epub
 
падключыць
слоўнікі

Бэрнар Клавэль

Бізун

Мішэлю Борвічу

Цырк братоў Зэпіно прыехаў на плошчу якраз раніцай. Поль Нанервіч бачыў, як выплылі фургончыкі на рагу Гран-ру і дарогі на Раан і спыніліся потым ля тытунёвай крамы. Ён падышоў бліжэй. Была субота, і плошча хутка напаўнялася людзьмі. У натоўпе Поль пазнаў некалькі рабочых з цагельні. Побач з ім стаяў стары Перэс, які трымаў у руках гаспадарчую сумку, адкуль вытыркаліся цыбуліны. Стары Перэс працаваў разам з Полем у адным цэху на абпалцы цэглы. Амаль за 30 гадоў працы цела Перэса набыло нейкі шэры, зямлісты колер. Чалавек высах, і нават на яго вачах ужо не было ніякіх прыкмет вільгаці, а калі яго павекі варушыліся, то здавалася, што вось-вось пачуеш шоргат пясчынак. Поль нячутна наблізіўся да Перэса і дакрануўся да яго сумкі. Стары павярнуўся і ўсміхнуўся.

— Здароў, палячок.

У вуснах Перэса гэтае слова не мела нічога абразлівага. Поль ведаў гэта і таксама ўсміхнуўся.

— Дык што, — працягваў стары, — пойдзеш у цырк вечарам?

Поль паціснуў плячамі.

— Гэта ж не цырк, а так, вандроўнікі.

— Ну чаму, проста маленькі, але ўсё ж цырк.

— Ды яно, відаць, так.

— Вось да вайны часта прыязджаў цырк. У іх тады былі добрыя нумары. Цяпер, мусіць, ім стала цяжэй. Цяпер — тэлевізар, кіно, а ім гэта не на руку.

Чацвёра мужчын і дзве жанчыны выйшлі з трох даволі няўклюдных фургончыкаў. Разам з дарослымі было трое ці чацвёра дзяцей, якія нешта не падзялілі і сварыліся.

У натоўпе чуліся дасціпныя рэплікі наконт паважанага ўзросту фургончыкаў і мажнасці жанчын.

— Калі яны будуць рабіць трапецыі, то за гэта варта і заплаціць.

— Або хадзіць па канаце...

— Не хацеў бы толькі я быць унізе ў гэты момант.

Хтосьці груба засмяяўся.

— Урэшце, — заўважыў стары Перэс, — гэта такія ж гаротнікі, як і мы. Ім трэба добра завіхацца, каб зарабіць пару су.

Поль Нанервіч маўчаў. Яго позірк спыніўся на адным з артыстаў цырка. Той складаў у штабель дошкі, якія яму падавалі з фургончыка напарнікі. Чалавек увесь час рухаўся, і цяжка было сачыць за яго тварам. Гэта быў здаровы, дужы, шырокі ў плячах мужчына. Яму было гадоў 45. На ім былі штаны з сіняй тканіны, шатландская кашуля, у якой пераважаў чорны колер, і невялікая бэжавая кепка, якая адкрывала высокі лоб. З-за грукату дошак і размоў у натоўпе Поль не мог чуць, пра што гаварыў чалавек, але, відаць, ён жартаваў са сваім таварышам, бо абодва часта смяяліся.

— Я ўпэўнены, што ведаю таго чалавека, які складвае дошкі, — сказаў Поль.

— Можа, дзе бачыў у іншым цырку?

— Наўрад.

— Часам можа здацца...

— Не, я ўпэўнены.

— Ну, тады пагавары з ім.

Паляк вагаўся, паглядзеў на старога гішпанца, на цыркача і сказаў:

— Не, не варта.

Два жаданні змагаліся ў душы ў Поля: першае — падысці, павітацца з цыркачом; другое — хутчэй пакінуць гэтае месца, вярнуцца дадому і замкнуцца.

— Пайшлі, — сказаў Перэс, — кульнём па шкляначцы. Што, мы не бачылі, як ставяць лаўкі?

Яны зайшлі ў кафэ на вуліцы Фюмэ. Заказалі бутэльку белага віна. Стары ўсё расказваў пра даваенны цырк.

— Ты, — казаў ён, — ты не памятаеш таго часу, бо ты быў яшчэ малады. Дый ці быў той цырк у тваёй Польшчы?

Поль нічога не адказаў, і стары працягваў расказваць з такой жа стараннасцю, як і працаваў каля печы ў цагельні. Поль слухаў яго не надта ўважліва. Твар цыркача, яго аблічча, яго паходка не давалі яму спакою. Чым больш ён думаў пра гэта, тым больш пераконваўся, што ведае гэтага чалавека. Ведае добра і блізка. Яму здавалася нават, што іх знаёмства адбылося не так ужо даўно.

Ён паспрабаваў сабраць свае ўспаміны пра цырк, але так нічога і не сказаў. Не хацеў перабіваць старога.

Апоўдні Поль прыйшоў дадому. Прыгатаваў сабе абед. І акурат у гэты час з вуліцы данесліся гукі бубна і трубы. Ён падышоў да акна. Па вуліцы памалу рухаўся цыркавы фургончык. За рулём сядзела адна з тых мажных жанчын, якіх Поль бачыў на плошчы. Разам з ёю былі два музыканты, хлапчук у паношаным сурдуце і з вялізным чорным цыліндрам на галаве. Ён вырабляў розныя фокусы. Як толькі музыканты рабілі паўзу, чацвёрты чалавек паведамляў праз рупар:

— Сёння вечарам, роўна ў 20 гадзін, на плошчы...

Ён расказваў пра міжнародны цырк Зэпіно, пра яго звярынец, пра яго каралёў эквілібрыстыкі, жангліравання, пра Заро — караля бізуна...

Чалавек, якога Поль нібыта ведаў, біў у бубен. На ім была тая самая вопратка. Аднак добра разгледзець яго з другога паверха было немагчыма. Чалавек схіліўся над бубнам і, здавалася, быў цалкам захоплены сваёй справай. У Поля ўзнікла жаданне хутчэй спусціцца па лесвіцы, дагнаць фургончык, які ехаў так марудна... Аднак ён, як прыбіты, застаўся стаяць ля акна. Яго ахапіла тое ж адчуванне, што і раніцай на плошчы: зноў — унутраная напружанасць, зноў — боль у сэрцы.

Ён вярнуўся да стала і хуценька скончыў свой абед. Прыбраў са стала, навёў парадак на кухні і пайшоў у кафэ Платан. Кожную суботу ён любіў заходзіць сюды, каб пагуляць з сябрамі ў шарыкі. Наведнікаў яшчэ не было, і Поль прысеў за неасветлены столік. Да самага вечара ніяк не выходзіў з галавы барабаншчык. Ніколі так бяздарна не гуляў Поль. Яго партнёры страшэнна раззлаваліся, бо тройчы па яго віне вымушаны былі плаціць за пачастунак. Пасля ўсяго сапернікі прапанавалі ім рэванш, але Поль устаў з-за століка.

— Мне трэба дадому.

У адказ пачуўся смех, колкія жарты. Поль усміхнуўся, хацеў штосьці растлумачыць, але тут жа зразумеў, што ў такім шуме яго слоў ніхто не пачуе.

Але замест таго каб ісці дадому, ён накіраваўся да плошчы. Ён яшчэ не ведаў, ці пойдзе ў цырк. Такое пытанне нават і не паўставала перад ім. Аднак нейкая невядомая сіла, супраць якой ён нічога не мог зрабіць, цягнула яго на плошчу.

Цырк асвятляўся дзесяткам ліхтароў, што гайдаліся на дроце. Зверху ніякага брызенту не было, толькі вакол арэны і лавак для гледачоў была нацягнута тканіна. Людзі заходзілі ў гэтую імправізаваную залу. Хлапчукі спрабавалі як-небудзь пралезці пад тканіну, але жанчына з цырка сачыла пільна і адганяла іх ад агароджы. Чалавек з рупарам зноў і зноў паўтараў вартасці каралёў свайго цырка.

Поль падышоў да ўвахода і паспрабаваў паглядзець, што адбывалася ў зале. Яму ўдалося ўбачыць толькі куток арэны, дзе яго «знаёмы» правяраў, як нацягнуты канаты. Зноў Полю захацелася і зайсці ў залу, і тут жа, як злодзею, уцячы адсюль. На нейкі момант ён пашкадаваў, што пайшоў з кафэ. Машынальна рука намацала ў кішэні некалькі манет. Поль дастаў іх, паглядзеў і... зноў паклаў на месца. Доўга яшчэ ў нерашучасці мучыўся чалавек, пакуль нарэшце не адрэзаў:

— А, было — не было!

Ён дастаў грошы і наблізіўся да ўвахода. Сеў у першым радзе і пачаў шукаць барабаншчыка. Але таго нідзе не было. Прадстаўленне пачалося, а ён так і не з'явіўся. Поль без увагі назіраў за падзеямі на арэне. Ён усё шукаў і шукаў таго чалавека ў шатландскай кашулі. Нарэшце, калі маленькая дзяўчынка пакідала арэну на веласіпедзе з адным колам, чалавек з рупарам паведаміў:

— А зараз на арэне Заро! Кароль бізуна, вялікі маэстра ласо!

Ужо па сілуэце Поль пазнаў таго, каго шукаў. Цяпер цыркач быў апрануты ва ўсё чорнае. На галаве вялікі чорны капялюш. Ніжняя частка твару прыкрыта чорным кашнэ. Адны толькі вочы караля бізуна заставаліся адкрытымі.

Заро сапраўды па-майстэрску валодаў ласо: яно імкліва кружылася над яго галавой, ляцела ўправа, улева, назад, уперад, узнімалася, апускалася, каб зноў узляцець...

Калі ў ласо, нібы ў гняздзе, пачала скакаць дзяўчынка, ён падбег да дзвярэй і ўзяў падрыхтаваны для яго бізун. Гэта быў вельмі доўгі бізун, і Заро пачаў спрытна размахваць і страляць ім. У руках Заро бізун вырабляў такія складаныя і рэзкія піруэты, што ад яго адрываліся і падалі ўніз шматкі. Ад гэтых стрэлаў Поль здрыгануўся. Па спіне пабеглі дрыжыкі.

Перад Заро з'явілася дзяўчына. Яна брала ў рукі газету, якая тут жа разляталася на кавалкі ад трапных удараў Заро. Адным узмахам бізуна Заро тушыў запаленую свечку, збіваў з галавы дзяўчыны карабок запалак... Калі Заро сваім бізуном перабіў папалам цыгарэту ў губах у дзяўчыны, чалавек з рупарам закрычаў:

— Заро, кароль бізуна, ніколі не дапускае прамашкі! Калі сярод прысутных ёсць смелы чалавек, ён можа выйсці на арэну і заняць месца дзяўчыны! Ніякай рызыкі не будзе!

Публіка ўсхвалявана загула. Адны смяяліся, другім здавалася жахлівай нават думка наблізіцца да гэтага страшнага бізуна, які ўсё страляў і страляў...

Рупар працягваў:

— Чакаем! Чакаем адважнага чалавека! Ён будзе трымаць не цыгарэту, а газету! Гэта далёка ад твару! Маленькі жарт, паверце!

Поль ужо не валодаў сабой. Яго цела падпарадкоўвалася гэтаму невядомаму голасу, што даносіўся з рупара. А можа, позірку караля бізуна...

— А вось і смелы чалавек! Давайце павітаем яго!

Чалавек з рупарам пачаў расхвальваць Поля. А па зале пакацілася новая хваля ўзрушэння. Полю здалося, што да яго даляцелі словы старога Перэса:

— Брава, палячок!

Але ён ужо нікога не слухаў. Ён узяў у рукі згорнутую газету, якую перадала яму дзяўчына, і стаў на яе месца. Ён чакаў, трымаючы збоку газету, у поўнай нерухомасці. Нібы чорная ноч навалілася на Поля, калі перад ім спыніўся Заро.

Цішыня.

Неверагодная доўгая цішыня. Затым першы ўдар бізуна, які праляцеў дзесьці побач з газетай. Ад гэтага ўдару Поль адчуў правай рукой рух паветра і ў яго лопнула барабанная перапонка. Магчыма, гэты ўдар і прывёў яго ў прытомнасць. Поль нібы прыкаваў сябе позіркам да гэтага чалавека ў чорным, і з губ міжволі вырвалася прозвішча:

— Пайчэнман!

Чалавек з бізуном не мог гэтага пачуць, аднак погляд у яго цяпер быў іншы. Па той іскрынцы святла, што зляцела з-пад чорнага капелюша, Поль адчуў, што і яго таксама пазналі. І за некалькі секунд перад вачамі ясна праплылі рэальныя карціны.

Пайчэнман! Чалавек з бізуном. Эсэсавец жудаснага канцлагера ў Львове. Эсэсавец з бізуном, які прымушаў распранацца палонных і хвастаў іх на свой любімы манер. О, гэта быў мастак садызму. Артыст, нават ужо тады. Ён мог хлёсткім ударам адарваць сасок грудзей, выбіць вока, адсекчы вуха. Там, у канцлагеры, кожны эсэсавец меў сваю спецыялізацыю, але ніхто не дасягнуў такіх вяршынь. Пайчэнман быў сапраўдны геній бізуна.

І цяпер ён тут. Насупраць. У яго руках.

Поль Нанервіч, былы вязень гэтай фабрыкі смерці, усміхнуўся. Чалавек з бізуном стаяў перад ім і дрыжаў. Гэта можна было заўважыць і па руцэ, і па спалоханым позірку. Поль Нанервіч трымаўся спакойна. Ён чакаў. З яго нібы спаў цяжкі груз, калі ён змог сказаць сабе прозвішча гаспадара гэтага твару. Поль ужо ясна ўсведамляў, што адбудзецца, калі ён зробіць хоць адзін жэст, скажа хоць адно слова. Там, ля дзвярэй, стаяць два жандары. Яны ведаюць усю яго гісторыю і, безумоўна, арыштуюць былога эсэсаўца. Поль іх добра ведаў. Потым будзе працэс. Суддзі. Сведкі... Адно яго слова можа змяніць усё існаванне гэтага чалавека, жыццё цырка, праграму сённяшняга вечара... Адно слова, адзін жэст — і гэты круглы цырк, абгароджаны нікчэмнай тканінай, стане тэатрам драмы. Ці будзе эсэсавец абараняцца? Ён не зможа зрабіць гэта: яму страшна. Ці ў стане ён толькі дакладна зрабіць свой удар бізуном?

Пры гэтай думцы Поль сціснуў зубы. «Што ж, я дару табе твой шанц. Калі ты мяне зачэпіш...»

Публіка з нецярплівасцю чакала. З залы даносіліся шэпты. Не адводзячы позірку ад Пайчэнмана, Поль бачыў, як да іх набліжаецца чалавек з рупарам. Ён нават ясна пачуў:

— Чаго ты чакаеш?

І спакойна, але дастаткова гучна, каб пачуў Пайчэнман, Поль таксама спытаўся:

— Сапраўды, гер Пайчэнман, чаго вы чакаеце?

Двойчы, раз за разам, стрэліў бізун. Ад другога ўдару папера парвалася ў руцэ паляка. Пачуліся апладысменты. Чалавек з бізуном, здавалася, скамянеў на месцы.

Вяртаючыся ў залу, Поль Нанервіч падышоў да караля бізуна і ціха сказаў па-нямецку:

— Брава, гер Пайчэнман! А вы не пастарэлі...



Пераклад: Леанід Казыра