо надзець шапку, жонка раптам замаўчала. Нейкую хвіліну яны глядзелі адно аднаму ў вочы. Жончын лоб зморшчыўся, павекі часта заміргалі. Яна раптам адвярнулася, узяла ў рукі перавязаны матузком пакунак, што ляжаў на краі стала.

— Трымай, — працягнула яго Кантэну. — Лепш, каб яна сама прыехала... Але вазьмі на ўсякі выпадак... Хто ведае...

Кантэн зразумеў, што размова ідзе пра падарунак Марыі-Луізе. Ён сам не ведаў, што там было, у гэтым рудым пакунку, толькі сціснуў яго пад пахаю. У правай руцэ ён усё яшчэ трымаў сваю шапку. Цяклі хвіліны. Ізабэла не адрывала ад яго свайго позірку, і Кантэн адчуваў, што яна даўно так на яго не глядзела. Яна быццам хацела дадаць да ўсяго таго, што ўжо сказала, нешта такое, што немагчыма выказаць адным словам. У той момант, калі яе вочы пачалі напаўняцца слязьмі, яна апусціла павекі і хуценька прамовіла:

— Табе пара ісці... З гэткімі дарогамі дойдзеш не хутка, сам ведаеш.

Потым была яшчэ нейкая паўза, у якую адбылося нешта невыразнае, няўлоўнае, нешта безназоўнае і бязважкае, накшталт ценю празрыстага воблачка, які нябачна праплывае над далінаю. І невядома, хто з іх першы нахіліўся ўперад, бо яны абое ступілі адно да аднаго і абняліся. Пасля Кантэн абняў Дэнізу, але гэта было куды лягчэй. Ён накіраваўся да дзвярэй, а перад самым парогам павярнуўся і хуткім позіркам акінуў кухню, яслі, дзвюх жанчын, якія нерухома стаялі і глядзелі яму ўслед. Яму здавалася, што ён бачыць усё апошні раз. Каб не мучыць сябе больш, Кантэн піхнуў дзверы.

Калі ён пераступаў цераз парог, котка праслізнула паміж яго нагамі і ўскочыла звонку на падаконнік. Кантэн зрабіў некалькі крокаў, пасля крыкнуў не вельмі ўпэўненым голасам:

— Не студзіце хату! Зачыніце дзверы!

Дзверы грукнулі за яго спіной, і Кантэн крочыў не адварочваючыся, пакуль не выйшаў на дарогу. Потым спыніўся і паглядзеў на свой дом. На запацелым акне цямнелі дзве плямы, праз якія, быццам праз ілюмінатары, за ім сачылі два ўсмешлівыя твары. Котка сядзела цяпер на камені і, пускаючы маленькім носам тонкія струменьчыкі пары, таксама глядзела ўслед гаспадару.

Кантэн памахаў ім рукою і ступіў у глыбокі снег, на якім ужо амаль зніклі сляды настаўніка і паштальёна.

Ён доўга крочыў з апушчанай галавою, шукаючы, куды лепш ступіць. Калі ён захацеў яшчэ раз паглядзець на дом, то заўважыў, што вялікая гурба, якая ляжала на павароце, амаль поўнасцю закрыла яго. Фасаду ўжо не было відно, і здавалася, што страха стаяла проста на заснежанай зямлі. Неба навісала яшчэ больш, чым раніцай. Шэры дым, які выпаўзаў з чырвонага коміна, слаўся над вінаграднымі лозамі, якія нагадвалі раскіданыя на снезе чорныя вузлаватыя вяроўкі.

Кантэн пакрочыў далем. Часу хапала, але ён ішоў шпарка. Толькі раз прыпыніўся, каб паглядзець на вёску, на яе дрэвы і будынкі, на вуліцы і агароджы, якія ўтваралі то крывыя ці прамыя лініі, то няправільныя вуглы. Тут ён таксама зрабіў нечаканае адкрыццё: сёння ўсё гэта здавалася яму нейкім своеасаблівым. Бязмежная белая раўніна, якая рассцілалася ля яго ног, набывала нейкі новы сэнс. І ён адправіцца туды, у глыбіню гэтай раўніны, дзе знаходзіцца горад, які забруджвае неба ў ясныя дні. Яно бачна нават адсюль. Там знаходзіцца Марыя-Луіза. Там побач з ёй жывуць тысячы мужчын і жанчын, грукацяць аўтамабілі, не спыняецца дыханне пачварнага горада, які так палохае Кантэна.

А тут стаіць цішыня.

Раней яму ніколі не прыходзілі ў галаву такія думкі. Звычайна ён не заўважаў гэтай цішыні, не звяртаў увагі на гэту бясконцасць раўніны і неба. Калі ён і глядзеў на іх, дык толькі каб вызначыць па напрамку ветру і руху аблокаў, якое заўтра будзе надвор'е. Сягоння надвор'е не займала Кантэна, яго цікавіла больш гэта цішыня і неабсяжнасць раўніны. Ён адчуваў, што ён навечна зліты з гэтай зямлёю. Як селянін, як працаўнік, ён з'яўляўся часцінкай гэтага сусвету. Гэтыя думкі настолькі ўсхвалявалі яго, што ён не мог скрануцца з месца, так і стаяў у снезе, а яго вушы, вочы і лёгкія пранізваў вецер.

Кантэну здавалася, што патрэба глядзець і слухаць зрабілася для яго такой жа неабходнай, як патрэба дыхаць. Яна стала для яго пытаннем жыцця і смерці.

Каб вызваліцца ад гэтых думак, стары сканцэнтраваў сваю ўвагу на горадзе, куды ён павінен быў ехаць. Але ён не мог уявіць сабе вуліц і плошчаў, якіх не бачыў, можа, гадоў дваццаць. Яны даўно выпалі з яго памяці і не жадалі больш туды вяртацца. Наадварот, насуперак яго волі, перад вачыма ўвесь час узнікала акно, два твары, прыціснутыя да запацелага шкла, котка, якая сядзела на двары і глядзела яму ўслед.

У нейкі момант яму нават здалося, што вецер данёс да яго пах дыму і мяшанкі, якую Ізабэла рыхтавала скаціне. Кантэн павёў плячыма і з усмешкаю пакрочыў далей.

 

ПАД ВЕЦЕР

 

7

 

Было чатыры гадзіны дня, калі Кантэн выйшаў з вагона на вакзале дэ Пераш, але з-за пахмурнага надвор'я здавалася, што надыходзіць ноч. Кантэн звярнуў на гэта ўвагу, як толькі выйшаў на перон. Тут ён на хвіліну спыніўся. Дагэтуль чалавечая плынь некуды цягнула яго, а цяпер ён застаўся адзін. Кантэн бачыў незнаёмыя твары мінакоў, якія крочылі міма і не звярталі на старога ніякай увагі, чуў грукат і сігналы аўтамабіляў, якія праляталі па вуліцы. Гэта быў горад.

Кантэн сціснуў пад пахай пакунак Марыі-Луізы і пайшоў.

Снегу ў Ліёне было менш, чым там, адкуль ён прыехаў. Ён быў белы толькі на плошчы перад вакзалам і ў садах, абнесеных рашоткамі. У іншых жа месцах ён быў бруднага, амаль чорнага колеру. Гэта быў ужо не снег, а гразь, і дворнікі ссоўвалі яго ўздоўж ходнікаў шырокімі драўлянымі шуфлямі. Адны зграбалі яго ў кучы побач з каналізацыйнымі люкамі, другія крышылі і размывалі яго, паліваючы моцнымі струменямі вады. Гэта нагадвала Кантэну шоргат скрабкоў у канюшні і гоман ручая на веснавым полі. Дарожныя рабочыя працавалі павольна, часта адпачывалі, і калі пераходзілі на іншае месца, то цягнулі шуфлі за сабою. Мінакі, наадварот жа, некуды вельмі спяшаліся і нават штурхалі адзін аднаго. У некаторых месцах снег забіваў вадасцёк, і тады вада разлівалася на ўсю шырыню вуліцы, нават падымалася на ходнікі. Праязджаючы на вялікай хуткасці, аўтамабілі ўздымалі там брудныя пырскі, а мінакі прыціскаліся да сцяны. Чуліся ўскрыкі, лаянка, смех.

Кантэн глядзеў на гэты гармідар і не знаходзіў у ім нічога агульнага з тым горадам, які быў у яго думках. У вёсцы так са снегам не абыходзіліся, хоць бульдозер трапляў да іх не часта. Там умелі прыстасавацца да зімы.

Свяціліся вітрыны крамаў. Упоперак вуліцы Віктора Гюго на вышыні другога паверха былі развешаны гірлянды жоўтых і чырвоных лямпачак. Гэтыя гірлянды цягнуліся ажно да плошчы Бэлькур, і дзякуючы ім вуліца нагадвала доўгі калідор святла. Кантэн увайшоў у яго. Як і раней, у яго сэрцы жыла трывога, але цяпер яна была крыху слабейшая. Ад яркага святла і высокіх дамоў у яго закружылася галава, і яму зноў успомнілася бязмежная белая раўніна.

Па дарозе ён увесь час думаў пра Марыю-Луізу. Ён стараўся ўявіць сабе яе пакой, яе работу. Дачка шмат расказвала пра гэта, але цяпер у памяці старога ўсплывалі толькі дэталі. Яму здавалася, што галоўнае заставалася не расказанае. Пасля апошняга прыезду Марыі-Луізы ён часта думаў аб ёй, але яму ніколі не прыходзіла ў галаву ўявіць, як жа яна жыве. Ён зразумеў гэта яшчэ ў вагоне, і цяпер яму было сорамна.

Усё лепшае ў Марыі-Луізе было звязана з яе дзяцінствам. Кантэн перабіраў у памяці кожныя Каляды, асабліва тыя, калі яшчэ былі жывыя яго бацькі. Гэта было ў час гітлераўскай акупацыі. Тады некалькі апельсінаў або торбачку цукерак можна было выменяць на масла, яйкі або на гарэлку. Кантэну згадалася вялізная лялька, якую яго маці зрабіла з рыззя і саломы, згадаўся дзіцячы сталовы набор, які вельмі падабаўся Марыі-Луізе. А потым быў 1947 год. Ёй споўнілася шэсць гадоў. Яна яшчэ верыла ў Дзеда Мароза, які прыйшоў у той год крыху раней, чым звычайна, і прынёс у кашы маленькую сястрычку, якая вельмі моцна плакала. Марыя-Луіза радасна смяялася і паўтарала, што Дзед Мароз вымушаны абыходзіць зямлю, пачынаючы з іхняга дому, бо ён жадае хутчэй пазбавіцца ад гэтай румзы, якая можа разбудзіць не толькі дзяцей, але і лялек.

Кантэн думаў аб гэтым у цягніку, думаў цяпер, ідучы па вуліцы, і пытаўся ў сябе, што захавалася ў Марыі-Луізе ад таго далёкага часу. Ці будзе яна па-сапраўднаму шчаслівай, калі ён забярэ яе з сабою? Ці кране яе тое, што Дэніза падрыхтавала яселькі ёй?

Усё навокал было ў святочным убранні. Слова «Каляды» было выведзена на кожнай вітрыне святлом, фарбай, штучным снегам, які здаваўся бялейшым за сапраўдны. Але гэта былі не яго Каляды. Яго Каляды нельга было ўявіць без яселькаў Марыі-Луізы і Дэнізы, без хатняй цеплыні, ад якой ён адчуў сябе адарваным, як толькі выйшаў за парог. На Каляды яны заўсёды клаліся спаць крыху пазней, чым звычайна, а назаўтра ўставалі раней, каб паслухаць, як радуюцца дзеці, знайшоўшы ў абутку падарункі. Ці ўбачыць ён гэта тут, у горадзе? На асветленай лямпачкамі вуліцы цяжка было заўважыць, што ўжо добра сцямнела. Толькі на плошчы Бэлькур, дзе асвятленне было слабейшае, Кантэн заўважыў, што настала ноч. Падзьмуў паўночны вецер, і стары адчуў холад нават праз футравае паліто.

Пераходзячы плошчу, ён паглядзеў на конную статую, якая здавалася чорнай на фоне снегу. Кантэн намагаўся ўспомніць некалькі фразаў з кнігі, якая аднойчы вельмі ўразіла яго, і ён часта гутарыў аб ёй з настаўнікам. Аўтар, лекар па прафесіі, яго імя Кантэн не памятаў, называў гэта месца Плошчай Трывог. Стары не мог прыгадаць, якія канкрэтна словы былі там, але пачуццё сапраўды было такое. Аўтар звязваў плошчу з ідэяй смерці. Кантэн чамусьці адразу ўспомніў пра свой чорны гарнітур, які яго жонка паклала на чырвоную канапу перад яго адыходам. Гэты гарнітур ён апранаў на пахаванні, у яго Кантэна апрануць, калі ён памрэ сам. Кантэну карцела ведаць, чаму раптам яму прыйшла думка пра ўласную смерць, але ён не знаходзіў адказу. Ён падумаў, што гэта можа быць звязана з яго ад'ездам. Тут, у горадзе, ён не адчуваў сябе на трывалай зямлі. Яму нечага не хапала, а гэта нешта было неадрыўнай часцінай яго жыцця.

Яму карцела прайсці хутчэй праз гэту мала асветленую частку плошчы. Ён ведаў, што насупраць знаходзіцца вуліца Ратушы. Яна таксама была вельмі добра асветленая, і Кантэн спадзяваўся, што там ён не будзе адчуваць сябе такім адзінокім. Але яму было нязвыкла на ходніках, па якіх шпарка крочылі мінакі. Ён ніяк не мог падладзіцца пад іх крок, для яго гэта было пакутлівай справай. Ён часта спыняўся, баючыся сутыкнуцца з кім-небудзь, прыціскаўся да сцяны або да вітрыны, прапускаючы мінакоў.

Яшчэ ў цягніку ён падумаў, што рабіць з капелюшом. Той быў чорнага колеру, з высокім верхам і шырокімі палямі. Мужчыны яго ўзросту, якія прысутнічалі на пахаваннях, насілі такія капелюшы. Тут, у горадзе, такіх капелюшоў не было. Яны былі значна меншыя, з вузкімі палямі, вельмі розныя па форме. Кантэн даўно прыкмеціў іх на базары ў Лоне, але працягваў ездзіць туды ў шапцы. Вядома, Кантэн не звяртаў на гэта ўвагі, які ў яго капялюш, але яму здалося, што мінакі запыняюць на ім свае позіркі. Стары сказаў сабе, што пры ўваходзе ў салон, дзе працуе Марыя-Луіза, ён здыме свой капялюш і будзе трымаць яго за спіною.

Тут стары яшчэ раз паспрабаваў уявіць сабе салон і падумаў, што там павінна быць вешалка, на якую яму прапануюць павесіць капялюш і футравае паліто. Такога паліта ён яшчэ не бачыў у горадзе, таму быў спакойны на гэты конт, а вось капялюш не хацелася паказваць пры Марыі-Луізе.

Усе вуліцы нагадвалі доўгія тунелі святла. Над вуліцай Ратушы ззяла арка, утвораная трыма дугамі: большая пасярэдзіне, а дзве меншыя з бакоў.

Чым далей стары крочыў па гэтай вуліцы, тым натоўп рабіўся ўсё шчыльнейшы і шчыльнейшы. Часам навокал усчыналася такая таўкатня, што ён вымушаны быў узяць пакунак у абедзве рукі.

Прахожыя тоўпіліся перад некаторымі вітрынамі, займаючы ходнікі і нават частку вуліцы. Машыны сігналілі і апырсквалі разявак гразёю. Тыя лаяліся, ляскалі далонямі па кузавах машын. У гэтым было нешта вар'яцкае, і Кантэн здзіўляўся, чаму ён не бачыць няшчасных выпадкаў ці боек. Некаторыя людзі смяяліся, але на большасці твараў Кантэн бачыў раздражнёнасць, халодную злосць, якія вельмі кантраставалі з яркім асвятленнем. Нават не верылася, што гэта было напярэдадні святкавання Каляд.

Не звяртаючы ўвагі на гразь, холад, злосць, заднія напіралі на пярэдніх, прыціскаліся да іх спінаў, каб разгледзець, што там цікавае ляжыць на вітрыне.

Бачачы гэты натоўп, Кантэн зноў успомніў свой дом, які стаяў адзін сярод чыстага поля, усланага бялюткім снегам. Аканіцы, напэўна, ужо зачыненыя, перад дзвярыма вісіць посцілка, якая не дае дзьмуць холаду ў пакой. Але ўсё адно стынуць ногі, хоць пліту палілі ўвесь дзень. Відаць, Дэніза запаліла лямпачку ў ясельках і разглядае іх. Маці варыць суп. Ад гэтых думак на душы ў старога крыху пацяплела. Гэты маленькі пробліск успаміну быў мацнейшы за бачанае ім цяпер гарадское вар'яцтва. Кантэн баяўся горада заўсёды, добра не ведаючы чаму, а сёння гэты страх вярнуўся да яго з новай сілай, і старому так захацелася дадому!

Перад вачыма з'явіўся настаўнік. Што ён робіць у гэты час? Сядзіць адзін у сваім пакоі або пайшоў у госці да свайго жанатага калегі? Той таксама жыве ў школе і, мабыць, запрасіў хлопца адсвяткаваць Каляды разам. Але што ён палічыць за лепшае: застацца аднаму ў пустым пакоі ці правесці час у кампаніі шчаслівай пары? Пара была сапраўды шчасліваю, гэтага ад людзей не схаваеш. Кантэн амаль не бачыў, каб яны былі адно без аднаго, заўсёды хадзілі разам, узяўшыся за рукі, як дарослыя дзеці. Будынак школы стаяў у спакойным месцы, з бакоў яго ахіналі старыя каштаны, і тут можна было жыць вечна ў міры і шчасці. Не тое, што гэты горад.

Выбіраючыся з натоўпу і абыходзячы машыны, Кантэн паспрабаваў уявіць на гэтых вуліцах цыбатую постаць настаўніка. Занадта доўгія канечнасці перашкаджалі хлопцу рухацца, нават калі хапала месца, і тут ён проста не змог бы існаваць. А вось Марыя-Луіза — іншая справа. Кантэн успомніў пра яе, калі звярнуў увагу, як лёгка сноўдаюць дзяўчаты паміж групамі прахожых. Быццам стронгі сярод скалаў у бурлівай плыні. Напэўна, Марыя-Луіза рухаецца тут без цяжкасцей і, відаць, з пагардай глядзіць на гэты натоўп.

Але ці адчувае яна сябе шчаслівай? Кантэн гэтага не ведаў.

І, быццам ап'янелы ад бесперапыннага руху, ад гучнага гоману, Кантэн крочыў далей, ужо не ўзіраючыся больш у падобныя адзін да аднаго твары.

Ён крочыў па гэтай ярка асветленай гарадской вуліцы і думаў пра дачку, якая марыла некалі сядзець у маленькім цёплым дамку і пазіраць праз акно, як падае бялюткі снег.

 

8

 

Адшукаць салон Раберці было няцяжка. Кантэн доўга стаяў перад вітрынай, за якой былі выстаўлены касметычныя прылады, фотакарткі прыгожых жанчын. Усё гэта было раскладзена на чырвоным аксаміце, прысыпаным штучным снегам. Паміж фотакартак ляжала некалькі яловых лапак, падобных на тыя, якія Кантэн прывёз Дэнізе для ясельцаў. І старому было дзіўна, што ў гэтай перапоўненай яркім святлом вітрыне жывыя лапкі знаходзяцца побач з нежывымі бліскучымі прадметамі. Гледзячы на сфатаграфаваныя прычоскі, Кантэн падумаў, што гэта, мабыць, і ёсць яе работа, і нечакана засмяяўся. Ён успомніў, як Марыя-Луіза, калі ёй было восем ці дзевяць гадоў, абстрыгла сваю сястрычку. Цяпер ён смяяўся, спрабуючы ўявіць партрэт маленькай Дэнізы сярод гэтых дам з высокімі прычоскамі.

Потым Кантэн зрабіў яшчэ два крокі і апынуўся перад дзвярыма. Дзверы былі зроблены ў выглядзе вялізнага люстэрка, чорная ручка нагадвала доўгую тонкую руку з тонкімі пальцамі. Дзверы вялі ў невялічкі калідор, сцены якога былі з рыфленага шкла. Калідор быў пусты, а за шклянымі перагародкамі рухаліся цені. Кантэн паназіраў хвіліну. Прахожыя штурхалі яго то з аднаго боку, то з другога, і ён вымушаны быў супраціўляцца, каб натоўп не пацягнуў яго за сабою. Ён яшчэ раз паглядзеў на нумар будынка, на шыльдачку з назвай і піхнуў рукою дзверы.

Адразу перахапіла дыханне ад цёплага паветра, моцна насычанага духамі. Кантэн аддыхаўся. Свой капялюш ён схаваў спачатку за спіною, а пасля падумаў, што яго можна пакінуць тут, у калідоры. Яму не верылася, што Марыя-Луіза зусім побач. Мабыць, яна пачула, як ён увайшоў, і зараз выйдзе яму насустрач праз адны з гэтых трох дзвярэй, якія зроблены ў шкляных перагародках. Стары адчуваў, што яна вось-вось з'явіцца перад ім, загаворыць, абдыме... Ён увесь быў ахоплены чаканнем, як раптам у галаву яму прыйшла недарэчная думка, што ён павінен пайсці адсюль, павінен знікнуць да таго, як увойдзе Марыя-Луіза, бо яна не даруе яму таго, што ён сам прыйшоў сюды, у гэты салон, апрануты ў нямоднае футравае паліто і ў старадаўні капялюш. Ад хвалявання стары пацёр сваімі тоўстымі пальцамі, уражанне было такое, быццам скрабянулі рашпілем па дрэве. Ці ж месца селяніну з гэткімі рукамі ў такім салоне? Каму ён тут патрэбны? Магчыма, Марыя-Луіза і не расказвала нікому, хто яе бацькі. Можа, яна нават саромелася іх і таму так рэдка прыязджала дадому?

Прайшла хвіліна, другая, пакуль на парозе адных дзвярэй не з'явілася чарнявая дзяўчына, апранутая ў дзіўны, вельмі кароткі халат са светлай тканіны. Яна ўсміхнулася Кантэну і проста сказала:

— Мсьё?

Кантэн кашлянуў. У горле казытала ад цёплага і перасычанага духамі паветра. Яму трэба было спытацца пра Марыю-Луізу, але ён не мог ні слова вымавіць, быццам на нейкі час адняло мову. Калі ён нарэшце спытаўся, дзяўчына здзіўлена паглядзела на яго і перапытала:

— Мадэмуазель Кантэн, кажаце вы?

— Але, Кантэн, — адказаў стары.

— У яе спатканне на гэты вечар?

Кантэн вагаўся. Ён не разумеў, што яна мела на ўвазе. Машынальна паўтарыў:

— Спатканне...

— Вы ведаеце, у якой гадзіне яна павінна прыйсці?

Кантэн задумаўся. Яму здалося, што дзяўчына не разумее яго вясковай гаворкі. Ён маўчаў, і дзяўчына паўтарыла:

— Гэта асоба павінна была назначыць спатканне. Вы ведаеце, у якой гадзіне яна павінна прыйсці сюды?

Яна размаўляла з ім, як з малым, як з прасцячком. Паўтарала адно і тое па два разы, добра вымаўляла словы, мяняла іх месцамі. Ён выпрастаўся, каб надаць сабе больш важны выгляд, распрастаў плечы, якія стуліліся пад цяжарам футравага паліто. У яго галаве мільганула думка, што дзяўчына працуе тут нядаўна, што яе ўзялі часова, на перыяд святаў. Раз яны бяруць дадатковы персанал, значыць, у іх вельмі шмат работы. Тады Марыі-Луізе будзе нялёгка адпрасіцца. Ён вырашыў быць настойлівым і сказаў упэўненым голасам, што Марыя-Луіза не кліентка, што яна тут працуе. Дзяўчына здзівілася і спыталася яшчэ раз:

— Вы сказалі: Марыя-Луіза Кантэн?

— Але, мадэмуазель.

— Тады вы памыліліся. У нас няма работніцы з такім прозвішчам.

Кантэн адчуў, што ў яго пачынаюць дрыжаць рукі. Былы спакой амаль рассеяўся. Хваляванне нарастала.

Дзяўчына жэстам папрасіла ў яго прабачэння, хвіліну падумала і сказала:

— Вы можаце крышку пачакаць?

Кантэн кіўнуў галавою, і дзяўчына знікла. Паветра было настолькі густое, што дыхаць ім было немагчыма. Кантэн адчуваў сябе кепска і баяўся, што зараз це вытрымае і выйдзе адсюль. Яго думкі пераблыталіся. Ён пытаўся ў сябе, як тут могуць жыць падобныя на яго чалавечыя істоты. Між тым за шклом увесь час рухаліся фігуры, якія, здавалася, адчувалі сябе добра. Галасоў не было чуваць. Толькі ў адным пакоі нехта шаптаўся.

Праз некалькі хвілін дзяўчына вярнулася з маладым чалавекам гадоў трыццаці. Яны спыніліся далекавата ад Кантэна, і ён не мог разабраць, аб чым яны гутарылі. Чалавек некалькі разоў паглядзеў у яго бок, і Кантэну здалося, што яны абое смяюцца з яго. Яму зноў прыйшла ў галаву думка, што ён можа прынесці шкоду сваёй дачцэ, і адразу ён адчуў, як яго распірае глухая злосць. Чаго яны ўмешваюцца ў яго справы? Чаму яны адразу не паклічуць Марыю-Луізу? Можа, яны потым будуць пасмейвацца з яе, абзываць сялянкай? І ўсё з-за бацькі. Малады чалавек быў апрануты ў такі ж смешны халат, як і дзяўчына. Бледны твар і тонкая шыя надавалі яму выгляд хлапчука, якога дрэнна кармілі. Кантэн мяў свой капялюш у тоўстых руках. Яму карцела падысці да гэтага хлопца і накруціць яму вушы.

Нарэшце дзяўчына наблізілася да старога. Яму здавалася, што яна ледзь стрымлівае смех. Хуценька загаварыла:

— Я спыталася ў калегі, які працуе тут больш, чым я. Ён сказаў мне, што мадэмуазель Кантэн сапраўды працавала тут, але больш як год назад звольнілася.

— Больш як год назад? — перапытаў Кантэн і нахмурыўся.

Цяпер ён быў перакананы, што яны смяюцца з яго. Але што гэта дзяўчына і той малакасос з дзявочай шыяй маюць супраць яго дачкі? Што яна ім зрабіла?

— Вы кажаце, больш як год назад...

Гэта ўсё, што ён змог прашаптаць.

— Але, — сказала дзяўчына і тут жа дадала: — Яна павінна быць у салоне Трыанон... Ведаеце, дзе гэта?

— Не, — адказаў Кантэн, — я не жыву ў Ліёне.

Дзяўчына ўсміхнулася, агледзеўшы яго з ног да галавы. Кантэну карцела сказаць ёй, што лепш быць селянінам, чым такой лялькай, як яна, яму хацелася паказаць ёй свае працавітыя рукі. Але ён моцна сцяў зубы і паспрабаваў уявіць на месцы гэтай дзяўчыны сваю дачку. Няўжо Марыя-Луіза таксама вось такою зрабілася?

Дзяўчына двойчы паўтарыла адрас і растлумачыла, як яму ісці. Кантэн ужо павярнуўся да выхаду, калі яна дадала:

— Вы лёгка знойдзеце, здаецца, гэта на другім паверсе.

Стары падзякаваў і выйшаў на вуліцу. Дзяўчына нейкі час стаяла на парозе і глядзела яму ўслед.

Па ходніках бясконцай плынню цёк чалавечы натоўп. Кантэн спыніўся і ўздыхнуў на поўныя грудзі. Ад свежага ледзянога паветра яму рабілася лепш.

 

9

 

Стаяў Кантэн доўга. Яму здавалася, што ён толькі што пабыў у нейкім нерэальным свеце. Ён адчуваў на сабе гэты невыносны пах, якім прапахла яго адзенне і ад якога сушыла ў горле. Гэты свет быў незнаёмы яму, але Кантэн ніяк не мог пазбавіцца ад уражання, што некалі ён ужо перажыў гэткую сустрэчу, што ён ужо быў у гэтым салоне, бачыў занадта маляваны твар гэтай малой і слабую шыю малакасоса, апранутага ў занадта кароткі халат. Яму было пагана ад той душнай атмасферы, якая была ў салоне, аднак яго чамусьці мала здзівіла тое, што яму там сказалі. Ён нават не здзівіўся, калі даведаўся, што Марыя-Луіза больш як год там не працуе. Гэта азначала, што ў ліпені, калі яна прыязджала дадому, Марыя-Луіза казала ім няпраўду.

Цяпер ён крочыў у адваротным напрамку, шукаючы вуліцу, пра якую яму гаварыла дзяўчына. Думкі раіліся ў галаве.

Чаму Марыя-Луіза не сказала ім, што перайшла на іншае месца? А можа, гэты малакасос зманіў? У яго такі непрыемны твар. Можа, ён пасмяяўся з Кантэна? Можа, гэта з-за яго звольнілася Марыя-Луіза? Бо ён здзекаваўся з яе сялянскага паходжання. Ён і з Кантэна смяяўся. Гэта было відаць па тым, як ён глядзеў на яго футравае паліто. А ўсмешка дзяўчыны, калі яна вярнулася, каб прадоўжыць размову! Ці ж яна не вінаватая хоць крышачку ў тым, што Марыя-Луіза паехала адсюль? Ці ж яна не разносіла плёткі разам з гэтым малакасосам, каб дамагчыся звальнення Марыі-Луізы? А потым заняла яе месца. Але спачатку трэба даведацца, ці звольнілі Марыю-Луізу. Можа, усё гэта выдумкі. Бо не магла яна сказаць бацькам няпраўду.

А што, калі дапусціць, што яна сапраўды звольнілася? Яна ж такая гордая! Магла і не сказаць пра гэта. Мучылася, галадала, пакуль шукала новае месца, але трывала. А гонар не дазваляў ёй папрасіць у бацькоў дапамогі. А яны злавалі на яе, што так рэдка прыязджае. Нават настаўнік. Каб жа ён ведаў!

Ад гневу, які змяшаўся з пачуццём гонару за дачку, Кантэн сцяў вусны так моцна, што на падбароддзі з'явіліся складкі.

Ён абыходзіў больш-менш удала групы прахожых і няспынна паўтараў адрас салона Трыанон. Вуліца павінна быць вузейшай. Салон знаходзіцца на другім паверсе. Відаць, ён бяднейшы, і Марыі-Луізе плацяць менш, таму ёй даводзіцца быць вельмі ашчаднай, каб па-ранейшаму высылаць падарункі сястры і рабіць выгляд, што яе становішча паляпшаецца.

Чым больш Кантэн думаў пра гэта, тым больш яго гнеў узрастаў, набываў форму і напрамак. Успомнілася жонка, якая ўвесь час папракала яго за тое, што ён ні разу не наважыўся наведаць дачку.

— Яны яе эксплуатуюць. Яна адна... Дзяўчынка зусім адна, а табе напляваць. Толькі думаеш пра свае землі, пра свае кнігі ды як пагутарыць з гэтым ідыётам-настаўнікам.

Дык гэта па яго віне пакутавала Марыя-Луіза; каб ён паслухаў Ізабэлу, гэты Раберці не пасмеў бы так зрабіць. І малакасос таксама. Пачуццё не падманула Ізабэлу. Яна прадчувала, што рабілася з дачкой, добрае ці кепскае. І казала гэта. Апошнім часам яна не пераставала цвярдзіць:

— Я прадчуваю, што нешта з ёй не так. А ты сядзіш тут! Цябе нічога не кранае, быццам яна чужая табе!

Кантэн чуў гэта сотню разоў, таму не звяртаў на гэта больш увагі. А сёння ён раптоўна адчуў, што яго жонка мела рацыю.

Ён нечакана спыніўся на рагу вуліцы. Дагэтуль ён ішоў і думаў, таму не звяртаў увагі на дарогу. Ён фантазіраваў. Ён пабудаваў усю гэту гісторыю ні з чога і цяпер, мабыць, быў далёка ад праўды.

Ён скалануўся, каб вызваліцца ад сваіх думак. Урэшце, у яе маглі быць свае прычыны, раз яна змяніла месца. Ён нічога аб гэтым не ведае. Яму нічога не застаецца, як шукаць гэты салон Трыанон.

Кантэн спытаўся, дзе знаходзіцца вуліца Лучнікаў, і пакрочыў далей.

Гэты павярховы салон павінен быць значны. Ці няхай ён будзе меншы, але больш сур'ёзны. Лягчэй будзе пабачыць гаспадароў.

Кантэн намагаўся ўявіць сабе цырульны салон на паверсе. Ён ведаў толькі адну цырульню, там, у Лонсе. Гэта была змрочная і шэрая старая халупа бацькі Адрыена. На жаль, нічога лепшага, чым гэта чорнае і закуранае памяшканне, ён не мог сабе ўявіць.

Ён лёгка адшукаў вуліцу Лучнікаў і пакрочыў уздоўж яе, узіраючыся ў нумары дамоў. Некаторыя нумары нельга было разабраць, бо яго асляплялі яркія светлавыя надпісы, іншыя былі закрыты брызентам. Разы са два да яго падыходзілі прастытуткі, і Кантэн быў вельмі здзіўлены, што бачыць іх у цэнтры горада ў такі час, калі на вуліцах поўна людзей. Гэта быў адзін з сама фешэнебельных кварталаў. Тут знаходзілася шмат багатых крамаў. Кантэн чамусьці ўспомніў, як некалі да яго суседа прыязджаў на адпачынак адзін чалавек. Ён расказваў, што сама галоўны зводнік Ліёна — вельмі багаты і паважаны камерсант. Стары са злосцю прагнаў гэты ўспамін, які прыйшоў яму ў галаву якраз у той момант, калі ён збіраўся ўбачыць сваю дачку. Ён намагаўся ўспомніць усё тое, што некалі прачытаў аб гэтым або іншым горадзе. Гэтыя ўспаміны ўтварылі нейкую дзіўную мешаніну, і цяпер Кантэн бачыў у кожнай вуліцы, у кожным будынку добрае і кепскае.

Патрэбны нумар ён заўважыў непадалёку ад Рэспубліканскай вуліцы, якая была шырэйшай, больш асветленай і больш люднай, чым іншыя.

Над уваходам вісеў вялізны брыль, адна створка цяжкіх драўляных дзвярэй была расчынена насцеж. Кантэн адразу заўважыў чорную пластмасавую шыльдачку, на якой было напісана белай фарбай: «Салон Трыанон. Другі паверх. Запіс на прыём». Побач вісела яшчэ адна шыльдачка, медная, на якой значылася прозвішча адваката. Кантэн адчуў сябе няёмка: у доме, дзе жыве адвакат, не можа быць значнага цырульнага салона.

Кантэн увайшоў. Калідор і каменныя прыступкі былі слаба асветлены. Афарбоўка сцен выцвіла, тынкоўка была падрапаная. Кантэн агледзеўся і асцярожна ўдыхнуў вільготнае паветра, якое пахла прэллю і дымам. Відаць, гэты пах даходзіў сюды праз шчыліны ў дзвярах, якія знаходзіліся пад прыступкамі і вялі ў склеп. Кантэну не падабаўся люкс, аднак цяпер яму чамусьці стала шкада салона Раберці. Але ён тут жа сказаў сабе, што нельга меркаваць аб доме толькі па тым, якія ў яго прыступкі. І потым, гэта пераканаўчая шыльдачка з прозвішчам адваката...

На дзвярах, якія вялі на лесвічную пляцоўку другога паверха, таксама была прыбіта шыльдачка, на якой, акрамя назвы салона, было надрукавана яшчэ: «Манікюр. Толькі для мужчын».

Гэта крыху ўразіла Кантэна. Ён ведаў, што Марыя-Луіза пачала знаёміцца з прафесіяй манікюршчыцы, але яму здавалася, што яна больш працуе цырульніцай, паколькі сама ўвесь час гаварыла пра гэта. Яна часта прысылала ў канвертах невялічкія цікавыя малюнкі, каб растлумачыць сваёй сястрычцы, як яна рабіла тую ці іншую прычоску. Яна называла гэта завіўкай.

Кантэн пачуў наверсе крокі і, баючыся, каб яго не засталі перад гэтымі дзвярамі, хуценька пазваніў. Прайшла нейкая хвіліна, пакуль нарэшце дзверы адчыніліся.

На парозе стаяла жанчына сярэдніх гадоў. Яна прывітала Кантэна лёгкім кіўком галавы і саступіла ўбок, каб прапусціць яго ў пакой. Невялічкі пакой меў квадратную форму. Пасярод яго стаяў круглы столік на адной ножцы. Яшчэ з мэблі было: два крэслы, стул і трохвугольны столік у куце, на якім стаяў тэлефонны апарат.

Жанчына разглядала Кантэна са здзіўленнем, нават з непакоем. Яна была невысокага росту, даволі моцная, з маршчыністым, відаць, ад частага ўжывання касметыкі, тварам. Кантэн звярнуў асаблівую ўвагу на яе валасы. Яны былі вельмі бліскучыя, з выразным блакітным адценнем. Нарэшце жанчына спыталася:

— Вы прыйшлі, каб прызначыць спатканне?

Кантэн палічыў пытанне зусім нармальным, таму адказаў з усмешкай:

— Не, мадам. Я толькі прыйшоў пабачыць Марыю-Луізу Кантэн.

Завіткі з блакітным адлівам уздрыгнулі на лобе жанчыны, яна адразу зрабіла выгляд, што ўсё разумее.

— О, мой дарагі месьё! Яна ўжо даўно не працуе ў мяне. Але гэта не мае значэння, у нас ёсць іншыя... Сядайце, калі ласка.

Але тут Кантэн перапыніў яе:

— Ды не, кажу я вам, мне трэба пабачыць толькі Марыю-Луізу!

Ён прамовіў гэта так гучна, жорсткім голасам, што твар жанчыны раптоўна пацямнеў. Але калі ён змоўк, на яе твары зноў з'явілася ўсмешка, яна падміргнула Кантэну і сказала:

— Ну, так усе кажуць спачатку, а пасля задаволены. Вось убачыце...

Тут жанчына замаўчала, бо звярнула ўвагу на пакунак, які Кантэн трымаў пад пахай. Яна з цікаўнасцю спыталася:

— А-а-а, я разумею, вы хочаце нешта перадаць ёй?

— Я... Я, значыць, гэта самае...

Кантэн ледзь не сказаў: «Я яе бацька», але стрымаўся. Нешта прымусіла яго не вымавіць гэтых слоў.

У сваю чаргу жанчына пачала фразу, якой таксама не скончыла:

— Вы, мабыць...

Яны стаялі адно супраць аднаго і не ведалі, што рабіць і што казаць. Кантэн гайдаў сваёю рукой вялікі чорны капялюш і пакусваў ніжнюю губу і свае шэрыя вусы. Твар жанчыны быў напалову ўсмешлівы, напалову варожы, быццам адна маршчына выкрывала тое, што хавала другая. Кантэн урэшце сціпла сказаў:

— Я ад яе сям'і.

Здаецца, жанчыне стала крыху лягчэй. Яна растлумачыла ўпэўненым голасам:

— Дык вось. Мадэмуазель Кантэн больш у нас не працуе. Амаль тры месяцы прайшло, як яна пайшла ад нас.

— Тры месяцы?

— Але. Можа, нават болей.

Кантэн паглядзеў вакол сябе. Усе прадметы мелі няясныя абрысы, быццам у тумане. Яму здалося, што ён знаходзіцца далёка ад гэтага пакоя. Кантэн авалодаў сабой і спытаўся:

— А дзе яе можна знайсці, вы не скажаце?

— Ну, ведаеце... Калі мяне пакідае работніца, я не маю звычкі...

Тут яна замаўчала, адвярнулася і крыкнула ў калідор:

— Жазэта!

— Што? — адазваўся нехта ў глыбіні.

— Ты не ведаеш, дзе цяпер Марыя-Луіза?

— Яна не казала мне, але думаю, што перабіваецца адна. Дзе, гэта ўжо іншая справа. А жыве яна, здаецца, на той самай кватэры.

Голас змоўк, і Кантэн пачуў, як дзесьці зарыпелі дзверы. Жанчына спытала ў яго, ці ведае ён адрас Марыі-Луізы, і Кантэн падумаў, што ён павінен папрасіць у яе прабачэння.

— Ведаю, — адказаў ён. — Але ў гэткі час я разлічваў убачыць яе тут...

— Сапраўды. Тады ідзіце на яе кватэру, там вы зможаце пакінуць свой пакунак у кансьержкі.

На яе твары зноў з'явілася ўсмешка. Жанчына павярнулася да дзвярэй, але тут Кантэн пачаў дзякаваць ёй.

— Няма за што, — проста адказала яна.

 

10

 

Кантэн не заўважаў, што крочыць па вуліцы. Ён не памятаў, як спусціўся па бруднай лесвіцы салона Трыанон. Цяпер ён спыніўся ля ярка асветленай вітрыны, расшпіліў паліто і паглядзеў на гадзіннік. Было шэсць гадзін з паловаю. У глыбіні вітрыны было вялікае люстэрка, і Кантэн здзівіўся, калі ўбачыў у ім свой твар, свой капялюш, сваё футра, пакунак рудога колеру, перавязаны белым матузком. Доўгія водсветы драбнілі яго воблік. Лямпы надавалі яго твару своеасаблівы, незнаёмы колер. Такога колеру не бывае ў прыродзе. І Кантэн стаяў, быццам палонны ў гэтым люстры, быццам прывязаны да свайго двайніка, які так мала быў падобны да яго.

За спіною двайніка крочылі людзі, а іх галасы і крокі Кантэн чуў за сабою. Нейкі момант ён глядзеў на іх. Яму быў незнаёмы гэты рухлівы свет, яму было чужое ўсё гэта, што не адбывалася ў ім самім.

— Марыя-Луіза...

Ён некалькі разоў паўтарыў гэта імя, назіраючы ў люстры, як варушацца яго вусны. Ён глядзеўся ў люстэрка толькі тады, калі галіўся. Але ён не звяртаў ніколі ўвагі ні на свае вочы, ні на рот. Ён сачыў, як мыльная пена пакрывае яго бараду, вусы, нос, сачыў за рукою і брытвай.

Няўжо ён сапраўды бачыў сябе першы раз? Няўжо ён быў такі на самай справе? Няўжо гэта быў яго твар, схаваны ў футры і напалову закрыты занадта шыракаполым капелюшом?

Кантэн раптоўна сарваўся з месца і пакрочыў далей.

Марыя-Луіза! Так, Марыя-Луіза! Ён павінен знайсці яе. Знайсці, што б там ні было. Што яму было вядома? Што яна два разы за год памяняла работу і не паведаміла аб гэтым. Салон Раберці яна, вядома, пакінула з-за гэтага малакасоса і з-за яго занадта размаляванай сяброўкі. Марыя-Луіза нічога пра гэта не пісала. А што думаць пра другое месца яе работы? Кантэн ведаў, што яшчэ існуюць месцы спатканняў, нейкім чынам замаскіраваныя дамы распусты. Аднойчы яны нават размаўлялі на гэту тэму з настаўнікам, калі той даў яму прачытаць цікавую кніжку «Бубу з Монпарнаса». Кантэн добра памятаў тую іхнюю размову. Яны з настаўнікам зрабілі вывад, што напалову падпольная прастытуцыя з'яўляецца прыкладам вялікай крывадушнасці. Тут жа было нешта іншае. Гэта шыльда, дом, жанчына з блакітнымі валасамі, яе дзіўны прыём. Няўжо Марыя-Луіза прыходзіла сюды? Няўжо маладых дзяўчат сапраўды наймаюць як манікюршчыц і не гавораць ім, што ад іх патрабуецца? Урэшце, Марыя-Луіза проста не змагла б...

Кантэн зноў спыніўся, паклаў руку на сэрца, на твары яго ўзнікла грымаса болю. Ён раптам уявіў, што Марыя-Луіза спіць з такім мужчынам, як ён сам. Відаць, блакітная жанчына прыняла яго за іхняга кліента, за мужчыну, які прыйшоў, каб пераспаць з Марыяй-Луізай. Кантэн уявіў сабе пакой, якія бываюць у дрэнных атэлях. Сам ён ніколі не жыў у атэлі, але многа чытаў пра гэта, таму мог добра ўявіць сабе такі пакой. Ён бедна абстаўлены, больш або менш чысты. Там знаходзяцца мужчына і жанчына, якія распранаюцца і кладуцца ў ложак. Раптам усё знікае. Не, ён не можа сабе ўявіць, што будзе далей. Толькі не яго дачка! Яна ж такая ганарліўка. Гонару ў яе ажно занадта. Так заўсёды казала маці, калі злавала на Марыю-Луізу за тое, што яна рэдка прыязджала дадому.

Кантэн глыбока ўздыхнуў і пайшоў далей. На вуліцах было шмат людзей, але такім адзінокім ён не адчуваў сябе ніколі, нават калі знаходзіўся ў лесе ці сярод вінаградніку.

Не, Марыя-Луіза не магла гэтага дапусціць. Дарэчы, калі б яна згадзілася, то не пакінула б гэты дом. Відаць, спачатку, для прыкрыцця, яе нанялі манікюршчыцай, але ёй было агідна тое, што рабілася побач. І яна звольнілася. Напэўна, так яно і было. А бацькам яна нічога не паведаміла, бо не хацела турбаваць. І потым, як растлумачыш гэта ў лісце, асабліва калі пішаш маці.

Кантэну зрабілася страшна, ён толькі цяпер адчуў, наколькі спраўдзіліся жончыны папрокі. Як ён мог адпусціць дзяўчынку адну ў гэтакі горад і ні разу не наведаў яе? Не пацікавіўся, як яна жыве, у якіх умовах. Такая маладая, перад рознымі напасцямі. Гэта па яго віне яна магла стаць прастытуткай!

Кантэн уявіў сабе твар Марыі-Луізы, яе адкрыты позірк, яе шчыры смех. Нельга падумаць, што яна не засталася такой жа чыстай, сумленнай, сур'ёзнай і настойлівай у дасягненні сваёй мэты.

І яшчэ яго ўсхвалявала фраза, якую сказала дзяўчына: «Яна працуе сама». Няўжо Марыя-Луіза змагла арганізаваць сваю справу, адна, ні з кім не параіўшыся?

Гэта думка і турбавала яго, і супакойвала. Яшчэ ў дзяцінстве Марыя-Луіза любіла рабіць сюрпрызы. Яна рыхтавала іх доўга, не шкадуючы пры гэтым сіл і ўмення, каб схаваць усё да апошняй хвіліны. І заўсёды яна рабіла гэта адна. Калі ўсё было гатова, яна ўражвала сваіх бацькоў, і гэта рабіла яе вельмі шчаслівай. Дастаткова было паглядзець на яе твар, каб пераканацца, што яе затраты акупіліся сто разоў. Так што калі яна завяла сваю справу, то гэта падобна на яе.

Кантэн развіваў сваю думку далей. Ён хаваўся за гэтую думку, як некалі Марыя-Луіза марыла схавацца ў маленькім дамку, падобным на яселькі. Але раз Марыя-Луіза займела сваю справу, то ў яе з'явілася шмат турботаў і засталося вельмі мала вольнага часу. А яны злавалі на яе! Лічылі, што яна не хоча знацца з імі, што памяняла вёску на горад...

І тут ён успомніў пра настаўніка. Калі Марыя-Луіза адчыніла сваю краму і патраціла на гэта шмат часу, каб зарабіць грошай, то яна, напэўна, ужо не вернецца назад. Але раз у яе свая крама, то яна мусіць працаваць там дапазна, і Кантэн не застане яе цяпер на кватэры. Гэта думка крыху ўзлавала яго. Відаць, давядзецца пачакаць. Тут ён успомніў пра кансьержку. Кансьержкі належаць да такога тыпу жанчын, якія ўсё ведаюць. Яны заўсёды цікавяцца сваімі пастаяльцамі. Кансьержка павінна ведаць адрас крамы. Кантэн па-сапраўднаму ўхапіўся за краму. Для яго яна ўжо існавала. Яму цяжка было ўявіць сабе які-небудзь салон, аднак гэту краму ён добра ўяўляў. Яна здавалася яму невялічкай, цёплай. Там не надта моцна пахла духамі і працавала адна Марыя-Луіза. Ён бачыў яе вельмі ветлівай з пакупнікамі, спрытнай і ўлюблёнай у сваю справу. Доўгі час гэта прафесія здавалася яму смешнай і непатрэбнай, сёння ён думаў пра яе інакш.

Кантэн пачаў прыглядацца да вітрын, спадзеючыся ўбачыць дзверы з яе прозвішчам. На вуліцы Рэспублікі паліцэйскі растлумачыў яму, дзе знаходзіцца вуліца Сухога Дрэва. Гэтыя дзве вуліцы перакрыжоўваліся. Тут ён успомніў, як Марыя-Луіза тлумачыла, што яе кватэра знаходзіцца непадалёку ад салона Раберці. Кантэн жа ішоў па паралельнай вуліцы. Яна была шырэйшая, і на ёй рух быў большы.

Уздоўж ходнікаў стаялі ўпрыгожаныя мноствам рознакаляровых лямпачак елкі. Сама высокая елка была ўстаноўлена на плошчы, ля помніка. Побач з ёю быў падвешаны на вялікім трыножніку пузаты кацёл. Адны прахожыя кідалі ў яго грошы, другія падыходзілі з пакункамі і складалі іх побач з катлом. Тут жа падскоквала на месцы і бесперапынна трэсла званочкам жанчына, апранутая ў блакітную форму Арміі выратавання.

Некалькі разоў Кантэна штурхалі маладыя людзі, якія снавалі туды-сюды гуртамі і моцна крычалі. Калі яны ішлі насустрач, людзі старэйшага ўзросту саступалі ім дарогу, і гэта нікога не здзіўляла.

Кантэн перастаў глядзець на вітрыны. Ён добра разумеў, што Марыя-Луіза не можа ўладкавацца на гэткай вуліцы. Цяпер ён больш узіраўся ў твары дзяўчат, аднак ніводны твар не быў падобны да твару Марыі-Луізы. Ён патраціў нямала часу, пакуль выйшаў на патрэбную вуліцу. Дом, у якім жыла дачка, знайшоў адразу.

Калідор быў даволі шырокі, цёмны, але чысты і без пахаў. Пакой кансьержкі знаходзіўся на антрэсолях. Шкло на дзвярах закрывалі фіранкі. У спісе кватарантаў ён прачытаў: «Кантэн, пяты паверх, злева». Нейкі момант ён вагаўся, пастукаць да кансьержкі ці не, потым стаў павольна падымацца па прыступках. Стары не прывык да шматпавярховых дамоў, таму адразу задыхаўся і спацеў.

Кантэн звярнуў увагу на тое, што на кожнай лесвічнай пляцоўцы было па двое дзвярэй. На пятым жа паверсе пляцоўка была шырэйшая, і ад яе разыходзіліся ў бакі два калідоры. У гэтыя калідоры выходзіла з дзесятак аднолькавых дзвярэй. Кантэн стараўся крочыць як мага цішэй, але гэта было немагчыма з-за плітачнай падлогі, на якой многія пліткі не трымаліся і грукацелі, калі стары наступаў на іх. На кожных дзвярах было прозвішча, надрукаванае аднолькавай шэрай фарбай, на некаторых вісела візітная картка. Кантэн адшукаў візітную картку Марыі-Луізы, якая была прымацавана чатырма кнопкамі да апошніх дзвярэй, з левага боку калідора. Сэрца ў Кантэна моцна білася, і ён падумаў, што гэта ад таго, што ён вельмі шпарка падымаўся па гэтай праклятай лесвіцы. Счакаўшы некалькі хвілін, ён пастукаўся ў дзверы. Ніхто не адказаў. Кантэн уздыхнуў. Дарма ён падымаўся сюды, трэба было спачатку папытацца ў кансьержкі, ці дома Марыя-Луіза.

Ён вярнуўся на лесвічную пляцоўку, і тут яму прыйшла ў галаву думка, што можна пачакаць Марыю-Луізу, седзячы на прыступках. Было не холадна, будынак здаваўся пустым. Схіліўшы галаву да парэнчаў, Кантэн стаў слухаць гукі, якія даносіліся знізу. Па радыё перадавалі музыку. Гучала пяшчотная мелодыя, якую стары слухаў з асалодай.

Ён ужо наважыў застацца тут, як у адным калідоры грукнулі дзверы. Кантэн падумаў, што яго могуць убачыць на прыступках і гэта будзе непрыемна Марыі-Луізе. ён уздыхнуў і пайшоў уніз.

Як толькі Кантэн пастукаў, шкляныя дзверы адчыніліся. Кансьержка была даволі моцнай жанчынай з ацёклым і насупленым тварам.

— Што трэба? — спыталася.

— Мадэмуазель Кантэн...

— На пятым паверсе злева, у канцы калідора. Там напісана.

Яна паказала рукою на спіс кватарантаў.

— Я ведаю, — сказаў ён, — я падымаўся, але там нікога няма.

— Вядома, у гэткі час!

Жанчына адказвала суха, трымаючы за спіною ручку прачыненых дзвярэй. За шклом паказалася дзіця, якое з цікавасцю глядзела на Кантэна. Яно было цёмнаскурае, кучаравыя валасы ажно да вачэй.

— Вы можаце сказаць мне, дзе яна працуе? — спытаўся Кантэн.

— Дзе яна працуе?

Кансьержка коратка засмяялася і зрабіла падбародкам невыразны рух, быццам паказваючы на вуліцу. Кантэн ледзь вытрымаў яе позірк.

— Мой бедны месьё, гэта трэба пытацца не ў мяне.

— А вы можаце мне сказаць, а якой гадзіне яна вернецца?

Усмешка знікла з твару жанчыны. Яна рэзка апусціла галаву, адразу стаў добра бачны яе трайны падбародак. Быццам пакрыўджаная гэтым пытаннем, яна груба адказала:

— Ну, ведаеце, я вам не цешча, каб ведаць яе прыватнае жыццё. Адно скажу, прыходзьце раніцай. Толькі не вельмі рана. Апоўдні так.

— Апоўдні?

— Ага, апоўдні якраз добра будзе.

— І вы сапраўды не можаце мне сказаць...

— Абсалютна нічога. Магу нешта перадаць, на тое і сяджу.

Яна паказала пальцам на пакунак, які Кантэн трымаў пад пахай.

— Не, дзякую, — адказаў ён.

Кансьержка ўжо хацела пайсці, і Кантэн спытаўся амаль з маленнем яшчэ раз:

— Вы сапраўды не ведаеце, калі яна можа вярнуцца?

— Не раней чым а першай ці а другой гадзіне.

Яна піхнула дзверы і пайшла на кухню, з якой ішоў смачны пах супу з гародніны.

Кантэн нерухома стаяў на месцы. Дзверы зачыніліся, потым знік твар дзіцяці. Фіранка апусцілася, і толькі на шкле засталася пляма, якая паступова рабілася ўсё меншай.

Відаць, малое гуляла за гэтымі дзвярыма, бо фіранка зноў паварушылася. Гледзячы ў нікуды, Кантэн паступова засяродзіўся на сваіх думках. Ён добрую хвіліну стаяў так, пасля выйшаў на вуліцу.

 

11

 

Выйшаўшы з дому, Кантэн паглядзеў направа, у бок вуліцы Рэспублікі. Натоўп на ходніках, абстаўленых навагоднімі елкамі, быў такі ж тлумны. У супрацьлеглым канцы вуліца Сухога Дрэва, наадварот, хавалася ў безжыццёвым начным змроку. Кантэн пайшоў насустрач гэтаму холаду і гэтай цемры.

Ён павольна крочыў, ступаючы то па вузкіх ходніках, то па слізкай маставой. Там, дзе была гразь, цяпер было цвёрда, бо ўжо браўся мароз. Маставая ажно блішчала ад лёду. Некалькі разоў Кантэн ледзь не паваліўся. Ён адчуваў сябе нязграбным, крокі былі няўпэўненыя.

Вуліца выходзіла на набярэжную, абсаджаную тоўстымі платанамі, кара якіх блішчала ў начы. Лямпы, развешаныя на даволі вялікай адлегласці адна ад адной, пакідалі шырокія цёмныя зоны, дзе холад здаваўся яшчэ мацнейшым. Нешматлікія мінакі імкнуліся хутчэй выйсці на лепш асветленыя вуліцы.

На борціку ходнікаў снег быў белы, толькі вельмі пакалупаны рукамі дзяцей, якія ляпілі снежкі.

Кантэн наблізіўся да гэтага борціка. Унізе, дзе ўздоўж берага выстраіліся аўтамабілі, віднелася Сона. Свяцільні на супрацьлеглым беразе адбіваліся ў чорнай вадзе. Плынь і хвалі скажалі гэтыя адбіткі, а часам парыў ветру ператвараў усё ў малюсенькія іскрынкі. Такім чынам, здавалася, што ў вадзе святла больш, чым на другім беразе, дзе ўзвышаліся дамы з асветленымі вокнамі. Чым вышэйшыя былі дамы і чым далей яны знаходзіліся, тым большую пляму святла яны ўтваралі. Святло, якое падымалася ад горада, здавалася, сустракала на сваім шляху столь, зробленую з вялікага камяка ваты, пакладзенага на дахі сама высокіх гмахаў.

Кантэн глядзеў на ўсё гэта і нічога не бачыў. З таго часу, як ён пакінуў той калідор і тыя дзверы, ён зрабіўся іншым. Нешта новае пасялілася ў ім. Гэта новае не прыносіла яму болю, але неяк авалодала яго істотай, прымушала яго шукаць ценю, холаду, адзіноты, якая не магла быць абсалютнай на гэтай набярэжнай.

Ён стараўся глядзець куды папала: на дамы, на адбіткі ў вадзе, на дрэвы, на іх цені на гразі, што пакрывала ходнікі. Але ён не мог ні на чым засяродзіць свой позірк: перад яго вачыма ўвесь час стаяла Марыя-Луіза. Яна была тут, у ім, са сваім дзіцячым тварам, то сур'ёзным, то вясёлым, яе пагляд быў заўсёды чысты і шчыры. Была гэта Марыя-Луіза і была іншая, якая крыху нагадвала яе, але гэта была не яна. Гэта была дзяўчына, рысы, жэсты і паводзіны якой ён не мог сабе ўявіць. Не, не, не! Такое не можа здарыцца з Марыяй-Луізай! Гэта немагчыма. Тут нейкая недарэчнасць, нейкая памылка, збег абставін, якія вымушаюць яго верыць у іншую праўду.

А можа, яна працуе начной цырульніцай? Ці ж не існуюць салоны, куды людзі могуць прыйсці пасля рабочага дня? Ці ж няма цырульніц у тэатрах, для артыстаў? Можа, яна працуе там і таму хавае гэта ад бацькоў? Цяпер зразумела, чаму яна занятая ў святочныя дні.

Кантэн цвярдзіў сабе гэта і адганяў іншыя думкі. Аднак нешта пачынала грызці яго сэрца, і ён ужо не мог даць гэтаму рады.

Ён усё крочыў па набярэжнай. Крочыў, а ў грудзях калола ў такт крокам.

Тут холад быў не такі, як дома. І ноч была не такая. Было бачна куды больш прадметаў, але ўсе яны здаваліся пустымі, быццам пазбаўленымі сэнсу. Гэта была адна з тых начэй, у якія траціш упэўненасць у мэце. Крочыш і не ведаеш, ці ёсць у канцы шляху маленькі цёплы дамок, аб якім ты марыў тысячу гадоў.

Праходзячы пад свяцільняй, Кантэн расшпіліў футра і паглядзеў на гадзіннік. Было крыху больш чым сем з паловаю. Пэўна, Ізабэла і Дэніза скончылі мыць посуд. Цяпер яны вядуць гутарку пра яго і Марыю-Луізу. Яны ўяўляюць, што ён сядзіць з дачкой у рэстарацыі або ў яе пакоі. Ізабэла пытаецца, ці добра малая зачыніла хлеў, куратнікі, гумно, хоць ведае, што перад сном праверыць усё сама. Абедзве яны сядзяць ля агню і прыслухоўваюцца да гукаў, якія даносяцца з двара. Дэніза запаліла лямпачку ў ясельках і расказвае пра сваю старэйшую сястру:

— Калі мы былі малыя, яна часта расказвала мне пра дом, у якім яна будзе жыць, як вырасце. Гэты дом будзе падобны на яселькі, у ім будзе такое ж маленькае акенца, праз якое можна будзе глядзець, як на вуліцы ідзе снег. Ці мае яна такі дамок у Ліёне?

Кантэн зноў спыніўся. Гэтыя простыя словы Дэнізы раптам выклікалі ў яго такое хваляванне, што ажно перахапіла дыханне.

— Марыя-Луіза! Гэта немагчыма...

Ён сказаў гэта ўголас і, спалохаўшыся, азірнуўся: ці не падслухаў хто-небудзь. Ззаду нікога не было.

Кантэн ішоў доўга, пакуль нарэшце не апынуўся ля вакзала.

Кантэн не ведаў ужо, ісці яму далей ці вяртацца. Ён пераклаў свой пакунак з-пад левай рукі пад правую. Відаць, Дэніза казала і пра гэты пакунак. Кантэн чуў яе бесперапынныя пытанні і незадаволеныя жончыны адказы.

— Яна прыедзе з татам, праўда?

— Але. Будзем чакаць.

— Яны прыедуць сёння вечарам ці заўтра?

— Нічога не ведаю. Чакай вось, як я.

— Навошта ты дала яму гэты падарунак, раз Марыя-Луіза сама прыедзе?

— Дэніза, я ўжо стамілася ад тваіх пытанняў!

— Я таксама падрыхтавала Марыі-Луізе невялікі падарунак.

— Дзе ён?

— Пакажу потым.

Кантэн добра ўяўляў сабе, аб чым яны гаварылі. Там усё ішло сваім ходам, без нечаканасцей. Менавіта гэтак і павінна быць у яго доме, над якім уладарылі цёмная ноч і ледзяны паўночны вецер, але там утульна і цёпла ад дроў, якія гараць у печы. Гэты агонь свеціцца ў начы. Астатняе ахоплена зімой. Праз шчыліны ў аканіцах ліецца залатое святло, якое можна заўважыць, як толькі мінеш апошні паварот дарогі.

Кантэну карцела апынуцца ў той начы. Яна прыцягвала яго гэтак жа моцна, як горад адштурхоўваў. Бясколерная цемень гарадской ночы не была падобнай на тую, у якой панавалі нябачныя ручаіны туману і ветру.

Ён думаў пра сваю жывёлу, пра цёплы і жывы пах хлява, пра рэдкія, але цёплыя і прыемныя пахі ў скляпах. Кожны склеп меў свой пах. Там, дзе ляжалі вялікія вінныя бочкі, пахла дрэвам і віном з прысмакам браджэння, які ачышчае горла. А там, дзе паскладаныя бутэлькі, быў інакшы пах. Гэты пах паступова напаўняе ваш рот слінай. Побач знаходзіліся загарадкі з бульбай, гароднінай, яблыкамі. Усе гэтыя пахі Кантэн насіў у сабе. Ён пазнаваў іх адразу і ніколі не блытаў. Цяпер ён востра адчуваў кожны гэты пах. Потым перад вачыма зноў з'явілася кухня, і Дэніза не адставала ад маці з пытаннямі:

— Дзе яны цяпер, як ты думаеш?

— Калі не ў рэстарацыі, то, напэўна, у Марыі-Луізы. У горадзе вячэраюць не так рана, як у нас. Бацька будзе спаць на канапе... Яны будуць гутарыць дапазна...

Кантэн паглядзеў навокал сябе. Яму хацелася крычаць, клікаць Марыю-Луізу. Падумаць толькі, яна тут, у горадзе, а ён не можа яе знайсці! Ён нават у думках не мог дапусціць, што некалі трапіць у гэткае становішча. Кантэну здавалася, што ён знаходзіцца адначасова дома і ў горадзе. Гэта раздваенне прымушала яго моцна пакутаваць. А ў глыбіні душы нараджалася нейкая глухая радасць. Ён ледзь стрымаўся, каб не засмяяцца балючым смехам, які сцяў яго горла.

Кантэн зняў з галавы капялюш, расшпіліў футра і дастаў насоўку, каб выцерці пот, які імгненна пакрыў яго твар. Ад холаду, які раптоўна ахапіў яго галаву і цела, яму зрабілася лепш. Ён сутаргава ўдыхнуў паветра. Галава злёгку кружылася, і Кантэн падумаў, што гэта, мабыць, з голаду. Але пры адной толькі думцы пра ежу, пра рэстарацыю, пра краму яго нудзіла.

Калі ён зноў выйшаў у цэнтр горада, народу там было значна менш. Пасля таго як яму ўдалося стрымаць гэты атрутны смех, у яго было ўражанне, што ўсю яго істоту напаўняе жоўць. І цяпер узнікла жаданне плюнуць, каб хутчэй вызваліцца ад гэтай непрыемнай хваробы, якая засела, відаць, значна глыбей, чым у яго горле.

Ён ішоў куды вочы глядзяць і неўзабаве спыніўся перад дзвярыма салона Раберці. Яго вітрыны былі асветленыя, усярэдзіне таксама гарэла святло. За перагародкамі з матавага шкла па-ранейшаму рухаліся цені. Кантэн стаяў перад парогам і глядзеў на пусты ўваход, пакуль з адных дзвярэй не выйшла жанчына. Тады ён, не думаючы, хуценька пайшоў прэч, пакуль не завярнуў за бліжэйшы вугал. Далей ён пайшоў звычайным крокам. Ён усведамляў, што тое, што ён робіць, не мае ніякага сэнсу, аднак ён не быў поўным гаспадаром сваіх дзеянняў. Ён казаў сабе, што гэта ўсё ад горада, у якім яму было душна, ад гэтай вельмі слізкай зямлі, на якой ён не адчуваў упэўненасці ў сваіх нагах.

У яго не было жадання падымацца яшчэ раз на пяты паверх, у пакой Марыі-Луізы, але ён чамусьці зноў апынуўся на вуліцы Сухога Дрэва. Калі ён увайшоў у калідор, то ўжо больш не вагаўся, а хуценька прайшоў міма пакоя кансьержкі, лёгка ўзбег на лесвічную пляцоўку трэцяга паверха.

Тут ён вымушаны быў спыніцца. Яму не хапала паветра. Калені задрыжалі, і ён ухапіўся за парэнчы. Ён намагаўся дыхаць павольна і глыбока, і ў той жа час баяўся, што адны з дзвярэй могуць адчыніцца.

Гэтыя двое дзвярэй былі зроблены са старога дубу, пакрытыя лакам. Ручкі, званкі, замочныя шчыліны і шыльдачкі з медзі былі начышчаныя да бляску. Метал так блішчаў, што ён спачатку прачытаў на шыльдачцы «Саванэн» замест «Савінэн», але гэтага было дастаткова, каб Кантэн прыгадаў план па вінаграду ў сваёй мясцовасці.

Крыху адпачыўшы, ён падняўся на пяты паверх і пастукаў у дзверы Марыі-Луізы. Але там зноў ніхто не адказаў.

У суседнім пакоі гутарылі людзі. Кантэн прыслухаўся. Размаўлялі адны жанчыны, і ў яго на хвіліну з'явілася надзея, што там можа быць Марыя-Луіза. Ён чуў, як яны гаварылі:

— Гэта вельмі дорага. Навошта купляць няякасны тавар. І потым, запомні галоўнае правіла: ніколі не купляй адна.

— Ідзі лепш да Рантанэ ці да Ману, там можна купіць танней.

— Сапраўды, у Ману і яшчэ там прадаюць у крэдыт. Ні адзін з галасоў трох жанчын, якія размаўлялі, не быў падобны на голас яго дачкі. Кантэн паслухаў іх гутарку з надзеяй і трывогай яшчэ нейкую хвіліну. Яму карцела пастукаць у гэтыя дзверы і спытацца, ці ведаюць жанчыны Марыю-Луізу. Аднак нешта яго стрымлівала. Ён сам хацеў знайсці сваю дачку. ён не жадаў больш слухаць нагаворы людзей, якія зусім не ведалі яго Марыі-Луізы.

Кантэн павольна падымаўся. Потым ён спыніўся на лесвічнай пляцоўцы і, затаіўшы дыханне, прыслухоўваўся да гукаў у доме. Здалёк ціха даносіліся галасы жанчын. Іншыя гукі, на якія ён не звярнуў увагі, калі падымаўся ўгору, нараджаліся ў пакоях, што выходзілі ў калідор, на ніжніх паверхах або нават на вуліцы. Часам яны былі вельмі выразныя, а часам ператвараліся ў неразборлівы гоман. Кантэн не ведаў, існаваў гэты гоман у сапраўднасці ці гэта шумела ў яго галаве, якая гарэла, бы ў ліхаманцы.

Такога з ім ні разу не было. Ён ніколі не стаяў вось так на лесвічнай пляцоўцы. Вакол яго ішло жыццё гэтага дома, жыццё ўсяго горада. Нахіліўшыся, ён некалькі хвілін глядзеў уніз, куды, быццам у калодзеж, спускаліся парэнчы. Кантэн хацеў зразумець, што ў ім робіцца. Яму здавалася, што ён знаходзіцца ў самым цэнтры горада, які жыве інтэнсіўным жыццём вакол яго, а ён застаецца адзін. Ніводзін чалавек не адчувае тут сябе такім адзінокім. Вось гэтыя жанчыны, што размаўляюць там у пакоі, ці адчуваюць яны сябе адзінокімі? Або той Савінэн, адзін ён ці з жонкай і дзецьмі? А можа, і сам Кантэн адчуваў сябе адзінокім нават дома, калі сядзеў за сталом насупраць жонкі і Дэнізы?

Кантэн успомніў пра пачуццё, якое часта перажываў, калі думаў аб той дыстанцыі, якая аддзяляла яго ад жанчын, што сядзелі разам з ім за адным сталом. Тады ён часта думаў пра Марыю-Луізу. Ён адчуваў яе побач з сабою, хоць яго старэйшая дачка была ад яго далёка і ён нічога не ведаў аб тых мясцінах, дзе яна жыла. Цяпер усё пераблыталася. Кантэн не ведаў, дзе ён адчуваў сябе больш адзінокім, дома ці тут. Яна ж тут, побач! Дастаткова высадзіць гэтыя дзверы плячом, і ён апынецца ў пакоі, дзе ўсе рэчы носяць адбітак яе прысутнасці.

Зноў закалола ў грудзях. Кантэн спрабаваў уявіць, як ён сядзіць у яе пакоі і тут вяртаецца Марыя-Луіза. Вяртаецца не адна. З ёй прыходзіць мужчына, яго двайнік. Такі ж немалады, апрануты ў чорны капялюш і ў нямоднае паліто. Кантэн бачыў гэткага толькі што ў вітрыне крамы.

Каб пазбавіцца ад гэтай думкі, Кантэн пачаў спускацца ўніз. Праходзячы ля кватэры Савінэнаў, ён раптам падумаў, што можна пазваніць і зайсці да іх. У сельскай мясцовасці, калі незнаёмы чалавек заходзіць вечарам у хату, яго накормяць і пусцяць пераначаваць. Ва ўсякім разе, ён не застанецца адзін, як тут, у горадзе. Калі ён пажадае расказаць пра сябе, яго будуць слухаць, калі будзе маўчаць, яго не стануць распытваць. Аднак ён не будзе адчуваць сябе адзінокім.

Але ж ці пусцяць яны яго ў кватэру, ці зразумеюць, што ў вялікім горадзе чалавек можа згубіцца, як пасярод незнаёмага лесу? У вёсцы заўсёды можна знайсці гумно, канюшню, на горшы выпадак, стог у полі, у якім можна зрабіць нару і скруціцца там, як лісіца. На дварэ зіма, холад, а ў стозе ўтульна і цёпла!

Тут жа была калючая ноч, і яркія лямпы зусім не грэлі. Тут усё нагадвала пустэчу.

У пакоі кансьержкі глядзелі тэлевізар. Сінія водбліскі скакалі па фіранцы. Пакуль Кантэн выходзіў на вуліцу, услед яму несліся галасы і музыка.

На вуліцы падмарозіла. Людзей стала менш. Над Сонай падымаўся густы туман. Ён нагадваў Кантэну дым сырога асенняга цяпельца. У гэтым тумане зліваліся ў адно каляровыя надпісы на вітрынах.

 

12

 

Кантэну зрабілася холадна. Ён наставіў каўнер свайго паліто і схаваў галаву ў плечы. Холад крочыў з ім у нагу, і стары не ведаў, як ад яго пазбыцца. Ён вырашыў зайсці ў кафэ, але падумаў, што холад увойдзе туды разам з ім.

Ён зноў выйшаў на вуліцу Ратушы, перасек плошчу Бэлькур, на якой амаль нікога не было, і патупаў па вуліцы Віктора Гюго. Там мінакі трапляліся ўсё радзей і радзей. Кантэну раптам прыгадалася кніга, у якой быў апісаны такі самы горад. З таго горада ўцякалі людзі, бо яны баяліся начнога туману, які паглынаў усё. Кантэн углядаўся ў асветленыя вокны, завешаныя шчыльнымі фіранкамі. Там ішло жыццё, але яно было нейкае далёкае, незразумелае Кантэну, адарванае ад таго жыцця, якім жыў ён сам.

Яшчэ хадзілі тралейбусы. Калі яны праязджалі паблізу ходнікаў, з-пад колаў пырскаў брудны снег. Пасярод шашы было суха. Месцамі на асфальце відаць былі вялікія шэрыя плямы. Там была пасыпана соль. Яна таксама блішчала, але не так ярка, як лёд.

Кантэн стараўся думаць аб тым, што бачыў навокал. І калі зноў у свядомасці ўсплывала Марыя-Луіза, ён прыгадваў яе дзяцінства, свой дом, фотакартку, якая стаяла на буфеце ў кухні.

Ды міжволі яго думкі вярталіся зноў да яе жыцця тут, у горадзе.

Марыя-Луіза не вярнулася. Яе яшчэ няма ў пакоі. Яна пакінула салон Раберці. Яна таксама змагла вырвацца з другога салона, якім кіруе гэта страшная жанчына з блакітнымі валасамі. Марыя-Луіза працуе адна. Ніхто не ведае, дзе яна працуе. Ну і што? Ці трэба было падымаць паніку? Што ненатуральнага ў тым, што такая дзяўчына, як яна, уцякла з гэтага шклянога дома, у якім так непрыемна пахне? Ці можна тут жыць і заставацца жанчынай?

Трэба стаць вар'ятам, каб уявіць, што Марыя-Луіза перастане быць сумленнай дзяўчынай, калі аднойчы раніцай пойдзе адна працаваць у вінаградніку. Вядома, яна змянілася апошнім часам. Але гэта можа быць адзнака горада, нічога больш? Нічога сур'ёзнага з ёю не здарылася. Галоўнае — у яе сэрцы, у яе душы, а не ў колеры валасоў!

Дарэчы, калі яна магла ладзіць з такім простым чалавекам, як настаўнік, то не трэба лепшых доказаў таго, што ў глыбіні душы яна засталася падобнай на яго, на іх усіх, хто жыве там, далёка ад гэтага бруду.

Марыя-Луіза працуе. Вось і ўсё. Таму ён не зможа пабачыць яе сёння вечарам, ён убачыць яе заўтра.

Ён збіраўся начаваць на вакзале. Калі ён быў салдатам, яму часта даводзілася спаць у чакальнай зале. Ён крыху ўспомніць сваё юнацтва. І няма ў гэтай гісторыі нічога асаблівага. Кепска толькі, што ён прыехаў, не папярэдзіўшы дачку. Бо ў такі вечар, як сёння, Марыя-Луіза можа затрымацца і пасля работы.

Кантэн увайшоў у вялікі хол вакзала. Ужо ішла дзесятая гадзіна.

А што, калі Марыі-Луізе пашанцуе вызваліцца ў апошнюю хвіліну? Калі яна адна сядзе ў цягнік?.. Кантэн ледзь не засмяяўся. Не, гэта было б вельмі смешна. Але раз ён нічога дакладна не ведаў, то ён вымушаны быў меркаваць і ўяўляць рознае.

Ён хацеў скіраваць свае думкі на бібліятэку, у якой было нямала кніг, але думка пра цягнік прымусіла яго вярнуцца ў родныя мясціны. Там у пустым і дрэнна асветленым вакзале іх доўга будзе чакаць настаўнік. Пройдзе апошні цягнік, і вакзал зачыняць да раніцы. У ім стане пуста, холадна, цёмна. Настаўнік вернецца дадому, ён будзе доўга думаць аб Марыі-Луізе. Але яго думкі будуць горкімі і пакутлівымі. І адчуваць сябе ён будзе горш, чым Кантэн. Настаўнік вырашыць, што Марыя Луіза закахалася ў горадзе ў іншага хлопца.

Урэшце, так яно, можа, і ёсць. Марыя-Луіза магла адкрыць краму з хлопцам або з мужчынам, які старэйшы за яе. Многія такім чынам уладкоўваюць сваіх палюбоўніц. Таму яна і хавае гэта ад бацькоў. Відаць, мужчына, які яе кахае, сам не свабодны. А можа, усе гэтыя людзі, у якіх ён пытаўся пра яе, проста зайздросцілі ёй?

Кантэн зноў зрабіў над сабою намаганне, каб не думаць пра Марыю-Луізу.

Ля білетных касаў мітусілася нямала людзей. Шмат іх было і ў чакальнай зале, і ў калідоры, і ў зале даведак, і нават на плошчы, дзе ўзад-уперад соўгаліся таксі, дзе без парадку стаялі машыны, і здавалася, што яны ўжо не змогуць выехаць адгэтуль.

Кантэн паблукаў крыху, агледзеўся. Яму не давала спакою думка, што прыйдзецца бавіць аднаму доўгую ноч. Ён ледзь не засмяяўся, калі ўявіў, што правядзе ўсю ноч у чакальнай зале. Але раптоўна найшла злосць: тут, у горадзе, жыве яго дачка, у якой ёсць свой пакой з канапай для бацькі, а ён павінен сядзець на вакзале!

Кантэн зайшоў у буфет. Там было поўна людзей. Яны пілі і елі. На сталах была зялёная салата, крутыя яйкі, варанае мяса і жоўты, падазронага колеру, соўс. Але Кантэну хацелася хлеба, які некалі пяклі яны ў сваёй печы, у якой цяпер стаяць яселькі.

Цікава, ці ляглі жанчыны спаць? Відаць, не яшчэ. Яны чулі, як прайшоў апошні цягнік. Чакалі добрую палову гадзіны, часта адчынялі дзверы ў халодную ноч, запальвалі святло на двары.

Як гэта цяжка, увесь час думаць аб тым, што яны там чакаюць, што яны зусім адны. Думаць пра гэтыя яселькі ў старой печы, у якой раней пяклі хлеб. Думаць пра гэты хлеб! Вялікі, з тоўстай духмянай скарынкай, ад аднаго паху якога цякуць слінькі. Думаць пра хлеб, калі так хочацца есці, а вы шукаеце сваю дачку, але не знаходзіце яе і вымушаны начаваць на вакзале.

Ад гэтых думак яго зноў закалаціла, і ён вырашыў выпіць кубак кавы або булёну. Ён зноў зайшоў у буфет, але там была такая таўкатня, што Кантэн вымушаны быў выйсці. Пайшоў да білетных касаў, але думка пра вялізны бохан з тоўстай рудой скарынкай не пакідала яго. Ён ніколі не мог сабе ўявіць, што хлеб можа займаць такое вялікае месца ў думках чалавека, які хоча есці. Праўда, у яго дома былі яшчэ доўгі, накрыты квяцістай цыратай стол, літровая бутэлька з віном, цыбуля, гарох у струках, дровы ля пліты. Усё гэта было дома, але яно жыло неяк асобна ад Кантэна. Там хапала месца жонцы і дачцэ, котцы і ўсяму іншаму. Ён бачыў усё гэта вельмі выразна, але часам у галаве нешта блыталася. Напрыклад, котка пераходзіла з аднаго малюнка на другі. Такога ён яшчэ ніколі не бачыў. Ні разу яго галава не была занятая так моцна. У ёй сабралася ў адно ўсё: і горад, і яго людзі. Ніколі свет не здаваўся Кантэну такім складаным, як сёння. Нават тады, калі ён чытаў кнігі рускіх аўтараў, у якіх героі мелі вельмі складаныя прозвішчы, і Кантэн ніяк не мог запомніць іх.

Часам яму здавалася, што ён звар'яцеў, што ён дарэмна шукаў сваю дачку ў тым будынку, бо яна там ніколі не жыла.

Ён нейкі час хадзіў узад-уперад па вялікім холе, пасля адчуў цяжар у галаве і выйшаў на эспланаду. Там ён абапёрся на стылыя металічныя парэнчы і доўга глядзеў на плошчу ўнізе, глыбока ўдыхаючы начны туман. Раз-пораз ён адрываў халодную руку ад парэнчаў і прыкладаў да гарачага лоба.

 

13

 

Кантэн глядзеў на невялікія садкі, зацярушаныя снегам. Вакол яго нікога не было, аднак ён адчуваў сябе менш адзінокім, менш адарваным ад свайго дому, чым у натоўпе. Сапраўды, сярод гэтых жанчын, мужчын, дзяцей, нагружаных чамаданамі, велізарнымі мяхамі, лыжамі, нават санкамі, ён адчуваў сябе няёмка, быццам гэтыя людзі былі не такія, як ён.

Надышоў момант, калі ён зразумеў, што трэба ісці. Туман паступова агортваў яго, пранікаў усярэдзіну, яму рабілася холадна. Ён са шкадаваннем пакінуў гэтае месца, вярнуўся на вакзал. Там ён вымушаны быў стаць у чаргу, каб купіць білет на перон.

Чакальная зала, у якую ён нарэшце трапіў, была перапоўненая. Адны пасажыры размясціліся на сваім багажы, другія стаялі, прыхінуўшыся да сцен альбо радыятараў цэнтральнага ацяплення. Гэтыя людзі ехалі на адпачынак, але твары ў іх былі самотныя, панурыя, з адзнакай жалю, стомы і нуды.

Кантэн паклаў свой пакунак у нагах і абапёрся спіною аб перагародку. Ён злавіў сябе на думцы, што ён, як і іншыя пасажыры, чакае хвіліны, каб хто-небудзь вызваліў месца.

Па радыё аб'явілі прыбыццё і адыход. Пасажыры заварушыліся, нехта выйшаў, нехта заняў яго месца, толькі Кантэн застаўся стаяць там, дзе і быў. Прыйшоў цягнік, і неўзабаве з'явіліся новыя твары, новыя чамаданы, новыя лыжы. Але ўсе яны былі падобныя. Прыходзілі яшчэ цягнікі, і ўсё паўтаралася спачатку. Але ўсе да гэтага хутка прывыкалі.

Кантэн знайшоў нарэшце месца на лаўцы, сеў і паклаў пакунак на калені. Ён думаў крыху паспаць тут, аднак не паспеў уладкавацца, як стома, з якой ён змагаўся дагэтуль, некуды знікла. Ён зноў адчуў сябе бадзёрым, у галаве зноў пачаўся сумбур.

Ужо было амаль апоўначы. Марыя-Луіза павінна была вярнуцца, а ён сядзіць тут. Якая недарэчнасць! Ён жа мог пакінуць пад дзвярыма запіску і пачакаць паблізу ў кафэ. А ён падумаў пра гэта толькі цяпер! Навошта было забіваць галаву дурнымі думкамі! Чаму гэта самая лагічная думка не прыйшла ў яго хворую галаву раней? Дурань стары!

Ён ажно ўскочыў з месца, паклаў свой пакунак пад паху і хуценька выйшаў. Калі яго дачушка ўжо вярнулася, ён разбудзіць яе. Яму не трэба губляць ні хвіліны.

Эспланада вакзала была занятая ўжо менш, аднак там стаяла яшчэ шмат таксі. Упэўнена, быццам чалавек, які робіць гэта кожны дзень, Кантэн падышоў да першай машыны і спытаўся ў першага шафёра, ці можа той завезці яго на вуліцу Сухога Дрэва.

— Сядайце, завязу, — адказаў шафёр.

Кантэна здзівіла, што яму адчынілі заднія дзверцы, але ён хуценька сеў, зачапіўшыся сваім шыракаполым капелюшом, які напалову прыпляскаўся і апынуўся ажно на плячы. Таксі кранулася з месца. Горад быў амаль пусты, пад коламі шаргацеў лёд. Кантэн уважліва глядзеў на дарогу. Машына ехала вуліцай, паралельнай вуліцы Віктора Гюго, якая была значна вузейшая, спынілася перад святлафорам, кранулася, аб'ехала плошчу Бэлькур і выехала на вуліцу Рэспублікі. Усё гэта рабілася вельмі хутка, а шафёр запрасіў пяцьсот франкаў. Кантэн заплаціў і апынуўся на ходніках, перад зачыненымі дзвярамі. Ён намагаўся адчыніць іх, шукаў званка, але нічога не знайшоў. Тады ён зняў капялюш, выцер пот і гучна засмяяўся.

Стары дурань! Пакуль ён бадзяўся недзе па вакзалах, дачка, напэўна, ужо вярнулася і нават не ведае, што яе бацька побач! Тут, унізе, зусім блізка ад яе, на вуліцы, па якой плыў ракою туман.

Ды ў гэтага няўклюднага селяніна ў мазгах больш туману, чым у паветры гэтага гнілога горада! Смех, які раптоўна разабраў Кантэна, атручваў яму душу. Усё ў ім бурліла, быццам дрэннае вінаграднае віно.

Што цяпер рабіць? Зноў ісці на вакзал? Пасядзець у бістро? А калі раптам з'явіцца Марыя-Луіза?

Кантэн стаў хадзіць узад-уперад, намагаючыся нешта разгледзець за шыбамі вакон, у якіх яшчэ гарэла святло. Кансьержка казала, што Марыя-Луіза можа вярнуцца ў дзве гадзіны. Але ці можна верыць кансьержцы? Можа, у гэтай жанчыны злы язык, і ёй прыносіць задавальненне шкодзіць Марыі-Луізе? Марыя-Луіза мае шмат якасцей, якія могуць выклікаць зайздрасць. А пасрэднасці заўсёды імкнуцца нашкодзіць тым людзям, якім зайздросцяць. Кантэн упэўнены: дачка вярнулася і ўжо даўно спіць, нават не падазрае, што яе бацька ледзь не скруціў галавы праз гэтую заразу-кансьержку.

Узлаваўшыся, Кантэн падышоў да дзвярэй і хацеў ударыць па іх нагою, каб пабудзіць гэту тоўстую бабу. Аднак стрымаўся. Ён не мог гэтага зрабіць. Марыя-Луіза не даруе яму.

Ён павінен чакаць тут да раніцы. Тупаць узад-уперад і чакаць. Кантэн ажно затросся ад злосці на самога сябе, на сваю дурную галаву, у якую заўсёды прыходзяць адны вар'яцкія думкі.

Што ж, ён зрабіў глупства і павінен расплочвацца цяпер. Замест таго каб чакаць Марыю-Луізу дзесьці ў кафэ, ён будзе стаяць тут, пад яе вокнамі. Дарэчы, усе кафэ, канечне, зачыняюцца апоўначы. Усё па закону подласці. Кантэн стаміўся шукаць выйсця са свайго недарэчнага становішча. Цяпер яму засталося толькі адно: чакаць. Ужо за поўнач. Ён пачакае да дзвюх гадзін. Час цягнецца доўга, але аднолькава: і тут, і на вакзале.

Кантэну стала горача. Ён нават перастаў хадзіць узад-уперад. Пот ліўся з яго цурком, і ён ведаў, што гэта небяспечна ў такое надвор'е.

Туман то наплываў, то сплываў хвалямі, быццам вада, якую несла то з Рэйна, то з Соны. Вакол ліхтароў і на рагах вуліц утвараліся завіхрэнні, узнікалі доўгія светлыя калідоры, якія тут жа знікалі. Мінакоў было нямнога. Машыны праязджалі рэдка.

Кантэнаў гнеў то мацнеў, то слабеў, як гэты туман. Толькі ўспышкі гневу былі больш рэзкімі. Яго ўвесь час разрывала супярэчнасць: заставацца тут або вярнуцца на вакзал, дзе хоць крыху цяплей. Бо цяпер ён замярзаў. Найбольш стылі ногі. Кантэн тупаў на месцы, але холад падымаўся па целе вышэй.

Так, ён дурань, што застаўся тут. Марыя-Луіза вярнулася. А можа, не вярнулася. І не вернецца наогул. Бо ў яе нехта ёсць. Такая прыгожая і маладая дзяўчына павінна некага мець.

Гэта думка чамусьці не ўзрушыла Кантэна. Ён толькі падумаў, што будзе з настаўнікам. А яшчэ ён баяўся, каб Марыя-Луіза не зазнала горшага ў гэтым разбэшчаным салоне Трыанон. Ды што ён мог ведаць? Ён толькі мог здагадвацца. Як яму ўрэшце абрыдлі гэтае чаканне, гэтая вуліца, гэты туман і гэты холад!

Раптам Кантэн скрануўся з месца і пайшоў да вакзала, нават не паглядзеўшы на зачыненыя дзверы ў апошні раз. Была ўжо палова другой, вуліцы зусім апусцелі.

На рагу вуліцы Лучнікаў Кантэн заўважыў некалькі прастытутак. Яны стаялі, захутаўшыся ў футры, як і ён у сваё паліто. Адна з іх паклікала яго, але Кантэн адвярнуўся. Крыху далей стаялі яшчэ дзве, адна здалася яму вельмі маладзенькай. Яны таксама паклікалі яго, але стары нават вухам не павёў.

Але крокаў праз дзесяць Кантэн рэзка спыніўся, павярнуўся і пайшоў назад. Ён яшчэ не ведаў, што ён зробіць. Яму проста хацелася яшчэ раз прайсці каля гэтых дзяўчат і як след іх разгледзець.

Калі ён параўняўся з імі, старэйшая спыталася:

— Ты нешта забыўся, дарагі?

Кантэн запаволіў крок.

— Хадзі, не бойся, — зноў прамовіла дзяўчына.

Другая адышлася недалёка, на некалькі крокаў. Кантэн спыніўся, і прастытутка падышла да яго.

— Гэта ты з-за мяне вярнуўся? — спыталася яна.

Кантэну быццам адняло мову.

— Ты змерз, — сказала дзяўчына. — Ну, пойдзем!

Ён прайшоў поруч з ёй некалькі крокаў, але раптам спыніўся і прамармытаў:

— Не... Я толькі хацеў у вас папытацца нешта.

— Ты хочаш ведаць цану?

— Не, не... Я хацеў бы папытацца ў вас...

Ён змоўк. Дзяўчына злосна глядзела на яго. У яе былі жорсткія валасы, якія падалі на бровы. Твар дзяўчыны быў худы, вуглаваты, з вялікім тонкім ротам.

— Ну, — кінула яна, — ты надумаў?

Кантэн апусціў галаву. Ён адчуваў сябе смешным.

— Не, не, — сказаў паспешліва. — Даруйце мне!

— Што табе не падабаецца? Мая фізіяномія? Цябе самога трэба выставіць у музеі, дзядуля, з тваёй мядзведжаю шкураю.

Яна пайшла да сяброўкі, і Кантэн пачуў, як яна яшчэ крыкнула ў яго адрас:

— Не, ну ты бачыла дурня! Гэта ўжо другі за сённяшні вечар. Ён таксама хоча, каб я расказала яму сваё жыццё. Што з імі зрабілася на Каляды, падумаць толькі!

Кантэн стомлена крочыў далей па пустых вуліцах горада. Думак і жаданняў больш не было.

 

14

 

На вакзале ля білетных касаў людзей было мала. Кантэн зноў купіў білет на перон і прайшоў у чакальную залу. Цяпер там пасажыраў было значна менш. Ён адшукаў свабоднае месца, зняў сваё паліто і паклаў яго побач з пакункам.

Перад яго вачыма ўсё яшчэ стаяў твар прастытуткі. З-пад пасмы чорных валасоў на яго глядзелі злосныя вочы, аднак ён не стараўся пазбавіцца іх. Наадварот, Кантэну хацелася затрымаць гэта аблічча надоўга. Так, яна была прастытутка! І яго спрабавалі пераканаць, што яго Марыя-Луіза таксама стала такою! Сама горшае тое, што ён ледзь не паверыў у гэта. Цяпер адна палова ў ім ажно крычала ад роспачы з-за таго, што ён мог несправядліва падазраваць сваю дачку, другая ж даводзіла, што нічога такога не было. Бедная дзяўчынка! Ёй ніхто не дапамагаў, яна толькі і думала аб тым, каб шчыра працаваць. А яшчэ, ці магла б шлюха пісаць такія лісты сваім бацькам, цалаваць маці і сястру? Ці змагла б яна траціць грошы на падарункі нявіннай Дэнізе, грошы, заробленыя гэткім шляхам? Вядома, не! Трэба быць вар'ятам, каб паверыць у такое. Кантэн не мог сабе адказаць, што прымусіла яго загаварыць з гэтай вулічнай дзеўкай, стома або знерваванасць, толькі ён лічыў, што зрабіў правільна. Цяпер ён адчуваў сябе спакайней. Утульна ўладкаваўшыся на драўлянай лаўцы, Кантэн вырашыў паспаць пару гадзін.

Ён доўга змагаўся з дрымотаю, але ўрэшце пачаў кляваць носам. Насунуўшы капялюш на вочы і паклаўшы галаву на рукаў футра, ён задрамаў на хвілінку, як раптам быў разбуджаны голасам з гучнагаварыцеля, які абвясціў, што адыходзіць цягнік на Страсбург. Праз гадзіну гэты цягнік пройдзе ў яго родных мясцінах. Яго грукат, які Кантэн цяпер чуе, неўзабаве пачуе Ізабэла. Яна таксама не будзе спаць. Яна будзе ляжаць на ложку, выцягнуўшыся, быццам нябожчык, нават рукі зложыць на жываце. Яна будзе чакаць. Яна ведае, што гэтым цягніком ніхто не прыедзе, аднак будзе яшчэ доўга прыслухоўвацца да начных гукаў.

Тут жа ноч была не такая, каб яе можна было слухаць. Яна была напоўненая гоманам і грукатам. Там Ізабэла магла яе слухаць. Ноч гучна дыхала вакол дома. Яна ўзнімалася з нябачнай даліны і, быццам вялікая рака, цякла між узгоркаў. Пад яе цяжарам крактала бярвенне, рыпелі аканіцы. Ноч непакоіла жывёлу, якая тузала ланцуг і стукала капытамі. Ноч прыносіла з лесу пах дзічыны, ад якога трусы вар'яцелі і шалёна насіліся па сваіх гулкіх доміках. Усё гэта там было, адна толькі Дэніза спала па-сапраўднаму.

А настаўнік, адзін у сваім халасцяцкім пакоі, чытаў нешта перад сном.

Кантэн варочаўся, каб улегчыся ямчэй. Аднак не спалася. Лоб наліўся свінцом, кроў моцна стукала ў скронях, па спіне прабягалі хвалі то цяпла, то холаду. Усё зрабілася пакутай: гэты бясконцы гоман, грукат, нязручная лаўка і гэта пастава, у якой ён не прывык спаць. Аднак ён паступова змірыўся з усім гэтым і цярпліва чакаў прыходу раніцы, хоць і баяўся яе. Сам не ведаў чаму, але баяўся раніцы і той хвіліны, калі ён павінен будзе пакінуць вакзал.

А пакінуў ён вакзал яшчэ досвіткам. Разбудзіў яго кашмарны сон: на вуліцы да яго падышла шлюха, падобная на тую, з якой ён размаўляў, і яны пайшлі разам. Кантэн падняўся з ёй у пакой. Выходзячы ад яе, ён пазнаў у ёй сваю дачку. А на вуліцы яго чакаў настаўнік. Кантэн прачнуўся і заўважыў, што ўсе навокал здзіўлена глядзяць на яго. Ён хуценька апрануў футра, узяў пакунак і пайшоў прэч.

Толькі на пустэльнай эспланадзе Кантэн сцяміў, што яму саснілася. Дзякуй богу, што гэта толькі сон.

Было вельмі холадна, і ён пакрочыў шпарчэй. Па вуліцах спяшаліся адзінокія прахожыя. На невялікай плошчы Кантэн знайшоў маленькае кафэ, дзе стаяў толькі адзін рад сталоў. Зайшоў.

Гаспадар кафэ, тоўсты мужчына ў світэры з закасанымі рукавамі, размаўляў з адзіным кліентам, перад якім стаяла шклянка белага віна. Кантэн сеў за пусты стол і заказаў кавы. Не выходзячы з-за прылаўка, мужчына папытаўся:

— Натуральнай? З вяршкамі? Вялікі кубак? Малы?

— Вялікі кубак, натуральнай, — падумаўшы, адказаў Кантэн.

Увайшла маладая жанчына і кінула:

— Дзень добры, месьё Жэром!

— Салют, Жынэта! — адказаў гаспадар.

— Добры мароз сёння раніцай цісне!

— Але. Я адчуў гэта, калі адчыняў кафэ.

— А вы збіраецеся калядаваць, месьё Жэром?

— Хто яго ведае. У мяне ж адчынена да поўначы. З нашай прафесіяй, самі ведаеце, няма калі павесяліцца.

— У нас тое самае, — тлумачыла жанчына. — Вось і ўчора ледзь управіліся да дзесяці гадзін вечара. Перад святам шмат кліентаў.

— А як сёння ўвечары, — спытаўся гаспадар, — будзеце вольныя?

— Дзе там! Добра, калі скончым у восем гадзін.

Кантэн ледзь не папытаўся ў гэтай жанчыны, кім яна працуе. Відаць, у цырульні. Гаспадар прынёс яму вялікі тоўсты кубак белага колеру, у якім дымілася кава. Кантэн удыхнуў з асалодаю цёплы пах.

Дзверы зноў расчыніліся. Увайшоў сабака, які цягнуў за сабою на шлейцы чалавека. Чалавек загаварыў, звяртаючыся да ўсіх:

— Ну і далікатны! Баіцца холаду, як старая дзеўка. Прабяжыць два кругі па плошчы і цягне да тваіх дзвярэй, Жэром!

Усе засмяяліся. Гаспадар кінуў сабаку драбок цукру і сказаў:

— Каб у кожнага майго кліента быў такі цюцька, як твой, было б цудоўна. Яны б ніколі не хадзілі ў іншыя месцы.

Кліент пачаў расказваць пра гэтага сабаку і пра ўсіх тых, якія былі ў яго раней. У кожнага з прысутных была свая гісторыя пра сабаку. Кантэн крыху паслухаў іх і падумаў пра сваю Белону, якая здохла год назад, а яе шчанё праз месяц трапіла пад кола. Без сабакі жанчынам, яно і праўда, было адзінока ў гэтым пакінутым ім доме. Але які злачынца пойдзе туды ў гэткае надвор'е? Тым больш ніхто не ведае, што Кантэна няма дома.

Кава была гарачая і вельмі смачная. Кантэн піў яе невялікімі глыткамі. Пасля ён выняў свой гадзіннік і ключ, каб накруціць яго. Было шэсць гадзін з паловай. Ізабэла з малой у гэты час даілі кароў. Калі яны скончаць даіць, жонка будзе чысціць канюшню. Адна на кухні, Дэніза будзе рыхтаваць сняданак і запаліць на хвілінку свае яселькі.

І абедзве будуць думаць, што ён спіць у Марыі-Луізы на канапе!

Яшчэ не было сем гадзін, калі Кантэн выйшаў з маленькага кафэ. Ён не мог так рана пайсці да Марыі-Луізы, але і не мог больш заставацца на адным месцы. Было ўжо не так холадна. Ён адчуваў сябе бадзёрым. Яму хацелася дыхаць, нешта рабіць. І ён пайшоў па пустых вуліцах, па набярэжных, тым крокам, якім звычайна хадзіў па дарогах у сваёй мясцовасці. Ён з асалодай удыхаў свежае паветра, і яму здавалася, што ўсё мяняецца. Ноч выходзіла з яго, а раніца прагоніць тое, што засталося ад кепскага сну.

Зрэшты, ён страціў некалькі гадзін. Ён убачыць Марыю-Луізу, паглядзіць, якое жыццё яна змагла пабудаваць адна, далёка ад сваіх і без дапамогі. Яны нагаворацца, а вечарам яна паедзе разам з ім. Так трэба. Яна зразумее, што павінна падарыць ім хоць бы свой калядны вечар.

 

СУР'ЁЗНАЯ ДЗЯЎЧЫНА

 

15

 

Бледнае святло ў канцы вузкай вуліцы абвяшчала надыход раніцы. Гэтаму не маглі перашкодзіць ні туман, ні бляск ліхтароў, ні асветленыя вокны.

Кантэна прыцягвала гэтае святло. Ён пайшоў яму насустрач. Па меры таго як ён ішоў наперад, пакідаючы за сабою ліхтары, яму здавалася, што паветра рабілася лягчэйшым і ўсё быццам ачышчалася пад гэтым ледзь прыкметным святлом.

Кантэн дайшоў да канца вуліцы, перайшоў шырокую аўтастраду, якая праходзіла побач з будоўляй. Яна закрывала выхад на мост цераз Рэйн.

Туман яшчэ быў густы. Аднак паступова ён змяняў свой колер, быццам яго разганяў слабы ветрык. За туманам суцэльнай масай праступалі дамы. Іх колер быў невыразны, яны ўяўлялі сабой сумесь дня і ночы. Крыху далей нізка вісела малочна-жоўтае сонца, якое толькі пачало праганяць прыцемкі.

За спіной праязджалі машыны. Іх уключаныя фары, быццам нажамі, разразалі хвалепадобны туман. Машыны ехалі хутка, шаша ажно блішчала, пакрытая слядамі ад іх колаў.

Сёння горад здаваўся яму не такім агідным, як учора ўвечары. Кантэн разглядаў яго амаль з асалодаю.

Больш за ўсё яго вабіла рака. Можа, таму, што, як ён казаў сабе, рака не з'яўляецца часткай горада. Яна тут прахожая, як і ён. Яна дзеліць горад Ліён на два падобныя да турэмных сценаў берагі, з якіх імкнецца вырвацца на прастору. І тут Кантэну прыгадалася фраза з адной кнігі: «...і рэкі, што цякуць да нябачных гарызонтаў святла».

Гэта быў толькі канец фразы, які чамусьці прыгадаўся Кантэну і выклікаў у яго душы хваляванне.

Некалькі хвілін ён не думаў ні аб чым, а толькі паўтараў уголас гэтыя словы, ад якіх яму рабілася прыемна. Кантэн заўсёды лічыў гэтыя словы вельмі прыгожымі і таямнічымі. Яны былі ўзятыя з кнігі, якая вельмі моцна зблізіла яго з настаўнікам, бо, абмяркоўваючы яе, яны ўпершыню гутарылі пра смерць. Выявілася, што настаўнік таксама часта пра яе думаў і, як і Кантэн, рабіў гэта без асаблівага страху і смутку, мабыць, з той простай прычыны, што смерць здавалася яму вельмі далёкай.

Паступова рака вызвалялася ад туману. Вада яшчэ не мела колеру, яна была быццам працягам туману, але дзе-нідзе на паверхні ўзнікалі іскрынкі. І гэтага ўжо было дастаткова, каб адчуць прысутнасць ракі.

Кантэн падаўся ўздоўж берага да зусім новага металічнага моста, які стралой перакінуўся цераз раку і пранізаў сабою сырадой туманнай раніцы. Па мосце праходзіла аўтастрада, якая нырала ў чатырохвугольную арку, падобную на ўваход у склеп. Машыны збіваліся тут у гуле, ад якога павявала смерцю, той смерцю, якую Кантэн лічыў сама абсурднай і якая часта здаралася на дарогах у выхадныя дні. У гэтым месцы было вельмі цяжка перайсці праезную частку, таму Кантэн пачакаў іншых мінакоў, каб разам з імі трапіць на другі бок.

Чым далей Кантэн адыходзіў ад ракі, тым больш у яго сэрцы нарастала трывога. Тут, у горадзе, зноў усё рабілася самотным, цёмным, тут яшчэ гаспадарыла ноч. Кантэн не памятаў, які быў гэты горад раней. Адно ведаў: рытм гарадскога жыцця — вар'яцкі. А можа, Кантэн ужо застары, каб зразумець сэнс усёй гэтай таўкатні? Ці зможа чалавечая істота, захопленая гэтым вірам, заставацца самой сабою, гаспадаром сваіх рухаў, думак, слоў?

Марыя-Луіза сама выбрала свой шлях, яе ніхто не прымушаў. Ізабэла казала, што яе дачка будзе шчаслівая ў горадзе. А што Ізабэла ведала пра гэты горад? Яна ніколі яго не бачыла.

Настаўнік нямала расказваў яму пра «пачвару-горад». Ён добра ведаў яго і ўцёк адтуль. І вось цяпер Кантэн прысутнічае пры абуджэнні гэтай пачвары, якая, відаць, поўнасцю ніколі не засынае. Яна бурчэла, пагражала, яе дыханне было напоўнена пахамі вугалю, бензіну і дрэннай кухні.

Чым далей ад ракі, тым больш пахла гніллю, паветра ператваралася ў дым. Але Кантэн ішоў і ішоў. Ён разумеў, што пранікае ўсё глыбей усярэдзіну велізарнай машыны, спыніць якую нічога не зможа.

Толькі сёння ён пачынаў разумець жах настаўніка, калі той шукаў патрэбных слоў, каб расказаць пра горад-пачвару. Горкі смех апанаваў Кантэна, калі ён паспрабаваў уявіць настаўніка ў горадзе, яго высокую постаць з доўгімі рукамі, якія ён не ведаў, куды падзець. Ці змогуць паладзіць гэтыя дзве істоты, адна з якіх нарадзілася ў горадзе, а другая там, дзе жыў Кантэн? Няўжо яго дачка прывыкла да ўсяго гэтага? Няўжо яна так хутка змянілася?

Кантэн успомніў яе апошнія вакацыі. Вядома, яна змянілася. Яна насіла сучасную прычоску. Як і ўсе жанчыны, яна хацела быць элегантнай. Кантэн нічога не меў супраць гэтага. Ён не быў рэтраградам, хоць Ізабэла і лічыла яго старамодным. Сёння ён пераканаўся ў тым, што Марыя-Луіза не прывезла дадому нічога, чым пахла тут. Яна ўпэўнена стаяла на зямлі. Яна расказвала пра горад зусім іншае. З яе расказаў горад цяжка было ўявіць. Але, па праўдзе кажучы, Кантэн і не стараўся гэта зрабіць. Ён толькі шмат чытаў і гутарыў з настаўнікам. Горад яго мала цікавіў. Кантэн кожны дзень бачыў перад сабою бясконцую раўніну, у глыбіні якой гэты горад знаходзіўся. І заўважаў шэры дым над гарызонтам.

Кантэн рашуча крочыў наперад. Ён вяртаўся ў самае сэрца горада, у тое месца, дзе няспынна віравала жыццё. Ён крочыў ужо тры чвэрці гадзіны і раптам падумаў, якую б адлегласць прайшоў ён за гэткі самы час у сваёй мясцовасці. Пэўна, яму спатрэбілася б менш часу, каб дайсці да лесасекі, што знаходзілася на вяршынях гор Сэн-Жульена. Тут, на вуліцах горада, яму здавалася, што ён амаль не рухаецца ўперад. Увесь час вакол яго былі адны і тыя шэрыя сцены, адны і тыя вітрыны, адны і тыя сілуэты людзей, якія ўсе некуды спяшаліся. Вось дарога на лесасеку — іншая справа. Яна ніколі не стамляла, нават калі ён хадзіў туды кожны дзень на працягу многіх тыдняў. Там усё было жывое: зямля, дрэвы, неба. Толькі сёння, тут, у горадзе, Кантэн па-сапраўднаму адчуў моц прыроды і сваю сувязь з ёю. Там ніколі не адчуваеш сябе адзінокім, нават калі пражывеш увесь век адзін, а побач не будзе ніводнай жывой душы.

Выраз «жывая душа» перайшоў да яго ад маці. Звычайна Кантэн ужываў яго пры тых самых абставінах, пры якіх яго ўжыла б маці. Ён ведаў, што выраз не зусім дакладна перадае тое, што ён сёння адчуваў. Кантэн адчуваў на сабе цяжар жыцця толькі тады, калі заставаўся сам-насам з зямлёю. А ці змагла б гэта «жывая душа» існаваць тут, у гэтай пякельнай машыне пачварнага горада?

Не, здаецца, не змагла б. Калі што і мае душу, дык гэта зямля. Але якая яна, што сабой уяўляе? Мабыць, гэта тое, што існуе па-за межамі яго ўспрымання, тое, што ўгадваецца ў маўчанні вінаградніку перад самым усходам сонца? Цяжка сказаць.

Калі ён заводзіў гутарку пра гэта нябачнае і неадчувальнае з настаўнікам, той заўсёды пачынаў смяяцца. І пераставаў смяяцца толькі тады, калі прыводзіў цытаты славутых філосафаў, якіх Кантэн зусім не ведаў. Такім чынам, Кантэн ніяк не мог растлумачыць таго, што так займала яго розум.

 

16

 

Кантэн зноў захваляваўся. Праз некалькі хвілін ён убачыць дачку. Ён ужо быў перакананы ў тым, што кансьержка сказала яму няпраўду. Сказала знарок, што Марыя-Луіза ўстае апоўдні, каб абгаварыць яе. Але Кантэну напляваць на гэту зайздросніцу. Хутка ён і не ўспомніць пра яе, калі будзе размаўляць з Марыяй-Луізай. А ім будзе пра што пагутарыць.

Кантэн больш не глядзеў з агідаю на горад. Што яму? Ён жа тут праездам. Ён тут выпадковы глядач, якога гэты свет мала кранае. Праз некалькі гадзін ён пакіне яго і забярэ з сабою Марыю-Луізу. Кантэн вернецца да сваёй зямлі, да свайго дому, да свайго спакою, і, успамінаючы пра горад, ён будзе помніць, як кепска яму там было. А калі Кантэну не пашанцуе з надвор'ем ці з ураджаем, ён скажа сабе: «Кантэн, успомні Ліён» і адразу адчуе сябе сама шчаслівым чалавекам на свеце.

Яму раптам моцна захацелася есці. Кантэн зайшоў у булачную і купіў дзве мяккія цёплыя булачкі. Яны былі вельмі смачныя, але адрозніваліся ад сапраўднага хлеба, які трэба есці кожны дзень, калі многа працуеш фізічна.

Тут ён заўважыў, што заблудзіўся. Побач стаяў паліцэйскі, і Кантэн спытаўся ў яго, дзе знаходзіцца вуліца Сухога Дрэва. Вуліца Сухога Дрэва была недалёка. Аказваецца, сам таго не ведаючы, Кантэн ішоў у правільным кірунку.

— Кантэн, — сказаў ён, смеючыся, сам сабе, — хутка ты станеш сапраўдным гараджанінам. Табе трэба прадаць свой дом і зямлю і пераехаць на вуліцу Сухога Дрэва. Твае дочкі і жонка будуць радыя.

Кантэн выйшаў на патрэбную вуліцу і тут убачыў кансьержку, якая выходзіла з бакалейнай крамы. Яна не звярнула на старога ніякай увагі, і Кантэн нават узрадаваўся, што яна зайшла ў другую краму. Цяпер ён быў упэўнены, што не спаткае яе на лесвіцы.

Удзень пад'езд выглядаў інакш. Відаць, з той прычыны, што сюды цадзілася праз шкляны дах бледнае святло. Кантэн павольна адольваў паверх за паверхам. Ён хацеў так разлічыць сілу, каб нідзе не спыняцца і ў той жа час не збіцца з дыхання. Яму не было чаго спяшацца. Нават калі Марыя-Луіза выйдзе раней, ён спаткае яе на лесвіцы.

Калі ён падняўся на апошнюю пляцоўку і выняў свой гадзіннік, на ім было амаль дзевяць гадзін. Яго сэрца шалёна білася, але, мабыць, не толькі ад таго, што ён так доўга падымаўся. Насустрач яму выйшла дама ў гадах, яна збіралася спускацца ўніз разам з маленькім хлапчуком, які адразу ўхапіўся за парэнчы. Кантэн ветліва павітаўся з ёю, а дама папрасіла прабачэння за тое, што хлопчык ледзь не збіў яго з ног.

Кантэн вырашыў пастаяць крыху. Ён будзе чакаць Марыю-Луізу тут. Цяпер яна нікуды не дзенецца. Рана ці позна яна выйдзе яму насустрач. Кантэна ахапіла вялікае хваляванне, але ён стрымліваў яго. Паступова сэрца пачало біцца ў нармальным рытме. Кантэн набраўся рашучасці і стараўся асвойтацца ў гэтым доўгім калідоры з паадставанымі пліткамі на падлозе.

Раптам яму прыйшла думка пастукаць у дзверы. Ён пастаяў з хвіліну, чуйна прыслухоўваючыся да гукаў у вялізнай будыніне. Сюды даходзіў толькі прыглушаны гарадскі гул.

Яго сэрца зноў шалёна забілася. Кантэн глыбока ўздыхнуў, быццам збіраўся нырнуць пад ваду, затрымаў дыханне і нерашуча пастукаў.

Цішыня.

Горад таксама маўчаў.

За дзвярыма нікога не чуваць. Было нешта трывожнае ў гэтым маўчанні, якое панавала ва ўсім будынку. Можа, пастукаць яшчэ раз, ды мацней? Раз ён тут, ён ужо не будзе спускацца. Яму здалося, што ён пастукаў моцна, а на самай справе ён зрабіў гэта вельмі ціха, і калі Марыя-Луіза яшчэ спіць... Калі яна яшчэ спіць, ці мае ён права будзіць яе? Не даць ёй адпачыць, бо яна працуе так позна вечарам? Відаць, яна не забылася сваёй добрай звычкі спаць з шырока адчыненым акном, схаваўшы нос пад коўдру?

Кантэн не адважыўся пастукаць яшчэ раз. Ён вярнуўся на лесвічную пляцоўку і чакаў, гатовы спускацца ўніз, калі хто-небудзь будзе падымацца альбо выйдзе з пакоя. Ён пачакае яшчэ паўгадзіны. Ён так вырашыў. Ён дасць малой паспаць яшчэ паўгадзіны.

Прайшло, можа, з чвэрць гадзіны. Кантэн чуў крокі ўзад-уперад па лесвіцы, грукат дзвярэй, галасы, і кожны раз ён падскокваў, быццам яго маглі застаць на месцы злачынства.

Цяпер зноў нехта падымаецца. Ён чуе крокі жанчыны. Жанчына падымаецца павольна, спыняецца, ідзе далей. Гэта не Марыя-Луіза. Яна не магла яшчэ выйсці. І потым, у гэтых кроках адчуваецца занадта многа стомы і ляноты. Перавесіўшыся цераз парэнчы, Кантэн заўважае футравае паліто, бледную руку на дрэве і нават вельмі светлыя валасы.

Не, гэта не Марыя-Луіза. Гэта не можа быць яна. Кантэн чакае яшчэ, каб упэўніцца, што гэта жанчына ідзе сюды. Яна спыняецца на чацвертым паверсе, яе рука застаецца на парэнчы. Потым яна ідзе вышэй. Кантэн траціць галаву. Ён думае спускацца, пасля раптам паварочваецца і бяжыць да дзвярэй Марыі-Луізы.

Кантэн стукае. Маўчанне. Крокі на лесвіцы ўсё бліжэй і бліжэй. Ён стукае мацней. Зноў няма адказу. У гэты момант на пляцоўцы паўстае жанчына ў футравым паліце. Валасы яе і праўда вельмі светлыя.

Жанчына спыняецца і моўчкі глядзіць на Кантэна. Той нерухома стаіць ля дзвярэй, трымаючы руку ў паветры, і нагадвае вучня, які просіцца адказаць урок.

Жанчына вагаецца нейкі момант, потым робіць два крокі да Кантэна, моцна прыціскаючы да грудзей сумку, якую дагэтуль яна несла ў руках. Стук яе абцасаў аб плітачную падлогу нагадвае грымоты ў цішыні калідора.

— Вы шукаеце Марыю-Луізу?

Голас жанчыны сур'ёзны і хрыплаваты.

— Але, мадам.

Жанчына стомлена ўсміхаецца і перапытвае:

— Вы ўпэўнены, што вам трэба яна?

Кантэн не ведае, што адказаць. Жанчына робіць яшчэ два крокі. Яе абганяе моцны пах духоў. Кантэн усё маўчыць. Ён толькі машынальна перакладае пакунак з адной рукі ў другую.

Жанчына падыходзіць яшчэ бліжэй. Яе моцна нафарбаваны твар мае выраз вялікай стомы. Яна ўважліва аглядае Кантэна з ног да галавы, затрымаўшы позірк на пакунку, і, змяніўшы тон, гаворыць:

— Дык вы кажаце, вам патрэбна Марыя-Луіза? Мне здаецца, што сёння яе не будзе.

Гэтыя словы аглушваюць Кантэна. Ледзь чутным голасам ён пытаецца:

— Яна ўжо выйшла?

Жанчына смяецца. Але яе смех не звініць, а рыпіць, як нямазаныя колы.

— Так, яна выйшла, толькі не сёння.

— Вы хочаце сказаць, што яна яшчэ не вярнулася?

— Калі вам так падабаецца.

Кантэн кусае вусны. Нават цяпер ён нічога не разумее. Яму карціць зноў пастукаць у дзверы, за якімі знаходзіцца яго дачка, але гэта жанчына ўсё глядзіць на яго, і ён пытаецца:

— Вы не ведаеце, дзе я магу знайсці яе?

— Вам трэба нешта перадаць ёй?

Кантэн маўчыць. Ён не ведае, што ёй адказаць.

Жанчына працягвае:

— Вы ведаеце, я вельмі спужалася, калі ўбачыла вас тут, ля дзвярэй. Я не баязліўка, аднак... На тым тыдні ў адной маёй сяброўкі вось так раніцай вырвалі з рук сумку, калі яна вярталася дадому. У такім жа недарэчным будынку, як гэты. Уявіце самі, ёсць тыпы, якія забіраюць усё, што ім трапляе пад руку.

Кантэн не адказвае. Ён быццам прырос да падлогі. Стаіць па-ранейшаму насупраць дзвярэй і слухае гэту жанчыну.

— Разумееце, — тлумачыла тая, — не вельмі прыемна, калі ноччу выбіваешся з сіл, а раніцай у цябе адбіраюць заробленыя грошы.

Цяпер Кантэн зразумеў, чым займалася гэта жанчына, і ў яго адразу прапала жаданне гаварыць або нешта рабіць.

— Дык што, вы пакінеце ў мяне што-небудзь Марыі-Луізе?

— Не, — глуха прамармытаў Кантэн. — Я павінен убачыць яе.

— Ну, гэта будзе нялёгка. Яна збіраецца ехаць у Парыж. Бо тут, не ведаю, дзе яна зможа ўладкавацца, хоць яна марна часу не траціць. Яна працаўніца! Гэта не тая дзяўчына, якая бавіцца!.. Дарэчы, яна мае рацыю. Напрыклад, я толькі дабра жадаю ёй. Чым хутчэй яна паедзе адсюль, тым лепш будзе для яе. Але мне шкада яе будзе. Яна добрая сяброўка. Такіх мала.

Жанчына замоўкла, і Кантэн адчуў, як у яго задрыжалі ногі. Галава зрабілася цяжкай, але ён не звяртаў на гэта ўвагі. Кантэн адчуваў, што яму робіцца вельмі горача. Пот з яго каціўся градам. І калі жанчына адчыняла свае дзверы, ён хуценька, быццам падаючы сігнал няшчасця, прагаварыў:

— Мне вельмі трэба пабачыць яе! Мне трэба абавязкова знайсці яе сёння!

— Схадзіце да Фернана. Яна там сталуецца, калі бывае адна. Я вам нічога не гарантую, але паспрабуйце. Можа, вам пашанцуе ўбачыць там яе апоўдні.

— У Фернана?

— Вы не ведаеце, дзе гэта?

Кантэн адмоўна круціць галавой. Ён адчуў у горле камяк ваты. Жанчына сказала яму адрас.

— Дзякуй вам, — ледзь змог ён выціснуць з сябе.

І пайшоў прэч. Ён дайшоў да пляцоўкі і тут пачуў, як у замку павярнуўся ключ, адчыніліся і зачыніліся дзверы.

Кантэн азірнуўся. Калідор быў пусты.

 

17

 

Кантэну здавалася, што ён вельмі доўга спускаецца ўніз. Ён не чуў ног пад сабою. Правая рука чаплялася за парэнчы. Пот цёк цурком па твары. Кантэн адчуваў, як ён цячэ і па спіне. Ад гэтага Кантэну раптам зрабілася вельмі холадна: ажно заляскалі зубы, ажно замуціла.

Нарэшце ён сышоў уніз, выйшаў на вуліцу, увесь час паўтараючы сам сабе адрас рэстарацыі, у якой, дасць бог, ён спаткае сваю дачку. Тут Кантэн спыніўся, абапёрся спіною на дзверы, каб крыху перадыхнуць.

Божа мой! Чаго ён так раскіс, быццам нейкі слабак?

Кантэн выпрастаўся і паглядзеў вакол сябе. На другім баку вуліцы ён заўважыў кафэ і накіраваўся туды рашучай хадою.

Кантэн ажно падскочыў, калі побач прасігналіла машына. У руку павеяла холадам, і хтосьці крыкнуў:

— Куды прэш, вёска! Глядзі пад ногі!

І машына паехала далей.

— Вёска! Вёска! Ну і што з таго?

Кантэн зайшоў у кафэ, сеў за першы столік і заказаў шклянку гарэлкі. Ён выпіў яе залпам, расплаціўся і адразу выйшаў на вуліцу. У ім толькі што прачнуўся незнаёмы яму дагэтуль чалавек, які вымушаў яго рухацца, дзейнічаць.

Марыя-Луіза... Яго дачка Марыя-Луіза, аказваецца, шлюха! Божа мой, ці можа такое быць? Тут нешта не так... І ўсё ж такі! А можа, існуюць дзве Марыі-Луізы Кантэн? Але ж яны не могуць жыць па адным адрасе.

Дык што, ён з'яўляецца бацькам такой самай шлюхі, такой самай подсцілкі, як тая, якую ён бачыў учора вечарам або сёння раніцай? Ну гэта, чорт вазьмі, мы яшчэ паглядзім! Кантэн — вёска! Кантэн — недарэка! Кантэн — слабак, які ўсё сцерпіць ад сваіх дзяцей!

Ён раптам успомніў, як жонка некалі сказала яму:

— Твая Марыя-Луіза наробіць табе ў рот, і ты скажаш дзякуй.

Ён сціскаў кулакі. Хай толькі ён знойдзе яе! Хай толькі яна трапіць яму ў рукі! Можа, у яе знойдзецца абаронца, але Кантэн яшчэ не стары. А потым, яшчэ ёсць паліцыя. Паліцыя? Як ён пра гэта раней не падумаў? Туды трэба было звярнуцца адразу. Там гэтых дзевак павінны добра ведаць. Прынамсі, ён зможа атрымаць даведку. Ён будзе ведаць праўду. Яму вернуць яго дачку або пасадзяць яе ў папраўчы дом.

Дзе ён бачыў паліцэйскі пост? Гэта было ўчора вечарам. Кантэн успомніў блакітную светлавую шыльду з белымі літарамі «Паліцыя». Там стаяў паставы з аўтаматам. Але дзе гэта было? Кантэн цяпер не мог успомніць. Дарэчы, а дзе цяпер ён знаходзіцца?

Кантэн прачытаў на шыльдачцы «Вуліца Біржавая». Гэта яму нічога не гаварыла, і Кантэн вырашыў пашукаць паліцэйскага. Ён прайшоў яшчэ крыху ўперад і ўбачыў ля скрыжавання паставога. Кантэн спытаўся ў яго, дзе знаходзіцца камісарыят паліцыі.

— А які вам патрэбен?

Кантэн не ведаў, што адказаць. Тады мужчына ў белым кепі сказаў:

— Гэта залежыць ад таго, які вам патрэбен. Напрыклад, вы згубілі рэч, то вам трэба ісці на вуліцу Сэн-Жан.

— Не, — прамовіў Кантэн, — гэта справа асабістая і тэрміновая.

— Вы не адсюль? Нетутэйшы?

— Але.

— Значыць, вам трэба ісці ва ўчастак. Плошча Антанэн Пансэ. Вы ўбачыце самі, гэта побач з паштамтам, калі ідзеш у бок Рэйна.

Паставы вызваліў руку з-пад пелерыны і паказаў Кантэну кірунак, у якім трэба ісці. Кантэн выслухаў яго тлумачэнні, падзякаваў і пайшоў.

Цяпер на вуліцах народу было менш, і ён мог крочыць шпарчэй. Кантэн ступаў шырока, часта перахопліваў пакунак то адной, то другою рукой, раз-пораз папраўляў капялюш, які спаўзаў з мокрай галавы. Ідучы, ён ледзь стрымліваў у сабе гнеў. Гэты гнеў надасць яму сілы, калі ён скажа паліцэйскаму: «Я шукаю сваю дачку-прастытутку». І ён ведаў, як нялёгка будзе сказаць гэта. Ён зразумеў гэта яшчэ тады, калі звярнуўся да паставога і не змог растлумачыць, чаго ён хоча.

Чаго ён хоча? Ён хоча знайсці сваю дачку Марыю-Луізу. Дзяўчынку, якую ён адну адпусціў у гэты вялікі горад, а яна згубілася. Што з ёй тут здарылася? Невядома! Хто вінаваты? Можа, гэты агідны Раберці альбо гэта жанчына з блакітнымі валасамі? Трэба іх арыштаваць? Кінуць у турму? А разам з імі і гэту шлюху, што жыве на адной лесвічнай пляцоўцы з Марыяй-Луізай? Можа, якраз яна і сапсавала малую?

— Добрая сяброўка... Мне будзе не хапаць яе...

Яна сама, відаць, не раз абкрадала яго дачку. А выдумала пра нейкага злодзея. Кантэну карцела пабіцца з кім-небудзь. За некалькі хвілін ён ператварыўся ў зусім іншага чалавека. Цяпер ён глядзеў на сустрэчных з нянавісцю. Кантэн спадзяваўся ўгадаць на іх тварах нейкую віну. Усе маладыя хлопцы здаваліся яму злодзеямі і мелі звычкі сутэнёраў. Чаму фараоны не арыштуюць усю гэту сволач? Чаму гэтыя падонкі гуляюць на волі? Каб псаваць сумленных дзяўчат? А фараоны не звяртаюць нават увагі на іх. Яны стаяць побач па двое, па трое на рагу вуліц і толькі перашкаджаюць вам пераходзіць там, дзе вам пажадаецца. А ў гэты час, замест таго каб займацца справай, дзяўчаткі гандлююць сваім целам. Кажуць, што і сярод паліцэйскіх ёсць сутэнёры. Цяпер Кантэну няцяжка ў гэта паверыць. Але калі яно сапраўды гэтак, ці можа ён тады спадзявацца на дапамогу камісара паліцыі?

Па меры таго як Кантэн набліжаўся да плошчы Пансэ, у яго галаве ўзнікала тысяча довадаў наконт таго, каб не ўблытваць у гэту справу паліцыю.

А што, калі ён памыліўся? Калі яго ашукалі? Можа, Марыя-Луіза ўжо адумалася? Можа, яе трэба вылаяць як след? Можа, турма гэта ўжо занадта?

Ён раптоўна спыніўся. Яго позірк слізгануў па вуліцы, па незнаёмых тварах прахожых. Кантэн доўга глядзеў на ўсё гэта, потым апусціў голаў. Яго паліто было расшпіленае. Пад ім быў відаць жылет, спераду якога матляўся тоўсты срэбны ланцужок гадзінніка. Штаны былі пакамечаныя. На чаравіках выступілі шэрыя плямы солі.

А калі камісар паліцыі папытаецца, што ён, Кантэн, зрабіў дзеля таго, каб абараніць сваю дачку? Уберагчы яе ад горада? Ад гэтай пачвары?

Слова «пачвара» зноў навяло яго на роздум аб настаўніку. Цяпер усё скончана. Нават калі яна і вернецца з бацькам дадому, яна ніколі не выйдзе замуж за настаўніка. Навошта шлюха сумленнаму хлопцу? Калі яна вернецца, яна будзе...

Кантэн не ведаў, што яна будзе рабіць. Ён не ведаў нічога. Больш нічога. Як толькі ён перавёў позірк з іншых на сябе, яго гнеў растаў вокамгненна. У галаве было пуста, ногі дрыжалі, як і тады, калі ён стаяў перад дзвярыма Марыі-Луізы. У грудзях халадзела. І гэты холад быў мацнейшы, чым на вуліцы.

Кантэн павольна павярнуўся і пайшоў у другі бок.

Горад быў далёка. Ён згубіўся за бясколерным экранам, які схаваў усё: фарбы і пякельны грукат, што нагадваў дыханне магутнай пачвары.

 

18

 

Ён доўга крочыў проста так, без мэты. Нарэшце выйшаў да ракі, пайшоў уздоўж яе, але яго нічога не займала. Позірк не спыняўся ні на чым, і нічога не знаходзіла водгуку ў яго сэрцы.

Толькі ўвесь час прыходзіла ў галаву фраза:

— Марыя-Луіза — працаўніца... Гэта не тая дзяўчына, якая бавіцца.

Гэтыя словы паўтаралі розныя людзі. Хто сказаў іх першы, прастытутка з пятага паверха ці родная маці Марыі-Луізы?

Ізабэла таксама часта казала, што яе старэйшая дачка вельмі працавітая, вельмі ўпартая ў дасягненні сваёй мэты. Яна сама надумала паехаць у горад. Маці лічыла, што так будзе для яе лепш. Марыя-Луіза сама адштурхнула ад сябе настаўніка. Яна паставіла сабе вышэйшую мэту. Бо яна ж гэткая ўпартая! Яна не будзе марна траціць гэтулькі часу, каб зноў вярнуцца ў глуш! Навошта ёй дабівацца становішча, каб потым скончыць жыццё на кухні вясковага настаўніка? Навошта атрымліваць прафесію артыста, каб потым латаць шкарпэткі? Варта толькі паглядзець на падарункі, якія яна прысылала сваёй сястры, каб уявіць, якога становішча яна дамаглася. І ўсё адна! Простая сялянская дзяўчына! Яе бацька нават пальцам не варухнуў, каб дапамагчы.

Кантэн паўтараў гэтыя словы, жаваў іх, быццам кавалак кары, набраклы горкім сокам. І чым больш ён жаваў іх, тым больш яны атручвалі яго, быццам былі ядам.

Гэта ён вінаваты ва ўсім, раз такое дапусціў. Ён ніводнага разу не наведаў сваё дзіця. Цяпер што, біць яе? Лаяць? Забраць адсюль сілай і завезці дадому? А можа, яна засмяецца яму ў твар? Бо ён жа ніколі не патурбаваўся нават, каб даведацца, як яна жыла з таго часу, як пакінула бацькоўскі дом.

У яго галаве ўсё перамяшалася: і словы прастытуткі, і словы яго жонкі, і словы кансьержкі, і словы жанчыны з блакітнымі валасамі, і словы дзяўчыны з салона Раберці. Яны ўсё больш і больш пераконвалі яго, што Марыя-Луіза загубіла сябе.

Ён марна шукаў слоў, якія б маглі суцешыць яго, даць хоць невялічкую надзею. Такіх слоў не было.

— У Фернана... Апоўдні... Часам яна там бывае. Магчыма, вам пашанцуе.

Гэтыя словы сказала светлавалосая прастытутка. Цяпер яны ўсхвалявалі Кантэна.

— Мне будзе не хапаць Марыі-Луізы... Яна добрая сяброўка.

А што, калі гэтая шлюха была толькі суседкай яго дачкі на лесвічнай пляцоўцы або проста кліенткай, якой Марыя-Луіза рабіла прычоску? І не брала грошай. Таму яна шкадуе Марыю-Луізу. Шкадуе, што тая паедзе. Значыць, Марыя-Луіза не адчыніла свайго салона. Але калі яна стала прастытуткай, дык навошта ёй пакідаць Ліён? Тым больш навошта ехаць у Парыж?

Небарака! Няўжо прастытутка будзе гэтак гаварыць пра звычайную суседку?! Няўжо недастаткова таго, як глядзеў на Кантэна гэты малакасос з салона Раберці? Можа, якраз ён ва ўсім і вінаваты, гэты смоўж? З якой асалодаю размазаў бы Кантэн яго агідную фізіяномію!

Кантэн спыніўся. Яму здавалася, што ён зараз звар'яцее, што зараз яго галава лопне, як бурбалка, і ўсё будзе скончана.

І сапраўды, які ён вар'ят! Пакінуць родныя мясціны, каб за адну ноч згубіцца тут, забіць у сабе чалавека, якім ён быў ад нараджэння. Горад выбіў яго з раўнавагі, і цяпер Кантэн быў гатовы нават забіць чалавека за тое, што той не так на яго паглядзеў. Вось што зрабілася з ім. І ўсё за тое, што ён палічыў сваю дачку загубленай. Ледзь усю паліцыю на ногі не падняў.

Як знайсці ў сабе сілы, каб супакоіцца?

Кантэн паглядзеў навокал, каб вызначыць, дзе ён знаходзіцца. Невялікая царква на ўзгорку дазваляла яму лёгка арыентавацца тут. Ён зразумеў, што ішоў у напрамку Пераша, а яму патрэбна была рэстарацыя, якая знаходзіцца побач з тэатрам. Кантэн бачыў тэатр учора вечарам, а таксама зусім нядаўна. Ён вернецца, ён шпарка пойдзе туды, хоць ведае, што ў яго вельмі мала шанцаў спаткаць дачку ў рэстарацыі ў гэты час. Але гаспадар павінен ведаць яе, і, магчыма, ён скажа Кантэну, дзе Марыя-Луіза працуе. Кантэн успомніў, як дачка расказвала, што яна харчуецца ў адным і тым жа месцы. Відаць, так яно і ёсць. Як ён пра гэта раней не падумаў.

Чым бліжэй падыходзіў ён да рэстарацыі, тым больш спакайнеў. Апынуўшыся перад шыльдаю «У Фернана», Кантэн зусім супакоіўся.

Вузенькі ўваход быў зроблены з цёмна-чырвонага дрэва, акенца было напалову завешанае фіранкамі, і калі б Кантэн устаў нават на дыбачкі, ён не ўбачыў бы, што там робіцца ўсярэдзіне.

Раптам у грудзях прачнуўся боль, які нагадваў маленькага грызуна, што распачынаў сваю работу. Няўжо спакой пакіне яго зноў?

Не разважаючы больш, Кантэн паклаў руку на клямку. Нават вагі яго рукі было досыць, каб дзверы расчыніліся. Невялікае памяшканне было пустое. Сталы, засланыя папяровымі абрусамі, стаялі шчыльна, зверху былі раскладзены прыборы. Адразу налева ад дзвярэй знаходзіўся бар.

У зале панавала цішыня. З дзвярэй, якія былі ў глыбіні бара, ішоў пах смажанага мяса.

Кантэн паглядзеў у бок вуліцы. Яму хацелася ўцячы адсюль. Аднак ён не варухнуўся. Дзесьці нешта грукнула. Потым адчыніліся і зачыніліся дзверы. Пачуліся павольныя крокі. З'явіўся дужы чырванатвары мужчына гадоў пад пяцьдзесят, у блакітным, як у садоўніка, фартуху. Стаўшы за прылаўкам, ён спытаўся, гледзячы на Кантэна:

— Што, не горача?

— Не.

— Зранку здавалася, што будзе сонечна, але вось зноў хмарыцца.

Чалавек змоўк. Ён абапёрся рукамі на край прылаўка і чакаў.

Кантэн зразумеў, што трэба нечага выпіць.

— Дайце мне шклянку віна, — прамовіў ён.

— Белага?

— Але, белага.

Чалавек выняў з невялікага цынкавага бака літр белага віна і наліў шклянку на высакаватай ножцы.

— Не здзіўлюся, калі заўтра пойдзе снег, — дадаў ён, ставячы бутэльку на месца.

Кантэн згаджаецца і падымае шклянку. Яго рука дрыжыць, халоднае віно цячэ па пальцах. Ён робіць пару глыткоў. Віно здаецца яму крыху даўкім. Пэўна, не натуральнае. Лепш трэба было заказаць кубачак кавы. Ён папрасіў віна, бо гэта было першае, што адразу прыйшло яму ў галаву.

Чалавек зноў абапёрся на свой прылавак. Цяпер ён глядзеў на вуліцу. Ён быў вышэйшы за Кантэна, таму бачыў, што там рабілася. Але Кантэну было на гэта напляваць. Ён адпіў яшчэ глыток, паставіў шклянку і раптам спытаўся:

— Мадэмуазель Кантэн будзе сёння абедаць у вас?

Чалавек пацёр свой нізкі лоб і спытаўся ў сваю чаргу:

— Мадэмуазель Кантэн, кажаце вы?

— Але. Марыя-Луіза Кантэн.

Твар чалавека раптам пасвятлеў. Падняўшы руку, ён усклікнуў:

— Вы маеце на ўвазе маленькую Марыю-Луізу?!

Кантэн згодна кіўнуў галавою. Чалавек зноў перамяніўся ў твары, неяк дзіўна ўсміхнуўся, падміргнуўшы Кантэну адным вокам, потым нахіліўся да яго і па-змоўніцку растлумачыў:

— Сказаць па праўдзе, гэта здзівіла б мяне. Здаецца, яна вельмі занятая цяпер. Па-мойму, на яе ўжо нельга разлічваць.

Кантэн хацеў нешта сказаць, але ў яго перахапіла дыханне. Выгляд у яго быў прыгнечаны. Чалавек заўважыў гэта і супакоіў яго:

— Нічога, бацька, не перажывай. З кім не бывае. Я параіў бы не траціць марна часу. Я даўно зразумеў, што гэта малая створана не для такога жыцця. Яна заўсёды мела нейкую сваю думку ў галаве. Толькі шукала выпадку. Як кажуць, чакала свайго часу. Мы з жонкай заўсёды казалі, што яна зусім не такая, як іншыя.

Кантэн паглядзеў на гэтага чалавека, потым на шклянку віна, пасля зноў на чалавека, які пачаў расказваць яму пра шматлікія якасці Марыі-Луізы, якія дапамагалі ёй выкручвацца ў жыцці.

— Вы ведаеце, многія жадалі б пакончыць з гэтым. Але ім не хапае таго, што ёсць у яе. Менавіта гэтага ім усім не хапае.

Чалавек ажно стукнуў сябе па лобе ад захаплення.

Дык, значыць, гэта праўда. Марыя-Луіза дасягнула большага, чым іншыя. Але, Божа мой, у чым? Няўжо і цяпер ён мае на гэты конт нейкія сумненні?

Чалавек усё гаварыў.

— Ведаеце, мы бачым тут многіх. Але, паверце мне, такія, як яна, сустракаюцца рэдка. А потым, гэта яшчэ звязана з узростам. Для большасці, калі яны пачынаюць думаць, ужо вельмі позна.

Кантэн быццам прырос да крэсла. Кожнае слова чалавека падае ў яго, быццам камень на дно калодзежа. І гэты камень застанецца ў яго душы назаўсёды. Яго цела памёрла. Яно паралізавана, яно загублена нейкай невядомай гангрэнай. Адзін толькі розум яшчэ жыве.

Гаспадар кафэ расказваў цяпер пра сяброўства, якое ўзнікла паміж яго жонкай і Марыяй-Луізай. Іх адносіны нагадвалі адносіны маці з дачкой. У гэты момант увайшла гаспадыня. Яна была тоўстая і круглатварая, маленькія вочкі, быццам свярдзёлкі, упіліся ў Кантэна.

— Я вось толькі што расказваў пра Марыю-Луізу, — павярнуўся да яе муж.

Жанчына заківала галавою. На тлустым падбароддзі ўзніклі складкі. Яна залапатала:

— Ой, як шкада, што яна паехала ад нас. Але што зробіш... Ёй выпаў шанс. Яна сарвала вялікі куш. Яе забірае да сябе важны тып. Яны ўсе, па сутнасці, мараць аб гэтым, але шанцуе далёка не кожнай.

Зноў умяшаўся гаспадар:

— Кожны будуе сваё жыццё, як можа, толькі не ўва ўсіх атрымліваецца. А вось за яе я спакойны, яна малайчына.

Яны так гавораць між сабою, быццам Кантэна няма тут. Яны ўспамінаюць першы прыход Марыі-Луізы, яе расказы пра родную вёску, пра першага гаспадара, які абыходзіўся па-свінску з усімі новенькімі. Ах, прастытуцыя, прастытуцыя... Каб жа хто ведаў, дзе яна часам хаваецца. Тое, што гэтыя дзяўчаты вымушаны спаць са сваімі гаспадарамі, ці ж гэта лепш, чым ходнікі? І ніхто слова не скажа. Вось якая крывадушнасць! Усе гэта ведаюць, толькі выгляду не паказваюць. Але ў Марыі-Луізы моцны характар. Яна — адчайная галава. У яе хапае розуму, каб абараніць сябе. Яна ніколі не жадала працаваць на мужчыну. О, гэта патрабуе вялікай смеласці!

Кантэн не можа зварухнуцца. Ён прыгінаецца ўсё ніжэй і ніжэй, быццам трапіў пад моцны лівень.

Мужчына гаворыць пра гандаль, пра палітыку і называе ўсё гэта горшай з прастытуцый. Сама вялікай на свеце. Усе высокія начальнікі — хабарнікі! Дастаткова толькі паглядзець на справы мэрыі або прэфектуры. Там усё нячыста, ён гэта добра ведае.

— Але Марыя-Луіза сапраўды вельмі добрая дзяўчына, — заканчвае гаспадар сваю доўгую прамову.

— Канечне, яна вельмі разумна робіць, — дадае тоўстая жанчына. — Многія крытыкуюць яе, але я лічу, што яна мае рацыю.

І яна паўтарае зноў і зноў, як ёй шкада, што Марыя-Луіза паехала.

Заходзіць наведвальнік. Кантэн машынальна асушае сваю шклянку. Ад віна ў страўніку адчуваецца холад.

Цяпер гаспадары размаўляюць з новым наведвальнікам. Кантэн развітваецца, дзякуе і накіроўваецца да дзвярэй. Ён ужо кладзе руку на клямку, як чуе вокліч гаспадара:

— Гэй, бацька, гэта будзе трыццаць франкаў!

Кантэн вяртаецца, дастае з кішэні свой партаманет, сарамліва кажа словы прабачэння. Перад тым як выйсці з кафэ, ён яшчэ раз пытаецца:

— Дык яна апоўдні не прыйдзе, вы ўпэўнены?

Яму адказвае тоўстая гаспадыня:

— Не, не прыйдзе. Яна развіталася з намі ўчора.

Кантэн адчыняе дзверы. Ужо на парозе ён чуе, як гаспадар пасмейваецца з яго:

— Во дае, стары корч! Тут сапраўды паверыш у Дзеда Мароза... Ажно ў галаве не ўкладваецца!

 

19

 

Неўзабаве Кантэн зноў апынуўся ля вакзала Пераш. Пот цурком ліўся з яго, зубы ляскалі ад холаду. Як ён прыйшоў сюды? Чаму?

Пад пахай у яго па-ранейшаму быў пакунак для Марыі-Луізы, толькі цяпер папера крыху падралася з аднаго боку. Кантэн успомніў, што ён паслізнуўся на каналізацыйным люку і паваліўся. Нейкія мужчына з жанчынай дапамаглі яму падняцца. Ён нават успомніў, як жанчына сказала, спачуваючы:

— Бедны чалавеча, добра, што ў вас тоўстае паліто.

Кантэн не ведаў, падзякаваў ён гэтым добрым людзям ці не. Ён нават не запомніў іхніх твараў.

Кантэн папытаўся ў даведачным акенцы пра расклад цягнікоў. Раней як у 18 гадзін 59 хвілін нічога не было. Яму гэта было даўно вядома, але ён забыўся, бо галава яго апусцела. Яна вызвалілася ад усяго, што было ў ёй перад прыездам сюды, і напоўнілася горадам, тварамі, гукамі, галасамі... Асабліва галасамі. Яны гучалі бесперапынна, але нельга было разабраць асобных слоў. Ды і словы гэтыя не мелі больш ніякага сэнсу. З іх утваралася глухое бурчанне пачвары, якая сядзела перад гэтым вакзалам і называлася горадам.

Кантэн сядзеў некалькі хвілін на багажнай лаўцы перад зачыненым акенцам, дзе прымаюць багаж. За дзвярыма, якія вялі ў галерэю грузавых і паштовых перавозак, проста на падлозе спалі два няшчасныя, закруціўшыся ў брудныя паліто. Аб іх увесь час спатыкаліся служачыя вакзала, пасажыры і насільшчыкі, але ніхто не звяртаў на гэта ўвагі. Яны ляжалі сярод натоўпу і былі яму чужыя.

Калі Кантэн зірнуў на насценны гадзіннік, было ўжо крыху больш чым апоўдні. Ён падлічыў, што да адыходу цягніка яшчэ заставалася шэсць гадзін, і тут раптоўна яго ахапіў такі жах, што ён ускочыў з месца.

І ён збіраўся паехаць адсюль, нават не пабачыўшы сваёй дачкі? Ён жа ўцёк ад яе! Пасля кафэ ён не пайшоў на вуліцу Сухога Дрэва, каб яшчэ раз пашукаць Марыю-Луізу, а пабег сюды! Ён сядзеў тут, ахоплены панікай, гатовы адмовіцца ад усяго, абы толькі сесці на першы цягнік, які адвязе яго да свайго дому, да сваёй зямлі, да спакойнага жыцця. Ён нічога не зрабіў, каб перашкодзіць сваёй дачцэ застацца тут, ён проста пакідаў яе.

А Ізабэла і Дэніза чакаюць Марыю-Луізу. Яны ўпэўненыя, што ён прывязе яе дадому сёння вечарам. Яны будуць сядзець удзвюх за сталом, перад імі будуць стаяць талеркі гарачага супу... І тут ён з'явіцца на парозе адзін. Ці хопіць у яго смеласці? Няўжо ён сцерпіць, каб яму плюнулі ў твар? Ён прыедзе да іх і нічога не скажа...

А што, калі ўсё гэта, аб чым ён даведаўся, няпраўда, паклёп? Можа, з небаракі-селяніна тут проста пасмяяліся?

Кантэн зноў ускочыў з месца і пачаў хадзіць узад-уперад па агромністай зале. Ён хацеў крыху прывесці свае думкі ў парадак.

Сапраўды, усё сыходзілася. Усё было супраць Марыі-Луізы. Усё гэта было невыпадкова. Людская злосць тут ні пры чым. Трэба быць вар'ятам, каб яшчэ на нешта спадзявацца. Але калі ён думаў аб надзеі, яму хацелася смяяцца з сябе. Смяяцца з сваёй жонкі, з настаўніка, з іх захаплення ад Марыі-Луізы. Яму здавалася, што ён чуе, як усе яны паўтараюць хорам прыпеў гаспадара кафэ і яго жонкі. Гэты прыпеў быў працягам прыпеву Ізабэлы.

— Гэткае становішча! Гэткая працавітая дзяўчына! Сур'ёзная, і ўсё тут. Не такая, як іншыя... З характарам, не проста так! Столькі працаваць, каб потым цыраваць настаўнікавы шкарпэткі! Вярнуцца ў сваю вёску? Ды як вы маглі падумаць такое?!

Што яна працавала добра, з гэтым згаджаліся ўсе. Нават яе суседка па лесвічнай пляцоўцы, гэта курва, шлюха, сучка!

Божа літасцівы! Што ён, Кантэн, такое зрабіў?!

Навошта яны хвалілі яе? Для дзяўчыны, якая так нізка ўпала, гэта ўжо занадта. Было б, здаецца, лягчэй, калі б яна адправілася на другі канец свету, каб там даглядаць пракажоных!

Бач ты: яна ведала, як сябе паводзіць. Адмовілася спаць з Раберці. Падумаць толькі! А гэты Раберці? Можа, якраз з яго ўсё і пачалося? Гэта подлая душа вінаватая ва ўсім! Можа, гэта і быў той малакасос? Не, Кантэн добра ведаў, што гаспадару было не менш за пяцьдзесят. Але ж усё роўна падонак! Ці ж Кантэн не мае права пайсці і разлічыцца з ім за ўсё? Набіць яму морду сярод яго смярдзючых флаконаў? І сказаць, што ён крыху спазніўся, аднак ён бацька і можа заступіцца за сваю дачку.

Кантэн машынальна пакрочыў у бок салона, але раптам у яго галаве загучалі словы Ізабэлы:

— Калі табе давядзецца пайсці туды, то ты павінен знайсці патрэбныя словы.

І ён ужо сабраўся вяртацца, каб растлумачыць Ізабэле, што здарылася з яе дачкой... Што яе дачка...

На гэтым слове ён быццам спатыкнуўся. Кожны раз, калі ён хацеў прамовіць яго, думаючы пры гэтым аб сваёй жонцы, аб сваім доме, аб Дэнізе, у яго раптоўна сціскалася горла. Гэта слова там не падыходзіла, яно падыходзіла толькі тут.

Ён крочыў шпарка. Час ад часу на яго нападала ікаўка: страўнік не хацеў прымаць халоднае і кіслае віно, якое Кантэн нядаўна выпіў.

Калі ён выйшаў на вуліцу Сухога Дрэва, то зноў завагаўся. Яго рукі дрыжалі. Кантэн бачыў гэта, але ніяк не мог авалодаць сабою.

Ён борздзенька ўзбег на пяты паверх. У грудзях пякло, у горле сіпела. Цяпер ён усё добра ўсведамляў, і, нягледзячы на тое, што ў яго трэсліся рукі, ён адчуваў у іх нейкую моц.

Кантэн больш не вагаўся. Ён моцна пастукаў у дзверы і крыкнуў:

— Марыя-Луіза! Гэта я... Адчыні!

Цішыня. Здаецца, прайшла цэлая вечнасць. Кантэн пастукаў мацней і крыкнуў яшчэ раз:

— Марыя-Луіза! Адчыні! Гэта твой...

У той момант, калі ён хацеў сказаць «бацька», яму прыгадаліся словы гаспадара кафэ: «Ну, бацька, з гэтым прыходзіцца мірыцца».

Кантэн ледзь не закрычаў ад болю, так яму балела. Балела ўсюды, як быццам яго моцна збілі.

Ён пастукаў яшчэ раз і крыкнуў. З суседніх дзвярэй пачуўся мужчынскі голас:

— Яе няма дома! Ды і глухой гэта лялька ніколі не была. Што ён сабе думае?

Пачуўся смех жанчыны. Смех чысты і вельмі высокі. Кантэн пачаў спускацца ўніз. Насустрач яму трапляліся людзі. Ён падыходзіў да пакоя кансьержкі. Шкляныя дзверы адчыніліся з тонкім бразгатаннем, якое нагадвала смех той жанчыны.

— Вы ўсё шукаеце мадэмуазель Кантэн? — спыталася кансьержка.

Ён кіўнуў галавою ў адказ.

— Вы крышачку спазніліся. Я павінна сказаць, што яна прыходзіла, але доўга не пабыла. Узяла два чамаданы і пайшла. Сказала, што астатняе забярэ потым ці прышле каго. Кватэра застаецца за ёю да канца студзеня.

Кантэн зразумеў, што ён спазніўся. Але ў яго хапіла сілы, каб спытацца:

— Дык што, яна паехала ў Парыж?

— Вядома, у Парыж...

Жанчына вагалася. Яе твар нічога не выказваў, аднак можна было здагадацца, што яна нешта думае. Нарэшце яна сказала:

— Калі я добра зразумела, яна, як кажуць на тэлебачанні, выцягнула шчаслівы білет.

— Яна пакінула вам адрас?

Кантэн гаварыў упэўнена, але аўтаматычна. Кансьержка паглядзела на яго пакунак і адказала:

— Я павінна забіраць яе пошту.

— Дык ёсць у вас яе адрас ці не?

Жанчына незадаволена выцягнула ўперад вусны. Кантэн глядзеў ёй проста ў вочы і заўважыў, што яна крыху баіцца яго позірку. Нарэшце яна зрабіла няпэўны жэст і прабурчала:

— Ай, ды што там! Яна ж не забараняла мне даваць камусьці гэты адрас...

Яна зайшла ў пакой і адразу вярнулася да Кантэна з кавалачкам блакітнай паперы, якраз на такой Марыя-Луіза пісала ім лісты. Яна паглядзела на гэты шматок паперы і, смеючыся, сказала:

— Я яго нават не чытала сама. Калі вы жадаеце паслаць ёй ваш пакунак, гэтага адраса, можа, і дастаткова. Але каб убачыць... Яна напісала тут: Да запатрабавання. Паштовае аддзяленне, 57, вуліца Дзіжон.

Кантэн машынальна паўтарыў:

— Вуліца Дзіжон...

І змоўк. Жанчына пачакала хвіліну, пасля сказала:

— Вам няма чаго крыўдзіцца. Ва ўсякім разе, вы атрымалі ад мяне даведку.

Кантэн расшпіліў футра, дастаў партаманет, адлічыў сто франкаў. Жанчына падзякавала яму, збіралася ўжо пайсці, але павярнулася і паведаміла:

— Я вось што думаю. Раз яна пайшла адсюль нядаўна, вы можаце зазірнуць у «Там-Там». Гэта начны клуб, які знаходзіцца на рагу Тэатральнай вуліцы. Яна павінна зайсці туды, каб развітацца з сяброўкамі. Можа, вам пашанцуе. Гэта ж яе ўчастак, квартал «Там-Тама».

Выходзячы з будынка, Кантэн адчуў, што сілы зусім пакінулі яго. Да гэтага часу яго падтрымлівалі то гнеў, то надзея. Цяпер у яго не было нічога. Ён адчуваў, што можа вось-вось паваліцца на ходнікі. Бялізна яго змакрэла ад поту, і Кантэну зрабілася вельмі холадна на вуліцы. Ён увесь дрыжаў, яму карцела легчы проста тут, на дол, пад сцяну, як тыя бадзягі, якіх ён бачыў пры ўваходзе на вакзал.

Калі ён ляжа так, яго падбяруць, адвязуць у турму ці ў бальніцу, дзе ён зможа нарэшце выспацца.

Ад слабасці задрыжалі ногі, і Кантэн вырашыў зайсці ў кафэ. Паветра ў памяшканні было цёплае, густое, пахла смажанай ежай. У глыбіні залы Кантэн прыкмеціў пустую лаўку. Яна вабіла да сябе, бо стаяла ў цені і была адгароджаная ад астатняй часткі залы невялікім зэдлікам, на якім стаяў вазон з шырокім лісцем. Там можна было добра прымасціцца, паклаўшы локці на мармуровы стол, і нейкі час падрамаць за шклянкай. І ніхто не будзе табе перашкаджаць. Кантэн доўга змагаўся з жаданнем пайсці і прысесці там. Стоячы ля прылаўка, ён абапёрся на яго ўсім целам і залпам выпіў чарку гарэлкі, якая не мела ні смаку, ні паху, бо была зроблена не з чыстага вінаграду і ніколі не захоўвалася ў бочцы. Але гэта мала яго хвалявала. Чарка была маленькая, і Кантэн папрасіў яшчэ адну.

Побач мужчыны вялі размову пра скачкі. Яны казалі, што скачкі адмененыя з-за снегу, і гэта іх прыводзіць у адчай. Яны лічылі гэту справу такой сур'ёзнай, быццам ад яе залежала іх існаванне, і Кантэну карцела крыкнуць: мне б вашы турботы!

Выпітая гарэлка і дурнота гэтых мужчын абудзілі ў Кантэне злосць. Яна надала яму сілы, і ён выйшаў на вуліцу.

Цяпер холад здаваўся яму не такім моцным, як раней, і Кантэн адчуў, што пратрымаецца яшчэ некалькі гадзін.

Ён павінен зрабіць усё, каб знайсці Марыю-Луізу і забраць яе з сабою. Забраць так, каб яна нават не змагла западозрыць, што ён пра яе даведаўся тут. І ён не будзе дома прыспешваць яе, будзе чакаць, пакуль яна сама не паспрабуе сябе выратаваць.

Кантэн намагаўся ўспомніць, што адбывалася ў яго на вачах з таго моманту, як ён прыехаў сюды. Намагаўся ўзгадаць, што яму казалі. Ён імкнуўся зразумець, як гэта ўсё магло здарыцца з яго дачкой, якая ж яна ўсё-такі на самай справе і што змагло яе так хутка адарваць ад сваіх, ад усяго таго, што рабіла іх жыццё простым і прыгожым.

Калі ён збіраў усё гэта ў адно, каб атрымаць поўнае ўяўленне пра Марыю-Луізу, у яго было такое пачуццё, што гэты вобраз зусім не падобны на Марыю-Луізу.

Кожны раз ён прыходзіў да высновы, што яна не магла перамяніцца поўнасцю. Канечне, яна змянілася пад уплывам дрэннага асяроддзя, у якое трапіла з вёскі, але досыць яму спаткацца з ёю, як яна стане ранейшай.

Кантэн успомніў, як яны разумелі адно аднаго, як пераглядаліся, калі маці пачынала сварыцца. Гэта маўклівая згода надавала ім абаім сілы, дазваляла адчуваць сябе шчаслівымі.

Калі ён убачыць Марыю-Луізу, яму не трэба крычаць. Трэба знайсці сілы ўсміхнуцца, прыняць змоўніцкі выгляд. Раней гэта прыносіла ім столькі таямнічай радасці! А калі ён закрычыць, яна адразу выпрастаецца, як гэта было ў дзяцінстве, пачне агрызацца, яе позірк зробіцца непраніклівым.

Ніхто і ніколі не мог нічога дабіцца ад яе крыкам. Ад грубасці яна рабілася нерухомай, быццам камянела. Кантэн ведаў, што гэта найгорш.

Тут Кантэн успомніў раптам жончыны словы:

— Калі яны не захочуць адпусціць яе, ты скажы ім, што я захварэла і вельмі хачу яе ўбачыць.

Ці ж мог ён прадбачыць, што няпраўду давядзецца казаць не гаспадарам, а дачцэ? Ён ведаў, што Марыя-Луіза будзе падрабязна распытваць яго пра матчыну хваробу. Ён шукаў патрэбных слоў, але нічога не мог прыдумаць.

А што, калі Марыя-Луіза скажа «не»? Калі яна скажа, што гэта немагчыма, што яна не зможа паехаць з ім, каб нават наведаць сваю хворую маці?

Такая акалічнасць палохала яго, але ён адчуваў, што можа быць і такое. Тут ён крыху падумаў і раптам успомніў пра Дэнізу. Вось пра каго павінен ён сказаць!

І Кантэн павольна вымавіў уголас словы, якія ён скажа ёй:

— Дэніза моцна захварэла... Трэба, каб ты паехала са мною... Яна вельмі хоча бачыць цябе...

Ён сказаў гэта, і яму адразу ўспомнілася іх дзяцінства. Кантэн бачыў вочы дзяўчатак, у якіх ён мог заўсёды прачытаць радасць і нягоды. Ён чуў іх вясёлы бесперапынны смех. Ён памятаў слёзы Марыі-Луізы, калі Ізабэла павезла Дэнізу ў бальніцу. Той раніцай ён супакойваў яе цэлую гадзіну.

Толькі цяпер Кантэн зразумеў, што апошні раз, мінулым летам, Марыя-Луіза прыязджала, каб наведаць не столькі бацьку з маткай, як сястрычку, яе Дэнізу.

Каб жа яму ўдалося пагаварыць з ёю! Ён бы пераканаў яе, што трэба ехаць дамоў, бо Дэніза захварэла. Ён расказаў бы пра яселькі, якія яны рабілі перад Калядамі ў дзяцінстве... Толькі каб хапіла мужнасці зманіць...

Зманіць. Адно гэта слова нагадала яго колішнюю размову з жонкай. Яна казала:

— Ты напішаш яе гаспадарам... Ты скажаш ім аб сваіх прынцыпах... Скажаш, што ты сумленны чалавек і ніколі нікому не хлусіў!

Яна мела рацыю: сапраўды, ён мог пахваліцца, што ніколі нікому не схлусіў. І цяпер ён адчуваў сябе няёмка ад таго, што яму давядзецца ілгаць дачцэ.

Яны разам паедуць адсюль. Яны будуць ісці заснежанай дарогай. Потым яны трапяць у дамашняе цяпло. Іх сустрэне шчаслівая Дэніза. Ад радасці яна будзе яшчэ прыгажэйшай.

Кантэн запаволіў крок. Ён лёгка ўяўляў сабе ўсё гэта, вось толькі не мог уявіць рэакцыі Марыі-Луізы на тое, што бацька ёй схлусіў. Яна ж таксама ніколі не чула, каб ён казаў няпраўду.

Апынуўшыся ля тэатра, Кантэн лёгка знайшоў «Там-Там», але надпіс на дзвярах установы папярэджваў, што яна адчыняецца ажно ў 15 гадзін.

У 15 гадзін Марыя-Луіза будзе далёка адсюль. Кантэн быў на вакзале, але нават не пацікавіўся раскладам цягнікоў на Парыж. Пэўна, у яго было больш шанцаў убачыць дачку на вакзале, але ж ён там не застаўся. Ён таксама не змог дачакацца яе на кватэры, а цяпер вось траціў апошні шанц спаткаць яе. Можа, трэба хутчэй ісці на вакзал і шукаць яе там? Не стаяць жа тут цэлыя дзве гадзіны, ля гэтых маленькіх вітрынаў, у глыбіні якіх на чырвонай тканіне прышпілены фотакарткі напалову раздзетых жанчын? Ён разглядаў іх нейкую хвіліну, баючыся сустрэць сярод іх сваю дачку, але хутка зразумеў, што ўсе яны — артысткі кабарэ. Яны спяваюць і адначасова распранаюцца.

— Прафесія называецца!

Сярод дзяўчат, якія займаліся гэтай прафесіяй, відаць, таксама былі смелыя, працавітыя і сумленныя. Калі б два дні назад яму сказалі, што ў яго дачкі будзе такая прафесія, ён засмяяўся б. Цяпер жа яму здавалася, што гэта прафесія не горшая за іншыя...

Кантэн перайшоў на другі бок вуліцы. Не, ён тут не застанецца. Але і на вакзал не пойдзе. Досыць. Добра набегаўся, прапусціў гэтулькі шанцаў, бо шукаў без пэўнага плана.

Насупраць дзвярэй «Там-Тама» было кафэ. Кантэн зайшоў. Ён сеў ля акна за невялікі квадратны столік, з пластмасы чорнага колеру. У яго гладкай паверхні адлюстроўваўся кавалачак шэрага неба. Кантэн замовіў кавы. Яму прынеслі невялічкі кубак і загорнуты ў паперу драбочак цукру. Кантэн агледзеўся. Бармен сварыўся з высокай доўгавалосай бландзінкай, на якой была зялёная шарсцяная майка, якая шчыльна аблягала яе грудзі і клубы. Яе цёмнаскурая сяброўка, з пляскатым носам, узад-уперад хадзіла ля прылаўка і глядзелася ў люстэрка, якое стаяла ў глыбіні залы. Кантэн пачуў, як яна сказала бармену:

— А мне ўжо стукнула пятнаццаць...

Кантэн прыгледзеўся да яе. Гэтаму дзяўчаці з жаночым целам было пятнаццаць гадоў. Яна паліла. Яна бавіла свой час у бары.

— Цэлых шэсць месяцаў, — расказвала яна, — лягавыя праводзілі мяне штовечар дадому. Цяпер ім гэта надакучыла. Бо ў мяне з'явіўся пашпарт... Чхала я на іх!

Гэтыя словы патанулі ў агульным тлуме, які стаяў у бары. Дзяўчына, апранутая ў белы світэр і ў чырвоныя штаны з аксаміту, паставіла на прайгравальніку пласцінку. Кантэн быў моцна ўзрушаны гэтым новым, незразумелым яму светам. Побач сядзеў хударлявы хлопец з тварам Хрыста, валасы ў яго былі даўжэйшыя, чым у дзяўчат. Яму саставіў кампанію здаровы дзяцюк з гальскімі вусамі. Далей сядзеў адзін за сталом нерухомы бледнатвары юнак. Яго пустыя зрэнкі не адрываючыся глядзелі ў адну кропку. Здавалася, ён адсутнічаў. Была тут яшчэ дзяўчына з тварам мадонны. Ён быў закрыты чорным вэлюмам. Кантэн падумаў, ці не сніцца яму ўсё гэта, настолькі гэты свет быў далёкі ад жыцця. На ўсіх прысутных ляжала адзнака сумнай дрымоты, твары скрывіліся ад жаху ў чаканні весялосці.

Нейкую хвіліну Кантэн яшчэ глядзеў на іх, але раптам яму зрабілася не па сабе. Ён разлічыўся і хуценька выйшаў.

 

20

 

Кантэн баяўся адыходзіцца далёка ад «Там-Тама». Ён толькі схадзіў на бераг Соны, але гэтым разам у яго знікла жаданне глядзець на раку. Ён сапраўды не ведаў, што яго чакае. Аднак, каб апраўдацца перад сваім сумленнем, прыйшоў да вываду, што трэба паспытаць апошні шанц. Інакш ён не зможа паехаць дадому.

Ён яшчэ раз зайшоў у кафэ, каб выпіць гарэлкі. Чаркі былі такія самыя маленькія, але ён хутка захмялеў, бо нічога не еў.

Нарэшце мінула трэцяя гадзіна, і Кантэн увайшоў у «Там-Там». Цяпер ён больш не вагаўся, нічога не магло яго напужаць. Аднак як толькі ён увайшоў усярэдзіну, то адразу спыніўся. Яму здалося, што ён трапіў на іншую планету. Усё тут было ружовае: столікі, лаўкі, лямпы, сцены. Нават белая афіцыянтава куртка здавалася ружовай. Кантэн глядзеў на лямпы і не разумеў, адкуль ідзе гэта ружовае святло. Здавалася, яно ішло адусюль і ніадкуль. Яно магло апускацца са сцен і са столі або, з такім жа поспехам, магло падымацца з падлогі, быццам хвалі гарачага паветра, якія падымаюцца летам з разагрэтага асфальту. Гэтае святло згушчала паветра, награвала яго так моцна, што немагчыма было дыхаць. Кантэну здавалася, што чалавечыя істоты, якія знаходзяцца тут, задыхаюцца ў гэткай атмасферы. А можа, адчуваў сябе так толькі ён адзін. Відаць, якраз гэткім бачаць перад смерцю свет вакол сябе. Кроў засцілае тады вочы.

Кантэн з намаганнем удыхнуў цяжкае паветра і прайшоў крыху ўперад. Ля касы сядзела пажылая жанчына. Яе галава была ледзь бачна. Кантэн падышоў да прылаўка і спытаўся ў афіцыянта, ці ведае ён Марыю-Луізу Кантэн. Той кіўнуў галавою ўбок і сказаў:

— Папытайцеся ў іх.

За столікам, на які ён паказаў, сядзелі дзве жанчыны. Адна сядзела спіною да залы, і Кантэну здалося, што зараз яго сэрца спыніцца. Але жанчына павярнула галаву, і Кантэн убачыў, што гэта не Марыя-Луіза. Кантэн глянуў яшчэ раз на афіцыянта. Той паўтарыў:

— Папытайцеся іх. Яны ўсё ведаюць лепш, чым я.

Кантэн стаіць, быццам паралізаваны. Ён ведае, што павінен зрабіць апошняе намаганне, каб развітацца з надзеяй. Вось яго цела крыху нахіляецца ўперад, быццам ён збіраецца ўпасці паміж столікаў, але раптам адна нага адрываецца ад падлогі, і, супраць свайго жадання, ён робіць некалькі крокаў.

Кантэн набліжаецца да століка. Спыняецца. Дзяўчына, якая сядзіць да яго тварам, ветліва ўсміхаецца і гаворыць:

— Добры вечар.

Кантэн адказвае ледзь чутна:

— Добры вечар.

Дзяўчына, што сядзіць да яго спіной, устае і ідзе да прылаўка. Першая пасоўваецца крыху на лаўцы і дае Кантэну месца.

— Сядай, — кажа.

Кантэн каўтае сліну, якой сабралася поўна ў роце, і мармыча няўпэўнена:

— Я шукаю Марыю-Луізу Кантэн...

— Цудоўна. Сядай, сядай! Я пагавару з табою пра тваю Марыю-Луізу.

Кантэн без вялікай ахвоты сядае побач з дзяўчынай, ад якой моцна пахне такімі самымі духамі, як у салоне Раберці.

Дзяўчына бярэ яго за руку і прыціскаецца да пляча.

— Мяне завуць Дыяна... Табе падабаецца? Табе павінна падабацца. Ты ж апрануты ў паліто ляснога чалавека.

Яна весела смяецца. Здаецца, Кантэн ударыў бы яе. Ён прыўстае, але дзяўчына трымае яго.

— Не варушыся, — шэпча яна, — я раскажу табе пра тваю Марыю-Луізу. Яна паехала адсюль. Яна была маёй сяброўкай...

Афіцыянт прыносіць дзве вялікія шклянкі з лёдам і мутнай вадкасцю, якая нагадвае настой палыну.

— Пагаворым ветліва, па-сяброўску, — не адстае дзяўчына. — Вып'ем па шклянцы і пагутарым, праўда?

Афіцыянт кажа:

— Гэта будзе васемсот.

Кантэн не раздумвае. Ён вымае свой партаманет і кідае на стол тысячафранкавы білет. Дзяўчына гаворыць:

— Ведаеш, твая Марыя-Луіза добрая чувіха, але ў мяне склалася аб ёй дзіўнае ўражанне.

Дзяўчына смяецца зноў. Яна паварочваецца тварам да Кантэна, ад яе моцна пахне тытунём.

— Бачыш, — працягвае яна, — здаецца, твая Марыя-Луіза паехала з тыпам, у якога аўтамабіль доўгі, быццам тралейбус. Аднак гэта мяне ніколечкі не хвалюе.

Кантэн адчувае, што дзяўчына пачынае абдымаць яго за шыю. Ён увесь напружваецца. І як толькі адчуў на сваёй шчацэ дотык яе цёплай скуры, падскоквае, быццам працяты токам. Не стрымліваецца і крычыць роспачным голасам:

— Марыя-Луіза-а-а!

Адпіхнуўшы ад сябе дзяўчыну, бяжыць да дзвярэй.

— Паглядзіце на яго, — крычыць тая, — што яму не спадабалася?

Чуецца яшчэ нейчы голас:

— Не чапай яго, ён з'ехаў з глузду!

Кантэн цягне на сябе ручку дзвярэй. Яны з першага разу не адчыняюцца. Ён яшчэ чуе, перад тым як выйсці, з'едлівы мужчынскі голас:

— Што ты яму зрабіла? Ты заўсёды абыходзішся па-зверску са старымі!

За спіной у Кантэна моцна грукаюць дзверы і рэзка абрываюць смех, які праносіцца па зале.

 

НЯПРАЎДА

 

21

 

Кантэн ішоў, быццам адсцёбаны пугай, быццам абліты варам. Яго старэчую скуру апёк дотык гэтай дзяўчыны. Ды яна ж яму дачка гадамі!

Усё ў ім перавярнулася. Кантэн нагадваў цяпер стары рухавік, які працаваў з перабоямі, сапсаваную музычную скрынку, якая іграла з перарывамі. Ён ап'янеў ад усяго таго, што пачуў. Яго ванітавала словамі:

— Стары з вялікім кашальком... Стары, у якога поўна грошай... Яны толькі і мараць аб гэтым!...

— Столькі папрацаваць, каб потым зноў вярнуцца ў вёску, дзе гнула горб не адно пакаленне Кантэнаў!..

— Кантэн — селянін... Кантэн — чорны капялюш... Кантэн — футравае паліто... Кантэн — лясны чалавек... Кантэн нямодны.., састарэлы.., бязглузды.., скончаны!

— Ведаеш, а Марыя-Луіза ўмее жыць!

— Добрая дзеўка... Працаўніца, і ўсё тут.

— Нам будзе не хапаць гэтай малой...

— Тып з доўгім, як тралейбус, аўтамабілем!

— О, гэта дзяўчына не будзе бавіцца!

— Відаць, яна добра зарабляе, калі прысылае сястры гэткія падарункі!

— Твая Марыя-Луіза — мая сяброўка...

— Скажаш ёй, што я захварэла...

— Калі я думаю аб тым, як яна там адна...

У Кантэнавай галаве пераблыталіся галасы, твары, гукі, колеры горада, якога ён больш не заўважаў вакол сябе.

Некалькі разоў ён намагаўся ўспомніць, як выглядае Марыя-Луіза, але кожны раз перад ім уставалі іншая постаць, іншы твар. То гэта была жанчына з блакітнымі валасамі, то чарнявая шлюха, то светлая, пасля дзяўчынка, якой толькі што споўнілася пятнаццаць гадоў, і, нарэшце, гэта апошняя, з «Там-Тама».

Усе яны былі на адзін твар, а значыць, не мелі яго зусім.

Неўзабаве Кантэн зноў апынуўся на вакзале. Стаў ля ўвахода і чакаў. Ён ужо страціў усялякую надзею. Ім кіраваў сабачы інстынкт: калі гаспадар памёр, сабака шукае яго сярод жывых.

Яна паехала з гэтым тыпам на машыне, але ён чакаў яе тут, ля гэтых дзвярэй, у якіх знікалі футравыя паліто і жаночыя валасы: чорныя, белыя, рыжыя... Кантэн не ведаў нават, якога колеру цяпер валасы ў яго дачкі.

У каго ён ператварыўся! У згорбленага, нямоглага старога. Яго прывыклыя да цяжкай працы вялікія і дужыя рукі нічога не маглі зрабіць, каб затрымаць Марыю-Луізу. Яны бяздзейна віселі абапал яго цела.

Людзі, ідучы, штурхалі яго, быццам ён быў непатрэбнай рэччу, якая даўно страціла сваю форму.

Кантэн чакаў. Яму здавалася, што час спыніўся. Нішто так не замаруджвае час, як рух незнаёмых твараў праз месца, у якім дзень не адрозніваецца ад ночы, бо тут, ля ўвахода ў вакзал, заўсёды былі прыцемкі.

А якім маленькім, слабым і бездапаможным адчуваў ён сябе ў гэтай вялізнай зале, дзе гукі разносіліся, як у царкве! Ён, хто адчуваў сябе гэткім вялікім і гэткім магутным, калі знаходзіўся на сваёй зямлі! Зусім іншая справа, калі ля тваіх ног рассцілаецца бязмежная раўніна, а за спіною паўстаюць крутыя ўзгоркі! Калі над табою звісае блакітнае неба, свеціць яркае сонца, а паміж лесам і хмарамі гуляе вольны вецер! Вось там Кантэн заставаўся Кантэнам, там ён адчуваў сябе чалавекам. Што б з ім ні здарылася, ён заўсёды меў там пад сабою трывалы грунт. Ад зямлі ішла нейкая нябачная непераможная сіла, якая падтрымлівала яго, дапамагала жыць і лепш бачыць тое, што рабілася навокал.

А тут Кантэн адчуваў сябе, быццам у пустыні. Імя гэтай пустыні — натоўп. Тут не было паветра, неба, святла. Тое, што тут называлася святлом, пранікала ў цела Кантэна, быццам атрута. Сапраўднае святло, якое нясе ў сабе зародак жыцця, без якога гіне зерне, сюды ніколі не трапляе.

Натоўп ідзе. Ідзе з працяглым бурчаннем, з жальбой, якая выказвае яго пакуты, яго імкненне да недасягальнай радасці.

Паступова гэты натоўп зацягвае і Кантэна. Ён вымушаны ісці разам з усімі. Яго падганяюць, па нагах б'юць чамаданы. У адрас Кантэна нясуцца абразы, калі ён пачынае шукаць свой білет, але ён ужо нічога не чуе. Яго галава робіцца падобнай на гэты вакзал, дзе ўсё вібруе, аддаецца рэхам.

Кантэн больш нічога не ведае. Ён нагадвае жывёліну, якую інстынкт вядзе да нары.

Ён заходзіць у пусты вагон адзін з першых. Садзіцца ў куток, настаўляе каўнер, здымае капялюш, каб можна было прыхіліць галаву, заплюшчвае вочы. Змораны і галодны, ён не спіць, а як быццам плавае ў ванне. Аднекуль здалёк да яго даносяцца прыглушаныя гукі, якія паўтарае бясконцае рэха.

Кантэн нагадвае цяпер пасудзіну, перамяшанае змесціва якой павінна адстаяцца, ён падобны на маладое віно, якое не перастала яшчэ брадзіць. Толькі цяпер ён зразумеў, што дарэмна прыехаў сюды. Ён не здолеў адшукаць Марыі-Луізы і ад'язджаў з болем, якога яшчэ поўнасцю не мог сабе ўявіць.

Ён задрамаў, калі ў вагон пачалі заходзіць першыя пасажыры. Кантэн расплюшчыў на хвіліну вочы, каб паглядзець, ці шмат запалена лямпачак. Вакзал быў увесь асветлены. Неба цямнела ўвачавідкі і рабілася ўсё цяжэйшым.

Кантэн адчуваў сябе спакойна. Зноў пачаў драмаць. Але раптам пачуў жаночы голас:

— Ну пэўна ж, гэта месьё Кантэн! Я яшчэ на пероне падумала: глядзі, як гэты чалавек падобны на месьё Кантэна!

Гэты голас прымусіў яго ўсхапіцца. Ён шырока расплюшчыў вочы і пазнаў дачку свайго суседа Пэрдзіго. Кантэн успомніў, што яна працуе ў канторы завода, які пабудавалі два гады назад. Дзяўчына была амаль такога ўзросту, як Марыя-Луіза. Ён адразу падумаў пра гэта і адчуў, што яна будзе ў яго пытацца пра дачку. Кантэн гэтага баяўся. Ён ліхаманкава шукаў словы, якія б маглі адцягнуць яе ўвагу ад Марыі-Луізы, але дзяўчына аказалася спрытнейшай, чым ён.

— Вы прыехалі пабачыцца з Марыяй-Луізай, — сказала яна.

Сказана гэта было не ў запытальнай форме, бо гэта ж было так натуральна, што бацька зрабіў такое падарожжа. Вядома, ён хацеў пабачыць дачку.

— Але, — адказаў Кантэн.

— Ну як, яна задаволеная?

— А як жа.

— Яна не часта прыязджае да вас?

— Сама разумееш, гэта не проста.

— Канечне, у кожнага свой занятак. Як кажа мой бацька, у нашы дні гадзіннік вядзе людзей, стрэлкі круцяцца хутчэй, чым некалі.

Яна засмяялася. Ёй хацелася, каб яе бацька меў рацыю. Яна сама жыла па гадзінніку. Каб начальнік адпусціў яе на адзін толькі дзень, ёй трэба было дамовіцца з сяброўкай, а гэта не так лёгка.

Кантэн больш згаджаўся. Час ад часу казаў «але» або ківаў галавою, спадзеючыся, што яна нарэшце стоміцца распытваць яго. Аднак дзяўчына ўсё размаўляла. І ніхто не мог даць гарантыі, што яна не будзе размаўляць усю дарогу. Яе размову пакуль што можна было трываць, але Кантэн вельмі баяўся новых пытанняў пра Марыю-Луізу. Яго страхі спраўдзіліся, калі дзяўчына папыталася:

— А вы часта прыязджаеце да Марыі-Луізы?

— Не, першы раз.

— Нялёгка даводзіцца яе маме. Так доўга не бачыць дачкі.

— Вядома.

— І што, Марыя-Луіза не прыязджае дадому нават на Новы год?

— Не, гэта проста немагчыма.

Тут дачка Пэрдзіго кінула хуткі цікаўны позірк на перон. Кантэн спадзяваўся, што яна ўбачыць яшчэ якога-небудзь земляка і пагутарыць з ім, але дзяўчына зноў павярнулася да яго:

— Мне здалося, што там ішла мая сяброўка.

Кантэн уздыхнуў. Як яму не шанцуе, думаў ён, як яму цяжка размаўляць з гэтай дзяўчынай. А тая сакатала:

— Скажыце, а вы не маглі б даць мне яе адрас? Ці хоць адрас месца, дзе яна працуе? Я калі-небудзь схадзіла б да яе пасля работы.

Кантэну зрабілася горача. Нейкую хвіліну ён думаў, што ёй адказаць, але нічога не ішло ў галаву. І тады ён павольна вымавіў, бо кожнае слова давалася яму з вялізным намаганнем:

— Дык вось... Справа ў тым... Я прыехаў да яе, таму што адбыліся змены, разумееце... Карацей, яна едзе ў Парыж.

Кантэн не паспеў яшчэ скончыць, як дзяўчына ажно ўсклікнула ад захаплення. І на старога пасыпаў град пытанняў. Ён адказваў на іх, як толькі мог, падбіраючы з цяжкасцю словы. Нешта тлумачыў, што Марыя-Луіза едзе стажыравацца і ён дакладна не ведае, колькі часу яна там прабудзе.

Урэшце настаў момант, калі Кантэн мог памаўчаць. Цяпер дачка Пэрдзіго ведала дастаткова. Яна гаварыла адна і больш не задавала яму пытанняў.

— Ну й малайчына! — захаплялася яна Марыяй-Луізай. — І ўсё адна. Адна ў горадзе, дзе на кожным кроку чакае небяспека...

Кожнае яе слова, кожны ўскрык захаплення падалі на Кантэна, быццам кроплі расплаўленага волава. Часам ён пытаўся ў сябе, ці не смяецца з яго гэта дзяўчына. Увогуле, ён мала яе ведаў. Пэрдзіго жылі асобна, на схіле ўзгорка. Яны ніколі не ведалі, што рабілася ў вёсцы. А можа, хто-небудзь з іхняй мясцовасці бачыў Марыю-Луізу ў горадзе? І ў вёсцы ўсе ўжо ведаюць?..

Кантэн уважліва паглядзеў дзяўчыне ў вочы. Але яны былі непранікальныя і бегалі, быццам у шалёнай жывёліны.

Кантэну карцела задаць ёй хітрае пытанне, вымусіць яе прагаварыцца, але ён падумаў пра Гюста Пэрдзіго, якому таксама было ўжо пад шэсцьдзесят і які быў цудоўным чалавекам. Чаму ў такога чалавека гэткая непрыемная дачка?

Кантэн спатыкнуўся на гэтай думцы. Яго раптоўна пачаў душыць смех. Чаму ў сумленнага чалавека павінна быць добрая дачка?

Дарэчы, з-за гэтай дачкі Пэрдзіго, якая сядзіць насупраць яго, Кантэн не можа нават думаць пра сваё. Яна зноў закідала яго пытаннямі аб рабоце, аб Дэнізе, аб доме...

Яна працягвала размаўляць усю дарогу. Кантэн ужо перастаў яе слухаць. Няспынная плынь слоў злівалася з грукатам колаў цягніка ў адзін суцэльны гул, які ні аб чым больш Кантэну не гаварыў. У галаве ў Кантэна зноў праносіліся абрыўкі ўспамінаў, твары без імёнаў, галасы без выразнага тэмбру... Яго боль драмаў глыбока ў сэрцы і быў падобны на чуйны сон дзікага звера, якога доўга дражнілі і які быў гатовы кусацца зноў, як толькі яго разбудзяць.

Так, не выходзячы са стану нерухомай вяласці, Кантэн ківаў галавою і нешта бурчаў сабе пад нос кожны раз, калі дачка Пэрдзіго на хвіліну змаўкала. І гэта яго ледзь чутнае мармытанне, якое нічога не азначала, спрыяла таму, каб яе бясконцы маналог, да якога ён прывык, працягваўся і працягваўся.

 

22

 

На вакзале Кантэна чакаў настаўнік. Ён пасінеў ад холаду і моцна ляскаў зубамі, відаць, доўга прастаяў на пероне.

— Я і ўчора прыходзіў, — пачаў ён тлумачыць Кантэну, — але начальнік вакзала сказаў, што вы паехалі... Дык я вось зноў...

Ён часта дыхаў, яго словы былі неразборлівыя. Яму карцела хутчэй задаць старому свае пытанні. Кантэн разумеў, што настаўнік таксама адчуваў сябе кепска, што ён пакутаваў усю ноч і ўвесь дзень, змагаючыся з жаданнем пайсці да іх дадому і пра ўсё спытацца.

Як толькі яны апынуліся адны на дарозе, настаўнік спытаўся трывожным голасам:

— Ну, як там?

Кантэн адказаў невыразным жэстам, і хлопец прадоўжыў:

— Яна захварэла? Трапіла ў аварыю? Чаму вы не адказваеце мне? З ёй здарылася што-небудзь сур'ёзнае?

Кантэн маўчаў. Яны праходзілі міма ярка асветленай булачнай, і настаўнік нахіліўся, каб паглядзець Кантэну ў твар.

— Вы кепска адчуваеце сябе, — прамовіў ён. — Гэта бачна. Яна моцна захварэла, праўда?

Кантэн запаволіў крок. Яны спыніліся. Святло яшчэ падала на іх, і Кантэн паглядзеў хлопцу проста ў вочы, як рабіў гэта заўсёды, калі гутарыў з ім за сталом.

— Не, — сказаў цвёрда, — яна не захварэла. Даю вам слова гонару.

Настаўнік хвіліну павагаўся, пасля прамовіў з нейкім шкадаваннем:

— А што з вамі? Здаецца, вы захварэлі самі?

— Не, не, са мной нічога, — хуценька прагаварыў Кантэн. — Проста я стаміўся крыху за дарогу. Няма звычкі, ведаеце...

Яны пакрочылі далей, аднак ля тытунёвай крамы настаўнік узяў Кантэна за руку і прымусіў спыніцца зноў. Сказаў ціха:

— Тут нешта не тое... Я ж бачу.

Кантэн апусціў галаву. Ён больш не мог вытрымаць яго позірку. Яму хацелася хутчэй адказаць, але ён не знаходзіў патрэбных думак, слоў... Каб ён быў у вагоне адзін, ён абавязкова нешта прыдумаў бы. Але гэтая дачка Пэрдзіго...

— Скажыце мне, чаму яна не прыехала? — жаласліва спытаўся настаўнік.

Кантэн сурова адказаў:

— Таму што яна не можа. Гэта немагчыма.

Ён разумеў, што сказаў бязглуздзіцу, і ведаў, што зараз скажа настаўнік.

Той накінуўся на Кантэна:

— Але чаму? Чаму? Чаго вы ездзілі ў горад? Каб толькі пабачыць яе?

— Таму што яна не магла прыехаць, і я павінен быў адвезці ёй, адвезці...

Кантэн замаўчаў. Ён толькі цяпер сцяміў, што пакунка ў яго няма, і стаў ліхаманкава думаць, дзе ён яго пакінуў. Ён быў упэўнены, што не забыўся яго ў вагоне. Ён трымаў яго пад пахаю, калі заходзіў у «Там-Там». Ён гэта добра памятае. А вось далей...

Пакуль Кантэн так разважаў, настаўнік не супакойваўся:

— Вы скажаце мне, урэшце, ці не, чаму яна не прыехала? Мы ж дамовіліся сустракаць яе разам... А вы паехалі ў Ліён...

— Так, праўда... Але я нічога не магу вам сказаць...

Кантэн зноў апусціў галаву. У вачах гэтага худога хлопца, які згінаўся пад ветрам, было столькі пакуты, столькі невыказнага гневу! Аднак стары амаль што адштурхнуў яго і пакрочыў далей. Сказаў стрымана:

— Дазвольце мне вярнуцца дадому. Мяне чакае жонка. Яна ведае, што цягнік ужо прайшоў. І потым, я вельмі стаміўся...

— Я магу крыху правесці вас?

— Не трэба!

Кантэн сказаў гэта даволі рэзка, чаго ніколі не дазваляў сабе ў адносінах з настаўнікам.

Нейкі час яны крочылі поруч па вуліцах вёскі, абапал якіх цягнуліся доўгія гурбы снегу.

Кантэну хацелася пабыць аднаму.

У цягніку ён уяўляў сабе, як будзе ісці па гэтай дарозе ноччу. Ён думаў аб гэтым, як думаў улетку аб крыніцы, калі касіў сена па другі бок лесу. Яму здавалася цяпер, што ён прынёс сюды на поўсці свайго футра пахі і гукі вялікага горада.

Яны крочылі моўчкі. Вуліцы былі пустыя. З некаторых дамоў праз расчыненыя аканіцы яркае святло падала на гурбы снегу. Дарога блішчала. На ёй былі бачны сляды ад канькоў і ад жалезных колаў. Гэтыя сляды нагадвалі доўгіх хрумсткіх вужакаў, якіх там-сям прыхапіў моцны мароз.

Вецер прынёс некалькі тонкіх ільдзінак, якія заблішчалі пад ліхтарамі, быццам зорачкі.

З імі параўняўся чалавек і гукнуў:

— З Новым годам вас абодвух!.. І добрай ночы!

— З Новым годам! — азваўся Кантэн.

Ён пазнаў у сустрэчным Дэні Малега.

Не спыняючыся, той дадаў:

— Зноў пойдзе снег. А калі вецер са снегам, чакай адлігі!

Калі яны апынуліся недалёка ад будынка школы, настаўнік сціпла заўважыў:

— Месьё Кантэн, вы нешта хаваеце ад мяне... Здаецца, гэта датычыцца мяне... Мадэмуазель Марыя-Луіза... напэўна, казала вам нешта, перадавала нешта мне, але вы не адважваецеся сказаць...

Яго голас дрыжаў. Ён выняў з кішэні сваю вялікую хударлявую руку і збіраўся ўхапіцца ёю за плячо Кантэна, каб зноў спыніць яго.

Яны стаялі твар у твар. Доўгае цела настаўніка, вакол якога ад моцнага ветру матлялася паліто, сагнулася папалам. Галава нахілілася да Кантэна. Яны знаходзіліся якраз пад ліхтаром, які вісеў пасярод вуліцы. Чорныя кучаравыя валасы настаўніка блішчалі ад святла. Ліхтар матляўся, і з-за ценяў, якія хадзілі туды-сюды, яшчэ больш акрэсліліся рысы яго твару. Рука, сцятая на Кантэнавым плячы, дрыжала.

— Вы бачылі яе, бачылі? — пытаўся ён.

Кантэн не мог адказаць яму. Ён толькі схіліў галаву. Юнак прадаўжаў:

— Я так і ведаў! Тады вы павінны мне ўсё расказаць! Усё!.. Яна гаварыла з вамі пра мяне, праўда?.. Яна... яна не жадае...

Кантэн перажываў яго боль, як свой.

— Ведаеце, — ледзь вымавіў ён, — яна вымушана ехаць... ехаць раней, чым яна думала... Ад гэтага залежыць яе далейшае становішча...

— Куды яна едзе, у Парыж?

— Але, у Парыж.

Кожнае слова каштавала Кантэну велізарных намаганняў.

— І яна не прыедзе сюды перад ад'ездам?

Кантэн крутнуў адмоўна галавою.

— Дык усё скончана? Яна больш не вернецца?

Яго голас дрыжаў, збіваўся на высокія ноты, і старому было цяжка яго слухаць. Ён учапіўся за Кантэна і, здавалася, галасіў, чым вельмі нагадваў п'янага чалавека.

Дзесьці побач грукнулі веснічкі, і Кантэн пачуў крокі. Не ведаючы, як супакоіць хлопца, ён хуценька сказаў:

— Правядзіце мяне да пільні... Пойдзем, хутчэй!

Яны ішлі даволі шпарка, наколькі дазваляла слізкая дарога. Чым далей яны адыходзіліся ад вёскі, тым яна была менш утрамбаванай, таму крочыць лягчэй не стала, але рызыка паваліцца зменшылася. Як толькі за спіною апынуўся апошні дом, настаўнік сказаў прыцішаным голасам:

— Ну дык вось! Раз яна не едзе, я сам адпраўлюся ў Ліён. Заўтра раніцай. Мне трэба было зрабіць гэта раней. Дарма я вас слухаў.

Кантэн зрабіў некалькі крокаў, глыбока ўздыхнуў і адказаў:

— Яна паехала ўжо.

— Не мае значэння! Я і ў Парыж паеду. Дайце мне яе адрас!

Кантэну зноў зрабілася кепска. Ён, не думаючы, адказаў:

— У мяне няма яе адраса...

І тут настаўнік, здаецца, зусім страціў кантроль над сабою. Ён ухапіўся аберуч за Кантэна і закрычаў жалобна:

— Няпраўда! Вы маніце!.. Вы нешта хаваеце ад мяне!.. Вы смеяцеся з мяне!.. Вы не маеце права!..

Яны стаялі побач з лесапільняй. Было вельмі цёмна, і Кантэн не мог разгледзець настаўнікаў твар. Ён не ведаў, што яму адказаць. Ды настаўнік, пэўна, і не паслухаў бы яго цяпер. Як не плачучы, той працягваў:

— Вы не жадаеце быць шчырым... Гэта не варта вас, не варта мяне, не варта нашага сяброўства. Вы не маеце права гэтак абыходзіцца са мною. Прашу вас, дайце мне яе адрас! Малю вас на каленях, месьё Кантэн!

Ён збіраўся паваліцца ў снег, але Кантэн знайшоў у сабе сілы, каб утрымаць яго.

— Сціхніце, — сказаў ён. — Клянуся вам, што ў мяне яшчэ няма яе адраса.

Настаўнік, здаецца, прыціх. Не, ён плакаў. Пасля пачаў мармытаць, але ўжо без гневу:

— Прапаў я... Прапаў... Як вы не можаце мяне зразумець?.. Відаць, вы ніколі не кахалі...

Кантэн прамаўчаў. Гэтыя словы амаль не закранулі яго сэрца. Яму хацелася спытацца ў гэтага юнака, калі ён паспеў закахацца ў дзяўчыну, якую бачыў усяго разоў з дзесяць, як ён змог так прывязацца да яе, калі атрымаў ад яе толькі некалькі лістоў?.. Але стары разумеў, што гэта не мае сэнсу. Яму цяжка было меркаваць аб гэтым. Яму і самому гэта вар'яцкае каханне не здавалася такім ужо незвычайным.

Нейкі момант яны маўчалі. І калі настаўнік зноў пачаў патрабаваць ад Кантэна, каб той паабяцаў даць яму адрас, стары ўзяў яго за плячо, крыху страсянуў і сказаў:

— Не трэба пісаць ёй... Вам не трэба яе бачыць...

— Як гэта, не трэба?

— Не трэба... Я прашу вас...

— Яна вам казала пра мяне, праўда?

Яго голас зусім ахрып. Кантэн не адказваў, і настаўнік раззлаваўся:

— Чаго вы маўчыце? Божа мой, скажыце ж хоць што-небудзь! Яна выходзіць замуж? Так ці не? Я так і думаў! Яна едзе, каб выйсці замуж. Яна знайшла такога жаніха, які падабаецца яе маці... І вы ведалі пра гэта... Але нічога мне не сказалі... Вы пакінулі мне надзею... Вам так было лепш!

Кантэн збіраўся адказаць, але настаўнік раптам засмяяўся вар'яцкім смехам і з жахам паглядзеў на Кантэна. Потым павольна адступіў ад яго і сказаў:

— Вы чакалі гэтага... Вы хацелі зрабіць мне навагодні падарунак, так? Дык вялікі вам дзякуй, месьё Кантэн! І вас таксама з Новым годам! Весяліцеся цяпер! З Новым годам, месьё Кантэн!

Ён не мог саўладаць з сабою. Кантэн хацеў дагнаць яго і супакоіць, але настаўнік хутка пабег ад яго, размахваючы рукамі і паўтараючы адны і тыя словы, якія адносіла ветрам:

— З Новым годам!.. З Новым годам, месьё Кантэн!

 

23

 

Сагнуўшыся ад ветру, настаўнік крочыў наперад няўпэўненай хадой. Здалёк здавалася, што сунецца пустое паліто.

Настаўнік увайшоў у вёску і спыніўся ля першага ліхтара. Можа, ён зараз перадумае? А можа, зваліцца ў снег і будзе ляжаць, як згубленая кімсьці лялька? І знікне, прыбіты ветрам да зямлі? А можа, знікне ў начной вулцы?

Нейкі час хлопец стаяў у нерашучасці, хістаючыся то ўправа, то ўлева, не перастаючы размахваць рукамі. Здавалася, да яго ног нехта прывязаў цяжкія грузы, і таму кожны крок даваўся яму з найвялікшым намаганнем. Нечакана ён знік за паваротам, дзе стаяў дом Маліво. Кантэн моўчкі праводзіў яго позіркам.

Па зямлі слалася замець. У двары лесапільні бразгаў аб дошкі дрэнна замацаваны дротам кавалак бляхі. Белыя сняжынкі мітусліва ляцелі ў бок вёскі. Здавалася, яны нідзе не апусцяцца на зямлю.

— Вось убачыце, ён пойдзе зноў...

— Калі вецер са снегам, чакайце адлігі...

— З Новым годам!.. З Новым годам, месьё Кантэн!

У яго ў вушах усё гучаў перарывісты ад гневу і крыўды голас настаўніка. Кантэну зрабілася вельмі балюча, быццам у грудзях засеў жалезны асколак.

Настаўнік цяпер адзін. Ён знік у начы. І гэтая ноч была яму цямнейшай, чым іншым людзям. А ён так спадзяваўся мець у гэту ноч многа цеплыні і святла!

Усе ў вёсцы пачыналі сустракаць Новы год, а ён заставаўся адзін. Сам-насам са сваім болем.

Ці можна пакахаць гэтак хутка і гэтак моцна? Кантэн шукаў у памяці адказу на гэтае пытанне, але марна. Ён адагнаў ад сябе гэту думку і сказаў сабе, што сёння справа не ў ім, а ў Марыі-Луізе. І здарылася гэта не ў мінулым, а сёння, толькі што.

— Марыя-Луіза не такая, як усе...

Ад гэтых слоў яму зрабілася яшчэ больш прыкра, чым ад успаміну пра сваё першае каханне... Кантэн адчуваў сябе бацькам, толькі бацькам дарослай дачкі, і не мог зразумець таго, што адчуваў настаўнік.

— Я і ў Парыж паеду!

А ён, Кантэн, чаму сам не паехаў у Парыж? Ён жа падумаў пра гэта, але быў ужо ў вагоне. Ён толькі сказаў сабе, што ніколі не позна...

Кантэн павярнуўся спіною да ліхтара і пакрочыў далей. Ліхтар калыхаўся пад парывамі ветру, і тады перад старым выцягваўся на снезе доўгі размыты цень. Неўзабаве Кантэн дайшоў да першага павароту дарогі, адкуль пачынаўся пад'ём, і тут нарэшце адчуў, што ён у родных мясцінах.

Адсюль дарога будзе весці да самага дому. Ізабэла і Дэніза ўжо, напэўна, рыхтуюць навагоднюю вячэру. Малая насекла каштанаў, ссыпала іх у салатніцу. Цяпер заставалася толькі падсмажыць іх. Цікава, а ці дастала Ізабэла жоўтае віно?

Кантэн раптам падумаў пра віно ўраджаю 1941 года, у які нарадзілася Марыя-Луіза. Той год быў не вельмі ўрадлівы, аднак жоўтае віно, якое прастаяла ў бочцы сем гадоў, заўсёды добрае. Яны схавалі дваццаць бутэлек гэтага віна. Дзесяць бутэлек было выпіта за прычашчэнне Марыі-Луізы, а астатнія ляжаць у склепе, на самым дне за перагародкай.

У іх мясцовасці быў даўні звычай: заўсёды пакідаць дзесяць бутэлек на прычашчэнне і дзесяць — на вяселле. Так зрабіў Кантэнаў бацька. Дзесяць бутэлек было з яго боку і дзесяць — з боку бацькі Ізабэлы.

У Кантэнавым склепе ляжалі таксама бутэлькі для Дэнізы. Яны былі добра схаваныя, бо 1947 год быў годам своеасаблівым.

Кантэн крочыў, а ў галаве роіліся думкі пра ўсё гэта.

Калі ў мясцовых скляпах разбуралі старую перагародку, то часам унізе знаходзілі прысыпаныя бутэлькі. Іх лічылі. Дваццаць бутэлек азначала, што дзіця памерла да прычашчэння або памёр бацька і не сказаў, дзе былі схаваныя бутэлькі. Дзесяць бутэлек азначала, што дзіця не брала шлюбу. А пра бутэлькі забыліся, бо доўга чакалі вяселля і не дачакаліся.

Ад гэтых думак у Кантэна сціснула ў горле. Сціснула так, што спачатку яму хацелася плакаць, а пасля — смяяцца.

Смяяцца, як смяяўся настаўнік! Трэба прыйсці дадому і зараўці:

— Гэй, даставайце бутэлькі, трэба іх прыкончыць!

Можна будзе нават запрасіць настаўніка. Учатырох яны змогуць асушыць дзесяць бутэлек. Дзесяць? Чаму толькі дзесяць? Можа, трэба пазбавіцца заадно і ад бутэлек Дэнізы?

Кантэн прайшоў амаль палову шляху. Цяпер ён спыніўся, каб агледзецца і неяк пазбавіцца ад сваіх думак.

Няўжо ён зараз звар'яцее? Няўжо будзе гаварыць бязглуздзіцу адзін сярод лесу ў гэткі позні час?

Наўкола ад ветру калыхаліся акацыі і ясені. Некалькі грабаў шамацелі ацалелай лістотай. Кантэн пачуў, што мерзне.

Снегаачышчальнік не прайшоў у гэтым месцы, таму ісці тут было вельмі цяжка, асабліва ноччу. Лягчэй было ісці збоку па цаліку, чым шукаць сляды тых, хто ішоў тут раней. Яны былі ледзь відаць. Месцамі снег быў вельмі глыбокі і сыпучы.

Паветра было ледзяное і калючае, але Кантэн не зважаў на гэта, бо ўсярэдзіне ў яго ўсё гарэла. Ён шпарка дайшоў да павароту на Паро і спыніўся. Калі ён пойдзе дарогай на Муційён, то абагне лес і выйдзе ззаду свайго дома. У такое надвор'е яму спатрэбіцца на гэта добрая гадзіна. Цэлую гадзіну ён будзе цягнуцца па дарозе, якою, пэўна, ніхто не хадзіў з таго часу, як лёг снег. Цэлую гадзіну Кантэн будзе борацца з ветрам, які будзе абшукваць і распранаць яго. Цэлую гадзіну ён будзе сам з сабою, каб пазбыцца ўсіх думак, якія мучылі яго дагэтуль. Цэлую гадзіну ён будзе крочыць да знямогі, і калі нарэшце вернецца дадому, то зваліцца на ложак, быццам п'яны. Толькі нічога не расказваць, не слухаць ніякіх пытанняў. А лепш пераначаваць у пуні на саломе, каб жонка з дачкой нават не ведалі, што ён вярнуўся. А што, ён можа зрабіць і гэтак.

Кантэн падумаў пра ранак. Халодны ранак на кухні, у якой толькі што падпалілі ў печы. Там чакаюць дзве жанчыны. Яны прыслухоўваюцца да гуку цягніка, да гукаў на двары... Адна з іх гаворыць:

— З Марыяй-Луізай ён будзе падымацца доўга...

Кантэн уздыхнуў і патупаў далей. Думка аб тым, што яму давядзецца ўсё расказаць, не давала яму спакою, але ён адганяў яе.

Ён шпарка дайшоў да павароту, за якім быў відаць яго дом. Там ён спыніўся, каб крыху перадыхнуць. Ліхтар на двары не гарэў, і чамусьці аканіцы на кухні не былі зачыненыя. Яны заўсёды зачыняліся нанач, і гэта крыху здзівіла Кантэна. Ён бачыў такім свой дом упершыню. Здалёк свяцілася адзінае жоўтае акенца. Неба было крыху цямнейшае за пакрытыя снегам узгоркі. Кантэну прыгадаўся малюнак на навагодняй паштоўцы.

Кантэн доўга глядзеў на свой дом. Ім авалодвалі дзіўныя пачуцці. Ён здагадаўся, што там адбылося. Калі сцямнела, Ізабэла хацела зачыніць аканіцы і запаліць ліхтар на двары, як толькі пройдзе цягнік. Але Дэніза была супраць. Толькі яна адна магла ўявіць, якім будзе выглядаць дом здалёк, сярод снегу і ночы.

— Зусім маленькі дамок, падобны на яселькі, з адным акенцам, праз якое можна глядзець, як падае снег...

Цяпер яна сядзела перад гэтым акенцам і пільна прыслухоўвалася да начных гукаў. Яна ўяўляла сабе, як яе сястра дойдзе да павароту і раптам убачыць гэтае асветленае акно, гэтую кропку цеплыні сярод бяздушнай зімовай сцюжы.

Кантэн наважыўся ісці далей, але раптам спыніўся. У вачах паплыло. Па твары папаўзлі едкія, як воцат, слёзы, якія ўжо даўно шукалі выйсця. Кантэн стаў шукаць насоўку, расшпіліў паліто. Вецер адразу расхінуў яго, і цела ахапіў люты холад. Кантэн захістаўся: ногі адмаўляліся трымаць яго.

 

24

 

Дзверы расчыніліся адразу, як толькі Кантэн пачаў абтрасаць ногі ля парога. Вакол яго разлілося яркае, пасля цемры нязвыклае святло, павеяла цёплым хатнім паветрам. Аслеплены, аглушаны ўсім гэтым, Кантэн схіліў галаву.

— Тата! Тата!

Кантэн доўга не падымаў галавы, быццам глядзеў, ці застаўся яшчэ снег на яго абутку. Дэніза паўтарыла:

— Тата!

— Мая маленькая, — нарэшце прамармытаў ён.

— А дзе Марыя-Луіза, тата?

Кантэн заўважыў, як па падлозе рухаўся цень Ізабэлы. Потым з'явіліся яе рудыя тапкі і худыя ногі ў чорных вязаных панчохах. Кантэн увайшоў, узняў на яе вочы і адразу адвёў позірк. Павольна наблізіўся да пліты.

Было вельмі ціха. Кантэн адчуваў на сваёй патыліцы позіркі дзвюх жанчын. Ён прыслухоўваўся да іх дыхання, да дыхання агню ў печцы, якое супадала з завываннямі ветру ў начы.

Нарэшце Кантэн дома. Ён столькі марыў аб гэтым. Марыў пра цяпло і спакой свайго дома, а цяпер зноў адчуў трывогу, якая не пакідала яго ўвесь час, пакуль ён ішоў сюды.

Кантэн быў тут з Ізабэлай і Дэнізай, аднак адчуваў сябе адзінокім. Няўжо ён так і застанецца адзін? Да апошняй хвіліны ён адганяў гэту думку, але цяпер адчуў, што яна ішла за ім на працягу ўсёй гэтай снежаньскай ночы і ўвайшла ў яго дом, быццам вялікі верны сабака.

— Што здарылася?

Голас Ізабэлы прагучаў аднекуль здалёк. З глыбіні гэтай хатняй цішыні. Кантэн спакваля павёў плячыма, прыўзняў рукі, якія адразу ж апусціліся. Ён не мог адарваць позірку ад маленькага кружка агню, які быццам жывы калаціўся ў сярэдзіне чыгуннай пліты.

Голас Ізабэлы павысіўся на тон:

— Чаму ты вярнуўся без яе? Чаму?

Цяпло, якое падымалася ад пліты, апякло Кантэнаў твар. Ён павольна вымавіў:

— Яна не можа прыехаць.

— Яны не захацелі адпусціць яе... І ты нічога не зрабіў!.. Зусім нічога!

— Не... Нічога.

Цяпер Ізабэла стаяла ля пліты. Яна нахілілася, каб разгледзець, што напісана на яго твары. Кантэн крутнуўся ўправа, падышоў да крэсла і грузна апусціўся ў яго.

— Ну, расказвай, чаго замаўчаў!

Кантэн нахіліўся, каб расшнураваць чаравікі. Пальцы не гнуліся, а скураныя вузлы яшчэ не адышлі ад марозу. Тут голас Ізабэлы зноў разануў яму вуха:

— Дык ты будзеш гаварыць ці не? Я, напэўна, маю права, каб нешта ведаць!

— Не злуй. Я прашу цябе, не злуй.

Кантэн гаварыў ціха. Голас яго дрыжаў. Трошкі цішэй, але на гэткай жа вострай ноце жонка зноў настойліва запыталася:

— Што здарылася?.. Яна захварэла?

— Не, яна добра сябе адчувае.

— Дык што такое?

Кантэн урэшце разуўся, уссунуў на ногі свае мяккія туфлі і павольна ўстаў з крэсла. Гатовая вось-вось заплакаць, Дэніза спыталася:

— Яна не прыедзе?

— Не... Не цяпер.

Ізабэла падышла да яго і зноў угледзелася ў твар. Потым сказала:

— Ты дзіўна выглядаеш. Дык гавары нарэшце! Што ты хаваеш ад нас? Гавары!

Яна ўся напружылася, ахопленая хутчэй болем, чым гневам. У яе вачах застыў моцны жах.

— Ты праўду казала, — прамармытаў ён, — трэба было больш думаць пра яе, чым пра сябе...

Ён сказаў гэта не падумаўшы і цяпер адчуў, што прыйдзецца расказаць усё, хоць ён не быў падрыхтаваны да гэтага. Ізабэла нахмурыла бровы і закрычала:

— Калі я добра зразумела, нам няма чаго спадзявацца на яе прыезд!

Кантэн баяўся жончынага гневу. Ён не ведаў, як сябе паводзіць, каб не раззлаваць яе яшчэ больш. Ён злаваў на самога сябе, што не мог знайсці патрэбных слоў, і сказаў неўпапад:

— Мы не маем права быць эгаістамі.

Ізабэла ажно падскочыла ад гэтых яго слоў.

— Табе лёгка гаварыць! Ты бачыў яе! Бачыў, і цяпер табе напляваць на нас! Ты заўсёды думаў толькі пра сябе. Пра сябе аднаго... А мне давядзецца яшчэ чакаць і чакаць... І ў цябе хапіла сумлення сказаць пра эгаізм!

Пачала румзаць Дэніза. Гатовая вось-вось расплакацца, яна прамовіла тоненькім голасам:

— Табе пашанцавала, татка. Ты ўбачыў яе.

Кантэн глядзеў на іх. А ўжо ж! У параўнанні з імі яму вельмі пашанцавала! Вельмі! Яны нават уявіць сабе не маглі, як яму пашанцавала. Чым больш ён глядзеў на іх, тым больш яму здавалася, што ён бачыць іх такімі ўпершыню. Яны не змяніліся, кухня не змянілася, ноч не змянілася, і нават яго дом уначы не змяніўся. Змяніўся ён, Кантэн, бо пачаў глядзець на ўсё іншымі вачыма.

— Няўжо яна не прыедзе абняць нас перад тым, як выправіцца ў Парыж? — спыталася Ізабэла.

Не раздумваючы, Кантэн адказаў:

— Яна паехала сёння вечарам, за некалькі хвілін перад маім ад'ездам.

— Добра, што ты паехаў раней і паспеў развітацца з ёю.

— Але, праўда.

Жанчыны ўсё падрыхтавалі да сустрэчы Новага года. Стол быў накрыты на чатырох. У вялікай салатніцы горкай ляжалі пасечаныя каштаны, на бярэмі дроў стаяла патэльня з дзіркамі.

Кантэн падышоў да малой, якая горка плакала, стоячы ля запаленых ясельцаў. Ён абняў яе за шыю, і калі яна падняла на яго пачырванелыя вочы, Кантэн заўважыў у іх папрок. Ён стаў тлумачыць:

— Яна ж цябе вельмі любіць, твая Марыя-Луіза. Ты сама гэта добра ведаеш. Яна заўсёды думае пра цябе... І я сказаў ёй, што ты змайстравала яселькі... Ты ведаеш, яна вельмі з гэтага ўзрадавалася... Яна так хацела прыехаць... Але нельга было...

Ён вымушаны быў замаўчаць і адвярнуць галаву, бо на вочы нагарнуліся слёзы, а ён не жадаў, каб убачылі, што ён плача.

— Няўжо ж мы не людзі тут! — крыкнула Ізабэла. — Няўжо цяжка было даць ёй хоць адзін дзень, каб яна магла развітацца з намі? Што там за гаспадары такія? Што гэта за прафесія? А ты, пэўна ж, не знайшоў, што сказаць ім. Ты нават не паспрабаваў сказаць, што я хворая. Няўжо ж табе мову адняло б, каб ты хоць разок зманіў? Ты маніць не ўмееш... Не можаш... У цябе свае прынцыпы... Ты толькі можаш важдацца са сваёй зямлёю, са сваёй жывёлай, са сваімі кніжкамі!

Ізабэла гаварыла і гаварыла. Яна ўсё вярнула на Кантэна. Толькі ён адзін быў ва ўсім вінаваты. Яна называла яго эгаістычнай і ганарыстай пачварай, яна абражала яго, як толькі магла.

Кантэн слухаў моўчкі. Ды яму не было чаго і сказаць. Яму здавалася, што ад гэтага жончынага гневу ім абаім стане лягчэй. Яна абзывала яго такімі словамі, якіх ён не асмеліўся б нават прашаптаць. У той жа час ён ведаў наперад, што яна скажа. Бо так і павінна было быць.

Паклаўшы локці на калені, Кантэн глядзеў на чырвоныя вугольчыкі на каласніку, якія нагадвалі яму вязняў за кратамі.

 

25

 

Паступова гнеў Ізабэлы перайшоў у плач, які цягнуўся вельмі доўга.

Кантэн нерухома сядзеў і глядзеў на вуголле, якое раз-пораз успыхвала ўслед за парывамі ветру на дварэ. За яго спіною плакалі дзве жанчыны, і іх плач пераклікаўся з працяглымі завываннямі зімовай ночы.

Котка павольна вылезла з падпечка, некалькі разоў пацягнулася, аблізала поўсць і ўскочыла Кантэну на калені. Яна доўга прынюхвалася да яго курткі, штаноў, твару. Потым пацерлася пыскай аб калючы падбародак старога, разы са тры крутнулася на месцы і ўлеглася абараначкам.

Памалу жанчыны пачалі супакойвацца. Гэта нагадвала навальніцу ўлетку, калі яна непрыкметна аддаляецца з кароткімі парывамі ветру, падобнымі на ўсхліпы. На дварэ таксама прыціхла. Кантэн заплюшчыў вочы. Ён намагаўся прагнаць тое, што зноў варушылася ў яго душы.

Няўжо час спыніўся? Няўжо ўсё раптоўна ператварылася ў доўгую бясконцую ноч без світання?

Пасля нейкага нязвыклага маўчання зарыпела крэсла, на якім сядзела Ізабэла. Гэта яна ўстала і ззаду падышла да Кантэна.

— Есці хочаш? — спыталася спакойным голасам.

— Не, я не галодны.

— Усё-такі з'еш гарачага.

— Не, дзякую.

Кантэн адказваў не думаючы. Яму шкада было той цішыні, якая ўсталявалася толькі на некалькі хвілін.

— Ва ўсякім разе, талерка супу табе не пашкодзіць.

Жончын голас зноў набываў аўтарытэт. Кантэн падняў галаву. Жонка падкладала дровы ў пліту і не заўважыла гэтага. Полымя пад гаршком загуло, і калі Ізабэла зняла накрыўку, па кухні разнёсся прыемны пах тушанай свініны. Кантэну адразу захацелася есці.

— Ну, ідзі за стол, — паклікала жонка.

Калі ён сеў за стол, суп ужо быў наліты ў талеркі. Яны пачалі моўчкі есці, потым Ізабэла спыталася, амаль зусім спакойным голасам:

— Дык раскажы хоць нам, як ты знайшоў яе. Дзе яна жыве? Ці праўда, што ў яе такі прыгожы пакой, як яна нам расказвала?

— Ага, праўда. Пакой вельмі добры.

— Ты спаў на яе канапе?

— На канапе.

— Гэты пакой застанецца за ёй? Ці доўга яна прабудзе ў Парыжы?

Кантэн крыху павагаўся, потым адказаў:

— Яна заплаціла за пакой да канца студзеня. А далей будзе відаць.

— Але ж яна не ведае, колькі часу прабудзе ў Парыжы?

— Не, яшчэ не ведае.

Ізабэла ўздыхнула, з'ела дзве лыжкі супу і зноў прадоўжыла свой допыт:

— Вы харчаваліся разам?

— Але.

— Дзе, у рэстарацыі?

— Ага.

Раптам Ізабэла павысіла голас:

— Ды гавары ты нарэшце! А то з цябе слова не выцягнеш.

— Ведаеш, Ізабэла, я вельмі стаміўся. Вельмі.

— Ты часам не прастудзіўся?

— Не.

— Ты не прывык да дамоў з гэткім ацяпленнем. Відаць, было вельмі горача.

— Ага, вельмі.

— А ў цягніку ўсё было добра?

— Вельмі добра.

Ізабэла замаўчала. Разы са тры іх позіркі сустрэліся, але кожны раз Кантэн апускаў галаву. Дэніза спыталася:

— Дом у Марыі-Луізы такі маленькі, як яна хацела, ці не?

— Але, такі маленькі.

— І ў Парыжы ў яе таксама гэткі будзе?

— Але, гэткі самы.

Кантэн даеў свой суп. Потым адсунуў крэсла і сказаў, што хоча паглядзець скаціну.

— Ды ўжо сядзі ты, — кінула Ізабэла, — скаціна дагледжаная. Нічога з ёй не зробіцца. Убачыш заўтра раніцай.

Кантэн падняўся з-за стала і сеў ля печкі. На нейкі час у пакоі стала ціха. Потым Ізабэла прамовіла з пакутлівым уздыхам:

— Невядома, як там у яе будзе, толькі мне будзе вельмі цяжка перажыць усё гэта... Ведаеш, вельмі цяжка...

Смутак ніяк не пакідаў яе. Голас падазрона дрыжаў, і Кантэн баяўся, што яна заплача зноў. Ён адчуваў, што трэба прыйсці ёй на дапамогу, але гэта было вельмі нялёгка.

— Разумееш, — спрабаваў тлумачыць ён, — там жыццё зусім не такое, як тут... Там усё па гадзінніку... Горад, ведаеш, гэта табе не вёска...

Котка зноў узабралася яму на калені. Ізабэла кінула ў печку палена, полымя ярка ўспыхнула і на нейкі час ажывіла начны спакой.

— А як з настаўнікам, — спыталася Ізабэла спакайнейшым голасам, — ці гаварыла яна з табою пра яго?

— Гаварыла.

— Ну і?..

— Ды, як гэта... Казала, што ў яе іншыя планы.

Кантэн зразумеў, што гэтыя яго простыя словы дапамагаюць жонцы крыху забыцца пра свой смутак. Яму нават здалося, што і вочы ў Дэнізы таксама пасвятлелі.

— Дык вось, калі ўбачыш яго, — ужо ўпэўнена казала Ізабэла, — скажы яму раз і назаўжды: хай не турбуе нас са сваімі недарэчнымі думкамі. У госці няхай прыходзіць, ён хлопец неблагі, але пра Марыю-Луізу каб забыўся!

Кантэн уздыхнуў, адкашляўся і павольна прагаварыў:

— Я спаткаўся з ім, як вяртаўся з вакзала, і ўсё яму растлумачыў.

— І як ён?

— Што ты хочаш, бедны хлопец. Мне так шкада яго.

— Нічога, суцешыцца! Ад гэтага яшчэ ніхто не паміраў.

Голас Ізабэлы паступова набываў сваю цвёрдасць. Кантэн паглыбіўся ў сябе. Аднак і там перад ім стаяў пабляклы жончын твар. Вядома, з цягам часу яна суцешыцца. Бо жыццё прадаўжаецца, жыццё з яго штодзённымі турботамі і маленькімі радасцямі. Жыццё, якое можа засланіць сабою многае.

— Ведаеш, — ціха прамовіў ён, — яна, здаецца мне, да нас не прыедзе... Яна не зможа сюды вярнуцца...

І змоўк, бо адразу пасля яго слоў горка заплакала Дэніза. Кранулі гэтыя словы за жывое і жонку, але яна стрымалася, падышла да малой і пачала яе суцяшаць:

— Не плач, дурненькая. Яна прыедзе да нас, прыедзе летам... Ёй будзе добра ў Парыжы. А потым, некалі яна возьме цябе з сабою і ўсё пакажа.

Кантэн таксама хацеў суцешыць дачку, але тая паглядала на яго з папрокам. Ён разумеў, што цяпер яна будзе плакаць доўга і зусім не з таго, што яе сястра сёння не прыедзе.

Кантэн прыгарнуў дачку да сябе, пасадзіў яе на калені, але яна сядзела напружана. Ён даўно не трымаў яе гэтак. Яна была ўжо вялікая, і Кантэн адчуваў сябе няёмка з ёю. Нягледзячы на гэта, ён пачаў расказваць дачцэ пра сястру. Ён асцярожна падбіраў словы, каб апісаць Дэнізе той свет, у якім ён толькі што пабыў. Яму гэта доўга не ўдавалася, але паступова расказваць яму рабілася ўсё лягчэй і лягчэй, і шматлікія падрабязнасці ўсплывалі ў памяці самі.

Кантэн апісаў салон, у якім працавала Марыя-Луіза, апісаў яе дом, яе пакой, вуліцы горада, упрыгожаныя святочнай ілюмінацыяй. Чым далей ён расказваў, яго голас набываў усё большую ўпэўненасць. Кантэн ужо гаварыў без намагання, быццам распавядаў пра цікавае падарожжа. А жанчыны слухалі яго. Час ад часу Ізабэла падбадзёрвала Кантэна. У яе вачах засвяціўся гонар за сваю дачку. Памаўчаўшы, яна сказала:

— Ведаеш, усё-такі хоць і любім мы скардзіцца, але ж вельмі прыемна мець такую дачку... Працаўніца... Разумніца... Яна праб'е сабе дарогу ў жыцці...

Кантэн глыбока ўздыхнуў. Ён падняў на жонку вочы і зразумеў, што тая далёка адсюль: яна са старэйшай дачкой знаходзіцца ў іншым свеце, які ўяўляецца ёй такім цудоўным.

 

26

 

Назаўтра Кантэн падняўся рана і пайшоў глядзець гаспадарку. Усё было ў парадку. Сваю работу Кантэн рабіў механічна, бо рукі самі ўсё ведалі. Ён выкінуў гной, падаслаў скаціну, даў сена, вады.

Ён быў апрануты ў звыклую вопратку, выцвілую і прапахлую тысячамі пахаў, якія толькі могуць існаваць на ферме. У хляве было цёпла, пахла жывёламі і жыццём.

Скончыўшы са скацінаю, Кантэн запаліў на двары ліхтар і пачаў чысціць сцежкі, якія вялі да кучы гною і да гумна з кукурузай. На вуліцы ледзь-ледзь світала. Ахутаная ноччу раўніна яшчэ спала. Але на ўсходзе ўжо нараджалася зара. Яна нагадвала крыніцу, што пачыналася на вяршыні ўзгорка і цякла паміж лесам і нізкім небам, якое навісала суцэльнай шэрай хмарай.

Памалу віднела, аднак здавалася, што ад снегу ідзе больш святла, чым ад неба. Кантэн як ніколі ўважліва сачыў сёння за гэтым змаганнем паміж днём і ноччу. Яму здавалася, што новы дзень пракладвае дарогу да яго дому, скаванага зімою, быццам карабель ільдом.

Як толькі развіднела, Кантэн вярнуўся ў дом і пайшоў на кухню. Там ён сеў ля акна і стаў глядзець на дарогу, на якой ноч знішчыла ўсе сляды.

Зніклі сляды паштальёна, настаўніка, сляды, якія пакінуў сам Кантэн, калі ад'язджаў і калі вяртаўся. Гэта зімовая ноч знішчыла ўсё мінулае і пасяліла ў гэтым кутку холад і адзіноту.

— Калі вецер са снегам, чакай адлігі!

І сапраўды, за ноч усё замяло. Кантэн уздыхнуў. Няўжо вось так і час, як гэты вецер са снегам, зможа сцерці некаторыя ўспаміны?..

Думаць не хацелася. Кантэн глядзеў на заснежаную дарогу, на бялюткі луг, на зусім шэры лес удалечыні, на неба, якое, здавалася, ляжала сёння на вяршынях далёкіх пагоркаў, якраз там, дзе пачыналася бясконцая раўніна. У яе глыбіні знаходзіўся горад... Але ён быў нябачны з гэтага акна.

За спіною ўзад-уперад снавалі жанчыны. Адчыняліся і зачыняліся дзверы, і тады ў пакой трапляла халоднае паветра. Быццам калматы сабака, яно праходзіла ў Кантэна між ног і прымушала мітусіцца полымя ў печцы. Дзіўна, як упэўнена паводзіць сябе зіма: заходзіць сюды і адразу выказвае свой гнеў, як толькі ўчуе пах гарачых вугалёў.

Ізабэла толькі што выйшла на двор з двума гарачымі чыгункамі, і пакой напоўніўся добрым пахам варанай бульбы і вотруб'я. Кантэн удыхнуў гэты пах з асалодаю, і адразу прыпомніўся яму горад, яго смярдзючыя вуліцы, выхлапныя газы, ад якіх рэзала ў вачах і пякло ў горле. Там нават вецер быў брудны. Ажно непрыемна было слухаць, як ён свістаў у металічнай сетцы.

Пасля таго як Ізабэла выйшла, на кухні ўсталявалася цішыня. Толькі было чуваць, як гудзе полымя. Дэніза сядзела за бацькавай спіной. Кантэн здагадаўся, што яна глядзела на ясельцы. Яму карцела павярнуцца да яе, але ён быў настолькі моцна працяты спакоем, які ліўся звонку, што не змог гэтага зрабіць. У такое ранне ён не жадаў больш вяртацца ў думках да таго, што адбывалася з ім два дні запар. Ён быў зачараваны гэтым неадчувальным святлом, гэтай цішынёй, і яго больш нічога не займала.

Нарэшце Кантэн устае і павольна ідзе да Дэнізы. Тая падымае на яго вочы, і Кантэн адразу чытае ў іх тое, што яна збіраецца папытацца. Ён разумее, як цяжка ёй знайсці патрэбныя словы.

— Тата, — гаворыць яна няўпэўненым голасам, — праўда, наша Марыя-Луіза прыедзе сёлетнім летам?..

— А як жа, прыедзе, на вакацыі, як і мінулым летам.

— А мы пакінем яселькі, каб яна змагла ўбачыць іх?

Кантэн ківае галавою ў знак згоды. Пагляд у малой загараецца, але адразу хмурнее ад нейкай новай думкі. Пасля доўгіх ваганняў яна ціха пытаецца ў бацькі:

— А праўда, што настаўнік больш да нас не прыйдзе?

Кантэн добра ведае, што хлопец больш не прыйдзе сюды ніколі. Ад гэтай думкі яму становіцца адначасова і цяжка, і лёгка. У вачах у Дэнізы ён бачыць вялікую надзею і не можа адным словам разбіць яе. Ён ведае, што час загоіць любую рану, таму весела адказвае:

— Вядома, ён да нас прыйдзе! Толькі гэта будзе праз некалькі дзён, а можа, і тыдняў.

Вочы ў дзяўчынкі заблішчалі. На твары з'явілася шчырая ўсмешка, ад якой Кантэну спачатку зрабілася цёпла, а праз хвіліну — кепска. Але ён падышоў да дачкі, стаў гладзіць яе прамыя валасы, потым лёгенька папхнуў да стала:

— Дэніза, дачушка, ты яшчэ не прыбрала свайго кубка. Спяшайся, і выцеры стол, пакуль маці не вярнулася з хлява.

Дэніза ўзяла кубак і аднесла яго да каменнай мыйкі. Вярнулася з анучай і спыталася:

— Тата, раскажы мне яшчэ, што вы рабілі ўчора з Марыяй-Луізай?

Кантэн павярнуўся да акна. Шыба, якую ён нядаўна праціраў, зноў запацела. Ён працёр яе яшчэ раз.

Дзень перастаў наступаць. Ён спыніўся, быццам скаваны марозам. Толькі паўночны вецер не супыняўся. Час ад часу ён прыносіў адзінокія сняжынкі, якія ашалела кружыліся ў паветры. Адкуль яны сарваліся, з зямлі ці з неба? Яны праляталі за акном, нерашуча пырхаючы, быццам аслепленыя матылькі, а потым адляталі некуды далей, у бок вёскі.

Кантэн сеў на сваё крэсла ля пліты. Паварушыў вуголле, агонь успыхнуў. На калені скокнула котка. Дэніза выцерла палову стала і замерла з крошкамі ў левай руцэ, якую прыціскала да грудзей з настаўленай далоняй, быццам збіралася жабраваць.

— Тата, — прашаптала яна яшчэ раз, — раскажы мне пра Марыю-Луізу.

Кантэн неадрыўна глядзіць на полымя. Ён вагаецца, бо думае, з чаго пачаць. Яму цяжка гэта зрабіць, але ён ведае, што пасля будзе лягчэй.

Кантэн робіць дачцэ знак, каб яна хутчэй канчала свой занятак, і адразу пачынае расказваць.

Ён расказвае, а сам сочыць, як павольна і старанна ссоўвае дзяўчынка крошкі па цыраце і абводзіць анучай кожны намаляваны на ёй букет кветак.

Урэшце яна канчае выціраць, кладзе анучу на месца, ссыпае крошкі ў гаршчок і ідзе да буфета. Кантэн ведае, што яна спыніцца перад партрэтам Марыі-Луізы, якога ён пазбягаў увесь гэты ранак, аднак заўсёды яго погляд натыкаўся на ўсмешку і крыху сумныя вочы старэйшай дачкі.

 

Шэль, 17 чэрвеня 1965 года



Пераклад: Уладзімір Палупанаў